Папярэдняя старонка: Іншае

Бальтазар Калясінскі, Аніцэт Рэніер і Каятан Дарашкеіч 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 16-02-2022,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, Аніцэт Рэніер і Каятан Дарашкеіч // Лідскі Летапісец. 2021. № 1(93). С. 37-44.



Каспер - Мельхіёр - Бальтазар Калясінскі (сын Бальтазара, 30.12.1818 - 30.09.1888) нарадзіўся на Лідчыне і валодаў маёнткам Сядзеймы.

У 1820 г. маёнткам Сядзеймы валодаў Антон Більдзюкевіч, лідскі гродскі суддзя [1]. У 1844 г. гэтая маёмасць належала жонцы Бальтазара Калясінскага Марыі-Стэфаніі Калясінскай з Більдзюкевічаў [2], атрымала яна яго ў спадкі, часткова ад свайго дзядзькі Антона, а часткова ад бацькі Яна, які стала жыў у Жытомірскай губерні.

У 1848 г. у маёнтак Сядзеймы ўваходзілі вёскі Яўсеевічы, Навіцкія, Чэрнікі - 1 250 дзесяцін, 124 мужчынскія і 104 жаночыя душы. Акрамя гэтага сам Бальтазар Калясінскі валодаў Зарэччам у Лідзе з вёскамі Лайкоўшчына, 40 дзесяцінамі ў ваколіцы Ёдкі, дваром Качанова, маёнткамі Кір'янаўцы, Калясішча, фальваркамі Траццякоўцы, Прыдыбайлы і іншай маёмасцю [3]. А маёнтак Сядзеймы знаходзіўся недалёка ад легендарнага двара Востраў, у якім у 1392 г. было заключана Востраўскае пагадненне паміж стрыечнымі братамі Вітаўтам і Ягайлам [4].


Бальтазар Калясінскі атрымаў хатнюю адукацыю і пасля заканчэння Віленскага высакароднага пансіёна быў прыняты пісарам у камісію, зацверджаную для рэвізіі дзеянняў Гарадзенскага дваранскага дэпутацкага сходу. Потым яго прызначылі ў Гарадзенскую казённую палату, ён служыў тут памочнікам кантралёра і кантралёрам. У 1841 г. атрымаў чын калежскага рэгістратара і перавод у Лідскую дваранскую апеку - спачатку сакратаром, а пазней быў абраны шляхтай піцейным дэпутатам. З 1846 г . - губернскі сакратар [5].

5 траўня 1843 г. адбыўся шлюб паміж Бальтазарам Калясінскім і Марыяй Стафаніяй Більдзюкевіч.

Бальтазар Калясінскі быў чалавекам высокага інтэлекту і вялікіх творчых здольнасцяў. Пра гэта сведчыць тое, што яшчэ ў маладосці яго сябрамі былі Уладзіслаў Сыракомля і Эдвард Жалігоўскі [6] і ён з'яўляўся сталым удзельнікам віленскіх літаратурных салонаў. Пра вялікую цікавасць Калясінскага да літаратуры і гісторыі сведчыць ліст, напісаны ім у 1847 г. сваім сваякам з турмы, у лісце зняволены просіць даслаць яму кнігі Эдварда Жалігоўскага, Крашэўскага, Гегеля, Ц'ера [7], Дзюма, Каржанеўскага [8] і іншых аўтараў [9].


У 1840-я гг., пасля паўстання 1831 г., зноў пачала абвастрацца палітычная сітуацыя ў гістарычнай Літве [10], з эміграцыі на тэрыторыю Беларусі накіроўваліся эмісары з мэтай арганізацыі паўстання. У 1845 г. у Вільні ў якасці эмісара ад эміграцыі з'явіўся Ян Рэр [11]. Віленскай канспіратыўнай групай кіраваў доктар Аніцэт Рэніер (ці Рэнігер), а адным з удзельнікаў гэтай групы (ці, як тады казалі, «спісу») быў Бальтазар Калясінскі [12].

На Лідчыне Ян Рэр пабываў у 1846 г. і супрацоўнічаў тут з Бальтазарам Калясінскім і яго сваяком Багамірам Баляславам Калясінскім. Каб прыспешыць паўстанне, Рэр ціснуў на канспіратараў, але і Рэніер і Калясінскі адказвалі што падрыхтоўка не завершана і паўстанне, калі яго пачаць, будзе няўдалым [13].


Заснавальнік рода Рэніераў у Літве прыбыў да нас з Францыі ў 1646 г. Доктар Аніцэт Рэніер вывучаў медыцыну ў Віленскім універсітэце. Яшчэ не закончыўшы ўніверсітэт, як лекар, ён прынаняў удзел у паўстанні 1831 г. Пасля паразы паўстання, разам са сваім аддзелам, быў інтэрніраваны ў Прусіі, але ў 1832 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1836 г. атрымаў дыплом урача і хутка стаў знаным у Вільні лекарам.

У 1842 г. Рэніер становіцца членам Віленскага лекарскага таварыства і прымае на сябе кіраўніцтва медыцынскай бібліятэкай таварыства. Меў на ўтрыманні вялікую сям'ю і, нягледзячы на добры даход, які давала лекарская практыка, жыў небагата, аб чым у 1843 г. пісаў Тэадору Нарбуту, з якім сябраваў: «… не магу ўзняцца з беднасці і ніхто мне ў гэтым не дапаможа. Трэба шмат працаваць самому, покуль магу і покуль хапае моцы». Але матэрыяльны стан не перашкаджаў яму думаць пра будучыню краю, у тым жа годзе пісаў Нарбуту: «Колькі мільёнаў людзей трымаем як быдла … будзем гніць разам з імі ў чужынскай няволі, бо самі гэтаму дапамагаем», а ў 1845 г.: «На маіх плячах ляжыць вялікая адказнасць, ад якой я, пакуль хапае сіл, не магу адрачыся» [14].

Цікава, што Рэніер улічваў масавы супраціў беларускіх сялян супраць ліквідацыі ўніяцкай царквы, што стварала спрыяльны грунт для дзейнасці канспіратараў на вёсцы. Вясной 1845 г. Рэніер пісаў пра «ўніятаў, якіх сілай і ўціскам навяртаюць у праваслаўе» [15]. Заўважу, што да 1863 г. сітуацыя ў значнай ступені з'мянілася: царызм здолеў утрымаць сітуацыю пад кантролем і выгадаваць новую генерацыю праваслаўнага духавенства - выхадцаў з мясцовага насельніцтва, якія ў асноўным верна яму служылі.

Да 1845 г. Рэніер арганізаваў у Вільні тайную бібліятэку, у якой акрамя дазволеных меліся і кнігі, выдадзеныя за мяжой. Потым паліцыя знайшла матэрыялы, абапіраючыся на якія, даведалася, што бібліятэка мела 71 чытача, з якіх 43 чыталі выключна антыўрадавыя кнігі. Чытачамі была дробная і сярэдняя шляхта, чыноўнікі, журналісты, літаратары, лекары і іншыя асобы з усёй Беларусі. Віленская група канспіратараў як раз і гуртавалася вакол бібліятэкі Рэніера.

28 лістапада 1844 г. доктар Рэніер пісаў да Тэадора Нарбута: «Калясінскі прыехаў у Вільню, і я з ім некалькі разоў сустракаўся». Бальтазар Калясінскі быў чынным чальцом канспіратыўнага гуртка і ад пачатку існавання карыстаўся тайнай бібліятэкай, бо быў добрым сябрам Аніцэта Рэніера, а хутка стаў і адным з кіраўнікоў усёй канспірацыі. У той момант Калясінскаму прапаноўвалася ўзначаліць падрыхтоўку да паўстання на Ковеншчыне, дзе арганізацыя не мела яшчэ вялікага ўплыву, але ён адмовіўся [16].

Створаная тайная арганізацыя ставіла за мэту падрыхтоўку нацыянальна-вызвольнага паўстання, але ў 1846 г. царскім уладам удалося выйсці на яе след у Віленскай [17], Менскай, Гарадзенскай губернях [18]. Бальтазар Калясінскі быў арыштаваны [19]. Пасля некалькіх допытаў, Калясінскі, пра якога гісторык Давід Файнхаўз пісаў: «Інтэлектуал, які ў лепшых віленскіх салонах заўсёды атрымліваў перамогу падчас літаратурных дыскусій», не вытрымаў метадаў следства царскай жандармерыі і пачаў даваць паказанні [20]. Калясінскага доўга трымалі ў турме і толькі 12 лютага 1848 г. галоўнакамандуючым дзейнай арміі (на нашай тэрыторыі дзейнічала ваеннае становішча) зацвердзіў вырак, згодна з якім Бальтазар Калясінскі «прызнаны вінаватым разам з лекарам Рэніерам у слуханні зламысных настаўленняў супраць урада, у куплі, чытанні забароненых твораў, у знаёмстве з эмісарамі, якія прыехалі з-за мяжы, у прыняцці аднаго з іх у сябе на кватэры і ў жаданні садзейнічаць паўстанню, калі б яно ўспыхнула ў заходніх губернях, - пазбаўлены чыноў і дваранскага годнасці» [21]. Вырак мне нагадвае тыповыя, савецкія абвінавачванні - «слухаў заходняе радыё», «сустракаўся з замежнікамі» і г. д. Але менавіта такой была фармулёўка выраку, вынесенага Калясінскаму без суда. Разабрацца ва ўсіх перыпетыях справы не лічылі патрэбным, ніякага сапраўднага кампрамату не знайшлі, скаргаў ці касацыяў не прымалі, і лёс чалавека вырашаўся адным росчыркам пяра.

Зоф'я Кавалеўская ў сваёй працы «Гісторыя Лідскага паўстання. Успаміны пра Людвіка Нарбута» прыводзіць шмат цікавых фактаў, якія без яе былі б назаўсёды забытыя. Пра ўжо легендарныя нават для яе часы арышт Калясінскага, яна піша: «Хто ў Лідскім павеце падняў агітацыю і да якой ступені яе распаўсюдзіў, сёння даведацца цяжка. Не абышлося, як заўсёды, і без ахвяр, сярод якіх быў лідскі землеўладальнік Бальтазар Калясінскі, які і стаўся адным з галоўных ініцыятараў руху. Гэта быў нязломны дзеяч, чалавек моцнай волі, які ўпарта імкнуўся да сваёй мэты.

Яго арыштавалі ў сваім маёнтку Сядзеймы, дзе ён жыў разам з жонкай, якая паходзіла з дому Більдзюкевічаў. Сваю жонку Бальтазар выкраў ад бацькоў. Маладзіца прынесла ў яго дом абраз Маці Божай Вострабрамскай, які знаходзіўся ў сям'і Більдзюкевічаў з незапамятных часоў і паводле падання ціхім звонам папярэджваў сям'ю пра блізкую бяду.

У хвілю, калі жандары наблізіліся да маёнтка ў Сядзеймах, каб арыштаваць Бальтазара, абраз, які вісеў на сцяне, загучаў сам па сабе. Як быццам маланка ўдарыла ў дом Калясінскага. Яго пасадзілі ў вязніцу і пасля доўгага следства вынеслі вырак: "Вечныя салдаты" са скасаваннем усіх правоў і шляхецкіх прывілеяў. Паводле тагачаснага звычаю ўсё адбывалася з пэўным цырыманіялам - Бальтазара ўзвялі на эшафот і над яго галавой зламалі шпагу» [22].

Тут трэба яшчэ раз вярнуцца да лекара Рэніера, які згадваецца ў выраку разам з Калясінскім. У «Маральна-палітычный справаздачы за 1846 год», якую пісалі адмыслова для цара, напісана: «З (змоўшчыкаў - Л. Л.) асаблівую дзейнасць выказваў лекар Рэніер, які захоўваў у сябе рэвалюцыйную інструкцыю і розныя абуральныя паперы, распаўсюджваў ідэі пра аднаўленне ранейшай Рэчы Паспалітай і прыцягваў да сваіх задумаў іншых. Іншыя маладыя людзі і дробнамаянтковыя дваране толькі мелі спатканні з Рэрам або хавалі яго, але не чакалі поспеху ад яго абуральным задум і радзілі яму пакінуць Расію» [23].

А ў такой жа справаздачы за 1847 г. занатоўваецца: «Галоўная ўвага (следчай) камісіі была звернутая на справу эмісара Рэра ... які на пачатку 1846 года прыязджаў з Познані, каб узбуджаць жыхароў Літвы да паўстання, вербаваць незадаволеных і накіроўваць іх за мяжу, дзе рыхтаваўся агульны мяцеж. Камісія адкрыла, што хоць Pэp з-за кароткага часу знаходжання ў Заходнім краі не мог распаўсюдзіць сваіх злачынных намераў, але, тым не менш, аказалася, што каля 15 чалавек ведалі аб тым, што ён хоча. Больш за іншых вінаваты па гэтай справе лекар Рэніер, які меў звесткі пра падрыхтоўку да паўстання ў Познані, атрымліваў забароненыя кнігі, распаўсюджваў іх і падбухторваў іншых да ўдзелу ў сваіх задумах. Следчая камісія спачатку падазравала, што Pэp і Рэніер паспелі стварыць у Літве тайнае таварыства, ці, па меншай меры, нейкую змову, але падазрэнне не апраўдалася» [24].

У 1857 г. паліцыя паведамляла: «Аніцэт Рэніер, дваранін і лекар, ураджэнец Віленскай губерні, 49 гадоў. Па канфірмацыі князя Варшаўскага, за палітычнае злачынства быў сасланы на катаржныя работы, ад якіх вызвалены па маніфесце 27 сакавіка 1855 г. і з 15 лютага 1856 года паступіў пад нагляд на пасяленне без тэрміну. Атрымліваў ад казны дапамогі па 57 р. 14 кап. а таксама на паёк і вопратку. Па Усяміласцівым маніфесце ад 26 жніўня 1856 г. яму падаравана дваранства з правам вяртання на радзіму, з Іркуцка ў 1857 г. выехаў у Вільню» [25].

Вышэй пададзеная інфармацыя цікавая тым, што жандары і не спрабавалі ўводзіць цара Мікалая І у зман, а дакладалі, што ўсё ж ніякай сур'ёзнай арганізацыі ці змовы не было, але гэта не перашкодзіла манарху зламаць жыццё маладым людзям. Падобна на тое, што жандары ўсё ж не раскрылі ўсю працу канспіратараў па падрыхтоўцы рэальнага ўзброенага паўстання.

Неабходна адзначыць тое, што Аніцэт Рэніер, з якім Калясінскі сябраваў і ішоў па адной справе, захапляўся беларускай культурай, разам са сваімі братамі пісаў па-беларуску і збіраў беларускі фальклор. Чацвёра з шасці братоў Рэніераў, у тым ліку і Аніцэт, пакінулі свае запісы на беларускай мове ў «Альбоме» Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Браты Рэніеры сябравалі і ліставаліся з такімі дзеячамі культуры, як Адам Кіркор, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Ян Карловіч [26] а пра сапраўднае сяброўства з Тэадорам Нарбутам я ўжо пісаў вышэй.


Як толькі прывезлі манаршае пацверджанне выраку, бліжэй да канца лютага 1848 г., Бальтазар быў адпраўлены ў пяты лінейны батальён Асобнага Арэнбургскага корпуса і пры канцы сакавіка - у першых днях красавіка, прыбыў да месца прызначэння [27].

Малюнак Аляксея Чарнышова паказвае Тараса Шаўчэнку сярод ссыльных у Арэнбургу. На ім намалявана група арэнбургскіх палітычных ссыльных, сярод іх Тарас Шаўчэнка (другі справа) намаляваны не ў форменным шынялі, як усе астатнія, а ў цёмным льным паліто з вялікім каўняром: так ён хадзіў па горадзе. На малюнку, справа, па-за групай захопленых размовай ссыльных, побач з Шаўчэнкам стаіць Бальтазар Калясінскі (першы справа) і Людвік Ліпскі. Першы злева на малюнку (сядзіць) вядомы рэвалюцыянер Браніслаў Залескі. Чацвёрты злева – Тамаш Вернер. Шосты злева – Людвік Турно.

Калясінскі прывёз у Арэнбургскі край навіны - рэвалюцыі ўжо ахапілі Аўстрыю, Германію, Венгрыю, Італію. Бурліла Польшча. Узмацніліся хваляванні ў Галіцыі. Лідзянін пераказваў навіны ссыльным і хутка пасябраваў з вялікім украінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам, які ў 1847 г. ва узросце 33 гады за паэму «Сон» быў сасланы жаўнерам ў Арэнбургскі край пад нагляд начальства з забаронай пісаць і маляваць. Першае знаёмства Шаўчэнкі з Бальтазарам Калясінскім было ў Орскай цвердзі - яны служылі у адным батальёне. Больш блізкае знаёмства двух выгнаннікаў адбылося ў Арэнбургскі перыяд іх жыцця (лістапад 1849 - красавік 1850). Таварышы ўсю зіму знаходзіліся Арэнбургу і часта сустракаліся. Як бачым, сапраўднае сяброўства паміж Тарасам Шаўчэнкам і лідзянінам Калясінскім было працяглым.

Пераканаўчым пацвярджэннем гэтых сустрэч і прыналежнасці да аднаго сяброўскага кола з'яўляецца малюнак Аляксея Чарнышова, які паказвае Тараса Шаўчэнку сярод ссыльных у Арэнбургу [28]. На ім намалявана група арэнбургскіх палітычных ссыльных, сярод іх Тарас Шаўчэнка (другі справа) намаляваны не ў форменным шынялі, як усе астатнія, а ў цёмным льным паліто з вялікім каўняром: так ён хадзіў па горадзе. На малюнку, справа, па-за групай захопленых размовай ссыльных, побач з Шаўчэнкам стаіць Бальтазар Калясінскі (першы справа) і Людвік Ліпскі. Ліпскі быў тут ужо ветэранам, хоць меў ўсяго дваццаць шэсць гадоў, але яго судзілі дваццацігадовым. Службоўца-варшавяка абвінавацілі ў «вядзенні размоў супраць урада, чытанне забароненых кніг, якія атрымліваюцца з-за мяжы і раздачу іх іншым для чытання і распаўсюджвання дэмакратычных правілаў» [29].

Першы злева на малюнку (сядзіць) вядомы рэвалюцыянер Браніслаў Залескі (потым мастак і гісторык).

Чацвёрты злева - Тамаш Вернер, Шаўчэнка называў яго на ўкраінскі лад Хамой. З ім паэт паўтара года дзяліў цяжкасці экспедыцыі на Аральскае мора.

Шосты злева - Людвік Турно, пляменнік вядомага рэвалюцыйнага дзеяча 1830-1831 гг. генерала Дэмбінскага, бацька Людвіка - палкоўнік Зыгмунт Турно - таксама прымаў удзел у гэтым паўстанні. Людвік Турно быў сасланы шарагоўцам у Арэнбург у 1846 г. [30] Турно разам з Залескім і Шаўчэнкам летам 1851 г. прымаў удзел у паходзе на Каратаў для пошуку вугалю. Пазней, знаходзячыся ў Новапятроўскім умацаванні, украінскі паэт працягваў цікавіцца лёсам таварыша і цёпла пра яго ўзгадваў [31].

Трэба дадаць, што ў Арэнбургу Шаўчэнка сцісла пазнаёміўся і з Зыгмунтам Серакоўскім, які потым, у 1863 г. быў пакараны смерцю.

Бальтазар Калясінскі ў стэпах сумаваў па радзіме, па жонцы і маленькіх дзецях, якіх не бачыў з пачатку 1848-га. Жонка не пераставала пісаць просьбы аб памілаванні высланага мужа. Шаўчэнка спачуваў думкам сябра, яго трывогам. Яму, адзінокаму і бяздомнаму, тым не менш былі блізкія і зразумелыя пачуцці мужа і бацькі [32].

У красавіку 1849 г. Калясінскі атрымаў перавод у 4-ты лінейны батальён. У 1853 г. удзельнічаў у штурме Ак-Мячэці, праявіў гераізм, атрымаў раненне і «за вызначэнне» атрымаў чын калежскага рэгістратара, які ён ужо меў дванаццаць гадоў таму. Аднак і пасля ўсіх «вызначэнняў» Калясінскі, ужо чыноўнік канцылярыі губернатара, заставаўся пад паліцэйскім наглядам, без права пакінуць сваю няволю. Волю ён атрымаў толькі ў 1857 г. [33]

Зоф'я Кавалеўская гэтак напісала пра вяртанне Бальтазара Калясінскага: «Пасля дзесяці гадоў, згодна з маніфестам цара Аляксандра II, Калясінскі быў вызвалены ад жаўнерскай службы і прызначаны камендантам (насамрэч дробным чыноўнікам - Л. Л.) Арэнбургскіх стэпаў, якія былі пад камандаваннем губернатара Пяроўскага, бацькі Соф'і, пазней вядомай рэвалюцыянеркі. ... У 1860 годзе Бальтазар Калясінскі знаходзіўся ў Краі, дзе выспяваў новы выбух. Як стары баявы конь, пачуўшы гук трубы, што грае пабудку, кідаецца ў шэрагі, так і Бальтазар Калясінскі, прасякнуты патрыятычнай атмасферай, рваўся да дзеяння.

Па вяртанні дадому Калясінскаму прапанавалі месца суддзі ў Лідзе, а пасля сялянскай рэформы - "міравога пасярэдніка". Гэта была адпаведная пасада для яго дзейнасці. Калясінскі мог зблізіцца з людзьмі і ўплываць на іх. У гэтым быў практычны сэнс, бо Бальтазар мог паўплываць на розум селяніна і выклікаць яго павагу. Дадам, што грунт, на якім ён працаваў, з'яўляўся больш жыватворным, чым дзе-небудзь у іншым месцы» [34].

Трэба адзначыць, што бяздарнае кіраванне цара Мікалая І з яго муштрай, беззаконнем і непавагай да асобы і чалавечага жыцця, як і належыць, закончылася поўнай паразай у Крымскай вайне і смерцю цара вельмі падобнай на самазабойства. Новы цар, Аляксандр ІІ, каб пазбегнуць сацыяльнага выбуху, быў прымушаны пачаць рэформы, першай з якіх была адмена прыгоннага права - страшнага рускага прыгону, які трымаў у стане «белых» рабоў большасць насельніцтва імперыі. Міравыя пасярэднікі як раз і праводзілі вызваленне сялян з прыгоннага рабства, і таму на гэтую пасаду, звычайна, абіраліся лепшыя прадстаўнікі шляхты.

Пра павагу да Калясінскага з боку грамадскасці сведчыць тое, што ўжо ў 1861 г. мы бачым яго на пасадзе засядацеля павятовага суда [35] а ў 1861 г. ужо міравым пасярэднікам 1-га ўчастка [36]. Менавіта ён разам з іншымі пасярэднікамі пачаў праводзіць рэформу, у выніку якой сялян вызвалілі з прыгону. Разам з Калясінскім, міравымі пасярэднікамі ў той час на Лідчыне, з'яўляліся: былы адстаўны карнет Юльян Лясковіч (расстраляны ў Вільні ў 1863 г., пра гэта далей), адстаўны паручнік Аляксандр Брахоцкі, калежскі сакратар Яраслаў Табенскі (будзе арыштаваны і высланы ў Пермскую губерню), Станіслаў Путкамер (сын Марылі з Верашчакаў).

У падзеях, якія папярэднічалі паўстанню, падчас вялікага народнага ўздыму, прымала ўдзел і сям'я Бальтазара Калясінскага, у 1861 г. яго жонка Марыя-Стэфанія была заўважана разам з дачкой у Вільні падчас спеваў «абуральных гімнаў у касцёле» [37].

Непрыемныя падзеі адбыліся ў сям'і Каслясінскіх у 1862 г. У ноч з 17 на 18 траўня раптоўна памерла цешча Калясінскага Юзэфа Більдзюкевіч. Следства на пачатку чамусьці палічыла, што адбылося атручэнне мыш'яком і западозрыла ў справе Бальтазара Калясінскага, які, як быццам, знаходзіўся з цешчай у дрэнных стасунках. У якасці непасрэднага выканаўцы падазраваўся кухар Дамінік Трацяк (меў 33 гады) і пакаёвая дзеўка Дамініка Кудзека (мела 17 гадоў) - абодва сяляне маёнтка Сядзеймы. Следства не даказала віну Калясінскага і Дамінікі Кудзекі, але Трацяк быў асуджаны. Загадкавая справа - чаму кухар атруціў сваю гаспадыню?


Бальтазар Калясінскі быў адным з ініцыятараў падрыхтоўкі паўстання 1863 г. Як міравы пасярэднік, Калясінскі карыстаўся вялікай павагай сялян і меў на іх уплыў. Перад пачаткам паўстання назіраўся грамадскі ўздым, ішло шырокае абмеркаванне праблем, у Лідзе акрамя цукерні Андрушкевіча [38], месцам сходаў стала лідская хата Бальтазара Калясінкага. На сходах абмяркоўвалася будучае паўстанне, удзел у іх прымалі Геншаль з Валдацішак, Тышкевіч з Жырмун, Станіслаў Путкамер і многія іншыя. Актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання і стрыечны брат ссыльнага - Станіслаў Калясінскі.

Але Бальтазара Калясінскага арыштавалі яшчэ да пачатку паўстання - быў абгавораны Юльянам Альбертам Лясковічам і «пайшоў пад ключ» [39]. Кавалеўская цікава апісвае арышт паўстанца і падзеі вакол яго: «Улада даўно ўжо мела на яго вока, але не спяшалася з арыштам, бо Калясінскі меў вялікую павагу ... такі крок мог выклікаць вялікае хваляванне, адпор або якія-небудзь іншыя праблемы. Хітры ваенны начальнік павета вырашыў узяць яго падманам.

... калі ў Калясінскага сабралася кола знаёмых, Казаналі [40] прыслаў капітана Баранава з патрабаваннем неадкладна прыбыць у канцылярыю. Бальтазар Калясінскі адмовіўся, патлумачыўшы гэта тым, што ў яго госці. Аднак, калі афіцэр дастаткова настырна паўтарыў загад, Калясінскі страціў цярпенне і буркнуў: "Пану Казаналі дарога да мяне такая ж роўная, як і мне да яго." Афіцэр пайшоў, а Казаналі вырашыў дзейнічаць па-іншаму. Ён паведаміў арыштаванаму Юльяну Лясковічу, што той будзе хутка высланы ў Расію, аднак, калі хоча, то можа паклікаць каго-небудзь са знаёмых у Лідзе, напрыклад Калясінскага, і перадаць яму пад апеку сваю сям'ю і інтарэсы.

Хуткая, бяспраўная дэпартацыя, такая частая ў тыя часы, не здзіўляла ўжо нікога. Таму вестачка прысланая з вязніцы не здзівіла Калясінскага і, прыгнечаны лёсам Лясковіча, ён тут жа пайшоў да яго, пакінуўшы дом і гасцей на свайго крэўнага Станіслава Калясінскага. Як толькі Бальтазар пераступіў парог вязніцы, яго атачылі ахоўнікі і замкнулі на ключ ў камеры.

Занепакоены доўгай адсутнасцю родзіча Станіслаў Калясінскі выбег у горад, каб даведацца, што здарылася. Усе ўжо ведалі пра арышт Бальтазара. У любую хвіліну мог пачацца ператрус у яго доме ... Там маглі быць дакументы якія кампраментавалі іншых, нейкія сведчанні пра сувязь з камітэтам у Парыжы, грошы на патрэбы паўстання.

Знерваваны Станіслаў Калясінскі амаль што з боем дабіўся аўдыенцыі ў Казаналі, які не хацеў яго адразу прыняць. Калясінскі прасіў сустрэчу .... Казаналі яму адмовіў, і толькі пасля таго, як Калясінскі давёў, што ў кузена як "міравога пасярэдніка" могуць захоўвацца дзяржаўныя грошы, і што яны могуць страціцца падчас вобшуку, за што Казаналі будзе асабіста адказваць, вайсковы начальнік памякчэў і выклікаўшы афіцэра, загадаў суправаджаць Станіслава Калясінскага да вязніцы і прысутнічаць пры размове братоў.

"Казённые деньги" заўсёды давалі шанец на поспех сярод чыноўнікаў. Калі па дарозе да турмы ў казармах, дзе сядзеў Бальтазар Калясінскі, міналі рэстаран Андрушкевіча, Станіслаў прапанаваў афіцэру, які ішоў разам, невялікі сняданак.

За кілішкам шчыра разгаварыліся. Афіцэр вярнуўся з Каўказа і сімпатызаваў тутэйшым, з якімі там пазнаёміўся. Ён дазволіў братам спатканне сам-на-сам, без сведак. Потым Станіслаў змог зайсці ў кватэру брата і прагледзець паперы. Яго эскорт трымаўся каля дзвярэй, на адлегласці. Станіслаў забраў усё, што трэба, і выехаў з Ліды. Вольна ўздыхнуў толькі за горадам.

Валанцёры летам 2020 г. знайшлі пахаванне аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 г. на Лідчыне - Каятана Дарашкевіча (Deraszkiewicz).

У хуткім часе Казаналі выслаў усіх арыштаваных у Вільню, дзе яшчэ кіраваў Назімаў. У палітычнай атмасферы яшчэ адчуваліся лагодныя плыні. Старшынём следчай камісіі ў той час быў Вісяліцкі, чалавек адносна добры. Судовае следства пра неабачлівыя словы Альберта Лясковіча цягнулася даволі доўга, потым Альберт адмовіўся ад іх, быў апраўданы і выйшаў на волю. У горадзе казалі, што атрымаць волю арыштаваным дапамог такі выпадак: сярод чальцоў следчай камісіі быў генерал Беклямішаў, знаёмы Бальтазара Калясінскага з часоў яго выгнання і службы ў "вечных салдатах". У тыя часы ён быў маёрам і начальнікам Бальтазара. Падчас бою за Ак-Мячэць куля адарвала Беклямішаву нагу, і ён загінуў бы, каб не Бальтазар, які, узваліўшы камандзіра на плечы, вынес яго пад градам куль у бяспечнае месца. Калі арыштаваныя сталі перад следчай камісіяй, Беклямішаў пазнаў Бальтазара, сардэчна яго прывітаў і прадставіў (суддзі) як свайго выратавальніка, чым дапамог Бальтазару і яго таварышам» [41].

Цікава заўважыць, як няўпэўнена адчувалі сябе ў горадзе расійскія ўлады, бо каб арыштаваць Калясінкага яго прыйшлося выманіць ў турму і для гэтага выдумляць розныя гісторыі.

Падчас вышэйапісанага суда 6 (18) траўня ў Вільні, Лясковіч сведчыў, што свае першыя паказанні, дадзеныя падчас першапачатковага следства, ён пацвярджае, але іншыя, якія кампраментавалі перад уладамі Браніслава Нарбута, міравога пасярэдніка Калясінскага, Вільгельма Грабоўскага і абшарніка Гадычэўскага - адвяргае, бо яны былі вымушаныя гвалтам праз «насільны загад і прымус» палкоўніка Казаналі, які загадваў, што «я мушу абавязкова напісаць гэтак, як ён пачаў мне дыктаваць». Альберт Юльян Лясковіч не адыгрываў значнай ролі ў паўстанні, з'яўляўся шараговым удзельнікам і пасля суда быў вызвалены, аднак потым зноў па загадзе ўжо Мураўёва арыштаваны і пакараны смерцю ў Вільні разам з ксяндзом Ішорам з Жалудка «в пример и страх другим». Сярод іншых парэшткаў ахвяр 1863 г., знойдзеных нядаўна на Замкавай гары ў Вільні, знайшліся і парэшткі Лясковіча [42].

Помнік Бальтазару Калясінскаму ў Вільні .

Але покуль разам з Лясковічам выпусцілі і ўсіх астатніх, у тым ліку і Калясінскага. Бальтазар вярнуўся ў Ліду і зноў энергічна ўзяўся за працу. Яго арышт разарваў многія ніткі ў папярэдне старанна сплеценай павуціне, аднак паводзіны аддзела Нарбута, які ўжо храбра ваяваў, уздымалі ў людзях надзею і ўмацоўвалі веру ў будучыню.

З тэксту Зоф'і Кавалеўскай бачна, што Бальтазар Калясінскі працаваў з старшынямі валасцей. У Дакудаўскай воласці старшыня Кохан [43] меў напагатове некалькі соцень людзей, пераважна праваслаўных з ранейшых уніятаў. Чакалі толькі выкліку. У Тарноўскай гміне, прыведзены пад прысягу Каляскінскім, старшыня Марцін Якубоўскі стварыў першую сярод сялян арганізацыю і нават прыгатаваў трошкі зброі. Планавалася, што сяляне паўстануць, калі падымецца горад [44].

Тым часам у Лідзе пачалі фармаваць аддзел, які павінен быў ісці на дапамогу Людвіку Нарбуту. Планаваўся збор 11 красавіка розных груп на зборным пункце ў вёсцы Аўсядава, якая належала Зянкевічу (некалькі вёрст на поўнач ад Ліды). Тут яны павінны былі атрымаць зброю, амуніцыю, правіянт, абмундзіраванне, грошы і, злучыўшыся ў адно цэлае, як Лідскі аддзел, вырушыць у Дубічы пад камандаванне Нарбута. Добраахвотнікі непасрэдна з Ліды збіраліся ў маёнтку Клепцаўшчына [45] якім ў той час валодалі Калясінскія, каб адкуль выправіцца ў Перапецкі лес. З гэтага месца Станіслаў Калясінскі павёў іх праз Раслякі, млын на Паўстаўшчыне, каля фальварка Адамовіча Малэйкаўшчына да Аўсядава. Па дарозе інсургенты сустрэлі семярых казакаў, якіх ледзь не застрэлілі, але казакі павярнулі ў другі бок. У Аўсядаве сабралася шмат добраахвотнікаў з Ашмянскага, Наваградскага і Лідскага паветаў. Але з-за здрады, выправа да Нарбута не ўдалася [46].

Улетку 1863 г. па загадзе Мураўёва разам з іншымі Бальтазар Калясінскі быў зноў арыштаваны і без суда, «по распоряжению Главного Начальника Северо-Западного края», г. зн. Мураўёва, 5 сакавіка 1864 г. высланы пад нагляд паліцыі ў Кастрамскую губерню, а ягоная маёмасць секвестравана. У Расіі жыў у Калагрыве.

Праз шмат гадоў ссылкі Бальтазар Калясінскі атрымаў права вярнуцца з умовай пражывання ў Варшаве. Кавалеўская пісала: «... едучы праз Пскоў, ён выпадкова сустрэўся з Жамчужнікавым, тагачасным пскоўскім саноўнікам, які ў часы, калі Калясінскі займаў нейкую пасаду ў Арэнбургскіх стэпах, быў там дробным чыноўнікам і яго падначаленым. Жамчужнікаў захаваў да Бальтазара самыя добрыя пачуцці і, калі даведаўся, што вяртанне ў Варшаву не радуе Калясінскага, прапанаваў яму добрую пасаду ў Пскове, а калі быў прызначаны на пасаду губернатара Вільні, зрабіў магчымым вяртанне Бальтазара ў Ліду. Дзякуючы гэтаму, двойчы ссыльны здолеў нарэшце ўдыхнуць паветра радзімы і мець магчымасць злажыць свае косці ў зямлі бацькоў» [47].

Трэба ўдакладніць, што Аляксей Жамчужнікаў ніколі не займаў пасады віленскага губернатара, але быў пскоўскім віца-губернатарам і, верагодна, маючы гэтую пасаду, дапамог Калясінскаму. Жамчужнікаў, з 1850 г. пасля ўніверсітэта, пачаў службу пры Арэнбургскім генерал-губернатары графе В.А. Пяроўскім і служыў там да 1862 г. З 1870 па 1874 гг. займаў пасаду пскоўскага віца-губернатара і атрымаў чын дзейнага стацкага дарадцы. Цікава, што Жамчужнікаў - вельмі вядомы і па-сапраўднаму таленавіты пісьменнік і паэт, адзін са стваральнікаў Казьмы Пруткова!

Не дарэмна з Бальтазарам Калясінскім сябравалі Уладзіслаў Сыракомля, Эдвард Жалігоўскі, Тарас Шаўчэнка і Аляксей Жамчужнікаў - лідзянін быў высокаадукаваным чалавекам і цікавым сябрам творчых людзей. А можа і сам нешта пісаў, але пры яго бурным жыцці не змог надрукавацца.

Кавалеўская піша: «... пасля вяртання з ссылкі ... сямейныя повязі Калясінскага былі парушаны. Сваё жыццё ён скончыў у самоце. З жонкай амаль не сустракаўся. Меў адну дачку, якая выйшла замуж за Нарымскага, і адзіную ўнучку, у замустве - спадарыню Умястоўскую. Бальтазар Калясінскі памёр у Вільні, дзе пасля жыццёвых прац спачыў на Бернардынскіх могілках. Гэта быў адзін з выбітных людзей свайго часу. Чалавек ідэі і глыбокага патрыятычнага духу» [48].

Ён і насамрэч пахаваны на віленскіх Бернардынскіх могілках, і інфармацыя пра яго пахаванне на могілках у Росах, якую можна сустрэць у розных крыніцах - памылка. Вядома таксама, што Бальтазар Калясінскі меў яшчэ двух сыноў - Юрыя і Ігната, пра якіх мы нічога не ведаем.

А яго стрыечны брат Станіслаў Калясінскі яшчэ жыў у 1918 г., дом Станіслава стаяў за Лідскім фарным касцёлам.


Пасля другой ссылкі Калясінскага з'явілася гарадская легенда - цудадзейны абраз Маці Божай, які як быццам зазвінеў падчас першага арышту Бальтазара, яго жонка аддала ў Лідскі касцёл. Паводле падання гэты абраз забраў у плябанію ксёндз Карповіч. Аднак абраз не ўпадабаў новае месца і звінеў без перапынку над галавой ксяндза. Карповіч вымушаны быў яго зняць. Легенда гаварыла, што абраз быў знішчаны. Людзі перасталі хадзіць у касцёл, бо верылі, што сваім звонам абраз засцерагаў пра небяспеку [49]. Справа ў тым, што ксёндз-дэкан Карповіч [50] адносіўся да той нешматлікай групы ксяндзоў, якія па закліку рускага урада пачалі рабіць казанні ў касцёле на рускай мове а ўрад, наўзамен, дазволіў ім бескантрольна ўзбагачацца і красці.


На гэтым можна было б закончыць аповед пра Бальтазара Калясінскага, але валанцёры, якія з 2017 г. аднаўляюць лідскія могілкі, летам 2020 г. знайшлі пахаванне аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 г. на Лідчыне - Каятана Дарашкевіча (Deraszkiewicz).

Дарашкевіч быў памочнікам і бліжэйшым паплечнікам братоў Калясінскіх. Ён выконваў вялікую арганізацыйную працу: збіраў і накіроўваў людзей у лідскі аддзел Людвіка Нарбута, купляў і прывозіў на Лідчыну зброю, збіраў грошы, вёў агітацыю сярод насельніцтва. З кнігі Зоф'і Кавалеўскай даведваемся, што Каятан Дарашкевіч памёр праз некалькі гадоў пасля паўстання і «пакінуў пасля сабе памяць як пра чалавека годнага, сумленнага і з пачуццём гонару. Пазней Станіслаў Калясінскі паставіў на яго магіле на могілках ў Лідзе невялікі надмагільны камень з надпісам: "Каятану Дарашкевічу, вахмістру народнага войска". Гэты помнічак захаваўся і па сёння» (маецца на ўвазе 1934 г.) [51].

І вось, здаецца, валанцёры знайшлі магільны камень Дарашкевіча (каардынаты помніка: 53.88109° N, 25.30495° E). Чаму здаецца? Бо стары камень вельмі пацярпеў ад часу і немагчыма на 100% гарантаваць, што надпіс на ім расшыфраваны цалкам дакладна. Але на карысць гэтага кажа і тое, што недалёка ад гэтага каменя знаходзяцца некалькі сямейных пахаванняў Калясінскіх, таму, у любым выпадку, Каятан Дарашкевіч знайшоў свой апошні прытулак недзе недалёка.

***

Наша культура і гісторыя маюць па-сапраўднаму моцныя падмуркі - на пустым месцы вырастае толькі пустацвет. І мяне бязмерна радуе, што наша лідская зямля пачынае адчыняць свае таямніцы тым, хто па сапраўднаму любіць і жыве дзеля яе.



[1] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 45.

[2] Ziemia Lidzka. 2004. № 2(60).

[3] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. S. 106.

[4] Гл: Лаўрэш Леанід Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. // Гістарычны альманах. 2007. Т. 13. С. 109-118. і інш.

[5] Большаков Л. Н. Оренбургская Шевченковская энциклопедия. Тюрьма. Солдатчина. Ссылка. Энциклопедия одиннадцати лет 1847-1858. Оренбург, 1997. С. 168.

[6] Эдвард Вітольд Жалігоўскі, (20.7.1816 - 28.12.1864) - паэт, філосаф, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў фальвараку Мар'ямпаль Вілейскага павета. У 1833-1836 гг. вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) універсітэце. У 1838 г. арыштаваны за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання пад кіраўніцтвам Ш. Канарскага. У 1842 г вярнуўся на Радзіму. У 1851 г. зноў арыштаваны і сасланы ў Петразаводск, потым у Арэнбург. Пасябраваў і падтрымліваў сувязі з Тарасам Шаўчэнкам, прысвяціў яму верш «Да народнага паэта». З 1858 жыў у Санкт-Пецярбургу і дапамагаў І. Агрызку выдаваць газету «Slowo». Апублікаваў зборнікі «Poezye», «Dziś i wczoraj», драму «Jordan». У 1860 г. выехаў у Заходнюю Еўропу. Супрацоўнічаў у польскім эмігранцкім друку. Апошнія гады правёў у Жэневе.

[7] Луі Адольф Ц'ер (1797-1877) - французскі палітычны дзеяч і гісторык, аўтар прац па гісторыі Вялікай французскай рэвалюцыі.

[8] Юзаф Каржанеўскі (1797-1863) - польскі паэт, празаік і драматург.

[9] Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846-1848. Warszwa, 1965. S. 117.

[10] Гл: Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi,1846-1848. Warszwa, 1965.; Радзюк А. Р. Пад скіпетрам Расейскай імперыі: рэпрэсіўная палітыка царызму на землях Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст. Гродна, 2017.

[11] Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846-1848. S. 113.

[12] Там жа. S. 15.

[13] Там жа. S. 151-154.

[14] Там жа. S. 100., 129.

[15] Там жа. S. 125-126.

[16] Там жа. S. 15., 117., 122.

[17] Дадам, што некаторыя выхадцы з Лідчыны ў тыя часы з'яўляліся чальцамі іншай арганізацыі - «дэмакратычнага таварыства» Францішка Савіча. Так, пад псеўданімам «Альфонс» у ім знаходзіўся сын праваслаўнага святара Яўстафі Вароніч, які пасля заканчэння Лідскай павятовай вучэльні працягваў навучанне ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, а таксама некаторыя іншыя лідзяне.

[18] Радзюк А. Р. Пад скіпетрам Расейскай імперыі: рэпрэсіўная палітыка царызму на землях Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст. С. 129.

[19] Радзюк А. Р. Лідчына ў нацыянальна-вызваленчым руху першай паловы ХІХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук. практ. канф. Ліда, 2008. С. 116.

[20] Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846-1848. S. 167.

[21] Большаков Леонид. Быль о Тарасе. Кн. 1. Москва - Оренбург, 1993. С. 171.

[22] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 17.

[23] Россия под надзором. Отчеты III отделения 1827-1869. Москва, 2006. С. 385-386.

[24] Там жа. С. 399-400.

[25] Болонев Ф. Ф., Люцидарская А. А., Шинковой А. И. Ссыльные поляки в Сибири: XVII, XIX вв. Исследования и материалы. Новосибирск, 2007. С. 146.

[26] Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Укл. Г.В. Кісялёў. Мінск: Навука і тэхніка, 1977. С. 236.

[27] Там жа.

[28] Большаков Л. Н. Оренбургская Шевченковская энциклопедия. ... С. 168.

[29] Большаков Леонид. Быль о Тарасе. Кн. 3. Москва - Оренбург, 1993. С. 118.

[30] Владич Л. История одного рисунка // Огонек № 20(1405), 16 мая 1954. С. 27.

[31] Владич Л. История одного рисунка ... С. 27.

[32] Большаков Леонид. Быль о Тарасе. Кн. 3. Москва - Оренбург, 1993. С. 118.

[33] Большаков Л. Н. Оренбургская Шевченковская энциклопедия. ... С. 168.

[34] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego ... S. 17-18.

[35] Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. С. 112.

[36] Памятная книжка Виленской губернии на 1862 г. Вильно, 1862. С. 118.

[37] Белецкий, А.В. Сборник документов музея гр. М.Н. Муравьева. Вильна, 1906. Т. 1. С. 158., 257.

[38] Знакамітая цукерня Андрушкевіча, знаходзілася на рагу вуліц Віленскай і Каменскай. - Л. Л.

[39] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego ... S. 21., 36.

[40] Ці Казаўлі, вайсковы начальнік Ваўкавыскага і Лідскага паветаў, палкоўнік. - Л. Л.

[41] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego ... S. 37-38.

[42] Юльян Лясковіч расстраляны ў Вільні Мураўёвым-вешальнікам ў 1863 г. ганарова перазахаваны ўсёй Беларуссю разам з іншымі героямі паўстання ў лістападзе 2019 г.

[43] Пасля паўстання, Кохан з Дакудаўскай воласці здолеў пазбегнуць пераследу ўладаў.

[44] Марцін (ці Севярын?) Якубоўскі з Тарноўскай гміны, быў асуджаны, як пісала Кавалеўская, «з-за занадта шчырага вызнання Кашыца ... У Якубоўскага захоўваліся розныя дакументы, зброя і грошы. Аднак меў талент зручна ўхіліцца ад падазрэння, узгадніўшы ўсё з калегамі, бо меў на іх неабмежаваны ўплыў. Калі паліцыя прыбыла, каб арыштаваць Якубоўскага, ён не страціў розум і здолеў спаліць усе дакументы, аднак схаваць зброю яму не хапіла часу. Пад час следства не здрадзіў і нікога не выдаў. З усёй сям'ёй быў высланы ў Табольскую губерню, дзе ў выгнанні і памёр у 1873 годзе. Ледзь заплюшчыў вочы, як прыйшоў дазвол на вяртанне ў Край. Сям'я скарысталася з гэтага дазволу, бо сумавала па Айчыне. Сыны памерлага Якубоўскага - Юзаф і Ігнат - былі абавязаны пісьмова пацвердзіць, што ніколі не будуць мець прэтэнзій да спадчыннай зямлі бацькі, якая была адабрана ў сям'і за ўдзел у паўстанні.

Маладых Якубоўскіх як леснікоў прыняла ахоўваць свае лясы спадарыня Красіцкая і, маючы жаданне хоць неяк кампенсаваць нанесеную крыўду, падаравала 30 моргаў зямлі». - цыт. па: Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego ... S. 72-73.

[45] Фальварак каля в. Перапечыца - Л. Л.

[46] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego ... S. 39., 40-41.

[47] Там жа. S. 73.

[48] Там жа.

[49] Там жа.

[50] Кс. Яўстах Карповіч, сын медыка з Жалудка, нарадзіўся ў вялікай сям'і, меў 6 братоў і 5 сясцёр. Вучобу пачынаў у Лідскай вучэльні. Пасля Ліды служыў у Ракаве. Быў крэатурай вядомых ксяндзоў-русіфікатараў Феліцыяна Бядрынскага і Пятра Жылінскага.

Кс. Феліцыян Бядрынскі - пралат, кандыдат тэалогіі (не блытаць з сучасным кандыдатам навук - Л. Л.), схаластык вялікага Віленскага кафедральнага капітула, законанастаўнік Віленскай мужчынскай гімназіі і Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, кавалер ордэна Св. Станіслава 3 ст., узнагароджаны залатым наперсным крыжам і медалём за вайну 1853-56 гг. (Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1875 год. Вильна, 1875. С. 136-137.) Казалі, што пралат Бядрынскі пасля сваёй смерці пакінуў 180 тыс. рублёў, без уліку таго, што лёкай, скраў тады з яго камода 12 тысяч рублёў.

Кс. Пётр Жылінскі (1817-1887) - кіраўнік Віленскай дыяцэзіі, пралат-прапазіт кафедры (прапазіт - кіраўнік манаскага ордэна - Л. Л.), доктар тэалогіі, кавалер ордэна Св. Станіслава 1 і 2 ст. з імператарскай каронай, кавалер ордэна Св. Уладзіміра 3 ст., узнагароджаны наперсным крыжам, а таксама медалямі за вайну 1853-56 гг. і задушэнне паўстання 1863-64 гг. (Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1875 год. Вильна, 1875. С.136.)

Масолаў А.: «Некалькі пазней узвысіўся Вілейскі дэкан П. Жылінскі, чалавек яшчэ не стары, але цалкам сівы, трымаўся як каталіцкі біскуп - важна і стрымана. Ён атрымаў адзін з лепшых Віленскіх прыходаў - Вострабрамскі (каля гэтага касцёла - знакамітая брама з капліцай, пад'язджаючы да брамы па вузкай вуліцы, усе людзі здымалі шапкі) і прызначаны прэлатам». Гл: Мосолов, А. Н. Виленские очерки 1863-1865 г. СПб., 1898. С. 117-118.

Пётр Жылінскі, высвечаны ў святары ў 1842 г. Пробашч Віленскай Вастрабрамскай парафіі. У 1866 г. і ў 1868-1883 гг. адміністратар Віленскае дыяцэзіі ў сувязі з ссылкай у Вятку біскупа Адама Станіслава Красінскага. Выявіў сябе як актыўнага прыхільніка русіфікацыі касцёлу. У лістападзе 1869 г. падчас аўдыенцыі ў Аляксандра ІІ заявіў, што з'яўляецца сапраўдным патрыётам Расіі і гатовы ўсім ахвяраваць дзеля Айчыны і цара. У 1871 г. даў дазвол на выданне расейскамоўнага катэхізма «Рымска-каталіцкі катэхізіс пра паслухмянасць і адданасць прастолу і Айчыне нашай Расіі або тлумачэнне 4-й запаведзі Госпада, якая датычыць начальства і яго ўлады». У 1876 г. для паскарэння русіфікацыі касцёлаў былой Менскай дыяцэзіі падзяліў яе на два візітатарствы - Менскае і Слуцкае. Палітыка адміністратара выклікала рэзкі супраціў вернікаў і святароў. 23 студзеня 1878 г. Жылінскі атрымаў ліст ад кардынала Кацярыні, у якім Ватыкан абвінавачваў яго ў самавольным уступленні ў кіраванне дыяцэзіяй, а таксама ў спробах пазбыцца лепшых ксяндзоў і ўвесці ў касцёл рускую мову. Рым патрабаваў ліквідацыі пасадаў візітатараў. Напрыканцы 1882 г. Пётр Жылінскі выехаў у Ватыкан, дзе адрокся ад ранейшых «памылак» і атрымаў адпушчэнне грахоў.

[51] Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 42.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX