Вярнуцца: Станіслаў Баніфацый Юндзіл

Станіслаў Баніфацый Юндзіл Stanisław Bonifacy Jundziłł


Аўтар: Ванда Грамбецка,
Дадана: 16.11.2004,
Крыніца: Варшава - Ліда 2003.



Прадмова

І вось у 2002 годзе з'явіўся трэці томік серыі "Славутыя палякі Лідчыны". Яе распачаў у 1999 г. аповед пра легендарнага героя паўстання 1863 г. Людовіка Нарбута і пра сучасны лёс прысвечанай яго памяці табліцы. Кніга выйшла з-пад пяра двух аўтараў - з Польшчы і Белай Русі, г.зн. доктора Паўла Камароўскага - навуковага супрацоўніка Польскай Акадэміі Навук і Аляксандра Колышкі - старшыні Таварыства Польскай Культуры Лідчыны.

Выдадзены праз год наступны томік серыі быў прысвечаны славутаму вучонаму міжнароднага рангу Ігнацію Дамейку - геолагу і мінералогу, які паходзіў з Лідчыны , а асаблівую славу набыў у Чылі, дзе правёў значную частку свайго жыцця, сумуючы аднак - чаго не ўтойваў - па роднай старонцы. Аўтарамі гэтай публікацыі, згодна з яе сутнасным профілем, былі гісторыкі геалогіі з Музея Польскай Зямлі Акадэміі Навук, г. зн. дырэктар музея дацэнт Кшыштаф Якубоўскі і дацэнт Ядзвіга Гарбоўская.

Аўтар трэцяга томіка, які ў хуткім часе мы перададзім у рукі чытачоў, Ванда Грэмбецка, з'яўляецца дацэнтам Польскай Акадэміі Навук і навуковым аўтарытэтам як сур'ёзны, дасведчаны гісторык батанікі. Яна , у сваю чаргу, занялася Станіславам Баніфацыем Юндзілам, славутым батанікам з памежжа ХVIII i XIX стагоддзяў.Ён распачаў свой дыдактычна-навуковы шлях у Шчучыне Літоўскім і ў Вільні. Пасля пяцігадовага побыту за мяжой (1792-1797) - пераважна ў Вене, дзе ён папоўніў свае прыродазнаўчыя веды,- Юндзіл вярнуўся ў Вільню. Там яму даручылі пасаду дырэктара Батанічнага саду, якому ён забяспечыў еўрапейскі ўзровень. Праз некалькі год вучоны атрымаў у Віленскім універсітэце кафедру батанікі і заалогіі.

Такім чынам, сярод прозвішчаў славутых палякаў Лідчыны не можа не быць Станіслава Баніфацыя Юндзіла, сціплага піяра са Шчучына, а адначасова - сумленнага даследчыка флоры родных старонак, аўтара кнігі"Апісанне дзікарослых раслін правінцыі Вялікага княства Літоўскага паводле сістэмы Лінея".

Трэба дадаць, што гэтая праца мела ў той час важнае навукова-пазнавальнае значэнне, уводзячы прыродазнаўцаў у свет "крэсовых" раслін , характэрных, паміж іншым, і для Лідчыны.

Другім важным, звязаным з гэтым абшарам і значным для гэтай тэрыторыі дасягненнем Юндзіла было ўтварэнне ў 1785 годзе ў Шчучыне школьнага батанічнага саду , што стала пачаткам фларыстычнага даследвання вучонага піяра.

Чаму аднак Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук зацікавіўся менавіта гэтым шчучынскім доследным школьным садам двухсотгадовай даўніны?

У 1993 г. адбылася першая навуковая выяздная сесія Камітэта на Лідчыну і Навагрудскую зямлю і першая пасля ІІ Сусветнай вайны прэзентацыя польскай навуковай кнігі на гэтых тэрыторыях. Яна была арганізавана менавіта ў Шчучыне, звязаным асабліва цесна з дзейнасцю Станіслава Баніфацыя Юндзіла . Тады - падчас прэзентацыі кнігі , у якой знаходзіўся і вялікі тэкст , прысвечаны Юндзілу, - нарадзіўся цікавы праект: пры дапамозе лакальнага грамадства адбудаваць гэты гістарычны сад і вырошчваць у ім гэткія ж расліны, якія вырошчваў вучоны піяр -настаўнік канца ХVІІІ стагоддзя.

Гістарычныя батанічныя сады існуюць зараз у розных еўрапейскіх краінах. У Польшчы, напрыклад, у Цеханоўцу, які знаходзіцца на Падляссі, у Музеі Земляробства імя Кшыштафа Клюка адбудаваны сад лекавых раслін на падставе "Расліннага слоўніка" таго ж Кшыштафа Клюка - вядомага батаніка, заолага і мінералога ХVІІІ стагоддзя. Гэты сад, у якім вырошчваюцца тыя расліны , пра якія гаварылася ў клюкаўскім "Слоўніку...", і ў якім адначасова на табліцах ,змешчаных на загонах, даецца інфармацыя, якія хваробы гэтыя расліны лечаць, існуе ўжо шмат гадоў і карыстаецца асаблівай увагай наведвальнікаў.

Сутнасць праекту рэканструкцыі школьнага саду Станіслава Баніфацыя Юндзіла(гэты план зарадзіўся ў 1993 г. у Шчучыне) не магла абудзіць ніякай боязі, і гэта быў бы, магчыма, першы такога тыпу гістарычны сад на тэрыторыі Белай Русі. Навуковую апеку над рэалізацыяй гэтай цікавай ідэі ўзяла на сябе дацэнт Ванда Грэмбецка , аўтар гэтай кнігі, якую мы аддаем у рукі чытачоў . Дадам, што В.Грэмбецка знайшла на працягу некалькіх месяцаў у нейкім батанічным садзе Англіі патрэбнае насенне і саджанцы , якія адпавядаюць тым , што выкарыстоўваў Юндзіл. Нельга не прыгадаць пра асабліва важны факт: тагачасны мэр Шчучына хацеў прызначыць адпаведную тэрыторыю ў горадзе на рэканструкцыю школьнага батанічнага саду з ХVІІІ стагоддзя. Ён меў свядомасць, што гэта было б карысным для рэпутацыі Шчучына. Прадстаўнікі гарадской грамадскасці , якія прысутнічалі на прэзентацыі кнігі, таксама прынялі гэты праект з воплескамі. Але ён не быў рэалізаваны. Чаму?

Магчыма, выданне кнігі дапаможа прыгадаць тую канструктыўную ідэю дзесяці гадовай даўніны і ажыццявіць яе, замацоўваючы такім чынам у гістарычнай свядомасці - не толькі жыхароў Шчучына - постаць вучонага еўрапейскага маштабу, а адначасова іх земляка. Гэта быў бы надзейны памост, што злучае мінулае , сучаснае і будучае.

Старшыня Камітэту Гісторыі Навукі і Тэхнікі ПАН навуковы рэдактар серыі

праф. Ірэна Стасевіч-Ясюкова


1. Цяжкі пачатак

"Батаніка, гэтая найпрыгажэйшая частка Натуральнай Гісторыі" - так піша ў праграме лекцый пра сваю галіну навукі, якой прысвяціў усё жыццё, Станіслаў Баніфацый Юндзіл, славуты сын Лідзкай Зямлі, прафесар Віленскага універсітэта ў 1802-1824 гг. У роднай старонцы ён распачаў сваю прыгоду з батанікай, пра якую заўсёды пісаў з захапленнем яе прыгажосцю і карыснасцю для чалавека - як у "Дзённіку", так і ва ўступах да сваіх шматлікіх кніг. Калі б ён ні быў на Лідчыне - ці як вучань, ці як настаўнік - заўсёды аддаваўся вывучэнню раслін і прысвечаных ім прац. Вынікам яго самастойнай адукацыі было "Апісанне дзікарослых раслін у правінцыі ВКЛ, зробленае паводле сістэмы Лінеуса К.Б.С. Юндзілам" - першая навуковая, прагрэсіўная (як на тыя часы) флора аднаго з рэгіёнаў Рэчы Паспалітай. Яна выйшла ў Вільні ў 1791 г. і адкрыла аўтару дарогу на універсітэцкую кафедру.

Апрацоўка гэтай кнігі мела вялікае значэнне для польскай навукі. Напрыканцы ХVІІІ ст. у Польшчы фарміруецца новая батаніка, а 1781-1791 гг. - гэта сапраўдны пералом, хуткае развіццё і далучэнне да еўрапейскай навукі. Вельмі значным з'яўляецца 1785 г., калі выходзіць першы польскі падручнік батанікі - "Батаніка для нацыянальных школ", які напісаў Кшыштаф Кмок. Ён створаны на роднай мове, карыстаецца прыкладамі родных раслін, уводзіць польскую тэрміналогію. Адначасова, у тым жа годзе, Юндзіл стварае першы школьны дыдактычны сад. Далейшае развіццё навукі звязана з узнікненнем літаратуры на роднай мове, а адным з піянераў гэтага працэсу быў Ст.Б.Юндзіл. Значэнне працы Юндзіла для нацыянальнай культуры адзначыў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які ўзнагародзіў вучонага медалём MERENTIBUS. Пра тое, наколькі тая флора была патрэбная, сведчыць спіс падпісчыкаў - было іх больш за сто, сярод іх былі вядомыя вучоныя і звычайныя землеўладальнікі, урачы, дамы, якія цікавіліся батанікай. Гэтая кніга з'яўляецца - як на свае часы - сучасным выданнем, яна разышлася па свеце, і сёння, негледзячы на тое, што сталася рэдкасцю, можна знайсці яе ў шматлікіх бібліятэках Польшчы, а таксама за мяжой.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл нарадзіўся ў Ясеньцах (Лідзкі павет) у 1761 г. у Бенедыкта Дуніна-Юндзіла і Ружы з дому Даўгялаў. Гэта было асяродзе дробнай шляхты. Дзяцеў у сям'і было шмат, і хлопчык не меў шанца атрымаць вышэйшую адукацыю, пра якую марыў, маючы вялікія здольнасці. Аднак замілаванне да навукі і мудрая самаадукацыя дапамаглі яму набыць выдатную эрудыцыю і павагу ва універсітэцкім асяроддзі. Аднак пакуль гэта сталася, малады Юндзіл атрымаў пачатковую адукацыю спачатку ў школе, а потым (з 14-ці гадоў) у піярскіх школах Ліды, Шчучына і Любяшова.

Ён рана звязаў свой лёс з піярскім ордэнам, што тлумачыў перспектывай атрымаць адукацыю. У "Дзённіку" ён пісаў, што гэтае рашэнне дало магчымасць рэалізаваць планы навуковай працы ў Вільні. Гэта было правільнае Станіслаў Баніфацый Юндзілрашэнне. Умовы накіравання маладых адэптаў на працу ў школах дазвалялі лепш пазнаваць ваколіцы і іх асяроддзі, сярод якіх некаторыя былі вельмі творчыя. Такім чынам Станіслаў Баніфацый у 1777 годзе распачаў паслушніцтва, а ў 1779 г. прыняў пострыг з часовым вызваленнем ад захавання манаскага ўкладу ў сувязі з маладым узростам. З гэтага моманту ў яго жыцці перапляталіся перыяды настаўніцкай працы і вучобы. У ордэне ён атрымаў сярэднюю адукацыю падчас вучобы ва ўзгаданых вышэй школах Ліды, Шчучына і Любяшова. У 1781 быў накіраваны на двухгадовыя філасоўскія ордэнскія курсы, а потым - на тэалагічныя (багаслоўскія). Аднак у 1781 г. у краіне адбываецца пералом у галіне адукацыі. У Вільні адчыняецца галоўная школа Вялікага княства Літоўскага (універсітэт), дзе паўстае кафедра прыродазнаўства. Выкарыстоўваючы кожную магчымасць, Станіслаў Б. Юндзіл слухае лекцыі вядомых прафесараў і паглыбляе сваю адукацыю. Яго цікавяць батаніка, заалогія, хімія. З цягам часу ён набывае ў гэтых галінах вялікую эрудыцыю.

На Лідчыне Юндзіл знаходзіўся ў 1785-1789 гадах. Пасля настаўніцкай дзейнасці ў піярскай школе ў Расеніцах, куды яго накіравалі адразу пасля заканчэння вучобы ў Любяшове, а потым у Вільні, ён стаў настаўнікам у Шчучыне. Акрамя гэтага, кіраўніцтвам ордэна ён быў прызначаны гувернёрам у сям'ю Сцыпіёнаў - апекаваўся маладымі студэнтамі як у Шчучыне (падчас канікул), так і ў Віленскім універсітэце (у тыя часы такія патрабаванні мелі універсітэцкія ўлады ў сувязі з маладым узростам абітурыентаў). Свае абавязкі ў доме Сцыпіёнаў Станіслаў Баніфацый цаніў высока, пра што прыгадвае ў "Дзённіку". Ён піша, што культурнае асяроддзе магнацкага двору дазволіла яму набыць распазнанне ў этыкеце, пазбыцца правінцыйнасці ў мове і авалодаць пэўнай смеласцю ў зносінах з высокапастаўленымі асобамі. Безумоўна, усё гэта спатрэбілася маладому вучонаму, калі лёс сутыкнуў яго з вядомымі людзьмі свайго часу. Падчас побыту ў тым невялікім мястэчку, якое акаляла прыгожая прырода, Станіслаў Баніфацый выконваў настаўніцкія абавязкі і працаваў у галіне батанікі. Шчучын быў значным этапам на навуковай дарозе гэтага прыродазнаўцы, які тут, у глыбокай правінцыі, распачынаў шлях да саёй цудоўнай навуковай кар'еры, якая была ўвенчана універсітэцкай кафедрай і членствам у шматлікіх польскіх і замежных навуковых таварыствах. На гэтым прыкладзе можна ўбачыць, што шлях у вялікі свет можа весці нават з самага малога куточка, калі ёсць нешта годнае ўвагі для ахвяравання гэтаму свету. Скарбам, які Юндзіл перадаў сваім вучоным калегам, была прырода роднага краю, невядомая тагачасным батанікам, расліны, што раслі сярод палёў, лугоў і лясоў Лідчыны.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл быў адным з першых настаўнікаў, які арганізаваў вучнёўскую працу згодна статута Камісіі Нацыянальнай Адукацыі. Ён быў энтузіястам гэтай рэформы і - як пісаў у "Дзённіку"- прыклаў усе намаганні, каб больш глыбока пазнаць статуты Камісіі і надрукаваныя падручнікі. Негледзячы на тое, што сярод тых кніг, якімі карысталіся, быў прыгаданы ўжо падручнік ("Батаніка для нацыянальных школ" К.Кмока, Варшава 1785), малады настаўнік вырашыў, што ў Рэчы Паспалітай няма прафесійных настаўнікаў прыродазнаўства. Раней у школах не выкладалі гэтага прадмета, а Віленскі універсітэт не паспеў яшчэ выхаваць належных кадраў. Таму Юндзіл вырашыў самастойна працаваць у духу рэформы. Ён заахвоціў да працы двух іншых настаўнікаў і тры маладыя наватары зрабілі з Піярскай калегіі Шчучына адну з найбоьш сучасных як на тыя часы школу ў галіне навучання прыродазнаўству. Як ужо прыгадвалася, у 1785 годзе Юндзіл закладвае школьны батанічны сад, адзін з першых у Рэчы Паспалітай. Пра свае намеры ён піша ў "Дзённіку", гаворачы пра сад і тое, што ён першы адважыўся на выкарыстанне нагляднага метаду навучання ў батаніцы і на вырошчванне раслін, патрэбных для паказу на лекцыях.

Ён лічыў, што планаванне і рэалізацыя гэтых праектаў былі першым крокам у напрамку самастойнай навукі батанікі. Развіццё і размах яго саду апісвае праз год візітатар Францішак Бянькоўскі, сцвярджаючы, што вучні актыўна дапамагалі, а расліны раслі вельмі прыгожыя. З яго слоў утварэнне саду ажыццявіла спадзяванні, а яго заснавальніка падтрымлівала пачуццё першаадкрывальніка і тое, што ён знайшоў гэтак жа зацікаўленых супрацоўнікаў. Школьны сад у Шчучыне быў першым пачынаннем гэтага батаніка, які вельмі хутка стаў вядомы сваім спрытам у справе садаўніцтва. У будучым ён стане заснавальнікам яшчэ двух дыдактычных садоў, тым разам для вышэйшых навучальных устаноў.

У Шчучыне ксёндз Юндзіл пачынае сур'ёзна вывучаць батаніку і збіраць расліны па-навуковаму, камплектуючы свой гербарый у ваколіцах Ліды, Шчучына, Вільні. За гэтымі заняткамі прайшлі яго чатыры гады працы гувернёра ў доме Сцыпіёнаў. Да гэтых заняткаў ён рыхтаваўся вельмі старанна і сабраў належную літаратуру. Настаўнікамі будучага віленскага прафесара былі вядомыя батанікі розных стагоддзяў: Сымон Сырэніуш - польскі батанік ХVІІ стагоддзя, Жан Батыст Лямарк - французскі прыродазнаўца, аўтар навейшай "Flora Francaise" ("Флора Францыі") і Караль Лінеуш, аўтарытэт ХVІІІ стагоддзя ў галіне прыродазнаўства, асабліва батанікі і заалогіі. Юндзіл пазнаёміўся таксама з працамі першага прафесара прыродазнаўства ў Вільні - Жыльбера, праца якога "Flora Lithuanica Inchoata" ("Флора літоўскіх паселішчаў") была для Станіслава Баніфацыя асноўнымі ўводзінамі ў свет раслін краіны, якую ён вывучаў з такім энтузіязмам (дарэчы, Юндзіл уратаваў гэтую працу ад знішчэння, таму што універсітэцкія ўлады не паклапаціліся пра захаванне спадчыны свайго першага прафесара прыродазнаўства). Усе гэтыя працы сталі асновай яго навукі, а такасама і бібліятэкі і давялі правенцыйнага настаўніка да універсітэцкай кафедры. Калі звярнуць увагу на падбор тэкстаў, можна ўбачыць, што самаадукацыя Юндзіла была ад пачатку прадумана, а дапамагала яму добрае веданне моў, атрыманае ў піярскіх школах. Надыходзіць час, калі гэты жвавы лад жыцця, зададзены ордэнскім статутам, пачынае карысна ўздзейнічаць на будучую кар'еру Юндзіла. У сувязі з пераводам са школы ў школу ён бывае ў розных ваколіцах, што дазваляе яму сабраць добры, даволі-такі разнастайны, гербарый. Падчас побыту са сваімі выхаванцамі ў Вільні - ужо універсітэцкім горадзе - ён не губляе ніводнай магчымасці ўдзельнічаць у навуковым жыцці. яго эрудыцыя і кваліфікацыя былі адзначаны. У 1790 годзе ён распачынае лекцыі прыродазнаўства ў віленскай піярскай калегіі - гэта былі першыя лекцыі па-польску. З гэтага моманту пачынаецца ўжо несупынная навуковая праца Станіслава Баніфацыя Юндзіла ў галіне батанікі і прыродазнаўства.


2. Вялікае падарожжа

10 чэрвеня 1792 г. малады прыродазнаўца, выхаваны ў паўночнай краіне, прыехаў у Вену. Ён апынуўся ў навуковым цэнтры вялікай імперыі - Аўстрыі - у склад якой уваходзілі вельмі разнастайныя геаграфічныя краіны, а багатыя калекцыі, сабраныя ў гэтым горадзе, адлюстроўвалі не толькі разнастайнасць прыроды гэтага краю, але і дасягненні ў пазнанні свету еўрапейскімі вучонымі апошніх стагоддзяў. Гэта датычыла найперш цудоўных паркаў, сярод якіх на першым месцы быў вядомы не толькі калекцыямі, але і батанічнымі традыцыямі парк у Шоэнбруне. У гэтым навуковым цэнтры былі таксама заалагічны і мінералагічны кабінеты. Венскія калекцыі, акрамя экзатычных экземпляраў, мелі шмат матэрыялаў з Аўстрыі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі і Галіцыі - з далін і гор. Усё гэта было адкрыта для Ст. Б. Юндзіла, які, не адкладваючы, знаёміўся з усім тым навуковым багаццем, якое Аўстрыя магла яму прапанаваць.

Мэтай, якую ён сабе паставіў, было атрыманне ўсебаковай прыродазнаўчай адукацыі, якая б дапамагла яму атрымаць кафедру батанікі ў Віленскім універсітэце. Стыпендыю Камісіі нацыянальнай адукацыі Юндзіл атрымаў пасля доўгіх намаганняў у Варшаве, абыходзячы Вільню, адносіны з якой складваліся не найлепшым чынам. Побыт за мяжой, які павінен быў, як і іншыя навучальныя паездкі, доўжыцца 2-3 гады, расцягнуўся на значна большы час у сувязі з палітычнымі здарэннямі. Гэтыя падзеі працягнулі час побыту ў Аўстрыі і выклікалі фінансавыя праблемы. Аднак будучы віленскі прафесар, не пабаяўшыся гэтых цяжкасцяў, з энтузіязмам вывучаў усе раздзелы прыродазнаўства, стаў усебаковым эрудытам, атрымаў шмат практычных дасведчанняў, асабліва ў садаўніцтве, а таксама набыў важныя знаёмствы ў свеце навукі і сярод палякаў, якія былі ў той час у Вене. Гэтыя знаёмствы былі плённымі ўсё жыццё, а большасць пазнаных у той час суайчыннікаў дапамагала Юндзілу ў першы цяжкі перыяд працы ў Вільні.

Навуковае падарожжза было падрабязна апісана Юндзілам у "Дзённіку", што падцвярджае важнасць гэтай падзеі для вучонага. Дарога вяла праз Кракаў, дзе Станіслава Баніфацыя прымаў і суправаджаў па горадзе і ваколіцах Францішак Шэйдт, прафесар прыродазнаўства ў Кароннай Галоўнай Школе (адпаведнік універсітэта). Юндзіл наведаў там батанічны сад, прыродазнаўчыя кабінеты і бібліятэку. Гэта быў першы пазнаны па-за Вільняй універсітэцкі горад, у якім прыродазнаўчыя навукі мелі даўнія традыцыі і добрае заплечча. Кракаўскі сад быў падчас кіраўніцтва Шэйдта ў росквіце. У ім была вялікая колькасць раслін, аранжарэі з трапічнымі раслінамі, дзе вырошчвалі нават банан, што было вялікай сенсацыяй. Аднак размахам Кракаў не мог раўняцца Вене.

Падчас побыту за мяжой Юндзіл прысвяціў сябе перад усім батаніцы. Ён вывучаў сабраныя ў венскіх садах расліны. У першым летнім сезоне ён нават пасяліўся паблізу каралеўскіх садоў у Шоэнбруне, каб мець магчымасць, не губляючы часу на дарогу, з раніцы вывучаць гэтыя цудоўныя калекцыі. Гэты сад быў заснаваны ў 1705 годзе і лічыўся, побач з Jardin de Roi (каралеўскі сад) у Парыжы і Kew пад Лонданам, адным з найцудоўнейшых навуковых садоў у Еўропе. У Вене Юндзіл пазнаў таксама славутага батаніка Юзэфа Жаквіна, аўтара шматлікіх прац, паміж іншым "Flora austriaca" ("Аўстрыйская флора", Вена, 1773-1778, 1-5 том). Ю.Жаквін быў у тыя часы дырэктарам студэнцкага саду, які не мог раўняцца з багаццем калекцыі Шоэнбруна, але раней кіраваў каралеўскім садам. Ён вельмі прыхільна ставіўся да маладога паляка і быў для яго выдатным настаўнікам у карыстанні навуковымі калекцыямі Вены і батанічных экскурсіях па выколіцы, падчас якіх вывучалася флора Аўстрыі. Карэспандэнцыя Юндзіла з Жаквіным доўжылася шмат гадоў. Побыт стыпендыята не абмежаваўся самой Венай і яе ваколіцамі, ён наведаўся ў Прагу і Дрэзна. У Празе сустрэўся з Вілібальдам Шмідтам, аўтарам "Flora Bohemica" ("Чэшская флора", Прага 1793-1794), вывучаў расліны Саксоніі, Аўстрыі і Чэхіі. Юндзіл, які ўжо сам апрацаваў флору свайго рэгіёну (Літвы), у кантактах з іншымі вучонымі мог параўноўваць уласныя навуковыя дасягненні, атрыманыя шляхам самаадукацыі, з прафесійна апрацаванымі выданнямі. Не забываў ён знаёміцца з калекцыямі айчынных і экзатычных раслін у славутых садах, як універсітэцкіх, так і прыватных, і рабіў гэта ў кожным з пазнаных гарадоў. Яго цікавілі таямніцы гадавання розных гатункаў, новыя дасягненні ў будове адпаведных для кожных раслін (трапічных, субтрапічных і іншых) аранжарэй. Таму ў хуткім часе ён стаў добрым спецыялістам у гэтай важнай для дзейнасці батаніка - будучага універсітэцкага прафесара - галіне. Набытыя веды і замілаванне да працы ў батанічных садах паспрыялі яго пазнейшым дасягненням яшчэ ў Вене, але перад усім - у Вільні. Гэта стала яго навуковай спецыялізацыяй.

У Вене Юндзіл папаўняў сваю адукацыю і ў іншых галінах прыродазнаўства. Вывучаў хімію, якой асабліва цікавіўся яшчэ ў часы навукі ў Вільні - даведаўся пра "новы метад Лявуаз'ера", а таксама шмат часу прысвяціў мінералогіі, у якой - як пісаў у "Дзённіку"- не меў адпаведнага сваім мэтам пазнання. Вучоны арганізоўваў свой час такім чынам, каб мець магчымасць больш дакладна даведацца пра самую новую ў той час тэорыю Вернэра і звязаныя з ёю матэрыялы. Прыродазнаўства, якое выкладалася тады ў Вільні, аб'ядноўвала батаніку, заалогію і мінералогію, у склад якой уваходзілі і пачаткі металургіі. Менавіта яе вывучэнню было прысвечана падарожжа ў Дрэзна і Фрэйберг, якое адбылося восенню і зімою 1793 г., падчас якога вучоны наведаў важныя металургічныя заводы і вывучаў навейшыя тэхналогіі, якія там выкарыстоўваліся.

У 1794 г. скончылася стыпендыя (у сувязі з адсутнасцю кантактаў з радзімай), і Юндзіл паехаў у Варшаву, каб знайсці сродкі на планаванае падарожжа ў Венгрыю. У Варшаве побыт прадоўжылі і даручылі новае заданне - вывучэнне арганізацыйных падстаў ветэрынарнай школы ў Вене. Арганізацыя такой навуковай пляцоўкі даўно планавалася ў Вільні, яна лічылася вельмі патрэбнай, але рэалізацыя гэтага праекту не мела вынікаў. Ст.Б.Юндзіл ажыццявіў планаванае падарожжа ў Венгрыю (па сутнасці ў Славакію, якая была адміністрацыйнай часткай Венгрыі) і там, акрамя металургіі і горнапрамысловасці (наведаў, між іншым, Шчаўніцу Баньскую і металургічныя заводы гэтай прамысловай глыбінкі), займаўся батанікай.

Ён вывучыў гербарый венгерскіх раслін (хутчэй за ўсё, і славацкіх). Гэта былі закарпацкія расліны, а значыць у параўнанні з літоўскімі - паўднёвыя, але з адносна блізкіх краін. Іх вывучэнне было важным для будучага прафесара і навукоўца. Станіслаў Баніфацый папоўніў таксама і ўласны гербарый, які стаў потым часткай гербарыя кафедры прыродазнаўства і служыў многім пакаленням студэнтаў.

З чэрвеня 1794 па кастрычнік 1797 вучоны быў у Вене, дзе мусіў даваць сабе рады зусім адзін. Бурныя палітычныя здарэнні адмежавалі яго ад айчыны, а хаатычная арганізацыя новай адміністрацыі на адабраных землях выключала ўсялякую дапамогу. Але негледзячы на гэта Юндзіл працягваў вывучаць прыродазнаўчыя навукі і імкнуўся выканаць даручанае яму заданне і змястоўна даведацца пра арганізацыю ветэрынарнай школы. У той жа час ён стаў знаўцам садоў у такой ступені, што яму даручылі арганізацыю саду лекавых раслін для гэтай школы, і вучоны выканаў даручэнне найлепшым чынам. Пасведчанне, якое яму выдалі, падцвярджае яго кампетэнцыю ў гэтай галіне.

У тыя цяжкія для сябе часы Станіслаў Баніфацый Юндзіл стаў знанай асобай у асяроддзі палякаў, якія ў той неспакойны час жылі ў Вене, а таксама пазнаёміўся з многімі вядомымі суайчыннікамі. Некаторыя, напрыклад, Гуга Калантай і Ігнацый Патоцкі, дапамагалі яму атрымаць адпаведныя дакументы, патрэбныя для падарожжаў, асабліва на прамысловыя аб'екты. Завязалася таксама бліжэйшае знаёмства з Ізабэлай Чартарыйскай, якой ён даваў урокі, бо гэтая апантаная садоўніца імкнулася паглыбіць свае веды ў батаніцы. Сяброўсва і знаёмствы прадоўжыліся і пазней. Гэтыя людзі прабавалі дапамагчы польскаму батаніку ўладкаваць прафесійныя справы, прапануючы плябыніі ў сваіх маёнтках. Прапанавалі яму працу і ў Вене. Аднак Юндзіл нястомна імкнуўся да вяртання ў Вільню, каб заняць доўгачаканую пасаду ва універсітэце. Калі ён ужо ажыццявіў гэта, венскія знаёмыя дапамагалі яму ў найбольш цяжкія першыя гады арганізацыі працы ва універсітэцкім батанічным садзе, падтрымліваючы новага прафесара насеннем і саджанцамі са сваіх садоў.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл вярнуўся ў Вільна як усебакова адукаваны прыродазнаўца і апантаны фларыст. З цягам часу ён стаў вельмі добрым знаўцам сістэмы Ленеуша, якому застаўся верны ў сваіх працах і дзейнасці ў садзе, але перад усім - вельмі добрым знаўцам садаўніцтва, якому вучыўся на найлепшых прыкладах. Вучоба за мяжой напоўніла яго шматгадовую ўласную вучобу і дазволіла атрымаць кваліфікацыі ва ўсіх галінах прародазнаўства. Аднак далейшыя гады жыцця прысвяціў ён свайму замілаванню - навучанню батанікі і батанічнаму саду Віленскага універсітэта.


3. У служэнні універсітэту

Cтаніслаў Баніфацый Юндзіл пачаў свае лекцыі батанікі ў 1798 г. яшчэ ў Галоўнай Літоўскай Школе - так пасля падзелу і далучэнню гэтых зямель да Расійскай імперыі называлася Галоўная Школа Вялікага княства Літоўскага. Скончыў ён працу і перадаў кафедру свайму прыемніку ў 1823 г. У першым перыядзе вучоны працаваў як віцэпрафесар, а кафедрай загадваў тагачасны папярэднік Ст.Б.Юндзіла - Фердынанд Спіцнагель. Самастойнасць Юндзіл атрымаў у 1802 годзе (асобны курс батанікі, у той жа час аддзялілі кафедру мінералогіі), а з 1803 года ён быў прафесарам у рэфармаваным Аляксандрам І Віленскім універсітэце. Яго праца як выкладчыка доўжылася, такім чынам, 25 гадоў. Вывучэнне прыродазнаўчых навук было абавязковым як для будучых настаўнікаў, так і медыкаў. Таму не дзіўна, што ўсе вядомыя прыродазнаўцы універсітэта былі вучнямі Юндзіла. З захаваўшыхся спісаў студэнтаў можна даведацца, як шмат меў ён слухачоў і як шмат выпускнікоў універсітэта мела ў сваіх студэнцкіх дакументах пасведчанне аб здадзеным экзамене з характэрным подпісам - X.Jundziłł.

У сваім навучанні ён абапіраўся на лекцыі - што зразумела - і на працы ў батанічным садзе, які быў для яго крыніцай экземпляраў для паказу падчас лекцый і асноўным месцам працы студэнта. Вучоны лічыў, што гэты сад павінен служыць выключна дыдактыцы і таму на працягу ўсёй сваёй прафесарскай дзейнасці быў супраць праектаў навязвання універсітэцкаму саду функцый гарадскога парку. Ён неаднаразова пісаў, што сад павінен служыць выключна "навучанню моладзі". Аднак калі меркаваць па маляўніча апісаных у "Дзённіку" і працы "Кабінет прыродазнаўства і батанічны сад Віленскага універсітэта" прыгодах з самавольнымі наведвальнікамі, якія карысталіся сваёй грамадскай ці адміністрацыйнай пазіцыяй, гэта было цяжкай справай. Гэтыя людзі ставіліся да універсітэцкага саду як да крыніцы нелегальна набытых: кветак і іншых раслін або месца не заўсёды культурных уцех. Шмат непакою і клопатаў прыносіла такая публіка Юндзілу, бо знішчала з цяжкасцю выгадаваныя калекцыі, а часам і ўнікальныя экземпляры, атрыманыя вялікімі намаганнямі ад замежных карэспандэнтаў. Аднак ён здолеў утрымаць сваю дыдактычную ўстанову - сад у належным стане і выкарыстоўваць яго выключна ў запланаваных ім мэтах.

Пасля вяртання са шматгадовага замежнага падарожжа Юндзіл, пачынаючы прафесарскую працу, сфармуляваў сваю праграму навучання прыродазнаўству і месца ў ёй батанікі. Нельга забываць, што арганізацыя кафедры прыродазнаўства навязвала яму таксама лекцыі па заалогіі, якія толькі ў больш позні час пераняў нехта іншы. Свае намеры, якія датычылі зместу і метадаў навучання, вучоны апублікаваў у выдаваным універсітэтам спісе лекцый "Prospektus lektionenе" на 1802/1803 акадэмічны год. З яго можна даведацца, што расклад заняткаў быў наступны: зімой выкладаліся тэарэтычныя часткі батанікі, перш за ўсё агульныя звесткі пра жыццё раслін (так званая фізіялогія раслін), правілы ўтварэння класіфікацыйных сістэм, якія выкарыстоўваліся ў тыя часы, і адпаведная тэрміналогія. Вясновыя і летнія месяцы прысвячаліся працы ў садзе і навакольных лясных і лугавых абшарах. Такім чынам студэнты вывучалі расліны з усяго свету, наколькі дазвалялі гэта калекцыі віленскага саду, а на экскурсіях (якія называліся тады гербарызацыямі) - мясцовыя расліны і набывалі практычныя ўменні іх распазнавання і адзначэння. Веданне асноў класіфікацыі Юндзіл лічыў вельмі важным для ўсіх прыродазнаўцаў. Неаднойчы ён прыводзіў прыклад вядомага сцвярджэння, што сістэма з'яўляецца пуцяводнай ніткай (ніткай Арыядны) батаніка ў яго падарожжы ў бязмерным свеце раслін на зямным шары. У шматлікіх артыкулах і ўводзінах да сваіх прац ён даказваў, што веданне батанікі і сістэмнасці, разам з лацінскімі назвамі відаў, з'яўляецца абавязковым для садаводаў, земляробаў, фармацэўтаў. Асабліва вучоны цаніў, як прыгадвалася ўжо пры апісанні венскай вучобы, сістэму Лінеуша. Юндзіл пісаў ва ўводзінах да "Апісання раслін, 1791", што вучоныя, якія працавалі над самымі адлеглымі краінамі, карысталіся гэтай сістэмай. Вялікае значэнне прыпісвалася таксама, згодна з тагачаснымі канонамі вывучэння батанікі, веданню мясцовых раслін - як тых, што паўсюль сустракаліся ў нашай прыродзе, так і ўменню правільна пазначаць тыя, што сустрэліся ўпершыню. Акрамя таго ў сваёй праграме Юндзіл пашырыў курс батанікі новымі раздзеламі - фізіялогія раслін і гісторыя дысцыпліны. Абедзве гэтыя тэмы асабліва яго цікавілі. Ужо ў Вільні, а потым у Вене, ён вывучаў хімію, што дапамагло ў пазнанні навейшых навуковых дасягненняў у гэтай галіне і прадстаўленню на лекцыях апісання жыцця раслін наватарскім метадам з выкарыстаннем тэарэтычных набыткаў хіміі. Мог вучоны і сачыць за прагрэсам у гэтай галіне. Фізіялогія ў выкладах Юндзіла гаварыла пра харчаванне раслін, дыханне, рост і размнажэнні, уплыў глебы і свету на іх жыццё. Ён увёў таксама элементы ведаў пра хваробы раслін (сучасная фітапаталогія). Дарэчы, гэтым ён адрозніваўся ад сваіх вядомых папярэднікаў - кіраўнікоў кафедры прыродазнаўства ў Вільні - Жылібера і Фарстэра. Прадстаўленая новым прафесарам праграма закладала, такім чынам, знаёмства з дасягненнямі хіміі. Віленскі студэнт пасля дакладнага азнаямлення (зімой) з ведамі пра жыццё раслін і авалодання тэрміналогіяй, а таксама пасля азнаямлення са спосабам карыстання сістэмай Лінеуша распачынаў практычныя заняткі ў садзе і на экскурсіях. Такі стыль навучання Юндзіл працягваў увесь час, мадэрнізуючы выключна змест навучання.

Дзейнасць віленскага прафесара і вынікі яго працы прадстаўлены ў шматлікіх дакументах. У "Дзённіку" ён апісвае свае першыя крокі і ўмовы, у якія трапіў - зусім не падобныя да яго ўяўленняў пра арганізацыю сучаснай кафедры. Аднак, не знеахвочаны перашкодамі, ён пачынае паволі, ад пачатку, арганізоўваць сваё месца працы, займаючыся адначасова і заалагічнымі калекцыямі, і гербарыямі, і батанічным садам. Юндзіл пачынае гаспадараваць на прыналежных універсітэту тэрыторыях, што ляжалі каля Вілейкі на ўскрайку горада (тады, а зараз гэта цэнтр) - Саракішках. Пра вынікі яго працы сведчыць стан батанічнага саду, даступнасць і ўпарадкаванне кабінета прыродазнаўства, які быў аддадзены пад яго нагляд, рапарты пра працу, што прадстаўляліся штогадова універсітэту, а таксама экзаменацыйныя пытанні, якія адлюстроўвалі ўзровень ведаў пра батаніку, неабходных для выпускнікоў універсітэта. Юндзіл экзаменаваў па батаніцы на розных узроўнях вучобы. Акрамя звычайных курсавых экзаменаў для студэнтаў першых курсаў ён прымаў экзамены на навуковыя ступені: кандыдата, магістра і доктара, а таксама ў кандыдатаў на "настаўніцкую пасаду" і ўрачоў, якія хацелі, каб атрыманы імі ў замежных універсітэтах дыплом быў актуальны на тэрыторыі Расійскай імперыі. Гэты працэс, які называўся нострыфікацыяй дыплома, быў неабходны для адкрыцця ўрачэбнай практыкі і выкарыстоўваўся ва ўсёй Еўропе ў сувязі з рознымі праграмамі і канцэпцыямі навучання ў розных універсітэтах. Асабліва цікавымі былі пытанні для "кандыдатаў на настаўніцкую пасаду", якія адлюстроўвалі змест лекцый і аб'ём неабходных ведаў, які быў вельмі шырокі - ад практычных пытанняў, патрэбных у садаўніцтве і медыцыне, да больш тэарэтычных, якія датычылі будовы, фізіялогіі і класіфікацыі раслін. Правяралася і веданне сістэмы Лінеуша, і больш новых сістэм - усё згодна прадстаўленай праграмы. Праграмы для студэнтаў другога і трэцяга курсаў адрозніваліся па цяжкасці. Пытанні, якія ставіў Ст.Б.Юндзіл будучым настаўнікам, былі на высокім узроўні. Яны былі розныя для кожнага курса і змяшчалі як новыя напрамкі даследванняў у батаніцы, так і яе гісторыю. Настаўнікі - вучні віленскага батаніка былі добра падрыхтаваныя да сваёй працы ў школах усёй школьнай акругі. Сярэднія школы былі і далей арганізаваныя паводле распрацаванай Камісіяй Нацыянальнай Адукацыі сістэмы і адміністрацыйна падпарадкоўваліся універсітэту. Падрыхтоўка настаўнікаў - побач з іншымі спецыялістамі - была асноўнай задачай універсітэта. Высокі і сучасны ўзровень лекцый па асобных прадметах спрыяў высокаму ўзроўню школьнай польскай адукацый на тэрыторыях так званых Заходніх Губерній Расійскай імперыі - сённяшняй Літве, Беларусі і Украіне. Гэтыя тэрыторыі ў тыя часы былі ў зоне дзейнасці Віленскага універсітэта. Настаўніцкія праблемы былі Юндзілу асабліва блізкімі, таму што з 1807 г. ён шмат гадоў быў прэфектам кандыдатаў на настаўніцкую пасаду (дырэктарам інтэрната для студэнтаў - стыпендыятаў).

З часу атрымання кафедры Станіслаў Баніфацый Юндзіл дасягаў ва універсітэце чарговых навуковых ступеняў. Асабліва важным было атрыманне ў 1798 г. ступені доктара філасофіі, таму што гэта было абавязковай умовай для атрымання прафесарскага звання і дазваляла самастойныя лекцыі. У 1800 г. ён напісаў доктарскую працу з тэалогіі, што дазволіла яму атрымоўваць розныя пасады ва універсітэце, нават тыя, якія не былі звязаны з яго кваліфікацыямі. На працягу ўсяго перыяду яго прафесарскай дзейнасці ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыйнай працы універсітэта. Неаднаразова рабіў даклады па навуковых пытаннях, рэцэнзіраваў праекты набыцця новых экземпляраў у калекцыі, быў членам шматлікіх камісій, дакладваў пра актуальныя праблемы на паседжаннях. Быў таксама і адным з заснавальнікаў, і актыўным аўтарам важнага перыёдыку "Віленская газета", у якой надрукаваў шмат каштоўных артыкулаў, якія датычылі розных біялагічных праблем. Паміж іншым на старонках гэтага перыядычнага выдання ён выказваўся пра неабходнасць ведання батанікі для рознага тыпу спецыялістаў (напр., "Пра неабходнасць складанай наменклатуры ў прыродазнаўчых прадметах"/: Віленская газета, 1805). Станіслаў Баніфацый Юндзіл часта выконваў спецыяльныя заданні, даручаныя яму рэктарамі. Найбольш важнымі з іх былі экспертызы, якія датычылі пошуку мінеральнай сыравіны. Гэта было вельмі патрэбным для тагачаснай гаспадаркі. Паўночна-ўсходнія землі, якія апынуліся пад расійскім панаваннем, былі адрэзаны ад крыніц неабходнай сыравіны, паклады якой засталіся пад панаваннем аўстрыяцкім. Асабліва гэта датычыла солі, якую шукалі перад усім у салёных крыніцах, а таксама пакладаў матэрыялаў, што давалі энергію. Таму вывучалася кожнае данясенне аб магчымых пакладах торфу і салёных крыніцах. Універсітэт павінен быў праверыць верагоднасць такіх інфармацый, а таксама вызначыць магчымасці атрымання прадукту і від выкарыстанай тэхналогіі. Найважнейшай зробленай Юндзілам экспертызай было даследванне солі ў Стаклішках. Падарожжа ў гэтую мясцовасць адбылося ў 1792 г. Першым даследваў гэтыя крыніцы прафесар Сарторыс - хімік, і Юндзіл быў перакананы, што адмоўная характарыстыка прафесара адносна прыдатнасці іх да эксплуатацыі вядомымі спосабамі, напрыклад, згушчваннем праз пару, была слушнай. Аднак Юндзіл паспрабаваў іншую тэхналогію, а менавіта - выкарыстанне для згушчвання раствору замарожанай салёнай вады і атрыманне такім чынам лепшых якасцей прадукту. Ст.Б.Юндзіл правёў вельмі ўважлівыя даследванні, паўторна правёў аналіз хімічнага складу вывучанай вады, апісаў свае эксперыменты і падрыхтаваў рапарт, які апублікаваў пасля як шырокую дысертацыю ("Пра салёныя крыніцы і стакліеныя солі", Вільна 1792).

У тыя часы, калі Станіслаў Баніфацый Юндзіл распачынаў сваю прафесарскую дзейнасць, польская прыродазнаўчая, а значыць, і батанічная, літаратура была вельмі беднай. Юндзіл слушна лічыў, што гэта перашкаджае ў дыдактычнай працы і папулярызацыі батанікі ў грамадстве. Таму ён лічыў сваім абавязкам узбагачэнне нацыянальнай літаратуры. Прафесар з'яўляўся аўтарам некалькіх значных выданняў, якія шмат гадоў служылі моладзі падручнікамі. У 1799 г. у Вільні выходзіць "Ужытковая батаніка, або звесткі пра ўласцівасці і месца раслін у гандлі, эканоміцы, мануфактуры і іх радзіме, размнажэнні, утрыманні паводле сістэмы Лінеуша". Сама назва, як гэта здаралася ў выданнях васемнаццатага стагоддзя, ужо дастаткова паведамляла пра змест працы. Можна яшчэ дадаць, што - як аўтар сам прыгадвае ў "Дзённіку" - ён сабраў у прыгаданай працы ўсе свае назіранні падчас замежнага падарожжа. Такім чынам Юндзіл яшчэ ў пачатку сваёй прафесарскай дзейнасці быў аўтарам дзвюх важных кніг: "Флоры літоўскай" (або "Апісанне дзікарослых раслін у правінцыі ВКЛ паводле сістэмы Лінеуша") і прыгаданай вышэй "Ужытковай батанікі". У пазнейшы час Юндзіл пачаў працу над наступным важным творам. Разважаючы над прыдатнасцю для дыдактычных мэтаў падручніка Кшыштафа Клюка, які, дарэчы, ён высока цаніў, прафесар канстатаваў, што на працягу тых 20 гадоў, якія прайшлі з часу выдання "Батанікі для нацыянальных школ" (Варшава, 1785 г.), у батаніцы адбыліся так значныя змены, што неабходна напісаць новы падручнік. Юндзіл сам заняўся гэтай спарвай, і ў 1804 г. у Варшаве выходзіць першы том новай кнігі, прызначанай для школ, пад назвай "Пачаткі батанікі, 1 ч. Фізіялогія раслін", а 2 ч. - "Навука тэрміналогіі" (г. зн. шырокі слоўнік батанічных тэрмінаў) - была апублікавана ў 1805 г. Кніга была прыгожа ілюстравана, што рабіла больш лёгкім карыстанне слоўнікам тэрмінаў. Выданне гэтай працы папярэдзіла доўгая дыскусія ў асяроддзі віленскіх вучоных, не заўсёды прыхільная аўтару, але рэцензіі іншых польскіх батанікаў, асабліва вельмі прыхільная Францішка Шэйдта - кракаўскага, а потым краменецкага прафесара - перахілілі вагі на карысць Юндзіла. Дарэчы, менавіта таму гэта кніга была надрукавана ў Варшаве, а не ў Вільні. "Пачаткі батанікі" мелі яшчэ другое выданне ў 1818 г., і было яно ў значнай ступені дапоўненае згодна новых навуковых дадзеных. Гэта датычыла перад усім частак пра фізіялогію раслін. Кніга амаль адразу пасля першага выдання была прызнана досыць цяжкай для вучняў і залічана да універсітэцкіх падручнікаў. Аднак з цягам часу ўзровень вывучэння батанікі ў школах узрастаў, і "Пачаткі батанікі" рэкамендавалі як падручнік для школ. Віленскі прафесар паклапаціўся таксама пра падрыхтоўку навуковага дапаможніка для студэнтаў і выдаў папраўленую і перапрацаваную на ключ да пазначання раслін сваю першую флору. Яна выйшла пад назвай "Апісанне літоўскіх раслін паводле сістэмы Лінеуша" у 1811 г. у Вільні. Свае намеры аўтар прадставіў ва ўводзінах, дзе пісаў, што гэтае новае выданне літоўскай флоры мае на мэце зрабіць больш лёгкай навуку пра расліны ягоным вучням. Гэтая кніга шмат гадоў служыла польскім фларыстам у іх працы.

Ст.Б.Юндзіл шмат гадоў выкладаў і заалогію. У гэтай галіне ён апрацаваў падручнік "Кароткі нарыс заалогіі" у трох тамах (Вільня, 1807 г.). Гэтая кніга таксама атрымала шырокае прызнанне і доўгі час выкарыстоўвалася як падручнік, які рэкамендаваўся школам на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ХІХ стагоддзя. Чацвёртае выданне выйшла ў 1829 г. Многія прыродазнаўцы лічылі, што ў ёй змяшчаецца найлепшае тлумачэнне сістэмы Лінеуша з усіх зробленых на парозе ХІХ стагоддзя.

Кнігі Юндзіла былі папулярныя таксама і ў сувязі з прыгожай мовай, якой былі напісаны. Віленскі прафесар быў не толькі піянерам у стварэнні марфалагічнай тэрміналогіі раслін, што даказвала яго "Навука тэрмінаў". Назаўсёды засталося ў польскай мове і шмат відавых назваў, ім утвораных.

Калі ў 1823 г. Юндзіл пакідаў пасаду прафесара батанікі і заалогіі ў Віленскім універсітэце, ён перадаў кафедру добра падрыхтаванаму наступаўцы. Юзэф Юндзіл (ён быў вучнем прафесара, але не яго родным) - вучань і ад'юнкт пры кафедры прыродазнаўства - на момант прыняцця абавязкаў меў за плячыма некалькі гадоў замежнага падарожжа (1817-1820) і самастойную навуковую экспедыцыю ў паўночную Літву (1821 г.). Ст.Б.Юндзіл старанна падрыхтаваў яго да новых задач. Прафесар апрацаваў падрабязную "Інструкцыю" для маладога стыпендыята, накіроўваючы яго ў іншыя, чым пабачыў сам, навуковыя цэнтры. Таму ў планах не было Вены, але знаходзіліся Германія, Англія і Францыя. Дапамог Юндзіл і матэрыяльна, зрабіўшы гэтым магчымым больш доўгае знаходжанне ў батанічных установах Еўропы, каб Юзэф мог паслухаць лекцыі найлепшых спецыялістаў і пазнаць цікавыя даследчыя цэнтры (паміж іншым - Прыж і Лондан, Лейду і Крулевец). Прафесар таксама так кіраваў замежнай вучобай, каб малады прыродазнаўца мог добра падвучыцца ў занядбаных у Вільні галінах. Пасля вяртання на радзіму, летам 1821 г., Юзэф Юндзіл выехаў у батанічнае падарожжа на тэрыторыю паўночна-заходняй Літвы. Гэтае падарожжа было таксама старанна падрыхтавана Ст.Б.Юндзілам. Ён прадставіў на паседжанні нарады аддзела фізіка-матэматычных навук у 1817 г. праект пад назвай "Падарожжа на віленскай губерніі на прадмет прыродных уменняў". Неабходнасць яго ажыццяўлення прафесар тлумачыў тым, што фізіяграфічныя даследванні праводзяцца ва ўсім свеце, а таму і Вільня павінна далучыцца да гэтых прац. Ён сам не можа з-за недахопу часу ажыццявіць такое падарожжа, але хацеў бы пакласці пачатак і паслаць свайго памочніка даследваць бліжэйшыя паветы. Далейшы працяг гэтага праекта змяшчаў падрабязную інструкцыю падарожжа. Ю.Юндзіл пасля замежнага стажу і самастойнага доследнага падарожжа быў падчас прыняцця кафедры ўжо дасведчаным фларыстам і ведаў навейшыя дасягненні батанікі. На другі год чытання лекцый ён апрацаваў новую праграму навучання, якая змяшчала адпаведныя для трэцяга дзесяцігоддзя ХІХ стагоддзя веды. Прафесар Юндзіл, плануючы для свайго памочніка такі парадак навучання, падрыхтаваў кафедру, якой прысвяціў 25 год працы, да новых задач, якія былі прадыктаваны поступам батанічных даследванняў.


4. Батанічны сад - яго заснаванне і развіццё

19 ліпеня 1799 г. Ст.Б.Юндзіл прыняў батанічны сад. Быў падпісаны аппаведны дакумент - "Інвентар садовых прылад, аранжарэйных і грунтавых раслін - у батанічным садзе Віленскай Акадэміі" - і новы кіраўнік распачаў шматгадовую працу ў галіне, якую так моцна любіў і ў якой быў спецыялістам. Стан саду быў вельмі бедны. "Інвентар" паказвае аснашчэнне і калекцыі, якія не маглі забяспечыць вывучэнне батанікі на універсітэцкім узроўні. Дастаткова сказаць, што Юндзілу перадалі каля 400 відвў раслін. Што сталася з калекцыямі, прывезенымі ў Вільна Жыліберам, якія той збіраў у Гродне, дзе працаваў шмат гадоў? Гэтыя калекцыі змяшчалі не толькі сабраныя ім расліны, але і атрыманыя ад вядомых батанікаў - падарожнікаў, якія хацелі дапамагчы французскаму прыродазнаўцы, што накіроўваўся ў далёкую паўночную краіну, арганізаваць новы цэнтр батанічных даследванняў. Жылібер прывёз гродзенскія калекцыі ў Вільню ў 1781 г. і размясціў часова на дзядзінцы Collegium Medicum. У 1799 г. сад знаходзіўся на тым самым месцы, а тэрыторыя, якую ён займаў, паменшылася ў сувязі з размяшчэннем на дзядзінцы гаспадарчых пабудоў. Такое становішча адпавядала кіраўніцтву навучальнай установы, хаця ўжо другі прафесар прыродазнаўства - Форстэр - дамогся таго, каб універсітэт купіў новыя вялікія плошчы на тагачасным прадмесці Вільна - Саракішках. Ст.Б.Юндзіл пачынае практычна ад пачатку.

У першую чаргу новы дырэктар робіць дакладны аналіз атрыманай тэрыторыі і распачынае працу, мэтай якой было дастасаванне яе да ўмоў, неабходных для вырошчвання раслін у батанічным садзе. Юндзіл прыводзіць у парадак сажалкі, якія там знаходзіліся, выраўноўвае некаторыя ўзгоркі і цалкам змяняе план размяшчэння раслін. Ён вызначае дарожкі і абсаджвае іх дрэвамі - як ён пісаў, "сімбірскімі". Можа гэта былі яшчэ рэшткі калекцыі, атрыманай Жыліберам ад Паласа? Праз увесь час уладкавання прафесар дбае пра будову новых, адпаведных аранжарэй (трэйбхаусаў). Яны былі неабходныя для гадоўлі экзатычных, трапічных і субтрапічных раслін, валоданне якімі надавала статус саду і было абавязковым для навучання батаніцы. Юндзіл меў з гэтым клопат праз увесь час сваёй працы на пасадзе дырэктара саду і часта звяртаўся да універсітэцкай рады па датацыю. Пасля вырашэння найбольш важных арганізацыйных праблем прафесар пачынае збіраць калекцыю раслін. Яна хутка расла, што адлюстроўваюць лічбы. Як ужо прыгадвалася, на момант атрымання саду было каля 400 раслін, а ў 1802 г. - ужо 1072, у 1804 г. - 1526, у 1810 г. - 2400. Калі Юндзіл перадаваў сад свайму наступоўцы, колькасць відаў, якія вырошчваліся ў Батанічным садзе Віленскага універсітэта, дасягала ўжо 6500. Дабраныя паводле сістэмы Лінеуша, яны былі размешчаны як мага рацыянальна на прыгожай тэрыторыі ля Вілейкі. Гэтая тэрыторыя была яшчэ павялічана ў 1801 г. пляцоўкай, што межавала з ёю. Калекцыя, якую Юндзіл імкнуўся стварыць у Вільні, павінна была адпавядаць еўрапейскім стандартам. Ён пісаў у артыкуле "Пра знакамітыя расліны батанічнага саду" ("Віленская газета", 1815) пра неабходны склад калекцыі, які патрэбны, каб Віленскі батанічны сад адпавядаў навучанні на універсітэцкім узроўні. Таму Юндзіл збіраў у садзе расліны, цікавыя сваёй біялогіяй ці будовай, рэдкія, якія прадстаўлялі розныя геаграфічныя краіны. Ён клапаціўся таксама і пра набыццё навінак, адкрытых і прывезеных у Еўропу вядомымі падарожнікамі. Мясцовыя расліны былі размешчаны асобна ў сувязі з праграмай навучання, якая патрабавала асабліва дакладнага іх ведання. Рэгулярна выдаваліся "Каталогі" (разам іх было 14), у якіх была пазначана колькасць раслін, якая знаходзілася на той час у садзе, і два разы (у 1815 і 1818 гадах) прафесар дакладваў на пасяджэнні Рады фізіка-матэматычнага аддзялення пра стан саду (даклады ён пазней надрукаваў у "Віленскай газеце"). "Каталогі" служылі паміж іншым і для аблягчэння абмену паміж садамі.

Ад пачатку свайго кіравання садам Юндзіл вёў ажыўлёную перапіску і абмен. Вакол саду ўтварылася, асабліва ў першыя гады, група аматараў раслін, і навуковыя кантакты з імі дапамагалі Юндзілу аднавіць і ўзбагаціць калекцыю раслін. Пра гэта ён так піша ў 1801 г. у "Дзённіку": першыя насенні былі атрыманы, дзякуючы пану Труху, садоўніку Плятараў, і Шэйдту з Кракава. Яны сталі пачаткам калекцыі саду. У наступных гадах Юндзл вёў абмен як з айчыннымі цэнтрамі, так і пляцоўкамі амаль усёй Еўропы. Крамянец, Вроцлаў, Кракаў, Парыж, Галь, Монплейе, Дрэздэн, Вена, Дорпат, Горанкі і шмат яшчэ іншых вядомых садоў дасылала насенні і саджанцы ў Вільню. Не аднойчы гэта былі дары, з цягам узбагачэння віленскіх калекцый - абмен, а ўрэшце - пакупкі ў вядомых цэнтрах. У 1811 годзе кіраўнік саду пасылае свайго памочніка, М.Багатку, у Горанкі, у вядомы прыватны сад князя Разумоўскага, адкуль той прывёз каля 70 рэдкіх і каштоўных відаў, якія дайшлі ў добрым стане. У 1815 г. Юндзіл інфармуе, што шляхам карэспандэнцыі і абмену з айчыннымі і замежнымі батанікамі ён атрымаў так значную колькасць раслін, што калекцыя налічвае ўжо 4366 відаў.

Былі і цяжкія для сада перыяды. Былі гады неспрыяльнага надвор'я, якое наносіла значныя шкоды далікатным раслінам з іншых геаграфічных шыротаў, здаралася, што з-за нізкай прафесійнасці садоўнікаў дрэнна дагледжаныя расліны гінулі. Пра праблемы з няўдалымі аматарамі карыстання садам ужо прыгадвалася. Гады напаляонскай кампаніі, калі войскі сталі ў Вільні і частка саду была занята пад пашу, не моцна паўплывалі на знішчэнні ў калекцыі, тым больш, што яны былі надроблены тым, што не быў супынены звычайны ход абмену. Юндзіл канстатаваў, што негледзячы на выкліканыя вайной хваляванні, абмен працягваўся, і калекцыя папаўнялася. Сярод гадаваных раслін некаторыя былі асабліва цікавыя. Прывядзём некалькі прыкладаў. Юндзіл прыдбаў прывезены Банксам (славутым падарожнікам і дырэктарам сада ў К'ю пад Лонданам) гатунак Strelizia reginae. Гэты прыгожы куст, вядомы сёння паўсюль, безумоўна ўпрыгожваў сад. Цікавая і прыгожая расліна была прывезена А. Фон Гумбальдам - Cobea scandens, яна таксама знаходзілася ў віленскай калекцыі. Юндзіл набыў таксама і навазеландскі лён (Phormium tenax), акліматызаваны ў паўднёвай Еўропе. З Вены атрымалі калекцыі Stapelli - насекомаедных раслін з паўднёвай Афрыкі з цікавай біялогіяй, а з Крамянца - калекцыі вяргіняў і ружаў. Цікавая і ўзбагачаная тэрыторыя, на якой размяшчаўся Батанічны сад, дазваляла маляўніча размясціць гэтыя каштоўныя калекцыі.

Надыходзіць 1825 год. Ст.Б.Юндзіл перадае Віленскі батанічны сад свайму наступаўцы па кафедры батанікі - Юзэфу Юндзілу. У сувязі з гэтым ён выдае каталог "Index Plantarum Horti Botanici caesareae Universitatis Vilnensis". Першы перыяд існавання саду ў Саракішках быў закрыты. Сад добра служыў навуцы ў Вільні, і многія пакаленні прыродазнаўцаў былі абавязаны яму добрай падрыхтоўкай да працы. Прынёс ён свайму стваральніку і трывалую памяць і прызнанне батанікаў наступных пакаленняў.


5. Апошнія гады ў Вільні

Апошнія гады жыцця, пасля пераходу на пенсію, Ст.Б.Юндзіл правёў актыўна. Найперш ён здзейсніў некалькі падарожжаў. Праўда, іх падставай было дрэннае здароўе, але вучоны паспяшыў выкарыстаць выпадак для наведвання новых месцаў, знаёмства з вучонымі і арыентацыі, што новага адбываецца ў свеце батанікі. У 1826 г. ён адпраўляецца ў падарожжа на лячэнне ў Карлсбад. Яго шлях вёў праз Варшаву, дзе ён наведаў універсітэцкі сад і прыватную калекцыю генерала Раўхенстрауха. На зваротнай дарозе наведаў Вроцлаў і яго Батанічны сад, якім кіраваў Трэвіранус. Калі яго суправаджаў вопытны і ветлівы садоўнік (самога дырэктара не было ў Вроцлаве), прафесар усё хутка ацаніў і даў саду добрую адзнаку. Наступнае падарожжа з мэтай ратавання здароўя - у 1827 г. - вяло ў Варшаву. Там - акрамя лячэння калясбадскімі водамі - ён наведаў на запрашэнне гаспадара Тадэвуша Астроўскага яго дом у Геленове і пазнаёміўся з гербарыем швейцарскіх раслін вядомага батаніка і стваральніка натуральнай сістэмы Дэкандола. Апошняе падарожжа, якое адбылося ў 1835 годзе, ужо не спрыяла наведванню новых навуковых цэнтраў. Стан задроўя хворага прафесара не дазваляў гэтага. Аднак сам побыт быў прыемны дзякуючы таварыству старых і новых сяброў, якія ставіліся да Юндзіла з павагаю і прыязна. Паміж іншым ён спаткаўся там з Казімірам Брадзінскім. У сувязі з вайною дарога вяла праз Прусію. Юндзіл занатоўвае цікавыя назіранні адносна добрай гаспадаркі ў гэтым краі, чысціні гарадоў і вёсак, якія праязджаў, а таксама веданне польскай мовы мясцовым людам. Занатоўвае і добрае веданне чыстай, не знявечанай нямецкім уплывам, польскай мовы на тэрыторыі так званай Заходняй Прусіі (Велькапольскі). Цікава адзначыць, што Юндзіл адмовіўся наведаць замак у Мальборку, пра які, як сядзібу Крыжакоў, піша з агідаю.

Пасля заканчэння актыўнай працы ва універсітэце прафесар прысвяціў свой час замацаванню падзей улюбёнай установы. Яе зачыненне ў 1832 г. пасля лістападаўскага паўстання было для яго крыніцай горычы. Таму ён імкнуўся засведчыць праўду і апісаць, паводле ўласнага погляду, падзеі гэтага заняпаду і яго прычыны. Паўсталі тры рукапісы, выдадзеныя пасля смерці прафесара. Адзін з іх - ён апісвае выпадкі, што прывялі да зачынення універсітэта - быў надрукаваны ў зборніку "Літоўскія абразкі. З успаміну вандроўніка Сабары" (Познань, 1874); другі апісвае ўласныя меркаванні Юндзіла пра людзей, якія працавалі ў навучальнай установе на працягу доўгіх гадоў, асабліва пра іншаземцаў ("Збор дробных звестак пра асобы і навуковыя арганізацыі ў былым і сучасным стане (1829) Віленскага універсітэта (у: Віленскі калектыўны часопіс, Вільна 1859), трэці, урэшце, выданы яго біёграфам Янам Юндзілам, падрабязна з дакладнасцю хронікі, аднатоўвае падзеі Батанічнага саду ("Варшаўская бібліятэка", 1850, т.1). акрамя таго, прафесар піша асабісты дзённік - тэкст, які з'яўляецца найлепшай крыніцай для азнаямлення з жыццём і думкамі Станіслава Баніфацыя Юндзіла.

Віленскі прафесар быў спрэчнаю асобаю. Вядомы яго сутыкненні і спрэчкі з многімі прафесарамі Віленскага універсітэта. Яго часта лічылі зласлівым нацыяналістам, які змагаецца з усім чужым. Аднак гэта было не так. Прычыны спрэчак былі складаныя. Свае погляды Юндзіл выказваў на пасяджэннях востра, безкампрамісна. Яны адлюстроўвалі яго погляды на прызначэнне прафесара і арганізацыю універсітэцкага жыцця. Яшчэ з ранняй маладосці прызвычаены да ордэнскай дысцыпліны, ён дрэнна ўспрымаў новыя ўведзеныя ва універсітэце звычаі. У гэтым пытанні яго праціўнікі мелі рацыю. Нельга было бясконца арганізоўваць школьнага і універсітэцкага жыцця на ордэнскім узоры. Свецкі лад жыцця ўвайшоў у паезуіцкі Віленскі універсітэт разам з іншаземцамі, і гэта было пазітыўным фактам. На гэтым фоне адбылася асноўная спрэчка з прафесарам Франкам, заслужаным стваральнікам віленскай школы медыцыны. Юндзіл, што высока цаніў яго ў прафесійнай галіне, не мог пагадзіцца са стылем жыцця венскага медыка. Франк - адзін з заснавальнікаў і заслужаны дзеяч Таварыства Дабрачыннасці - вёў актыўнае таварыскае жыццё і, напрыклад, арганізоўваў дабрачынныя канцэрты, на якіх выступала яго жонка. Цяжка сабе ўявіць, каб Юндзіл пахваліў такія звычаі. Ён заставаўся пры сваіх кансерватыўных поглядах. Яго абуралі і вельмі шыкоўныя матэрыяльныя ўмовы (зарплата, жыллё), якія прапаноўваліся іншаземцам. Існавала аднак і іншая плоскасць спрэчкі. Ст.Б.Юндзіл быў чалавекам так званым "тутэйшым". Выхаваны ў польскай культуры, ён рэалізаваў - праз усё жыццё - выхаваўчыя праграмы Камісіі Нацыянальнай Адукацыі і быў верны ідэалам Асветніцтва. Таму ён не мог пагадзіцца з даволі-такі абыякавымі адносінамі замежных прафесараў да праблем краіны. Ён хацеў не толькі прыдбаць сабе месца навуковай працы, але і сваёй працай цывілізацыйна ўзвысіць сваю краіну. Ён не разумеў касмапалітычнага падыходу Форстэра, які ў сувязі з цікавай прапановай навуковага падарожжа сарваў умову і пакінуў кафедру прыродазнаўства, пазбаўленую на некалькі гадоў кіраўніцтва. Гэтак жа востра ацаніў прафесар учынак Людвіка Баянуса, які падчас напалеонскіх войнаў выехаў у Пецярбург, каб там спакойна працаваць, і пакінуў універсітэт і сваю кафедру на літасць лёсу і войскаў, што праходзілі праз горад. У гэтых адносінах рацыя была на баку Юндзіла. Навучальная ўстанова, якая не хоча мець такіх праблем, павінна выхоўваць уласныя кадры. І Юндзіл гэта лічыў нармальным. Яго вучні выканалі вялікую працу - даследванне літоўскай прыроды, а ён іх да гэтага падрыхтаваў.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл меў таксама і шмат сяброў. Акрамя прыгаданых ужо батанікаў і ўладальнікаў садоў, паважаў і сябраваў з прафесарам Ян Снядэцкі. З Ендрусем Снядэцкім яны распачыналі многа сумесных ініцыятыў на аддзяленні.

Увесь навуковы шлях віленскага прафесара характарызавала вялікая інтэлектуальная адвага. Ён не сышоў са свайго асветніцкага шляху, але і не ўхіляўся ад новых задач, якія нясло развіццё прыродазнаўства. Трэба было шмат адвагі, каб малады настаўнік у Шчучыне самастойна вырашыў працягваць працу першага даследчыка літоўскіх зямель - Жылібера. І таксама трэба было яе шмат, каб праз 25 год шпаркіх перамен у еўрапейскай навуцы сачыць за яе прагрэсам і падрыхтаваць свайго наступоўцу да зусім новых задач.

Апошнія гады жыцця Ст.Б.Юндзіла не былі радасныя. Цяжка хворы, пазбаўлены зроку, ён перажыў заняпад свайго ўлюбёнага універсітэта (1832) і зачыненне медыка-хірургічнай акадэміі, апошняга энклава вывучэння ў Вільні прыродазнаўчых навук (1844). Убачыў знішчэнне Батанічнага сада, які развіваўся яшчэ ў трыццатых гадах пад кіраўніцтвам Горскага, а пасля таго, як зачынілі медыка-хірургічную акадэмію, быў перароблены ў шпацырны парк. Перажыў адыход людзей, якія зачыніліся ў хатнім зацішшы, або знайшлі працу ў іншых установах. Вір навуковага жыцця ў Вільні спыніўся на шмат гадоў. Таму не дзіўна, што напісаны прафесарам пад канец жыцця "Дзённік" прасякнуты горыччу.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл памёр 12 кастрычніка 1847 г. у Вільні, дзе быў пахаваны на Бернардынскіх могілках. Яго сваяк - Юзэф Юндзіл - паставіў там помнік, на якім ёсць надпіс: "Прыродазнаўства ў краіне пашыральнік, Батанічнага саду ў Вільні стваральнік". Гэты надмагільны помнік, адноўлены ў сувязі з гадавінай універсітэта, знаходзіцца ў добрым стане.

Прыродазнаўцы заўсёды цанілі спадчыну і пазіцыю Ст.Б.Юндзіла ў Віленскім універсітэце. Вільбальд Бэсэр, выкладчык батанікі і заалогіі ў Крамянецкім ліцэі, славуты фларыст і адкрывальнік многіх новых відаў, у 1814 г. прысвяціў Юндзілу прыгожы від валынскай ружы. Rosa jundzilli Bess, што квітнее ў паўднёвай часцы нашых абшараў, заўсёды будзе нагадваць гэтага даследчыка і выкладчыка. Іншы польскі батанік, Гуга Запаловіч, у 1911 г. надаў адкрытаму ім віду смалёўкі імя Silene jundzilli Zap. Пры апісанні віду ён пісаў, што прысвячае яго памяці Станіслава Юндзіла, прафесара Віленскага універсітэта. Гэты від упрыгожвае лугі і ўзлескі Усходніх Карпат, Пянінаў і Татр.


Даты жыцця Станіслава Баніфацыя Юндзіла

1761 - нарадзіўся ў Ясеньцах у Лідскім павеце, сын Бенедыкта Дунін-Юндзіла і Ружы з Даўгялаў;

1774 - пачатак вучобы ў школе Піяраў у Лідзе;

1777 - пачатак паслушніцтва;

1779 - прыняцце пострыгу;

пачатак настаўніцкай працы - Расены;

1781-1783 - філасофскі факультэт у піярскай калегіі Вільна; курс хіміі ў Ю.Сарторыса;

1783 - тэалагічны факультэт;

1784 - Юндзіл атрымлівае прысвячэнне ў духоўны стан;

1785 - пачатак працы ў школе ў Шчучыне, стварэнне навучальнага батанічнага сада; пачатак фларыстычных даследванняў;

1787 - курс прыродазнаўства ў Г.Форстэра ў Віленскім універсітэце;

1790 - Ст.Б.Юндзіл пачынае лекцыі прыродазнаўства ў Піярскай камісіі ў Вільні (па-польску, а не на лацінскай мове);

1791 - выданне "Апісанне дзікарослых раслін у правінцыі ВКЛ паводле сістэмы Лінеуша";

1792 - Ст.Б.Юндзіл атрымлівае ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага медаль Merentibus;

1792-1797 - замежнае падарожжа;

1798 - доктарская дысертацыя па філасофіі; Юндзіл пачынае самастойныя лекцыі па батаніцы;

1799 - выданне "Ужытковай батанікі"; Ст.Б.Юндзіл пераймае Батанічны сад у Ф.Спіцнагеля;

1801 - Ст.Б.Юндзіл становіцца членам Варшаўскага таварыства сяброў навук;

1802 - Ст.Б.Юндзілу прысвойваюць званне прафесара батанікі і заалогіі ў Віленскім універсітэце;

1804 - выданне "Пачаткаў батанікі";

1805 - Ст.Б.Юндзіл становіцца членам Маскоўскага таварыства аматараў прыроды; выходзіць першы нумар "Віленскай газеты";

1807 - Ст.Б.Юндзіла выбіраюць прэфектам кандыдатаў на настаўніцкую пасаду; выдаецца "Кароткі нарыс заалогіі";

1811 - выдаецца "Апісанне літоўскіх раслін"; Юндзіл становіцца членам Гаспадарчага Таварыства ў Варшаве;

1824 - выхад на пенсію; Ст.Б.Юндзіл перадае легат на навучанне двух вучняў з прозвішчам Юндзіл у піярскай школе;

1825 - перадача Батанічнага саду Ю.Юндзілу;

1826 - падарожжа ў Карлсбад - наведванне Батанічнага саду і Памалагічнага ў Варшаве і Батанічнага саду ў Вроцлаве;

1827 - падарожжа ў Варшаву - знаёмства з Міхаілам Шубертам (дырэктарам варшаўскага Батанічнага саду);

1835 - падарожжа ў Карлсбад;

1847 - 12 кастрычніка Ст.Б.Юндзіл памірае ў Вільні. Пахаваны на Бернардзінскіх могілках.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX