Вярнуцца: Навукоўцы

Эдуард Вальчук Eduard Walchuk


Аўтар: Мятліцкая Ірына,
Дадана: 03.09.2008,
Крыніца: Лідскі летапісец № 34.



Лекар, навуковец, педагог

(да 70-годдзя прафесара Э.А. Вальчука)


Эдуард Антонавіч Вальчук нарадзіўся 28 траўня 1936 г. у г. Лідзе. Яго дзяцінства і юнацтва прыйшліся на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады. Вучыўся ў СШ №3. У 1959 г. пасля заканчэння лячэбнага факультэта Менскага медыцынскага інстытута быў накіраваны на працу галоўным лекарам сельскай участковай лякарні ў в. Белагруда Лідскага раёна. Праца ў першасным звяне сельскай аховы здароўя (1959-1963) не толькі спрыяла станаўленню Э.А. Вальчука як кваліфікаванага лекара, але і заклала асновы яго арганізатарскай дзейнасці, заахвоціла да навуковых пошукаў. У далейшым Э.А.Вальчук сфармаваўся як арганізатар аховы здароўя, выконваючы прафесійныя абавязкі на пасадах кіраўнікоў падраздзяленняў, устаноў і органаў аховы здароўя раённага ўзроўню: галоўны лекар Лідскай гаррайсанэпідэмстанцыі (1963-1964), галоўны санітарны лекар Лідскага раёна і раённай санэпідстанцыі (1964-1967), галоўны санітарны лекар Ваўкавыскага раёна (1972), лекар аргметадкабінета (1972-1975), намеснік галоўнага лекара Лідскай ЦРБ (1967-1972, 1975-1982). Сваёй дзейнасцю ён спрыяў фармаванню этапнасці арганізацыі медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву Лідскага раёна. Эдуард Антонавіч падкрэсліваў (і гэта знаходзіла практычную рэалізацыю) важнасць участковага і раённага этапаў аказання кваліфікаванай і асобных відаў спецыялізаванай медыцынскай дапамогі.

У 1964-1982 гг. Э.А.Вальчук неаднаразова абіраўся дэпутатам раённага Савета і старшынём пастаяннай камісіі па ахове здароўя і сацыяльнаму забеспячэнню, што дазваляла вырашаць праблемы сельскай аховы здароўя комплексна і на дзяржаўным узроўні. Характэрна, што практычны арганізатар аховы здароўя раённага цэнтра праводзіў навуковыя даследаванні па ўдасканаленні сістэмы арганізацыі медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву, прычым дадзеную працу Эдуард Антонавіч ажыццяўляў на аснове гістарычнага метаду. Ён карпатліва збіраў і аналізаваў першасны гістарычна-медыцынскі тэматычны матэрыял, працуючы ў архівах гг. Гародня, Вільня, Менск. У гэтыя гады Э.А. Вальчук сфармаваўся як навуковец, гісторык медыцыны. Ён выступаў з дакладамі на ўсесаюзных, рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях па гісторыі медыцыны. У яго склаліся творчыя і сяброўскія кантакты з віднымі савецкімі навукоўцамі ў вобласці гісторыі медыцыны - П.Я. Заблудоўскім, Г.Р. Кручком, М.І. Барсуковым, А.К. Касачом.

У 1981 г. Э.А.Вальчук паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Гісторыя, сучасны стан і перспектывы развіцця лячэбна-прафілактычнай дапамогі сельскаму насельніцтву раёна (на прыкладзе Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці)". У 1982 г. яму была прысвоеная вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя па спецыяльнасці "арганізацыя аховы здароўя". У гэтым ж годзе ён быў абраны па конкурсе на пасаду старэйшага выкладчыка кафедры сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя Беларускага інстытута ўдасканалення лекараў (БЕЛДІУЛ) і пераехаў у Менск. Так пачаўся наступны этап творчай дзейнасці Э.А.Вальчука, які характарызуецца працягам і пашырэннем навуковых даследаванняў. У 1993 г. ён абараніў дысертацыю на асягненне навуковай ступені доктара медыцынскіх навук "Навуковае абгрунтаванне і распрацоўка сістэмы медыцынскай рэабілітацыі (на прыкладзе сельскіх раёнаў Рэспублікі Беларусь)" і стаў адным з вядучых адмыслоўцаў новага кірунку ў ахове здароўя Беларусі - медыцынскай рэабілітацыі. У 1994 г. Эдуарду Антонавічу былопрысвоенанавуковае званне прафесара, а ў 1997 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Беларускай медыцынскай акадэміі.

Э. А. Вальчук з'яўляецца аўтарам больш 190 навуковых публікацый, у тым ліку манаграфіі "Асновы арганізацыйна-метадычнай службы і статыстычнага аналізу ў ахове здароўя" (суаўт. Н.І. Гуліцкая, Ф.П. Царук), суаўтарам трох манаграфій.

Э.А. Вальчук актыўна займаецца праблемамі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кіраўнічых кадраў аховы здароўя. Ён з'яўляўся дэканам санітарна-гігіенічнага і фармацэўтычнага (1987-1992), тэрапеўтычнага (1992-1995), хірургічнага (1995-1999) факультэтаў БЕЛДІУЛ. З 1999 па 2005 г. Эдуард Антонавіч узначальваў створаны па яго ініцыятыве ўпершыню ў СНД факультэт сацыяльнай медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя БЕЛМАПА (з 2004 г. - факультэт грамадскага здароўя і аховы здароўя).

У 1993 г. Э.А. Вальчук быў абраны на пасаду загадчыка кафедры сацыяльнай гігіены, эканомікі і кіравання аховай здароўя БЕЛДІУЛ (з 2001 г. - кафедра грамадскага здароўя і аховы здароўя). Пад яго кіраўніцтвам удасканальваюцца праграмы і методыка выкладання для розных катэгорый працаўнікоў аховы здароўя на паслядыпломным этапе, у тым ліку на выязных цыклах ва ўсіх абласцях Беларусі. Варта адзначыць, што да распаду СССР выкладчыкі кафедры разам з Э.А.Вальчуком праводзілі паслядыпломную падрыхтоўку арганізатараў аховы здароўя большасці саюзных рэспубалік.

Прафесар Э.А.Вальчук - ініцыятар курсаў паслядыпломнай падрыхтоўкі выкладчыкаў кафедр сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя, удзельнік абмеркавання праблем медыцынскай адукацыі і сацыялгігіенічнага навучання на акадэмічным і паслядыпломным этапах. Ён арганізаваў падрыхтоўку рэзервы кіраўнічых кадраў Міністэрства аховы здароўя на двухгадовым завочным курсе перападрыхтоўкі "Кіраванне аховай здароўя" (1999), а на кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя - падвышэнне кваліфікацыі па новых кірунках: "Эканоміка і бухгалтарскі ўлік у ахове здароўя" (2000), "Арганізацыя сястрынскай справы" (2001), "Інфарматыка" (2001), "Тэхналогія бальнічнай гаспадаркі і ахова працы ў ахове здароўя" (2001).

Э.А. Вальчук - старшыня Рэспубліканскай праблемнай камісіі па сацыяльнай гігіене і арганізацыі аховы здароўя, старшыня Рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі па арганізацыі аховы здароўя, член бюро навукова медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя, член савета па абароне доктарскіх дысертацый па спецыяльнасці "Грамадскае здароўе і ахова здароўя", член навуковага савета БЕЛМАПО, БЕЛЦМТ, галоўны пазаштатны адмысловец Міністэрствы аховы здароўя па грамадскім здароўі і ахове здароўя, галоўны рэдактар часопіса "Веснік пенітэцыярнай медыцыны", старшыня рэдакцыйнай калегіі часопіса "Медыцынскія навіны", навуковы кансультант выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя", член рэдакцыйных саветаў шэрагу медыцынскіх часопісаў. Пры яго непасрэдным удзеле арганізаваныя і праведзеныя чатыры з'езды сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя Беларусі, ён абраны ў склад прэзідыюма БАСГАР (2000). Э.А. Вальчук актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні 7-й, 8-й, 9-й і 10-й рэспубліканскіх навуковых канферэнцый па гісторыі медыцыны (1995, 1998, 2001, 2004). У 1995 г. ён абраны старшынём Беларускага навуковага таварыства гісторыкаў медыцыны і фармацыі. Пры яго падтрымцы ўсталяваны навуковыя кантакты з даследчыкамі з Польшчы і Расіі. Э.А. Вальчук - замежны член Польскага таварыства гісторыкаў медыцыны і фармацыі (1997).

Пад кіраўніцтвам прафесара Э.А. Вальчука ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь падрыхтаваны і абаронены 12 кандыдацкіх дысертацый па сацыяльнай гігіене і арганізацыі аховы здароўя. Ён з'яўляецца заснавальнікам навуковай школы ў вобласці грамадскага здароўя і аховы здароўя ў Беларусі. Асноўныя кірункі даследаванняў, што праводзяцца ў рамках навуковай школы, - вывучэнне эфектыўных форм і метадаў кіравання медыцынскімі арганізацыямі і распрацоўка прынцыпаў рэалізацыі мадэляў арганізацыі і кіраванні службамі аховы здароўя ва ўмовах рынкавых адносін; арганізацыя медыцынскай рэабілітацыі ў ахове здароўя; дэмаграфічныя працэсы і здароўе, прагназаванне грамадскага здароўя; вывучэнне гістарычных заканамернасцяў развіцця аховы здароўя і медыцынскай навукі.

Э.А. Вальчук узнагароджаны медалямі "За доблесную працу. У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння Ў. І. Леніна", "Ветэран працы", адзначаны Ганаровым знакам таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР, знакам "Выдатніку аховы здароўя", шматлікімі Ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя СССР, БССР, АКК і КП СССР.

Эдуарду Антонавічу Вальчуку ўласцівыя выдатныя чалавечыя якасці. Ён - патрыёт Беларусі і сваёй малой радзімы - гарады Ліды. Надае шмат увагі сям'і, дзецям і ўнукам. Любіць працаваць на зямлі, збіраць грыбы, ягады, захапляецца рыбалкай.

Матэрыял падабрала і падрыхтавала да друку Ірына Мятліцкая,

бібліятэкар Рэспубліканскай навукова-медыцынскай бібліятэкі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX