Вярнуцца: Навукоўцы

Другі Вацлаў Ластоўскі


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 11-11-2015,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Другі Вацлаў Ластоўскі // НАША СЛОВА № 45 (1248), 11 лістапада 2015 г.



Вацлаў Ластоўскі (1880-1954) - батанік, фенолаг і спецыяліст ў галіне сельскагаспадарчых навук нарадзіўся ў Леляканцах Віленскага павета. Ягоны бацька працаваў лекарам у ваколіцах Вільні.

Вацлаў Ластоўскі скончыў Віленскую гімназію, і ўжо з гадоў навучання ў ёй цікавіўся флорай і фаўнай Віленшчыны. У шостым класе гімназіі стаў феналагічным карэспандэнтам прафесара Кайгародава. Атэстат гімназіі атрымаў у 1901 г. а ў 1905 г. скончыў сельскагаспадарчы факультэт Пулаўскага інстытута і атрымаў званне агранома 1-й ступені. Пасля гэтага працаваў у старэйшага брата ў вёсцы Казакоўшчына, паглыбляў веды пра сельскую гаспадарку і селекцыю раслін. Займаўся даследаваннямі ў галіне феналогіі і экалогіі, паглыбляў свае веды з аграметэаралогіі. Уступіў у Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, дзе плённа працаваў - у 1906-1909 гг. арганізаваў метэастанцыю, праводзіў палявыя эксперыменты, займаўся селекцыяй. У 1910 г. па яго ініцыятыве было створана Віленскае таварыства сельскагаспадарчых даследаванняў, якое адкрыла эксперыментальную станцыю ў Беняконях.

(46KB) Доследная станцыя Ластоўскага ў Беняконях, 1929 г..

Па рэкамендацыі Эдуарда і Рамана Рымшаў у верасні 1910 г. Вацлаў Ластоўскі абследаваў поле паблізу мястэчка Беняконі і ў выніку выбраў тэрыторыю, ахвяраваную графам Путкамерам (15 га палеткаў). 15 кастрычніка 1910 г. на сходзе Таварыства сельскагаспадарчых даследаванняў было прынятае канчатковае рашэнне аб стварэнні станцыі. Путкамер перадаў на двухгадовае карыстанне станцыі 10-гектарную сядзібу былой сельскагаспадарчай суполкі з грамадскімі будынкамі, што дало магчымасць размясціць рабочых і інвентар, закласці першыя доследы. Механічны аналіз глебаў выканаў прафесар Славамір Міклашэўскі. Вясной 1911 г. па ініцыятыве і паводле планаў інжынера А. Панікоўскага (пазней прэм'ер Польшчы) доследнае поле было дрэнажавана. У траўні на галоўным полі закладзены першыя доследы з рознымі гатункамі бульбы. Летам усталяваны метэаралагічныя прыборы (дажджамер функцыянаваў са студзеня 1911 г.). Восенню былі закладзены доследы з жытам, набыты патрэбныя прылады працы.

Газета "Наша Ніва" пісала ў 1911 г.: "У Беняконях ... аткрылася пробнае поле (станцыя) Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі на 15 дзесяцінах. Пабудавалі гожае мураванае гумно, хату для чэлядзі, кожнаму па пакою і пекарню. Пакуль што жывець там і дырэктар пробнай станцыі аграном Ластоўскі, а на вясну будуць будаваць мураваны дом. Памешчыкі далі на станцыю 20 тысяч, і казна 20 тысяч рублёў дасць, калі затвердзіць Дума, і што год будзе казна 20 тысяч рублёў даваць па 3 тысячы руб.

У гэтым гаду пасадзілі на пробу 26 гатункаў бульбы, поле ўсё дрэнавалі. У восень жыта сеялі і садзілі розных гатункаў.

Адну дзесяціну бульбы, касілі бульбяннік, як толькі кончыў красаваць, а другую пакінулі. Някошаная бульба дала на 320 пудоў больш бульбы, як кошаная. На вясну станцыя будзе шырока рабіць розныя пробы, каб ведалі гаспадары, як гаспадарыць. Каля пробнага поля дырэктар Ластоўскі засеяў сам ... жыта двом гаспадаром Войшніцы і Развадоўскаму. Паглядзім, што будзе!"

Станцыя была пабудавана за 1 год дзякуючы намаганням сяброў Віленскага таварыства сельскагаспадарчых даследаванняў. Будаўніцтва галоўнага будынка пачалося ў 1912 г. i было закончана ў 1914 г. у час 1-й сусветнай вайны.

Доследнае поле арганізавана паводле плану В. Ластоўскага, план быў ухвалены Сельскагаспадарчым дэпартаментам Pacii. Методыка і тэхніка доследаў, прынятая ў Беняконях, адрознівалася ў пэўных падрабязнасцях, прынятых у іншых станцыях. Для асобных доследаў існавалі малыя дзялянкі. Праводзіліся доследы па ўздзеянні ўгнаенняў на розныя гатункі раслін, а таксама даследаваліся севазвароты. Станцыя займалася акліматызацыяй раслін. У 1911 г. В. Ластоўскі пачаў селекцыю жыта, якое потым было названа Беняконскім, а пазней - ячменю і аўсу.

Хімічная лабараторыя была яшчэ ў стадыі камплектавання, аднак ужо ў 1914 г. умовы дазвалялі выконваць хімічны аналіз на ўласныя патрэбы станцыі. З дапамогай апарата Шэна праводзіўся аналіз механічнага складу тыпаў глебаў Віленшчыны. Праводзіліся доследы па распазнаванні хвароб раслін і шкодных насякомых. У Беняконях упершыню на Віленшчыне пачалі пратручваць пасяўное жыта супраць шкоднікаў.

Метэаралагічная станцыя, акрамя абавязковых прылад, мела геліёграф для вымярэння сонечнай радыяцыі, у 14 пунктах Віленшчыны арганізавана вымярэнне колькасці ападкаў з дапамогай дажджамера Гельмана. Штомесячныя справаздачы высылаліся ў абсерваторыю ў Санкт-Пецярбург і Цэнтральнае метэаралагічнае бюро ў Варшаве. Выконваліся таксама феналагічныя назіранні. Персанал Беняконскай доследнай станцыі складаўся з дырэктарата В. Ластоўскага, старшага асістэнта Стэфана Змігродскага, трох практыкантаў, двух тэхнічных даглядчыкаў і пяці сезонных супрацоўнікаў для доследаў па зборы ўраджаю.

У 1915 г. Ластоўскі стаў бежанцам і пасяліўся ў Менску. Лідскі абшарнік Андрэй Раствароўскі ў сваіх успамінах пісаў, што Ластоўскі ў Менску, у "1917-18 гг. лічыў сябе беларусам". У якой ступені навуковец далучыўся да беларускага руху покуль не вядома, але гэты факт дазваляе лічыць яго ў тым ліку і беларускім навукоўцам.

На пачатку 1920-х гг. Віленская сельскагаспадарчая доследная станцыя ў Беняконях аднавіла сваю працу. Падчас вайны станцыя страціла жывы інвентар, пабудовы і абсталяванне, а таксама частку селекцыйнага матэрыялу. Часткова захавалася толькі бібліятэка. Віленская газета "Слова" пісала ў 1925 г.: "Аднавіў працу станцыі яе дырэктар В. Ластоўскі. Перад Першай сусветнай вайной, акрамя дырэктара, на станцыі працавалі 2 асістэнты і 3 практыканты. З 1923 г. дырэктар меў толькі аднаго практыканта. Справа ў тым, што калі ў 1915 г. на працу станцыі было асігнавана 15 008 рублёў, дык у 1922 г., у пераліку на царскія грошы, на працу станцыі было выдаткавана толькі 1 200 руб. Тым не менш з сярэдзіны 1920-х гг. станцыя вяла неабходныя для сельскай гаспадаркі навуковыя даследаванні. Дырэктар станцыі В. Ластоўскі яшчэ да Першай сусветнай вайны напісаў шэраг кніг па сельскай гаспадарцы: "Опыты с картофелем", "Опыт с рожью", "Опыты с азотистыми удобрениями", у 1920-х гг. ён выдаў "Dobor odmian zboz dla Wilenszczyzny", "Wynniki doswiadczen z odmianami ziemniakow" і інш. Працы станцыі атрымалі належнае прызнанне ў навуковым свеце".

25 верасня 1929 г. прэзідэнт Польшчы Масціцкі наведаў Ліду пасля чаго выехаў ў Беняконі. У Беняконях прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстым асвячэнні і адкрыцці новай школы і дазволіў, каб гэтая школа насіла назву "Школа імя прэзідэнта Масціцкага". Тут жа прэзідэнт наведаў даследчую агранамічную станцыю і ўдзельнічаў у паседжанні ваяводскай сельскагаспадарчай камісіі. Увечары Масціцкі накіраваўся ў Вільню.

Ластоўскі кіраваў станцыяй на працягу 35 гадоў. Сярод іншых прац, вывеў адаптаванае да прыродных умоў Віленшчыны беняконскае жыта, тыбецкі авёс, авёс Лонгінус, бульбу Альмарыя і раннія гатункі лубіну. У 1924 г. ён быў абраны сябрам Фізіяграфічнай камісіі Польскай акадэміі навук. У 1929 г. быў прызначаны на кафедру глебы і раслін універсітэта Стэфана Баторыя. Ён быў першым дэканам факультэта сельскай гаспадаркі ўніверсітэта (1939 г.). Падчас другой нямецкай акупацыі, арганізаваў падпольныя курсы па аграноміі. У 1945 г. ён пакінуў Беняконі і пераехаў у Познань, працаваў на кафедры глебазнаўства факультэта сельскай і лясной гаспадаркі ўніверсітэта горада Познань. Напісаў каля 60 навуковых прац і некалькі сотняў артыкулаў у прафесійныя часопісы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX