Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Новае пра Тэадора Нарбута і яго сям'ю 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 09-03-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Новае пра Тэадора Нарбута і яго сям'ю // Лідскі Летапісец. 2021. № 3-4(95-96). С. 52-59.



Усе біёграфы Тэадора Нарбута паведамляюць дзве версіі абставін жыцця гісторыка ў 1812 г. Па адной з іх, ён ціхамірна жыў у сваіх родных Шаўрах і займаўся гісторыяй нашага краю. Па другой версіі, 1812 г. для Нарбута быў напоўнены падзеямі і неверагоднымі ваеннымі прыгодамі [1].

Польскі біяграфічны слоўнік [2] коратка піша пра другую версію падзей 1812 г., як пра магчымую, і грунтуе толькі на кнізе Зоф'і Кавалеўскай «Дзеі паўстання Лідскага...» [3]. Зоф'я Кавалеўская з Лянтоўскіх (1853-1918) нарадзілася ў в. Малыя Бакшты сучаснага Маладзечанскага раёна і ўсё жыццё займалася фалькларыстыкай і этнаграфіяй, даследавала паўстанне 1863 г., з'яўлялася аўтаркай шэрагу кніг і артыкулаў. Тэкст Кавалеўскай грунтуецца на яшчэ жывой памяці жыхароў Лідчыны пра падзеі 1863 г., на асабістых кантактах і размовах з дачкой гісторыка Тэадорай Манчунскай і яго сынам Баляславам Нарбутам. Яе кніга друкавалася як серыя артыкулаў пра паўстанне на Лідчыне ў газеце «Дзённік Віленскі» [4] і пры перавыданні кнігай тэксту адчувальна не хапала добрай рэдактуры.

Тэкст Кавалеўскай мае шэраг дробных недакладнасцяў, якія ў цэлым не псуюць вялікую каштоўнасць усёй кнігі, бо сур'ёзных, сутнасных памылак праца не мае, і я схільны лічыць ніжэй прыведзеныя факты біяграфіі Нарбута вельмі верагоднымі.


Зоф'я Кавалеўская піша, што Тэадор Нарбут, як і ўся наша шляхта чакаў прыходу французаў як збаўлення ад чужой улады. Свае надзеі і пачуцці ён выказваў ва ўзнёслых вершах. У адным з тых тагачасных твораў ён апавядае пра сустрэчу на Замкавай гары ў Вільні Тэадор Нарбут, 1841 г., малюнак А. Піварскага. з духам Ліздзейкі. Першае, што робіць дух, прыняўшы вобраз арцыкаплана ў такі важны для Літвы момант, - знімае з галавы Тэадора ненавісны трохкутны капялюш рускага войска. Гэты паэтычны твор доўгі час захоўваўся ў сям'і і загінуў падчас падзей 1863 года.

Тым не менш у 1812 г. Тэадор Нарбут знаходзіцца ў складзе рускага штаба ў Вільні, куды перад самым пачаткам вайны прыехаў цар Аляксандр I. Калі Напалеон перайшоў Нёман, рускі штабны афіцэр аўстрыйскага паходжання Морыц Кацэбу (потым стане генерал-лейтэнантам) паведаміў ваеннаму інжынеру Нарбуту пра тое, што маецца загад заўтра, на раніцы, пакінуць старажытную сталіцу Літвы.

- Што думаеш рабіць? - запытаў Кацэбу.

- Схавацца і застацца тут, - шчыра адказаў Нарбут. - Можа сваім на што-небудзь прыдамся.


Калі рускія войскі пакідалі горад, усе дзверы дамоў былі зачынены, а вокны завешаны - горад як быццам вымер. Нарбут схаваўся ў знаёмага купца, і падчас хаосу адступлення яго адсутнасць пры штабе не была заўважана. З першым промнем узыходзячага сонца ў Вільню ўвайшоў французскі авангард начале з аддзелам уланаў князя Радзівіла. Горад умомант абудзіўся ад сну, адчыняліся дзверы, вокны і людскія сэрцы. Месцічаў ахапіў шалёны энтузіязм. Жанчыны кідаліся да коней, гладзілі і нават цалавалі іх.

Падхоплены на вуліцах людскімі натоўпамі, Нарбут выпадкова патрапіў у нейкую невялічкую крамку, дзе зусім змучаны затрымаўся на хвілінку. На стале ў краме ляжалі пашарпаныя старыя лісткі, і аматар гісторыі, як быццам, пазнаў рэшткі «Дыярыюша крыжацкіх дарог на Літве» [5]. Думаю, што менавіта ў гэтым месцы Кавалеўская фантазіравала, ці памыляліся дзеці Тэадора Нарбута, пераказваючы ёй гэтую гісторыю з «Дыярыюшам...». Тым не менш, даследчыца паведамляе, што Нарбут паспеў нават нешта занатаваць са старога дакумента.

Выйшаўшы з крамкі, гісторык пабег да Зялёнага моста - менавіта там усе чакалі пабачыць Напалеона. Імператар сядзеў на вялікіх бэльках і наглядаў за работай сапёраў якія будавалі мост цераз Вілію - стары мост, пакідаючы горад, спалілі расейцы. За ракой, падпаленае казакамі, гарэла прадмесце разам са складамі збожжа. Каля Напалеона, аточанага цесным колам маршалаў і ад'ютантаў, стаяў тутэйшы настаяцель айцоў-піяраў ксёндз Гладоўскі. Нарбут звярнуўся да ксяндза па дапамогу і расказаў яму, што хоча працаваць перакладчыкам, бо ведае дзевяць еўрапейскіх моваў. Напалеон на хвіліну павярнуў галаву ... Сталёвыя вочы ўважліва агледзелі постаць Нарбута, імператар загадаў прыняць яго ў канцылярыю міністра Басано [6] і болей не звяртаў увагі на просьбіта. Нарбут атрымаў абмундзірананне і грашовае забеспячэнне - дзесяць франкаў у дзень, сівую кабылу для раз'ездаў і грошы на яе ўтрыманне. А большага ён і не жадаў.

Наша зямлячка, Ганна Патоцкая (з Тышкевічаў) пісала пра герцага Басано: «Дасягнуўшы высокага становішча ў той час, калі кар'еры наогул рабіліся з надзвычайнай хуткасцю, герцаг Басано быў, верагодна, адзіны, у кім не засталося нічога, што нагадвала б пра яго сціплае паходжанне, але з іншага боку, ён не злоўжываў дасягнутым ім высокім становішчам. Яго манеры, касцюм, размова, наогул усё, за выключэннем яго неймаверна тоўстых лытак, насіла адбітак радавітасці. Праўда, ён не адрозніваўся шыратой і тонкасцю розуму, як Талейран, але затое, валодаючы дзіўным тактам і рэдкай праніклівасцю, меў права трымаць галаву высока сярод выдатных людзей, якія атачалі Напалеона. Акрамя таго, ён быў незвычайна сумленным і бездакорным чалавекам» [7].

Работы мелася шмат. Герцаг Басано павінен быў ажыццяўляць знешні нагляд за дзейнасцю новага ўрада адноўленага ВКЛ і адначасова кіраваць замежнымі справамі Францыі. Як намеснік імператара, ён змагаўся з непаваротлівасцю і спрэчкамі паміж французскім камандаваннем і літоўскім урадам. Канцылярыя Басано атрымоўвала палітычная і дыпламатычныя паперы рознай важнасці, прыходзілі прыватныя петыцыі, ішла прыватная карэспандэнцыя. Усё гэта патрэбна было прачытаць, зарэгістраваць у кнізе і перакласці. Герцаг Басано ўвесь час, часта нават уначы, меў пытанні і даручэнні, і паколькі Нарбут быў глухі, дык даваў яму пісьмовыя загады. Часта Нарбута пасылалі з важнымі заданнямі, якія ён сумленна выконваў і таму здабыў давер князя і павагу калег.

Але хутка адбылася катастрофа - французскія войскі пачалі адступаць. Нарбут не пакідаў Вільні і з вялікім неспакоем назіраў за тым, як з галоўнага імператарскага штаба наплываюць туманныя загады і няясныя рапарты. Злавесныя весткі ішлі ў Вільню з хуткасцю тэлеграфа, якога ў той час яшчэ не было. У канцылярыі герцага Басано нарастаў хаос. Напалеон таемна прамчаўся праз Вільню і накіраваўся ў Парыж. За Напалеонам спешна рушыў увесь штаб. Ваенная эпапея заканчвалася.

Разам з канцылярыяй Басано, пацягнуўся за Нёман на сваёй Сіўцы і Нарбут. Але ўжо каля Аўгустова ён зразумеў, што не можа бадзяцца недзе на чужыне, і вырашыў застацца на Радзіме. Павярнуў Сіўку і паехаў да свайго сваяка Прота Нарбута, які жыў тут недалёка. Прот - сын вядомага прыгажуна Нарбута, які быў аздобай салона на «чацвярговых абедах» [8] караля Станіслава Панятоўскага.

Спадар Прот і яго дачка Клемянціна прынялі Тэадора са стараліцвінскай гасціннасцю, і гісторык змог адпачыць тут ад перажытага. Час бавілі за гутаркамі пры каміне. Клямуся, займаючыся вышыўкай, уважліва слухала сваяка і выходзіла толькі, каб у стайні папесціць нарбутаву Сіўку.

Тым часам рускія войскі шукалі дэзерціраў. Чуйнае вушка Клямусі з непакоем прыслухоўвалася да ўсіх чутак. І аднойчы яна прыбегла з весткай пра набліжэнне казакаў. Сіўка стаяла каля ганка пад сядлом, але казакі ўжо ўязджалі праз браму. Вершнік адным скокам пераадолеў плот і паскакаў да лесу. За ім пагналіся казакі - яны сыпанулі ўздагон градам куль. Некалькі куль патрапіла ў Сіўку, і яна звалілася каля зарослага густым чаротам возера. Тэадор схаваўся і перасядзеў тут да ночы, але кулі яшчэ доўга свісталі над чаротам.

Калі ўсё сціхла і начны змрок ахінуў зямлю, Нарбут выйшаў са схованкі і асцярожна скіраваўся да бліжэйшай плябаніі. Ксёндз-пробашч сам адчыніў яму дзверы і правёў унутр. Потым перааапрануў Тэадора парабкам і, пасадзіўшы як вазніцу на вазок, загадаў, як быццам везці ксяндза да хворага. Праз некаторы час яны стаялі перад леснічоўкай. Ксёндз паставіў Святы Сакрамэнт на стол, паклікаў усю сям'ю лесніка і загадаў ім прысягнуць, што яны не здрадзяць таму, каго ён прывёз, не выдадуць расейцам, але схаваюць і зберагуць яго ў сябе. Прысягнулі ўсе.

У лясной глушы сярод сумленных людзей Нарбут адчуваў сябе ў бяспецы. Было дамоўлена, што калі Тэадор пойдзе кудысьці з хаты, а ў яе прыйдзе нехта чужы, дык на знак небяспекі будуць вывешаны белыя хусткі. Кавалеўская піша, што менавіта тут, у лясной цішы, Тэадор Нарбут і задумаў напісаць свае будучыя тэксты і пачаў збіраць стараліцвінскія легенды і паданні.

Час ад часу леснічоўку наведваў спадар Прот Нарбут, а яго дачка выкупіла ў казакаў шкуру Сіўкі і загадала пашыць з яе доўгі дарожны куфэрак, у якім гістарыёграф Літвы потым усё жыццё захоўваў свой французскі мундзір, лісты герцага Басано, загады Напалеона і іншыя сувеніры тых часоў.

У наступным годзе цар Аляксандр І абвясціў амністыю для ўсіх удзельнікаў ваеннай драмы. Нарбут звярнуўся па ласку манарха і атрымаў звальненне са службы і пагашаную за ўвесь час адсутнасці на службе грашовую запазычанасць.

Менавіта згадка пра гэтыя грошы, атрыманыя за тыя два гады, калі Нарбут служыў Напалеону ці хаваўся ад рускіх, дадае веры ва ўсю гэтую гісторыю, робіць яе сапраўднай і жыццёвай. Гэтага не прыдумаеш, а калі захочаш напісаць гісторыю пра «сапраўднага героя», дык не будзеш узгадваць, што ён узяў грошы ў ворага за той час, калі служыў супраць яго. Тут усё па-нашаму - «б'юць - бяжы, даюць - бяры».

Пасля амністыі Нарбут вярнуўся ў Шаўры і пачаў пісаць. А калі падраслі дзеці, гісторык з-пад страхі часам выцягваў куфар са шкуры сваёй Сіўкі, у якім стары прыхільнік Напалеона хаваў памятныя рэчы тых часоў, паважна вымаў іх і ўзрушана раскладваў вакол сябе. Дзеці з вялікім хваляваннем пачціва маўчалі і слухалі бацьку, а потым нават падносілі да вуснаў яго скарбы. Найбольш хваляваў Тэадора стары мундзір, сукно на ім паблякла, але ўсё яшчэ бліскучыя эпалеты будзілі прывіды 1812 года - часоў яго маладосці і надзеі.

«Старога прыяцеля», як называў ён свой мундзір, гісторык нават ушанаваў вершам, які пачынаўся гэтак:

Калі я ўсё страціў падчас краёвых бур,

Ты адзін са мной застаўся, мой стары мундур!

Ты блішчаў на мне ў часы,

калі Край быў у патрэбе,

Я ж рызыкоўна падстаўляў пад кулі сябе і цебе.

Зніклі мае прыгожыя дні,

як дым у начных ценях знікае,

Але той усё ж шчаслівы, хто ўспаміны мае.

Тэадор Нарбут жыў гэтымі ўспамінамі і мацаваўся імі да позняй старасці, пры гэтым часта паўтараў: «О, лёс! Хто меў цябе ў нашым краі…» [9].

Такога кшталту расказы Зоф'я Кавалеўская магла пачуць ад дзяцей Тэадора Нарбута, і дадатковую веру ў верагоднасць усіх гэтых прыгод у 1812 г. дадае аўтэнтычны верш Тэадора пра мундзір.


Пасля 1814 г. Нарбут мог спакойна аддавацца працы гісторыка і літаратара. Інжынер Нарбут надрукаваў у «Дзённіку Віленскім» шэраг прац пра тагачасныя дасягненні прыродазнаўчых навук, пра вядзенне сельскай гаспадаркі [10]. Адстаўны капітан пісаў вершы, займаўся археалогіяй і збіраў мясцовы фальклор [11].

Але Тэадор Нарбут займаўся і перакладамі мастацкіх твораў, пра адзін з эпізодаў з гэтай літаратурнай дзейнасці я мушу расказаць падрабязней.

Час пасля 1814 г. у сталіцы Літвы з аднаго боку быў эпохай жывой думкі, бо тут меўся выдатны ўніверсітэт добрага еўрапейскага ўзроўню, але з іншага боку, эпохай узмацнення ўрадавай рэакцыі, рэакцыі не толькі палітычнай але і культурнай і грамадскай, што нават выклікала сімпатыю ў пэўнай частцы грамадства, якая знаходзілася пад клерыкальна-кансерватыўным уплывам. Ахвярай гэтакай рэакцыі, між іншым, стала выданне «Тыгоднік Віленскі». Прычына гэтага сёння нам здавалася б несур'ёзнай і нават смешнай, але ў вачах тагачасных уладаў яна была настолькі важкай, што, як убачым, прыцягнула ўвагу самога ўсерасійскага імператара.

«Тыгоднік Віленскі» быў заснаваны ў 1815 г. Лелявелем і канкурыраваў толькі з «Дзённікам Віленскім», але па сутнасці мала адрозніваўся ад яго, бо друкаваліся ў абодвух газетах тыя ж самыя віленскія прафесары. Але ў 1820 г. выдавец «Тыгодніка Віленскага» кнігагандляр Жулкоўскі вырашыў парваць з руцінай і стварыць новы тып перыядычнага выдання. У канцы 1820 г. ён абвесціў прынцыпы рэформы, сутнасцю якой сталася павелічэнне зместу і разнастайнасці тэм, сярод якіх павінна была з'явіцца нават сучасная мода.

Такі, новы «Тыгоднік» выходзіў у 1821 і 1822 гг., покуль, раптоўна, па царскім загадзе не быў зачынены ў 1822 г. на 12-тым нумары (ад 30 чэрвеня).

Прычыны гэтага доўгі час былі не вядомы. В. Цяхоўскі ў сваёй манаграфіі «Польскія выданні ў Літве», надрукаванай у «Квартальніку Літоўскім» за 1910 г., лічыў, што выданне было зачынена Навасільцавым з-за росквіту культурнага жыцця ў Вільні, якое той хацеў прыгасіць і гэта забарона з'явілася пачаткам шырокага пераследу моладзі па справе філаматаў у наступным годзе.

Рэдактар «Пшэгленду Віленскага» Людвік Абрамовіч у 1921 г. надрукаваў артыкул, з якога бачна, што дакументы канцылярыі віленскага генерал-губернатара за 1822 г. (тэчка № 277) дазваляюць цвердзіць, што сп. Цяхоўскі памыляўся, і смерць «Тыгодніка Віленскага» не была звязана з агульнай плынню палітыкі ўраду, а знаходзілася ў плыні тагачаснай агульнаеўрапейскай думкі, руплівым вызнаўцам і слугой якой, між іншым, быў Каласанты Шаняўскі, дырэктар генеральнага публічнага выхавання ў Польскім каралеўстве, а з 20 траўня 1822 г. яшчэ і генеральны цэнзар. Праўдападобна, што па яго ініцыятыве і была распачатая справа супраць «Тыгодніка Віленскага», бо звярнуў увагу на небяспечны кірунак выдання не хто іншы, як вялікі князь Канстанцін, які быў намеснікам у Варшаве.

21 чэрвеня 1822 г. менавіта вялікі князь Канстанцін піша з Варшавы Літоўскаму ваеннаму губернатару Рымскаму-Корсакаву, што ў № 10 «Тыгодніка Віленскага» былі надрукаваны фрагменты запісак невядомага аўтара пра падарожжы па Іспаніі, «у якіх, між іншым, апісаны танец фанданга (народны танец, які выконваецца парай пад спевы фанданга, музыку гітары і кастаньет - Л. Л.). Апісанне танцу падаецца праз амаральныя і несамавітыя выразы, а ў іншай частцы артыкула, маюцца кпіны з духавенства і касцельнай іерархіі. З-за гэтага, нумар тут, у Варшаве, не быў дапушчаны да продажу». Вялікі князь прапануе пакараць цэнзара, які прапусціў такое выданне.

Яго просьба, відавочна, не засталася без вынікаў. 7 ліпеня губернатар выдае загад паліцмайстру канфіскаваць ўсе экземпляры 10-га нумара як у выдаўца, гэтак і ў падпісчыкаў, а таксама знайсці аўтара гэтых скандальных твораў і далажыць, чаму артыкул быў дазволены да друку цэнзурай.

З рапарта паліцмайстра даведваемся, што выдавец Аляксандр Жулкоўскі меў дазвол цэнзуры за подпісам ксяндза-прафесара А. Клангевіча, а артыкул з'яўляўся перакладам са старой кнігі, зроблены капітанам у адстаўцы Нарбутам з Лідскага павета. Цэнзурны камітэт паведаміў, што кс. Клангевіча часова няма ў Вільні і таму ён не можа нешта ўдакладніць.

Потым паліцмайстар паведаміў, што № 10 «Тыгодніка Віленскага» быў надрукаваны накладам у 500 асобнікаў, з якіх 268 было канфіскавана. Іншыя асобнікі былі дасланы праз пошту ці патрапілі ў рукі невядомых асоб, і зараз паліцмайстар вырашае, як знайсці рэшту выдання.

Канфіскацыя рабілася скрупулёзна. Гэта бачна з ліста нейкага генерала з Адэсы да віленскага ваеннага губернатара Корсакава, у якім генерал паведамляе, што Чарнігаўскі губернатар патрабаваў ад камандзіра 6-га батальёна палкоўніка Руперта здаць 10-ты нумар «Тыгодніка», якім той валодаў. Канфіскаваны экземпляр быў прыкладзены да ліста, дасланага Корсакаву. Зараз гэты № 10 практычна немагчыма знайсці ні ў адным з кнігазбораў. Артыкулы, якія выклікалі гэтакае абурэнне ў вялікага князя Канстанціна, засталіся б для нас таямніцай, калі б не пераклад, прыкладзены да ліста віленскага губернатара Корсакава (ад 17 ліпеня) да міністра ўнутраных спраў. З перакладу даведваемся, што артыкул «Падарожжы ў Іспанію» складаецца з дзвюх частак: «Пустэльнікі» і «Фанданга». У першай, аўтар кажучы пра жыццё шматлікіх і свентаблівых пустэльнікаў у ранейшыя часы, ставіцца да іх вельмі адмоўна і называе злодзеямі, а ў другой частцы, апісваючы іспанскі народны танец, пераказвае анекдот. Змест анекдота ў тым, што пасля забароны фанданга, адмыслова для двух кардыналаў яго станчыла выбраная пара танцораў і кардыналы, не вытрымаўшы, таксама пусціліся ў скокі. Менавіта ў гэтым анекдоце ўлады ўбачылі абразу рэлігіі ды маральнасці і загадалі распачаць следства.

Нефартунны перакладчык і будучы знакаміты гісторык Тэадор Нарбут са свайго маёнтка ў Шаўрах пад канвоем быў прывезены ў Вільню і сазнаўся, што «крымінальны» тэкст пераклаў з кнігі «Voyage en Espagne par Marguis de Langle» якую пазычыў ў суседкі спадарыні Ёч з суседніх Мангелішак. Не думаў ён пакрыўдзіць касцёл і ўзяў з выдаўца Жулкоўскага абяцанне не друкаваць пераклад, калі з'явяцца нейкія праблемы з цэнзурай. Улады прынялі тлумачэнне Нарбута і не пакаралі яго.

Дзіўна, але цэнзар, які фармальна з'яўляецца самым вінаватым у гэтай сітуацыі, не быў прыцягнуты да адказнасці, а генерал-губернатар вырашыў цалкам звольніць увесь склад віленскага цэнзурнага камітэта. І ўсю віну пераклалі на выдаўца і яго газету.

19 ліпеня вялікі князь Канстанцін паведаміў генерал-губернатару, што ён склаў рапарт да імператара пра гэтую справу і атрымаў уласнаручны загад цара на месяц арыштаваць выдаўца «Тыгодніка» і цалкам забараніць яму выдаваць газеты. Цэнзурнаму камітэту было загадана больш старанна выконваць свае абавязкі. Так перастаў выходзіць «Тыгоднік Віленскі» [12].

Усё гэта адбывалася ў адносна ліберальныя часы цара Аляксандра І. Жахлівае цараванне Мікалая І было яшчэ наперадзе.


Тэадор Нарбут працягваў займацца сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку. Паляпшаў сістэму вырошчвання тэхнічных культур (лёну, канопляў і іншых), а таксама працаваў над пераводам гаспадаркі на прамысловы лад. Заснаваў вінакурню, цукроўню і некалькі майстэрняў. За вырабы з ільну атрымліваў медалі. У 1840-1850 гг. быў ініцыятарам і ўдзельнікам будаўніцтва аздараўленчых устаноў у Друскеніках. Вопыт і веды па апрацоўцы зямлі і атрыманне даходу ад вырошчвання раслін, з якіх атрымліваў валакно для прамысловасці, папулярызаваў на старонках «Віленскай газеты». Адначасова з любоўю і старанна збіраў паведамленні, паданні і рэчы, якія адносіліся да старажытных язычніцкіх і хрысціянскіх часоў Літвы. Вынікі сваіх пошукаў у выглядзе артыкулаў публікаваў у віленскіх і пецярбургскіх часопісах [13]. У 1847-1852 гг. інжынер Нарбут пабудаваў у Эйшышках парафіяльны касцёл. Але галоўнай працай яго жыцця была «Гісторыя літоўскага народа».

У 1835 і 1841 гадах у Вільні пабачыла свет яго вялікая праца ў 9-ці тамах, выдадзеная пад назвай «Гісторыя літоўскага народа» (Dzieje starożytne narodu litewskiego). Гэта праца трохі грашыць перабольшанымі фантазіямі, бо абапіраецца на паданні, байкі і легенды. Галоўнымі хібамі яго працы было выкарыстанне ў сваіх творах крыніц, якія паводле меркавання сучасных даследчыкаў не існавалі і былі выдуманыя самім Нарбутам, напрыклад - «Раўданская хроніка» і «Дзённік фон Кібурга».

Прафесар Спасовіч [14] наступным чынам ацэньваў працу Нарбута так: «... гэта праца вялікая, арыгінальная, але некрытычная». А Юзаф Ігнацы Крашэўскі, аддаючы даніну павагі гэтай ўнікальнай працы, называў яе «глыбай матэрыялаў, сабраных з розных і вельмі рознай якасці крыніц, бясформенна злепленай грудай камянёў».

Пры ўсім пры гэтым Нарбут заслугоўвае вялікай пашаны, як адзін з піянераў у даследаванні мінуўшчыны Літвы і тым, што сваім прыкладам заахвоціў іншых да далейшага вывучэння гісторыі краю. Тэадор Нарбут працаваў бесперапынна і ў 1846 годзе выдаў «Помнікі гістарычных падзей літоўскіх» (Pomniki do dziejów litewskich… Wilno, 1846.), у 1847 годзе «Кароткі выклад літоўскай гісторыі» (Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane. Wilno, 1847.), у 1856 годзе «Нарысы гістарычныя ...» ( Pomniejsze pisma historyczne, szczególnie do historii Litwy odnoszące się. Wilno, 1856.) Некалькі прац Нарбута засталіся ў рукапісах.


Калі першы гістарыёграф Літвы сядзеў, паглыбіўшыся ў даследаванне мінулага, яго жонка ўзяла кіраўнічае стырно ў доме ў свае рукі. Заняпалая падчас вайны гаспадарка пачала патроху ўзнімацца, разгаліноўвацца. Перадусім заквітнела хатняе рукадзелле, задавальняючы ўсе патрэбы дому, як гэта было ў большасці тагачасных гаспадарак. Вельмі пашырылася вырошчванне ільну і канапель, адначасова да такой ступені развілося ткацтва, што ткацкія вырабы дому Нарбутаў мелі славу выключных.

Шаўры паволі ператвараліся ў мястэчка. Мелі піва і ўласную гарэлку, якая не абкладалася акцызам, а перараблялася на знакамітыя літоўскія старкі, вядомыя ва ўсім краі і за яго межамі. Вуллі давалі мёд, які таксама перарабляўся на гаспадарцы: з яго выраблялі воцат і настойкі. Ураджаі хлебу на палях былі дастатковымі; лясы, амаль некранутыя, давалі будаўнічы матэрыял, паліва, дзёгаць і смалу; аборы і хлявы адзявалі і кармілі; сады славіліся садавіной, а ставы рыбай. Гэтыя Божыя дары патрабавалі таго толькі, каб прыстасаваць іх для хатняга ўжытку.

Магілы сям'і Нарбутаў каля маёнтка Шаўры, 02.07.2010 г.

Шаўры мелі цэлую арганізацыю ўласных рамеснікаў: цесляры, дахаўшчыкі, сталяры, гарбары, рымары, ткачы, краўцы. Кравец Караль, які абшываў усю сям'ю Нарбутаў з тканін, вырабленых ў гаспадарцы, быў сапраўдным майстрам сваёй справы. Ваколічныя модніцы замаўлялі ў яго свае ўборы. Кухар Юрак мог дагадзіць самым вытанчаным кулінарным густам, а яго «свянцонае» славілася на ўвесь Лідскі павет.

У тагачасным эканамічным жыцці грош не лёгка пакідаў гаспадарскую кішэнь і гэтак жа цяжка ў яе патрапляў, бо сельскагаспадарчыя прадукты былі вельмі танныя. Дом у Шаўрах уяўляў сабой згасаючы тып стараліцвінскіх двароў. Ён яднаў вакол сябе вясковую моладзь, якая падчас вучобы рамёствам знаходзілася пад уплывам народных традыцый. Тое, аб чым пішам, ў тагачасныя «прыгонныя» часы выглядала ідыліяй, аднак акрамя пануючага паўсюдна ўціску вяскоўцаў, часта знаходзіліся двары падобныя да Шаўроў, дзе хаты падданых атачаліся бацькоўскай любасцю і клапатлівай апекай [15].


Пасля паўстання 1831 г., «адстаўны капітан-інжынер» Тэадор Нарбут абвінавачваўся рускімі ўладамі ў тым, што падчас побыту Хлапоўскага ў Лідскім павеце напісаў «пасквіль супраць Расеі». Вядома гэтак жа, што пазней, перад планаваным штурмам Вільні Нарбут чарціў карты горада для генерала Гелгуда, таксама засталіся ўспаміны паўстанцаў пра тое, што адстаўны капітан Нарбут арганізаваў ліццё гармат у Варнях [16].

У паўстанні 1863 г. прынялі ўдзел і абяссмерцілі свае імёны дзеці Тэадора Нарбута. Падчас гэтага паўстання Тэадор Нарбут жыў ў Вільні ў жонкі сына Людвіка, куды яго адвезла сям'я, каб не хваляваць 80-ці гадовага старога, а таксама таму, што яго адсутнасць дазваляла дзецям больш свабодна і актыўна прымаць удзел у паўстанчым руху.

Пасля задушэння паўстання жонку Тэадора, Крысціну, саслалі ў Пермскую губерню. Прыгнечаны смуткам, думаючы толькі пра жонку і дзяцей, Тэадор Нарбут ціха згас у Вільні 13 лістапада 1864 года на руках сваёй старэйшай дачкі Яны Кунцэвіч, на Скапоўцы, у доме № 5.

Пасля жалобнага набажэнства ў касцёле Св. Яна труну з целам гісторыка Літвы перавезлі ў Шаўры і пахавалі на могілках пры касцёле ў Начы. Крысціна Нарбут перажыла мужа на 35 гадоў. Калі ў 1899 г. памерла спадарыня Крысціна Нарбут - жонка Тэадора Нарбута, ксяндзам было забаронена высвеціць труну і магілу. Сям'я і людзі пахавалі нябожчыцу на могілках непасрэдна каля маёнтка Шаўры [17]. Зоф'я Кавалеўская пісала: « Пахаваць нябожчыцу каля мужа на могілках у Начы, як яна таго хацела, было забаронена. Улада баялася дэманстрацыі, ксяндзу нават было не дазволена суправаджаць труну з целам. Сяляне зрабілі гэта паводле традыцыі: з крыжам і свянцонай вадой, як для сваіх памёршых... Ксёндз праводзіў труну да брамы, а адтуль сяляне на сваіх плячах панеслі яе на вясковыя могілкі, дзе ўжо спачываў сын памёршай Баляслаў. На сціплым надмагіллі маці, Манчунская заказала выбіць такія ж простыя словы: "Маці сыноў. Мела 100 гадоў. Памерла дня 16 ліпеня 1899 года"» [18]. Таму гэтак і здарылася, што Тэадор Нарбут пахаваны каля Нацкага касцёла, а яго жонка і дзеці - на былых могілках каля маёнтка Шаўры.


А гісторыю з пахаваннем сына Тэадора Нарбута - Людвіка і байцоў яго аддзела, трэба расказваць асобна.

Пасля паразы аддзела Людвіка Нарбута пад Дубічамі 4 траўня 1863 г. трэба было пахаваць паўстанцаў і, каб аб атрымаць дазвол, патрабавалася адмыслова тэлеграфаваць у Вільню генерал-губернатару Назімаву і атрымаць ад яго гэты дазвол.

На ноч целы забітых паўстанцаў перанеслі ў бабінец касцёла ў Дубічах. Сяброўка Тэадоры Манчуньскай Тоня Табенская, якая займалася пахаваннем, успамінала:

«З трупаў лілося столькі крыві, што здавалася яны плаваюць у крывавай плыні.

Касцельныя бабкі абмылі трупы ад крыві, вясковыя жанчыны, з плачам, як па ўласных сынах, накрылі іх сваёй грубай бялізнай і прасцінамі.

Ранкам прыбылі некалькі спадарыняў і спадароў з суседніх гаспадарак. Прывезлі бялізну і адзенне для забітых, посцілкі і бандажы для параненых …

Змрочная сур'ёзнасць ляжала на галовах усіх, хто прыбываў на гэты балючы людскі рытуал… З вялікай роспаччу глядзелі на тое, як палягла моладзь, з якой яны звязвалі так многа надзей, ляжыць як скошаная трава ў бабінцы касцёла. Тут ляжалі найлепшыя і найшляхетнейшыя сыны Лідскай зямлі, яе будучыня, а можа і слава.

Ляжаў і ён, камандзір - Людвік Нарбут, у якім не толькі Ліда, але і ўся Літва страціла свайго найслаўнейшага ваяра за вольнасць.

З прыбыўшых на пахаванне спадарыняў найбольшую дапамогу аказалі: Тараевіч з Салтанішак і Юзэфа Вісмант - настаўніца.

Нарэшце ўсё падрыхтавана.

Дванаццаць белых нефарбаваных трунаў былі пастаўлены ў касцёле без катафалка, проста на зямлі і ўтварылі піраміду, верхам якой была абабітая чорным аксамітам труна камандзіра.

Развітаўшыся з нягодамі і цяжкасцямі свайго кароткага жыцця, прысвечанага Краю, якое налічвала крыху болей за 31 год, спаў у труне вечным сном Людвік Нарбут, над дванаццаццю сваімі вернымі таварышамі, а людзі, углядваючыся ў яго «дамавіну», як у святыню, выціралі заплаканыя вочы і паўтаралі: «Зусім як Хрыстос з дванаццаццю апосталамі» [19].

Пахаванне з вялікай урачыстасцю адбылося 24 красавіка (6 траўня). Акрамя шматлікіх сялян прысутнічалі 14 ксяндзоў і каля 200 тутэйшых землеўладальнікаў. Тлумы перапаўнялі касцёл, яшчэ большая колькасць людзей стаяла каля касцёла.

Вялікая, загадзя падрыхтаваная магіла, чакала палеглых за вольнасць. Усе труны былі пастаўлены ў дол у адзін рад. Лідская зямля прыгарнула сваіх верных сыноў, прымаючы іх у сваё лона на вечны адпачынак. З пяску, насыпанага жменямі вырас высокі капец, які закідалі вясновымі кветкамі. Яшчэ не высахлі слёзы ў сем'ях, як гэты курган казакі зруйнавалі капытамі сваіх коней [20].


У 1864 годзе ў гадавіну бітвы пад Дубічамі да магілы прыйшлі сябры загінуўшых разам са спадарыняй Геншаль, сястрой былога сябра арганізацыі. Каля магілы іх адразу ж атачылі жаўнеры і пагналі ў Ліду: «Раз моліцеся на магіле Нарбута, дык вы такія самыя бунтаўшчыкі, як і ён». Аднак, у Лідзе ваенны начальнік Лідскага павета палкоўнік Алхазаў атрымаў «у лапу» 25 рублёў і ўсіх адпусціў [21]. Як тут не ўспомніць словы Вяземскага: «У Расіі суровасць законаў сцішаецца іх невыкананнем», і дадам ад сябе: хабарніцтвам.

У Лідскім павеце людзі яшчэ доўгі час не верылі ў смерць Людвіка Нарбута і спадзяваліся на яго вяртанне. Хадзіла шмат легенд. Вось адна з іх: «Скульптур Хрыста было тры. Адна ў Вільні на Антокалі, другая ў Дубічах, у касцёле, трэцяя недзе ў свеце, невядома дзе зараз валадарыць. Нарбут не загінуў, але пайшоў у свет шукаць каралеўства трэцяга Хрыста, а як знойдзе, дык прыйдзе разам з ім адпомсціць за ўсе крыўды і забярэ тады з Начы [22] фігуру другога Хрыста» [23].


У ліпеньскім нумары 1909 г. «Кур'ера Літоўскага» настаўнік пецярбургскай мужчынскай гімназіі пры касцёле Св. Кацярыны Алойзы Сцерла-Арліцкі (Alojzy Sterlo-Oricki) напісаў пра свае ўражанні ад наведвання мястэчка Дубічы. Сярод іншага ён паведаміў: «На ўзгорку, пасярод маляўнічых могілак, раней стаяў драўляны касцёлік, у ім мелася фігура Пана Езуса. Да гэтай фігуры здалёк прыходзілі пілігрымы, і тут адбываліся дзіўныя рэчы: сляпыя пачыналі бачыць, глухія чуць, нямыя гаварыць, а хворыя выздараўлівалі. У Дубічах заўсёды было шмат паломнікаў.

Наступіў 1863 г. Касцёл разабралі на дровы для вайсковай часткі ў Васілішках, цудоўную фігуру разам з алтарамі перавезлі ў касцёл Начы. Гэтак цягналася 40 гадоў.

Зараз, калі бліснуў прамень рэлігійнай свабоды, сяляне ў Дубічах вырашылі адбудаваць святыню і перанесці ў яе цудадзейную фігуру Езуса. … 5 ліпеня адбылося залажэнне кутняга каменя новага касцёла …

На Дубіцкіх могілках разам са сваімі паплечнікамі спіць вечным сном гераічны камандзір паўстанцаў Людвік Нарбут. Доўга я шукаў хоць нейкага помніка ці крыжа з надпісам, і, не знайшоўшы, звярнуўся па дапамогу да сялян, якія стаялі каля могілак.

Адзін з іх, сівы як голуб стары, сведка паразы паўстанцаў Нарбута, прывёў мяне на пагорак, падобны на вал які атачае могілкі. Паказваючы на працяглую, але ледзь бачную нізінку, сказаў:

- Тут супольная магіла Нарбута і яго таварышаў.

І, паказаў месца кожнага з іх:

- Тут мы паклалі Красінскага, тут Лукашэвіча, тут двух братоў Бразоўскіх

І гэтак паказваючы - сказаў:

- А тут ляжыць наш любімы і справядлівы камандзір.

Сказаўшы гэта, стары замігаў, па зморшчаным і загарэлым твары пацяклі слёзы.

- Там, куды спадар глядзіць, там на балоце палеглі ўсе, - сказаў ён паказваючы мне рукой на супрацьлеглы бераг возера. - Адтуль чуліся стрэлы, але потым усё сціхла, і праз некалькі гадзін нам аддалі знявечаныя целы для пахавання.

- Чаму, - пытаю ў яго, - няма помніка ці хоць крыжа з надпісам, што гэта магіла Нарбута і паўстанцаў?

- Раней было не можна, а зараз, хоць і можна, але няма каму гэта зрабіць.

- А ці засталіся крэўныя, ці можа хто з грамады хоча сціплы помнік паставіць?

- Крэўныя? … не ведаю. Некалькі гадоў таму прыязджаў нейкі багаты спадар, запытаў, дзе магілы паўстанцаў і дзе пахаваны Нарбут. Калі яму паказалі - здзівіўся, што няма помніка, сеў на мураву, пасядзеў пяць хвілін і паехаў. І шмат да яго і пасля яго было такіх наведвальнікаў, і кожны шкадаваў, што няма помніка. Здаецца, нікому гэта не патрэбна.

Са смутнымі думкамі я пакінуў старога, а ён яшчэ доўга стаяў каля магілы і пра нешта думаў. Няма там аніводнай кветкі, аніводнага дрэўца. Ці дачакаемся мы хоць сціплага помніка?» [24]

Як бачым, прыгожа напісаны тэкст настаўніка гімназіі па-свойму тлумачыць, чаму на месцы пахавання паўстанцаў не было помніка.

Праз некалькі нумароў газеты, на тую ж тэму выказаўся Вандалін Шукевіч - член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі ведаў, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі, жыхар суседняй Начы і надзвычай дасведчаны чалавек у гісторыі нашага краю.

Шукевіч паправіў гістарычныя памылкі, пецярбургскага настаўніка, сярод іншага ён паведаміў, што стары касцёл у Дубічах існаваў да 1869 г. і быў зачынены, бо, як быццам, мог паваліцца ад старасці. Яго можна было адрамантаваць, але гэтага зрабіць не дазволілі. Замест рамонту, касцёл быў зачынены і разабраны, а касцельную зямлю, «урад аддаў папам у Лідзе», - піша Вандалін Шукевіч.

Гісторык, паправіўшы настаўніка, пераказаў сапраўдную гісторыя мястэчка Дубічы. Мястэчка заўсёды было каралеўскай маёмасцю, а яшчэ раней - уласнасцю Вялікіх князёў ВКЛ. На супрацьлеглым ад мястэчка беразе возера Пелясы Вітаўт меў паляўнічы двор. З усёй маёмасці, па прывілеі Казіміра Ягелончыка і Жыгімонта І, толькі возера Пеляса і зямля вакол яго была прыватнай маёмасцю Яна Касцевіча, падляшскага ваяводы. Наступнымі пасля Касцевіча ўладарамі возера былі: Радзівілы, Садоўскія, Францкевічы, Тышкевічы, а ў XIX ст. ім валодала графіня Ганна Патоцкая-Вансовіч (з Тышкевічаў), пасля яе возера мелі Патоцкія.

Але самае цікавае Шукевіч расказаў пра магілу паўстанцаў 1863 г. Працытую гэты фрагмент тэксту цалкам: «Магіла Людвіка Нарбута і яго таварышаў, палеглых у бітве каля Дубічаў 22 красавіка (па старым стылі) 1863 г. знаходзіцца на зямлі, якая належыць папам, з-за гэтага да нашага часу цяжка марыць пра ўстаноўку хоць якога помніка. Гэта адзіная прычына яго адсутнасці. Нядбайнасць сваякоў ці грамадскасці не мае да адсутнасці помнікаў ніякага дачынення. Ці зменіцца гэта калі-небудзь да лепшага - хто ведае? Да гэтага часу памяць пра гэтых пакутнікаў мы захоўваем у скарбніцах сваіх душ, і тут ужо даўно стаіць помнік нашым героям» [25].

«Папы ў Лідзе», якім належала зямля былога Дубіцкага касцёла (дарэчы, таму новы касцёл будаваўся ў баку ад старых могілак) - гэта лідскі дабрачынны таго часу Іосіф Каяловіч, родны брат гісторыка і добра вядомы на Лідчыне, зацяты русіфікатар. Але Каяловіч як барацьбіт з помнікамі - гэта нешта новае пра гэтага чалавека.


І толькі ў 1933 г., дзякуючы ініцыятыве жаўнераў і афіцэраў польскага 76-га Лідскага палка пяхоты, у Дубічах паставілі помнік памяці Людвіка Нарбута і палеглых паўстанцаў. Сродкі на яго пабудову былі сабраны спецыяльным, для той мэты сабраным Камітэтам Лідчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Сміглы. Праект выканаў прафесар Універсітэта імя Стэфана Баторыя, знакаміты мастак Фердынанд Рушчыц.

А вось як апавядае пра гэта Міхал Шымялевіч: «У бітвах з захопнікамі ў 1863 г. палегла з Лідскага павета некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку двое ці трое Янкоўскіх.

Нашчадак аднаго з іх, Мар'ян Янкоўскі, стараста ў Глыбокім, потым віца-ваявода Віленскі, у канцы віца-ваявода Беластоцкі, паклапаціўся аб справе ўшанавання памяці трагедыі пад Дубічамі. І паўстаў на месцы бітвы помнік, паводле праекта прафесара УСБ Фердынанда Рушчыца, стараннем камітэта пад кіраўніцтвам генерала броні Рыдз-Сміглага, коштам абывацеляў Лідскага павета і 76-га палка пяхоты (Лідскі полк), мастак-разьбяр - прафесар УСБ Балзукевіч. Помнік з бетону з унутранай каменнай запраўкай. На галоўным баку сімвал Рэчы Паспалітай у бронзе - арол, Пагоня і святы архангел Міхаіл, а таксама надпіс: "За волю нашу і вашу" (на самай справе: "1863. За нашу волю і вашу", рэд.) . З левага боку дошка са спісам палеглых пад Дубічамі, з правага - тэкст падзякі абывацелям Лідчыны і 76-му п. п.

Адкрылі помнік 6 жніўня 1933 года.

На аснову помніка прывезлі з Вільні гранітны пастамент помніка Мураўёва, які там, на пляцы Напалеона, тырчаў як агідны ўспамін пра сатрапа...

... Маскалі ў 1898 г. паставілі Мураўёву ў Вільні, на пляцы Напалеона, пышны помнік, на якім ён быў прадстаўлены ў велізарнай бронзавай статуі, абапёрты на тоўсты кій. Бачыў асабіста, як у ліпені 1915 г. пры эвакуацыі маскалёў з Вільні падымалі той помнік з гранітнага пастамента, падвешаны на ланцугах да пастаўленага трохкутніка з тоўстых бетонаў. Потым бачыў тую самую статую ў Пецярбургу пад гмахам Музея артылерыі» [26].

Адкрыццё помніка 6 жніўня 1933 г. было вялікай падзеяй і святам для мясцовага люду. З гэтай нагоды з'явіліся спецыяльныя публікацыі, прысвечаныя Людвіку Нарбуту і студзеньскаму паўстанню, а таксама гісторыі 76-га Лідскага палка пяхоты, якому было нададзена імя геройскага камандзіра (полк у той час дыслакаваўся ў Гародні). У адрозненне ад іншых, гэты помнік перажыў савецкія часы, бо ў савецкай гістарыяграфіі тое паўстанне лічылася толькі сацыяльным і антыцарскім.

Пасля пабудовы новага касцёла ў Дубічах, туды вярнулася алтарная фігура Хрыста, якая да гэтага часу захоўвалася ў Нацкім касцёле. А ў цяжкім 1947 г., перад пачаткам нядзельнай службы ў Дубіцкім касцёле, на вачах у сотняў вернікаў, за паўгадзіны аднавілася фігура Хрыста на крыжы які стаяў перад касцёлам [27] і вернікі злучылі ў сваім уяўленні гэты цуд з памяццю пра Людвіка Нарбута.

Дарэчы, у той год на Лідчыне, аднаўленне крыжоў і абразоў стала амаль што масавай з'явай, расказы пра гэта я чуў шмат ад каго, некаторыя з іх запісаны і апублікаваны ў інтэрнэце, але гэта ўжо іншая тэма.


Вось покуль і ўсё новае, што я жадаў расказаць пра Тэадора Нарбута і яго сям'ю.



[1] Гл: Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. Варшава - Ліда, 2011.

[2] Polski Słownik Biograficzny. Т. XXII. Wrocław-Warszawa- Kraków, 1977. S. 537.

[3] Гл: Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Пераклад кнігі надрукаваны ў газеце Наша Слова

[4] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego.Wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Dziennik Wileński. 1934. № 2, 4, 5, 7-11, 13-15, 17, 18, 21-25, 28, 29, 31, 32, 35-39, 41-43, 45, 46, 49-53, 56, 57, 56, 57.

[5] Верагодна, гэта тое, што было выдадзена ў 6-ці тамах у Германіі, з 1861 па 1874 гг. пад назвай «Scriptores rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der preußischen Vorzeit bis zum Untergange der Ordensherrschaft».

[6] Юг-Бернар Марэ (1763-1839) - французскі дыпламат, журналіст, адвакат, палітык і дзяржаўны дзеяч, у 1811-1813 гг. міністр замежных спраў, у 1834 г.. прэм'ер-міністр. З 1809 г. насіў ганаровы (беззямельны) тытул герцага Басано.

[7] Графиня Потоцкая. Мемуары. Москва, 2005. С. 97.

[8] На «чацвярговых абедах» караля з найбліжэйшымі паплечнікамі, падданым падаваўся прыклад ашчаднасці і цвярозасці.

[9] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego. S. 4-7., 10.

[10] Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадар Нарбут - папулярызатар найноўшых дасягненняў прыродазнаўства // Лідскі Летапісец. 2014. №4(68). C. 12-13.

[11] Гл: Бломберг Марыя Магдалена. Тэадор Нарбут. Варшава-Ліда, 2011.

[12] Abramowicz L. Represje prasowe przed stu laty // Pregląd Wileński. 1921. № 1-2. S. 2-6.

[13] Бломберг Марыя Магдалена. Тэадор Нарбут. С. 49.

[14] Уладзімір Данілавіч Спасовіч (1829-1906) - беларускі, рускі і польскі юрыст, грамадскі дзеяч, публіцыст і крытык. - Л. Л.

[15] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego. S. 4-7.

[16] Rabinowiczowna Sara. Wilno w powstaniu roku 1830/31. Wilno. 1932. S. 83.

[17]Pod wozem i na wozie : pamiętniki Józefa Borodzicza, czyli kilka lat pracy duszpasterskiej na Litwie, Białej Rusi i w głębi Rosyi. Kraków, 1911. S. 21.

[18] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego. S. 67-68.

[19] Elżbieta Tabeńska. Z doli i niedili. Wspomnienia wugnanki. Kraków, 1897. S. 34-35.

[20] Kowalewska Zofja. Dzieje powstania lidzkiego. S. 54.

[21] Там жа. S. 78-79.

[22] Пасля разбурэння з 1869 г. касцёла ў Дубічах, алтарная фігура Хрыста захоўвалася ў суседнім Нацкім касцёле.

[23] Kowalewska Zofja. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 56.

[24] Kurjer Litewski № 158, 16(29) lipca 1909.

[25] Kurjer Litewski № 166, 25 lipca (7 sierpnia) 1909.

[26] Міхал Шымялевіч. Збор твораў. ЮрСаПрынт, Гродна, С. 76.

[27] Ziemia Lidzka. 2002. №1(48).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX