Папярэдняя старонка: Іншае

Ян Боландзь 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 26-02-2014,
Крыніца: Летапісец 4(64)–2014.



Пра галоўнага лідскага боўдзілу ХХ ст. Яна Боландзя

Публікацыі ў газетах пачатку ХХ ст. даюць магчымасць пункцірна прасачыць за жыццёвым шляхам нейкага Боландзя - галоўнага і легендарнага лідскага "падшыванца", пра якога гараджане памяталі праз шмат дзесяцігоддзяў.

Успаміны пра яго я, як краязнавец, запісаў на дыктафон нават у 2012 г., размаўляючы з маім цесцем, зараз нябожчыкам. Юзаф Юзафавіч сказаў: "Мой бацька пры канцы 1930-х гадоў цікава расказваў пра галоўнага лідскага "боўдзілу" пачатку XX ст. - Боландзя. Ён быў жахам для яўрэяў і ксяндзоў горада. Неяк убачыўшы ксяндза, які выпадкова праходзіў недалёка ад бардэля, ён пачаў гнаць яго бічом да плябані, крычучы пра тое, дзе ён яго нібыта злавіў. Другім разам ён, выпіўшы, учыніў вэрхал у плябні Фарнага касцёла, і ксёндз-дэкан папрасіў суседзяў замкнуць яго ў "трупярні" - памяшканні злева ад галоўнага ўваходу ў Фарны касцёл, дзе ў той момант знаходзіліся дзве труны з нябожчыкам і нябожчыцай, якіх павінны былі заўтра адпяваць. Ачомаўшыся, Боландзь палажыў у адну труну на нябожчыцу нябожчыка і ўцёк. Назаўтра, пры поўным касцёле адчынілі вечка труны ... Вэрхал, які ўчыніла радня нябожчыцы, помнілі і праз шмат гадоў" [1].

У Віленскі архіве ёсць справа, якая датычыць нашага героя: "Предварительное следствие судебного следователя Виленского окружного Суда 1-го участка Лидского уезда. По делу о разбойном нападении на шоссе Лида-Гродно в ночь с 24 на 25 мая 1910 г., 1630, 1632, 1634 ст. Ул. О нак.". З гэтай справы пра Яна Боландзя даведваемся, што "10 красавіка 1873 года ў Лідскім рыма-каталіцкім парафіяльным касцёле ахрышчана немаўля па імені Ян ксендзам Юльянам Калантаем са здзяйсненнем усіх абрадаў сакраманту. Дваран Яна і Евы з Дашкевічаў Боландзяў, законных мужа і жонкі сын, які нарадзіўся гэтага года 3 красавіка ў г. Ліда. Хрышчонымі бацькамі былі дваране Войцех Хруль і ...(неразборліва) жонка Аляксандра Вярцінкага" [2].

Не абыходзіла "прыгоды" Боландзя і краёвая прэса. У студзені 1906 г. "Кур'ер літэўскі" пісаў: "У мясцовай бальніцы здзейснена страшнае забойства. У 3-й гадзіне ночы забіты нямы шляхціц Кулеша, які знаходзіўся там на лячэнні. Абставіны забойства наступныя. З канца лістапада на горадзе пачала хадзіць невядома кім пушчаная гаворка пра тое, што нейкі пан Боландзь збіраецца арганізаваць яўрэйскі пагром. Гаворка гэтая не мела ніякіх падстаў, але моцна закранула яўрэйскае насельніцтва горада. Панічны страх дайшоў ды вышэйшага напружання 5 снежня. Падаваліся сігналы трывогі, былі зачыненыя ўсе яўрэйскія крамы". Увечары таго ж дня 20 яўрэяў напалі на Боландзя і збілі яго сталёвымі прутамі, потым паранілі стрэламі з рэвальвера (у нагу, руку і ў бок). Боландзь страціў прытомнасць, а нападнікі, вырашыўшы, што ён забіты, палажылі яго ў дрожкі і загадалі фурману завезці дадому. Аднак ён выжыў, і яго адвезлі ў гарадскую бальніцу, дзе пацярпелы пачаў хутка здаравець. Наведвальнікі паведамілі Боландзю, што сябры "Бунда" пастанавілі яго забіць. "Боландзь засцярожыўся… У сярэдзіне снежня ў бальніцу з маёнтка Мікянцы прывезлі нямога шляхціца Л. Кулешу, ён ляжаў ў той жа палаце… Увечары 19 снежня з дазволу адміністрацыі Боландзь памяняў ложак, але застаўся ў той жа палаце. Каля 3-х гадзін ночы ён пачуў крокі трох мужчын. Незнаёмцы падышлі да ложка, на якім ён раней ляжаў і ўбачыўшы, што ложак пусты, падышлі да ложка, на якім накрыўшыся з галавой спаў Кулеша. Нападнікі нанеслі Кулешы 9 ран стылетам, Боландзь ўсё бачыў і ляжаў ні жывы, ні мёртвы. Здзейсніўшы забойства, мужчыны хутка пакінулі шпіталь… пачаўся перапалох. Праз гадзіну ў бальніцы з'явілася паліцыя. Вядзецца следства.." [3].

2 красавіка 1907 г. на дарозе за 5 вёрст ад Ліды ў бок Гародні быў здзейснены напад на яўрэяў Гірша Купінскага і Абрама Малчадскага, 5 нападнікаў забралі 425 рублёў і срэбны гадзіннік [4]. У арганізацыі нападу абвінавацілі Боландзя і як быццам асудзілі на два гады турмы.

"Кур'ер літэўскі" ў траўні 1910 г. паведаміў пра наступны напад на мельніка з маёнтка Паперня Абрама Малчадскага, які "разам з жонкай, 6-ці гадовым сынам і сваяком Янкелем Дыменчынскім пасля кірмашу ў Лідзе вяртаўся дахаты. На дарозе, на 5-й вярсце ад Ліды з лесу выскачылі 3 чалавекі, адзін з іх затрымаў каня, два іншыя пачалі біць палкамі яўрэяў. Пасля зверскага збіцця (не пацярпела толькі дзіця, яго закрыла сабой маці), бандыты забралі 600 рублёў і схаваліся ў лесе. Ахвяраў цягніком адправілі ў бальніцу ў Вільню, дзе Янкель Дыменчынскі памёр. Жонка мельніка, прыйшоўшы ў сябе, распавяла, што пазнала аднаго з нападнікаў - гэта быў сусед мельніка Боландзь. 2 гады таму, ён на … тым жа месцы напаў на Малчадскага і забраў грошы. Выйшаўшы з турмы, ён зноў напаў на мельніка. Боландзь арыштаваны, двух іншых шукаюць" [5].

Загадкай з'яўляецца тое, што з справы бачна - Боландзь не меў судзімасці, у даведцы, датычнай гэтага пытання напісана: "аказалася, што ў кнізе 2-й за 1904 ... значыцца:" Боландзь Іван Іванавіч, дваранін горада Ліды, 28 гадоў, Віленская 6, п. 1 ч. 286 арт. турма 2 месяцы, выканаў 15 лістападзе 1903 года"" [6] . Гэта значыць, што ён меў толькі адміністратыўны арышт у 1903 г., дарэчы, магчыма, за ўчынак у Лідскім касцёле.

Пацярпелая Сара Эліева Купінская, 37 гадоў, як быццам пазнала Боландзя, з пратаколу допыту пацярпелай: "... нас спынілі 3 чалавекі, адзін быў лідскі жыхар Боландзь, высокага росту, у што быў апрануты не заўважыла, яго я добра пазнала па голасе і па твары, ... Боландзь быў з калом ..., Боландзь крыкнуў мне: "Давай грошы" ..." [7].

На падставе паказанняў пацярпелай наш герой арыштаваны, і ў яго праведзены ператрус. "Следчы 1-га ўчастка Лідскага павета ў прысутнасці ніжэйпадпісаных панятых ... у суправаджэнні паліцэйскага стражніка Сабадахі, прыбыў у сядзібу двараніна Івана Іванавіча Боландзя, размешчаную ў Лідзе па Каменскай вуліцы, для ператрусу ..." [8]. Боландзь вінаватым сабе не прызнаў, з першаснага допыту, праведзенага 26 траўня 1910 г. бачна, што "дваранін Лідскага павета, 35 гадоў, Іван Іванавіч Боландзь, імя дзеда - Фама. Ахрышчаны ў Лідскім касцёле, пісьменны, халасты, ратнік апалчэння 2-га разраду, мае сядзібу ў г. Ліда, жыве ў хляве, бо дом згарэў" [9]. Арыштаваны даў паказанні: "Паліцмайстару г. Ліды. ... Вярнуўся дадому гадзін 8-9 вечара і неўзабаве зноў пайшоў гуляць па Каменскай вуліцы. Каля дома ... Марачэўскага сустрэўся з ім і пайшоў у піўную ў доме Блотніка па Каменскай вуліцы, там з Марачэўскім прасядзеў ад гадзін 10 вечара да пачатку другога ночы. ... Пасля піўной пайшоў дадому, дзе лёг спаць да арышту мяне паліцыяй у 2-30" [10] . Наш герой даў спіс з 28 чалавек, якія бачылі яго ў гэты вечар у Лідзе, тым не менш больш за год прасядзеў у Лідскай турме, чакаючы на суд.

У сярэдзіне верасня 1911 г. ў Лідзе прайшло чарговае паседжанне Віленскага акруговага суда. "Виленские губернские вести" у раздзеле "Судебные известия" пісалі: "Список уголовных дел, назначенных к слушанию в Виленском окружном суде, во временном его помещении в гор. Лиде с 12 по 17 сентября 1991 г. … 13 сентября, вторник. 1) О дв. Иване Иванове Болондзе, обв. по 1630, 1632, 1634 ст. ул. о нак. ар." [11] .

Пра гэтае паседжанне ў "Кур'еру Віленскім" пісаў Вандалін Шукевіч, жыхар Лідскага павета, чалавек дасведчаны і аб'ектыўны: "Вялікай сенсацыяй для гараджан, асабліва для яўрэяў, быў суд над нейкім Боландзем, абвінавачаным у нападзе і забойстве з мэтай рабавання. Справа была вельмі невыразная, але ж магла б быць раскрытая, калі б было правільна праведзена першаснае следства. У гады рэвалюцыі Боландзь быў жахам для яўрэяў горада Ліда, за што яны яго ненавідзелі. Таму ўсе паказалі на яго як на арганізатара апошняга злачынства. Гэтага было дастаткова для мясцовай паліцыі: яго арыштавалі трымалі пад арыштам. Прысяжныя, аднак, не пераканаліся ў яго вінаватасці, доказы былі вельмі недастатковыя, і Боландзь прызнаны невінаватым, што выклікала вялікае абурэнне гарадскіх яўрэяў, якія ладзілі маніфестацыі перад будынкам суда" [12].

Наш боўдзіла нейкім чынам пазбегнуў мабілізацыі ў войска і застаўся ў акупаванай Лідзе. І знакамітага ў Лідзе чалавека, раней судзімага расейскай уладай, не абышлі бокам і акупацыйныя ўлады, газеты пісалі: "Ліда. За ўкрывальніцтва стрэльбы і медзі. Эканом Ян Боландзь засуджаны акруговым судом за гвалт і ўзлом, так сама судзіўся за хаванне паляўнічай стрэльбы і незаяўку меднага посуду, які знайшлі схаваным у хляве. Ён засуджаны на 5 гадоў папраўчых работ" [13] .

Ці перажыў Ян Боландзь нямецкую акупацыю - не вядома. Аўтар спадзяецца знайсці след нашага боўдзілы ў польскай прэсе 1920-х гадоў.



[1] Размова са старым шляхціцам // Лідскі Летапісец № 2(58)-2012. С.52.

[2] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф.448. Воп. 5. Спр. 850. С. 243.

[3] Kuryer Litewski № 3, 4 (17) stycznia 1906.

[4] Kuryer Litewski № 78, 10 (23) kwietnia 1907.

[5] Kuryer Litewski № 119, 27 maja (9 czerwca) 1910.

[6] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф.448. Воп. 5. Спр. 850. С. 34.

[7] Там жа. С. 4.

[8] Там жа. С. 6-10.

[9] Там жа. С. 36.

[10] Там жа. С. 37.

[11] Виленские губернские вести. № 71, 07 сентября 1911.

[12] Kuryer Wilenski № 221, 30 wrzesnia (13 pazdernika) 1911.

[13] Homan № 77, 7 listapada 1916.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX