Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Ян Карцан - друкар з Вялічак 


Аўтар: Мілевіч А. І.,
Дадана: 30-08-2018,
Крыніца: Мілевіч А. І. Ян Карцан - друкар з Вялічак // Лідскі Летапісец. 2017. № 3(79). С. 12-13.



Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Культурны ўздым, які пачаўся ў Італіі ў XIV ст., распаўсюджваючыся на поўнач, дакаціўся ў пачатку XVI ст. і да беларускіх зямель. Рэнесанс закрануў не толькі мастацтва. Ён праявіўся ў павышэнні ўвагі да чалавека, яго знешняй і ўнутранай прыгажосці, у пошуку рэформ і шляхоў удасканалення грамадства, рэлігійна-духоўнага аднаўлення, ва ўзрастанні ўвагі да прыроды і гісторыі. З Рэнесансам звязваецца ўзрастанне нацыянальнай годнасці. На змену аскетызму прыходзіць прага свецкіх забаў і ў той жа час унутранага самаўдасканалення.

Новыя павевы ў культуры ВКЛ распаўсюджваліся спачатку пры дварах манархаў, затым магнатаў, а адтуль - у асяроддзі шляхты і багатых мяшчан, якія пераймалі звычкі знаці. Ужо двор вялікага князя Аляксандра быў у гэтым сэнсе бліскучым, аднак асабліва ўзмацніўся подых Рэнесансу ў часы Жыгімонта I Старога і яго сына Жыгімонта II Аўгуста. Сюды сцякаліся замежныя музыканты, мастакі, архітэктары, у тым ліку выхадцы з Італіі. Гэтаму ў нейкай меры спрыяла італьянскае паходжанне жонкі Жыгімонта Старога Боны Сфорца.

Элементы Рэнесансу праяўляюцца ва ўсіх сферах культуры, у тым ліку і ў літаратуры. Важнае значэнне для развіцця літаратуры, культуры і асветы мела пашырэнне кнігадрукавання. Дзякуючы яму з новымі творамі магло пазнаёміцца значна больш чытачоў.

У канцы XVI ст. Вільня набыла славу сапраўднага Кніжнага горада. Больш за дзясятак друкарняў функцыянавала ў той час "у слаўным месцы Віленскім". Адной з самых вялікіх друкарань Вільні была друкарня Яна Карцана.

Ніякіх дакументальна падцверджаных біяграфічных звестак Карцана: у якім годзе ён нарадзіўся, пра яго дзіцячыя і юнацкія гады, на жаль, няма. І жыццёвы шлях яго можна прасачыць толькі па дайшоўшых да нашага часу выдадзеных ім кнігах. Але на сваіх першых віленскіх выданнях ён указваў "Друковано в Вильне у Яна Карцана с Величии", "Вильна. В Литве у Иоанна Велиценсема", "Вильна. Напечатано... Иоанном Велицен". Гісторыкі кнігадрукавання выказалі меркаванне, што Ян Карцан мог быць родам з вёскі Вялічкі, якая знаходзіцца на Лідчыне.

Ян Карцан - своеасаблівы Альд Мануцый у Літве. Як і Альд, Карцан выступаў на ніве кнігадрукавання як адукаваны прадпрымальнік. Ён улічваў попыт на літаратуру і выдаваў найбольш хадавыя кнігі, у значнай ступені гуманістычнага кірунку.

Друкарскай справе навучаўся ў Кракаве, які не толькі славіўся ў той час сваімі навукоўцамі, пісьменнікамі і мастакамі, але і выдатнымі друкарамі. Доўгі час, займаючыся ўжо сваёй друкарскай справай, падтрымліваў сувязі з сябрамі-выдаўцамі з гэтага горада Мікалаем Шарфенбергерам і Якубам Сібенейхерам.

У 1574 г. быў запрошаны на працу ў мястэчка Лоск (Валожынскі раён) у Замкавую друкарню, дзе ён змяніў на пасадзе выдаўца Даніэля Лянчыцкага, які працаваў у магната Яна Кішкі і выехаў у Вільню. У 1576 годзе выходзяць з так званай Замкавай друкарні Яна Кішкі сачыненне Сымона Буднага "Аб артыкулах веры" і праца Цыцэрона "Аб павіннасцях", пераложаная на польскую мову С. Кашуцкім. За час працы ў Лоску Карцан выпусціў сем кніг: пяць на польскай мове і дзве на лацінскай. У Лоску Карцан працаваў да 1580 г. Тут ён набыў немалы вопыт у кнігадрукарскай справе. З цягам часу яго, чалавека дзейснага і ўмелага, перастае задавальняць залежнае становішча ў Замкавай друкарні. Ён усё часцей марыць аб арганізацыі сваёй асабістай друкарні, аб самастойнай працы. У Карцана ў агульных рысах быў намечаны і "выдавецкі план". Ён змог назбіраць сродкі, неабходныя для набыцця дома, дзе можна было б усталяваць друкарню, а таксама для пакупкі друкарскай маёмасці. Каб здзейсніць свае мары, Карцан некалькі разоў наведваўся ў Вільню, дзе вырашыў працягнуць выдавецка-друкарскую дзейнасць.

У канцы 1579 г. Карцан канчаткова развітваецца з Замкавай друкарняй у Лоску і перабіраецца ў Вільню. Невядома месцазнаходжанне друкарні Карцана ў Вільні. Актавыя кнігі паведамляюць толькі, што 31 ліпеня 1599 г. ён уступіў у законнае валоданне домам на вуліцы Бернардынскай, які адкупіў у віленскага мяшчаніна Захарыяша Амуратовіча. З гэтага часу пачынаецца новы, самы працяглы і плённы перыяд кнігавыдавецкай дзейнасці Карцана. Больш за трыццаць гадоў актыўна дзейнічала яго друкарня ў Вільні. Выданні Карцана вызначаліся высокай культурай.

З 1580 па 1611 г. з друкарні Яна Карцана выйшла 101 вядомае выданне. Уся дзейнасць Карцана з пачатку і да канца развівалася ў ВКЛ. Аўтарамі і перакладчыкамі выдаваных ім кніг былі беларускія гуманісты А. Рымша, Ян Казаковіч, Сымон і Беняш Будныя і інш.

З першых крокаў сваёй дзейнасці Ян Карцан звяртаецца да выдання твораў антычных аўтараў і перш за ўсё Цыцэрона: "Кнігі аб старасці" ў перакладзе Б. Буднага, "Аб павіннасцях". Гэта кніга была насычана разважаннямі аб высокім прадвызначэнні Чалавека, яго грамадзянскім доўгу, абавязках перад грамадствам. Аўтарскі роздум глыбока адлюстроўвае эпізоды і падзеі з жыцця вялікіх асветнікаў і пісьменнікаў мінулага - Арыстоцеля, Герадота, Дэмасфена, Еўрыпіда, Платона і інш. Цытаваліся ўрыўкі з іх твораў. Кніга карысталася вялікім поспехам у чытачоў і перавыдавалася тры разы. Наступным пасля Цыцэрона антычным аўтарам, якім зацікавіўся Карцан, быў Іосіф Флавій. У 1595 г. ён выдае "Гісторыю іудзейскай выйны" ў дзвюх частках.

У самым канцы XVI - пачатку XVII ст. Карцан друкуе серыю падручнікаў. Каля 1599 г. выходзіць "Лемантар" польскай мовы, які складаўся з алфавіта і складоў, а таксама малітваў і псалмоў. Услед за ім Карцан выпускае два падручнікі грэцкай мовы, чым аказвае вялікую паслугу гуманістычнаму руху ў ВКЛ, прапагандзе антычнасці.

У 1602 г. у Вільні выходзіць падручнік арыфметыкі - "Алгарытм", складзены ў свой час Бернардам Ваяводкам, у якім выкладаліся правілы матэматычных вылічэнняў, а таксама прыводзіліся сведчанні аб камерцыйных аперацыях. Пазней Карцан распачаў выпуск кніг па медыцыне, а таксама прыступіў да выпуску календароў "Новы і стары каляндар на год … 1606".

У канцы XV ст. у Венецыі ўбачыла свет цікавая кніга - твор італьянца Палідора Віргілія Урбінскага "Аб вынаходніках рэчаў". Гэтая кніга адразу ж была заўважаная выдаўцамі, пачалі з'яўляцца яе пераклады. У ёй папулярна распавядалася аб дасягненнях навукі, тэхнічных навінках, вынаходніках. Але не толькі пра гэта апавядала кніга. Яна ахоплівала, акрамя таго, і самыя розныя прыродныя з'явы, грамадскія падзеі. Кніга "Аб вынаходніках рэчаў" уяўляла сабой самы сапраўдны энцыклапедычны даведнік. У ім можна было знайсці звесткі аб граматыцы і гадзіннікавым механізме, аб асновах арыфметыкі і геаметрыі, аб ваенных машынах і навуцы мараплаўства, аб жывёлагадоўлі і архітэктуры. У адным з раздзелаў кнігі паведамлялася аб папірусе, пергаменце і паперы, распавядалася (і гэта ўпершыню ў нашай літаратуры) аб вынаходстве кнігадрукавання ў Еўропе, згадваліся ў сувязі з гэтым імёны піянераў друкарскага мастацтва Іагана Гутэнберга, Іагана Фуста і Петэра Шэфера.

Карцан зацікавіўся творам Палідора Віргілія Урбінскага і ў 1608 г. надрукаваў яго ў сваёй друкарні. Пераклаў кнігу Ян Пратасовіч, чалавек высокаадукаваны, які валодаў некалькімі мовамі, паэт і філосаф.

Апошнняя кніга, брашура З. Мічынскага "Oratio", надрукаваная Янам Карцанам, пазначана студзенем 1611 г. Гэтым годам скончылася трыццацігадовая дзейнасць Карцана на ніве кнігадрукавання.

Пасля смерці Яна Крцана друкарня пераходзіць яго сыну Іосіфу. Так на тытуле кнігі П. Скаргі "Заклік да адзінай веры" можна знайсці надпіс, дзе пазначана, што кніга надрукавана ў Вільні і яе выдаў Іосіф Карцан у 1611 годзе. Новы гаспадар друкарні Іосіф Карцан з энтузіязмам узяўся за кнігадрукарскую дзейнасць, але дасягнуць славы свайго бацькі яму не ўдалося. Змяніліся ў інтарэсах кірункі выдавецкай дзейнасці малодшага Карцана. Іосіф Карцан стаў католікам (бацька належаў да пратэстанцкай веры), што падпарадкавала ўсю яго дзейнасць каталіцкаму касцёлу. Ён выдаваў у асноўным рэлігійныя кнігі, панегірыкі - усяго Іосіф Карцан выдаў каля сарака выданняў.

У 1620 г. друкарня перастала існаваць.

Дзейнасць друкарні нашага славутага земляка, як у адносінах зместу выдадзеных у ёй кніг, так і ў адносінах майстэрства друку - адна з яскравых старонак у гісторыі кнігадрукарства Вялікага Княства Літоўскага.

Мілевіч Алена Іванаўна, ДУА "Мінойтаўская СШ",настаўнік гісторыі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX