Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Тодар Нарбут - паэт, фалькларыст і гісторык, антычных і іншых моваў знаўца 


Аўтар: Хітрун Алесь,
Дадана: 19-04-2015,
Крыніца: Хітрун Алесь. Тодар Нарбут - паэт, фалькларыст і гісторык, антычных і іншых моваў знаўца // Лідскі Летапісец №4(68)-2014. C. 13-16.



Значны след пакінуў на Лідчыне вядомы род Нарбутаў, і перш за ўсіх - Тэадор Матэвуш Остык-Нарбут або проста Тодар Нарбут, як звыклі тут казаць. У той час маёнтак Шаўры, дзе ён нарадзіўся, уваходзіў у склад Лідскага павета. Тодар Нарбут вядомы як інжынер-фартыфікатар, вучоны-энцыклапедыст, краязнавец і фалькларыст, гісторык, і яшчэ як літаратар.

Гісторык, паэт, інжынер,

Антычных і іншых моў знаўца,

Збіральнік-калекцыянер,

Найлепшы ў Літве краязнаўца,

Найпершы ў ёй фалькларыст,

Пісьменнік, выкладчык і дойлід,

Прызнаны Літвой нарысіст… -

Ці трэба спіс талентаў доўжыць?

Такую характарыстыку даў Тодару Нарбуту сучасны даследчык і паэт з вёскі Нача Воранаўскага раёна Ўладзімір Руль.

Літаратурны набытак Т. Нарбута багаты. Спіс навуковых артыкулаў, якія ён надрукаваў, змяшчаецца ў працы Юзафа Бялінскага ("Віленскі ўніверсітэт (1579-1831)", Кракаў, 1899-1900 гг.). Біяграфія і публікацыі Нарбута згадваюцца на старонках, прысвечаных знакамітым вучням. З гэтай крыніцы вядома, што многія артыкулы Нарбут змяшчаў у газетах і часопісах, з якіх не ўсе ў Польшчы даступныя. Публікаваў не толькі арыгінальныя рэчы, але і пераклады. Іх тэматыка разнастайная, што сведчыць аб шырокай сферы зацікаўленасці і даследаванняў. Адзін з біёграфаў Нарбута пісаў: "Вярнуўшыся ў дамашні зацішак, асеў у сваім маёнтку... Там некалькі дзесяткаў гадоў збіраў паданні і весткі, прадметы мінуўшчыны язычніцкай і хрысціянскай Літвы з вялікім замілаваннем і нястомным стараннем, акрамя таго займаўся гаспадаркай, але не абы як, бо атрымліваў медалі за вырабы з ільну, таксама займаўся паэзіяй. Плёны гэтых пошукаў і даследаванняў пачаў спачатку публікаваць у выглядзе шматлікіх артыкулаў у "Дзённіку", "Віленскім штотыднёвіку", пісаў у "Пецярбургскі штотыднёвік", у "Атэнэум" Крашэўскага, у "Выявах", у навагодніках "Андыны", "Радэгаста", у "Інтэлектуальных помніках" і г.д. ..."

Тэадор Нарбут засведчыў немалы літаратурны талент як перакладчык вершаў з замежных моў, якія друкаваў у газетах, напрыклад, "Оды і кантаты Русо" (Вільня, 1832 г.), а таксама "Оды Гарацыя, напісаныя вершам", Вільня, (1835 г., 2 тамы), і "Дон Кіхота з Ламанча". Іншымі словамі, ён меў майстэрства і досвед стылізатара і, безумоўна, як карэнны шаўравец выдатна валодаў беларускай мовай, якой ў Хроніцы надзяляецца больш месца. Свае краязнаўчыя працы змяшчаў пераважна ў "Гродненских губернских ведомостях".

Літаратурных твораў яго захавалася нямала, але скарыстаць пакуль што не выпадае магчымасці. Вядома, што за сваю літаратурную дзейнасць Т. Нарбут быў пазбаўлены волі. Пасля паўстання 1831 г. "адстаўны капітан-інжынер" Тэадор Нарбут абвінавачваўся расійскімі ўладамі ў тым, што падчас побыту Дызыдэры Адама Хлапоўскага ў Лідскім павеце (23 траўня 1831 года) напісаў "пасквіль супраць Расеі". За гэта атрымаў зняволенне ў турэмнай вязніцы. Але хутка быў вызвалены са спадзяваннямі, што ў яго знікне ахвота да такой творчасці. ( Даведка. Пасквіль - гэта (састар. пашквиль ад ням. Pasquill , з італ. рasquillo ) - твор, што змяшчае карыкатурныя перакручванні, паклёп і зласлівыя нападкі, мэта якіх абразіць і скампраметаваць якую-небудзь асобу, групу, партыю, грамадскі рух і да т.п. Пішацца ў публіцыстычнай ці белетрыстычнай форме, блізкай памфлету. Найчасцей выкарыстоўваецца як сродак дыскрэдытацыі палітычных супернікаў. Не з'яўляецца "ўзаконеным" літаратурным жанрам).

Але паводле кнігі Аляксея Ненадаўца "Тэадор Нарбут" (Мінск, выдавецтва "Полымя", 1986 год), пазначаецца, што Тодар напісаў гэты "саркастычны верш на генерала Дызыдэры Хлапоўскага", значыць супраць яго.

Тут атрымліваецца непаразуменне: ці то час наклаў карэктарскі, ідэалагічны адбітак на матэрыял Ненадаўца, ці то Тодар - двудушная асоба, быццам медаль, які мае два розныя бакі - быў на баку паўстанцаў (распрацаваў планы захопу Вільні і Бабруйскай цвердзі паўстанцкім атрадам, адліў і перадаў паўстанцам некалькі гармат, ружжы, шаблі, паходны рыштунак байца), ці ўсё ж такі падтрымліваў рускіх казакоў. Бо нам вядома, што Дэзідэры Хлапоўскі - польскі генерал, на вайсковай службе быў задзейнічаны з 1802 года. Ён прымаў удзел у паўстанні, 30 траўня 1831 года знаходзіўся на беларуска-літоўскіх землях, войска ягонае налічвала каля тысячы адборных салдат і афіцэраў. 31 траўня ён падышоў да Ліды з боку Жалудка і пачалася бойка паміж батальёнам рускай арміі і войскам генерала Хлапоўскага на паўночным ускрайку горада, (прыблізна ля сучаснай вуліцы Свярдлова). У выніку пяхотны батальён быў разбіты, за што войска Хлапоўскага ўрачыста было сустрэта ў Лідзе (23 траўня - па звестках Міхала Шымялевіча). Знаходжанне Хлапоўскага ў Лідзе было занадта кароткае, каб магло выклікаць паўстанне.

Ужо ў наш час, у 1992 годзе, літаратуразнаўцам Уладзімірам Мархелем быў знойдзены верш Т. Нарбута "Пародыя песні Яна Каханоўскага", які быў перакладзены з польскай на беларускую мову гэтым даследчыкам. ( Даведка. Ян Каханоўскі (6 чэрвеня 1530 - 22 жніўня 1584, Люблін) - польскі паэт з Чарналесся, з эпохі Адраджэння, пісаў як на польскай, так і на лацінскай мовах. Зборнік вершаў "Песні" ("Piesni"), які выдадзены быў у 1856 годзе стаў вяршыняй лірычнай паэзіі гэтага аўтара). У тым, што Т. Нарбут - адзін з тых, хто знаходзіўся ля вытокаў беларускай дэмакратычнай думкі, можна ўпэўніцца ў закладзеным матыве гэтага твора, які пазней быў заўважаны ў творчасці Францішка Багушэвіча, - яркай постаці ў гісторыі беларускай літаратуры XІX ст., перакананага дэмакрата, заступніка народа, якому служыў словам і справай, актыўнага ўдзельніка ў паўстанні Кастуся Каліноўскага. Вершы Багушэвіча, сапраўды, пераклікаюцца з вершам Нарбута, калі ўзгадаем такія як "Бог не роўна дзеле", "Ахвяра", "Гора", "Смык".

"Пародыя песні Яна Каханоўскага"

(пераклад з верша Тодара Нарбута)

Вёска нэндзы і пакуты,

Хто ж пакажа ўціск твой люты?

Над тваёй сягоння доляй

Лес галосіць, плача поле.

Селянін табе адданы,

Чалавекам не названы,

Ён свайго не мае й пядзі

У няволі, ў заняпадзе.

Каб жыць іншым без трывогі,

Ёсць зямельныя разлогі:

Стуль шыкоўнае адзенне

І бяседы, і ўзвышэнне.

Хто не робіць анічога,

Толькі вёсак мае многа,

Той жыве, каб нажывацца,

Есць і п'е з чужое працы.

Селянін жа каля плуга -

Вось і ўся яго выслуга.

Ён сям'ю сваю ў няволі

Не накорміць нат ніколі.

Не яму цвітуць гароды

І прыносяць пчолы мёды,

І авечка дорыць воўну,

І арэ вол поле роўна.

Косіць ён у полі, лузе -

З таго пан карысць здабудзе.

А па севе, у час зімовы

Жаль яго прыцісне новы.

Чутны сумныя тут гімны,

Дзе куток заўсёды дымны.

Рэдка смех там і гулянні,

Дзе сваволяць пакаранні.

Дзе ўсё ж чулы тут народзе,

Хоць яго лёс ведзьмы зводзяць.

Ён не ведае свабоды,

А шчыруе тут заўсёды.

Венцер у яго гатовы,

Каб у рэчцы браць уловы.

Ён за шчаснай сочыць пташкай

Бы не мае працы цяжкай.

Хоць сваты і небагаты,

Весяляцца яны ў святы,

Бы сатыры тыя скачуць,

І над песняй сваёй плачуць.

Гаспадыня ж, вось нябога,

Пра вячэру дбае з тога,

Што паслаў Бог - не іначай,

Ксёндз пакінуў, пан не ўбачыў.

Мужу служыць, дагаджае,

Пры жыцці яго трымае,

Дзеліць нэндзу, клопат Боскі,

Нараджае вязняў вёскі.

Падрастуць яны калісьці -

Жабракі ж ужо ў калысцы.

Прывыкаюць да цярпення,

Да жыццёвага сумнення.

Хвалец веку залатога

Вёску я не ўслаўлю многа,

Бо калі б яе ты ўбачыў,

Песню б сам сваю зыначыў.

Пра што гэты верш? У першую чаргу, прыцягвае да сябе ўвагу чалавек вёскі, селянін, які працуе з рання да змяркання, атрымлівае толькі кпіны за сваю працу, "селянін, табе адданы, чалавекам не названы; ён свайго не мае й пядзі ў няволі, у заняпадзе". Гэты чалавек не надзелены непаўторнымі рысамі, яму не хапае індывідуальнасці, але, за тое, у яго лёсе знайшлі месца бяда, гора, нястача, якія пераўвасоблены ў звышнатуральныя сілы, напрыклад, "над тваёй сягоння доляй лес галосіць, плача поле". Над селянінам узялі верх злыя міфічныя істоты, "яго лёс ведзьмы зводзяць", "а па севе, у час зімовы жаль яго прыцісне новы". У вершы ўжыты і разнастайныя народна-паэтычныя выразы, у якіх апісваецца вобраз селяніна і прыгнятальніка, які мае з яго карысць: "Косіць ён у полі, лузе - з таго пан карысць здабудзе", "Хто не робіць анічога, толькі вёсак мае многа, той жыве, каб нажывацца, есць і п'е з чужое працы". Без усякіх прыхарошванняў Нарбут перадае тую карціну, якую сам бачыў на свае вочы, перадае той час, які панаваў у краі. Героі пададзены ў такім вобразе, што нам бачна - яны пазбаўлены радасці ў жыцці, яны ў бязвыхадным стане, бо не маюць ніякіх сродкаў для паляпшэння свайго становішча. Нават дзяцей чакае сумная будучыня: "падрастуць яны калісьці - жабракі ж ужо ў калысцы прывыкаюць да цярпення, да жыццёвага сумнення". Герой паэта не бачыць лепшага становішча, не мае выйсця з гэтай гароты. Паэт нават ад імя героя звяртаецца да сонца, просіць дапамогі ў прыроднай стыхіі, - гэта даказвае яшчэ раз, што Т. Нарбут па-майстэрску валодаў асаблівасцямі фальклору.

Бываючы ў розных гарадах і вёсках, Т. Нарбут вывучаў жыццё, працу і побыт людзей, звяртаў увагу на шматлікія падзеі і здарэнні, якія адбываліся ў той час, бачыў гаротны стан селяніна. Усё гэта паступова пачало адгукацца ў яго літаратурных творах, у фальклорных зборах. Калі казаць пра апошняе, то ў гэтым кірунку вучоны праявіў сябе не горш чым у літаратурнай справе. Сведчаннем з'яўляецца і плённая праца з палескім фальклорам, быццам адчуваў, што менавіта там захаваўся ён ў сваім першатворным выглядзе. Аналізуючы вясельныя песні з Піншчыны пра тры зёлкі, даследчык робіць вывад, што па сутнасці яны адначасова адрасаваліся і паганскаму бажку Любічу:

Былі мы ў касцёле,

Відзелі Трой-зелле:

Адно зелле мята,

А трэцяе то кветкі,

Каб любіліся дзеткі.

Т. Нарбут апісаў старажытны абрад "Уцёкі паненкі з дому" і суправодзіў яго ўласнай песняй "Гдзе ж наша галубка, што ад нас уцякае?". Наконт песні "Уступіла нявеста на Юры дзень" вучоны вызначыў, што Юра - гэта багіня і каралева Балтыйскага мора. У глыбінях марскіх узнімаліся горы бурштыну, калі Пярун грымеў за яе патаемныя адносіны з рыбаком. У тым, што Юра сустракаецца як у палескім, так і ў жамойцкім фальклоры, Т. Нарбут амаль не памыліўся, калі не звяртаць увагі, што на Палессі - гэта ён, а ў Жамойці - гэта яна, багіня, дзяўчына. Даследчык заўважыў, што даўгавечнасць старажытных міфаў, якія застаюцца ў памяці людзей, захоўваюцца не толькі ад таго, што народ пакланяўся ім, але і ад таго, што пастаянна яны выкарыстоўваюцца пры выкананні некаторых фальклорна-этнаграфічных абрадаў. Вельмі цікава даследчык пераказваў беларускія народныя паданні пра русалку (у Літве андына ці ундына). Т. Нарбут заўважаў, што сяляне паважліва адносіліся да гаспадаркі, у прыватнасці да вала, па гэтай прычыне ён выкарыстоўваў прымаўкі кшталту: "Працавіты, як вол", "Працуе, як вол у плузе", "Як вол у ярме", "Воле! Ты воле!", "Вол вясну чуе" і г.д.

Шмат тлумачэнняў Тодар даў і народным святам. Пра Каляды ён казаў, што "На Каляды па вёсках і мястэчках адбываюцца ігрышчы з музыкай і танцамі, на якіх гаспадары дамаўляюцца аб работніках для сябе на наступны год". Як і цяпер, так і на той час для селяніна Каляды з'яўляліся самым важным святам у годзе, у той час (па занатоўцы Нарбута) людзі казалі: "Дай Бог за год дачакаць, здаровымі быць, у шчасці жыць, хлеб-соль спажываць, жывёлу гадаваць". Тодар назіраў, што ў час Калядаў людзі праводзілі розныя варожбы, што выкарыстоўвалі розныя прымхі. Даследчык пазначаў, што ў Гарадзенскай губерні бытуюць старадаўнія чары, у выпадку, калі выклікалі варажбіта да хворага чалавека, то той прымушаў селяніна паверыць у выздараўленне. Для гэтага чараўнік браў попел з алтара Зніча і рознымі заклёнамі, шэптамі і замовамі адганяў хваробу "на чорны лес" ці не даваў магчымасці далей ёй развівацца. Фалькларыст нават заўважаў, што беларус верыў у існаванне душы, якая пасля смерці адлятае белым галубком ці полымем на неба, ці наадварот, калі ў пекла, то чорным воранам ці крумкачом.

Да фальклорных прац Т. Нарбута звярталіся многія вучоныя, якія нават сустракаліся і ведалі адзін аднаго. У прыватнасці, гэта збіральнік народнай паэзіі славян у Польшчы, Беларусі, Украіне, Расіі Зарыян Даленга-Хадакоўскі, этнограф і фалькларыст Аляксандр Рыпінскі, пісьменнік і фалькларыст, аўтар славутага "Шляхціца Завальні" Ян Баршчэўскі. Ёсць меркаванне вучоных, што легенда пра дзядоў, якая ўвайшла ў аснову паэмы "Дзяды" сусветнавядомага Адама Міцкевіча, была запазычана аўтарам у Тодара Нарбута.

Падрыхтаваў Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1. Полехаў Сяргей. Бацька беларускіх гісторыкаў. Тодар Нарбут / Сяргей Полехаў // Лідскі летапісец, № 47.

2. Бломберг Марыя Магдалена. Тэадор Нарбут. / Марыя Магдалена Бломберг // Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук ГА "Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне". Варшава-Ліда, 2011.

3. Жалуновіч, Л. А. Тэадор Яўхімавіч Нарбут (1784-1864) / Л. А. Жалуновіч // XXI век: актуальные проблемы исторической науки: Материалы междунар. науч. конф., посвящ. 70-летию ист. фак. БГУ. Минск, 15-16 апр. 2004 г. / Редкол.: В. Н. Сидорцов. (отв. ред.) и др. - Мн: БГУ, 2004. - С. 132-133.

4. Ненадавец, А.М. Тэадор Нарбут / А.М. Ненадавец. - Мінск: Полымя, 1996. - 63 с.: іл. (Нашы славутыя землякі).

5. Пародыя песні Яна Каханоўскага: верш // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ стагоддзя: (Зборнік) / Уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. - Мн., 1998. С. 382-387.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX