Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Стасевіч-Ясюкова Ірэна 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 16-09-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец № 54.



Памяці Ірэны Стасевіч-Ясюковай

21 сакавіка 2011 года памерла доктар габілітаваны, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, кіраўнік Камітэта гісторыі навукі і тэхнікі Польскай акадэміі навук, аўтарка шматлікіх публікацый Ірэна Стасевіч-Ясюкова .

Нарадзілася ў Лідзе (1929?), адукацыю даатрымала ў Беластоку . Як прафесар Польскай акадэміі навук і Варшаўскага ўніверсітэта ўсё навуковае і даследчае жыццё звязала з Варшавай. Была ганаровым амбасадарам Падлесся ў Польшчы і за мяжой.

Як гісторык навукі займалася пераважна 18-м стагоддзем. Пад яе рэдакцыяй выйшла манументальная праца "Уклад піяраў у навуку і культуру ў Польшчы XVII-ХІХ ст."

Прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова з мужам Ежы Ясюком (Ежы Ясюк працаваў дырэктарам Музея тэхнікі ў Варшаве) сабрала найвялікшую ў Польшчы праз многія гады калекцыю пісанак (каля 2000 штук). Пра пісанкі, фарбаванкі, крашанкі, накляянкі, авяянкі, накрапянкі ведала, здаецца, усё. Калекцыя пачалася ад пісанкі, якую падарыў будучы муж, а зараз 1200 штук экспанатаў калекцыі выстаўлены ў асобным будынку ў Цеханаўцы. Выдала шэсць томікаў кніжак пра пісанкі, падрыхтавала сёмы, прысвечаны найрадчэйшым экзэмплярам. Заразіла ахвотай да збірання пісанак многіх сваіх дактарантаў.

Ірэна Стасевіч-Ясюкова была шчырым сябрам Беларусі, пачынаючы з 1992 года пастаянна наведвала Ліду і Беларусь. Супрацоўнічала з мясцовымі грамадскімі арганізацыямі, у першую чаргу з Таварыствам польскай культуры на Лідчыне, а таксама з Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Заснавала гістарычна-біяграфічную серыю "Знакамітыя палякі Лідчыны", але кнігі, якія выходзілі ў гэтай серыі былі пра ўраджэнцаў Лідчыны і Беларусі. Пачынаючы з 2-й кнігі пані Ірэна пастанавіла, каб кніжкі выходзілі на польскай і беларускай мовах, дзякуючы чаму шырокаму беларускаму чытачу сталі даступныя біяграфіі многіх выбітных лідзян. Выйшлі кнігі Паўла Камароўскага і Аляксандра Колышкі "Людвік Нарбут. З гісторыі гістарычнай свядомасці палякаў на Лідскай зямлі" (1999), Ядвігі Гарбоўскай і Кшыштафа Якубоўскага "Ігнацій Дамейка (1802-1889)" (2000), Ванды Грамбецкай "Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761-1847)" (2003), самой Ірэны Стасевіч-Ясюковай "Казімір Нарбут (1738-1807)" (2004), Ганны Мар'і Келяк "Пра крэсавы гербарый Элізы Ажэшкі" (2005), Яраслава Куркоўскага "Мацей Догель (1715-1760)" (2006), Ірэны Стасевіч-Ясюковай "Ксёндз Станіслаў Роек (1908-1996). Незвычайная біяграфія нязломнага крэсавага каплана" (2007), Яраслава Куркоўскага "Бернард Сыруць (1731-1784)" (2009), Мар'яны (Марыі) Магдалены Бломберг "Вандалін Шукевіч. Сын Лідскай зямлі, даследчык і грамадскі дзеяч (1852-1919)" (2010). Акрамя таго Ірэна Стасевіч-Ясюкова напісала і выдала кнігу "Лідзянка. Пра Марыю Стасевіч - маю маму - успаміны" (2008). Гэтыя кніжкі стварылі выдатную галярэю партрэтаў выбітных лідзян, а многія, падрыхтаваныя ўжо, чакаюць выхаду.

Пахавалі Ірэну Стасевіч-Ясюкову 30 сакавіка ў Варшаве. Вечная памяць слаўнай лідзянцы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX