Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Бернард Сыруць (Сіруць)   


Аўтар: Куркоўскі Яраслаў,
Дадана: 04-12-2010,
Крыніца: Варшава-Ліда 2009.

Спампаваць




Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук

ГА "Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне"


Бернард Сыруць (Сіруць)

(1731- 1784)

Варшава - Ліда 2009


Уступнае слова

Партрэт Бернарда Сыруця да гэтых часоў не ўдалося знайсці, і больш таго, нават не ведаем, ці быў ён увогуле намаляваны? Яшчэ больш, у апублікаваных да гэтых часоў біяграфіях не хапае інфармацыі, напрыклад, аб месцы нараджэння Сыруця. Можа, гэта і здзіўляе, тым больш, што ў яго эпоху, а гэта 18 стагоддзе, быў ён чалавекам знакамітым, чалавекам, які ўнёс істотны ўклад у навуку як аўтар падручнікаў па матэматыцы, як перакладчык тэкстаў старажытных пісьменнікаў і як аўтар некалькі разоў выдадзенай кнігі аб добрых манерах.

Міхал Сыруць (Сіруць) - такое імя атрымаў падчас хрышчэння, затым прыняў імя Бернард, ад святога Яцэка падчас высвянчэння ў ордэне піяраў у Шчучыне Літоўскім (Навагрудскім). Вучыўся ў піярскім калегіуме ў Шчучыне і Любяшове, ў віленскім навуковым асяродку, пазней у Рыме і Вене. Звесткі пра Бернарда Сыруця грунтуюцца на гістарычных матэрыялах, якія знайшоў і ўпарадкаваў доктар Яраслаў Куркоўскі з Польскай Акадэміі Навук у Варшаве, навукоўца і знаўца піярскага шчучынскага асяродку ў 18-м стагоддзі. Ён з'яўляецца аўтарам сур'ёзных навуковых артыкулаў на гэтую тэму, апрача таго, ён выдаў у нашай польска-беларускай серыіі аб знакамітых паляках Лідчыны зборнік пра Мацея Догеля - творцы першага ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў дыпламатычнага кодэкса. Варта дадаць, што зрабіў ён гэта пры фінансавай дапамозе сената Рэчы Паспалітай і караля Аўгуста III Саса. Бернард Сыруць належаў да малодшага пакалення, але з таго самага шчучынскага піярскага асяродку, і таму адчуваў дапамогу ў сваёй навуковай дзейнасці ад добразычлівага да яго Догеля.

Таму зразумелым становіцца той факт, што доктар Яраслаў Куркоўскі, валодаючы багатымі ведамі аб навуковай дзейнасці выхаванцаў піярскага калегіума ў Шчучыне і ў віленскім асяроддзі, з ахвотаю ўзяўся за ўзбагачэнне крэсавай серыі новым томікам аб Сыруцю, які звязаны з Лідчынай.

У кнізе, якую аддаем у рукі чытачам, маем магчымасць пазнаёміцца яшчэ з адной цікавай асобай. Гэта брат бацькі Бернарда - Шымон Сыруць (Сіруць). Ён быў звязаны з дваром караля Станіслава Ляшчынскага, а пазней, пасля вяртання з Францыі ў Польшчу, стаў сенатарам і фінансава дапамагаў свайму пляменніку Бернарду.

Змест кнігі аўтарства Яраслава Куркоўскага паказвае забыты свет 18 стагоддзя, які варта прыгадаць, хаця б толькі ва ўяўленні. Замест незнайдзенага партрэту Бернарда Сыруця мы далі на вокладку радавы герб Даліва.

Праф. доктар Ірэна Стасевіч-Ясюкова

Навуковы рэдактар серыі



Бернард Сыруць (другая форма прозвішча - Сіруць) - гэта асоба сёння трохі забытая, хоць біяграфія яго звязана з некалькімі важнымі з'явамі і падзеямі ў інтэлектуальным Бернард Сыруць (Сіруць). (1731- 1784). жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы 18 стагоддзя. Сведчаннем яго педагагічнай кампетэнтнасці (па меншай меры ў галіне матэматыкі) хай будзе факт, што пасля вучобы на радзіме і за мяжой ён мог працаваць у прэстыжнай Тэрэз'янскай акадэміі ў Вене. Пазней удзельнічаў у дзвюх важных рэформах асветы ў Вялікім княстве Літоўскім. У апошнія гады жыцця супрацоўнічаў з Камісіяй народнай адукацыі як выкладчык у Галоўнай школе літоўскай і генеральны візітатар. Быў чалавекам усебакова зацікаўленым. Публікаваў не толькі для адукаванай эліты, але і таксама для найменш ведаючых людзей, браўся за разнастайныя навуковыя, дыдактычныя і душпастырскія заданні. Ён аўтар першай польскай працы пра дыферэнцыяльнае і інтэгральнае вылічэнне (праўда, апублікаванай на лацінскай мове ў Рыме), прыклаў руку да пад'ёму узроўню навучання дакладным навукам у Віленскім калегіуме. Варта пры гэтым сказаць, што, незалежна ад сваіх здольнасцей і пэўных выключных рыс, быў адначасова тыповым прадстаўніком ордэнскай інтэлектуальнай эліты Рэчы Паспалітай. У фарміраванні гэтай эліты, у межах піярскай літоўскай правінцыі, важную ролю адыграў калегіум у Шчучыне (узнік у 1718 г., забяспечаны фінансавымі сродкамі ў 1742 г.), дзе 20 верасня 1747 года шаснаццацігадовы Міхал [1] Сыруць уступіў у ордэн і прыняў імя Бернарда ад св. Яцака.

Піяры - гэта манаская суполка з не вельмі вялікай гісторыяй (кананічнае зацвярджэнне ордэна датуецца 1621 г., але канчатковае адбылося ў 1669 г. пасля шматлікіх пертурбацый). Першую сваю школу ў Рэчы Паспалітай адчынілі толькі ў 1642 г. (у Варшаве). Піярскія калегіумы ў літоўскай частцы Рэчы Паспалітай з'явіліся ў апошнім дваццацігоддзі 17 стагоддзя (у Дамбровіцы і Любяшове). Сапраўдны росквіт гэтых устаноў наступіў у ВКЛ пасля заканчэння вынішчальнай Паўночнай вайны (1721 г.). У 1736 годзе з часткі польскай правінцыі ўтварылася асобная літоўская правінцыя. Вядома, што новыя арганізацыйныя часткі ордэна з'яўляліся не толькі ў многіх краінах Еўропы, але таксама і ў Амерыцы. Нягледзячы на падзел, абедзве правінцыі даволі цесна паміж сабой супрацоўнічалі, што, канешне, не выключала канкурэнцыі і нават узаемных прэтэнзій, асабліва з боку бяднейшых літоўскіх піяраў (між іншым патрабавалі Хэлм, Драгічын, Міжэрычы Карэцкія). Адсутнасць цеснага раздзелу абедзвюх частак арганізацыйнай структуры ордэна аказалася вельмі карыснай для яго адукацыйнай і культурнай роляў, якія ў другой палове 18 стагоддзя ў Рэчы Паспалітай дасягнулі свайго апагея. Піяры мелі тады каля трыццаці сярэдніх школ (на агульную колькасць каля 130), між іншым прэстыжныя Калегіум нобіліум (Collegium Nobilium) у Варшаве і Вільні. Узровень навучання ў піярскіх калегіумах, падрыхтоўка ордэнскіх кадраў, аб'ём і метады навучання і г.д. мелі значны ўплыў на якасць адукацыі і выхавання моладзі ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Роль адукацыі ў дзяржаве, лад якой называўся шляхецкай дэмакратыяй, трапна ахарактарызаваў знакаміты дзяржаўны дзеяч XVI стагоддзя, вялікі каронны гетман і канцлер Ян Замойскі (1542-1605): "Такія будуць Рэчы Паспалітыя, якое моладзі выхаванне…"

Піяры абедзвюх правінцый - кароннай і літоўскай - актыўна ўдзельнічалі ў адукацыйных рэформах, якія ў 18 стагоддзі ахоплівалі амаль усю Еўропу. У гэты час узрасла не толькі колькасць школ, але і пашырыўся грамадскі абшар іх уплыву (варта прыгадаць, што, напрыклад, Прусія ўвяла ў 1763 г. школьны абавязак, які цяжка было рэалізаваць у тагачасных умовах). У першую чаргу абнаўлялі дыдактычныя праграмы, прыстасоўваючы традыцыйную ўніверсальную мадэль навучання да дзяржаўных і нацыянальных патрэб, з асаблівым націскам на сучасныя мовы, родную гісторыю, геаграфію і прыродазнаўства, улічваючы новыя дасягненні дакладных навук і філасофіі. У шляхецкай Рэчы Паспалітай, якая знаходзілася ў працяглым палітычным крызісе, спецыяльнае значэнне набываў таксама пастулат грамадскай адукацыі эліт, якая давала надзею на выхаванне новага пакалення, якое магло бы рэфармаваць дзяржаву і вярнуць ёй належнае месца на міжнароднай арэне - як суб'екта, а не аб'екта ў еўрапейскіх дыпламатычных гульнях.

***

Дэталі біяграфіі Тытульная старонка працы Бернарда Сыруця 'Навука добрага пісьма на польскай мове…', якая была апублікавана ў Вільні ў 1769 годзе. Бернарда Сыруця не ўстаноўлены дастаткова да сённяшніх дзён. Ведаем толькі яго дакладную дату нараджэння - 8 кастрычніка 1731 года - якая была запісана ў ордэнскай матрыкуле. Аднак ужо асноўныя звесткі наконт найбліжэйшых сваякоў і аб першых гадах жыцця выклікаюць сумненні. Аўтар і выдавец "Залатой кніжкі польскай шляхты" Тэадор Жыхлінскі (1836-1909) устанавіў пэўны канон інфармацыі, які без крытыкі множылі розныя біяграфічныя слоўнікі аж да 90-ых гадоў 20 стагоддзя. На думку Жыхлінскага, бацькам Бернарда быў Юзэф гербу Даліва, гродзенскі мастаўнічы, войскі і падстараста жамойцкі, а маці - Барбара з Забелаў гербу Сякера, дачка Саламона Забелы, ковенскага земскага суддзі, і Тэклі Тэадоры Кудрэвіч гербу Лебедзь. Дом радзінны будучага піяра, матэматыка, перакладчыка і даследчыка бібліі (а таксама праўдападобнае месца яго нараджэння), на думку геральдыста, - гэта цяжкі для ідэнтыфікацыі радавы маёнтак Ружанаўшчына ў Гарадзенскім павеце (тагачаснае Трокскае ваяводства, у якое ўваходзілі таксама Ковенскі, Трокскі і Упіцкі паветы).

Сыруці - гербу Даліва - былі адным з жамойцкіх дробнашляхецкіх рымска-каталіцкіх радоў, які ў 17 стагоддзі распаўсюдзіўся па розных мясцовасцях і маёнтках Трокскага ваяводства. Многія з продкаў піяра займалі ніжэйшыя земскія пасады, у асноўным у Жамойцкім княстве, часта служылі ў літоўскіх харугвах падчас шматлікіх войнаў. Як піша геральдык Каспер Нясецкі (1682-1744), "Ян Сыруць з Гродзенскага павета, служачы з Хадкевічам (слаўным польным гетманам літоўскім Янам Каролем, які між іншым разграміў шведаў пад Кірхольмам у 1605 годзе), быў у розных экспедыцыях". Яго нашчадак, таксама Ян, быў зняволены ў 1654 годзе падчас вайны з Расіяй.

Актыўна ўдзельнічалі Сыруці таксама і ў грамадскім жыцці Рэчы Паспалітай. З гэтага боку ў доўгай гісторыі раду асабліва вызначыўся дзядзька нашага героя Шымон Сыруць (1698-1774), абозны і памочнік ковенскага старасты, пазней віцебскі кашталян, шматразовы дэпутат сейма, сакратар караля Станіслава Ляшчынскага, які правёў шмат гадоў пры двары ў Люнвій, займаючыся спачатку арганізацыяй, а потым кіраўніцтвам гаспадаркай каралеўскага двара. Пасля вяртання на радзіму (каля 1738) удала выпрацаваў сабе моцную палітычную і маёмасную пазіцыю, стаўшы на чале мясцовай партыі, звязанай кроўнымі вузамі, якая разам з групай іншых роднасных радоў эфектыўна кантралявала ковенскі сеймік. Гісторыкі яго называюць кіраўніком "малой фаміліі", або "другарадным барацьбітом фаміліі" - магутнай партыі князёў Чартарыскіх, адносна якіх не заўжды быў лаяльны. Марцін Матушэвіч (1714-1773), аўтар маляўнічых успамінаў той эпохі, залічыў яго ў найбліжэйшыя паплечнікі аднаго з галоўных правадыроў фаміліі, вялікага літоўскага канцлера Міхала Фрыдэрыка Чартарыскага (1696-1775), які да Сыруця "набраў асаблівай павагі", калі той яшчэ ў пачатку 30-х гадоў 18 ст. "добра і красамоўна прадстаўляў гарадскія прывілеі" (прадстаўляў у той спрэчцы інтарэсы ковенскіх мяшчан), што зрабіла для яго немагчымым правядзенне пасяджэнняў асэсарскага суда ў Ковенскай ратушы. Даследчыкі падкрэсліваюць таксама здольнасці Шымона Сыруця ў правядзенні палітычных гульняў на сеймах і ў Трыбунале ВКЛ, хаця трэба дадаць, што нават яго пляменнік Юзэф Празор (1723-1788), які абавязаны быў яму пасадай віцебскага кашталяна (прызначаны перад самай смерцю Шымона ў 1774 г.) і большай часткай маёмасці, не вагаўся назваць яго шэльмай, а сваяк Матушэвіч (Сыруць быў айчымам яго жонкі) лічыў яго асобай, якой нельга верыць, якая можа прынесці іншых у ахвяру дзеля рэалізацыі сваіх планаў (можа, гэта і ёсць векавы рэцэпт эфектыўнасці ў палітычнай барацьбе!). Напрыканцы саксонскіх часоў Шымон Сыруць, стаў без сумнення, найважнейшым, значным у рэгіянальным маштабе прадстаўніком роду, атрымаўшы ў 1752 г. віцебскую кашталянію, а ў 1761 г. - прэстыжны ордэн Белага арла. Варта гэтую постаць запомніць, таму што ён не раз адыграў значную ролю ў біяграфіі пляменніка.

Прысвячэнне да працы 'Навука добрага пісьма на польскай мове…' для віцебскага кашталяна Шымона Сыруця.

Для нас сваяцтва Бернарда Сыруця з віцебскім кашталянам можа стаць зыходным пунктам рашэння загадкі паходжання вучонага піяра. У прысвячэнні да сваёй працы пад назваю "Навука добрага пісьма на польскай мове, з некаторымі перасцярогамі для маўлення для тых, хто не вучыўся ў школах", якая была апублікавана ў Вільні ў 1769 годзе, Бернард тады яшчэ жывога Шымона Сыруця называе сваім "дзядзькай і дабрадзеем". Ведаем, што кашталян меў аднаго старэйшага брата Мікалая. Ён, па сведчанні Матушэвіча, "прасіў рукі Бакоўны, і калі ўзніклі праблемы падчас сватаўства, гэты малодшы, хочучы яму дапамагчы, уступіў яму дабравольна пасаду гарадскога пісара і такім чынам яго з Бакоўнай ажаніў, а сам у хуткім часе атрымаў узнагароду за сваю дабрачыннасць, стаўшы пасля (Яна) Чапліча памочнікам ковенскага гарадскога старасты". Гэта здарэнне можна датаваць канцом 1729 - пачаткам 1730 гадоў (перад 26.04.1730 г.).

Шлюб магчымых бацькоў Бернарда адбыўся паміж 1726 (атрыманне Шымонам пасады гарадскога пісара) і 1729 гадамі. Пара, якую Тэадор Жыхлінскі лічыў бацькам і маткай нашага героя (Юзэф і Барбара з Забелаў), у рэчаіснасці былі бацькамі яго бацькі Мікалая, дзядзькі Сымона і цёткі Ружы, пазнейшай жонкі Станіслава Празора. Дзед Бернарда - Юзэф Казімір Сыруць, скарбнік, а пасля ковенскі войскі, запісаны ў падатковы рэестр (падымны рэестр) 1690 года як уладальнік маёнтка Рамайні ў Ковенскім павеце. Падцвярджае гэта Матушэвіч і падкрэслівае, што гэтая "айчынная субстанцыя" была "досыць шчуплай" на траіх яго дзяцей. Згодна з "Геаграфічным слоўнікам Каралеўства Польскага" (т. 9, Варшава, 1888), маёнтак знаходзіўся каля Невяжы, "6 верстаў ад Коўна". Нічога не вядома аб Ружаноўшчыне, хоць магло быць, што ўнесла яе ў пасагу маці Бернарда. Гэта з'яўляецца тым больш праўдападобным, паколькі ўсе крыніцы згодна сцвярджаюць, што вучоны піяр нарадзіўся ў Гарадзенскім павеце, а не ў Ковенскім.

Трыццацігадовы на момант шлюбу Мікалай не зрабіў кар'еры - ні палітычнай, ні якой другой. Матушэвіч успамінае аб ім з нагоды сваёй справы ў Ковенскім гарадскім судзе ў снежні 1736 года: "Амаль заўсёды быў п'яны і непрытомны". Перад 1740 годам Мікалай памёр, асіраціўшы, апрача Бернарда, малодшага сына Юзафата (пазней - ковенскага гарадскога пісара, земскага суддзю і пагаршвенскага старасту, спадкаемца часткі маёмасці дзядзькі Шымона), Францішка Ёахіма (пазней - гарадзенскага лоўчага, магчымага спадкаемца Ружаноўшчыны), а таксама дачку Кацярыну, якую успамінае піяр ў прысвячэнні да другога тома працы "Stary Galateusz" (Вільня, 1771) для смаленскага каморніка Андрэя Мальчэўскага - удаўца ў жалобе пасля яе смерці. У блізкім сямейным коле Бернарда знаходзіліся дваюрадныя браты: узгаданы ўжо сын Ружы з Сыруцей і Станіслава Празора, кашталян, а пазней віцебскі ваявода Юзэф Празор, а таксама Марцін Ігнат Чарневіч, гараднічы Ковенскага павета.

Сваяцкія сувязі, так важныя ва ўсёй шляхецкай Рэчы Паспалітай, адыгрывалі на гэтым абшары асаблівую ролю, ствараючы ў меру стабільную і іерархічную структуру, якая вырашала пытанні не толькі аб палітычным і грамадскім жыцці, але і часта лёсы асоб. Сувязі са шматлікімі сярэднешляхецкімі родамі (Забеламі, Прозаравымі, Богушамі (з Людвікай Богуш ажаніўся Юзафат), Матушэвічамі і г.д. ) і паслугі для магутных магнацкіх партый (якія называлі часта проста "чапляннем да палацавай клямкі") былі асновай пазіцыі "сыруцёвай" партыі, асабліва значнай у часы Шымона Сыруця пад канец панавання Аўгуста III. Карысталася гэтым малодшае пакаленне, у першую чаргу сын сястры Шымона Сыруця Юзэф Празор, кіраўнік каралеўскай партыі на Ковеншчыне перад Вялікім Сеймам. Трэба дадаць, што сын Юзафата Фларыян удзельнічаў у пасяджэннях Вялікага Сейма, плёнам якога быў першы ў Еўропе асноўны закон - Канстытуцыя 3-га мая.

Кажучы аб сваяцкіх сувязях, варта адзначыць, што Сыруці былі продкамі лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры - паэта Чэслава Мілаша (1911-2004). У сувязі з піярамі неабходна таксама ўзгадаць пра шлюб дачкі Войцеха Сыруця з дваранінам і сакратаром караля Ўладзіслава IV Кшыштафам з багатага роду Сцыпіёнаў дэль Кампа, уладальнікам Шчучына ў Лідскім павеце. Для Шчучына апека далейшых прадстаўнікоў гэтага сямейства (якое з'явілася ў Польшчы разам з каралевай Бонай у першай палове шаснаццатага стагоддзя) была вельмі важнай - дзякуючы ёй магла выжыць мясцовая фундацыя піярскага калегіума з 1718 г. Сведчанняў прыхільнасці Сцыпіёнаў да літоўскіх піяраў шмат: Тэрэза, жонка смаленскага кашталяна Яна Сцыпіёна (памёр у 1738), не толькі дала грошы шчучынскім піярам, але і рашуча падтрымлівала віленскіх піяраў у іх доўгай спрэчцы з езуітамі за права навучання ў Вільні. Сам кашталян смаленскі запрасіў піяраў у Воранава (1735), яго сын Юзэф даверыў піярам адукацыю сваіх дзяцей, а ўнук, выхаванец Мацея Догеля - Ігнат Сцыпіён (памёр у 1791) - у 1756 годзе размясціў піяраў у горадзе Лідзе (перанёс калегіум з Воранава). Трэба дадаць, што апека над Шчучынскім калегіумам не скончылася ў канцы васемнаццатага стагоддзя і працягвалася аж да закрыцця школы пасля лістападаўскага паўстання (1832).

Цяжка сказаць, наколькі гэтыя старыя радавыя сувязі маглі паўплываць на рашэнне аб адпраўцы маладога Міхала Сыруця на вучобу менавіта ў Шчучын. Вядома, вялікі ўплыў меў дзядзька, які пасля смерці Мікалая клапаціўся аб не вельмі багатай жонцы брата і чацвёрцы дзяцей. Аб вучобе Міхаіла ў Шчучыне нічога пэўнага не вядома, хоць падаецца, што яна адыграла вырашальную ролю ў выбары будучай жыццёвай дарогі нашага героя. Як ужо згадвалася, у 1747 годзе менавіта тут ён далучыўся да ордэна піяраў і прыняў імя Bernardus a s. Hyacintho (Бернард ад святога Яцака).

У касцельным календары дзень св. Яцака прыпадае на 17 верасня, за тры дні перад днём узгаданай вышэй цэрэмоніі. Прыгадаем, што гэты святы - польскі дамініканін, заснавальнік першага жабрачага кляштара на польскіх землях (Кракаў, каля 1222), адданы паклоннік Маці Божай, асоба якога ахутана многімі маляўнічымі легендамі, увекавечана ў звычаях і народных прымаўках (напрыклад, "Яцак пляцак...", "Святы Яцак з пірагамі", якая вынікае з кармлення галодных пірагамі. Яго кананізацыя адбылася ў 1594 годзе, а культ атрымаў шырокае распаўсюджанне не толькі ў Польшчы і Еўропе, але і таксама ў Азіі і нават у Новым Свеце (Амерыцы). Да сённяшніх дзён ён лічыцца адным з найбольш вядомых польскіх святых за межамі Польшчы. 20 верасня, у дзень далучэння Сыруця да ордэна, касцёл успамінае святога Бернарда з Клэрво (1090-1153), цыстэрцыяна, які нястомна працаваў над рэформай манаскага і рэлігійнага жыцця, аўтара шматлікіх твораў, прасякнутых глыбокай набожнасцю, які больш жадаў уздзейнічаць праз думку, чым займаць высокі пост (яго называлі некаранаваным папай і імператарам XII стагоддзя). Меў таксама значны ўплыў на еўрапейскую палітыку, яго пропаведзі, магчыма, садзейнічала аб'яўленню другога крыжовага паходу.

Далейшае навучанне Сыруця адбывалася ў адпаведнасці з усталяванымі звычаямі і нормамі, якія дзейнічалі ў літоўскай піярскай правінцыі. Пасля двух гадоў навіцыяту ў Любяшове (Новым Дольску) малады Бернард ад святога Яцака 20 верасня 1749 года разам з Міхалам Ежым Францкевічам (1730-1780) прыняў манаскія абеты. Знаёмства з Францкевічам аказалася важным у наступныя гады, асабліва калі ён стаў літоўскім правінцыялам (1775-1778). Францкевіч не быў асобай звычайнай, нават казалі: "Мудры як Францкевіч". Больш таго, яго мудрасць, якую падкрэслівалі сучаснікі, ішла ў пары з арганізатарскім талентам (што здараецца рэдка!) і эфектыўнасцю дзеянняў (гэта ён на сейме 1775 года атрымаў для літоўскіх піяраў значнае "павелічэнне сродкаў"), у чым дапамагаў яму асаблівы дар выклікаць да сябе прыхільнасць (поспех у 1775 годзе быў вынікам яго асабістага ўплыву на польскіх магнатаў). Сябраваў ён таксама з літоўскім надворным падскарбім Антоніем Тызенгаўзам (1733-1785), знакамітым арганізатарам мануфактур у каралеўскіх землях, які планаваў утварыць з Гродна важны прамысловы і культурны цэнтр (як ведаем, нічога з гэтых планаў не выйшла: дрэнныя фінансавыя вынікі і варожасць рускага амбасадара прывялі да адабрання ў Тызенгаўза ў 1780 годзе кіраўніцтва над каралеўскімі землямі).

Смерць Францкевіча ў 1780 годзе, верагодна, пагоршыла становішча Сыруця ў літоўскай правінцыі. Стасункі з новым правінцыялам Бонавентурай Ярманьскім (1725-1784) не складваліся ўжо так добра, як з Францкевічам ці раней з Феліцыэлем Выкоўскім (правінцыял у 1766-1772 гадах). Знаходзячыся ў спецыфічнай жыццёвай сітуацыі, Сыруць у лісце, датаваным 16 студзеня 1781 года, нагадваў "свайму былому дабрачынцу", аднаму з міністраў караля Станіслава Аўгуста, "пра клопаты літоўскіх піяраў з кіраўніцтвам", якія "павінны быць вядомыя Пану Дабрадзею". Прасіў узять "гэты інтарэс" пад каралеўскую "моцную пратэкцыю". Нельга выключаць, што немалады ўжо піяр, які шукаў новага для сябе напрамку дзейнасці, думаў пра кіраванне літоўскай правінцыяй. Як вядома, новым правінцыялам у 1781 годзе стаў Мацей Тукала (1727-1807), які нядаўна вярнуўся з Рыма і атрымаў агульнае прызнанне. У гэты час асобы спосаб выбару правінцыяла, які прымяняўся толькі ў польскай правінцыі (удакладнены ў ходзе рэформы ў 1754 г., пацверджаны breve папы Бенедыкта XIV), які падтрымліваў рэформы і змены, у адсутнасць аўтарытэту Канарскага (памёр у 1778) паказаў свае недахопы: адсутнасць стабільнасці адміністрацыі і адсоўванне старэйшых вопытных манахаў на карысць выпадковых кандыдатаў ад "моладзі". Адсюль пратэсты "старэйшых" на імя генерала ў Рыме, асабліва гучныя ў пачатку 80-х (сведчаць пра гэта лісты правінцыяла Дзмітрыя Рэшчынскага да генерала ордэна). Магчыма, што аналагічны канфлікт паміж пакаленнямі таксама ўзнік і ў літоўскай правінцыі.

Вернемся, аднак, да Тытульная старонка трэцяга выдання 'Прастацкая арыфметыка, альбо Новы спосаб чытання лічбаў'... (Вільня, 1777). часоў навучання будучага матэматыка, гісторыка права, класічнага філолага, даследчыка бібліі, перакладчыка і, нарэшце, прафесара Галоўнай літоўскай школы. Малады піяр пасля заканчэння навіцыяту ў Любяшове і курса філасофіі (напэўна, таксама ў Шчучыне) прайшоў абавязковую педагагічную практыку, працягласць якой ў канцы 18 стагоддзя ордэнскія ўлады ўстанавілі двухгадовую. Мэтай той практыкі была праверка ведаў і прыдатнасці кандыдатаў да прафесіі настаўніка. Выпрабаванні прайшлі для Сыруця вельмі добра, ён атрымаў вельмі станоўчыя водгукі ад начальства. Наступным узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі было вывучэнне тэалогіі, якое ў гэты час у літоўскай правінцыі адбывалася ў Воранаве (курс маральнай тэалогіі, часова таксама дагматычнай і спекулятыўнай) і ў Вільні. Што цікава, хоць Міхал Францкевіч бачыцца ў спісе калегіума ў Воранаве як слухач курса тэалогіі ў 1753/54 навучальным годзе (ёсць там і іншыя будучыя літоўскія правінцыялы: Бонавэнтура Ярманскі (1753/54), Тадэвуш Лянг (1751/52), Мацей Тукала (1748/49)), у спісе не хапае прозвішча Сыруця.

Адзначым, што вывучэнне тэалогіі ў Воранаве пасля гэтага года было спынена, "па той прычыне, што ўсе маладыя навучэнцы, да гэтага часу раскіданыя па розных дамах, былі сабраны ў багатых калегіумах для лягчэйшага прадстаўлення навуковых дапаможнікаў і заахвочвання адных студэнтаў прыкладам іншых" (як пісаў апошні рэктар калегіума ў Лідзе Ёзафат Вайшвілла). У хуткім часе ўвесь калегіум перанесены ў Ліду (1756).

Верагодна, у той час Сыруць вучыўся на прафесара тэалогіі ў Вільні, дзе ў 1752-1755 гадах у калегіуме вучыўся яго брат Юзафат.

Пасля 1753 года адукацыя Бернарда канчаткова перастала прытрымлівацца звыклага парадку. Прызнаючы яго здольнасці, ордэнскія ўлады адправілі яго на вучобу за мяжу (Сыруць выказаў сваю падзяку за гэта Себасцьяну Выкоўскаму, які ў 1748-1754 гг. жыў у Рыме). Себасцьян Выкоўскі (1700-1760) з'яўляецца вельмі заслужанай асобай для літоўскай правінцыі. Тры тэрміны ён быў правінцыялам (1742-1748 і 1754-1757), больш за 20 гадоў выкладаў паэзію, рыторыку, філасофію і тэалогію ў розных калегіумах, таксама быў генеральным асістэнтам ад імя літоўскай правінцыі ў Рыме, дзе стварыў навуковы інстытут [фонд] для моладзі, якая рыхтавалася да працы ў ордэне. З-за ўзросту, павагі да пасады і вопыту называлі яго "душой і аракулам ордэна", але ён выкарыстоўваў свой аўтарытэт для стрымлівання змен у піярскай адукацыі, якія ў літоўскай правінцыі (па ўзору Кароны) пры падтрымцы Станіслава Kанарскага хацела ўвесці група піяраў сярэдняга пакалення з Мацеем Догелем і Ежым Цяпінскім (1718-1768) на чале.

Было нямала канфліктаў з Kанарскім ужо ў ходзе рэформы, якую ён праводзіў у польскай правінцыі (1750-1754), калі Выкоўскі ў якасці генеральнага асістэнта адыгрываў асаблівую ролю ў ордэнскіх ўладах. Канарскі, падкрэсліваючы яго першапачатковыя заслугі для спраў польскіх правінцый, дадаваў, што "вярнуўся да сваёй натуры", перашкаджаючы нейкім важным яго праектам.

Родным братам Выкоўскага быў Феліцыян Выкоўскі (1728-1784), які таксама ў Рыме, у слаўным Калегіуме Назарэнуме, вывучаў філасофію і матэматыку (зразумела, пры падтрымцы брата), затым выкладаў матэматыку ў Вене ў піярскім Калегіуме Нобіліуме Ловенбургікуме, а затым вярнуўся ў Рэч Паспалітую, працаваў выкладчыкам спачатку ў калегіуме ў Дамбровіцы, а затым у Вільні (1756/57 і 1758/59). У Дамбровіцы яго нават называлі "Copernicus redivivus" ("Капернік") з-за яго выключныя дасягненні ў галіне астраноміі і матэматыкі. З-за адсутнасці сродкаў яго працы не былі апублікаваны і засталася ў рукапісах. Таксама заваяваў славу сярод сваіх сучаснікаў як паэт (яму казалі: "Што ў Польшчы Нарушэвіч, то ты ў Літве"). Яго забытая паэтычная творчасць сёння з'яўляецца прадметам жывой цікавасці даследчыкаў гісторыі літаратуры.

Яго пераклады таксама карысталіся поспехам - у 1782 годзе кароль Станіслаў Аўгуст узнагародзіў яго залатым медалём за пераклад "Погляд на рэальнасць хрысціянскай рэлігіі". Два тэрміны ён быў літоўскім правінцыялам (1766-1772). Невялікая група студэнтаў дакладных навук з літоўскай правінцыі ў піярскіх школах у Рыме мела па меншай меры двух годных памяці прадстаўнікоў, біяграфіі якіх шмат у чым падобныя. Звярніце ўвагу, што абодва пазней працавалі ў віленскім Калегіуме Нобіліўме і сустрэліся ў 1758/59 навучальным годзе (калі Сыруць замяніў Феліцыяна Выкоўскага як настаўнік матэматыкі).

Разважаючы аб прычынах такога значнага вылучэння ў 1753 Бярнарда Сыруця сярод значнай групы літоўскіх піяраў, варта прыпомніць асобу дзядзькі Шымона, які знаходзіўся ў апагеі сваёй палітычнай кар'еры, які менавіта ў 1752 г. стаў маршалам Літоўскага трыбуналу і сядзеў у сенаце як віцебскі кашталян. Магчымая падтрымка дзядзькі магла паспрыяць адпаведнай ацэнцы здольнасці і стараннасці пляменніка. У Рыме піяр таксама, верагодна, знаходзіўся пад апекай вышэйзгаданай фундацыі Выкоўскага.

Фундацыя пераймала рашэнні, прынятыя ў польскай правінцыі, дзе два сябры ордэна (Антоні Канарскі і Самуэль Высоцкі) ахвяравалі па 1200 дукатаў, у якасці стыпендыяльнага фонду ў касе правінцыі, які быў падцверджаны правінцыяльнай капітулай (1753). Стыпендыяты павінны былі знаходзіцца за мяжой тры гады і вучыцца ў Рыме (Калегіум Назарэнум і Калегіум Новум), а таксама ў Фларэнцыі, Францыі і Аўстрыі. Напрамак навучання акрэсліваў правінцыял у залежнасці ад здольнасцей кандыдатаў.

Здаецца, што падобным чынам была задумана фундацыя Себасцьяна Выкоўскага. Няма нічога дзіўнага ў тым, што менавіта Выкоўскаму Сыруць прысвяціў сваю публікацыю "Selectaе propositiones mathematicae" (Вільня, 1759), падкрэсліваючы намаганні і фінансавыя выдаткі экс-правінцыяла і генеральнага асістэнта для павышэння ўзроўню выкладання і навучання матэматыцы ў літоўскіх калегіумах піяраў.

Усебаковае навучанне Сыруця ў рымскім Collegium Novum (1753-1756) ахоплівала перш за ўсё матэматыку і тэалогію, адначасова паглыбіла яго веды замежных моў (акрамя класічных, добра ведаў французскую, рускую і, магчыма, нямецкую) і дало добрае ўяўленне аб сучасных плынях заходняй навукі. Звярніце ўвагу, што ў створаным у 1747 годзе Калегіуме Новуме навучацца маглі таксама вучні нешляхецкага паходжання, а навучанне было цалкам бясплатнае. На зваротным шляху Сыруць спыніўся ў Вене, дзе на працягу года ён выкладаў матэматыку ў знакамітай Терэзіянскай акадэміі. Акадэмію заснавала імператрыца Марыя Тэрэза ў 1746 г. з мэтай падрыхтоўкі кадраў, неабходных інтэнсіўна рэфарміруемай дзяржаве.

Акадэмія выхоўвала моладзь з найлепшых родаў, рыхтуючы яе да ваеннай, дыпламатычнай і адміністрацыйнай службы. Генры Верашыцкі падкрэслівае ролю гэтай установы ў рэфармісцкай палітыцы, якая праводзілася ў духу "асвечанага абсалютызму": "Як эксклюзіўная ўстанова з высокім узроўнем навучання, выхоўвала эліту апарата ўлады і спрыяла ў немалой ступені вытварэнню пэўнай аднастайнасці ў кіруючым класе настолькі разнастайнай у многіх адносінах дзяржавы". У пачатковы перыяд акадэміяй кіравалі езуіты, якім, відавочна, не перашкаджала, што прафесар належаў да канкурэнтаў. Падчас знаходжання ў Вене вікарны біскуп Вены Франц Ксавэры Антон Марксер (1704-1775) надаў Сыруцю святарства.

Неўзабаве вучоны піяр зноў апынуўся на радзіме - хутчэй за ўсё, па просьбе Мацея Догеля, які толькі што распачаў працу па рэформе піярскай адукацыі ў Вялікім княстве Літоўскім. Ідучы па шляху Станіслава Канарскага, Догель вырашыў стварыць узорную элітную ўстанову ў Вільні. Звярніце ўвагу, што Канарскі, перад тым як арганізаваў вядомы Калегіум Нобіліум у Варшаве, рабіў аналагічныя спробы ў Вільні, але пацярпеў няўдачу з-за недахопу сродкаў, адпаведнага памяшкання і праблем з езуітамі. Канвікт існаваў, хоць меў некалькі вучняў, "і з бегам часу цалкам быў спынены". У наступныя гады (1738-1741) Канарскі кіраваў абаронай Віленскага калегіума ад атак езуітаў. Доўгія спрэчкі ўдалося закончыць паразуменнем толькі ў 1753 г. Адначасова распачаты пошукі адэкватнага фінансавання і памяшкання. У 1756 г. у палацы Слушкаў рэарганізаваная ўстанова магла распачаць сваю дзейнасць. Сам Догель за свае ўласныя сродкі "бібліятэку ўстановы забяспечыў адборнымі кнігамі і прыроднымі інструментамі" (Уладзіслаў Канапчыньскі). Аднак галоўнай справай быў адбор выкладчыкаў высокай кваліфікацыі. Бернард Сыруць у віленскім Калегіуме Нобіліуме выкладаў матэматыку ў 1758/59 - 1761/62, 1765/66 гадах, а ў 1762/63 гадах выконваў там абавязкі рэктара.

Сярод прафесараў гэтай установы няма недахопу ў прозвішчах заслужаных асоб у розных галінах інтэлектуальнай культуры Рэчы Паспалітай XVIII стагоддзя. Мы ўжо ўзгадвалі пра Феліцыяна Выкоўскага. З усёй упэўненасцю мы можам сказаць, што сувязь з віленскім Калегіумам Нобіліумам аказала ўплыў на інтэлектуальнае фарміраванне аўтара першага на польскай мове падручніка логікі Казіміра Нарбута (1738-1807). Варта адзначыць таксама Клемента Пакубята (1736-1811), аўтара "Геаграфіі для моладзі" (1776), які пасля 1772 г. быў часовым павераным у справах амбасады Польшчы ў Вене, і Мацея Тукалу (1727-1807), пазней - літоўскага правінцыяла, які працягнуў працу над "Дыпламатычным кодэксам" Догеля.

Звярніце ўвагу, што Сыруць адначасова з навучаннем у Калегіуме Нобіліуме распачаў таксама шматгадовую працу ў віленскім настаўніцкім прафесорыуме, на працягу дванаццаці гадоў выкладаў там піярскім кандыдатам у настаўнікі вымаўленне і матэматыку. Ён таксама ўдзельнічаў у кіраванні літоўскай правінцыяй піяраў у якасці дарадцы. Сувязь з родным ордэнам не парваў да канца жыцця і працуючы пры двары дзядзькі, і надалей цікавіўся адміністрацыйнымі справамі літоўскай правінцыі.

Інтэнсіўная педагагічная праца Сыруця ў Вільні спалучалася таксама з некалькімі важнымі публікацыямі ў розных галінах навукі. Ужо падчас вучобы ў Рыме выдаў зборнік з 52 задач па дыферэнцыяльным вылічэнні з каментарыем, але бэз рашэнняў пад назваю "Propositiones ex analisi infinitorum selectas..." (1755). Варта адзначыць, што дыферэнцыяльнае і інтэгральнае вылічэнні тады нідзе ў Польшчы не выкладаліся, яны таксама не з'яўляліся прадметам публікацый. Нядзіўна, што праца Сыруця, хоць была апублікавана за мяжой, атрымала рэзананс у краіне. У 1759 г. ў Вільні выйшла другая матэматычная праца піяра, якая ўжо ўзгадвалася пад назваю "Selectae propositiones mathematicae". Нагадаем, што піяры ад пачатку свайго існавання жыва цікавіліся апошнімі дасягненнямі дакладных навук, аб чым сведчаць іх цесныя кантакты з Галілеем, якія прычынілі ордэну шмат праблем. Тлумачэнне сувязі дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння, у тым ліку сістэматычнае выкладанне гэтых пытанняў і ўкараненне практычных метадаў інтэграцыі простых тыпаў функцый, а таксама устанаўленне базавай тэрміналогіі і знакаў увялі Ісаак Ньютан (1643-1727) і Готфрыд Лейбніц (1646-1716). Спрэчка аб прыярытэце менавіта ў гэтай галіне вялася паміж двума вялікімі вучонымі.

Для зусім іншага чытача прызначаны былі тры чарговыя выданні "Прастацкая арыфметыка, альбо Новы спосаб чытання лічбаў, якому не ўмеючы чытаць, лёгка вучыцца можна..." (Вільня, 1767, наступныя выданні там жа, 1771 і 1777). Гэтая нетыповая кніга вучыла лічыць пры дапамозе прымітыўных метадаў і трох сімвалаў (I, Λ, Х), якія выконваліся ў выглядзе надрэзаў альбо крэсак крэйдай і вуглём. Была прызначана для неадукаваных людзей, што адпавядала канцэпцыі стваральніка ордэна Св. Юзэфа Калясантага, які ў рэшце рэшт рабіў акцэнт на бясплатную адукацыю для бедных, якая б рыхтавала іх да самастойнай працы. Сыруць ва ўступе да гэтай кнігі пісаў: "Ці толькі студэнты могуць умець лічыць, пісаць Тытульная старонка перакладу працы Луіса Карачыолі 'La religion de l’honnete homme' (Парыж, 1766). Пераклад Бернарда Сыруця выйшаў у Вільні ў 1769 г. пад назваю 'Рэлігія сумленнага чалавека'. лічбы і розніцу ведаць, а тыя, хто гэтых знакаў не ведае, не ўмее чытаць і пісаць, у адной з найбольшых для гаспадарства і чалавечага грамадства патрэб павінны быць занядбанымі? Хіба не трэба ў іх лад мыслення ўваходзіць, звяртаць увагу на іх уласцівыя вынаходкі, да іх магчымасцяў нашыя здольнасці схіляць? Адсюль пайшла мая прастацкая матэматыка, якую чытаеш, таму так названа, таму што да самых прастакоў схіляецца і для іх можа быць карысная. Якім чынам, спытаеце вы, калі яны не ўмеюць чытаць? Ці ўмелі бы яны пацеры, калі б іх хто спярша не навучыў? Гэта лепш, скажаш, вучыць звычайнай арыфметыкі? Хто сумняваецца! Але не таго, хто толькі насечкі рабіць умее; таму што калі хто такі тупы, што і да трох палічыць не здолее, раю: не рабіце яго галавой. Прашу, каб нікога не ўразіла навіна, што мне сярод прастакоў разумным быць падабалася".

Варта яшчэ дадаць, што неўзабаве пасля гэтага (1773) піяр польскай правінцыі Фульгейт Обэрмаер (1733-1784) выдаў у Варшаве іншы падручнік матэматыкі пачатковага узроўню "Практычная кішэнная арыфметыка для штодзённага лічэння, пры памяншенні манет, пры куплі і продажы, пра тарыфы, аб якіх у самым пачатку ідзе размова".

У 1761 годзе выйшла чарговая праца Сыруця, апублікаваная з мэтай навучання моладзі: "Collectaneae probatiis Latinae lingauae scriptoribus ad u sum scholasicae iuventutis " - хрэстаматыя найлепшых лацінскіх аўтараў з кароткімі паясненнямі, якія характарызуюць тэкст.

Першая частка тэксту віленскай друкарняй узнаўлялася двойчы (1773 і 1775), другая была выдадзена ў 1773 г. Сувязь гэтай публікацыі з курсам рыторыкі, які вёў Сыруць у Віленскім калегіуме, відавочная. Некалькі перакладаў вядомых старажытных і сучасных аўтараў павінны былі служыць фарміраванню маральнай, рэлігійнай і грамадзянскай пазіцый. Сярод іх прысвечаныя Юзэфу Прозару і Анджэю Мальчэўскаму - чыноўнікам юстыцыі з найбліжэйшай радні - пераклады амаль ста судовых прамоў Квінтыліяна (у дзвюх частках, Вільня, 1769 і 1771), класіка старажытнай рыторыкі, які патрабаваў спалучаць рыторыку з маральнасцю.

Па загаду епіскапа жмудскага Яна Дамініка Лапацінскага (1708-1778), які старанна выконваў свае пастырскія абавязкі, клапаціўся аб узроўні духавенства і правільным функцыянаванні падпарадкаваных прыходаў, Сыруць пераклаў і выдаў кніжку аратаріаніна Луіса Карачыолі (1721-1803), прысвечаную абароне аб'яўленай веры, ад распаўсюджваемай у Еўропе "заразы дэістаў". Гэты французскі апякун дзяцей Вацлава Жэвускага быў надзвычай пладавітым аўтарам педагагічных, палітычных і богаслоўскіх работ, якія друкаваліся асабліва пасля вяртання ў Францыю. "Рэлігія сумленнага чалавека" выйшла ў Вільні ў 1769 г., арыгінал трыма гадамі раней у Парыжы пад назваю "La religion de l'honnete homme". У прадмове перакладчык так патлумачыў мэту гэтай публікацыі: "Кнігі [...] гэтай (якая цяпер у інтарэсах краю на роднай {не разумею гэтага, каб такая бязбожнасць у нашай краіне ўжо распаўсюджвалася; таму што злому хутка зачыняць брамы належыць} выходзіць мове) мэта не іншая, як уяўленая нявернасць дэістаў не з'яўляецца праведнасцю, і яна (нявернасць) не можа быць настолькі эфектыўнай, каб без рэлігіі (у дачыненні да выканання норм неабходных чалавечай супольнасці) абыйсціся магла; гэта значыць, што чалавек без рэлігіі, як дэісты, ніякім чынам праведным быць не можа, і таму праведнасць і рэлігія заўсёды павінны быць звязаныя паміж сабой".

Правінцыял піярскі Феліцыян Выкоўскі дадаў: "Дай Божа! Каб голавы, заражаныя ядам дэістаў, праз чытанне гэтай вельмі карыснай кніжкі апамятаваліся і пераканаліся ў найважнейшай праўдзе".

Варта адзначыць, што ў гэтым жа 1769 годзе Станіслаў Канарскі апублікаваў працу "Аб рэлігіі сумленных людзей", у якой высока ацаніў натуральнае пачуццё існавання якога-небудзь Бога, падкрэсліў, што "Аб'яўленне Боскае адкрыццё - гэта факт здзейснены і што вера, надзея і любоў, звязаныя з Божай ласкай, акрэсліваюць "жыццё сумленных людзей" [...]. Кніга з'яўляецца садзейнічае барацьбе за выхаваўчыя ідэалы Канарскага і выпраўленню нораваў у Рэчы Паспалітай" (ксёндз Ян Буба). Трэба дадаць, кніга выклікала на аўтара цэлы шэраг абвінавачванняў і папрокаў з-за філасофскія і багаслоўскія недакладнасці і спасылкі на "бязбожныя кнігі". Такіх праблем пераклад значна менш спрэчнай працы Карачыолі не выклікаў. Абедзве публікацыі, аднак, змяшчаюцца ў важным для тэалогіі васемнаццатага стагоддзя апалагетычным нурце, які з'яўляецца адказам на растучую секулярызацыю часткі еўрапейскай палітычнай і грамадскай эліты.

Значна большы запас канкрэтных ведаў (гісторыка-філалагічных) змяшчае вольны пераказ галоўнай грунтоўнай, шматразова перавыдаваемай паміж 1752 і 1795 гг., працы прафесара Лазанскага універсітэта Жана-Рудольфа д'Арная (1710-1765) "Delavieprive des Romanes" пад назваю "Звычаі старажытных рымлян, якія ў кіраванні рэспублікай, а таксама ў звычайных справах і язычніцтве выкарыстоўваліся" (Вільня, 1762, наступныя выданні - Вільня, 1772, Львоў, 1774, 1779). Гэтая публікацыя мела таксама значны грамадска-выхаваўчы аспект, аб чым сведчыць і прысвячэнне для маладых прадстаўнікоў палітычнай і грамадскай эліты Юзэфа Шчыта, сына смаленскага кашталяна і Іероніма Могля, сына абознага Інфлянцкага княства, - студэнтаў віленскага Калегіума Нобіліума.

Звернемся, дарэчы, да зместу першай часткі з назвай "Аб спосабе ўсеагульнага ўраду рымскай Рэчы Паспалітай":

Раздзел 1. Пра розны падзел горада і грамадзян.

Раздзел 2. Пра уладу агулу і аб сеймах.

Раздзел 3. Пра рыцарскі стан.

Раздзел 4. Пра сенатараў.

Раздзел 5. Пра пасады ўвогуле.

Раздзел 6. Пра звычайныя вялікія пасады.

Раздзел 7. Пра звычайныя меншыя пасады.

Раздзел 8. Пра экстраардынальныя вялікія пасады.

Раздзел 9. Пра экстраардынальныя меншыя пасады.

Раздзел 10. Пра правінцыяльныя магістраты.

Раздзел 11. Пра магістратных слуг.

Раздзел 12. Пра рымскія правы.

Раздзел 13. Пра усеагульныя суды.

Раздзел 14. Пра прыватныя суды.

Раздзел 15. Пра публічныя суды.

Раздзел 16. Пра кару, якая праз суд вызначана.

Астатнія часткі кнігі прысвечаны кароткаму агляду звычаяў паўсядзённага жыцця, сямейных звычаяў, а таксама рэлігіі і ваеннай справы старажытных рымлян.

Да перыяду работы ў Віленскім калегіуме адносіцца таксама іншы пераклад, які папулярызуе веды аб гісторыі радзімы. Разам з Клементам Пакубятай Сыруць пераклаў гісторыю Польшчы, напісаную П'ерам Жозефам Салінякам (1686-1773). Пераклад быў апублікаваны ў пяці тамах у піярскай друкарні ў Вільні ў 1763-1767, як уяўляецца, дзякуючы віленскаму каноніку, пісару вялікаму літоўскаму Паўлу Ксавэрыю Бжастоўскаму (1739-1828).

Юзэф Анджэй Залускі (1702-1774), сузаснавальнік знакамітай бібліятэкі Залускіх, эрудыт, бібліёграф, перакладчык, выдавец, вельмі заслужаны арганізатар тагачаснага інтэлектуальнага жыцця, пісаў пра гэтую працу: "Саліняк, мой сябар, сакратар караля Станіслава, па маёй просьбе і з маіх кніг сабраў і выдаў пяць тамоў сваёй гісторыі, ад пачатку каралеўства аж па Генрыха [Валуа]... У нас ёсць гэтая гісторыя ў польскім выданні праз ананімных перакладчыкаў-піяраў. А я даведаўся, што імі былі Сыруць і Пакубята". Звярніце ўвагу, што гэты нарыс польскай гісторыі карыстаўся папулярнасцю не толькі ў піярскіх калегіумах, але і ў езуіцкіх, яны таксама рэкамендавалі яго для перакладу (напрыклад, Стэфану Вулферсу, які жыў у 1732-1797 гадах, захавальніку, а затым бібліятэкару ў бібліятэцы Залускіх).

У пачатку 70-х гадоў васемнаццатага стагоддзя Бернард Сыруць, са згоды правінцыяла Феліцыяна Выкоўскага, пераехаў у двор свайго дзядзькі, Шымона Сыруця, віцебскага кашталяна (пражыў там сем гадоў, верагодна, ад 1771 да 1778). Ордэнскія ўлады, як правіла, неахвотна дазвалялі пражыванне ў магнацкіх і шляхецкіх сядзібах, што было несумяшчальна з ордэнскімі законамі. Вядома, рабіліся выключэнні ў дачыненні да радоў, маючых асаблівае значэнне ў грамадскім жыцці, а таксама для багатых пратэктараў і дабрадзеяў. Сыруць пры двары свайго дзядзькі, верагодна, выконваў абавязкі тэолага (называлі капеланам), займаўся таксама выхаваўчай працай (у шлюбе дзядзькі з Петранэлай Валадкевіч дзяцей не было, але ад першага шлюбу ў яе было двое сыноў і пяць дачок) - як бачна з запісу ў "Liber suffragiorum" не без карысці для правінцыі.

Акрамя таго, у супрацоўніцтве з дзядзькам збіраў і апрацоўваў гістарычныя матэрыялы 1766-1773 гадоў, якія пазней трапілі ў бібліятэку Ардынацыі Красінскіх (на жаль, знішчаны падчас Другой сусветнай вайны). Але галоўнай прычынай прыбыцця ў двор было пробаства ў Панямонні, якое атрымаў у падарунак ад дзядзькі ў мястэчку, заснаваным некалькі год таму Шымонам Сыруцем недалёка ад Коўна, пры ўпадзенні ракі Йезі ў Нёман (сёння гэта раён Каўнаса, які называецца Панямунь [літ. Panemunë], па-ранейшаму акружаны прыгожым лесам - сёння паркам). Першапачаткова ўзнікла ўніяцкая царква, у 1763 г. - касцёл Св. Апосталаў Шымона і Юды, "па-пруску мураваны", "у даўжыню маючы [...] 38 локцяў, у шырыню 15, з дзвюма капліцамі", з дахам, крытым гонтам, пафарбаваным у чырвоны колер. Аб'ект меў разам з купалам 50 вокнаў, а дзверы толькі адзіныя, "вялікія падвойныя, на круках і жалезных петлях, з добрым унутраным замком. Падлога з часаных камянёў, столь і сцены малёваныя. Лаваў вялікіх 4, малыя 2". Столькі звестак дае апісанне святыні ў 1782 г. Будынак ужо тады быў у вельмі дрэнным стане, без салідных фундаментаў і не пражыў доўга - ужо ў 1780 г. новы ўладальнік горада Юзэф Празор павінен быў паставіць побач яшчэ адзін, драўляны, без капліц (Св. Кароля).

Па інфармацыі Аляксандра Палуянскага, які ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя наведаў горад і меў магчымасць праглядзець гарадскія і прыходскія дакументы, калі гэты касцёл рухнуў у 1774 годзе, службы пачалі адбывацца ва ўніяцкай царкве. Першапачаткова будынак быў размешчаны насупраць двара, "на ўзвышшы, вяла да яго алея, высаджаная ліпамі, якія захаваліся да сённяшняга дня і якія святыню таксама прыкрывалі". Імкнучыся стварыць прыход у Панямонні, Шымон Сыруць у 1771 г. (2 жніўня ў прысутнасці Ігнація Забелы і Юзэфа Празора) ахвяраваў суму "50000 польскіх злотых з прызначэннем сёмага працэнта з зямель Панямоння і іншых, што да іх належаць". Папская була ў 1774 г. дала касцёлу ў Панямонні пяць індульгенцый у год. Па сведчанні Аляксандра Палуянскага, фундатар "усе будынкі для пробашча за свой кошт у Панямонні паставіць абавязаўся і на агарод морг зямлі ззаду касцёла, і 3 ахтлі дроў, давожаных дворскай запрэжкай прызначыў". Яшчэ адзін дакумент ад 18 верасня 1771 г. дазваляе выкарыстанне будаўнічых матэрыялаў за кошт маёмасці кашталяна на неабходныя рамонтныя работы ў храме. Згодна з фундушавым запісам дары на пробашча "ідуць заменна паміж дамамі Празораў і Сыруцеў". Першым пробашчам стаў менавіта Бернард Сыруць, пра чые тагачасныя сардэчныя адносіны з дзядзькам сведчыць узгадванне ў лісце ад 19 красавіка 1773 года ("мой дарагі панямонскі пробашч"). З гэтага ж года дапамагаў яму ў пастырскай працы ксёндз Шымон Панганскі (нарадзіўся ў 1721 годзе і рукапакладзены ў 1760 г.), "прыдатны для пропаведзяў і касцельных паслуг", які штогод атрымліваў за сваю працу 400 польскіх злотых. Пробашч не меў фальварка, ажыццяўляў догляд за шпіталём (прытулкам - пер.) з пяццю пакоямі і прыходскай школай, што месцілася разам. Па апісанні 1782 года, школай займаўся арганіст, а "паколькі прыход увесь з мужыкоў складваецца і не адпраўляюць дзяцей да навукі, двор і плебан не вінаватыя, то двор не перашкаджае, пробашч - рэкамендуе. Зімой, калі часам некаторыя больш багатыя мужыкі прышлюць дзяцей у школу, часам іх бывае амаль 10. З прыходам вясны зноў дадому забіраюць".

Пробашч Сыруць "victum et amictum" (стол і вопратку) і "жыллё меў у двары", у дзядзькі. Да часу спакойнага кіравання парафіяй у Панямонні і знаходжання пры двары віцебскага кашталяна адносіцца пераклад "Galateusza", працы біскупа Джавані дэла Каса (1503-1556), часта перакладанага і перараблянага падручніка "дворскай ветлівасці" (першае выданне - ў Рыме ў 1558 г.). Версія Сыруця пад назваю "Стары Галатэй, Ці агульныя перасцярогі прыстойнасці, са старага лацінскага экзэмпляра патлумачаныя" была апублікавана ў 1772 годзе, што цікава, у дзвюх версіях - без прысвячэння і з прысвячэннем для Барбары з Богушаў Сыруцёвай, жонкі Ёзафата і яе сястры Людвікі. Згодна з "Польскай бібліяграфіяй" Станіслава Эстрайхера, наступнае выданне выйшла ў 1777 г., "Новы Корбут" інфармуе таксама пра выданне 1793 г. Тэкст Сыруця ў шасці главах уяўляе даволі дакладны пераклад арыгінала і таму мае агульны характар, не адаптаваны да рэалій Рэчы Паспалітай васемнаццатага стагоддзя. Працытуем урывак пра "прыгожы" рух: "Пачцівы чалавек не будзе бегчы па вуліцы або занадта паспешлівым крокам не будзе ісці, але такім чынам не павінен ісці і крокам чарапахі, але гэта дбайна трымацца сярэдзіны паміж гэтым і тым. Ківацца ідучы і шырока ступаць не належыць. Рукамі не машы, як бы зярно сеяў [...] Ёсць такія, што нагу ў гару падымаюць і як конь грукаюць, іншыя па зямлі цягнуць, некаторыя як бы брыкаюцца, другія як качкі ягадзіцамі верцяць. Усяго гэтага не як злачынства, а як непрыстойнасці пазбягаць трэба". Варта адзначыць, што трыма гадамі раней піяр польскай правінцыі Філіп Здзяблоўскі (1738-1798) апублікаваў больш далёкую ад тэкста Джавані дэла Каса адаптацыю гэтага твора. Яго "Новы Галатэй" 1769 г. (наступныя выданні, па Эстрайхеру, у 1780, 1787 і 1793) выразна адаптаваны да сучасных яму часоў і рэалій шляхецкіх дамоў. У шаснаццаці главах ён піша пра паставу, адзенні, адносіны да людзей з ніжэйшых і вышэйшых сацыяльных слаёў, паводзіны за сталом, на балях, у падарожжы і г. д. "Праца заканчваецца некалькімі вельмі сур'ёзнымі і практычнымі парадамі: не перабольшваць з добрымі манерамі, паважаючы іх, нельга станавіцца іх рабом. Мы павінны памятаць аб прынцыпе прыстасавання да акалічнасцей і ў "цырымоніях". Ва ўсім трэба захаваць памяркоўнасць і здаровы сэнс" (Каліна Бартніцка).

Здаецца, што цікавасць да класічнай працы Джавані дэла Каса, якая адносіцца да шаснаццатага стагоддзя, была цесна звязана з развіццём элітных школ для "шляхецкай моладзі". Ужо каля 1755 года канвіктар езуіцкага Калегіума Нобіліума ў Варшаве Ян Тарноўскі (1735 - к. 1799), выхаванец знакамітага драматурга і публіцыста Францішка Багамольца (1720-1784), пераклаў гэтую працу з італьянскай мовы з надзеяй на хутчэйшае яе выданне. Варта адзначыць, што шматлікія піярскія публікацыі аб звычаях, адукацыі і маралі, добра вядомыя друкаваныя прамовы Канарскага, а таксама правілы паводзін у школе (у прыватнасці, у варшаўскім Калегіуме Нобіліуме) у грамадстве сфарміравалі думку аб піярах як аб спецыялістах па гэтай праблеме. Таму нядзіўна, што піяры будуць аўтарамі школьных падручнікаў па маральным выхаванні ў школах Камісіі народнай адукацыі. Аналагічнае пытанне закранала ўжо раней згаданая праца Сыруця пад назваю "Навука добрага пісьма на польскай мове, з некаторымі перасцярогамі для маўлення для тых, хто не вучыўся ў школах" (Вільня, 1769 г.). Звярніце ўвагу, што вялікая частка публікацый вучонага піяра была накіравана на павышэнне базавага ўзроўню адукацыі і прывіццё "добрых звычаяў", маральнасці і сапраўднай, а не павярхоўнай рэлігійнасці. У 1777 г., яшчэ падчас працы ў панямонскім прыходзе, выйшла у свет у перакладзе з французскай мовы праца езуіта Жана Лаваля "Дзень манаха, або Спосаб набожнага правядзення ўсіх гадзін у ордэне", двума гадамі раней - "пераклад з лацінскай мовы "Пра наследванне Найсвяцейшай Панны Марыі".

У 1774 годзе (20 красавіка) памёр дзядзька Шымон, пяццю гадамі пазней закончыла сваё жыццё жонка Петранэла (5 лютага 1779 г.). Панямонь пасля дзядзькі Шымона атрымаў у спадчыну Іосіф Празор. Прыкладна ў 1778 годзе Бернард Сыруць адмовіўся ад спакойнага жыцця і прыхода (магчыма, пасля смерці Петранэлы), на чале якога па рашэнні новага ўладальніка стаў саракагадовы ксёндз Матэуш Краеўскі. Ва ўзгаданым лісце ад 16 студзеня 1781 года Сыруць прапанаваў паездку ў Санкт-Пецярбург - па ўзгадненні з Камісіяй народнай адукацыі - для перапісу і перакладу рукапіснай гісторыі Літвы, але гэтага не адбылося. Затрымаўся тады на працяглы час у Вайткушках у Міхала Касакоўскага (1733-1798), тагачаснага пісара Скарбовай літоўскай камісіі, пазней - віцебскага ваеводы, таргавічаніна, брата знакамітага лівонскага біскупа Юзэфа (1738-1794). Біскуп, паслядоўны прыхільнік рускай опцыі, таксама таргавічанін, быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе і павешаны падчас паўстання Касцюшкі ў 1794 г. Трэба дадаць, што працэс таксама пагражаў трэцяму з братоў Касакоўскіх - лівонскаму кашталяну Антонію (1735-1798).

У тым жа 1781 г. Сыруць апублікаваў у Вільні пяцітомную "Гісторыю рускай дзяржавы" (пераклад з рускай) папулярнага публіцыста і гісторыка Жана Русо дэ Міса (1686-1762), прысвяціўшы працу князю Адаму Казіміру Чартарыскаму (1734-1823), знакамітаму палітыку і дзяржаўнаму дзеячу таго часу, мецэнату мастакоў і навукоўцаў, каменданту Рыцарскай школы (першай школы ў Польшчы, якая існавала за кошт дзяржаўных сродкаў), члену Камісіі народнай адукацыі. Вынікам гэтых намаганняў было ўстанаўленне больш цеснага супрацоўніцтва з Камісіяй, і, такім чынам, ужо ў другі раз у сваім жыцці Сыруць змог прыняць удзел у важных рэформах адукацыі ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэты кароткі, толькі трохгадовы перыяд (1781-1784) быў вельмі высока ацэнены вядомым піярам са значна больш маладога пакалення - натуралістам Станіславам Баніфацыем Юндзіллам (1761-1847), будучым заснавальнікам батанічнага саду ў Вільні, прафесарам Віленскага універсітэта і сябрам Таварыства сяброў навук у Варшаве.

У 1781 г. Бернард Сыруць атрымаў у Вільні ступень доктара багаслоўя і абодвух праў, а затым быў прызначаны на кафедру рымскага права ў Маральным калегіуме Галоўнай літоўскай школы, у якую была пераўтворана былая езуіцкая акадэмія ў Вільні, увайшоўшая, такім чынам, ў сістэму камісіі. Лекцыі чытаў на працягу 2 гадоў, у "панядзелак, сераду, пятніцу" да паўдня, і, як можна меркаваць па апублікаванай праграме, абмяжоўваўся толькі тлумачэннем Кодэксу Юстыніяна, не спрабуючы (так, як Баніфацый Гарыцкі (1742-1822), настаўнік Галоўнай школы кароннай) каменціраваць, або паказваць нязгоднасць з законамі прыроды. Характэрна, што пасля смерці Сыруця рымскае права знікла са школьнай праграмы надоўга - аж да 1797 года. У 1783/84 навучальным годзе ў нядзелю вучоны піяр выкладаў Пісанне - Стары і Новы запавет, "ні ў чым не адступаючы ад меркавання рымска-каталіцкага касцёла", сістэматычна і старанна, прапускаючы толькі менш важныя часткі з кніг Маісея, у якіх гаварылася пра "плямёны Ізраіля". Праграма абяцала, што выкладоўца "таямніцы каталіцкай веры, дзе будуць, пакажа, а таксама абвінавачванні ератыкоў і вымыслы габрэйскіх равінаў". Сыруць з-за дрэннага здароўя часта прапускаў гэтыя заняткі, і калі ў 1784 годзе Камісія народнай адукацыі дазволіла школе выбары першых генеральных інспектароў, быў абраны (разам з Уладзіславам Таўткевічам (1722 - пасля 1790)) з абгрунтаваннем, што без яго як выкладчыка могуць абысціся. У адпаведнасці з рашэннем школы ад 16 сакавіка 1784 года прымаў удзел з Давідам Пільхоўскім (1735-1803) і Францішкам Нарвойшам (1742-1819) у падрыхтоўцы інструкцый для інспектараў. Напачатку мая гэтага года яго здароўе настолькі пагоршылася, што 10 мая інспектарам у яго адсутнасць стаў Францішак Ксавэры Богуш (1746-1820). Неўзабаве пасля гэтага, 31 мая 1784 г., Бернард Сыруць скончыў сваё насычанае працай, хоць і не вельмі доўгае жыццё. Прычынай смерці прызналі вадзянку, як тады называлі агульныя ацёкі, звязаных з залішнім назапашваннем вадкасці ў поласцях цела.


[1] Свецкае імя Бернарда ад святога Яцака называюць па-рознаму. У энцыклапедыях 19 стагоддзя Сыруця называюць Бернард Мацей, некаторыя пазнейшыя аўтары выкарыстоўвалі імя Марцін (альбо Людвік Марцін Шымон). Запіс у піярскай матрыкуле вырашае пытанне адназначна: Michael, альбо Міхал, - і такое свецкае імя вучонага піяра прынята ў гэтым тэксце.


Bibliografia

1. J. Bieliński, Uniwersytet Wileński (1579-1831), t. II , III, Kraków 1899-1900

2. J. Buba, Matematyka w dawnych szkołach pijarskich w Polsce - nauczyciele, podręczniki, [w:] Pijarzy w kulturze dawnej Polski, Kraków 1982

3. Diccionario enciclopedico escolapio, t. 2, Salamanca 1983

4. A. Jobert, Komisja Edukacji Narodowej w Polsce (1773-1794), Wrocław 1979

5. J. Kurkowski, Wybitni nauczyciele i uczniowie szkoły pijarskiej w Szczuczynie, "Kwartalnik Historii Nauki i Techniki", 1995/1

6. Siruć (Syruć) Bernard (J. Kurkowski) Polski Słownik Biograficzny, t. XXXVII, Warszawa-Kraków 1996-1997

7. Siruć (Syruć) Szymon (Przemysław P. Romaniuk) Polski Słownik Biograficzny, t. XXXVII, Warszawa-Kraków 1996-1997

8. Syruć (Siruć) Bernard (bp. Edward Ozorowski), Słownik Polskich Teologów Katolickich, t. IV, Warszawa 1983

9. R. Stępień, Współpraca pijarów z Komisją Edukacji Narodowej na terenie Korony, Wrocław 1994

10. Wkład pijarów do nauki i kultury w Polsce XVII-XIX, pod red. I. Stasiewicz-Jasiukowej, Warszawa-Kraków 1993

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX