Папярэдняя старонка: Аркадий Мигдал

Крэскі да біяграфіі акадэміка Аркадзя Мігдала 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 13-03-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Крэскі да біяграфіі акадэміка Аркадзя Мігдала // Наша слова.pdf № 14 (66), 5 красавіка 2023.



Самыя розныя крыніцы кажуць нам, што вядомы фізік, акадэмік Аркадзь Мігдал нарадзіўся 11 сакавіка 1911 г. у горадзе Лідзе. Мяне заўсёды трошкі здзіўляла немагчымасць знайсці нейкую інфармацыю пра лідскі перыяд жыцця навукоўца ці яго сям'і, ніхто з Аркадзь Мігдал. лідзян ніколі не згадваў пра яго сваякоў і, здаецца, ён сам ніколі і нікому не расказваў пра гэты перыяд свайго дзяцінства. За некалькі дзясяткаў гадоў сваіх пошукаў я знайшоў толькі некалькі аскепкаў інфармацыі, з якіх, аднак становіцца зразумелым, што лідскі перыяд жыцця для сям'і акадэміка быў цалкам выпадковым і не надта прыемным.


У 1908 ці 1910 гг. слуцкі чыноўнік з універсітэцкай адукацыяй Рыгор Скурат напісаў гумарыстычную паэму пад назвай "Файнбергада", якая, не маючы ніякіх мастацкіх вартасцяў, спадабалася сучаснікам сваімі досціпамі і хадзіла сярод гараджан у спісках, а некаторыя з случакоў нават ведалі яе на памяць [1]. Героямі паэмы былі рэальныя гараджане Слуцка таго часу - у ёй распавядалася пра "вышэйшае грамадства" горада, якое бавіла свой час у будынку дваранскага сходу. Сярод герояў паэмы быў і ўладальнік гарадскога паравога млына Файнберг Савеліч (па яго прозвішчы паэма і атрымала сваю назву), героямі гэтай сатырычнай паэмы быў Крупскі - памешчык, дзед Надзеі Крупскай (жонкі Леніна), Бярозка - бацька рускага пісьменніка Георгія Бярозкі - аўтара шырока вядомага ў свой час рамана "Ночь полководца" і Бейнус Мігдал - слуцкі "габсэк"-ліхвяр.

Дзеянне паэмы пачынаецца на парозе дома Файнберга, які вечарам спяшаецца ў дваранскі клуб, дзе яго чакаюць сябры па гульні ў карты і заканчваецца позна ноччу на прыступках таго ж клуба. Файнберг садзіцца за картачны стол і пачынае гуляць, прычым адным з яго кампаньёнаў з'яўляецца ліхвяр "масціты Мігдал", якому большасць з прысутных ўжо пазакладала сваю маёмасць - у паэме маюцца наступныя радкі:

…Туда, куда едут с уезда паны,

Но больше играют уже на штаны…

Имения все уж давно у Мигдала,

А с ними и панская слава пропала.

У 1910 г. Мігдал праз ліхвярства даводзіць "вяршкі" слуцкага грамадства да таго, што яно вырашае забіць яго, і толькі своечасовыя ўцёкі ў Карэлічы ратуюць бацьку будучага акадэміка [2].

Пагроза была рэальнай, бо Бейнус Мігдал не вярнуўся ў Слуцк і, пакінуўшы гэты горад, пасяліўся ў Лідзе, дзе ў 1911 г. і нарадзіўся яго сын Аркадзь Мігдал. Аднак несуцішная энергія і прага да грошай Мігдала-бацькі ўжо у 1913 г. прыводзіць яго на лаву падсудных. З газеты "Віленскія губернскія ведамасці" даведваемся, што 5 лютага 1913 г. выязная сесія Віленскага акруговага суда "у яго часовым памяшканні ў горадзе Ліда [будзе слухаць справу] гараджаніна Бейнуса Хаімавіча Мігдала, абвінавачанага па 572 артыкуле Статута аб пакараннях" [3]. З артыкула аб пакараннях бачна, што Мігдал-бацька "пагарэў" на нейкіх афёрах з лесам.

Аркадзь Мігдал практычна нічога не паведамляў пра сваю сям'ю. З яго слоў вядома, што ў 1920-я гг. Мігдалы пераехалі ў Пецярбург, таму, верагодна, у 1915 г. падчас бежанства Першай Сусветнай вайны Мігдалы пакінулі Ліду. Пра свайго бацьку ў анкетах акадэмік паведамляў, што той быў землеўпарадчыкам у Лідзе. Аднак, у даведачных кнігах такога землеўпарадчыка няма, і, улічваючы нацыянальнасць Бейнуса Мігдала, у Расійскай імперыі для яго гэта было, верагодна, немагчыма.

Першую сваю навуковую работу Аркадзь Мігдал выканаў, працуючы лабарантам у школе ва ўзросце 17 гадоў. Потым ён паступіў на фізічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, але правучыўся нядоўга - быў арыштаваны і звыш двух месяцаў знаходзіўся пад следствам, пасля чаго адпушчаны на волю (тады яшчэ часам адпускалі). З 1931 па 1936 г., працаваў інжынерам-разлікоўцам на заводзе "Электрапрыбор", дзе выканаў некалькі навуковых работ. У гэты час яму ўдалося аднавіцца на вячэрняе аддзяленне ЛГУ і пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1936 г., будучы акадэмік паступіў у аспірантуру ЛФТІ - гэтак пачаўся яго шлях у вялікую навуку.

Калега-фізік Мігдала Мірон Амус'я, які дастаткова блізка ведаў акадэміка, пісаў: "Баюся, Мігдал не ведаў, што яго прозвішча ў перакладзе з іўрыту азначае "вежа". … Ён казаў мне, што прозвішча яго дзеда была Мігдалаў, г.зн. даўно была русіфікавана, але потым вярнулася да першапачатковага" [4]. Але, здаецца, калега акадэміка нешта пераблытаў і прозвішча сваякоў Мігдала русіфіцыравалася ўжо ў Ленінградзе. Сярод спісу загінуўшых яўрэяў-блакаднікаў ёсць верагодны родны дзядзька фізіка - Мігдал Ізраіль-Давід Хаймавіч (1872-1942) і яго верагодны брат - Мігдалаў Яфім Бяйнусавіч (1902-1942) [5]. Таму можна выказаць здагадку, што ў свой час у Ленінград пераехала ўся вялікая сям'я будучага акадэміка.

Нягледзячы на змену прозвішча сваякоў і на тое, што сам Аркадзь Бяйнусавіч афіцыйна пісаўся Бенядыктавічам, па словах Мірона Амус'і, ён лічыў сабе яўрэем і заўсёды цікавіўся яўрэйскай культурай [6], што не можа не выклікаць павагу.



[1] Паэма была надрукаваная толькі ў 1988 г. у газеце "Шлях Ільіча" ад 26 сакавіка.

[2] Ціткоўскі Ігар. Слуцкая "Файнбергада" і яе героі: памяці слуцкага краязнаўцы Рыгора Родчанкі// Полымя. 2009. № 10. С. 198-200.

[3] Виленские губернские ведомости. № 6, 19 января 1913. С. 4.

[4] Мирон Я. Амусья, Атомные ядра, пионная конденсация и кое-что ещё. К столетию со дня рождения Аркадия Бейнусовича Мигдала // Семь Искусств. 2011, март. С. 35.

[5] Галёркин Наум. Список погибших в годы блокады Ленинграда во время Второй мировой войны евреев и лиц, носящих еврейские имена и фамилии. Препринт: Иерусалим. 2013. // https://infoportal.co.il/iportal/Our_Projects/JBLWS/List/Blokadniki_list_00015609-025548.3.htm

[6] Мирон Я. Амусья, Атомные ядра, пионная конденсация и кое-что ещё. С, 34-37.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX