Папярэдняя старонка: Ігнат Дамейка

Да пытання нацыянальнага самавызначэння Ігната Дамейкі 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 02-02-2005,
Крыніца: Лідскі летапісец № 19.



Да 200 - годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі


Нацыянальная прыналежнасць Ігната Дамейкі ў нікога з беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі сумнення ніколі не выклікала і не выклікае. Але надзвычай высокая актыўнасць польскай дзяржавы і польскай грамадскасці ў святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі на фоне самадзейных намаганняў беларускай грамадскасці ды вялых патугаў беларускай дзяржавы ў гэтым пытанні патрабуе яшчэ раз глянуць на згаданую праблему.
Ігнат Дамейка належаў да той кагорты беларускай шляхты, якая ў страціўшай нежалежнасць дзяржаве не страціла ні вуснай беларускай мовы, ні нацыянальнай самасвядомасці, хаця адукацыйная сістэма за некалькі пакаленняў прывучыла пісаць і афіцыйна гаварыць па-польску.
Для віленскіх філарэтаў і філаматаў пытання пра іхнюю нацыянальную прыналежнасць не існавала. "О, Літва, мая Айчына", -- следам за сваім фактычным лідарам Адамам Міцкевічам паўтаралі яны ўсе, у тым ліку і Ігнат Дамейка.
У сваёй кнізе "Мае падарожжы", апісваючы інтэрнацыянальны склад паўстанцкіх аддзелаў, Ігнат Дамейка практычна ў кожным выпадку не забывае ўказаць нацыянальную прыналежнасць таго ці іншага афіцэра або жаўнера. Ён дакладна выдзяляе каронных (г. зн. палякаў), жмудзінаў (сучасныя літоўцы) і "нашых ліцьвінаў" (сучасных беларусаў). Пры гэтым Дамейка ні разу не праводзіць ніякую нацыянальную мяжу паміж льцьвінскай (беларускай) шляхтай і сялянамі. Для яго яны ўсе - "нашы ліцьвіны".
Ніхто пры жыцці Дамейкі ніколі не спрабаваў аднесці яго да нейкага іншага этнасу, акрамя ліцьвінаў. Перад намі дыплом ганаровага доктара медыцыны, выдадзены Ігнату Дамейку ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце ў 1887 годзе і яго пераклад з лаціны на беларускую мову. У дыпломе канкрэтна і без выкрунтасаў пазначана "... слаўнаму мужу Ігнату Дамейку, ліцьвіну...". Безумоўна, ва універсітэце таксама дакладна ведалі, да якога этнасу адносіў сябе вучоны.
Дамейка апошні раз афіцыйна названы льцьвінам у 1887-м годзе. Праз чатыры гады, у 1891-м, Францішак Багушэвіч, такі ж ліцьвінскі шляхціц, удзельнік наступнага паўстання выдасць сваю "Дудку беларускую" і напіша: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі". Назва "ліцьвіны" адышла, назва "беларусы" прыйшла, зямля і народ засталіся тыя самыя. Але, менавіта, дзякуючы высокай нацыянальнай свядомасці ліцьвінаў эпохі Міцкевіча, Дамейкі, Чачота, Зана і інш., стала магчымым з'яўленне беларусаў канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзя, што за адно пакаленне даспелі да ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, без якой не было б ні БССР, ні сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Слава ім!


Каляндар запольскага перыяду жыцця Ігната Дамейкі (1824-1831 г.г.)


У сярэдзіне лістапада 1823 г (22 кастрычніка?) выпускнік Віленскага універсітэта магістр філасофіі Ігнат Гіпалітавіч Дамейка (31.07.1802 - 23.01.1889)за ўдзел у таварыстве Філаматаў і Філарэтаў быў арыштаваны. У пачатку лютага 1824 г. намаганнямі сваіх дзядзькоў, мінералолага Язэпа Дамейкі і адваката Ігната Дамейкі з-пад арышту вызвалены, а ў жніўні асуджаны на пажыцёвае знаходжанне ў Лідскім павеце пад строгім наглядам паліцыі з забаронай займаць якія-небудзь дзяржаўныя пасады. Наступныя 6 гадоў І. Дамейка правёў у фальварках, што належалі яго дзядзьку Ігнату, у Жыбуртоўшчыне каля Дзятлава і ў Заполлі Лідскага павету.
Прыняў удзел у паўстанні 1830-31 гг. Пасля паразы паўстання эміграваў ў Францыю. У Парыжы вучыўся ў Вышэйшай школе горнай спрвы Сарбонскага універсітэта.У снежні 1837 года па рэкамендацыі парыжскіх прафесараў ён прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы ў г. Какімба на поўначы Чылі і 2.02.1838 г. адплыў туды. Акрамя выкладання ў школе займаўся геалагічнымі і этнаграфічнымі даследваннямі. У 1847 годзе атрымаў кафедру хіміі ва універсітэце ў Сант'яга. У 1867 годзе абраны рэктарам універсітэта. Ізноў побач з асноўнай працай вядзе актыўную навуковую дзейнасць, адкрывае невядомыя мінералы, расліны, увёў у Чылі, упершыню ў Лацінскай Амерыцы, метрычную сістэму мераў і вагаў. Апублікаваў 130 навуковых працаў, якія прынеслі яму сусветную вядомасць.
Чылійцы і ўвесь навуковы Сусвет высока ацанілі заслугі "дона Ігнацыё". Імя Дамейкі скарыстана ў мностве ўласных назваў па ўсім свеце, перш за ўсё ў Чылі, потым у Польшчы, крышку ў Беларусі. Cordillera Domeyko - горны ланцуг на поўначы Чылі, названы так у 1889 годзе. Cerro Domeyko - гара ў Андах на поўначы Чылі. Domeykite Haid - мінерал дамейкіт (Cu3As). Domeykite beta - дамейкіт бэта - мінерал, падвід дамейкіту. Ammonites Domeykanus Dufr - аманіт Дамейкі - від аманіту, адкрыты Дамейкам у фармацыі юрскага перыядуў ваколіцы Chanarcillo. Viola Domeykana - фіялка Дамейкі-новы від адкрыты на поўначы Чылі. Andiela Domeykoi - новы від каўчуканосу. Azylea Domeyki - aзалія Дамейкі - гатунак азаліі выгадаваны варшаўскім садоўнікам у 1845 г. Trigonia Domeykoana - від слімака. Nautilus Domeykus d'Orb - від акамянелых малюскаў, адкрыты Дамейкам у 1841 г. Puerto Domeyko - порт Дамейкі на паўднёва-заходнім беразе возера Llanquihue ў Чылі. Pueblo Domeyko ці Localidad Domeyko ці Domeyko - мястэчка Дамейка на мяжы ІІІ і ІV рэгіёнаў Чылі. Lugarejo Domeyko - прысёлак каля порта Дамейка. Інстытут Ігната Дамейкі ва універсітэце ў Вальпараіса ў Чылі. Музей мінералогіі "Ігнат Дамейка" ва універсітэце Ля Сарэны ў Чылі. Імем Ігната Дамейкі названыя шахты, у тым ліку і шахта па здабычы адкрытай Дамейкам чылійскай салетры. Названы вуліцы, плошчы, музеі, залы, паштовыя станцыі, СМІ, грамадскія і спартовыя арганізацыі. Ёсць фонд імя Дамейкі, стыпендыя імя Дамейкі і шмат чаго іншана. Пасля смерці І. Дамейка абвешчаны нацыянальным героем Чылі.
На Лідчыне на памяць пра Ігната Дамейку ёсць вуліца Ігната Дамейкі ў вёсцы Крупаве і школьны музей Ігната Дамейкі ў Крупаўскай школе. Ёсць вёска Дамейкі, назва якой звязана хутчэй за ўсё з усім родам Дамейкаў.
Гэта вельмі кароткая інфармацыя пра Ігната Дамейку. Вялікі вучоны пражыў доўгае, багатае і складанае жыццё. Біяграфію яго вывучалі і вывучаюць сотні вучоных. "Лідскі летапісец" не мае пакуль магчымасці надрукаваць поўную біяграфію ці каляндар усяго жыцця Ігната Дамейкі, але мы падаём каляндар найбольш цікавага для лідзян запольскага перыяду жыцця Дамейкі, складзены Здзіславам Янам Рынам (пераклад з польскай Станіслава Судніка) з некаторымі дадаткамі з кнігі самога Ігната Дамейкі "Мае падарожжы" (пераклад з польскай Здзіслава Сіцькі).

1823-1824 г.г.

На пераломе 1823-1824 гадоў Ігнат Дамейка разам з Адамам Міцкевічам і іншымі быў заключаны ў Базыльянскім клештары ў Вільні за дзейнасць у Таварыстве філаматаў. "Днём, - пісаў Жагота, - вадзілі нас у суд кожнага пад вартай двух жаўнераў з карабінамі і ішла інквізіцыя з усімі маскоўскімі фармальнасцямі, з пагрозамі, падходамі, чапляннямі за слова, абманам і выдумкамі, якія ўжываюцца звычайна пры допытах злачынцаў, толькі што не білі, начамі мы падкуплялі следчых, якія нам дазвалялі сходзіцца і праводзіць вясёлыя гадзіны".
Выпадак вызначыў, што Дамейка, арыштаваны на некалькі тыдняў пазней за Міцкевіча, аказаўся пасаджаным у тым самым гмаху клештара Базыльянаў. На працягу некалькіх месяцаў І. Дамейка быў удзельнікам таемных начных сходак, увекавечаных пазней Міцкевічам у Ш частцы "Дзядоў"

17 снежня 1823 г. У следчую камісію паступіў ліст дзядзькі І. Дамейкі Язэпа з просьбай аб вызваленні Дамейкі з заключэння. Куццю Дамейка правёў яшчэ ў камеры.

1824 г.
2 студзеня. Дзядзька Ігнат паўторна звяртаецца ў следчую камісію з просьбай аб вызваленні Дамейкі з заключэння.
І. Дамейка быў вызвалены з заключэння ў канцы студзеня ці ў пачатку лютага. Пачаў рыхтавацца да прыёму гаспадаркі ў Заполлі, але яшчэ дастаткова доўга знайходзіўся ў Вільні.
15 лютага. У лісце да Язэпа Яжоўскага І. Дамейка падаў трактат аб абавязках сябра Саюза сяброў. Піша, што мае намер пайсці на вайсковую службу, "калі ж стан мой сённяшні, у якім не ведаю, за што схапіцца, што вучыць, да чаго прыспасобіцца, з'яўляецца для мяне невыносным"
26 сакавіка. У Вільні І. Дамейка ўпарадкуе праект аддзелу Чырвоных у Таварыстве Філарэтаў.
21 красавіка. Ігнат Дамейка падаў просьбу: "Яснавяльможнаму сапраўднаму таемнаму статскаму дарадцу і сенатару Мікалаю Навасільцаву, кавалеру многіх ордэнаў ад Ігнацыя Дамейкі, абывацеля Літоўскай Гарадзенскай губерні, Наваградскага павету найпакорнейшая просьба" аб дазволе на выезд да маці ў Сачыўкі з-за яе хваробы.
Ад траўня да жніўня Дамейка быў у маці ў Сачыўках.
У канцы кастрычніка або ў пачатку лістапада І. Дамейка прыязджае да дзядзькі Ігната і начынае прымусовы побыт на вёсцы.
У прыгаворы Камісіі Навасільцава пададзена м. ін. пакаранне прызначанае Ігнату Дамейку: "Казіміра Пясецкага і Ігнацыя Дамейку, якія ўваходзяць у лік філаматаў і якія не прысвяцілі сябе настаўніцкаму прызванню, а таксама сябра таварыства філарэтаў Станіслава Макавецкага, пажадана пакінуць на месцы іх цяперашняга знаходжання, аднак пад пільным наглядам мясцовай паліцыі, з тым каб іх не прызначаць ні на якую пасаду без дазволу яго царственнай высокасці Вялікага князя Канстанціна".
Пастанова Камісіі Навасільцава ўпісана ў акты універсітэта 6 верасня 1824 года.

1825 г.
Зіму і наступнае лета правёў прымусова ў маёнтках дзядзькі Ігнацыя Дамейкі ў Заполлі Лідскага павету і ў Жыбуртоўшчыне каля Дзятлава, але, як піша Адынец, "не адпавядала гэта хоць крышку ані схільнасцям, ані запытам яго"
Малады Дамейка ўзорна кіруе гаспадаркай дзядзькі, але марыць пра далёкі свет. "Хто ведае, што гэта такое ў маладосці ахвота да падарожжаў па чужых краях, ахвота, запаленая чытаннем пра падарожжы і апавяданнямі падарожнікаў, хто надта прыгадае сабе, што ў мае часы ўрад не даваў замежных пашпартоў, або абцяжарваў іх выдачу, тым хутчэй загараюцца ў запаленай галаве віды чужых краёў, той зразумее, як у маладосці маляваліся ў снах маіх хатніх гарады французскія, італьянскія, нямецкія і горы швяйцарскія"
24 красавіка. Ігнат Дамейка быў у Вільні і ўзяў у Яна Снядэцкага рэкамендацыйны ліст да генерала Вінцэнта Красінскага, каб залатвіць прыём на службу ў Корпус інжынераў у Варшаве.
Жыццё на вёсцы спрыяла роздуму і снаванню планаў на будучынню. У лісце да Ануфрыя Петраш-кевіча ў траўні І. Дамейка піша: "Знаходжуся ў бездапаможным стане дзяцінства. Пазбаўлены ста-сункаў з маладымі, той колісь адной для мяне стыхіі, знаходжуся, як у дзікай пустыні. Замкнуты ў сабе, усе мае пачуцці мушу ўнутры хаваць і не маю перад кім адкрыцца. Пагружаны ў бязчыннасць і немач, пад строгім вокам паліцыі і клапатлівейшым вокам дзядзькі, сам не ведаю, ці мне засталося яшчэ што-небудзь з тых задум, якія ў сабе чуў у час, калі жыў з Вамі. Жыццё маё зараз, як тая вада, што без ніякага спаду, нічым не ўзрушаная, павольна псуецца. Самотнасць асабліва прыпадае мне да смаку. Сам адзін ніколі не нуджуся, у кампаніі - часта".
25 траўня. Атрымаў адмову ад Вялікага князя ў справе працы на дзяржаўнай службе. Перажывае незадаволенасць з-за бяздзейнасці і паліцэйскага нагляду. Піша ў лісце да Петрашкевіча: "Найчасцей, зачынены ў сваёй хаце, чытаю і ў чытанні больш забавы, чым навукі шукаю, музыка і малюнак часта адзіная мая забаўка. Абраўшы сабе для жылля дом дзя-дзькі, нікуды не аддаляюся нават у маці маёй блізка года ўжо не быў, ані ў брата майго Адама, якому зайздрошчу ў спакойным жыцці, гаспадарстве і сталым занятку"
У верасні ўдзельнічаў у паляванні ў Болценіках з удзелам Адынца і Путкамера.
Візіты да Корсакаў у Стралу, а таксама да Марылі* і Ваўжынца Путкамераў аблягчаюць прымусовы побыт на вёсцы.

1826 г.
Надалей гаспадарыць у Заполлі. Вясной едзе ў Наваградак. Напэўна ў гэты час робіць малюнак руін палаца Міцкевічаў, а таксама двара ў Болценіках.
Восенню прадае збожжа ў Горадні або Наваградку. Робіць сямейныя візіты ў Дзятлава, Стралу, Болценікі і Мядзведку.

1827 г.
Гаспадарыць у Заполлі. У красавіку едзе ў Вільню, адведвае Петрашкевіча, які вывучае там медыцыну.
Пра сваё жыццё піша да Ануфра: "Вясковае ўспенне, у прыватнасці гаспадарка, больш, чым фабрыкі, повязь сямейная, кантракт, свята, інтарэс, у якіх з кожныым разам усё больш вярцецца змушаны, забралі ў мяне сапраўды вельмі шмат часу: лянота і нейкая ацяжэласць яшчэ больш" затрымлівалі выезд у Вільню.
Гаспадарка пад апекай Дамейкі прыносіць прыбытак. "Што да маёй гаспадаркі, то я ўжо што раз зручнейшы ў эканамічных загадах ды распараджэннях, некаторыя нават лічаць мяне за някепскага гаспадара. У істоце гэта пачынае ўсё больш мяне абцяжарваць. Маю досыць добры ўраджай, менавіта азімага збожжа, у той час, як ярына схібіла з прычыны надзвычайнай у тое лета і вясну гарачыні, якой не памятаю."
Дамейка займаецца і садоўніцтвам. "Садок мой гэтай вясной павялічыўся на некалькі прышчэпаў, з міну-лагодняга ачкавання ледзьве некалькі вочак прыжылося; дрэвы добра цвілі, але зама-разак у красавіку пазбавіў нас завязі".
З поспехам прадае ў Наваградку "Санеты" Адама Міцкевіча і просіць прыслаць наступныя 50 асоб-нікаў. Займаецца перакладам песень "Ас'яна" і "Карана".
Ананімна друкуе папулярныя артыкулы ў "Дзённіку Віленскім", апякуецца над дзядзькам у Жы-буртоўшчыне, нейкі час праводзіць у Наваградку, прымае візіты Адынца, Юльяна Корсака і Пут-камераў.

1828 г.
Дамейка надалей знайходзіцца ў Заполлі.
У чэрвені яго адведвае Ануфры Петрашкевіч, які першым з высланых атрымаў дазвол на наведванне Літвы. Разам праводзяць некалькі дзён. Петрашкевіч перадае Дамейку просьбу Міцкевіча аб падрыхтоўцы чарговых малюнкаў для высыльных.
Летам Дамейку ў Заполлі адведалі Марыля Путкамер і Людвіка Кастравіцкая.
Восенню Дамейка перасылае Міцкевічу грошы, атрыманыя за продаж "Конрада Валенрода".
У лісце ад 20 лістапада да Петрашкевіча Дамейка дакладваў: "Домік запольскі і наша радзімая Мядзведка дагэтуль цешацца з Тваёй бытнасцю ў Літве: найпрыемнейшая для нас песенька, якую Ты спяваў, і кожная Твая забава добра захаваліся ў памяці ў маіх сясцёр і ў маёй добрай братовай. Для мяне самога Мядзведка здаецца яшчэ мілейшай пасля правядзення ў ёй так весела астатніх хвіль з Табою"
У Заполле прыязджае ксёндз Дыянізы Хлявінскі (Халявінскі) і разам з Дамейкам завяршаюць пераклад "Карана".
Дамейку адведваюць, між іншымі, Адам Міцкевіч, Марыля і Ваўжынец Путкамеры, Зан, Яжоўскі, Сузін, Людвіка Кастравіцкая, Юльян Корсак і іншыя.
У альбом Людвікі Кастравіцкай Дамейка ўпісвае "Успаміны мінулага" ў якіх выражае сум па сябрах з філамацкага свету, а таксама па родных краявідах: "Калі змучаны вандроўнік, пераадолеўшы супраціў лёсу, пасярод нядолі, горычы, пасля ўсіх цяжкасцяў убачыць раскошную краіну сваёй жыццёвай вясны, тыя квяцісцыя лугі, і зялёныя гаі, і крыштальныя воды плыні, узыходзіць для яго сонца ўяўлення, бачыць дарагія помнікі згаслага шчасця, а на іх імёны, увенчаныя дабрачыннасцю. Пачуе біццё сэрца і слёзы умілення і будзе марыць сабе пра будучыню.
Прыемны шум плыні нагадае яму годы, якія ўжо не вернуцца. Затрымае свой крок няўпэўнены і ў цяньку рады быў бы навекі спачыць, не гонячыся за хуткім крокам будучыні.
Так уласна панеслі мяне ў краіну вясенняй маладосці твае чулыя ўспаміны, пані, пра маіх сяброў. І я з імі калісьці дзяліў кароткае і зніклае шчасце. Сёння яны ў чужой зямлі раскіданыя па свеце, жывуць у тваёй памяці, асвечанай дабрачыннасцю. Дазволь і мне спачыць у той святыні і заняць хоць апошняе месца ў шэрагу маіх сяброў"

Каляды І. Дамейка правёў у дзядзькі ў Жыбуртоўшчыне. З Мядзведкі прыехалі Адамавыя (брат Адам з сям'ёй), а з Варшавы - брат Казімір. Праводзячы брата і Юльяна Корсака Дамейка даязджае да Берасця Літоўскага. На зваротным шляху адведвае цётку на Кобрыншчыне. Знаёміцца з гарадамі Ружаны і Кобрын.


1829 г.
28 студзеня. Ігнат Дамейка піша з Заполля ліст да Томаша Зана, адзіны, які захаваўся. Інфармуе яго пра сямейныя справы: "Хвалюся таксама табе, я ўжо дзядзька; сястра мая старэйшая (Антаніна Дамейка), два гады, як выйшла замуж і мае дваіх дзяцей. Марыя (Марыля Путкамер) нарадзіла сына Стася (Станіслаў Путкамер): быў на хрысцінах, весела адзначылі гэтую ўрачыстасць. Я вальнейшы, зараз жыву адзін у Заполлі, чытаю, гаспадару, і толькі размова з вамі можа мяне ажывіць. Падары мяне калі-небудзь тваім словам"
Праявіў у тым лісце таксама і свае адносіны да Томаша Зана. "Пахвалюся сабе, Томашу, што колькі разоў у сваім уяўленні бачыш грона найбліжшых твайму сэрцу, часам хоць у мгле, не сыходзіць з Тваёй думкі і цень Жаготы. Бо што да мяне, Ты з'яўляешся неадступным вартавым маіх пачуццяў і думак - колькі разоў цешыўся з якогасьці ўчынку або нейкіх маіх жаданняў, як жа мне, прыемна ў той час у яўляць, што і ты цешыўся з мяне; колькі разоў немач або нейкая уломная схільнасць зводзіць мяне з дарогі, Табой названай, або абуджаюся з парожняй бяздзейнасці, да якой стан спакойнага адасабленне сяды-тады даводзіць, столькі ж разоў саромеюся ценю Твайго і чым найхутчэй намагаюся падняцца да вышэйшых думак, вартых твайго прыхільніка".
У лісце да Петрашкевіча ад 8 лютага Дамейка апісвае свае штодзённыя заняткі: "Вярнуўся ў Запол-ле, на працягу пяці тыдняў сяджу самотны дома, капаўся ў новых кнігах, што паступілі з Германіі, а да таго быў засмучаны не раз шматлікімі гаспадарчымі непрыемнасцямі, лячу хворых вяскоўцаў і ў тым быў не раз цырульнікамі абдураны і ашуканы, з дрыжыкамі, з бояззю пасылаю п'яўкі, наношу візіты, а гарачка не ведае літасці і страшна ў тых краях праграсуе. Так-сама хварэе і жывёла, і з тым мне не ўдаецца справіцца".
11 красавіка. Ігнат Дамейка разам з Чачотам становіцца траістым, гэта значыць такім, які належыць адначасова да таварыстаў: Філаматаў, Сяброў і Таварыства навуковога.
6 траўня. Падчас маёўкі І. Дамейкі быў аддэ-легаваны для афіцыйнага прывітання Томаша Зана.
12 чэрвеня. У лісце да Петрашкевіча згадвае пра чарговыя візіты у Вільню і Горадню. У Горадні гасціў у сяброў, праводзячы час у асноўным у бібліятэках. Намерыўся выставіць сваю кандыдатуру на выбарах у губернскі соймік. У Вільні спаткаў Адынца, які ад'язджаў да Адама Міцкевіча, што ўжо знайходзіўся ў Дрэздане. У Болценіках адбыўся развітальны начны балет, у якім Жагота, Корсак і Адынец выступілі ў рагатых падушках на галавах.
20 чэрвеня. Хворага Дамейку забрала з Вільні жонка яго дзядзькі.
16 верасня. У лісце да Петрашкевіча Дамейка піша пра спатканне з рэктарам Віленскага універсітэта Пеліканам па справе вызвалення яго ад паліцэйскага нагляду. Падаў па той справе неабходныя паперы.
Ад імя наваградскіх татараў заключыў дамову з Глюксбергам на друк "Карана". Рукапіс перакладу Дамейка аддае ў віленскую цэнзуру. Прымае меры па забеспячэнню бяспекі кнігазбору філаматаў.
У кастрычніку ці ў лістападзе з Дамейкі быў зняты прысуд Камісіі Навасільцава. Можа выязджаць за мяжу. Узнамерваецца зноў вылучацца кандыдатам у дэлегаты на соймік, а следам на выбарную пасаду у органах самакіравання
Акрамя побыту на вёсцы ананімна піша ў "Дзённік Віленскі "

1830 г.
На працягу паўгода працуе арганізацыйна і палітычна ў якасці соймавага шляхціца - дэлегата філарэтаў. "Ехаў на соймікі гарадзенскія ў падвойнай іпастасі, як дэлегат, і як прэтэндэнт на годнасць асэсара. Вярнуўся пераможна, бо нягледзячы на памаганні маіх старых дзядзькоў, не ўблыталі мяне ў кіраўніцтва, з якога мне цяжка было б выбавіцца на працягу трох наступных гадоў. Страціў бы час, абавязаны да тысяч горкіх і непрыемых справаў".
У лісце да Петрашкевіча дзеліцца акалічнасцямі соймікавага жыцця: "Ужо каля чатырох тыдняў вяду пустое соймікавае - публічнае жыццё. У бесперапынным руху сярод шляхоцтва, гутарках і шуму прыпамінаў сабе даўнейшае гайдамацтва. Не аднаму сёння сядзяць яшчэ глыбока ў галаве колішнія высокія прывілеі нашых абіраных трохгадовых вальных кіраўнікоў. Ад аднаго ўдару маршалка жазлом па стале, ад выгляду выбарчых вотаў (бюлетэняў), абуджаецца даўняя, нейкая соймікавая жылка, шалее шляхта, забываюцца ўсялякія беды і горычы, абуджаецца грамадскі дух. Адтуль узаемныя сваркі, рознагалоссі, сварацца старыя дзеці, запаляецца моладзь, а цешыцца з гэтага не адзін агульны непрыяцель. Але нягледзячы на ўсё гэта, прызнаюся, люблю соймікі, хаця б былі яны яшчэ больш дзіцячымі, яшчэ больш шкоднымі. У тым сапраўды я -- невыродны нашчадак сваіх продкаў".
Вясной Дамейка падхапіў ліхарадку, якая перакрэсліла ўсе планы грамадскай дзейнасці.
23 жніўня. У гэты дзень Дамейка атрымоўвае весткі пра побыт сяброў філарэцкіх у Італіі, піша да Марылі Путкамер у Болценікі: "Маю на свеце такое шчасце, па якім з першай маладосці маёй уздыхаю і вышэйшым ды гаднейшым за якое нічога сабе ўявіць немагу. Таму дагэтуль мяне ані запольскі домік, ані паважны ў ім спакой, ані ўся вясковая прырода заняць не патрафілі і заўсёды з-за прутоў маёй клеткі па нейкай волі сумаваць не перастаю"
23 жніўня. Пасля шасці гадоў паліцэйскага нагляду, дзякуючы намаганням дзядзькі, Дамейку ўдалося атрымаць пашпарт і дазвол на выезд у Каралеўства Польскае. У першы раз выязджае за мяжу ў Варшаву. Суправаджае яго стрыечны брат Аляксандр Дамейка.
Дамейка, між іншым, удзельнічае ў адкрыцці Варшаўскага ўніверсітэта: "Быў і на адкрыцці універ-сітэта, але апрача добра абсталяваных кабінетаў, бібліятэкі і парку не меў часу лепш даведацца пра стан сённяшняга універсітэта, ані пазнаёміцца з яго вучнямі або выкладчыкамі.
Падарожжа маё ў Варшаву, як першае ў жыцці, было для мяне прыемным, раскошным, і я некалькі ажыў. Сам горад, з дарагімі помнікамі народнай вялікасці, рабіў на мяне ўражанне вайскова-рамеснага паселішча"
Дамейка наведаў таксама Мазуры, Ломжу, Астраленку, Пултуск, Сіроцк і Яблонну.
На пачатку кастрычніка Дамейка вяртаецца ў Заполле. У лістах да Петрашкевіча, Міцкевіча і Адынца згадвае пра тое, што ў падарожжы ўкрадзена ў яго значная сума грошай. Пачынае працу над гісторыяй філаматаў.
31 кастрычніка. У Заполле прыязджае Марыля Путкамер, каб атрымаць ад Дамейкі, яе стрыечнага брата з боку цёткі, прысланы Адамам Міцкевічам ружанец, пасвенчаны рымскім Папам.
У лісце да Міцкевіча Дамейка пісаў у той дзень: "Учора да мяне прыехала Марыя. Сёння ў Заполлі была ўрачыстасць Дзядоў, сёння таксама аддаў Марыі прысланы табой ружанец. Мала спазнаў у Заполлі такіх прыемных, як сёння гадзін; запалілі агонь большы, чым папярэднім днём: засталіся пры ім, размова была пра цябе і нашых сяброў".
Восенню па даручэнні маршалка шляхты праводзіў "рэвізію запасных валасных складаў у лідскай парафіі і дзвюх іншых. Загадана мне было з той мэтай сто фальваркаў аб'ехаць, што ў мяне з чатыры тыдні забрала". Выбар Дамейкі не быў выпадковы. Пасада так званага ключвойта давала яму мажлівасць кантактаў з дварамі, дзе ён аналізаваў палітычную сітуацыю.
29 лістапада. У Варшаве выбухнула лістападаўскае паўстанне.
Каляды прайшлі ў напружанні радаснага чакання. Дамейка спадзяваўся, што рэгулярнае польскае войска ўвойдзе ў Літву (Беларусь).

1831 г.
Падрыхтоўку да паўстання ў Лідскім павеце Дамейка апісаў ужо ў Дрэздане. ("На ўмоўны дзень чакалі толькі закліку і загаду з Вільні, после чаго павінны былі сабрацца з вёсак, з ваколіц шляхоцкіх, са знаёмых двароў ахвотнікі і злучыцца у трох пунктах: у Лідскім павеце - каля Васілішак, у Слонімскім - у Храбравіцкай пушчы і ў Навінскіх лясах пад Наваградкам. Пра далейшыя планы паўстання не ведалі... Выглядаў пасланца з Вільні, меў напагатове зброю і каня; стрэльбу і пісталеты пад памостам у жытніцы, порах у пустым вуллі на дваровай пасецы").
30 сакавіка. З Вільні ў Заполле прыбыў Станіслаў Казакевіч - пасланец паўстанцкіх уладаў і перадаў загад падняцця паўстання. ("Ты ляці ў Горадню, і там, калі не маюць сілаў да ўзяцця горада, касы і складоў, хай высылаюць моладзь на партызанскую вайну ў Белавежу, для пераразання адтуль камунікацыйных дарог. Было чутно, што пад Горадняй ёсць вялікі аддзел польскіх партызанаў у Аўгустоўскай пушчы. Заўтра ноччу павінен ім данесці пра паўстанне жмудскае і літоўскае, а калі праўда, што Скрынецкі ў Ломжы, прабрацца па загады і далажыць яму, што мы ўжо рабіць пачалі. За пароль, які толькі галоўнаму кіраўніку, старшыні ўраду і Лелявелю скажаш, паведамляю табе слова "Кяйстут", на што табе адкажуць "Баторы", а для большай веры пакажаш гэтую манету".)
1 красавіка. Дамейка прыступае да выканання задання і едзе праз Шчучын у Горадню. Па дарозе ў Горадню затрымваецца ў айцоў - піяраў у Шчучыне. У Горадні спачатку адкупляецца ад расійскіх жандармаў, а пасля яго ўсё ж арыштоўваюць. "Здолеў выбрацца з рук сатрапаў прыкінуўшыся... суцяжнікам судовым".
Устанаўлівае кантакт з Аляксандрам Макоўскім, а таксама з філарэтамі Людвікам Пацам і Язэпам Красоўскім. З рэкамендацыйнымі лістамі Дамейка перабіраецца цераз Нёман і рушыць у Кальноў каля мяжы.
7 красавіка. Мясцовы мазур праводзіць яго да двара ў Ярэбнай.
8 красавіка. Дамейка дабіраецца да вёскі Дубава, адкуль яго далей вядзе войт Андрыяцкі. Ноччу даведваецца пра правод з Варшавы у Літву старых ваякаў Лявона Працлаўскага і Міхала Валовіча. Місія Дамейкі стала неактуальнай.
Быў прыняты за прусака, і амаль не быў расстраляны. Выратаваў яго невядомы капелан партызанскага пададдзелу.
11 красавіка. Дамейка ў сялянскай вопратцы на нанятай фурманцы вяртаецца ў Заполле. Едзе да дзядзькі ў Жыбуртоўшчыну. Пасля вялікадня развітваецца з маці ў Сачыўках і сястрой Вярбоўскай у Далматоўшчыне, а таксама з братам Адамам у Мядзведцы: ("Вярнуўся ў Заполле з дабраславеннем маці; яе рукі дрыжалі, калі яе цалаваў, а слёзы яе чую дагэтуль гарачыя на маім чале".)
У траўні ў Заполле прыбываюць кур'еры з загадамі ад генерала Ізыдора Хлапоўскага Кастусь Залескі і Непакайчыцкі. У гэты ж час у Заполлі знайходзіўся Ваўжынец Путкамер. Пасланцы перадалі Дамейку загад ехаць у Слонім да генерала Хлапоўскага.
Дамейка адразу выехаў, пераначаваў у Жыбуртоўшчыне, развітаўся з дзядзькам. Але, не даяз-джаючы да Слоніма, Дамейка даведваецца, што ў Слоніме расейцы, а Хлапоўскі ідзе на Ліду. Дамейкавяртаецца ў Дзятлава, заскаквае да дзядзькі, назаўсёды развітваецца з ім. З Жыбуртоўшчыны праз Беліцу імчыць у Радзівонішкі, адтуль на Жалудок Не праехаўшы і мілі сустрэў войска Хлапоўскага. З Хлапоўскім былі сенатар Тышкевіч, ксёндз Лога, доктар Марціноўскі, ад'ютант Уратноўскі. "Добра, прамовіў Хлапоўскі - чакаю цябе заўтра ў Лідзе, як мага раней."

"Позна ўвечары я вярнуўся ў Заполле, а назаўтра (было гэта ў нядзелю) рана прыехаў у Ліду. Там ужо скончылася сутычка нашага корпуса з лідскай залогай, якая здалася амаль без выстралу, а налічвала 180 жаўнераў пяхоты. Зброя і амуніцыя прыдаліся нашым новым паўстанцам, а палонных выпусцілі на свабоду, бо не было спосабу іх утрымліваць, карміць і вазіць з сабой. Адзін афіцэр, ліцьвін Міхалоўскі, і дваццаць жаўнераў гэтай залогі, таксама ліцьвіноў, далучыліся да корпуса Хлапоўскага.
Лідскі павятовы маршалак Важынскі запрасіў на снеданне генералаў Хлапоўскага і Тышкевіча ды шматлікі эскорт афіцэраў, было даволі віна і патрыятычных парываў. Тут я лепш пазнаёміўся з генералам Хлапоўскім і даўжэй з ім размаўляў. Генерал - у росквіце сіл, нябрыдкі, вызначаўся павагай, заўзятасцю, суровасцю характару і натуральнай, нязмушанай ветлівасцю, менавіта ў абыходжанні з далучанымі да яго корпуса патрыётамі. Ён выслухоўваў кожнага, заахвочваў абшарнікаў да самаахвярнасці, асцярожнасці і зберажэння сілы, не агалошваў пракламацый, не заклікаў да нейкага руху. Ідучы праз заняты расійцамі край, ведаючы, што за ім гоніцца непрыяцель, Хлапоўскі не наражваў спакойных жыхароў на верагодную памсту непрыяцеля, з вайскоўцамі быў больш суровы, патрабаваў дысцыпліны, парадку, падаваўся хутчэй сумным, чым вясёлым, але, увогуле, усіх уражваў сваім абыходжаннем.
Тут я меў нагоду пасябраваць з канонікам Логам і доктарам Марцінкоўскім. Адукаваны, адважны, палымяны патрыёт, Лога меў мілы характар і быў папулярны. Ён меў падыход, як да афіцэраў старой службы, так і да новых самахотнікаў ды пабуджаў іх да веры і любові, а нас, ліцьвіноў, шчыра любіў. І пачцівы Марцінкоўскі быў для нас вельмі карысны: спрашчаў паўстанцам доступ да генерала, дапамагаў сваімі парадам, пахвалой і ведамі.
У касцёлах спявалі 'Te Deum'. У Ліду сходзіліся людзі з усіх ваколіц. Паўстанцы нікога не пераследвалі, нават вядомы сваёй пачцівасцю страпчы бяспечна хадзіў па горадзе.
Знаходжанне Хлапоўскага ў Лідзе было занадта кароткае, каб магло выклікаць паўстанне. Таго ж дня пасля паўдня, каля гадзіны чатвёртай ці пятай, увесь ягоны корпус выйшаў гасцінцам на Жырмуны. Мне ж генерал дазволіў забегчы ненадоўга дадому. Я абяцаў, што заўтра рана даганю яго паміж Жырмунамі і Воранавым.
Я вярнуўся ў Заполле на змярканні і ў той жа вечар сказаў маім тром слугам, што яны вольныя, а калі маюць жаданне і ахвоту, хай заўтра на світанні ідуць са мною ў паўстанне. Лукаш і Рыгор адразу ж згадзіліся ісці са мной. У Вінцэся была ліхаманка, і я мусіў пакінуць яго дома аднаго, бо яшчэ і аканом быў не вярнуўся з паездкі ў Рудніцкую пушчу.
Якая гэта была мая апошняя ноч у Заполлі, то толькі Пану Богу вядома. Хутка ўпарадкаваў гаспа-дарчыя рэестры і паперы, кніжкі занеслі на гарышча. Прыкархнуў хвілінку.
З усходам сонца коні, ўжо былі асядланы, чэлядзь стаяла каля ганка - для развітання. Мне неяк было не па сабе: трэба хутчэй збірацца, а мяне ахапіла невядомая дасюль трывога. Я затрымаўся і вярнуўся ў свой пакой, думаючы, што чагось забыўся, але глянуў на гадзіннік - ужо пара. Іду, і зноў на парозе быццам хтось за крысо мяне прытрымаў. Згадалася ў думках мая маці, як бы з папярэджаннем, што нядобра пачынаю, не параіўшыся з Богам, не заклікаўшы Яго на дапамогу. Я вярнуўся ў спальню, зачыніў за сабою дзверы і, укленчыўшы, згаварыў "Ойча наш..." і малітвы, якім мяне навучылі ў дзяцінстве; і прыйшліся мне да душы гэтыя словы: "Пане Божа Усемагутны, у Святой Тройцы адзіны, учыні, каб думкі мае, словы і ўчынкі на служэнне Табе і хвалу Тваю былі скіраваны і ніколі волі Тваёй святой не працівіліся". (Ад таго моманту пяцьдзесят гадоў, аж да сённяшняга дня, была і ёсць для мяне абярэгам гэтая малітва, што дадае мне сілы, прамаўляю яе штодня і ў кожнай прыгодзе).
Я пацалаваў любімую зямельку і падхапіўся жвава і з жаданнем, прыпяў шаблю, лёгка ўскочыў на майго Каштана і - з Панам Богам! За мною - Лукаш і Рыгор.

Не праехалі і паўвярсты па дарозе на Жырмуны, як заўважаем далёка на гасцінцы аддзел вершнікаў, што ідзе нам насустрач. Я ведаў, што Хлапоўскі павінен быць на маршы з Жырмунаў на поўнач, да Вільні, а ва ўсёй ваколіцы, нават у павеце, няма паўстанцаў. Ці гэта непрыяцель? Але ж расійскае войска, якое кватаравала ў Жырмунах, хутчэй мусіла б пагнацца за нашым корпусам, чым ісці ў супрапрацьлеглым кірунку. Мы прыпыніліся на момант - былі на ўскрайку лесу, коней мелі добрых. Лукаш першы пазнаў: гэта былі нашыя ўланы, якіх ужо бачыў у Лідзе і днём раней на радзівонішскім тракце.
Мы паехалі да іх, і ад першага афіцэра, якога ўбачыў, даведваюся, што наш аддзел трапіў у засаду расійскай пяхоты ў Жырмунах і страціў у сутычцы дваццаць жаўнераў. І Хлапоўскі, атрымаўшы вестку, што большыя сілы непрыяцеля скіраваны на яго з Вільні, мусіў змяніць кірунак маршу, і гэтай дарогай на Голдаў, Мыта мы будзем прабівацца ў паўночным кірунку да злучэння з паўстанцамі.
Я рапартаваў генералу ўжо, як ягоны падначалены і пры ягоным штабе ехаў поруч з Логам, які апавядаў мне падрабязнасці начной сутычкі з непрыяцелем. Калі пад'ехалі да Заполля, я сказаў каноніку, што тут мая сядзіба, ён прапанаваў: "Добра, то заедзем на хвіліну да цябе, дабраслаўлю твой дом". Паляцелі наўгалоп ужо сапраўды апошні раз дадому, там Лога, вялікі аматар Міцкевічавай паэзіі, з прыемнасцю чытаў ягоныя лісты да мяне, і падсілкаваўшыся мы паімчалі наўздагон нашаму корпусу. А сяляне, што выбеглі насустрач, жагналі нас.

Так я развітаўся з Заполлем назаўсёды, апошні раз глянуў на прыгожыя зялёныя руні, плён якіх збярэ хтось іншы..."


Ліст І. Дамейкі на Лідчыну


Пасля паразы паўстання 1830-31 гг., адмовіўшыся падпісаць прашэнне аб памілаванні, І. Дамейка аказаўся ў Парыжы. З Парыжа ён вёў перапіску з сябрамі, якія засталіся на Радзіме. У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі ў Горадні захоўваецца ліст І. Дамейкі з Парыжа свайму сваяку, уладальніку маёнтка Няцеч (зараз Лідскі раён) Станіславу Лясковічу.
"Парыж, 1834, у дзень Новага года.
Па свайму звычаю пілігрыма дзень Новага года пасвячаю на ліст да Вас; ці можна лепш яго адзначыць, ці ёсць для мяне большае свята, чым калі ад Вас атрымаю якое слоўца, ці калі ўцяшаю сябе самой думкай, што да Вас пішу і з Вамі размаўляю. Ніякая любоў не з'яўляецца больш гарачай, чым тая, якую адчуваю да сваёй сям'і ў кожную добрую ці кепсную хвіліну. Таму і сёння, хоць я і ў смутку, лягчэй мне трохі на сэрцы, таму, што ў мяне ёсць магчымасць пераслаць Вам адно маё самае жывое пажаданне, якое напоўнена бясконцай колькасцю пажаданняў, каб наступны Новы год мы правялі спакойна ўсе разам і здаровымі.
Я, слава Богу, здаровы і мае жыццёвыя патрэбы забяспечаны, нават наступны год мяне не вельмі пужае, страшна толькі падумаць, што, магчыма, яшчэ доўга, доўга будзем разлучаны. Не магу таксама нічым новым пахваліцца, няма на што паскардзіцца. Для пераадолення ўнутранай маркоты і тугі дарэмна шукаю заспакаення ў кнігах і навуках, таму што пры неспакоі і маральнай гаркоце, не бачу для сябе з гэтага вялікай карысці.
О, як жа быў бы я рады павіншаваць кожнага з самых дарогіх для мяне людзей асобна, кожнаму сказаць слова, з кожным павесяліцца ўдоваль. Але розум заклікае мяне быць скупым на словы і на пачуцці. Думаю, Вы будзеце задаволены тым, калі я проста скажу, што няма ў мяне нічога даражэйшага ў свеце, чым мая сям'я.
Ваш назаўжды.
Ігнат, Аляксандр, Уладыё, Зажыцкі, Станіслаў і суседзі, што тут прысутнічаюць, усе здаровыя і на ранейшых месцах. Я таксама на ранейшай кватэры - на ліст з датай 24 верасня няма ў мяне ні слова з вашых краёў.
Подпіс."
(НГАБ у г. Горадні. Ф.1, воп.27, с523, арк. 11-11аб. Пераклад з польскай В. Я. Гебельта).

Лісты Ігната Дамейкі з Парыжа ўсхвалявалі Гарадзенскага губернатара генерал - маёра М. М. Мураўёва. Ён загадаў начальніку паліцэйскіх управаў Гарадзенскага і Лідскага паветаў падпал-коўніку фон Бергу і лідскаму земскаму спраўніку барону Фітынгофу правесці ператрус у атрымальніка лістоў памешчыка С. Лясковіча і забраць ліст І. Дамейкі. 11 сакавіка з Ліды губернатару Мураўёву быў накіраваны рапарт за № 47 аб праведзеным дазнанні.

Рапарт


Дзеля выканання прадпісання Вашага Правасхадзіцельства ад 3-га дня гэтага месяца № 217 гэтым шаноўнейша данесці гонар маем, што пасля атрымання звестак аб прыездзе з Слонімскага павету памешчыка Станіслава Лясковіча у сваю вёску Няцеч, мы разам прыбылі туды, і на першае зробленае намі яму слоўнае запытанне, ці атрымоўвае ён з Парыжа ад Ігната Дамейкі лісты, адразу ж падаў нам адзін ліст, напісаны з Парыжа ў дзень Новага года, - калі ж мы Лясковіча спыталі, ці не атрымоўваў ён ад іншых асобаў, якія выбраліся з тутэйшага краю ў Парыж і ў іншыя замежныя месцы, ці ж ад Дамейкі больш лістоў, то ён адказваў, што ў мінулым 1833 годзе, атрымаў два ці тры лісты ад Ігната Дамейкі, і паколькі ў іх нічога важнага не было, не памятае, дзе згубіліся, - пасля чаго прыступілі мы да строгага агляду усіх лістоў і папераў, якія ў яго знаходзіліся, але не знайшлі ў іх непахвальнай перапіскі.
У заключэнне праведзенага намі тлумачэння, зададзена С. Лясковічу апошняе пытанне, на якое атрымана ад яго тлумачэнне, як і ўзятую падпіску, і ліст ад Ігната Дамейкі, пры гэтым шаноўнеша прадставіць гонар маем Вашаму Правасхадзіцельству.
Падпалкоўнік фон Берг.
За спраўніка Фітынгоф."
(НГАБ у г. Горадні. Ф.1, воп. 27, с.523, арк. 7 - 7 аб.)

Да рапарта дадавалася пісьмовая тлумачальная цыдулка Станіслава Лясковіча.

"На гэтае запытанне Вашага Высокавысакароддзя маю гонар растлумачыць, што сапраўды ў мінулым 1833-м годзе атрымаў я, наколькі прыгадаць магу, два ці тры лісты ад сваяка майго Ігната Дамейкі, які знайходзіцца ў Парыжы, у канторы паштовай Лідскай, у якіх змест заключаўся ні ў чым іншым, як у павядамленні яго фаміліі (яго радні), якая ў тутэйшай губерні жыве, і так як яны не былі важнымі, то і згадаць не магу, дзе яны згубіліся. Усе такія ж лісты яго, Дамейкі, атрымоўваў я не іншым спосабам, але толькі праз Лідскую паштовую кантору, ці праз публічную пошту, як роўна ж, і сённяшні ліст, не так даўно мной атрыманы, і пададзены Вашаму Высокавысакароддзю. Што ж тычыцца ўказу, які забараняе карэспадэнцыю з выхадцамі з тутэйшай губерні, пра гэта я зусім не ведаў, і гэты ўказ не быў мне абвешчаны, а таму і згаданы ліст, які прыйшоў не таемным спосабам, а праз афіцыйную пошту, з-за абвяшчэння Лідскай канторы і з-за настойлівага патрабавання паштовых грошай, я павінен быў яго атрымаць
Станіслаў Лясковіч.
( сакавіка 1834 г.)"


(НГАБ у г. Горадні: Ф.1. воп 27, с 523, арк. 9-9аб.)
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX