Папярэдняя старонка: Ігнат Дамейка

Мінералы з Чылі ў музеi Ігната Дамейкі 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 28-02-2014,
Крыніца: Летапісец 4(64)-2014.



Мінералы з Чылі дастаўлены ў музей Ігната Дамейкі ў в. Крупава Лідскага раёна

14 жніўня 2013 года на Лідчыне адбылася нечаканая і надзвычай прыемная падзея. У музей Ігната Дамейкі Крупаўскай школы Лідскага раёна была прывезена калекцыя мінералаў з Чылі. Прывёз мінералы работнік адной з шахтаў на поўначы краіны Тарас Міхайлавіч Кецмур.

І вось тут ёсць пытанне. Як павінен працаваць музей вясковай школы (загадчык Гівойна Марыя Аляксандраўна), каб нехта зусім незнаёмы захацеў везці ў яго экспанаты з другога канца планеты?

Тарас Міхайлавіч нарадзіўся ў Архангельску, ваяваў у Афганістане, удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, доўга лячыўся ў Германіі, прайходзіў рэабілітацыю ў Іспаніі, апошнія тры гады працуе ў Чылі. З Беларуссю яго лучаць сяброўскія і сваяцкія сувязі, у тым ліку сяброўства з Ігарам Лучанком. Паводле яго слоў прывезці мінералы было вельмі не проста. Шлях ляжыць цераз шмат краін, і на кожнай мытні свае абмежаванні на перавозку неапрацаваных мінералаў. Так на адной з мытняў засталася так званая "каменная ружа", але Тарас Міхайлавіч паабяцаў, што праз год аформіць усе патрэбныя дакументы і давязе ружу да Беларусі. Паабяцаў таксама паспрабаваць знайсці мінерал дамейкіт, названы ў гонар вялікага беларуса і нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі.

На скрынцы з мінераламі надпіс па-іспанску, там ёсць словы і "Беларусь", і "Дамейка". Са слоў можна было зразумець, што сярод прывезеных мінералаў ёсць узоры з "Міна дэ Дамейка" (з шахты, якую назваў у гонар Дамейкі яго вучань).

Імя Ігната Дамейкі да гэтага часу вельмі шануецца ў Чылі. Калі ты зямляк Ігната Дамейкі, перад табой адчыняюцца ў гэтай краіне многія дзверы, ты апрыёры лічышся прыстойным і высокаадукаваным чалавекам.

Музей Ігната Дамейкі ў Крупаўскай школе, бліжняй да дамейкаўскага Заполля, быў заснаваны, як невялікі куток у фае школы. Да яго заснавання прыклала руку і вялікая лідзянка доктар гебілітаваны гісторыі Ірэна Стасевіч-Ясюкова.

З часам музей развіўся і перамясціўся ў асобны будынак. У ім больш за паўтысячы экспанатаў, ёсць кнігі І. Дамейкі на розных мовах, ёсць калекцыя мінералаў, перададзеная музею Польскай акадэміяй навук з Варшавы. Музей вядзе актыўную працу, тут бываюць наведвальнікі з розных куткоў краіны і замежжа. Цяпер значнасць і вартасць музейнай экспазіцыі ў Крупаўскай школе непараўнальна вырасла. Наяўнасцю мінералаў з Чылі пахваліцца можа мала хто. Ад гэтага часу музей у Крупаве мае наўпроставую фізічную повязь з далёкай амерыканскай краінай, якая ў свой час стала домам для выгнанніка Дамейкі.

Перад школай да 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі (2002 г.) устаноўлены памятны знак (аўтар Рычард Груша), на адкрыццё якога прыязджалі сваякі І. Дамейкі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX