Вярнуцца: Леанід Лаўрэш

Рэцэнзія на кнігу: Леанід Лаўрэш. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне


Аўтар: Ціхаміраў Андрэй,
Дадана: 03-04-2018,
Крыніца: praknizhki.blogspot.com.by.



Абуджэнне рэгіянальнай гісторыі?

Леанід Лаўрэш. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне, - Гродна: ТАА ЮрСаПрынт, 2016.

Пісаць пра рэгіянальнае мінулае (яго яшчэ часцей называюць краязнаўствам, і часам лічаць нечым менш важным, чым паважная вялікая Гісторыя) трэба ўмець. Перадусім таму, што нават сабраць значны матэрыял - гэта ўжо важна і даволі цяжка. Краязнаўца менш сціснуты пэўнымі літаратурна-стылістычнымі межамі і можа сабе дазволіць "лірычнае адступленне", больш эмацыйную ацэнку, паказаць сюжэт на мікраўзроўні. Пры гэтым непрафесійны гісторык можа горш валодаць метадалогіяй, дапускаць неправераныя трактоўкі, губляцца ў гушчыні матэрыялу і абапірацца ў большасці выпадкаў на апублікаваныя працы. Вядома, што гісторык чытае працы краязнаўцы больш крытычна, але варта тут памятаць, што краязнаўчыя працы таксама маюць сваё месца і свайго чытача. Адносіны да краязнаўства як да нечага "менш істотнага" склаліся сярод гісторыкаў, якія пішуць пра тое, што мікрасюжэты нібыта не маюць сэнсу для распрацоўкі "агульнага вобразу" мінулага. Але заходнія аўтары даўно паставілі мікрагісторыю і рэгіяналістыку на адпаведны метадалагічны ўзровень і паказалі, што такія даследванні даюць не менш карысці, чым агульныя і эпічныя разважанні пра маштабныя падзеі.

Леанід Лаўрэш - вядомы лідскі аўтар кніг і артыкулаў на рэгіянальныя тэмы, стваральнік інтэрнэт-бібліятэкі і апантаны збіральнік мінуўшчыны Ліды і Лідскага краю.

Кніга "Паўстанчы дух" у цэнтр ўвагі ставіць перадусім рэгіянальны аспект узброеных дзеянняў у ХІХ стагоддзі на Лідчыне. Кніга складаецца з трох раздзелаў і дадаткаў. Першы раздзел прысвечаны падзеям вайны 1812 года. Падзеі франка-расійскай вайны цяжка залічыць да "паўстанчых": ваенныя дзеянні двух рэгулярных армій і супрацоўніцтва мясцовых эліт з Напалеонам цяжка назваць узброенай барацьбой супраць існуючай дзяржавы ў "чыстым выглядзе". Удзел войскаў іншай дзяржавы - гэта ўжо адкрытае ўмяшанне і сам факт супрацоўніцтва можа разглядацца як калабарацыя. Аднак рэаліі ХІХ стагоддзя і саслоўнага грамадства тады ўвайшлі ў супярэчнасць з развіццём ідэі мадэрнай нацыі і збегліся з сітуацыяй знішчэння цэлай незалежнай дзяржавы Рэчы Паспалітай, падзеленай ў канцы XVIII ст. Падзеі Лістападаўскага (1830-1831 гг.) паўстання ў беларускіх губернях былі адназначным узброеным супраціўленнем грамадства "уласнай дзяржаве". Аўтар паказвае менш вядомыя падзеі на тэрыторыі Лідскага і суседніх паветаў (падзеі ў Ашмянах - праўда ці варта адназначна адносіць Ашмянскі павет да Лідчыны?, паходы генералаў Дэзыдэрага Хлапоўскага і Антонія Гелгуда), звяртае ўвагу на кардынальныя змены ў сацыяльным, прававым і канфесійным становішчы беларускіх і літоўскіх земляў пасля падаўлення выступленняў. Апошняя частка кнігі прысвечаная Студзеньскаму паўстанню 1863-1864 гг. - яна большая па аб'ёме ад папярэдніх раздзелаў. Увага да гэтых падзей зразумелая. Адзначэнне 150-гадовага юбілею ў 2013 годзе выклікала навуковую і грамадскую дыскусію, ацэнкі падзеяў вагаліся ад прызнання важнага значэння паўстання для беларускай саматоеснасці да рэзка негатыўных выказванняў, якія падтрымлівалі дзеянні імперскіх расійскіх уладаў. Леанід Лаўрэш прысвяціў значную частку расповяду постаці Людвіка Нарбута і ягонай сям'і, напісаў пра перадумовы і ход паўстання не толькі на Лідчыне, але і таксама ў Гродне. У "Дадатках" змешчаная самая розная інфармацыя, якая тычыцца асноўных сюжэтаў раздзелаў (часам, праўда яна даволі ўскосная). Маю асаблівую ўвагу звярнула частка пра мемарыялізацыю постаці Людвіка Нарбута ў Лідзе і барацьбу актывістаў па вяртанні памяці пра паўстанца ў гарадскую прастору ў сучаснай Беларусі.

Канешне, ёсць пэўныя хібы ў выданні гэтай кнігі. На жаль, маюцца розныя памылкі друку і часам сустракаюцца памылкі ў напісанні імёнаў і аб'ектаў. Вядома, гісторыку можа падавацца, што гэта праца "другаснага тыпу" - архіўныя матэрыялы ў ёй практычна не выкарыстаныя, а аснова - гэта апублікаваныя навуковыя працы і ўспаміны. Аднак, каб сабраць розныя сюжэты, датычныя гісторыі Ліды і Лідскага павету ў вайне 1812 года і інсургенцкія часы таксама трэба час. Шырокае кола чытачоў таксама патрабуе больш папулярнай кнігі на гэтыя тэмы і магчыма, аўдыторыя больш ахвотна возьмецца за яе чытанне, чым уласна навуковае сачыненне, згоднае з усімі прынцыпамі прафесійнага варштата. Вяртанне рэгіянальнай гісторыі - гэта безумоўна пазітыўны зрух у грамадскай свядомасці Гродзенскага рэгіёна і кніга Леаніда Лаўрэша дапамагае не забыцца пра мінулае.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX