Вярнуцца: Навукоўцы

Вацлаў Шукевіч Waclaw Szukiewicz


Аўтар: Сурмацкая-Шчасьняк Аліна, плямянніца,
Дадана: 03.01.2008,
Крыніца: Лідскі летапісец №33.



Вынаходнік з Крупава

110 гадоў з дня нараджэння Вацлава Шукевіча


Другая Сусветная вайна раскідала жыхароў 2-й Рэчы Паспалітай па ўсім свеце.

Многія аселі ў Злучаных Штатах. Адным з іх быў інжынер Вацлаў Шукевіч з маёнтка Крупа (Крупава), Лідскага павету, які ад ХУІІ стагоддзя належаў сям'і Шукевічаў. Падчас ваенных дзеянняў дом і пабудовы маёнтка былі спалены, а ставы, у якіх гадаваліся карпы, засыпаны. Сёння там свінаферма і пескавішча (кар'ер).

Інжынер Шукевіч вядомы перш за ўсё, як адкрывальнік польскай сістэмы вытворчасці сінтэтычнага каўчуку і піянер тэхналогіі палімераў (пластмасаў).

Вацлаў Шукевіч нарадзіўся ў горадзе Аліце ў 1896 г., а памёр у Форт-Лаўдэрдалі (штат Фларыда ў ЗША) у 1992 годзе, пражыўшы 96 гадоў. Парэшткі яго спачылі ў Алеі заслужаных на могілках у Амерыканскім Чанстахове ў Дайлестоўне (штат Пенсільванія).

Вацлаў ШукевічЖыццё меў цікавае, бурлівае, поўнае расчараванняў, але і поўнае дасягненняў. Быў выхаваны бацькамі ў духу павагі да іншага чалавека і да людской працы. Некалі, калі ён, будучы яшчэ маладым хлопцам, няветліва звярнуўся да старога конюха, бацька загадаў папрасіць у яго прабачэння і пацалаваць у спрацованую руку. Навуку тую ён запомніў на ўсё жыццё. У школу Шукевіч пайшоў у Вільні, пасля чаго закончыў царскі корпус кадэтаў у Пецярбургу.

Яго дзед, Томаш Шукевіч, быў у Лідзе чальцом Камітэту паўстання 1863 г., за што быў сасланы ў Сібір.

У 1916 г. Вацлаў быў прызваны ў Адэсе ў афіцэрскую артылерыйскую школу і ўдзельнічаў у франтавых баях падчас 1-й Сусветнай вайны.

У 1917 годзе ўвайшоў у беларускі нацыянальны рух на поўдні Украіны (Адэса і ваколіцы), дзе было сканцэтравана каля 40 тысяч вайскоўцаў, прызваных з тэрыторыі Беларусі. Быў афіцэрам Беларускага корпуса.

Пасля заключэння Берасцейскага міру і адмовы нямецкага камандавання прапусціць беларускія фармаванні па сваіх тылах на Беларусь для арганізацыі барацьбы супраць бальшавікоў Вацлаў Шукевіч нелегальна прабраўся ў Ліду, дзе пад канец 1918 г., як падпаручнік, пачаў арганізоўваць Лідскую самаабарону. Задачай гэтай арганізацыі было падтрыманне парадку ў Лідзе і Лідскім павеце падчас адходу нямецнага войска і пасля яго адходу, арганізацыя барацьбы супраць надыходзячых з усходу бальшавікоў, а таксама вярбоўка дабраахвотнікаў у Літоўска-Беларускія дывізіі. Дзейнасць самаабароны дакладна апісана ў кнізе Юзафа Дзічканца "Самаабарона Лідчыны", выдадзенай у 1938 г. газетай "Ziemia Lidzka" і перавыдадзенай у 1992 г. варшаўскім офісам выдавецтва "Грыф" (нажаль без фатаграфій).

Пра ўдзел Шукевіча ў баях Літоўска-Беларускіх дывізій згадваецца ў паэме Камілы Эміліі Макрэцкай "Год 1919, або песня пра дывізіі Літоўска-Беларускія":

... Доля ці яснай будзе, ці строгай,

Толькі адзінага ведалі Бога

Капрал Макрэцкі, малады Шукевіч,

Мейлум, Шкоп, Бляха, Шнэам, Шалевіч.

Сталі ядрыцай той сілы збройнай,

Што паміж розных бунтаў і войнаў

Гонар здабылі, велькую славу...

Падчас польска-расейскай вайны Вацлаў Шукевіч браў удзел у бітве пад Варшавай ў якасці камандзіра артылерыйскай батарэі на коннай цязе пры 13-м палку ўланаў. Быў узнагароджаны "Крыжам Валечных". Пасля заканчэння ваенных дзеянняў паступіў у Варшаўскую Палітэхніку і закончыў факультэт хімічнай інжынерыі.

У 1933 г. Вацлаў Шукевіч заняў пасаду кіраўніка аддзелу сінтазу каўчуку ў дзяржаўным Хімічным даследчым інстытуце. Пасля двух гадоў інтэнсіўнай працы вынікі былі мізэрныя.

Крытыкі абвінавачвалі Шукевіча, што ён з'яўляецца "ўпартым ліцьвінам", што не слухае парадаў, што мае аднакірунковае здуменне. Справа дайшла да тагачаснага прэзідэнта РП праф. Ігнацыя Масціцкага (аднаго з заснавальнікаў інстытута), які вырашыў, што даследванні будуць фінансавацца яшчэ адзін год. Праз некалькі месяцаў быў атрыманы жаданы вынік, г.зн. выхад бутадзену са спірту павялічыўся да ўзроўню, пры якім метад мог мець практычнае прымяненне. Бутадзен, які паддаваўся палімерызацыі, даваў сінтэтычны каўчук, які называўся ў Польшчы КЕRам*. Атрыманы патэнт быў уласнасцю часткова ўраду РП, а часткова Шукевіча.

У 1936 г. Таварыства вытворцаў спірту абвясціла прапанову аб будаўніцтве фабрыкі КЕRу ў Дубіцы (Дэмбіцы), першай у Польшчы, а пасля Германіі і СССР - трэцяй у свеце. Шукевіч надзіраў за будаўніцтвам фабрыкі, а пасля заняў пасаду яе генеральнага дырэктара. Пасаду гэтую займаў ажно да пачатку 2-й Сусветнай вайны, калі, як капітан рэзервы, быў вымушаны з войскам перайсці румынскую мяжу. Знаходзіўся там без сродкаў для жыцця.

Шчаслівым выпадкам удалося яму завязаць кантакты ў Італіі і там запусціць фабрыку сінтэтычнага каўчуку па сваёй методзе.

Пасля ўступлення Італіі ў вайну, каб пазбегнуць арышту, Шукевіч выехаў цераз Партугалію ў Бразілію, адкуль з многімі цяжкасцямі прыехаў у Злучаныя Штаты пад канец 1941 г. Урад ЗША быў вельмі зацікаўлены ў вырабе сінтэтычнай гумы, так патрэбнай для збройнай прамысловасці. Польскі метад браўся пад сур'ёзную ўвагу, але, нажаль, не мог выйграць палітычных гульняў з нафтавай прамысловасцю, нягледзячы на падтрымку ўплывовых сенатараў. Будаўніцтва фабрыкі ў Філадэльфіі пасля пераадолення многіх супраціваў было скончана за некалькі месяцаў да канца вайны. І тады аказалася, што рынак ЗША быў насычаны каўчукам, і прадукцыя фабрыкі засталася незапатрабаванай. Гэта было для Шукевіча вялікім расчараваннем, як адносна прэстыжу, так і ў фінансавым плане.

У 1947 г. Вацлаў Шукевіч перавёз з Польшчы жонку і дваіх дзяцей, якіх пакінуў у 1939 годзе, ідучы дабраахвотнікам у войска, таму што так яму дыктавала сумленне. Пазней працаваў інжынерам-хімікам у амерыканскай прамысловасці штучных матэрыялаў. Не гледзячы на тое, што базавую школу закончыў на рускай мове, захапляўся польскай гісторыяй, эканомікай і палітыкай. У першыя паваенныя гады напісаў дзве кніжкі, на тую тэму, якіх, аднак, ніколі не мог выдаць - яны былі скіраваны на паваенны польскі рынак у краі. Апублікаваў у ЗША шэраг артыкулаў, быў сузаснавальнікам польскай газеты "Свет" у Нью-Ёрку, актыўным чальцом Таварыства Польскіх інжынераў і Польскага навуковага інстытута.

Час будаўніцтва і запуску фабрыкі ў Дубіцы быў для інж. Шукевіча часам напружанай працы і пастаяннага недахопу часу. Каб мець магчымасць, як мага хутчэй дабрацца з Дубіцы да Крупава, прылятаў самалётам, кружыў над домам і апускаў на малым парашуце картку з інструкцыямі для сям'і. Маці яго выбягала на ганак і задзіраючы галаву ламала рукі з перажывання, што самалёт зачэпіцца за вершаліны дрэваў. Пасля гэтага прызямляўся на аэрадром у Лідзе, куды высылалі па яго коней. Навакольныя людзі запомнілі яго, як таго, які ў 1939 г. адляцеў на сваім самалёце, каб болей не вярнуцца.

Фабрыка ў Дубіцы, запушчаная пасля заканчэння ваенных дзеянняў у 1949 г., закончыла вытворчасць каўчуку ў 1956 г. У 1958 г. пачалася вытворчасць каўчуку на хімічных заводах у Асвенцыме, але ўжо па змененай тэхналогіі. За заслугі перад краем інж. Шукевіч быў узнагароджаны "Залатым Крыжам Заслугі" (перад вайной) і Камандорскім крыжам ордэна "Адраджэння Польшчы" (пасля вайны). Стараўся выхоўваць дзяцей у польскім духу. У доме яго сына, які жыве ў Вашынгтоне, на сцяне вісіць старая карта Польшчы, на якой паказана Крупава.

Пераклад і рэдакцыя С. Судніка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX