Вярнуцца: Навукоўцы

Міхал Валаховіч Michala Wollochowicza


Аўтар: Баркоўскі Алесь,
Дадана: 07-10-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец №27-28.



Даследчык мамантаў з Лідчыны


У № 17 часопіса "Zestaniec" за 2004 год быў змешчаны артыкул З. Вуйціка "Polscy badacze geologii Syberii", дзе між іншым паведамлялася, што "аднаго з Гданьскіх прыродазнаўцаў у 1716 г. цар Пётр І прызначыў да кіраўніцтва навуковаю выправаю па еўрапейскай і азіяцкай частцы Расіі. Гэта быў Даніл Месершмідт, выбітны даследчык, але адначасова навукова трагічная постаць. На пачатку 1724 г. ён дабраўся да Іркуцка, дзе атрымаў прадпісанне вывучыць рэшткі маманта знойдзенага на Індзігірцы. Дык вось, скарыстаўшы, зручны выпадак, ён выслаў на месца знаходкі лекара Міхала Валаховіча, (Michala Wollochowicza), які знаходзіўся ў няволі. Гэты ж, закончыўшы выправу поспехам, прывёз, разам з рэчавым вопісам жывёліны, пакрытую поўсцю ейную шкуру". Пры гэтым зацёмка спасылаецца на наступную крыніцу: А. Н. Иванов. "Из истории открытия трупов плейстоценовых животных. Сведения поляка М. Волоховича (1724) о находке шкуры на Индигирке" - "Dzieje polskich, rosyjskish badan polarnych. Materialy 111 sympozjum polsko-radzieckiego. Z historii nauk o ziemi. Wroctaw 25-30 wresnia 1978 r. (Wr. - W-wa. - Kr. -Gd. - t., 1982, s.445-452.), дзе А. Іваноў далей падае наступнае: "Зацікаўлены намі асобай М. Валаховіча (Волоховича) супрацоўнік Музея Зямлі ПАН З. Вуйцік на выснове старапольскіх матэрыялаў выявіў, што Валаховічы жылі ў 1700 г. ў вёсцы Валаховічы Лідскай воласці ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы. Бліжэйшая вышэйшая навучальная установа знаходзілася ў Вільні. Па меркаванні З. Вуйціка М. Валаховіч мог быць лекарам пры якойсьці залозе. Аднак, як выявілася, у даўняй Віленскай Акадэміі на пачатку ХVІІІ ст. меліся толькі багаслоўскі ды юрыдычны факультэты. Пагэтаму віленскі геолаг А. Грыгяліс выказаў меркаванне, што М. Валаховіч мог быць слухачом Акадэміі па багаслоўскаму факультэту і ў войсках апынуўся ў якасьці служкі культу" (стар. 449). У сваіх дзённіках Даніл Готліб Месершмідт адзначае, што М. Валаховіч быў палонны паляк ("Michael Wolochowicz, ein gefangener Pole"), які ў Іркуцку чакаў вызвалення ад выгнання праз пасрэдніцтва "Podstolpe Sinickin" (Meserschmidt D. G. "Forschungreise durch Sibirien 1720 - 1727". Teil 2. "Tagebuchufzeichnungen Januar 1723 - Mai 1724", Berlin, 1964. s. 209.) Як вядома Сяніцкія гербу Боньча, якія з ХУІ ст. вызначалі кальвінізм, свой род выводзілі з Сенніцы Краснастаўскага павету Бэлзскага ваяводства (Чырвоная Русь). Два сыны Мікалая Сяніцкага - Павел, падстолі Бускі (зараз Буск знаходзіцца ва Львоўскай вобласці Ўкраіны) ды Веспасіян выехалі на службу ў ВКЛ і там былі падтрыманы Радзівіламі. У 1671г. у Веспасіяна, ад шлюбу з Аляксандрай Станкар, нарадзіўся сын Крыштаф, а ў Паўла, ад шлюбу з Канстанцыяй Станкар, сын Людвік. На элекцыйным сойме ў 1697г. Крыштаф, услед за саксонскім курфюрстам Аўгустам, абраным каралём Рэчы Паспалітай, прымае каталіцтва пад імем Казімір. Неўзабаве Крыштаф - Казімір атрымлівае ад караля чын генерала артылерыі ВКЛ ды таксама надзвычай даходную Магілёўскую эканомію. Людвік жа робіцца віца-адміністратарам гэтай жа эканоміі і рэгіментарыем (палкоўнікам) беларускай дывізіі ВКЛ. У 1706 г. браты Сяніцкія прымаюць бок караля Станіслава Ляшчынскага, стаўленніка шведаў. У 1707 г. яны ўдзельнічаюць у захопе транспарту з расійскімі грашыма. Раз'юшаны Пётра І загадвае генералу Боўру ўзяць Быхаў, паланіць Сяніцкіх ды даставіць іх у Маскву. "Магілёўская кроніка" Т. Сурты і Ю. Трубніцкага, апісваючы паланенне Сяніцкіх зазначае: "У апошнія дні ліпеня праводзілі Сяніцкіх са значнаю маскоўскаю світаю праз Магілёў...абодва Сяніцкія ехалі на лектыцы акаваныя, так што і шапкі нікаму не маглі зняць. А за імі, на простых калёсах, вязлі Пятуха, пры Сяніцкіх прыслужваў якійсьці іхні пакаёвы...Па заканчэнні абеду масква адразу з Сяніцкімі рушылася з места. Згаданыя Сяніцкія былі завезены да Смаленскай мяжы, а праз Маскву сасланы ў выгнанне на Сібір, дзе доўга там у вельмі вялікіх нястачах жыццё сваё праводзілі, і там з іх адзін памёр, а другі, як з'ехаў з глузду, адасланы быў да Польшчы. А Пятух неўзабаве са сталіцы быў вернуты на Русь, прыбыў да сваіх маёнткаў, якія знаходзіліся ў Магілёўскай эканоміі". ("Могилевская хроника Т.Р. и Ю. Трубницкога" - Полное собрание русских летописей. Т. 35. Летописи белорусско - литовские. М., 1980. стр. 267.) Як бачым, магілёўскі кранікёр добра ведае магілеўчаніна Пятуха, але не называе прозвішча "пакаёвага" Сяніцкіх, бо пэўна той не быў ураджэнцам Магілёўшчыны ды і знаходзіўся там, пэўна, не вельмі працяглы час. Не называе таксама прозвішча "пакаёвага", але вызначае яго як афіцэра надзвычайны англійскі пасланец пры маскоўскім двары Чарльз Вітварт, які даносіў з Масквы 8(19) кастрычніка 1707 г. статс - сакратару Гарлею ў Лондан што: "Генерал Сяніцкі ("m-r Seniezky"), які (як я меў гонар паведаміць вам 13/24 жніўня) разам з залогай захопленай у Быхаве, адасланы быў ў Варонеж, прысланы назад у Маскву з тыдзень таму разам з ягоным братам і двума другімі афіцэрамі, але ўсе яны ўтрымоўваюцца пад строгім наглядам. Простых жаўнераў сюды не вазвярнулі". А 17(28) снежня 1707 г. ён ізноў даносіў: "Я меў гонар паведаміць вам, што былы Быхаўскі губернатар Сяніцкі, які ўтрымоўваецца пад строгім арыштам у адным з падмаскоўных манастыроў. 7-га дня бягучага месяца яго, яго брата і яшчэ аднаго афіцэра, звязаўшы па руках і па нагах, кінулі ў звычайныя сані і адправілі ў месца, якое прызначана для катаванняў злачынцаў; туды ж у тую ж ноч прывезены былі прылады катаванняў..." У сваіх успамінах Людвік Сяніцкі пісаў: "...палякі, якія прыехалі ў Маскву дзеля сузірання і святкавання Палтаўскага трыумфу, сакрэтна звярнуліся да нас, ці не жадалі б мы напісаць ў Польшчу, з дэкларацыяй, што жадаюць дабра і бяспечна перавязуць гэтыя лісты. На гэта, не бачачы небяспекі, быў спакушаны мой брат, пан генерал літоўскай артылерыі, які падкупіў варту ды напісаў лісты ў Польшчу, і праз свайго слугу пана Міхала Валаховіча ("Michala Wlochowicza"), адаслаў да тых палякаў, якія з-за здрадніцтва, перахапіў генерал Боўр, і аддаў іх князю Меншыкаву, які быў на той час на царавым месцы ў Маскве. Той аддаў гэтыя лісты князю Рамаданаўскаму ды загадаў учыніць найстрогшую інквізіцыю, дзеля якой майго брата п. генерала артылерыі вазілі ў Прэабражэнск, дзе тры тыдні ўтрымоўвалі асобна ад мяне, хаця і мяне таксама прывезлі ў гэты ж манастыр. Там яму цяжкія пакуты задавалі, пасля якіх, адабралі ад нас рэшту служылых людзей ды пана Пятуха, харунжага маёй харугвы, пакінуўшы нам толькі Міхала Валаховіча, якому за нашэнне гэтых лістоў далі дваццаць пяць бізуноў, нас саміх жа адаслалі ў Сібір на выгнанне... (Sienicki L.. "Dokument…", Wilnia 1754 r., s. 6-7. ) І вось тут можна зрабіць невялічкае дапушчэнне. Заснавальнік роду Станкараў-Franciscus Stancarus - прыбыў у Рэч Паспалітую з Мантуі што ў Італіі. Як пратэстант ён прычыніўся да выдання Берасцейскай Бібліі ў 1563 годзе і атрымаў прыхільнасць Радзівілаў. А мы ўжо ведаем што ў Крыштафа-Казіміра і Людвіка мацяркамі былі сёстры Станкар. Як падае "Encyklopedyja Powszechna", (T-23, W-wa., 1866r. s. -970.), "ягоныя нашчадкі, евангелічна-рэфармацкага веравызнання, жылі аж да нашых часоў у Троцкім павеце". Магчыма са Станкарам з Італіі прыехалі нейкія людзі, слугі ці магчыма паплечнікі па рэфармацкаму руху, якія ў Лідскім павеце ВКЛ, пэўна на землях Радзівілаў, заснавалі вёску Валаховічы, што атрымала сваю назву ад празвання італьянцаў - "Влохъ" (ГСБМ, вып. 4, Мн. 1984, стар. 44.). А ўжо іхнія нашчадкі, па моцы нейкіх абставінаў, засталіся вернымі Станкарам і працягвалі служыць іхнім нашчадкам, а ў выніку шлюбаў і Сяніцкім. Таксама адзначым тут што Д.М. Анучын, які быў знаёмы з рукапісамі Месершмідта, ў сваёй працы "По поводу реставрации мамонта для антропологической выставки." - "Известия Императорского общества любителей естествознания, антропологии и этнографии, состоящего при Московском университете", Т. 35, "Труды антропологического отдела", Т.5, М., 1879, стр. 40, падае прозвішча Міхала Валаховіча як "Михаил Волович", але магчыма гэта памылка друку, якую паўтарылі і іншыя даследчыкі. У 1710 г. Сяніцкія з "пакаёвым" Валаховічам апынуліся ў Табольску, адкуль іх саслалі ў Якуцк, на шляху куды Людвік, "не даходзячы фартэцыіі Нарым" на пустынным беразе ракі пахаваў свайго брата - генерала артылерыі ВКЛ. З "Дела о пленнике Людвиге Синицком" ("Сибирския Архив.", № 5, 1916 г., стр. 235-239.) вядома, што 24 траўня 1712 г. захопленыя "ў Быхаве штурмам" былі "прысланы з Масквы з Сібірскага прыказу на выгнанне падстолле Людвік Сяніцкі ў Якуцк ды валанцёр Міхал Валаховіч ("Міхайло Влоховіч") для адсылкі на Камчатку". У 1722 г. намаганнямі пасла Рэчы Паспалітай Станіслава Хамянтоўскага Людвік Сяніцкі быў вызвалены ад выгнання і выехаў на Жмудзь. Тады ж верагодна быў вызвалены і Міхал Валаховіч, які на зваротным шляху з Камчаткі і зрабіўся сведкам знаходкі рэшткаў маманта. Таму ён, як пісьменны чалавек (нават валодаў лацінай), якуцкім губернатарм, паводле загаду Пятра І, быў адпраўлены ў Іркуцк, дзе і сустрэўся на пачатку 1724 г. з Месершмідтам, які, як мы ведаем, з навуковымі мэтамі вандраваў па Сібіры. Там ў Іркуцку, на кватэры ў Месершмідта, Валаховіч і напісаў сваё сведчанне лацінай пра знаходку рэшткаў маманта на Індзігірцы. Ізноў ехаць на Індзігірку, па прапанове Месершмідта, Міхал Валаховіч адмовіўся, бо з надзеяй на Людвіка Сяніцкага нецярпліва чакаў на хуткае вызваленне. Але на зваротным шляху Месершмідт ізноў сустрэўся з Валаховічам, які ўсё яшчэ знаходзіўся ў Іркуцку. Гэтым разам Міхал Валаховіч папрасіў яго даць яму якіх-небудзь лекаў для сваёй цяжарнай жонкі, з якой пэўна ажаніўся на выгнанні. Месершмідт, які ў маладосці вывучаў медыцыну ва ўніверсітэтах Нямеччыны ў сваіх дзённіках адзначыў, што Валаховіч не выяўляў пры гэтым аніякіх медычных ведаў. 3 чэрвеня 1725 г. Месершмідт назаўсёды развітаўся з Валаховічам, і яны больш не бачыліся. У 1730 г., калі Месершмідт прыехаў у Данцыг, то перадаў свайму сябру І. П. Брэйну свае малюнкі чэрапа, біўняў, зубоў і сцёгнавай косткі індзігірскага маманта ды, таксама, сведчанне Валаховіча, па якіх той зрабіў даклад у Данцыгскім навуковым таварыстве. Ужо пасля смерці Месершмідта Брэйн напісаў ліст, датаваны 28 верасня 1735 г., прэзідэнту лонданскага каралеўскага навуковага таварыства сэру Гэнсу Слоўну, які датычыў мамантавых костак, да якога дадаў свой даклад, малюнкі Месершмідта ды сведчанне Міхала Валаховіча. Гэты ліст, са ўсімі прыкладзенымі да яго матэрыяламі, быў апублікаваны ў выданні: "Philosophical transactions" Vol. 40 (1737-1738), № 446, London, 1741, p. 124-128. Праз некалькі гадоў на гэтыя матэрыялы звярнуў увагу вядомы французскі прыродазнавец Жорж Кюўе, і яны дапамаглі яму прыйсці да высновы, што мамант - гэта выкапнёвы слон. Гэтак лідзянін, хаця і не па сваёй волі, дачыніўся да разгадкі стагоддзя.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX