Вярнуцца: Мацей Догель

Беларуская археаграфія 18 ст. Belarusian historiography of the 18 century


Аўтар: Плашчынскi Аляксей,
Дадана: 31.07.2001,
Крыніца: "Лiдскi Летапiсец" № 11.



"Сказила бы всякие речи с часов старость, коли бы ученики людские, которые ж с прирожения своего конец мают, через листы не были увенчены и годным сведетст-вом ку пришлой ведомости не были приведены".

З прывілею вялікага князя Аляксандра


"Месту Полоцкому на право Магдеборское и иншые вольности"1498 г.


Прадмова.

Развіцце гістарычнай навукі немагчыма без археаграфіі. Актуальнасць публікацыі старажытных дакументаў для сённяшняга развіця і пазнання беларускай мінуўшчыны відавочная. На вялікі жаль, многія беларускія гісторыкі у сваіх даследаваннях апіраюцца не на археаграфічныя публікацыі і мала ведаюць самі дакументы.

Археаграфія павінна быць важнай галіной даследчыцкай і практычнай дзей-насці гісторыка, але ж яна уключае у сябе таксама і вывучэнне гісторыі археаграфіі (бо трэба ж ведаць, якія дакументы раней публікаваліся, каб не паўтарацца). Тут неабходна адзначыць, што гісторыя беларускай археаграфіі 19-20 ст.ст. вывучана даволі добра. А ці было што раней? Ці быў хтосьці да Грыгаровіча, Даніловіча і Гарбачэўскага? Пачаткам беларускай археаграфіі, без сумневу, з'яўляецца 18 ст. Не сказаць, што імены М. Догеля і П. Дубінскага не вядомы спецыялістам, але яны залічваліся да польскай археаграфіі.

Гістарыяграфія жыцця і дзейнасці М. Догеля больш распрацавана ў польскамоўнай літаратуры. Асноўнымі польскамоўнымі творамі з'яўляюцца артыкулы Машынскага (1) і Канапчынскага (2). Першы артыкул ёсць найбольш поўным. Да Машынскага пра Догеля узгадвалі Багуслаўскі, Бельскі і Хадынскі (3) біяграфічным нарысам пра археографа. На жаль, іншай польскай літаратуры, дзе ёсць звесткі пра Догеля, у Нацыя-нальнай бібліятэцы няма (4). У беларускай гістарыяграфіі найбольш інфармацыі ў кнізе Біралы А.А. (5), дзе зроблены акцэнт на аналіз археаграфічных публікацый Догеля і ідэнтычныя артыкулы Галенчанкі Г. Я. у энцыклапедыях, напісаныя на падставе кнігі Біралы.

Першае, што я ставіў на мэце, гэта зацікавіць даследчыкаў да археаграфічнай спадчыны М. Догеля. Другое, увогуле, пазнаёміць чытача з жыццём гэтай неардынарнай і цікавай асобы і неяк прыкрыць "белую пляму" беларускай археаграфіі 18 ст.


1. Біяграфія М. Догеля.

1.1. Сталенне, настаўніцкая дзейнасць, першая вандроўка за мяжу.

Першы перыяд жыцця М. Догеля вывучаны даволі слаба і павярхоўна.

(157KB) Macej Dogiel.

М. Догель нарадзіўся 6 жніўня 1715 года ў вёсцы Гембулы Лідскага павету ў дробнашляхецкай сям'і гербу Тромбы (альбо Дзялоша (6)). Скончыў піярскую школу ў Шчучыне. Кожная піярская школа складалася з сямі класаў, дзе выкладаліся Закон Божы, лацінская і польская мовы, логіка, геаметрыя, метафізіка і іншыя прадметы. У цэлым праграма піярскіх школаў набліжалася да праграмы езуіцкіх калегій (7). Скончыўшы шчучынскую школу, Догель 14 лютага 1730 г. уступае ў каталіцкі ордэн піяраў і прымае манаскае імя Дамінік. А з 1732 г. пачынае сваю настаўніцкую дзейнасць. На пасады настаўніка ў піяраў прызначаліся асобы, якія скончылі класы філасофіі і рыторыкі (8). Верагодна, што ў гэты час ён пазнаёміўся з Ст. Канарскім і мог ужо з яго дазволу аглядаць Volumina Legum (9).

Надворны маршалак лідскі стараста ВКЛ Язэп Сцыпіён дэ Кампа, які быў уладальнікам мястэчка Шчучын, пазнаўшы ў Догелю чалавека высокаінтэлектуальнага, даручыў яму выхаванне свайго сына. Паміж Сцыпіёнамі і Догелем склаліся добрыя адносіны. Калі стараста паміраў, то папрасіў Мацея закончыць адукацыю сына. Малады Ігнацы Сцыпіён ужо прайшоў першы этап хатняй адукацыі і быў гатовы удасканаліць свае веды ў замежных універсітэтах. Адбылося гэта ў 1744 г. пасля смерці бацькі. Спадарожнічаў Сцыпіёну ў яго вандроўках і Догель. І вучань, і настаўнік, як піша Машынскі, з вялікім запалам аддаліся навуцы. Слухалі лекцыі спярша ў Ліпскім універсітэце (Польшча), а потым у Ляйпцыгскім і Парыжскім універсітэтах. Матэматыка, навука права і філасофія займалі Догеля, а Сцыпіён дасканаліўся ў розных мовах, праве і красамоўстве. У парыжскіх бібліятэках Догель пазнаёміўся з выданнямі збораў дыпламатычных актаў француза Дзюмоманта і англічаніна Рымэра.

1.2. Дзейнасць у піярскім ордэне.

Вярнуўшыся дадому (прыблізна каля 1747 г.) М. Догель падзяліў свой час на справы ў піярскім ордэне і падрыхтоўку да выдання дыпламатычнага Кодэксу.

Асноўная дзейнасць у ордэне была накіравана на ажыццяўленне рэформы адукацыі ў піярскіх школах і калегіях, распачатай Ст. Канарскім у пачатку 40-х гадоў. У 1740 г. Канарскі заснаваў калегіюм у Варшаве, які павінен быў стаць узорным для астатніх піярскіх калегіюмаў (11). Ён хацеў бачыць такі самы калегіюм і ў Вільні і з гэтай мэтай пісаў тамтэйшаму рэктару калегіюму Тымінскаму і нават сам прыехаў у Вільню. Але справы шлі марудна (12). Догель быў знаёмы з Канарскім і таму, калі ён вярнуўся дамоў , то адразу з асістэнта літоўскай правінцыі робіцца рэктарам віленскага калегіюму. Справы пайшлі хутчэй, калі яму пачалі дапамагаць кароль Аўгуст ІІІ і канцлер ВКЛ Міхал Чартарыйскі. М. Догель заклаў за ўласны кошт друкарню, якая тады лічылася найлепшай ў Літве (каралеўскі прывілей на друкарню выданы 6 лістапада 1754 г.). Для таго ж набыў калегіюму вялікую бібліятэку з рознымі рэдкімі кнігамі. У 1756 г. заснаваў канвікт для шляхецкай моладзі на ўзор варшаўскага, які сам на ўласныя вочы пабачыў. У апублікаваным "Паведамленні" пра адкрыццё гэтага канвікта, Догель падкрэсліваў вялікую ролю асветы ў справе маральнага удасканалення народа (13). Да таго ж заклаў да 1757 года новы піярскі касцёл. Як піша Машынскі, усё гэта стала магчымым дзякуючы моцнаму і нязломнаму характару М. Догеля.

Былі ў Догеля і ворагі. Прычым з асяроддзя піярскага ордэну, якому ён аддаў шмат сілаў і ўсё рабіў для ягонай славы. Многім у ордэне не спадаба-лася яго рэфармацыйная дзейнасць і тое, што такі малады чалавек стаяў вышэй за іх (і па пасадзе, і па інтэлекту). Асабліва цяжка яму давялося ў 1759 г. на сесіі ў Любяшове, дзе аспрэчвалася яго законнасць знаходжання на капітуле.

І ўсё ж на сяброў і прыяцеляў Догелю шэнціла больш. Знакамітыя людзі Рэчы Паспалітай за гонар лічылі знаёмства з ім, дапамагалі яму ў яго дзейнасці. Юзаф Залускі мянуе яго сваім прыяцелем, а кароль і канцлер ВКЛ апекавалі яго.

1.3. Падрыхтоўка да выдання дыпламатычнага Кодэксу.

Пасля свавёй першай вандроўкі за мяжу Догель задумаў выдаць збор дыпламатычных актаў на ўзор збору Рымэра. Але раней падобны збор задумаў выдаць Ю. Залускі, біскуп кіеўскі і чарнігаўскі, які ў сваёй праграме (programma litterarium), надрукаванай 2 студзеня 1732 г., казаў, што кожнаму народу належыць мець свой Кодэкс старажытных актаў (па прыкладу Сомэрсбэрга), звярнуў увагу на шматлікія дакументы, якія знаходзяцца ў архівах дзяржаўных і прыватных, акадэмій і кляштароў, іншых месцах, і якія б трэба захаваць ад розных выпадкаў (пажары і г.д.), апублікаваўшы іх. Ён прапанаваў выдаць збор актаў пад назвай "Codex Polaniae et adijectarum, subjectarum-que provinciarum diplomaticus etc" . Але гэты праект па невядомых прычынах не здзейсніўся (14).

Амаль што адразу па вяртанні дадому, Догель склаў план выдання Кодэксу, і ў 1748 г. паехаў з ім у Варшаву да караля Аўгуста ІІІ, які ўхваліў яго намер. Кароль надаў Догелю статус пасла Рэчы Паспалітай, які мог яму дапамагчы ў пошуках дакументаў ў замежных архівах. З гэтым статусам, а таксама з рэкамендацыямі розных вядомых асоб, Догель выправіўся ў сваё другое падарожжа за мяжу. Працаваў ў архівах і бібліятэках Германіі, Францыі і Галандыі. Дзесьці ў 1750 г. ён вярнуўся і працаваў з каронным і літоўскім архівамі. Але ў 1754 г., калі Догель жыў у Варшаве, у яго доме ўсчыніўся вялізны пажар, які знішчыў усе яго рукапісы, што былі ім зроблены ў каронным і літоўскім архівах. "Гэта балючая страта, - пісаў Догель у Праспекце 1-га тома Кодэксу. - Скарб той вялікай колькасці, з такой руплівасцю сабраны, так хутка і недарэчна страчаны" (15). Але М. Чартарыйскі і падканцлер каронны М. Вадзіцкі не далі загінуць справе выдання Кодэксу. Дапамаглі таксама Ю.Залускі сваёй бібліятэкай і біскуп куяўскі Дэмбоўскі, які аддаў Догелю свае выпісы з іспанскіх, аўстрыйскіх, непалітанскіх і валашскіх архіваў. 10 снежня 1754 г. атрымаў ад караля прывілей на выключнае права публікацыі дыпламатычнага Кодэксу, а ў 1755 г. 23 траўня атрымаў ад рады Сената, дзякуючы намаганням канцлера кароннага Малахоўскага і падскарбія Сядліцкага, права доступу да найтайнейшай часці Кароннага архіва пры скарбе на Вавелі.

Дапушчальна, што потым М. Догель выправіўся ў яшчэ адно падарожжа за мяжу, бо пісаў 20 лютага 1757 г. у лісце да М. Радзівіла, які яму дазволіў карыстацца нясвіжскім архівам, што: "comme je suis quitte a present des mes voyage" (16) (на дадзены момант я кінуў свае паездкі).

14 лістапада 1758 г. Догель меў аўдыенцыю ў караля Аўгуста ІІІ і прадставіў яму першы том Кодэксу, які выйшаў з друку. У гэтым жа годзе выйшаў том межавых актаў "Limires Regni Polaniae et Magni Ducatus Lithuaniae" , а ў 1759 г. выйшаў пяты том Кодэксу. У лютым 1760 г. Догель пасля хваробы, выправіўся да Варшавы, каб падарыць гэты пяты том князю курляндскаму. Напэўна, што гэтая вандроўка, а да таго ж дрэнныя адносіны з некаторымі піярамі фатальна адбіліся на здароўі: 24 лютага 1760 г. у самым росквіце сілаў, М.Догель памёр (магчыма яму ў гэтым дапамаглі).


2. Археаграфічная спадчына.

Нечаканая і раптоўная смерць М.Догеля ва ўзросце 45 год не дала яму здзейсніць выданне васьмітомавага дыпламатычнага Кодэксу. Усяго Догелем было ўложана дзесяць тамоў (17). Марыў таксама напісаць гісторыю Польшчы.

Пры яго жыцці выйшлі першы і пяты тамы Кодэксу і збор межавых актаў.

Першы том, акрамя самой публікацыі дакумен-таў, змяшчае яшчэ Дэдыкацыі (пасвячэнні) да Аўгуста ІІІ ад віленскіх піяраў, Праспект і прадмову да тома. Таксама ёсць два прывілеі: першы - на друкаванне Кодэксу віленскім піярам і забарона кожнаму, хто не ёсць з ордэну піяраў, друкаваць падобнае па ўсёй Рэчы Паспалітай і, нават, у Саксоніі пад пагрозай пакарання ў 1000 вугорскіх дукатаў; другі - на друкарню піярам і, нарэшце, падцвярджэнне тых прывілеяў.

Па дакументах том падзелены на дзве часткі: у першай змешчаны дыпламатычныя дакументы з незалежнымі краінамі, а ў другой - з залежнымі, у той ці іншай ступені, ад Рэчы Паспалітай землямі. Ітак, у першай частцы ёсць матэрыялы па знешняй палітыцы з наступнымі дзяржавамі: Багемія, Венгрыя, Аўстрыя, Баварыя, Брандэнбур, Рэспубліка Венецыя, Саксонія, Галія, Браўншвэйг, Мекленбург, Іспанія, Галандыя, Трансільванія. А другая частка змяшчае акты па стасунках з такімі землямі: Сілезія, Памеранія, Малдавія і Валахія, Бесарабія, Marchia Nova. Усяго 480 дакументаў з 1067 па 1732 год

Другі том змяшчаў дакументы з гісторыі дыпла-матычных зносін з Расеяй, Турцыяй, Крымскім ханствам, Швецыяй (1 частка) і матэрыялы, якія тычацца г.зв. "неапалітанскіх сум" (2 частка). Том трэці таксама падзяляўся на дзве часткі: першая - дакументы па знешняй палітыцы ВКЛ, а ў другой - дакументы па Мазовіі, Падоліі, Русі, Белзскай зямлі, княствам Северскаму і Асвенцымскаму. Гэтыя тамы не выйшлі па прычыне супрацьдзеяння рускага пасла (18).

Чацьвёрты том быў выдрукаваны ў 1764 г. ужо пасля смерці Догеля. Правінцыял піяраў на Літве К. Трэшчакоўскі даручыў надрукаваць гэты том Яну Выкоўскаму і Мацею Тукале. Увесь том прысвечаны Прусіі, мае прадмову, храналагічны індэкс і апублікаваныя дакументы на 526 старонках.

Пяты том выдадзены ў 1759 г. і таксама канцэптуальны і цалкам прысвечаны Лівоніі. У ім змешчаны Дэдыкацыі князю Курляндыі і Семігаліі (Жамойці), прадмова, апублікаваныя акты на 522 старонках. Матэрыялы да гэтага тома, па большай частцы, паходжаннем з Лівоніі. Готард Кетлер (1517-1587) апошні магістр Лівонскага ордэна і першы герцаг Курляндыі (з 1561 г.), прыняўшы лютэранства, аддаў архіў Лівоніі Мікалаю Радзівілу Чорнаму, ад якога быў пераданы Каралеўскаму архіву. З гэтага архіву, а таксама з архіву нясвіжскага Ю. Залускага, і паўстаў гэты том.

У шостым томе было запланавана змясціць лісты пап рымскіх, князёў і каралёў польскіх, канкардаты, прывілеі, ухвалы, мандаты і г.д., якія тычыліся касцельных спраў.

У сёмым томе планавалася апублікаваць правы, прывілеі, старажытныя статуты, канстытуцыі і г.д., якія раней ніколі не друкаваліся.

Восьмы том павінен быў змяшчаць Дадаткі да дыпламатычнага Кодэксу і храналагічны Рэестр з паказальнікам.

Пяру Догеля належыць і выданы ў 1758 г. збор межавых актаў "Limites Regni Polonife et Magni Ducatus Lithuaniae, ex originalibus et exemplis authenticus dercripti et in lucem edici".

У гэтай працы ён апісаў не толькі межы Польшчы і ВКЛ з суседнімі краінамі, але і прывеў міжнародныя дамовы, згодна якім гэтыя межы былі ўсталяваны. Аўтэнтычныя дакументы (пісаныя на польскай і лацінскай мовах) выпісаў Догель з рукапісаў бібліятэкі князя Ябланоўскага ваяводы наваградскага, а таксама з арыгіналаў, якія знаходзіліся ў кракаўскім замку і каронным і літоўскім архівах (19).

Пасля выдання чацвёртага тому ў 1764 г., падрыхтоўка да выдання астаніх тамоў Кодэксу ішла пад наглядам Станіслава Аўгуста і міністраў, а непасрэдна ёй займаўся вялікі каронны пісар Яцэк Агродскі. Аднак палітычныя абставіны (ваенныя дзеянні войскаў Барскай канфедэрацыі супраць расейскіх войскаў і першы падзел Рэчы Паспалітай) і тэкстуальная недасканаласць рукапісаў Догеля вельмі запаволілі падрыхтоўку да выдання тамоў, якія так і не выйшлі. Да таго ж справе замінаў судовы працэс паміж літоўскімі піярамі і Янам Кантэрам. З гэтым Кантэрам Догель заключыў кантракт у 1758 г., паводле якому ўсе тамы Кодэксу, якія будуць надрукаваны і на продаж за мяжу пойдуць, толькі праз Кантэра маглі прадавацца. Тым часам вялікая колькасць асобнікаў двух тамоў (1 і 5 т.т.) была паслана на продаж у Каралевец. Прайшло 13 год, а Кантэр аніводнага граша піярам не аддаў. Тады рэктар віленскага калегіюму Францкевіч падаў на яго ў суд. Працэс доўжыўся чатыры гады з вялікім розгласам і закончыўся перамогай піяраў. Кантэр павінен быў выплаціць ордэну ўсю суму з праданых тамоў, непраданыя ўсе вярнуць, а кантракт быў прызнаны не дзейсным (20).

Аднак толькі невялічкая частка тамоў Кодэксу разышлася ў дзяржаве і за мяжой. Значная частка засталася ў кнігарні віленскіх піяраў не праданай. Не мала тамоў раздалі ў дар.

Васьмітомны "Codex diplamaticus" - вынік доўгатэрміновай і руплівай працы Догеля, мэтай якога было стварэнне найбольш поўнага збору дакументаў, якія б характарызавалі знешнепалітычную гісторыю Рэчы Паспалітай. Аднак цалкам з задачай, якую сабе паставіў, справіцца не здолеў. Як ён сам зазначае ў прадмове да першага тому, яму прыйшлося абмежавацца публікацыяй найбольш важных дакументаў, а менш важныя апусціць, каб не павялічыць аб'ёму і колькасці тамоў. Догель змясціў дакументы 13 - 18 ст.ст., больш раннія альбо не захаваліся, альбо засталіся невыяўленымі. На вялікі жаль, Догель па некаторых абставінах не знайшоў магчымасці пазнаёміцца з архівамі Швецыі, Турцыі і Расейскай імперыі, у той час як менавіта з гэтымі краінамі міжнародныя адносіны Рэчы Паспалітай былі найбольш развіты (21).

Археаграфічная публікацыя збору дакументаў Догеля стаяла далёка не ва ўсім на ўзроўні навуковых патрабаванняў таго часу. Кароткія прадмовы да публікацый тамоў мелі занадта агульны характар. Не давалася апісання знешняга выгляду дакументу і не заўсёды пазначалася з якога архіву яны ўзяты. У палове, а можа і ў большасці загалоўкаў актаў проста пазначана "Ex Originali" (з арыгіналу), а дзе арыгінал знаходзіцца, не пазначана. Не заўсёды даваў Догель нумар кнігі і старонкі дакументу Метрыкі ВКЛ, а проста пісаў "Ex archivo Magni Ducatus Lit huaniae" (22). Часта не гаворыцца ці ёсць да дакументу пячатка і з якога матэрыялу яна зроблена, якога колеру, які надпіс (легенду) і выяву яна мае, выцеснена на паперы ці віслая? Да таго ж цалкам адсутнічае палеаграфічны аналіз.

Найбольшы недахоп Кодэксаў быў у тым, што ў іх не выкладалася гісторыя дакументу і зусім не было каментараў іх зместу (23). Старадаўнія акты вылучаліся такой асаблівасцю, як чыстыя паўторы некаторых частак і выразаў, таму можна было на менш важныя дакументы даць толькі згадку, напісаўшы загаловак. Напрыклад, ліст чэшскіх магнатаў да Казіміра Ягелончыка (1467 г.), у якім чэхі прасілі яго аб апецы над німі, і ёсць ліст тых жа чэхаў да польскіх магнатаў у тых жа выразах і таго ж зместу, як і да Казіміра. Аб другім лісце можна было б толькі узгадаць.

Навуковая і выдавецкая дзейнасць з удзячнасцю была ўспрынята яго сучаснікамі. Матэрыялы яго Кодэксу шырока карысталіся многія гісторыкі. Адам Нарушэвіч, пісаўшы паводле замовы караля Ст. Аўгуста сваю "Гісторыю польскага народу", браў матэрыялы не толькі з надрукаваных Кодэксаў, але і з яго рукапісаў, для чаго спецыяльна ўзяў іх з сабой ў Варшаву. Потым рукапісы зноў былі вернуты ў віленскі калегіюм. У 1817 г. рэктар калегіюму Рафал Даніловіч, са згоды літоўскага правінцыяла А. Глагоўскага, перадаў гэтыя рукапісы ў дар бібліятэцы Віленскага універсітэту, з якой ў 1836 г. перавезены ў імператарскую публічную бібліятэку. Адзін з рэфарматараў Рэчы Паспалітай Г. Калантай ўзнімаў праблему аб перавыданні ўсяго Кодэксу Догеля і лічыў неабходным яго дапоўніць і выправіць. Карысталіся дакументамі Кодэксу і ў гуртку Румян-цава (24). Пасля матэрыялы Кодэксу былі ў зборы румянцаўскага Музэюма. Адтуль іх бралі для публікацыі (альбо для удакладнення тэксту) у "Актах Западной России" (25). Асобныя ўрыўкі друкаваліся ў віленскіх перыядычных выданнях: Dziennik wilenski (1826 г.) падрыхтаваны Ж.Барташэвічам; Dzieje Dobroczynnosci (1822 г.) падрыхтаваны Т.Маеўскім. Так што можна казаць з упэўненасцю, што кодэкс Догеля быў запатрабаваны ў першай палове 19 ст.

Падсумоўваючы ўсё сказанае вышэй, мы бачым, што М. Догель і яго дзейнасць належыць не толькі Польшчы (як лічылася раней), але і Беларусі, прычым не ў меншай ступені. І мы, беларусы, можам з поўным правам ганарыцца слаўным сынам беларускай зямлі, якога забылі.

Нягледзячы на ўсе недахопы яго публікацый, значэнне Кодэксу і самой выдавецкай дзейнасці Догеля ні ў якім разе не трэба прынізіць. Кодэкс быў своеасаблівай энцыклапедыяй (хаця і не поўнай) па гісторыі знешняй палітыкі земляў Рэчы Паспалітай. З творамі Догеля былі знаёмы і далі ім высокую ацэнку вядомыя даследчыкі гісторыі міжнароднага права і дыпламатыі к. 18 -пач. 19 ст. Г. Ф. Мартэнс і Г. Амптэда (26).

Догель быў першым, хто апублікаваў дакументы Метрыкі ВКЛ (27). Высока ацанілі яго дзейнасць археографы 19 ст.: М. Круповіч у сваёй прадмове да "Собрания" так піша: "Часть возобновления трудов Догеля, в отношении Литвы…"(28). І сапраўды ўсе беларускія археографы 19-20 ст.ст. есць паслядоўцамі Догеля ў збіранні і публікацыі матэрыялаў да гісторыі Беларусі.

Матэрыялы Кодэксу захавалі пэўную навуко-вую значнасць і да сённяшняга часу і могуць быць выкарыстаны ў вывучэнні гісторыі Беларусі. Калі мы хочам быць еўрапейскай краінай, то павінны ведаць, якія стасункі былі ў нас з ёй і якое месца мы там займалі даўней.


Спасылкі.

1. Moszynski A.Maciej Dogiel. Wizerunki i roztrzasania maukowe. T.2, Wilno, 1838.

2. Polski slownik biograficzny. T.5, Krakow, 1939.

3. Moszynski A. Op. Cit. S. 77.

4. Baranowski J. Udzial Augusta III i Jego otoczenia w przygotowaniu Kodeksu dyp. Polski. Przeglad hist.t.12, z.2, W., 1934; Estrejchier K. Bibliografia Polska. T.15, 1897; WI. Stanislaw Konarski. Warszawa, 1926.

5. Бирало А. А. Общественная и философская мысль в Белоруссии и Литве к. 17 - с.18вв. Мн., 1971.

6. Moszynski A. Op. Cit.S.78.

7. Вайцяховіч З. Піярскія школы. Студэнцкая думка. 1999 - 5, С.15.

8. Тамсама. С.15.

9. PSB. S.280.

10. Тамсама. S. 280.

11. Вайцяховіч З. Піярскія школы. Студэнцкая думка. 1999 - 5, С.15.

12. Moszynski A. Op. Cit. S. 83.

1 3. Асветнікі і мысліцелі Беларусі. Мн., 1995, С.211.

14. Moszynski A. Op. Cit. S. 91.

15. Тамсама. S. 94.

16. PSB. S. 281.

17. Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток-Вільня-Менск., 1993, С.2 13.

18. Бирало А. А. С.122.

19. Moszynski A. Op. Cit.S.110-111.

2 0. Тамсама. S. 106-107.

21. Бирало А. А. С.124.

22. Катюлис А. Первые публикации документов ЛМ (Литовская Метрика). Вильнюс, 1988, С.55.

23. Бирало А.А. С. 123.

24. Улащик Н.Н. Очерки по историографии и источниковедению истории Белоруссии феодал. периода. Мн., 1975, С.35; Козлов В.П. Колумбы российских древностей. М., 1985, С.74.

25. Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы… Вильно, 1858, С. 6.

26. Бирало А. А. С. 124.

27. Катюлис А. С. 54.

28. Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы… Вильно, 1858, С. 5.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX