Папярэдняя старонка: Іншае

Леанард Іваноўскі, тайны дарадца і ганаровы грамадзянін Ліды. Паслужны спіс 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 15-10-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Леанард Іваноўскі, тайны дарадца і ганаровы грамадзянін Ліды // Лідскі Летапісец. 2020. № 4(92). С. 72-79.



Гэты артыкул пра Леанарда Іваноўскага, ганаровага грамадзяніна горада Ліда, бацькі чатырох сыноў і адной дачкі. Тры яго сыны - выбітныя дзеячы трох суседніх народаў - беларускага, польскага і летувіскага. Другі яго сын, беларус Вацлаў Іваноўскі быў цэнтральнай фігурай ў справе адраджэння нашай Радзімы, яго выгадавала Лідская зямля і яго родны, бацькоўскі маёнтак Лябёдка. Пра Вацлава Іваноўскага грунтоўна напісаў Юры Туронак [1]. Пра братоў Вацлава - Ежы і Тадаса шмат пісалі польскія і летувіскія аўтары. Дачка, Алена Скіндар з Іваноўскіх [2], сястра чатырох братоў таксама пакінула свой важкі след у беларускай культуры.

Пляменнік Вацлава Іваноўскага - прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі [3] пісаў пра сваю сям'ю: «Сям'я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў розных нацыянальнасцей. Самы старшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі - Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай Палітэхнікі, быў беларусам. Трэці - Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта, быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ, і асаблівай адзнакай сям'і Іваноўскіх было не гэта, а тое што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца, - такога больш ні ў каго не было».


У памяці дзяцей Леанард Станіслававіч Іваноўскі застаўся нешматмоўным і строгім. Любіў і песціў толькі сваю дачку Алену, да сыноў жа ставіўся сурова, і яны яго нават баяліся.

З дакументаў бачна, што Леанард Іваноўскі нарадзіўся 2 лістапада 1845 г. (па старым стылі) у Лябёдцы. Меў дзвюх сясцёр, якія памерлі ў дзяцінстве. Яго маці таксама памерла ў адносна маладым веку, і Леанард рос самастойна, бо бацька Станіслаў меў невялікі ўплыў на свайго нашчадка.

Леанард Іваноўскі(1845 - 1919).

Пасля паўстання 1863 г., з-за матэрыяльных цяжкасцяў, большасць шляхты не магла паслаць сваіх дзяцей вучыцца, і таму трэба з павагай узгадаць старога Станіслава Іваноўскага - ён зрабіў усё, што мог, каб даць сыну сапраўдную адукацыю.

Леанард Іваноўскі з добрымі адзнакамі закончыў гімназію № 1 у Вільні (знаходзілася на рагу вуліцы Вялікай [4] і Святога Яна [5] - зараз гмах універсітэта). Пра яго жыццё ў Вільні вядома не шмат. Здымаў пакой недзе па вуліцы Святога Яна, і потым, калі сын Тадас ужо сам быў студэнтам, паказаў яму акно сваёй кватэры. Неяк праз тое акно да яго заляцеў стрыж, Леанард злапаў птушку і зрабіў з яе экспанат які папоўніў калекцыю ў Лябёдцы.

У гімназіі Іваноўскі цікавіўся прыродазнаўчымі навукамі і добра ведаў флору і фаўну Віленшчыны. З гімназічных часоў і да першага прыходу бальшавікоў у Лябёдцы захоўваўся яго вялікі гербарый. Падчас паляванняў у ваколіцах Вільні ён вывучаў раслінны і жывёльны свет. Але пасля паўстання 1863 г. у гімназіста канфіскавалі паляўнічую зброю, і Леанард страціў магчымасць паляваць.

Улетку Леанард Іваноўскі прыязджаў да бацькі ў Лябёдку і там аддаваўся сваім захапленням - збіраў гербарый, паляваў, прэпараваў казурак і птушак. Цікаўнасць да біялогіі засталася на ўсё жыццё але ён выбраў сабе іншую і, верагодна, больш перспектыўную прафесію, бо пасля гімназіі малады Іваноўскі працягнуў вучобу ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце.

Пасля заканчэння вучобы, з дыпломам інжынера-тэхнолага, ён паехаў Сібір, якая прыцягвала сваімі бясконцымі магчымасцямі, тым больш, што там меліся сваякі. Адным з іх быў Юзаф Козел-Паклеўскі, ссыльны ўдзельнік паўстання, які потым стаў у Сібіры багатым чалавекам, ён меў вялікі маёнтак, капальні золата, заводы і шмат лесу. Каля самай мяжы з Кітаем, у Маймачыне, стаяла яго дыстылярня спірту. Хімік Леанард Іваноўскі атрымаў тут сваю першую пасаду, але доўга на ёй не затрымаўся, а дэталёва разабраўшыся з тэхналогіяй дыстылярні, выехаў у Францыю і працягнуў там адукацыю. У Францыі працаваў і вывучаў новыя прамысловыя тэхналогіі вырабу спірту і пераканаўся пры гэтым, што ў Расіі справа вырабу спірту знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Потым, праз укараненне еўрапейскіх тэхналогій, малады інжынер змог значна знізіць сабекошт вырабу спірту ў Расіі і зрабіць сабе на гэтым кар'еру.

Пасля вяртання дахаты, Іваноўскі прымяніў веды на вялікім спіртзаводзе ў Варонежскай губерні. Вынікі былі выдатнымі, яму далі вялікі заробак і запрасілі ў склад кіраўніцтва завода. Аднак і тут Леанард Іваноўскі доўга не працаваў, бо яго інжынерныя здольнасці ўжо атрымалі агульнае прызнанне і яму прапанавалі дзяржаўную пасаду - на пачатку ў Варшаве, а потым і ў Пецярбургу. Працуючы ў Варшаве, па просьбе Міністэрства фінансаў, Іваноўскі напісаў працу па спецыяльнасці («Устройство винокуренных заводов»). Быў вялікім і паважаным аўтарытэтам у сваёй сферы.

Неўзабаве Іваноўскі быў пераведзены ў Міністэрства фінансаў у Пецярбург. Здаецца, інжынер быў задаволены сваёй пасадай, бо, дзякуючы ёй, не быў прывязаны да аднаго месца. Шмат часу праводзіў у розных дэлегацыях, часам у самых аддаленых кутках Расіі: у Сібіры ці на Урале, дзе кіраваў будаўніцтвам вялікіх хімічных прадпрыемстваў. Быў чалавекам шырокай кваліфікацыі, і неяк яму нават даручылі рэарганізаваць біццё манет у Пецярбургу, працу выканаў добра і быў узнагароджаны [6].

У 1874 г. Леанард Іваноўскі і яго сябар Вацлаў Карафа-Корбут (яны пасябравалі падчас перабудовы вінакурні ў Рокішаках) пабраліся з сёстрамі, баранэсамі Ядвігай і Хеленай Райхель з ваколіц Пятркова. Сёстры былі выхаванкамі курсаў прафесара Баранэцкага ў Кракаве і, як на тыя часы, мелі добрую адукацыю. Леанард атрымаў за жонку у пасаг частку маёнтка Райхеляў над ракой Вальборкай каля Вальбромя. Але чужая старонка яго не вабіла. Прадаў гэтую зямлю і за выручаныя грошы павялічыў гаспадарку ў Лябёдцы [7]. Унук Леанарда Іваноўскага Казімір пісаў: «Дзед Леанард жадаючы выхаваць маладую жонку, цалкам ізаляваў яе ад сваякоў, перасяліўшы на 600 км у Лябёдку, дзе яна мела толькі яго аднаго» [8].

З роду Райхеляў нам вядомы цесць Леанарда Іваноўскага (дзед Алены і Вацлава Іваноўскіх) - барон Амон фон Райхель. Ён паходзіў з Эльзаса і служыў у прускім войску ротмістрам гусарскага палка. Гэты полк стаяў каля Гданьска, Райхель нейкім чынам пакінуў вайсковую службу і, ажаніўшыся з паннай Хжаноўскай, асеў у Польскім каралеўстве.

Ядвіга Іваноўская з Райхеляў мела сястру Хелену і двух братоў - Уладзя і Браніслава. Уладзь меў слабасць да кабет і моцных напояў, і яшчэ яму заўсёды не шанцавала ў карты. Канец свайго ён жыцця дажываў каля сястры ў Лябёдцы. Брат Ядвігі Браніслаў меў сына Мечыслава, які ў ваколіцы Лябёдкі пазнаёміўся з багатай паннай Марыяй (усе звалі яе Мануля) Кандраценка. Пасля паўстання 1863 г. рыма-католікам нельга было набываць маёнткі, і канфіскаваны маёнтак Шайбакполе (раней належаў паўстанцам Александровічам і Плятэрам) за заслугі быў прададзены казацкаму генералу Кандраценку (памёр у 1880 г.). Калі пляменнік Ядвігі Іваноўскай Мечыслаў ажаніўся з Марыяй (дачкой Кандраценкі), гэты стары маёнтак перайшоў у рукі Райхеляў [9].

Леанард Іваноўскі вельмі любіў падарожжы, ён часта атрымліваў даручэнні за мяжой - прымаў удзел у міжнародных выставах і стаў спецыялістам у гэтай справе. Праца на выставах вымагала шмат часу праводзіць у Парыжы, Турыне, Вене ці Берліне. Паўсюдна ён меў знаёмых і нідзе не пачуваўся чужым. З падарожжаў Іваноўскі заўсёды вяртаўся задаволены і поўны энергіі зноў прыступіць да сваёй звычайнай, штодзённай працы. Жыў у Пецярбургу і, здаецца, любіў гэты горад бо прывязаўся да яго з часоў свайго студэнцтва. Жыў сціпла, але бываў на прыёмах і наведваў абавязковыя, афіцыйныя банкеты. Меў некалькі старых знаёмых, з якімі сябраваў яшчэ з часоў віленскай гімназіі і Тэхналагічнага інстытута. Яго старымі сябрамі былі Ялавецкі, Златніцкі, Навіцкі і іншыя. Сыны Леанарда пад час свайго студэнцтва жылі разам з бацькам у Пецярбургу.

Падчас жыцця ў Пецярбургу Леанард Іваноўскі супрацоўнічаў з хімікам Дзмітрыем Мендзялеевым і перакладаў на ангельскую мову яго лекцыі ў Лонданскім каралеўскім таварыстве аматараў прыроды. З 1898-1905 гг. займаў пасаду прэзідэнта Варшаўскага садоўніцкага таварыства і прымаў актыўны ўдзел у яго працы. Як адзін з заснавальнікаў і фундатараў лідскай гімназіі быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Ліды.

Па ўспамінах, Леанард быў чалавекам працавітым, любіў парадак і акрэслены рытм жыцця - уставаў рана, заўсёды ў адзін час. Напачатку трошкі працаваў у сваім кабінеце, а потым, хоць Міністэрства фінансаў у Пецярбурзе было досыць далёка, заўсёды пешшу ішоў на працу. Вяртаўся з працы таксама пешшу. Жыў далёка ад Бацькаўшчыны, але сэрцам быў заўсёды з ёй. Трасы ўсіх ягоных паездак праходзіла праз Лябёдку. Відочна, калі вяртаўся з Заходняй Еўропы, адведаць Лябёдку было проста. Але калі нават ён ехаў з усходу, заўсёды выкройваў дзень ці два, якія абавязкова праводзіў дома. Пры гэтым аглядваў сваю гаспадарку і кантраляваў працы, асабліва ў садзе. Калі яго дзеці жылі ў Лябёдцы, яны павінны былі аглядаць гаспадарку разам з ім і слухаць яго заўвагі.

Восенню, звычайна ў верасні, Іваноўскі меў месяц адпачынку. Свядома выбіраў сабе гэты час, каб у маёнтку асабіста займацца ўборкай ураджаю і асабліва ў яго любімым садзе. Сад быў галоўным захапленнем інжынера. Кожную восень часткова выконваўся план Леанарда Іваноўскага - садзіўся новы кавалак саду, новая алея, новая школка маладых дрэўцаў. У апошнія часы перад Першай сусветнай вайной, сад займаў ужо каля 20 гектараў. Падчас адпачынку гаспадар рана ўставаў і сам кантраляваў працу. Бываў паўсюдна, усё бачыў і не дзіва, што мучыў сваіх рабочых, служак і ўсю сям'ю. Калі ён з'язджаў, усе, нават жонка, уздыхалі свабадней.

Парафіяльным касцёлам Іваноўскіх быў касцёл пад вызнаннем св. Пятра і Паўла ў Старых Васілішках, якія ляжалі за 2 км ад мястэчка Васілішкі ў бок рэчкі Лябёдкі. Гэты неагатычны касцёл быў пабудаваны амаль што ў адзін час з лябёдскім домам, г. зн. каля 1904 г. Леанард Іваноўскі з'яўляўся адным з яго фундатараў, і таму па правы бок ад алтара стаяла лава калятараў Іваноўскіх (перад ёй мелася меншая лава сям'і Райхеляў). А вітраж з гербамі Райхеляў і Іваноўскіх на адным з вокнаў касцёла быў фундаваны Ядвігай Іваноўскай. Гэты вітраж зрабілі ў кракаўскай майстэрні. Касцёл меў багаты роспіс на сценах і столі, па легендзе мастак, які гэта намаляваў, не меў рук і працаваў нагамі. Потым адукаваныя парафіяне казалі, што калі ацэньваць мастацкі ўзровень роспісаў, дык у гэта можна і паверыць [10].

Леанард Іваноўскі - ганаровы грамадзянін Ліды.

Дзеці шанавалі бацьку за яго справядлівасць, працавітасць і мудрасць. Ім нават не прыходзіла ў галаву казаць пра яго дрэнна, бо быў для іх вялікім аўтарытэтам. Аднак сын Тадас заўважыў, што яго бацька меў і недахоп: ён быў кепскім псіхолагам і не бачыў таго, што робіцца ў душы не толькі жонкі, але і дзяцей. Яго адносіны да дзяцей былі суровыя і бескампрамісныя, з-за гэтага даходзіла да балючых канфліктаў, у якія, баронячы дзяцей, заўсёды ўступала маці. Дзеці, вельмі баяліся гэтай рысы характару бацькі, і паступова паміж імі з'явілася мяжа праз якую ўжо немагчыма было пераступіць. На жаль, гэтая мяжа не дазваляла мець больш блізкія, сардэчныя адносіны. Толькі для адной сваёй дачкі Алены Іваноўскі быў іншым, больш лагодным і разважлівым, а яна, дзякуючы сваёй жаночай інтуіцыі, гэта рана зразумела і старалася залагодзіць жорсткасць бацькі.

Здаецца, Леанард Іваноўскі значна больш вольным быў з чужымі людзьмі, чым са сваімі дзецьмі. Калі прыязджаў у Лябёдку, да яго па справах прыходзілі самыя розныя людзі: суседняя шляхта, сяляне ці яўрэі з бліжніх мястэчак. І яму прасцей было знайсці агульную мову з сялянамі, асабліва калі размова вялася пра сельскую гаспадарку. Дзеці памяталі свайго бацьку, які падчас размовы з групай сялян у доўгіх авечых кажухах быў апрануты у кароткі гаспадаркі кажушок. Вось яны разам аглядаюць палі, сельскагаспадарчыя машыны ці быдла, і інжынер вельмі доўга не развітваецца з сялянамі. Уладальнік маёнтка часта дарыў сялянам ці ёркшырскіх парасят, ці новыя гатункі бульбы, ці маладыя прывітыя дрэўцы. Каб прыахвоціць вяскоўцаў да паляпшэння гаспадаркі, Іваноўскі прыдумаў праводзіць выставы прадукцыі. У Міністэрстве сельскай гаспадарцы ён дабіўся падтрымкі і невялікай субсідыі, афіцыйных пахвальных лістоў і г. д. Выставы адбываліся ў вялікай лябёдскай стадоле, мелі гучны поспех і добра ўплывалі на мясцовых гаспадароў. Леанард Іваноўскі вельмі радаваўся, бо бачыў, з якім шацункам удзельнікі выставы атрымоўвалі грашовыя ўзнагароды ці пахвальныя лісты [11].

У вялікім артыкуле «Уражанні ад выставы ў Лябёдцы» віленская газета «Кур'ер Літоўскі» ўвосень 1910 г. пісала пра адну з гэтакіх сельскагаспадарчых выстаў у Лябёдцы Іваноўскага. «На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і па-сучаснаму пабудаванага двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збожжа... Гаспадарчыя пабудовы лёгкія і танныя ... . У адной з такіх, высокай і добра пабудаванай шопе, усталяваны простыя, але спрытныя машыны для вырабу дахоўкі, цэглы і пустых знутры вялікіх блокаў ... . У стайнях, аборах, хлявах, курніках шмат жывёлы розных сартоў, падабраных для нашых умоў. Агароды і купкі пладовых дрэў дэманструюць шматгадовую працу былога прэзідэнта Таварыства Садаводаў. Сады з-за вялікай колькасці гатункаў дагледжаных тут дрэваў маюць музейную вартасць. ... Колькі смачнай і карыснай гародніны стала вядома, дзякуючы толькі таму, што сп. Леанард Іваноўскі купляў яе паўсюдна, а потым папулярызаваў сярод мясцовых гаспадароў. Сп. Іваноўскі ёсць найвялікшы знаўца сваёй справы ў Літве ... . ... На выставе дэманстраваліся цікавыя вырабы з садавіны і гародніны, вырабленыя пад кіраўніцтвам гаспадыні, сп. Ядвігі Іваноўскай. Адборныя віны, кансерваваныя ягады і грыбы ў шкляных і бляшаных банках розных відаў ... гародніна па-кіеўску, гародніна сушаная ў адмысловых сушарнях, старасвецкія канфіцюры і сокі - усё надта смачнае і дасканала вырабленае. Бляшаныя банкі, распрацаваныя Вацлавам Іваноўскім, - простыя, танныя і адначасова дасканалыя і герметычныя, абавязкова будуць выкарыстоўвацца ў прамысловасці. ... Выстава ў Лябёдцы была арганізавана для суседніх гмін, і ў ёй прымалі ўдзел вырабы суседніх маёнткаў. ... Але вырабы з Лябёдкі былі па-за канкурэнцыяй. ... Лябёдка 400 гадоў знаходзіцца ў руках Іваноўскіх [12] ...» [13]. А ў верасні 1913 г. Леанард Іваноўскі ў сваім маёнтку Лябёдка правёў выставу жывёлы [14].

У Беларусі таго часу не хапала добрых рамеснікаў, і інжынер здаўна хацеў арганізаваць у Лябёдцы школу садаводства і таму здабыў у адпаведным міністэрстве дазвол на яе адкрыццё. Школа пачала працаваць перад Першай сусветнай вайной, і разам з садаводствам ў Лябёдцы неафіцыйна выкладалася і польская мова. Гэтым займаліся жонка Леанарда Ядвіга і яе сястра Хелена. З таго часу ў сям'і памяталі амаль што анекдот, як падчас вывучэння назваў раслін, беларускія дзеці на слых успрынялі фразу: «Дуб ёсць дрэва, а ляшчына куст» як «Дуб ёсць дрэва, але сцыць на куст» [15]. Маладых сялян прымалі ў маёнтку для практыкі ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 г. меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Для будучай школы выбралі месца ў блізкім суседстве з Лябёдкай, у вёсцы Банюкі. Будаўнічы матэрыял даў дзяржаўны лес, але ў 1914 г. пачалася Сусветная вайна, і будынак школы не быў пабудаваны.


Як раз у апошнія гады перад Сусветнай вайной Лябёдка перажывала свой «залаты век». У гаспадарцы ўсталяваўся добры парадак, палепшылася агратэхніка, з'явіўся дрэнаж, усталявалі сучасныя машыны, купілі статкі пародзістага быдла, вырас добры сад. Гэта быў Некралог па Леанарду Іваноўскаму. момант найвышэйшага ўздыму маёнтка. Але выбухнула вайна, край агарнула гарачка мабілізацыі. Як і звычайна ўвосень 1914 г. Іваноўскі меў чарговы адпачынак. Пасля заканчэння водпуску ён вярнуўся ў Пецярбург і адразу пайшоў у адстаўку. Пра адстаўку марыў даўно і бачыў сваё жыццё на пенсіі ў рамантычным свеце: будзе жыць у Лябёдцы, займацца гаспадаркай, меліярацыяй ці іншымі добрымі рэчамі. Думаў, што яго высокі ранг сапраўднага дзяржаўнага дарадцы гарантуе аўтарытэт і павагу, акрамя таго перад пенсіяй спадзяваўся атрымаць ранг тайнага дарадцы. Усё змянілася - знікла старая ўлада, яго чыны страцілі значэнне, знік капітал, які захоўваўся ў пецярбургскіх банках. А ў 1915 г. раскватараваныя ў маёнтку рускія войскі знішчылі сады і школку маладых дрэў. Але чын тайнага дарадцы ён атрымаў, невядома толькі, ці даведаўся пра гэта, бо чын быў нададзены 4 лютага 1916 г., калі наша тэрыторыя была ўжо акупавана немцамі.

Хутка прыйшлі немцы. Начальнікам павета (Kreisу) быў прызначаны нейкі Фікель, і ў Лябёдцы пасялілася група гвардзейскіх афіцэраў. Адстаўны інжынер перастаў панаваць у сваім доме, і яго нават на нейкі час пасадзілі пад варту ва ўласнай пiўнiцы за спробу аказваць супраціў. Некаторыя суседзі, якія раней не прапускалі ніводнага дня нараджэння ці імянін сапраўднага дзяржаўнага дарадцы, каб не выказаць сваю павагу, цалкам перасталі звяртаць на яго ўвагу.

Пад канец Першай сусветнай вайны здароўе Іваноўскага пахіснулася. Новыя акалічнасці жыцця паламалі яго, і гэта быў ужо не той генерал (як любілі яго называць суседзі), а звычайны ўладальнік спустошанага маёнтка. Памёр Леанард Іваноўскі ў 1919 г.

Яго жонка, Ядвіга Іваноўская расказвала дзецям, як у яго апошнія дні яна выклікала для споведзі з Васілішак ксяндза Сакалоўскага, але бацька катэгарычна адмовіўся ад яго паслуг. Тады маці пачала прасіць Іваноўскага хоць проста паразмаўляць з госцем - спадзявалася, што размова натуральным чынам перарасце ў споведзь. Размова першапачаткова ішла ціха мела, што ён востра распякае ксяндза, і паспяшалася закончыць візіт.

Леанард Іваноўскі быў пахаваны ў Лябёдцы. Яшчэ за некалькі гадоў да смерці ён атрымаў дазвол на адкрыццё могілак для сваёй сям'і ў межах свайго маёнтка. Месца было выбрана за кіламетр ад дома і мела назву Буянаўшчына - сухі пагорак у сасновым лесе, абсаджаны дубамі. Да могілак правялі дарогу [16].


Унук Леанарда Казімір Іваноўскі ўспамінаў: «Бабулю Ядвігу памятаю па Лябёдцы і па Вільні, куды яна прыязджала штогод пагасцяваць у наш дом. Памятаю, як яна прыходзіла ў наш пакой, каб пажадаць добрай ночы і прачытаць апавяданне Джэка Лондана. Памерла восенню 1933 г. ва ўзросце 80 гадоў. Калі яна ўжо цяжка хварэла, з Варшавы ў Вільню прыехаў Стэфан Іваноўскі (сын Вацлава Іваноўскага - Л. Л.) і прывёз у Лябёдку доктара Умястоўскага. Гэты чалавек быў старым сябрам сям'і і пажыццёвым доктарам бабулі. ...

Добра памятаю пахаванне бабулі. Сабралася ўся сям'я і ваколічны народ. Жалобную імшу правёў пробашч касцёла. ... Памятаю кароткую жалобную прадмову сябра сям'і Абрама Гардона, яўрэя з Васілішак. Сваю прамову Абрам закончыў гэтак:

- Ці пані Іваноўская заслужыла неба?

- Так, - выдыхнулі ўсе людзі.

- Голос народа - голас Бога, - закончыў Абрам. Быў ён ужо добра падпіты, бо пасля гэтага народнага рэферэндуму па прызначэнню неба для нашай бабулі дадаў:

- Хай жыве пані Іваноўская! ... у сэнсе ... у нашай памяці.

Якой вялікай павагай карысталася бабуля сярод суседзяў, гэта бачна з таго, што было вырашана ўзяць труну з катафалка і ўсю дарогу да могілак, даўжынёй больш за кіламетр, несці на руках. Была пахавана ў вялікім сямейным склепе, разам з дзедам Леанардам. Калі ў 1939 г. прыйшла Савецкая ўлада, удзячны народ павыцягваў труны, павыкідваў парэшткі і гуляў чарапамі, як мячамі. Калі прыйшлі немцы, мы пазбіралі косткі і там жа ў склепе проста закапалі іх глыбока ў зямлю» [17].

Я б мог яшчэ шмат расказаць пра Леанарда Іваноўскага і яго маёнтак Лябёдка, але ўсё гэта будзе ў дакументальнай аповесці, якая ўжо надрукавана ў часопісным варыянце ў літаратурным альманаху «Новы Замак» №№ 8, 9 і, спадзяюся, цалкам выйдзе асобнай кнігай.

Фармулярны спіс Леанарда Іваноўскага [18]

Пра службу члена Савета па справах скарбовага продажу напояў, загадчыка будаўнічай часткі Аддзела скарбовага продажу напояў Галоўнай Управы неабкладных збораў (па-руску «Главное управление неокладных сборов» - Л. Л.) і скарбовага продажу напояў, члена Тэхнічнага камітэта гэтай жа ўправы, дзейснага (перакрэслена і папраўлена: тайнага - Л. Л.) стацкага (перакрэслена - Л. Л.) дарадцы Леанарда Станіслававіча ІВАНОЎСКАГА

Складзены: красавік, 1915 г.


Дзейсны (перакрэслена - Л. Л.) тайны дарадца Леанард Станіслававіч Іваноўскі. Член Савета па справах скарбовага продажу напояў, загадчык будаўнічай часткі Аддзела скарбовага продажу напояў Галоўнай Управы неабкладных збораў і скарбовага продажу напояў і член Тэхнічнага камітэта Галоўнай ўправы.

Нарадзіўся 2 лістапада 1845 г. Рыма-католік.

Мае орданы: св. Ганны 1 ст, св. Станіслава 1 ст., св. Уладзіміра 3 і 4 ст., св. Станіслава 2 ст, св. Ганны 3 ст., св. Станіслава 3 ст.

Мае медалі: срэбны ў памяць царавання Гасудара Імператара Аляксандра ІІІ і светла-бронзавую ў памяць 300-годдзя царавання дынастыі Дома Раманавых.

Афіцэрскі крыж Французскага ганаровага легіёна, аўстрыйскі афіцэрскі ордэн Франца-Іосіфа камандорскага крыжа з зоркай, вялікі крыж Італьянскага ордэна св. Маўрыкія і Лазара.

Жонка мае маёнтак у Петракоўскай губерні. Жанаты з Ядвігай з Райхалеў.

Мае дзяцей: Юрыя, нарад. 29 студзеня 1876 г.; Вацлава, нарад. 25 траўня 1889 г.; Тадэвуша, 16 снежня 1882 г.; Станіслава, нарад. 27 лістапада 1886 г.; дачку Алену, нарад. 3 траўня 1885 г.

Жонка і дзеці рыма-каталіцкага веравызнання і знаходзяцца пры ім.


Атрымлівае ў год утрымання:

Жалаванне: 3600 руб.

Сталовыя: 1200 руб.

Кватэрныя: 1200 руб.

Разам: 6000 руб.


Атрымаў выхаванне ў С.-Пецярбургскім Практычным Тэхналагічным інстытуце па хімічным аддзяленні, выпушчаны ў 1868 г. са званнем тэхнолага 1-га разраду.

Грунтуючыся на § 31 палажэння аб Інстытуце, Высачайша зацверджанага 30 студзеня 1867 г., з зацвярджэння г. міністрам фінансаў уганараваны вучэбным камітэтам Інстытута ступенню інжынера-тэхнолага з 27 траўня 1871 г.

... Гасударыня Імператрыца 7 красавіка 1882 г. ... прызначыла яго членам Савета рамеснай вучэльні пры Ніжагародскім першым дзіцячым прытулку.

За За працу на Усерасійскай прамыслова-мастацкай выставе 1882 г. у г. Масква, ... 15 траўня 1883 г. узнагароджаны ордэнам св. Станіслава.

З дазволу сп. міністра фінансаў, згодна з прашэннем, прызначаны старшым тэхнікам упраўлення акцызнымі зборамі Варшаўскай і Сядлецкай губерняй, з 1 верасня 1885 г.

... Гасударыня Імператрыца дазволіла звальненне з ... членаў Савета рамеснай вучэльні пры Ніжагародскім першым дзіцячым прытулку, з 12 студзеня 1886 г.

... Гасудар Імператар ... загадаў ... улічваць ў дзейсную службу чыноўніка час, калі ... з'яўляўся членам Савета рамеснай вучэльні пры Ніжагародскім першым дзіцячым прытулку, усяго 3 гады 7 месяцаў і 19 дзён, але без права за гэты час на пенсію са скарбу.

Указам Кіруючага Сената ад 7 снежня 1891 г. за № 125/7295 за выслугу гадоў прысвоены чын тытулярнага дарадцы з старшынством з 12 студзеня 1885 г.

Указам Кіруючага Сената ад 27 студзеня 1892 г. за № 817 за выслугу гадоў прысвоены чын калежскі асэсар з старшынством з 12 студзеня 1888 г.

...за выдатную службу ... 28 сакавіка 1893 г. узнагароджаны ордэнам св. Ганны 3 ступені.

... узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 2 ст., 2 красавіка 1895 г.

... загадам № 13, 27 лютага 1896 г. прызначаны членам Дэпартамента неабкладных збораў тэхнічнага камітэта, адначасова пакінуты на папярэдняй пасадзе, 15 лютага 1896 г.

Атрымаў срэбны медаль на Аляксандраўскай стужцы ў памяць царавання Гасудара Імператара Аляксандра ІІІ, 26 лютага 1896 г.

... загадам № 44, 15 ліпеня 1896 г. прызначаны членам Тэхнічнага камітэта Галоўнага ўпраўлення неабкладных збораў і скарбовага продажу алкагольных напояў, адначасова пакінуты на папярэдняй пасадзе, 1 чэрвеня 1896 г.

... загадам № 38 ... ад 10 траўня 1897 г. прысвоены чын калежскага дарадцы са старшынством у чыне з 12 студзеня 1896 г.

... узнагароджаны ордэнам св. Уладзіміра 4 ст., 5 красавіка 1898 г.

... загадам па цывільным ведамстве ад 2 траўня 1898 г. № 37 прызначаны загадчыкам будаўнічай часткі аддзела скарбовага продажу алкагольных напояў, адначасова пакінуты на пасадзе члена тэхнічнага камітэта Галоўнай управы неабкладных збораў.

Загадам ад 28 лютага 1900 г. № 15 за выслугу гадоў прысвоены чын стацкага дарадцы са старшынством з 12 студзеня 1900 г.

Па загадзе міністра фінансаў прымаў удзел у якасці дэлегата на кангрэсе гандлю спіртовымі напоямі падчас Усясветнай выставы ў Парыжы, 1900 г.

Сп. міністрам фінансаў 3 чэрвеня 1900 г. прызначаны старшынём камісіі па будаўніцтве жылога мураванага дома Гербавага скарбу для кватэр ніжнім чынам гэтага скарбу, 3 чэрвеня 1900 г.

... загадам па цывільным ведамстве ад 6 лютага 1901 г. № 6 прызначаны членам рады па справах скарбовага продажу напояў, адначасова пакінуты на ранейшай пасадзе, 26 студзеня 1901 г.

Гасударом імператарам, па ... дакладзе міністра замежных спраў, 30 сакавіка 1901 г. ... дазволена яму прыняць і насіць ... афіцэрскі крыж французскага ордэна Ганаровага легіёна.


У 1902 г. быў камандзіраваны: 1. У Рыгу для агляду за заводзе Вольфшмідта бесперапынна дзейнага апарата Гільёма і работ на казённым вінным складзе па замене сапсаваных грыбком драўляных канструкцый; 2. У Цвер для агляду нагрэву паравых катлоў па сістэме Строганава і выканання работы па вызначэнні карысці ад гэтых прыладаў; 3. У Маскву для агляду Маскоўскага скарбовага віннага склада; 4. У Варшаву для ўдакладнення прапанаваных зменаў у абсталяванні Варшаўскага скарбовага склада і рамонту будынкаў гэтага склада; 5. У Палтаўскую губерню для агляду жылых памяшканняў Прылукскага скарбовага віннага склада; 6. У Люблінскую, Радамскую і Кялецкую губерні для агляду ўсіх складоў і вырашэння на месцы пытання аб неабходным рамонце складскіх памяшканняў; 7. У Ліфляндскую і Эстляндскую губерні для азнаямлення са станам вінакурэння.

Сп. міністрам фінансаў ускладзена выкананне абавязкаў старшыні Тэхнічна-будаўнічай інспекцыі Галоўнай управы, 11 студзеня 1902 г.

... загадам па цывільным ведамстве ад 1 лютага 1902 г. за № 9 нададзена старшынства ў чыне стацкага дарадцы ...., з 12 студзеня 1899 г.

... 6 красавіка 1903 г. пажалаваны чынам дзейснага стацкага дарадцы.

Па даручэнні таварыша міністра (намесніка міністра па сучаснаму - Л. Л.) фінансаў князя Абаленскага, быў прадстаўніком ад Галоўнай управы неабкладных збораў і скарбовых продажаў алкагольных напояў на з'ездзе Імператарскага рускага тэхнічнага таварыства ў С.-Пецярбургу для выпрацоўкі мерапрыемстваў па як мага шырэйшым распаўсюдзе жалеза ў Расіі ва ўсіх галінах.

Па высачайшым загадзе быў два разы камандзіраваны за мяжу для высвятлення пытанняў па ўдзеле Галоўнай управы неабкладных збораў ... у Венскай выставе 1904 г. брадзільнай вытворчасці і выкарыстання спірту ў прамысловасці.

У 1903 г. быў камандзіраваны: 1. У г. Бугульму для выбару ўчастка для пабудовы скарбовага віннага склада; 2.У г. Варшаву для перамоваў з фірмамі аб рамонце прыбораў, якія былі на Парыжскай выставе і аб мантажы ўсёй выставы ў Вене ў 1904 г.

Прымаў удзел у надзвычайнай камісіі для распрацоўкі пытання аб забеспячэнні цвердзяў на заходняй мяжы запасам спірту на выпадак ваеннага часу.

У 1904 г. быў камандзіраваны: 1. У г. Кіеў для ўдзелу ў з'ездзе кіраўнікоў акцызнымі зборамі для абмеркавання пытанняў па рэарганізацыі скарбовых вінных складоў у паўднёвых, паўднёва-заходніх і паўночна-заходніх губернях; 2. У Вільню на гэтакі ж з'езд; 3. У Екацерынаслаўскую губерню для агляду работ, якія рабіліся ў губерні; 4. У Берасце і Варшаву для агляду работ па пабудове Берасцейскага казённага склада і вырашэння пытанняў па вывазе абсталявання з Венскай выставы.

У 1905 г. быў камандзіраваны: 1. У Кіеў і Варшаву для папярэдніх перамоваў з заводамі «Грэйзер», «Крыванэк», «Борман», «Шведэ і Камп» па вырабе апаратаў і прыбораў для планаванага вырабу кетонавага алею (кетоны - арганічныя рэчывы, у малекулах якіх карбанільная група звязана з двума вуглевадароднымі радыкаламі, самы вядомы нам кетон, гэта ацэтон - Л. Л.) на 2-гім Кіеўскім скарбовым вінным складзе; 2. У Цвярскую губерню для ўдзелу ў нарадзе па даследаванні стану вінакурнага аддзела пры Мікуліна-Гарадзішчанскай школе; 3. У Віленскую, Ковенскую і Гарадзенскую губерні для агляду … скарбовых вінных складаў, і ў Магілёўскую губерню для агляду фабрык паперы.

Узнагароджаны аўстрыйскім ордэнам Франца-Іосіфа камандорскага крыжа з зоркай, 1905 г.

... 2 красавіка 1906 г. узнагароджаны ордэнам Св. Уладзіміра 3 ст.

Па загадзе міністра фінансаў разам з чыноўнікам для асаблівых даручэнняў Міністэрства фінансаў стацкім дарадцам Тарасавым праводзіў агляд будынкаў і машын Экспедыцыі па нарыхтоўцы дзяржаўных папер, а таксама прымаў удзел у нарадзе па абмеркаванні мерапрыемстваў, якія датычаць далейшых накірункаў дзейнасці экспедыцыі ...

У 1906 г. быў камандзіраваны: 1. У Самару для расследавання прычын пажару Самарскага № 1 віннага склада і для сумеснага з Кіраўніком акцызнымі зборамі Самарскай губерні абмеркавання пытанняў аб найхутчэйшым узнаўленні гэтага склада; 2. У Гарадзенскую губерню для агляду стану работ на вінных складах якія перабудоўваюцца з-за іх рэарганізацыі і для ўдакладнення памераў сумы грошай на 1907 г. для гэтых работ.

Сп. міністрам фінансаў прызначаны старшынём Асобай Тэхнічнай камісіі для расследавання прычын абвалу тынкоўкі ў памяшканні каморы касы Дзяржаўнай камісіі пагашэння пазык, а таксама агульнага вывучэння стану ўсіх памяшканняў Камісіі, 17 кастрычніка 1907 г.

Па прапанове сп. начальніка Галоўнага кірававання неабкладных збораў і скарбовага продажу алкагольных напояў разам з неадменным членам Тэхнічнага камітэта дзейсным стацкім дарадцам Бутлерам, прымаў удзел: 1. У распарадчым Камітэце выставы, уладкаванай Імператарскім тэхнічным таварыствам у 1907 г. у С.-Пецярбурзе з мэтай вывучэння сучаснага стану вытворчасці прыбораў асвятлення і абагрэву, вызначэння іх параўнальных пераваг, а таксама распаўсюджвання інфармацыі пра гэтыя прыборы; 2. У размеркаванні прызначаных Міністрам фінансаў узнагарод па аддзелах ..., якія маглі мець найвялікшае значэнне для Галоўнай управы неабкладных збораў ..., 1907 г.

Па загадзе міністра фінансаў разам з тэхнікам Тэхнічна-будаўнічай інспекцыі Галоўнай управы неабкладных збораў ... стацкім дарадцам Цэйдлерам выканаў агляд будынкаў і машын Экспедыціі па нарыхтоўцы дзяржаўных папер, 20 снежня 1907 г.

У 1907 г. быў камандзіраваны: 1. У Пензенскую губерню разам з чыноўнікамі Дзяржаўнага кантролю і Гаспадарчага камітэта акцызнай управы гэтай губерні ... для разгляду пытання пабудовы скарбовых вінных складоў ... 2. У Самару і Пермь для агляду работ ... па пабудове і абсталяванні рэкцыфікацыйнага завода ў Самары, а таксама для азнаямлення са станам рэкцыфікацыйных апаратаў у Пярмі, 1907 г.

Па загадзе міністра фінансаў прымаў удзел у працы камісіі, створанай для высвятлення пытання аб увядзенні на Манетным двары электратэхнічнага спосабу сепарацыі каштоўных металаў і абсталявання для гэтай мэты неабходнага памяшкання, 1908 г.

У 1908 г. быў камандзіраваны: 1. У Кіеў для высвятлення пытання, ці можа ў эканамічным сэнсе паспяхова працаваць доследны завод для вырабу кетонавага алею, які ўсталяваны на скарбовым вінным складзе і што яшчэ неабходна зрабіць для падвышэння яго эфектыўнасці; 2. У Ражск Разанскай губерні для агляду толькі што пабудаванага рэкцыфікацыйнага апарата і вызначэння яго прадукцыйнасці, а таксама кошту вытворчасці на гэтым апараце; 3. У Тулу для агляду столі ў Тульскім скарбовым вінным складзе, якая пашкоджана грыбком, а таксама для ўказання часовых мер і складання прапановаў па пераўладкаванні гэтай столі; 4. У Маскву для высвятлення магчымасці ўжыць на адным з кубовых рэкцыфікацыйных апаратаў Маскоўскага № 1 скарбовага віннага склада ўдасканаленага спосабу гонкі спірту, які прапанаваў сп. Нарбут, 1908 г.

... 29 сакавіка 1909 г. узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 1 ст.

Старшынстваваў у асобнай камісіі, створанай для разгляду пытанняў, якія з'явіліся пры ўладкаванні Міжнароднай, імя Яго імператарскай вялікасці Нашчадка Цэсарэвіча і Вялікага князя Аляксея Мікалаевіча, выставе найноўшых вынаходніцтваў аддзела Галоўнай управы неабкладных збораў і скарбовага продажу алкагольных напояў, потым прымаў удзел у стварэнні самога аддзела, 1909 г.

Па загадзе таварыша міністра фінансаў, сенатара І. І. Навіцкага, прыняў на сабе прадстаўніцтва Галоўнай управы неабкладных збораў ... у экспертнай камісіі пры Міжнароднай выставе броварства, 24 ліпеня 1909 г.

У 1909 г. быў камандзіраваны: 1. У Гарадзенскую губерню для высвятлення на месцы недаробак у скарбовых вінных складах гэтай губерні, якія праектаваліся ў 1903 г. і сучаснай патрэбы ў іх, а таксама магчымасці іх эксплуатацыі згодна з хадатайніцтвам кіраўніка акцызнымі зборамі, які прапанаваў спыніць работы на гэтых складах, якія раней ўжо былі дазволены для эксплуатацыі; 2. У Варшаву і Чанстахова для агляду дахаў скарбовых вінных складаў і для высвятлення пытанняў пра будаўнічыя і рамонтныя работы на гэтых складах; 3. У Пермь для высвятлення пытанняў аб пераўладкаванні зношанага рэкцыфікацыйнага аддзела Пермскага скарбовага віннага склада, 1909 г.

Па загадзе міністра фінансаў, разам з тэхнікам Тэхніка-будаўнічай інспекцыі Галоўнага упраўлення неабкладных збораў ..., стацкім дарадцам Галоўнага кіравання і скарбовага продажу алкагольных напояў пры Міністэрстве гандлю і прамысловасці, прыняў удзел у арганізацыі рускага аддзела на Міжнароднай выставе 1911 г. у Турыне, 25 кастрычніка 1910 г.

У 1910 г. быў камандзіраваны: 1. У Маскву для высвятлення пытання аб рамонце і пераўладкаванні рэкцыфікацыйнага аддзела Маскоўскага № 1 скарбовага віннага склада; 2. У губерні: Яраслаўскую, Кастрамскую і Вяцкую для асвятлення: а) прычын псавання столі і замены яе на бетонную на жалезных бэльках у Рыбінскім, Яраслаўскім і Вяцкім скарбвых складах, б) пытання аб магчымай пабудове каналізацыі для адпрацаванай вады ў Кастрамскім скарбовым вінным складзе і для даследавання стану рэкцыфікацыйных апаратаў у Рыбінскім і Галіцкім складах, агляду будынкаў і ходу работ на ўсіх вышэйпералічаных складах.

Па загадзе міністра фінансаў, разам з тэхнікам Тэхніка-будаўнічай інспекцыі Галоўнага ўпраўлення неабкладных збораў ..., стацкім дарадцам Цэйдлерам, рабіў агляд будынкаў і машын Экспедыцыі па нарыхтоўцы дзяржаўных папер, 1911 г.

Па найвысачайшым дазволе ад 18 лютага 1911 г., у якасці прадстаўніка Галоўнай управы неабкладных збораў ..., быў камандзіраваны на 2 месяцы на Міжнародную прамысловую выставу ў Турын для ўладкавання і абсталявання памяшканняў, прызначаных для Галоўнай управы.

Па найвысачайшым дазволе ад 21 ліпеня 1911 г. другі раз быў камандзіраваны ў Турын на Міжнародную прамысловую выставу для ўдзелу ў працах па экспертызе выстаўленых Галоўнай управай прадметаў і для тлумачэння экспартным камісіям.

У 1911 г. быў камандзіраваны ў Наўгародскую губерню для агляду вытворчасці пустацелых бетонных блокаў і пабудоваў з іх. Блокі былі самастойны выраблены на складах Наўгародска-Аланецкай акцызнай управы.

Па загадзе таварыша міністра фінансаў прымаў удзел у Тэхнічнай камісіі, створанай па указанні Міністра фінансаў, для складання агульнага плана работ на манетным двары, якія могуць быць неабходны ў залежнасці ад стану будынка ... высвятлення неабходных для гэтага сродкаў, 15 снежня 1911 г.

25 сакавіка 1912 г. аб'яўлена найвысачайшая падзяка за плённую дзейнасць па уладкаванні Рускага аддзела на Міжнароднай прамысловай выставе ў Турыне.

Па загадзе міністра фінансаў, разам з тэхнікам Тэхнічна-будаўнічай інспекцыі Галоўнай управы неабкладных збораў ... стацкім дарадцам Цэйдлерам, рабіў агляд будынкаў і машын Экспедыцыі па нарыхтоўцы дзяржаўных папер, 1912 г.

У 1912 г. быў камандзіраваны: 1. У Херсонскую губерню для кіраўніцтва распрацоўкай плана па дэталёвай рэарганізацыі існых складаў; 2. У Падольскую губерню для старшынства ў Камісіі па ацэнцы куплянага скарбам Чачэльніцкага віннага склада; 3. У Маскву для агляду зробленай перабудовы рэкцыфікацыйнага аддзела Маскоўскага № 1 скарбовага віннага склада, даследавання ўсталяванага там новага рэкцыфікацыйнага апарата і азнаямлення з прапанаванымі зменамі ў водазабеспячэнні і каналізацыі гэтага склада; 4. У Вільню для агляду Віленскага скарбовага віннага склада і ўдакладнення мэтазгоднасці перабудовы мыечнага і разліўнога аддзела.

Па загадзе міністра фінансаў, разам з тэхнікам Тэхнічна-будаўнічай інспекцыі Галоўнай управы неабкладных збораў ... стацкім дарадцам Цэйдлерам, рабіў агляд будынкаў і машын Экспедыцыі па нарыхтоўцы дзяржаўных папер, 1913 г.

Па загадзе таварыша міністра фінансаў, сенатара І. І. Навіцкага, у якасці прадстаўніка міністэрства фінансаў, прымаў удзел у працы 43-га Міжнароднага кангрэса таварыства нагляду за паравымі катламі ў Маскве, 22 чэрвеня 1913 г.

У 1913 г. быў камандзіраваны: 1. У Чарапавец і Усцюжну, для агляду скарбовых вінных складаў і ўсебаковага абмеркавання пытання аб іх пашырэнні ці пабудове новых скарбовых вінных складаў; 2. У Варшаву для выбару месца на складскім участку для пабудовы дэнатурацыйнага аддзела і вырашэння пытанняў, якія з'явіліся на гэтай будоўлі, а таксама для агульнага агляду Варшаўскага віннага склада.

Дазволена насіць светла-бронзавы медаль у памяць 300-годдзя царавання дома Раманавых, 21 лютага 1913 г.

... 14 красавіка 1913 г. уганараваны званнем кавалера ардэна св. Ганны 1 ст.

Гасударом імператарам па ... дакладзе міністра замежных спраў ад 2 ліпеня 1913 г. ... дазволена прыняць і насіць вялікі крыж Італьянскга ордэна св. Маўрыкія і Лазара.

Гасудар імператар па ... дакладзе міністра замежных спраў ад 14 студзеня 1914 г. дазволіў насіць ... камандорскі крыж з зоркай Аўстрыйскага ардэна Франца-Іосіфа.

Па загадзе часовага выканаўца абавязкаў таварыша міністра фінансаў, сенатара І. І. Навіцкага, загадана старшынстваваць у Асобай камісіі для распрацоўкі прапаноў аб удзеле Галоўнай управы неабкладных збораў ... на планаванай у 1914 г. Міжнароднай выставе па гарадскім ўпарадкаванні ў г. Ліёне, 20 сакавіка 1914 г.

(Наступныя запісы ў асабістым фармуляры Іваноўскага зроблены чорным атрамантам - Л. Л.)

Па найвысачайша зацверджанай 19 снежня 1915 г. пастанове Рады міністраў, прызначана ўзмоцненая пенсія ў памеры 3000 руб. у год.

Найвысачайшым загадам па цывільным ведамстве ад 19 ліпеня 1915 г. за № 30, звольнены ад службы па выслузе, згодна з асабістым прашэннем з правам нашэння мундзіра адпаведнага яго званню.

Найвысачайшым загадам па цывільным ведамстве ад 4 лютага 1916 г. № 4 прысвоена званне тайнага дарадцы, згодна з устаноўленым арт. 792 ... ад 1896 г. парадкам праходжання службы.



[1] Гл: гл: Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006.

[2] Гл: Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.

[3] Сын малодшага брата Вацлава Іваноўскага, адваката Станіслава і ўнук Леанарда Іваноўскіх.

[4] Зараз - Didžioji gatvė.

[5] Зараз - Šventojo Jono gatvė.

[6] Ivanauskas Tadas. Aš apsisprendžiu. Vilnius, 1994. P. 86-87.

[7] Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. С. 22.

[8] Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej młodości. Bydgoszcz, 1995. S. 50.

[9] Там жа. S.49.

[10] Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej młodości ... S. 8-11.

[11] Ivanauskas Tadas. Aš apsisprendžiu. P. 87-89.

[12] Трэба заўважыць, што і насамрэч 400 гадоў, але па-кудзелі.

[13] Kuryer Litewski № 221, 30 września (13 października) 1910.

[14] Наша Ніва №37, 12 верасня 1913.

[15] Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej młodości ... S. 34.

[16] Ivanauskas Tadas. Aš apsisprendžiu. P. 89-91.

[17] Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej młodości ... S. 51.

[18] RGIA у Пецярбурзе. Сігнатура: 575-9-22. Перазнятыя старонкі ўзяты з сайту: rogala-iwanowski.pl

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX