Вярнуцца: Леанід Лаўрэш

Леанід Лаўрэш: "Кожная знаходка - нагода для радасці"


Аўтар: Шчарбачэвіч Ніна,
Дадана: 30-09-2014,
Крыніца: Шчарбачэвіч Ніна. Леанід Лаўрэш: "Кожная знаходка - нагода для радасці" // Звязда № 185 (27795) 30 верасня 2014 г.

Спампаваць




Гісторыя Лідчыны добра даследавана: ужо шмат што напісана і выдадзена па ёй. Сёння многае з гэтага акумулюецца на інтэрнэт-рэсурсе pawet.net. Яго стваральнік, рэдактар і пастаянны аўтар - мясцовы краязнавец Леанід Лаўрэш. Але ён не толькі размяшчае свае публікацыі ў інтэрнэце, але і рэгулярна атрымлівае ў выдавецтвах уласныя папяровыя кніжкі. Для яго даследаванне Ліды - справа жыцця, любімы занятак. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з Леанідам Лаўрэшам, калі на вуліцы ішоў надакучлівы дождж. Таму мы не сталі блукаць па старажытных вуліцах, а проста пагутарылі пра надзённае, размясціўшыся так, каб здаля быў відаць Лідскі замак…

(29KB) Леанід Лаўрэш.

- У вашай кнізе «Ліда ўчора і сёння: гісторыя горада ў выявах» змяшчаецца шмат старых чорна-белых фотаздымкаў. Як адшукалі такую колькасць архіўнага матэрыялу?

- Я маю вялікую зацікаўленасць да паштовак старога горада. У 2001 годзе была выдадзена брашура з некаторымі з іх - ужо тады я меў пэўную калекцыю гэтых паштовак. Калекцыя то разыходзілася, то збіралася зноў, аднак у электронным выглядзе захоўвалася заўсёды. Ствараючы кнігу пра Ліду, мы палічылі, што будзе цікава не толькі штосьці напісаць, але і даць шмат ілюстрацый. Надрукаваць побач старыя выявы і сучасныя фотаздымкі было немагчыма, бо горад вельмі змяніўся: ён амаль цалкам згарэў на пачатку вайны 22 чэрвеня 1941 года. Ад колішняга цэнтра старога горада захавалася толькі сцяна яўрэйскай школы і два касцёлы (адзін з іх цяпер дзейнічае як царква) - тым цікавей гэта ўсё вывучаць.

- Кім працуеце? І ці хапае вольнага часу на актыўную краязнаўчую працу, на сталае выданне ўласных кніг?

- Я інжынер па адукацыі, вольнага часу сапраўды нестае. Аднак кнігі пісаліся не тое што адна за адной, па чарзе, - усё гэта было створана значна раней, чым выдавалася. Былі нарыхтоўкі.

- Як сям'я ставіцца да вашага захаплення краязнаўствам?

- Сын ужо дарослы, жыве ў Варшаве, працуе праграмістам і зарабляе нашмат больш, чым тата. Жонка ў мяне чалавек разумны (усміхаецца), ёй самой усё гэта цікава. Вядома, каб не яна, у мяне нічога б не атрымалася. У маёй чацвёртай кнізе з нарысамі гісторыі астраноміі, выдадзенай «Лімарыусам», змешчана прысвячэнне жонцы. Каб жонка мяне не падтрымала, не ўзяла на сябе частку працы па хаце, мне было б значна цяжэй. Таму з ёй мне пашанцавала.

- Вы займаліся даследаваннямі роду сваёй жонкі. А ўласны радавод таксама вывучалі?

- Мае продкі былі вясковымі людзьмі, а сялянскі род даследаваць вельмі цяжка. Шляхта тастаменты пэўныя пісала, у войнах удзельнічала, на замежныя суды ездзіла - адшукаць іх сляды лягчэй. Таму грунтоўную публікацыю планую падрыхтаваць пра радавод жонкі (прозвішча Хруль герба Праўдзіц).

- Раскажыце, якія самыя цікавыя знаходкі ўдалося зрабіць за часы краязнаўчых пошукаў?

- Калі ты ў тэме і знаходзіш нават невялікую дробязь - пэўны цікавы радок, адзін фотаздымак, то можаш цэлы тыдзень хадзіць у захапленні. Днямі ў інтэрнэце я праглядаў невялікую кніжку на польскай мове, якую зусім нядаўна туды выклалі. У ёй я знайшоў выяву лідскага староства (раней павета), якое знаходзілася ў старым кармеліцкім кляштары, - 1945 год ён «не перажыў». Выяў гэтага кляштара амаль не захавалася. А тут я адшукаў адразу дзве ілюстрацыі - гэта было надзвычай цікава! Я адразу апрацаваў і захаваў сваю знаходку. У другой маёй кніжцы апісаны лёс генерала Кіпрыяна Кандратовіча. Раней пра яго толькі ў энцыклапедыі было напісана 5-6 радкоў (з іх 2 - непраўдзівыя). Таму я фактычна першым «раскапаў» гісторыю гэтага чалавека з нуля.

- Пасля таго, як кнігі паступілі ў масавы продаж, ці змянілася стаўленне вашых калег, ці з'явілася дадатковая ўвага?

- Беларускія кніжкі цяпер друкуюць невялікім накладам. Як кажуць: «Усе мы шырока вядомыя людзі ў вузкіх колах» - таму нельга сказаць, што я займеў нейкую папулярнасць з-за сваіх кніг. А вось пятая кніга выходзіла пры садзейнічанні «Лідскай газеты». У ёй ужо два гады раз на два месяцы друкуецца мая паласа па гісторыі Ліды - вось гэта многіх здзівіла: тых, хто быў са мной добра знаёмы, але не ведаў, што я займаюся «невядома чым» (усміхаецца). Напачатку не ўсе разумелі гэта, але іншыя ставіліся станоўча, казалі, што чыталі і ім цікава (цяпер увогуле няшмат тых, хто можа адолець цэлую газетную паласу). Мой сайт pawet.net штодзень наведвае каля 2500 - таму на паперу я вельмі не разлічваю - усё ідзе ў інтэрнэт.

- Як бы вы акрэслілі, навошта ўвогуле сучаснаму чалавеку ведаць гісторыю свайго краю?

- Па-першае, без уласнай беларускай версіі падзей не будзе самой Беларусі - ні дзяржавы, ні народа. Аднак пра такія высокія матэрыі я не думаю, а займаюся гэтым проста таму, што мне цікава (калі пачало нешта атрымлівацца, стала яшчэ цікавей!). І проста веру, што, калі мне трэба знайсці пэўны гістарычны матэрыял і выдаць па ім кніжку, так яно і будзе. У нашай краіне выдатныя прафесійныя гісторыкі і высокага класа маладыя аспіранты. Яны яшчэ сябе праявяць, бо адкрываецца шмат невядомага раней, і мы будзем мець вельмі цікавую гісторыю.

- Колькі на вашым рахунку ўжо кніжак па краязнаўстве?

- Цяпер 6-я выйшла. І 2 падрыхтаваны да друку: першая пра Мала-Мажэйкаўскую царкву, другая - пад умоўнай назвай «Тры паўстанні на Лідчыне» (1812, 1831 і 1863 гады). На друк кнігі пра царкву грошы ўжо знайшліся. На выданне другой адзін чалавек шукае для мяне фінансы. Бо ў мяне ёсць такі прынцып - не выдаваць кнігі за свае сродкі. Да таго ж я апублікаваў каля 120 артыкулаў.

- Дзе ўсё-такі бераце грошы на выданне сваіх прац?

- Кнігу пра Вандаліна Шукевіча надрукавалі ў выдавецтве «Харвест»: яна выйшла невялікім фарматам у іх серыі «100 асоб Беларусі». Я нават ганарар за яе атрымаў, не тое што траціў свае сродкі. Кнігу пра гісторыю Ліды выдалі гарадскія ўлады (дзякуй ім за гэта вялікі!) як мясцовы праект. Кнігу пра грэка-ўніяцкую царкву на Лідчыне надрукавалі грэка-ўніяты. Вось вам і крыніцы фінансавання. А на ўсё астатняе грошы не патрэбны: толькі камп'ютар, асабістая зацікаўленасць і вольны час.

http://zviazda.by/2014/09/54851.html
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX