Папярэдняя старонка: Іншае

Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 05-03-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122.

Спампаваць




Юлія з Нарбутаў (09.07.1779 - 06.06.1849), вядомая ў Расіі як Юлія Восіпаўна Нарбут, дачка Іосіфа-Казіміра (1752 г. н.) і Ганны з Гразмані. У 1773 годзе Іосіф-Казімір Нарбут быў абраны паслом на сейм, а з 1792 года з'яўляўся лідскім харунжым. Маці, Ганна Нарбут з Гразмані - вядомая пісьменніца і перакладчыца з французскай мовы. Родным братам Юліі быў вядомы гісторык Юстын Нарбут (1773-1845), дачку якога, Камілу, як і яе бабулю, ведалі як пісьменніцу.

Зусім маладой дзяўчынай Юлія выйшла замуж за Ігната-Пятра Лабаржэўскага - афіцэра войск Рэчы Паспалітай, пасла на Гродзенскі сейм 1793 года. Лабаржэўскі з'яўляўся тайным агентам расійскага пасольства, і вядома, што з 1787 года ён атрымліваў за гэта 240 дукатаў штогод. Сужэнцы Лабаржэўскія мелі сына Ігната.

Падчас праўлення караля Станіслава Панятоўскага Лабаржэўскі некалькі разоў ездзіў у Пецярбург з рознымі дыпламатычным даручэннямі, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з 1797 года разам з каралём жыў у Пецярбургу, выконваў абавязкі віцэ-прэзідэнта ў Дэпарта-менце рымска-каталіцкіх спраў Юстыц-калегіі, меў чын калежскага саветніка. Старшыня Юстыц-калегіі Карл Гейкінг пісаў: «У гэты час прыехаў у Пецярбург са сваёй чароўнай жонкай … Лабаржэўскі. Ён прасіў мяне абавязкова прызначыць яго на стацкую службу. Я прапанаваў яму першае пасля віцэ-прэзідэнта месца ў дэпартаменце, зацвердзіў прызначэнне … у дэпартаменце ... . Гасудар ведаў Лабаржэўскага, які ў Польшчы выконваў абавязкі камісара, суддзі і пасланца. Такім чынам ён меў навыкі ў стацкіх справах і ў справах з законам».

У 1800 годзе Лабаржэўскі атрымаў пасаду суддзі Валынскага надворнага суда і чын стацкага саветніка, і менавіта на Валыні ён у 1802 годзе купіў маёнтак Вяліск у Сапегаў. У памяці дасведчаных людзей Лабаржэўскі застаўся як чалавек, які за грошы працаваў супраць сваёй бацькаўшчыны, але і як пісьменнік, які асвятляў гісторыка-палітычныя тэмы. Памёр ён у 1826 годзе.

Невядома, як у канцы 1812 года Юлія трапіла ў Вільню, але знакаміты віленскі мемуарыст Станіслаў Мараўскі зафіксаваў выпадак, які атрымаў ў той час шырокі розгалас і які адлюстроўвае авантурны характар нашай гераіні: «Прайшла яна ўсе каляіны жыцця і скончыла яго на высокай грамадскай прыступцы, на якой усе яе памылкі адышлі ў нябыт ... Была гэта жанчына qui a fait tout, mais tout [1] у сваім жыцці, аж да выдзірання з шпагі герцага Вюртэмбергскага [2] вялізнага брыльянта падчас бала ў Кутузава ў Вільні. Князь Кутузаў-Смаленскі, які быў закаханы ў яе тады да смерці, на самой справе выпрасіў ў яе на раніцу гэты брыльянт і вярнуў яго герцагу, аднак, нягледзячы на сакрэт, уся Вільня пра тое ведала».

Як бачым, Юлія Восіпаўна мела своеасаблівую рэпутацыю. Агульнавядомым для ўсіх было тое, што яшчэ да падзелаў Рэчы Паспалітай маладая жанчына з'яўлялася каханкай усемагутнага Рапніна. Верагодна таму падчас паўстання Касцюшкі ў складзеным Рапніным [3] спісе небяспечных асоб Лідскага павета было напісана, што небяспечныя «ўсе Нарбуты, за выключэннем харунжага Лідскага павету», а пасля паразы паўстання харунжы Лідскага павету, бацька Юліі, атрымаў ад Рапніна ахоўны ліст, які забяспечваў яго маёмасць ад ваенных рэквізіцый.

Станіслаў Мараўскі ўспамінаў, што, перш чым зрабіцца жонкай Шышкова, «сп. Лабаржэўская з дому Нарбутаў прайшла праз рукі, сэрца і кішэню князя Кутузава-Смаленскага, у той час (1799-1801 і ў 1809-1812 гг. - Л. Л.) генерал-губернатара Вільні, і некалькіх яшчэ спадароў у Пецярбургу, а пры канцы выйшла замуж за міністра асветы, адмірала Шышкова. Калі я з ёй пазнаёміўся, яна была ўжо старой, але яшчэ моцнай, дзіўна прыгожай і мілай і была ўжо жонкай міністра». Згадвае Мараўскі і пра віленскі раман Юліі са сваім стрыечным дзядзькам, прэлатам віленскай катэдры Міхалам Длускім. Каб спыніць сувязь і не кампраметаваць сям'ю, Юлія ўзяла тысячу дукатаў (жадала дзве тысячы), але, здаецца, там усё ж было каханне.

Тым не менш, лідзянка была сапраўднай патрыёткай, і добра дасведчаны ў тутэйшых справах М. М. Навасільцаў у лісце да Аракчэева ў 1824 годзе згадваў Лабаржэўскую сярод асоб, якія маюць уплыў на справы Віленскага ўніверсітэта: «небяспечнейшая з усіх, па майму меркаванню, сп. Лабаржэўская (старая інтрыганка, вядомая яшчэ з часоў нябожчыка князя Кутузава). Я не ведаю чаму, але гэта праўда, што на яе больш чым на іншых спадзяюцца». Не дзіва, бо Юлія дзейсна дапамагала Адаму Міцкевічу. Міністр асветы Шышкоў даў сасланым філаматам права самім выбраць сабе месца службы. Зычлівае стаўленне міністра асветы Шышкова да гнанага паэта даследчыкі тлумачаць уплывам на міністра тады яшчэ яго будучай другой жонкі Юліі Лабаржэўскай з Нарбутаў.

У салон Юліі, яшчэ Лабаржэўскай, Адама Міцкевіча ўвёў Восіп Пшацлаўскi: «Акрамя нядзель, калі ў Шышкова збіраліся раўты і завязваліся партыі, блізкіх знаёмых прымалі кожны вечар. Тады грамадства падзялялася на два лагеры. Мы пакідалі старога з яго лядашчымі акадэмікамі займацца глыбокімі корняслоўнымі даследаваннямі і адпраўляліся піць гарбату да разумнай і заўсёды ветлівай Юліі Восіпаўны. З ёй была маладая пляменніца, яе гувернантка, англічанка і заўсёды якая-небудзь госця з шматлікай радні Аляксандра Сямёнавіча. З адной з такіх паненак тут пазнаёміўся Міцкевіч. Яна была разумная, адукаваная і надзвычай паэтычна настроеная, так што нават і з дрэнных рускіх перакладаў "Конрада Валенрода" і "Крымскіх санетаў" зразумела і ацаніла паэта. Хутка паміж імі завязалася сяброўства, а вядома, да чаго вядзе гэтае пачуццё дзвюх асоб рознага полу і аднолькава маладых. Я хачу сказаць, што звычайна яны пераходзяць у гарачую дружбу, што адбылося і ў гэтым выпадку. ... Я быў наперснікам Адама ў яго адносінах да дзяўчыны Б[акунінай]. Ён мне прызнаўся, што яна яму так сімпатычная, што папрасіў бы яе рукі, калі б яго не ўтрымлівалі істотныя прычыны. Ён сказаў: "З табою я не стану сціплічаць. Я не магу не разумець, што вочы майго народа звернутыя на мяне, і я абавязаны ўлічваць ягомеркаванне. Што б сказалі мае землякі, калі б я жаніўся на рускай баярышні, дачцэ сенатара, сваячцы вялікага Кутузава і сваячцы аднаго з міністраў? Ніхто ... не зразумеў бы гэтага інакш, як прыпісваючы мне нізкія і агідныя планы. Я не маю права так губляць сябе, ад гэтага пацярпеў бы дух усяго майго народа. Зрэшты (дадаў ён з усмешкай), навошта я табе гэта кажу; хто ведае, ці прыняла б А[удоцця] маю прапанову?"» Аднак са сваёй будучай жонкай Цалінай Шыманскай вялікі паэт пазнаёміўся не ў Юліі Восіпаўны, а ў пецярбургскім доме маці Цаліны - вядомай піяністкі Марыі Шыманскай.

Маючы 47 гадоў, у 1826 годзе Юлія выходзіць замуж за адмірала, міністра асветы (у 1824-1828 гадах), прэзідэнта Акадэміі Расійскай А. С. Шышкова [4] (1754-1841), які мае ўжо 72 гады. Гэты шлюб стаў сапраўдным скандалам, бо шакіраваў сваякоў жаніха і ўвесь Пецярбургскі свет.

Агент III аддзялення Е. Хацяінцава ў кастрычніку1826 года даносіла пра жаніцьбу Шышкова наступнае: «... сп. Лабаржэўская вядомая ва ўсёй Польшчы сваім спрытам і дурнымі паводзінамі,мае мужа, але падала паперу для разводу з ім, прадставіўшы толькі тую прычыну, што яе нораў не падобны да нораву мужа; кансісторыя з-за гэтай нікчэмнай прычыны не магла іх развесці, у каталікоў можна атрымаць развод толькі тады, калі згодны муж і па важных прычынах, але Лабаржэўскі не пагаджаўся на гэта. Яго жонка прыехала сюды некалькі гадоў таму і знайшла апекуна ў цяперашнім сваім жаніху і стараннямі яго і Логіна Іванавіча Кутузава [5] дамаглася, што [мітрапаліт] Сестранцэвіч прызнаў прычыны дастатковымі, і атрымала развод, але яе муж сп. Лабаржэўскі накіраваў апеляцыю да Папы, і таму да вырашэння справы яго развод не можа лічыцца сапраўдным. Папа не мае ў Расіі ўлады, але па спрэчных разводах ... Расія прадставіла яму [права] вырашаць. Партыя Шышкова ў роспачы ад жаніцьбы старога ... мітрапаліт і многія іншыя імкнуліся яго адгаварыць, але ўсё дарэмна».

У вышэйшым свеце пайшлі розныя чуткі: напрыклад, Ланская пісала з Пецярбурга ў Маскву С. С. Ланскому, будучаму міністру ўнутраных спраў, пра вяселле Шышкова «з полькай ад жывога мужа ... Міністр асветы падае прыклад пабожнасці». Напярэдадні жаніцьбы А. С. Шышкоў нават атрымаў ананімны ліст з угаворамі не ісці на гэты крок. Прадчуваючы наступствы, адмірал прасіў дазволу на шлюб у самога імператара.

Восіп Пшацлаўскі, сваяк Юліі Шышковай, так апісаў абставіны гэтага шлюбу: «Гэтая запозненая жаніцьба выклікала ў горадзе шмат пляткарства. Калі Шышкоў прасіў сабе ў імператара Мікалая дазвол на шлюб, гасудар даў яго з літасцівай усмешкай і ўслед за гэтым, папрасіўшы ў свой кабінет гасударыню, прадставіў Яе Вялікасці масцітага жаніха як "будучага маладога". Шлюб гэты, аднак жа, звыш чакання, аказаўся шчаслівым. Сп-ня Шышкова славілася некалі прыгажосцю, ад якой у яе гады яшчэ заставаўся значны працэнт. Яна была разумная, па-велікасвецку адукаваная і вельмі добрая жанчына. Стомлены адзінотай, шаноўны стары (ён не меў дзяцей) знайшоў у жонцы выдатную гаспадыню, адданую сяброўку, якая даглядала яго з клапатлівасцю сястры міласэрнасці, што ў жаніцьбе Аляксандра Сямёнавіча "і патрабавалася даказаць". Гэта прызнавалі ўсе тыя, хто жыў у доме».

Сам міністр на схіле гадоў згадваў у сваіх лістах: «Два разы я жаніўся, і ніводная з маіх жонак не мела ніякага пасагу». Шышкоў, які «пад халоднай знешнасцю» меў «палкі» нораў, «у маладыя гады ўлюбляўся няспынна і пакутаваў ад кахання». Каханне прымушала яго ігнараваць уласныя перакананні. Вядомы змагар за ўсё рускае і патрыярхальнае, у адным са сваіх твораў ён назваў каталікоў і пратэстантаў «ерэтыкамі», тым не менш, здзівіў сучаснікаў два разы: ажаніўшыся першы раз з галандкай лютэранскага веравызнання Дар'яй Аляксееўнай Шэльцінг, а пасля яе смерці, баючыся застацца на старасці ў поўнай адзіноце, - з каталічкай - лідзянкай Юліяй Лабаржэўскай.

Другі шлюб дадаў напружанасці ў сямейнае жыццё Шышкова, бо яго дом падзяліўся на дзве партыі: з аднаго боку - жонка, а з другога - пляменніцы, якія жылі разам з міністрам і разлічвалі атрымаць усю яго спадчыну. Перажываючы з-за сварак, Шышкоў загадзя склаў завяшчанне, у якім звяртаўся да сваякоў з просьбай аб прымірэнні: «Я прашу і малю іх усіх маёю да іх любоўю, каб яны, з хрысціянскага абавязку і з пачуцця ўзаемнай да мяне любові, ушанавалі маю памяць шчырай аднадушнасцю і ўсёй магчымай увагай да апошняй волі паміраючага, які заўсёды жадаў захаваць паміж імі мір».

Адмірал не раскайваўся ў сваёй другой жаніцьбе, віноўнікамі сварак лічыў пляменніц, а да жонкі ставіўся з належнай удзячнасцю і шанаваў яе клопаты: «Можа быць, маё жыццё даўно б ужо спынілася, калі б мая жонка, пакінуўшы ўсе свецкія выезды, не была неадлучна са мною і не захоўвала ўсімі магчымымі спосабамі мой спакой». Таму ён, «закляты вораг каталікоў і палякаў», пакорліва цярпеў гасцей сваёй Юліі, якая стала значнай фігурай дыяспары, што не надта падабалася яго сябрам. С. Т. Аксакаў пісаў: «Я не мог раўнадушна бачыць шаноўнага Шышкова пасярод розных вусатых, саманадзейных і ганарыстых, якія гаварылі ўсялякае глупства і якія звярталіся да яго занадта папросту». У выніку, цаной узаемных саступак, гэты няроўны шлюб прынёс кожнаму тое, што абодва шукалі: Шышкоў знайшоў у жонцы надзейнага сябра, а яна атрымала ад яго права пажыццёвага валодання домам і маёнткам.

Дарэчы, у прыдворным свеце існавала меркаванне, што да адной з пляменніц Шышкова, Паліны, у 1832-м ці 1834-м (даследчыкі спрачаюцца) заляцаўся Пушкін, бо 30 чэрвеня паэт пісаў жонцы: «Твая Шышкова (маці Паліны - Л. Л.) памыляецца: я да яе дачкі Паліны не заляцаўся, бо не бачыўся, а ездзіў да Аляксандра Сямёнавіча Шышкова ў Акадэмію...» [6]. Пушкін і Шышкоў былі добра знаёмыя.

Юлія Восіпаўна Шышкова у 1820-я стала адной з цэнтральных фігур нашай дыяспары ў Пецярбургу, галоўнай апякункай сваіх суайчыннікаў, якія воляй лёсу былі закінуты ў расійскую сталіцу. Гісторык літаратуры А. Фядута піша: «У яе салоне бывалі літаратары і журналісты Фадзей Булгарын [7] і Юзаф Сянкоўскі, мастак Аляксандр Арлоўскі, выбітная піяністка Марыя Шыманоўская. Шышкова хадатайнічала аб дазволе на выезд Адаму Міцкевічу і аб дазволе выдаваць газету Францішку Малеўскаму і Восіпу Пшацлаўскаму. Нават тады, калі ўдава адмірала страціць свой уплыў, большасць суайчыннікаў будзе ставіцца да яе з шчырай удзячнасцю і пяшчотай; сведчаннем таму - старонкі з дзённіка Х. Шыманоўскай, дачкі М. Шыманоўскай, жонкі Фр. Малеўскага. З-за імкнення Ю. В. Шышковай дапамагчы суайчыннікам яе салон успрымаўся многімі прадстаўнікамі ўлады як цэнтр "польскай інтрыгі"».

Восіп Пшацлаўскі пісаў: «Юлія Восіпаўна была мне сваячкай па жаночым калене і прыходзілася бабуляй, але з прычыны, што яна яшчэ не выглядала старой, я называў яе ma tante [8]. Пасля яе замуства я зрабіўся ў Шышкова сваім чалавекам; цётачка проста мяне песціла і сцвярджала, што Аляксандр Сямёнавіч палюбіў мяне; ён нават пытаў пра мяне, калі я некалькі дзён не прыходзіў. Зрэшты, я быў не бескарысны для яе. Калі нікога іншага не было, Юлія Восіпаўна пасылала мяне размаўляць з мужам, асабліва ў тыя гадзіны пасля абеду, калі шаноўны дзядзечка, не дзеля сну (ён не спаў днём), а для супакаення ўкладваўся на канапе і калі найманая для гэтага жанчына часала яму галаву з белымі, як срэбра, валасамі. Ён з задавальненнем размаўляў са мною, і хоць гэта не зусім супадала са схільнасцямі маладога чалавека, я не сумаваў. Шышкоў распавядаў часам анекдоты са свайго жыцця, але часцей мы бавілі час у дыспутах пра розныя рэчы».

Мабыць Пшацлаўскi меў пэўны ўплыў на састарэлага адмірала, бо аднойчы нават параіў Шышкову не аказваць пратэкцыю па службе непрыемнаму для сябе чалавеку - фіскалу, які ў 1829 годзе высочваў Пшацлаўскага, падазраючы яго ў сувязях з дзекабрыстамі.

Сталы госць у доме адмірала і міністра, Пшацлаўскi адзначаў, што «Шышкова старалася ўсяляк шчасціць старыя гады свайго мужа, дастаўляць яму задавальненне і забавы. У звычайныя дні па вечарах яна складала для яго партыю ў віст, у які той любіў гуляць. Сваякоў яго прымала гасцінна, і амаль заўсёды хто-небудзь з іх жыў у Шышкова па цэлых месяцах. Па нядзелях бывалі вечары, на іх збіралася шмат гасцей з вышэйшага свету, у тым ліку ўсе старыя сябры і калегі гаспадара. У адну гадавіну яго нараджэння зладзіла сюрпрыз. Яна добра спявала, у яе было невялікае, але сімпатычнае сапрана. Адзін з лепшых тагачасных паэтаў сачыніў для яе вартыя гэтай нагоды куплеты. Яна склікала шмат гасцей. Пасля гарбаты Аляксандра Сямёнавіча папрасілі ад партыі, якую ён ужо гуляў, у вялікую залу. Былі праспяваны куплеты, ад якіх стары прыйшоў у замілаванне; затым Каратыгін (старэйшы) [9] прадэкламаваў сцэны з нейкай тэатральнай п'есы, перакладзенай бог ведае калі самім Шышковым з французскай, а вядомы вершатворца Барыс (празваны Борка) Фёдараў [10] ... прачытаў свае вершы: "Раніца Аляксандра Сямёнавіча", дзе гралі ролі: жонка, дырэктар Дэпартамента народнай асветы і фаварыт-попка, той самы, які некалі з'еў маё прашэнне (папугай Шышковых - Л. Л.). Масціты віноўнік свята быў вельмі задаволены; затым вечар перайшоў у баль; Шышкоў любіў, каб моладзь у яго танцавала».

Расказвае Пшацлаўскi і адзін характэрны эпізод, у якім бачная розніца ў стаўленні да людзей ніжэйшых саслоўяў у Еўропе і ў Расіі. У Пецярбургу жыў англічанін, настаўнік спеваў Кельнер, пазашлюбны сын караля Георга III. Не жадаючы мець прывілеі, якія яму належалі як пазашлюбнаму сыну караля, ён змяніў прозвішча і, каб нішто не нагадвала яму ненавіснага паходжання, пасяліўся з жонкай у Пецярбургу, дзе набыў вялікую практыку. Зрэшты, у Пецярбургу ўсе ведалі пра яго паходжанне.

Юлія Восіпаўна якраз рыхтавала мужу сюрпрыз і таму брала ў англічаніна ўрокі спеваў. Аднойчы падчас урока гаспадыні далажылі, што стараста прывёз чынш з іх вёскі. Яна прасіла настаўніка крыху пачакаць і выйшла да старасты. Той, па тагачасным сялянскім звычаі, упаў Шышковай у ногі. Убачыўшы гэта праз анфіладу пакояў, «Кельнер з моцным англійскім словам ускочыў з крэсла, надзеў капялюш і так прайшоў праз усе пакоі, а ў апошнім абняў ашаломленага мужыка са словамі "poor brother!" [11] і, звяртаючыся да гаспадыні дома, сказаў: "Міласцівая матухна, калі б я мог чакаць, што ўбачу ў вас такое варварства, такое прыніжэнне чалавечай прыроды, дык нага мая не пераступіла б вашага парога. Не чакайце мяне больш". Кельнер з лютасцю распавядаў нам пра гэта, і мы дарэмна стараліся супакоіць яго; нявінную Шышкову ён зненавідзеў».

Здаецца, і пасля жаніцьбы з міністрам Юлія Восіпаўна мела каханкаў. Зямляк Шышковай Фадзей Булгарын у канцы 1831 года ў паперы, састаўленай для III аддзялення, пісаў пра нейкага Дабецкага, які «каханак Шышковай, нячэсаны адвакат, інтрыган і плут...». У другой запісцы ён даў такую характарыстыку Дабецкаму: «... служыць у міністэрстве асветы і ў розных камісіях і камітэтах. Вялікі інтрыган, чалавек падазроны і ненадзейны. Пратэжыраваны сп. Шышковай. Паспеў нахапаць крыжоў, чыноў і сабраць багацце».

Цікава, што раней і сам Фадзей Булгарын як «паляк», разам з Шышковай, выклікаў падазрэнне III аддзялення. Так, у 1827 годзе «ўсплыла» справа, яшчэ ў 1823 годзе ініцыяваная Навасільцавым, які абвінавачваў «палякаў», што жывуць у Пецярбурзе, у варожай дзейнасці супраць Расіі. Да таго ж і сам Булгарын быў нейкім сваяком Шышковай і ў мемуарах на схіле гадоў пісаў пра яе: «Тады міністрам асветы быў Аляксандр Сямёнавіч Шышкоў, які жорстка ненавідзеў М. І. Грэча [12] ... Мяне Шышкоў паважаў, бо быў жанаты на маёй сваячцы, народжанай Нарбут, у першым замужжы Лабаржэўскай. Мая разумная кузіна ўладзіла справу, запэўніўшы, што маё шчасце залежыць ад сяброўства з Грэчам, і Шышкоў пагадзіўся зрабіць прадстаўленне гасудару аб дазволе выдаваць нам газету "Паўночная пчала" ... Мала таго: Шышкоў паехаў да графа Аракчэева, які ... паважаў яго, і прасіў далажыць гасудару пра дазвол выдаваць "Паўночную пчалу", назваўшы мяне сваяком ... сваёй жонкі».

Станіслаў Мараўскі зрабіў запіс у дзённіку пра смерць Юліі Шышковай 6 ліпеня 1849 года. Смерць яе была вельмі хуткай: на працягу некалькіх гадзін памерла ад халеры, эпідэмія якой ужо некалькі гадоў лютавала ў імперыі. «Гэта была дзіўная жанчына, каля васьмідзесяці гадоў яе цела і душа ішлі рознымі шляхамі, яе вялікія памылкі, як звычайна, праз нейкі час забыліся на тле дабра, якое яна зрабіла ў глыбокай старасці, у той непрацяглы час, калі нарэшце яе ўжо адпусцілі грахі, бо яна доўга, доўга трымалася за іх абедзвюма рукамі і расстацца з імі ніяк не магла. Гэта наша Нінон дэ Ланкно [13], гэта наша сучасная Аспасія [14], яна памерла з вялікая пакорай ды з нейкім богабаязным зычэннем і прагай смерці. Яе апошнія словы да тых, хто стаяў каля ложка, былі: "Comme le cholera est bon ... on en meurt" [15]. Мне пішуць, што да самага канца яна захавала тую абаяльнасць твару, якая разбіла столькі сэрцаў. Але вось якое дзіва - смерць так амаладзіла яе рысы, што тыя, хто яе не ведаў, а бачыў толькі пасля смерці ў труне, давалі ёй дваццаць пяць ці найбольш трыццаць гадоў».

Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў пахавана на Волкаўскіх лютэранскіх могілках Пецярбурга.

* * *

Я моцна шкадую, што Юлія Шышкова не пакінула ўспамінаў. На яе вачах рабілася гісторыя. Знаходзячыся ў самых вярхах грамадства, яна бачыла, як рушылася Рэч Паспалітая, яна перажыла войны Напалеона, пры ёй раскручвалі справу філаматаў і філарэтаў у Вільні, яна належала да вяршкоў пецярбургскага свету. Чалавек вострага інтэлекту, Юлія Восіпаўна не магла не думаць пра свае мемуары, але, верагодна, раптоўная смерць не дазволіла рэалізаваць планы, і ўсе шматлікія таямніцы, якія яна захоўвала, назаўсёды пайшлі разам з ёй. Менавіта таму гэты артыкул пра маю зямлячку я вырашыў амаль што цалкам скласці з успамінаў пра яе, напісаных іншымі людзьмі.



[1] Якая рабіла ўсё, але гэта ўсё. (фр.)

[2] Герцаг Павел (Паўль) Карл Фрыдрых Аўгуст Вюртэмбергскі (1785-1852) - прынц Вюртэмберга. У эпоху напалеонаўскіх войн генерал-маёр расійскай службы.

[3] Рапнiн Мiкалай Васiлевiч (1734-1801), расiйскi ваенны i дзяржаўны дзеяч, генерал-фельдмаршал (1796 г.), князь.

[4] На пасаду прэзідэнта Акадэміі Расійскай (не блытаць з Акадэміяй навук) Шышкоў быў прызначаны ў маі 1813 г. Гэтая Акадэмія створана ў 1783 г. як цэнтр па вывучэнні рускай мовы і славеснасці. Пасля смерці прэзідэнта А. С. Шышкова была далучана да імператарскай Акадэміі навук і з 19 кастрычніка 1841 г. стала «другім» Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Імператарскай Санкт-Пецярбургскай Акадэміі Навук (такім чынам у Акадэміі навук стала тры аддзяленні).

[5] Сваяк фельдмаршала М. І. Кутузава, генерал-лейтэнант.

[6] Пушкин А. С. Переписка, 1832-1834 // Пушкин А. С. Полное собрание сочинений: В 16 т. - Москва, 1937-1959. Т. 15. Переписка, 1832-1834. - 1948. С. 170.

[7] Фадзей (Тадэвуш) Булгарын (1789-1859) - пісьменнік, журналіст, выдавец першай прыватнай грамадска-палітычнай штодзённай газеты ў Расіі.

[8] Цётухна (фр.)

[9] Каратыгін П. А. (1805-1879) - акцёр і драматург.

[10] Фёдараў Б. М. (1798-1875) - празаiк, паэт, журналiст.

[11] Бедны брат (англ.).

[12] Мікалай Іванавіч Грэч (1787-1867) - пісьменнік, выдавец, рэдактар, журналіст, публіцыст, філолаг, перакладчык. З Ф. Булгарыным іх звязвалі шматгадовыя дзелавыя і сяброўскія адносіны. З 1825 года разам з Ф. Булгарыным выдаваў і рэдагаваў літаратурную і палітычную газету «Паўночная пчала».

[13] Нінон дэ Ланкло (фр. Ninon de Lenclos або Lanclos, сапраўднае імя Анна дэ л'Анкло - Anne de l'Enclos; 1615/1623 - 1705) - французская куртызанка, пісьменніца і гаспадыня літаратурнага салона. Праславілася сваёй прыгажосцю, незвычайным досціпам, а таксама тым, што захоўвала сваю выключную прывабнасць практычна да самай смерці на дзявятым дзясятку. Дэ Ланкло - сімвал адукаванай і незалежнай жанчыны, царыцы парыжскіх салонаў, у якой спалучаюцца розум і сэрца, прыклад нораваў XVII і XVIII стст.

[14] Аспасія (каля 470-400 да н. э.) - адна са славутых жанчын старажытнай Грэцыі, каханая жанчына Перыкла, вялікага палітычнага дзеяча старажытных Афін. Адрознівалася прыгажосцю, грацыяй, прыродным розумам і адукаванасцю. Яе дом у Афінах быў месцам збору ўплывовых і выбітных па розуме і таленце людзей.

[15] «Халера - гэта добра ... я паміраю» (фр.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX