Папярэдняя старонка: Іншае

Кароль Андоры з-пад Ліды 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 20-11-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Кароль Андоры з-пад Ліды // Маладосць. 2014. №10. С. 114-125.; Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра караля Андорры // Лідскі Летапісец. 2018. № 1(81). С. 37-50.

Спампаваць




Гісторыя Тарнова

Ваколіцы лідскай вёскі Тарнова з першай паловы XV ст. належалі ўплывоваму беларускаму роду Завішаў, спачатку герба Ружа. Пасля параднення з Кезгайламі і Шэметамі гэтыя роды атрымалі агульны герб Лебедзь. Трэбы адзначыць, што нашы лідскія Завішы не мелі нічога агульнага ні з Завішамі герба Парай, ні з польскімі Завішамі.

Родапачынальнік Завішаў успамінаецца ў 1443 і 1486 гадах. Ён пакінуў сыноў Мікалая (ўспамінаецца ў 1496 годзе, нашчадкаў не меў) і Яна, каралеўскага двараніна (1491), памёр да 1506 годзе. Сын Яна, Юры (каля 1480 - да 1528 гадах), быў суддзём земскім драгічынскім і значным землеўладальнікам, ён у 1528 годзе выстаўляў 34 вершнікі ў войска [1].

Вялікі князь ВКЛ Казімір каля 1443 годзе пацвердзіў за Завішамі 12 чалавек лідскай воласці: « Завиши дванадцать ч(о)л(о)вековъ Поречан у Губини, отчины его» [2] і пяць людзей на рацэ Дзітва.

Каля 1488 годзе ўладанні наследваў Мікалай Завіша, каралеўскі дваранін. Пасля яго смерці, каля 1500 года, палова маёмасці, па левым беразе Дзітвы, перайшла да яго брата Андрэя Завішы, цівуна віленскага, а другая палова - па правым беразе ракі Дзітва іншаму брату - Юрыю Завішу. Абедзве часткі гэтай маёмасці назваліся Белагрудай.

Нашчадкі Андрэя Завішы трымалі сваю частку Белагруды да другой паловы XVII ст. Юры Завіша пакінуў пасля сябе сыноў Мікалая, Крыштафа, Альбрахта, Яна і дачку. Згодна з попісам войска 1528 годзе гэтыя Завішы са сваёй часткі Белагруды выстаўлялі разам з паветам Васілішскім 3 кані. Каля 1560 года гэтую частка Белагруды разам з Вашкевічамі ў Завішаў набыў князь Андрэй Вішнявецкі, праз 20 год ён прадаў яе Яраславу Мікалаевічу Ваўчку.

Пры канцы XVI ст. унук Андрэя Завішы Ян Янавіч Завіша, падкаморы лідскі (з 1593 года), а потым ваявода віцебскі выкупіў усе часткі Белагруды і па тастаманце ад 1 лютага 1593 года з гэтай зямлі і з іншай сваёй маёмасці забяспечыў за сваёй жонкай Анастасіяй з Трызнаў 400 коп літоўскіх грошаў. Пасля смерці віцебскага ваяводы гэтая маёмасць разам з Жырмунамі і Востравам (тым самым, дзе ў 1392 года было падпісана славутае пагадненне паміж Вітаўтам і Ягайлам) успадкаваў яго пляменнік Мікалай Завіша, таксама віцебскі кашталян, а калі і ён памёр бяздетным, маёмасць перайшла да яго ўдавы Гальшкі з Тышкевічаў, якая ў 1668 годзе аддала маёмасць у арэнду. Пад канец XVII ст. Белагруду ўспадкавала дачка Яна Юрыя Завішы, старасты браслаўскага, Ганна, якая ў першым замустве (каля 1690 года) была жонкай Пятра Амора, графа Тарноўскага, а ў другім - Крыштафа Шчыта, кашталяна смаленскага. Памяць гэтых двух прозвішчаў і заставалася ў назвах маёнтка Тарнова і фальварка Шчытнікі.

У XVIII ст. Жырмуны і Востраў з Белагрудай - маёмасць княгіні Барбары Радзівілл (з Завішаў). Ад яе Тарнова пераходзіць да сына - Станіслава Радзівіла (1722-1784), падкаморага літоўскага, а далей - Мікалаю Фаўстыну Радзівілу (1751-1811), уладальніку Жырмун. Пры канцы XVIII ст. з вопісаў парафій Лідскага дэканата бачна, што Тарноўшчына - фальварак Найяснейшага Князя ягомасці Радзівіла генерал-лейтэнанта войск ВКЛ. Незадоўга да смерці, Мікалай Фаўстын Радзівіл аддаў Тарнова ў заклад Тадэвушу Андрэйкавічу за 10 000 залатых дукатаў і 130 000 злотых. Пасля судовага працэсу ў 1824-25 гадах бакі падпісалі судовую дамову, згодна з якой Андрэйкавіч стаў уладальнікам Тарнова. Яго сын Юлій Андрэйкавіч прадаў Тарнова Канстанціну Кашыцу [3].

Канстанцін Кашыц (1828-1881) - сын наваградскага маршалка Юзафа Кашыца, які ў 1812 годзе быў афіцэрам 19-га палка ўланаў, потым удзельнічаў у паўстаннi 1831 года і на нейкі час эміграваў. Канстанцін Кашыц скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт, быў чалавекам выдатных разумовых здольнасцей, вызначаўся трапным словам і вострым пяром. У 1850-я, калі яшчэ адбываліся шляхецкія соймікі, сваімі жартамі і эпіграмамі ён дакучаў розным павятовым і губернскім асобам. Аднаго такога «дыгнітарыя» (саноўніка), які ў лісце заміж «вторак» (аўтoрак) напісаў «фторак», ён назваў «Пан Фторак», і мянушка гэтая замацавалася назаўжды. Склаў некалькі рыфмаваных сатыр, якія называліся «Загадка», «Крыжык», «Дагератып», «Пастка на выбарах (галасаванне на сойміках ці выбары)».

Канстанцін Кашыц браў чынны ўдзел у паўстанні 1863 года, за што быў асуджаны і сасланы. Аднак нейкім чынам хутка вярнуўся і 25 мая 1866 года быў прымушаны добраахвотна падпісаць акт, згодна з якім Тарнова з фальваркамі Рубікі, Шчытнікі, Белагруда, Чыжоўшчына і Банцэвічы - каля 2 500 дзесяцін зямлі разам з доўгам у дванаццаць тысяч рублёў былога ўладальніка Юліяна Андрэйкавіча - прададзена генералу рускай арміі Дзмітрыю Маўрасу за 56 300 рублёў. Да гэтага дадаваўся дом у Рызе (ацэнены ў 25 000 рублёў). Аднак Кашыца гэта не ўратавала, і ён быў паўторна сасланы ў Сібір, а вярнуўшыся на радзіму, хутка - у 1881 годзе - памёр [4].

Пасля 1863-га года Тарнова набывае статус цэнтра сялянскай воласці.

Маўрасы

Новым уладальнікам Тарнова стаў унук Георгія Маўраса, былога гаспадара Малдовы. Радзімай старажытнага грэцкага роду Маўрасаў быў востраў Радос у Эгейскім моры, адкуль Маўрасы перасяліліся на Мальту, а ў 1650-м пераехалі ў Малдову. Там род Маўрасаў займаў вельмі высокае становішча, парадніўся з самымі вяльможнымі малдаўскімі сем'ямі: Кантакузен, Суцо і Гіка. У 1785 годзе Георгі Маўрас быў гаспадаром Малдавіі, яго сын Мікалай у 1828 годзе перайшоў на рускую службу, памёр у 1868-м. Графскі тытул роду Маўрасаў напачатку быў пажалаваны ў лютым 1876-га аўстра-венгерскім імператарам Францам-Іосіфам І. Пасля дакладу дэпартаменту герольдыі цар Аляксандр ІІ указам ад 1 кастрычніка 1876-га прызнаў графскі тытул Маўрасаў у Расіі [5].

Дом у Маўрасаў у Вільні. Палац Маўрасаў у Тарнове.

Дзмітры Маўрас (26.10.1820-12.07.1896) як афіцэр рускай службы браў удзел у задушэнні Венгерскага паўстання ў 1849-м, Крымскай вайне 1853-1856-га, задушэнні на Беларусі паўстання 1863-га. З 1873-га Дзмітры Маўрас у чыне генерал-маёра камандаваў 1-й брыгадай 27-й дывізіі пяхоты ў Вільні. У 1877-1878-х Маўрас камандаваў 6-й рэзервовай дывізіяй пяхоты ў вайне супраць Турцыі. З 1852-га Маўрас жанаты з графіняй Кацярынай Іванаўнай Сімоніч (1829-1890), дачкой графа Івана Восіпавіча Сімоніча. На час жаніцьбы Маўрас служыў ва ўланскім палку ў Варшаве, там жыла сям'я Сімонічаў. Род гэты мае паўднёва-славянскае паходжанне. Харват ці далмацінец Іван Восіпавіч (1792-1850) быў афіцэрам у войску Напалеона. У 1812-м узяты ў палон, у 1816-м паступіў на рускую службу. У Тыфлісе жаніўся з удавой, княгіняй Арбеліяні. Меў сына Мікалая і дачку Кацярыну.

У Дзмітрыя і Кацярыны (з Сімонічаў) Маўрасаў нарадзіліся дзеці: Марыя - у 1852-м, Ганна - у 1856-м, Аляксандра - у 1860-м, двайняты Мікалай і Лізавета - у 1861-м гг. [6] Брат лідскага вайсковага начальніка Васіля дэ Лазары, афіцэр расійскага войска Мікалай дэ Лазары, які ў пошуках заробку нейкі час жыў у нашым горадзе, пісаў у сваіх мемуарах пра жыццё ў Лідзе: «... з'явілася некалькі блізкіх знаёмых, з ліку якіх ... самай прывабнай была Кацярына Іванаўна Маўрас, якая любіла нас, як родных, а таму яе сяброўства было для нас самым радасным. Недалёка ад Ліды быў маёнтак Маўраса Тарноўшчына, мы часта ездзілі туды і бавілі там па некалькі дзён у асяроддзі яе сям'і. Але нам дзіўна было бачыць, што яе дзеці былі амаль што ўсе вельмі непрыгожымі, нягледзячы на прыгажосць і прывабнасць самой Кацярыны Іванаўны» [7].

Як адзначана вышэй, маёнтак Тарнова генерал Маўрас набыў у 1866 годзе ў паўстанца Канстанціна Кашыца. Прадаць свой маёнтак Кашыц павінен быў па царскім указе хутка і танна. Гэтак жа танна ў паўстанца Маўрас купіў дом у цэнтры Вільні, на Георгіеўскім праспекце [8], зараз цяпер праспект Гедыміна.

З 1879 годзе генерал-лейтэнант Маўрас выйшаў на пенсію пасяліўся ва уласным доме ў Вільні [9]. Акрамя Тарнова генерал купіў суседнія вёскі Мыто, Дзітву Тарноўскую, Паперню, Нявішу, Ярэмічы, Жукоўшчыну і Лебяду. Уся гаспадарка разам мела 15 000 дзесяцін ці 150 квадратных кіламетраў. Перыядычна сям'я генерала жыла і ў Пецярбургу. Той жа Мікалай дэ Лазары, «бачачы ўдалую і забяспечаную ў матэрыяльным сэнсе службу брата Васіля ў корпусе жандараў» пісаў, што з дапамогай Дзмітрыя Маўраса, «які лічыўся тады пры шэфе жандараў, пачаў прасіць аб залічэнні мяне на службу ў корпус. Клопаты гэтыя праз непрацяглы тэрмін увянчаліся поспехам, і ў жніўні месяцы 1867 г., прадаўшы ўсю сваю маёмасць, я з жонкай пераехаў у Пецярбург і быў прыкамандзіраваны да штаба. ... Хутка і м-м Маўрас з дзецьмі пераехала ў Пецярбург, і я адшукаў ім кватэру ў тым жа доме Ліпса і на тым жа паверсе, дзверы ў дзверы. Дзякуючы жонцы Маўраса генерал Мезенцаў выдаў мне грашовую дапамогу ў памеры 250 руб. Гэта нам добра дапамагло...» [10].

З канца 1860-х спачатку толькі ў летні перыяд, а потым увесь час граф Маўрас з сям'ёй жыў у маёнтку Тарнова. У першай палове 1880-х пабудаваў там палацавы комплекс, які цяпер знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. З канца 1860-х спачатку толькі ў летні перыяд, а потым увесь час граф Маўрас з сям'ёй жыў у маёнтку Тарнова. Аўтар праекта – архітэктар, Вінцэнт Горскі (1848 — пасля 1901) паходзіў з шляхты Віленскага павета (сын Мельхіёра і Юзафіны з Нарбутаў). У 1867—1873 гг. Горскі вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім будаўнічым вучылішчы. Пасля заканчэнні курса працаваў у Тэхніка-будаўнічым камітэце і ў хуткім часе быў прызначаны гарадскім архітэктарам г. Тэмрук (Краснадарскі край, Расія). У 1874 г. выйшаў у адстаўку. У 1885—1901 гг. працаваў экспертам па нерухомасці ў Віленскім зямельным банку і займаўся прыватнай архітэктурнай практыкай. Толькі ў Вільні па яго праектах пабудавана каля 70 прыватных і грамадскіх будынкаў у тым ліку пабудаваў ці перабудаваў і два дамы Маўраса ў цэнтры Вільні.

Сядзіба складаецца з палаца і гаспадарчых пабудоў - стайні, лядоўні і ветрака. Перад сядзібным домам разбіты сквер, за 200 метраў на поўдзень ад палаца - дзве сажалкі. Пад'язная дарога агінае сядзібны дом, праходзіць паміж сажалкамі і вядзе да былога гаспадарчага комплекса, дзе знаходзіцца вятрак. Каля Белагрудскага касцёла была пабудавана карчма. Палац - мураваны, асіметрычны ў плане будынак у стылі мадэрн з маляўнічай ступеньчатай кампазіцыяй фасадаў. Асноўнай часткай будынка з'яўляецца двухпавярховы аб'ем з цэнтральным выступам-рызалітам на галоўным фасадзе. З заходняга боку размешчана аднапавярховая прыбудова, з усходняга - дамінуючая ў сілуэце чатырохпавярховая вежа. У пластыцы фасадаў выкарыстаны элементы розных гістарычных стыляў. Абапал цэнтральнага рызаліта над ганкамі размешчаны балконы. Вуглы асноўнага аб'ёму руставаныя. Цэнтральная вось галоўнага фасада выдзелена вільчыкам (каньком) рызаліта і вертыкальным шэрагам паўцыркульных акон з прафіляванымі арачнымі сандрыкамі. Планіроўка будынка была анфіладна-калідорная. Паверхні асноўнага аб'ёму звязаны лесвіцай, якая размешчана ў цэнтры будынка. Падлогі былі паркетныя.

Стайня каля палаца - аднапавярховы цагляны будынак пад двухсхільнай страхой з пластычным галоўным фасадам. Лядоўня - паўпадвальнае памяшканне, дах якога выступае над зямлёй. Над уваходам двухсхільны шчыт з адтулінай у цэнтры. Ветраны млын размешчаны за 500 м ад палаца. Конусападобная пабудова, складзеная з бутавага каменю. Верхняя частка млына - драўляны шацёр, які паварочваўся на металічных шарах вакол сваёй восі з улікам кірунку ветру, не захавалася [11].

Дом маёнтка Лебяда, пачатак XX ст. Магіла брата Барыса Скосырава Аляксандра Сімоніча(1884-1889 каля Лябёдскай царквы.

Нелі Антонаўна Салаўёва, унучка садоўніка графа Андрэя Іосіфавіча Багданца ўспамінала, што на другім паверсе тарноўскага палаца ладзіліся пышныя балі, «...прыязджала шмат гасцей, апранутых у адпаведнасці з модай таго часу. Граф з жонкай шмат падарожнічалі. Напрыклад, бывалі ў Палестыне, часта адпачывалі на Міжземнамор'і, адкуль прывозілі шмат сувеніраў, адзін з якіх, ракавіна, дагэтуль захоўваецца ў маёй хаце» [12]. Наогул, граф і графіня былі вельмі добрымі людзьмі. Дзмітры Маўрас паважаў старасць і ўсіх былых працаўнікоў трымаў да апошніх дзён iх жыцця. А калі паміраў сам, загадаў службоўцам зрабіць доўгія сталы і лавы, паставіць іх уздоўж усёй паркавай алеі і багата накрыць. Маўляў, хай прыходзяць усе ахвотнікі ўспомніць і памянуць.

Асобна трэба сказаць пра бібліятэку і калекцыю Маўрасаў. Бібліятэка налічвала больш за 8 000 тамоў на розных мовах, каля 2 000 тамоў перайшло ўладальніку Тарнова ад ягонага дзеда Георгія. Разам з кнігамі ў бібліятэцы захоўваліся радаслоўныя дакументы Маўрасаў, граматы на расійскія, аўстрыйскія, грэцкія ордэны і чыны, радаслоўны спіс чатырох пакаленняў сям'i, у тым ліку і па жаночай лініі [13]. Большая частка кніг знаходзілася ў Вільні, але шмат кніг было і ў тарноўскім палацы графа. У каталозе гэтай бібліятэкі, выдадзеным у 1888 годзе, на першай старонцы прысутнічае герб Маўрасаў: леў і дракон трымаюць прастакутны шчыт, а над ім - графская карона. У каталогу надрукаваны i партрэт графа Дзмітрыя Маўраса [14]

Канстатуючы візiт Ковенскага епіскапа Антонія на Лідчыну ў 1887 годзе, «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» пісалі: «Па дарозе ўладыка наведаў маёнтак графа Маўраса, які радасна прыняў дарагога госця і паказаў сваю бібліятэку, у якой захоўваецца шмат рэдкіх кніг і старажытных рукапісаў як гістарычнага, так і духоўнага зместу» [15].

На пачатку Першай сусветнай вайны кнігі вывезлі ў глыб Расіі. Пасля 1917-га бібліятэка была нацыяналізавана і перавезена ў Дзяржаўны кніжны фонд, з якога ў 1920-м перададзена ў Бібліятэку Румянцаўскага музея. У 1915-1920-х з-за розных пературбацый бібліятэка графа Маўраса была часткова раскрадзена [16].

У тарноўскім палацы знаходзілася яшчэ i каштоўная калекцыя карцін, мастацкіх вырабаў з золата, бронзы, парцаляны, старадаўняя зброя, рэдкія ракавіны, чучалы туземных жывёл. У справе аб ардынацыі Тарнова ёсць спіс «рухомай маёмасці», але без падрабязнага апісання. Сярод 28 карцін пералічаны «Узнясенне» Рубенса, «Могілкі» Руісдаля, «Унутраны від шынка і танцы» Астадэ, «Начны відарыс у Венецыі» Каналета, «Галандская кухня» Тэньера, «Галава старога» Лукі Кранаха [17]. Верагодна, карціны дасталіся Маўрасу ад былых уладальнікаў-паўстанцаў: былі куплены разам з маёнткам і домам у Вільні. Яны не былі вынікам працяглых пошукаў, таму генерала цяжка назваць калекцыянерам, хутчэй, яго можна лічыць выпадковым чалавекам, якому за бясцэнак дасталіся каштоўныя рэчы. Добра, што не марадзёрам. Дарэчы, некаторыя лічылі, што карціны маглі быць копіямі, але даказаць гэта ўжо немагчыма. Не быў генерал і мецэнатам.

Сямейнікі Маўрасаў лічыліся прыхаджанамі блізкай да Тарнова Радзівонішскай царквы, у 1869 годзе «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» пісалі: «...у Радзівонішскую царкву да дня яе асвячэння генерал-маёрам Маўрасам, вернікам гэтай жа царквы, былі ахвяраваны ўборы на прастол, ахвярнік і аналой, а таксама два абразы добрага жывапісу Св. Апосталаў Фамы і Пятра, коштам 100 руб.» [18]. У 1883 годзе тая ж газета пісала: «Сяло Радзівонішкі. У нашым вельмі малалікім прыходзе 16 мая было… прыкметнае свята. Гэта была імпрэза з-за каранавання Іх Імператарскай Вялікасці. Графіня Маўрас раздавала даволі каштоўныя падарункі, святкаванні працягваліся тры дні, грала хатняя музыка, і былі народныя танцы» [19].

Дзеля свайго адзінага сына Мікалая граф Дзмiтры Маўрас 20 снежня 1883 года атрымаў ад імператара Аляксандра ІІІ імянны ўказ, паводле якога тарноўскія землі склалі ардынацыю, ці маярат, у які ўваходзілі: Тарнова, Андрушкі, Малы Ольжаў, Данеўшчына, Манькавічы, Ярэмічы, Лебяда. Туды таксама быў уключаны дом у Вільні з багатай бібліятэкай і каштоўнымі рэчамі [20]. Агульная плошча сельскагаспадарчых зямель ардынацыі (па расейску - «заповедного имения») дасягала 3 500 дзесяцін з фальваркамі, цагляным і вапнавым заводамi.

У верасні 1883-га ў хадайніцтве аб «учреждении заповедного имения» граф пісаў: «Дзве старшыя дачкі замужам і адлучаны ад сямейства, а дзве малодшыя - яшчэ дзявіцы, жывуць пры мне. Для іх застаюцца маёнткі Мыто, Дзітва, Вялікая Лебяда, Балічы, Зданаўцы, якія дастаткова забяспечаць малодшых дачок» [21].

Сучаснікі лічылі, што граф турбаваўся толькі за лёс адзінага сына, а чатырох дачок ён хутка выдаў замуж: Марыю Дзмітрыеўну - за Фёдара Карлавіча фон Эксе, жандарскага генерала, Ганну Дзмітрыеўну - за лідскага абшарніка Слізьня, Аляксандра Дзмітрыеўна стала Чапялеўскай. Гісторыя шлюбу малодшай дачкі Лізаветы Дзмітрыеўны - самая цікавая.

Каб атрымаць царскі вырак аб ардынацыі, Дзмітры Маўрас жыў у Пецярбургу. Там Лізавета пазнаёмілася з маладым графам Мікалаем Сімонічам, успыхнула каханне, і хутка маладыя пабраліся шлюбам. Трэба сказаць некалькі слоў пра апошняга.

Мікалай Мікалаевіч Сімоніч (1862-1915) - унук заснавальніка роду Івана Восіпавіча Сімоніча, быў адзіным сынам маёра Грузінскага грэнадзёрскага палка Мiкалая Іванавiча Сімоніча і дачкі вядомага адмірала Меліхава, Алены Васільеўны. Пасля ранняй смерці бацькоў яго гадавала бабуля, удава адмірала Меліхава. Верагодна, яна лічыла ўнука вялікім шалапутам, бо, запавядаючы яму па сваёй смерці чатырохпавярховы дом у Пецярбургу (па Мохавай вуліцы), ставіла ўмовы, каб унук не мог прадаць яго да свайго 30-годдзя. Па яе меркаванні пасля ўнук павінен быў «увайсці ў розум». Аднак дасягнуўшы 30-гадовага узросту, граф, прадаўшы дом, хутка распусціў грошы і пражыў жыццё бедным чалавекам. У 1883-1884-х, праўда, грошы яшчэ мелiся, як i дом у сталіцы, і Сімоніч лічыўся добрым жаніхом.

25 студзеня 1884 года ва Уваходаіерусалімскай (Знаменскай) царкве закаханыя былі на споведзі, праз некалькі дзён, 3 лютага, у царкве Зводна-Казачага палка (на Абвадным канале) адбылося вянчанне. Усе падзеі датычылiся не той царквы, прыхаджанінам якой Сімоніч з'яўляўся. І гэта зразумела, бо маладыя былі стрыечнымі братам і сястрой! Рэжысёрам і ініцыятарам дзеяння, па меркаваннi сучаснікаў, стаў бацька нявесты. Граф Дзмітры Маўрас вельмі хацеў аддаць дачку замуж [22].

Маладыя пачалі жыць у доме па вуліцы Мохавай, 26 у Пецярбургу. У iх нарадзіліся сын Аляксандр (1884-1889, пахаваны каля царквы ў вёсцы Лебяда пад Лідай) і дачка Марыя - выхаванка Смольнага інстытута [23].

У красавіку 1890-га памерла жонка ўладальніка Тарнова, графіня Кацярына Іванаўна Маўрас.

8 кастрычніка 1892-га святар Радзівонішкаўскай царквы Дружылоўскі асвяціў капліцу ў імя Святога Дзмітрыя Салунскага, пабудаваную ў маёнтку Тарнова па праекце і пад асабістым наглядам графа Маўраса. Капліца ўяўляла сабой мураванку ў гатычным стылі. Шыбы ўпрыгожвалi выявы святых і крыжы з рознакаляровага шкла. Каля капліцы пабудавалі звонніцу з конусападобным купалам і крыжам наверсе. Пад капліцай знаходзілася ўсыпальніца, дзе пахавалі парэшткі жонкі графа. У гэтай жа ўсыпальніцы праз чатыры гады быў пахаваны і сам граф Дзмітры. Дарэчы, калі пасля 1939 года капліца з магільным склепам Маўрасаў была разбурана, з'явіліся чуткі, што Кацярына Маўрас ляжала забальзамаваная ў спірце [24].

Дзмітры Маўрас памёр у 1896-м. Па яго смерці Тарнова разам з усёй ардынацыяй перайшло адзінаму нашчадку мужчынскага полу Мікалаю Дзмітрыевічу (1862-1919). Граф Мікалай Дзмітрыевіч 30 чэрвеня 1882 года ў Радзівонішскай царкве быў абвенчаны з Адэлаідай Аляксандраўнай (Адэляй Алекаўнай) Рамала (1865-18.02.1909), румынскай падданай. Шлюб іх быў бясплодным [25]. У 1911 годзе Мікалая Маўраса прызналі недзеяздольным і аддалі пад апеку, пасля чаго ён жыў у Пецярбургу. У 1913-м даведнік «Увесь Пецярбург» паведамляў ягоны адрас: «Граф Маўрас Мікалай Дзмітрыевіч, Гатчына, Люцеўская, 11». Разам з ім жыла ягоная старэйшая сястра Марыя фон Эксе, удава генерал-маёра [26]. Памёр Мікалай Маўрас у Гатчыне ў 1919 годзе.

11 красавіка 1921 года Лідскі павятовы камітэт прыняў у дзяржаўны скарб частку Маўрасавай ардынацыі: фальваркі Малы Ольжаў, Шчытнікі, Белагруду, Чыжоўшчыну і Бабоўцы. Да восені 1939-га Тарнова належала баронам Кехле (Koehle) [27].

Кароль Андоры

«Ён быў высокі, блакітнавокі, твар заўсёды толькі што паголены. Нос прамы, грэцкі, пад якім па-геаметрычнаму правільна размяшчаліся светлыя вусікі. Вузкая дарожка прабору падзяляла валасы на дзве няроўныя часткі. У правай руцэ заўсёды срэбная дзяржальня кія...»

(З успамінаў пра Барыса Скосырава.)

Напачатку 1890-х у перапісцы з дэпартаментам герольдыі аб правах на свой графскі тытул Мікалай Сімоніч указвае дачку Марыю, але нічога не піша пра жонку. Відочна, што шлюб Сімонічаў распаўся, і пры канцы 1880-х Лізавета Дзмітрыеўна вярнулася на Лідчыну. Пра гэта сведчыць і тое, што іх малагадовы сын Аляксандр, які памёр у 1889-м, пахаваны каля царквы ў Лебядзе. Па-за шлюбам, 12 студзеня 1896-га, Лізавета Дзмітрыеўна нарадзіла ад адстаўнога карнета Міхаіла Міхайлавіча Скосырава сына Барыса.

Каб скасаваць шлюб з Сімонічам, графіня пайшла на вельмі рызыкоўны крок. Яшчэ да нараджэння Барыса, у снежні 1895-га псаломшчык Лябёдскай Свята-Мікалаеўскай царквы Лідскага павета Міхаіл Рафаловіч быццам па сваёй ініцыятыве данёс у Санкт-Пецярбургскую духоўную кансісторыю аб незаконнасці шлюбу Сімонічаў - Мікалая Мікалаевіча і Лізаветы Дзмітрыеўны. Пецярбургская кансісторыя пачала следства па гэтай справе, якое было завершана ў маі 1898-га. Было даказана, што бацька мужа Мікалай Іванавіч і маці жонкі, Кацярына Іванаўна - родныя брат і сястра, а іх дзеці - стрыечныя брат і сястра. Сужэнства асоб у такой ступені сваяцтва, безумоўна, было забаронена законам.

Фотаздымак Барыса Скосырава ў пашпарце.

Граф М. М. Сімоніч патлумачыў, што ўступіў у шлюб з Л. Д. Маўрас па легкадумнасці, непаразуменню і юнацкай закаханасці, давераным асобам нічога не было вядома. Ці ведаў нешта святар, які іх вянчаў, ён не ведае. Колькі ён заплаціў святару, не памятае. Графіня Лізавета Сімоніч (народжаная Маўрас), патлумачыла, што не ведала да шлюбу аб сваім сваяцтве з мужам. Са святаром не разлічвалася, таму не ведае, колькі грошай яму заплацілі.

Нікога са старэйшага пакалення ў той час ужо не было ў жывых, святар, які вянчаў Сімонічаў, сталы і паважаны ў Пецярбургу протаіерэй Іван Філосафаў даў паказанні, што яго падмануў стары граф Маўрас, які абяцаў, але так і не падаў неабходнае пасведчанне аб трохразовым абвяшчэнні пра сужэнства ў Вільнi.

Духоўная кансісторыя выракам ад 29 мая скасавала шлюб Сімонічаў, наклала на былых сужэнцаў сямігадовую епітым'ю - уступаць у новыя шлюбы ім можна было толькі праз 7 год, і накіравала звесткi пракурору, які распачаў крымінальную справу. Аднак 27 студзеня 1899 года пасля дакладу міністра юстыцыі імператар загадаў гэтую справу спыніць [28].

Нягледзячы на сямігадовую епітым'ю Лізавета Дзмітрыеўна выходзіць замуж за маладзейшага за яе на 11 гадоў Міхаіла Міхайлавіча Скосырава. Гэта бачна з прашэння, датаванага 3 верасня 1900 года на імя начальніцы Смольнага інстытута аб справе дачкі ад першага шлюбу Марыі, у якім былая графіня Сімоніч фігурае ўжо як Скосырава, прычым, указвае сваім месцам жыхарства маёнтак Вялікая Лебяда Лідскага павета [29]. Міхаіл Скосыраў (1872 - ?, карнет запасу, адукацыю атрымаў у кавалерыйскай вучэльні ў Цверы), толькі з 1899 года з'яўляецца ў Віленскай памятнай кніжцы як чыноўнік пры Віленскім генерал-губернатары [30].

Міхаіл Скосыраў - сын пецярбургскага купца 1-й гільдыі, патомнага ганаровага грамадзяніна Міхаіла Іванавіча (1819-1878) і Вольгі Іванаўны Скосыравых. У Пецярбурзе Скосыравы мелі краму афіцэрскіх рэчаў. Сямейная справа існавала з 1812 года, крама размяшчалася ў Пецярбургу на Уладзімірскім праспекце, 4. Па спісу імператарскіх пастаўшчыкоў можна аднавіць тры пакаленні сям'і Скосыравых, якія паслядоўна атрымлівалі высокае званне пастаўшчыка царскага двара. Напрыклад, у вайсковай краме М. І. Скосырава, які прадаваў форменную вопратку для афіцэраў, у 1903 годзе для імператара Мікалая II былі набыты тавары на суму ў 1 234 руб. 90 кап. У асноўным гэта дробязі: два шалікі, сем фуражак розных палкоў, форменныя рамяні, кукарды для фуражак, спражкі для шаблі, эпалеты і г. д. [31]

Майстэрня М. І. Скосырава існавала з 1853 г. і знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу на Уладзімірскай вуліцы ў доме № 46. Два пазалочаныя аксельбанты ад Скосырава афіцэрам каштавалі 40 рублёў, а пара эпалетаў - 28 рублёў. У гэтай жа майстэрні была выканана шапачка з ліёнскага аксаміту пад карону цара. Майстры на туллі зрабілі паглыбленне на месцы ранення ў галаву, якое яшчэ вялікі князь Мікалай Аляксандравіч атрымаў падчас падарожжа ў Японію ў 1891 годзе і ад якога пакутаваў да канца жыцця. Аксамітныя туллі пад Вялікую імператарскую карону выконваліся нанава да кожнай каранацыі, а пасля смерці манарха здаваліся ў Зброевую палату, дзе яны захоўваюцца па гэты дзень. Тулля, выкананая да каранацыі Мікалая II, мяркуючы па ўсім, да гэтага часу знаходзіцца ў Алмазны фондзе пад Вялікай імператарскай каронай. Акрамя таго, у краме М. І. Скосырава была набытая залатая тасьма пад дыяментавы ланцужок ордэна Святога Андрэя Першапакліканага. Менавіта гэтая тасьма парвалася ці развязалася падчас цырымоніі каранавання апошняга рускага цара. З дзённікаў відавочцаў вынікае наступнае: «Падчас ускладання на Мікалая II мантыі, вялікі князь Уладзімір Аляксандравіч, які асіставаў імператару, так старанна папраўляў яе, што ланцужок ордэна, які вісеў ў гасудара на шыі, разарваўся і ўпаў на падлогу. Гасудар імператар быў вельмі засмучаны падобнай акалічнасцю і палічыў яе дрэнным прадвесцем» [32]. З 1871 годзе купец 1-й гільдыі Скосыраў таксама атрымаў права на продаж у Пецярбургу афіцэрскага халоднай зброі Златавустаўскай фабрыкі. Таўро з імем заснавальніка крамы М. Скосырава ставілася на зброі і пасля яго смерці ў 1878 годзе [33] Дзед будучага караля Андоры Міхаіл Іванавіч Скосыраў памёр 18 студзеня 1878 года, пахаваны на Мітрафанаўскіх могілках [34].

Барыс Скосыраў у 1934 г.

Вядома, што з 1804 года купцы 1-й гільдыі пасля 100-годдзя існавання іх сямейнай справы маглі атрымаць спадчыннае дваранства, такім чынам, адстаўны карнет, бацька будучага караля Андоры Міхаіл Скосыраў мог атрымаць дваранства толькі пасля 1912 годзе, але гэта малаверагодна, бо для такіх спраў патрэбны быў час, а яго да 1914 года ўжо не заставалася. Таму, з вялікай верагоднасцю можна сцвярджаць, што яго сын Барыс Скосыраў не быў нават дваранінам.

Сям'я караля Андоры мела добрыя сувязі пры царскім двары, і, верагодна, таму, з 25 лістапада 1900 года Міхаіл Скосыраў з'яўляецца ў Вільні як чыноўнік для асаблівых даручэнняў «звыш штату» [35]. Лізавета Дзмітрыеўна працуе ўчастковай папячыцельніцай у Віленскім дабрачынным таварыстве [36]. У гэты час сям'я Скосыравых жыве ў Вільні, у доме Горскага па Гарыстым завулку [37].

1 снежня 1903 года Міхаіл Скосыраў атрымлівае пасаду земскага начальніка 7-га ўчастка Лідскага павета Віленскай губерні [38] і лічыцца на гэтай пасадзе да 1917 года [39]. Адначасова ён узначальвае Дабраахвотнае пажарнае таварыства ў Жалудку [40]. У 1904-м па афіцыйнай інфармацыі Віленскай памятнай кніжкi сям'я жыве ў Вільні на Вялікай Пагулянцы [41].

З 1906 года маёнтак Вялікая Лебяда з'яўляецца сталым месцам пражывання ўсёй сям'і Скосыравых [42]. Аднак адрасная кніга Вільні за 1913 год зноў указвае, што Скосырава Л.Д. жыве ў горадзе Вільні, у доме №1 на Георгіеўскім праспекце, тэл. 14-17 [43]. Гэта быў бацькоўскі дом, якім у той час валодаў брат Скосыравай.

Са спісаў землеўладальнікаў рускага паходжання для выбараў у Дзяржаўную думу ў 1912 годзе бачна, што Скосыраў Міхаіл Міхайлавіч меў 1807 дзесяцін зямлі [44]. Аднак, пасля 1912-га года маёнтак Скосыравых Вялікая Лебяда быў прададзены. У здабытым мною ў Бібліятэцы Асалінскіх рукапісе ўспамінаў былога ўладальніка маёнтка Малое Мажэйкава Андрэя Брахоцкага чытаем: «Найбліжэйшым суседам Малога Мажэйкава быў маёнтак Вялікая Лебяда, які перад Першай сусветнай вайной належаў да адной з спадчынніц расійскага генерала Маўраса - пані Скосыравай. З-за дрэннага гаспадарання і пасля высечкі ўсяго лесу, уладальніца збанкрутавала і мусіла Лебяду прадаць. Было гэта незадоўга да пачатку вайны 1914 г.» [45]

Сужэнцы не жылі разам, бо ў 1913 годзе Лізавета Скосырава без мужа, але з вялікай сумай грошай (верагодна пасля продажу маёнтка) вандравала па Еўропе. Уся сусветная прэса паведаміла пра інцыдэнт, які адбыўся з ёю ў Берліне. З-за цікавасці, прыводжу тэкст з газеты «Нью-Ёрк Таймс» амаль што цалкам:

«Перададзена ў Нью-Ёрк з Берліна па трансатлантычным бяздротавым тэлеграфе Марконі.

Крадзеж каштоўнасцяў. Дзіўны давер ... жанчыны да новых сяброў у Берліне.

Берлін, 29 сакавіка. Двое мужчын і адна жанчына былі арыштаваны берлінскай паліцыяй у выніку хітрай аперацыі, якая літаральна выратавала фраў фон Скосыраву ... . У выніку аперацыі, жанчыне вярнулі каштоўнасці на суму 123 тысячы марак (31 250 $) [46], скрадзеныя з-за яе ўласнага неймавернага глупства і даверлівасці.

Вяртаючыся ў родныя мясціны, фраў фон Скосырава, некалькі дзён правяла ў Берліне. У адзін з такіх дзён у кафэ на Фрыдрыхштрасэ да яе падышла прыемная маладая дзяўчына. Жанчыны разгаварыліся. Фраў фон Скосырава распавяла сваёй новай сяброўцы, што ў яе ў сумачцы знаходзяцца каштоўнасці на суму ў 125 тыс. марак. Неўзабаве новая знаёмая, папярэдне папрасіўшы прабачэння за сваю нядоўгую адсутнасць, патэлефанавала свайму каханку i прапанавала выкрасці каштоўнасці, калі той паабяцае вывезці яе потым з Берліна.

Палюбоўнік тут жа знайшоў сябра, неўзабаве двое мужчын з'явіліся ў кафэ і прадставіліся ахвяры вайсковымі афіцэрамі. Далей яны прапанавалі разам наведаць сінематограф. Падчас сеансу адзін з так званых афіцэраў, які размясціўся з маладой жанчынай ззаду, нейкім чынам змог абшукаць сумачку фраў фон Скосыравай. У гэты час побач з ёй сядзеў другі мужчына.

Праз некаторы час фраў фон Скосырава выявіла, што парачка, якая сядзела ззаду, знікла. Але сусед супакоіў яе і выказаў здагадку, што маладыя людзі выйшлі патэлефанаваць. Потым ён сам адправіўся на іх пошукі. Пасля таго, як ён таксама не вярнуўся, фраў фон Скосырава выявіла крадзёж.

У хуткім часе паліцыя высветліла, што гэтая тройца потым прапаноўвала каштоўнасці ў якасці аплаты за наведванне рэстаранаў. Маладую жанчыну арыштавалі, і яна ва ўсім прызналася. Паліцыя таксама наведала яе мужа, вядомага гандляра, каб атрымаць па гэтай справе больш інфармацыі. Муж настолькі быў ўсхваляваны інфармацыяй, пра тое, што яго жонка член банды аферыстаў, што адразу пасля сыходу паліцыі застрэліўся.

Дваіх мужчын арыштавалі ў Мюнхене. Абодва ва ўсім прызналіся і назвалі імя ювеліра, скупшчыка крадзенага. Скупшчык таксама ва ўсім прызнаўся, і ўсе каштоўнасці былі вернутыя ўладальніцы» [47].

Дзіўныя паводзіны Лізаветы Скосыравай - немаладой ужо жанчыны, пэўна, маюць простую адгадку, але я не лічу мэтазгодным выказваць сваё меркаванне па гэтай тэме.

З 1914 года Лізавета Дзмітрыеўна з'яўляецца сябрам апякунскай рады Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф. Л. і В. С. Навіцкіх [48]. Месцам жыхарства сям'і Скосыравых запісана мястэчка Жалудок (Лідская вуліца) [49]. На самым пачатку Першай сусветнай вайны карнет Міхаіл Скосыраў быў кантужаны, пра што паведаміў часопіс «Летапіс вайны 1914 года», там жа, сярод партрэтаў іншых параненых і забітых быў надрукаваны і партрэт бацькі будучага караля Андоры [50]. З 1915-га Скосыравы жывуць ў Жалудку, а яго жонка ў Лідзе [51].

Юныя гады будучага міжнароднага авантурыста прайшлі ў Вільні і ў маёнтку Лебяда каля Ліды. На працягу жыцця Барыс Скосыраў неаднаразова сцвярджаў, што ён нашчадак старажытнага дваранскага роду, што, улічваючы паходжанне яго маці, з'яўляецца праўдай.

Пра Барыса Скосырава шмат сказана. З нядаўняга: дакументальную кнігу пра яго напісаў вядомы каталонскі пісьменнік Антоні Марэль-і-Мора [52], раздзел адной са сваіх апошніх кніг яму прысвяціў Барыс Акунін [53], у 2012 годзе тэлеканалам АНТ у цыкле «Обратный отсчет» зняты дакументальны фільм «Барыс Першы. Кароль з Беларусі», дасканала вывучаў і аналізаваў лёс былога лідзяніна маскоўскі гісторык Аляксандр Кафка [54]. Пісаў пра яго і я [55].

Усе, хто пісаў пра гэтага чалавека, сутыкаліся са шматлікай колькасцю супярэчлівых ці відавочна недакладных звестак. Пра сябе ён натхнёна хлусіў, валодаючы гэтым тонкім мастацтвам дасканала - легенды былі часткай яго «піяр-кампаніі». Таму і атрымалася, што ўсё ягонае жыццё - суцэльная містыфікацыя.

Невядома, як праходзілі яго першыя гады, невядома, дзе ён вучыўся. Улічваючы, што ў 1914-м яму толькі 18, версiя некаторых аўтараў пра выдатную ўніверсітэцкую адукацыю адпадае: максімум, што ён паспеў бы скончыць - гімназія. Сам Скосыраў, праўда, сцвярджаў, што вучыўся ў Оксфардзе і ў Ліцэі Людовіка Вялікага ў Парыжы. Прычым, вучыўся разам з прынцам Валійскім і ў гэты час добра пазнаёміўся з нідэрландскім каралеўскім сямействам. На самай справе, вучоба ў гэтых установах магла б тлумачыць свецкія сувязі Скосырава. Аднак імя ягонае ў архівах Оксфарда не фiгуруе. Ліцэй Людовіка Вялікага ў Парыжы таксама не згадвае такога навучэнца [56]. Зразумела, што выдатнае валоданне англiйскай, французскай і нямецкай мовамі, як і бездакорныя манеры сапраўднага джэнтльмена - вынік хатняй адукацыі, атрыманай, верагодна, у маёнтку Лебяда. Аднак нейкую афіцыйную адукацыю ён усё ж меў, бо атрымаў потым афіцэрскі чын.

Восенню 1915 года Лідчына была акупавана нямецкімі войскамі, сям'я Скосыравых з'ехала на Усход. Верагодна, Барыс добраахвотнікам пайшоў на фронт, бо дакладна вядома, што ён ваяваў у брытанскім бронедывізіёне, які дзейнічаў на рускім фронце. Гэты факт у 1924 годзе пацвердзіў камандзір дывізіёна Олівер Локер-Лэмпсан.

Олівер Локер-Лэмпсан (1880-1954) - вядомая гістарычная фігура, бо на працягу некалькіх гадоў ён быў членам брытанскага парламента (кансерватар), меў цесныя сувязі з Расiяй, быў знаёмы з Мікалаем ІІ, прымаў удзел у знакамітай змове супраць Распуціна ў 1916-м. Брытанскі бронедывізіён (RNAS Armoured Squadron) [57] - воінская частка, якая была паслана на дапамогу Расіі ваяваць супраць Германіі. Барыс Скосыраў, верагодна, быў прыкамандзіраваны да гэтага англійскага вайсковага аддзела як ваенны перакладчык.

Ёсць неправераная інфармацыя, што падчас Грамадзянскай вайны наш герой ваяваў на поўдні Украіны. Калі на пачатку 1920-х яго дапытвалі ў Скотланд-Ярдзе, расказваў, у днi Кастрычніцкага перавароту 1917-га яго разам з бацькам і трыма дзядзькамі бальшавікі арыштавалі і пасадзілі ў Петрапаўлаўскую цвердзь. Там, па словах Барыса, усе яго сваякі былі закатаваны да смерці, яму ж удалося цудам выратавацца і ўцячы ў Заходнюю Еўропу.

Пра жыццё Скосырава ў Еўропе інфармацыі мала. Існуюць некалькі паліцэйскіх справаздач аб ягоных махлярствах і газетны артыкул пра канфлікт паміж iм і японскім аташэ маёрам Хашымота: у справе фігуруе залаты гадзіннiк, які Барыс адабраў у японца. Падрабязнасцi адсутнiчаюць. Неўзабаве пасля гэтага Скосырава затрымлiвае Скотланд-Ярд за чэкі, не забяспечаныя грашыма. Таксама высвятляецца, што Скосыраў пражывае ў брытанскай сталіцы без дазволу. Падчас разгляду ў судзе ён прызнае віну і абяцае аплаціць рахункі, адсутнасць рэгістрацыі тлумачыць страхам перад савецкімі дыверсантамі. У выніку яго вызваляюць пад «слова гонару». Але гэтыя аферы не тлумачаць, чаму паліцыя лічыць яго яшчэ і небяспечным рэвалюцыянерам.

Як многія эмігранты ў 1920-я, Скосыраў апынуўся ў адчайнай фінансавай сітуацыі і шукаў любую працу. У 1924 годзе ён звярнуўся да былога камандзіра Локер-Лэмпсана па падтрымку. Локер-Лэмпсан выдаў сертыфікат аб службе Скосырава ў саюзнай арміі падчас вайны, знаёмства з гэтым чалавекам адкрыла некаторыя дзверы, стварыла новыя перспектывы. Новая праца, верагодна, мела дачыненне да брытанскай сакрэтнай службы [58]. I менавіта з гэтага часу за Барысам замацаваўся імідж супер-шпіёна. Пра яго расказвалі фантастычнае: быццам ён - i агент брытанскай сакрэтнай службы, і агент нацысцкай Германіі, і шпіён Сталіна. Скосырава лічылі і рускім манархістам, які ў свой час спрабаваў арганізаваць уцёкі цара Мікалая ІІ з-пад арышту, і асабістым сакратаром Сталіна. Таксама Барыса ведалі як харызматычнага прыгожага мужчыну, спартсмена і паліглота з афіцэрскай выпраўкай і манерамі арыстакрата.

Большасць чутак дакументамі не пацвярджаецца. Гісторык Алясандр Кафка лічыць, што спецыяльныя службы час ад часу выкарыстоўвалі паслугі Скосырава, але малаверагодна, каб ён быў паўнавартасным сакрэтным агентам. Iнакш было б цяжка растлумачыць яго фінансавыя цяжкасці і аферы, напрыклад, тыя ж незабяспечаныя чэкі, з-за якіх яго неаднаразова арыштоўвала паліцыя ў розных краінах Еўропы. З іншага боку, яму заўжды ўдавалася вырашаць свае праблемы без скандалаў. Відочна, ён меў моцную падтрымку з боку магутнай арганізацыі. Але гэта толькі здагадкі.

Мары-Луіз Пара, першая жонка Барыса: нарадзілася ў 1895 г. ў Марсэлі, фотаздымак меўся ў працоўным кантракце па якім яна пераязджла ў Берлін напачатку 1944 г. Яна  і  Барыс атабарыліся пасля  вайны  ў  нямецкім горадзе Бопард. Развяліся ў 1957 г.

Фактам з'яўляецца тое, што Локер-Лэмпсан і Скосыраў кантактавалi праз усе 1920-я. Цалкам верагодна, што добрыя прафесійныя адносіны паміж імі былі і ў 1930-я. Олівер Локер-Лэмпсан быў часткай кіруючых колаў Англіі і быў пасапраўднаму блізкі да членаў каралеўскай сям'і, і таму падобна, што словы Скосырава пра яго брытанскіх сяброў высокага ўзроўню былі абгрунтаваныя.

Прыкладна ў 1922-м Барыс накіроўваецца ў Нідэрланды. Потым, у 1930-х, у Каталоніі і Андоры наш герой называе сябе графам Аранскім (Count of Orange), прычым, адзначае, што гэты тытул нададзены яму каралевай Нідэрландаў Вільгельмінай за асобыя заслугі. Канешне ж, гэта няпраўда. Справа ў тым, што тытул «граф Аранскі» з'яўляецца тытулам каралеўскай сям'і. Асоба не каралеўскай крыві не можа быць уганаравана гэтым тытулам. У архівах не знайшлося дакументаў пра службу Скосырава каралеўскай сям'і і тым больш аб уганараванні. Ён не толькі не служыў каралеве, але ў 1924 годзе нават фігурыраваў у спісе «вядомых замежных рэвалюцыянераў», падрыхтаваным службай бяспекі Нідэрландаў. У гэтай жа паперы Скосыраў названы і «міжнародным аферыстам».

Аляксандр Кафка знайшоў у архівах дацкі пашпарт нашага героя. Пашпарт меў нумар 85154 і быў выдадзены ў 1923 годзе консульствам у Францыі. Менавіта з гэтага дакумента вядомы дата і месца нараджэння Скосырава: 12 студзеня 1896 года ў Вільні. У гэтым дакуменце ён запісаны як барон: «Спадар барон Барыс Скосыраў» (Monsieur le Baron Boris de Skossyreff), што з'яўляецца няпраўдай.

У пашпарце - подпіс і фатаграфія Барыса Скосырава, самы ранні з вядомых здымкаў. Мы бачым модна апранутага маладога чалавека ў кепі і з маноклем - рэччу, якая заўсёды прысутнічае на яго фатаграфіях. У пашпарце запісаны рост - 179 см, колер валасоў - чорны, нос - прамы, рэлігія - «без рэлігіі», прафесія - журналіст і стаяць пячаткі памежных службаў Іспаніі і Андоры.

У тым жа архіве гісторык знайшоў візітныя карткі Скосырава з надпісам «Kapt. B. v. Skossyreff, den Haag». Надпiс сведчыць пра расійскі ваенны чын капітана, але, улічваючы характар нашага земляка, наўрад ці можна разглядаць гэта як сапраўднае дакументальнае сведчанне. У архіўных дакументах згадваюцца розныя пагадненні з гандлёвай кампаніяй, арганізаванай у 1932 годзе. Яна мела назву «Барыс Скосыраў; імпарт - экспарт і прадстаўніцкія паслугі» [59].

Некаторыя публікацыі згадваюць пра паездкі Скосырава ў Паўднёвую Амерыку, падчас якіх ён нібыта добра асвоіў іспанскую мову. Пішуць, што акрамя дацкага пашпарта, Барыс меў яшчэ і пашпарт эмігранта, чалавека без грамадзянства - так званы нансенаўскі пашпарт. Здаецца, менавіта з гэтым дакументам наш зямляк жыў у Лацінскай Амерыцы і на працягу 1924-1934 гадоў актыўна падарожнічаў паміж Калумбіяй і Еўропай.

Верагодна, менавіта ў тыя гады Скосыраў сказаў пра сябе: «Мужчына ў маім становішчы павінен быць бездакорна апрануты, абавязаны пахнуць добрай парфумай і мець на рахунку вялікую суму грошай». Прэса шмат пісала пра прыватнае жыццё Барыса Скосырава, жанчыны мелі вялікі ўплыў на яго біяграфію. Прынята лічыць, што 21 сакавіка 1931 года ў Францыі ён ажаніўся з францужанкай Мары-Луіз Пара дэ Гасье (Marie-Louise Parat ці Parat de Gassier). Але ўжо ў 1932-м з'яўляецца іншая жанчына - Філіс Хэрд. Раман цягнецца адносна нядоўга. З Філіс, ці «Ламарэс», як ён яе называў, Скосыраў пасяляецца ў гатэлі гарадка Сітгэс на Плайя дэ Оро (Залаты пляж) у Іспаніі. Пачынаюцца гулянкі да раніцы ў дарагіх рэстаранах: манокль, кій са срэбным дзяржаком, кветка ў пятліцы - усё гэта робiць «барона» Скосырава прыкметным чалавекам. Казалі нават, што ён сваяк усіх каралеўскіх дынастый Еўропы. Частыя ад'езды «барона» не вельмі хвалявалі адміністрацыю гатэля, бо яго рахункі аплочвала Філіс. Аднак іспанская паліцыя зацікавілася шляхетнай асобай і даведалася: барон наведваецца ў Барселону, каб прадаваць каштоўнасці сяброўкі. Скончылася высылкай Барыса Скосырава з Іспаніі ў снежні 1933 года [60].

У тым жа 1932-м ён знаёміцца з разведзенай амерыканкай Фларэнс Мармон. У верасні 1933-га газета «The Majorca Sun» у Пальме, дзе яны атабарыліся, піша: «Сеньёра Мармон і яе муж, капітан Барыс Скосыраў, былі дапытаны паліцыяй з-за падазрэння, што яны ... маглі мець дачынне да какаінавага трафіку». Верагодна, менавіта прыватны капітал Фларэнс Мармон стаў крыніцай фінансавання далейшых праектаў Скосырава. Справа ў тым, што мiсiс Мармон была жонкай Говарда С. Мармона (1876-1943), уладальніка фірмы «Marmon Motor Car Company» ў Індыянапалісе, вытворцы вядомых амерыканскіх аўтамабіляў таго часу. Яны развяліся каля 1914 года, але Говард Мармон плаціў былой жонцы шчодрыя аліменты [61].

* * *

Стагоддзямі Андора не ведала спакою, пакуль у 1278 годзе біскуп Урхельскі, які прадстаўляў інтарэсы Мадрыда, не падпісаў з сеньёрам французскага графства Фуа сумесную дамову пра апеку над гэтай тэрыторыяй. Дамова стала асновай падвойнага суверэнітэту краіны. Супернікі зруйнавалі свае ваенныя ўмацаванні і абавязаліся больш ніколі іх не будаваць. Спрэчная тэрыторыя прыняла статут нейтральнай і ў абмен на гарантыі сваіх суседзяў адмовілася ад уласнага войска. З таго часу княства Андора кіруецца дзвюмя асобамі, якія кожныя паўгода здаюць адна адной справы: з іспанскага боку - біскупам Урхельскім, а з французскага - спачатку сеньёрамі графства Фуа, пасля каралямі, а цяпер прэзідэнтамі. У Генеральнай Радзе мініяцюрнай краіны (Consell General de les Valls) засядаюць дэпутаты ад шасці горных далін, з якіх і складаецца тэрыторыя гэтай краіны (адна з назваў Андоры - «Краіна шасці далін»)

Для падтрымання нейтралітэту андорцы стагоддзямі не будавалі дарог, і гэта было галоўнай гарантыяй спакою, бо якая армія пойдзе праз горную тэрыторыю, калi няма дарог? І нават, калі па ўсёй Еўропе з'явіўся тэлеграф, андорцы яшчэ добрых дзе дзесяць год пілавалі па начах тэлеграфныя слупы і рэзалі дрот, бо лічылі, што тэлеграф таксама можа парушыць мір і спакой у краіне. Але да пачатку 1930-х упартасць горцаў удалося зламаць: Францыя і Іспанія пачалі будаваць скразную аўтамабільную дарогу, быў пракладзены высакавольтны кабель. Панаехалі будаўнікі, камерсанты, лаўцы поспеху… Сярод іх - наш зямляк.

У розных публікацыях апошняга часу шмат розных маляўнічых расказаў пра нядоўгае кіраванне Андорай каралём Барысам І. Я ж дам храналогію падзей, абгрунтаваную на аснове сакрэтных паведамленняў з архіваў Брытанскага Міністэрства замежных спраў і па справах Садружнасці, узятых з працы гісторыка Аляксандра Кафкі.

Барыс Скосыраў, ва  ўніформе афіцэра вермахта, быў  прызваны  ў 1944 году і накіраваны на  ўсходні   фронт, даслужыўся да чына маёра 6-й танкавай дывізіі. Фота: фонд Ланга, Нацыянальны архіў Андоры.

17 мая 1934 года Скосыраў падаў уладам Андоры аргументаваную заяву аб сваіх правах на трон.

22 мая iспанскім і французскім бакамi падпісаны ордэр аб яго высылцы. Паведамляецца, што Скосыраў кудысьці з'ехаў.

6-7 ліпеня Скосыраў вяртаецца і прапаноўвае Генеральнай Радзе праграму рэформ і мадэрнізацыі эканомікі Андоры. Згодна з праграмай, эканоміка краіны павінна грунтавацца на рэжыме беспадаткавай зоны і на падтрымцы турызму са спортам. Частка гэтай праграмы: прызнанне яго манархам на аснове меркаванай згоды герцага дэ Гіза (Жана Арлеанскага), які быў, на думку Скосырава, адзіным праўдзівым спадчыннікам андорскай кароны.

8-10 ліпеня Генеральная Рада нават двойчы ратыфікавала эканамічную праграму і аб'вясціла Скосырава манархам Андоры Барысам І. Рада галасавала абодва разы 24 галасамі «за» пры адным, што ўстрымаўся. 9 ліпеня быў абвешчаны манарх, прынята Каралеўская Канстытуцыя, прызначаны новы ўрад, прыняты новы сцяг Андоры.

12 ліпеня Скосыраў аб'явіў вайну біскупу Урхельскаму. Гэта была рэакцыя на адмоўныя заявы біскупа пра асобу манарха Барыса І у прэсе.

Бопард, 3 красавіка  1969 г.: Барыс і Марыя (ці Разіта) пасля завяршэнні працэдуры шлюбу. Фота: Ланг, Нацыянальны архіў Андоры.

20 ліпеня Скосыраў арыштаваны каталонскай грамадзянскай гвардыяй і транспартуецца ў Барселону. У якасці прычыны арышту заяўлена «парушэнне пастановы аб высылцы, якая была вынесена супраць яго 8 снежня 1933 года». Іншыя крыніцы згадваюць, што кароль Андоры быў арыштаваны і дастаўлены ў Барселону ў адпаведнасці з законам аб бадзяжніцтве. Але ж ён быў захоплены каталонскай грамадзянскай гвардыяй у Андоры і гэта робіць яго арышт незаконным!

23 ліпеня Скосыраў перавезены ў Мадрыд, дзе «адказаў на пытанні ў цэнтральным паліцэйскім ўчастаку ў прысутнасці вялікай колькасці журналістаў. Са спасылкамі на дакументы ён прасачыў гісторыю Андорскай дынастыі. Адказваючы на пытанне ці з'яўляецца ён прамым спадчыннікам Гіза, Скосыраў трохі збянтэжыўся і адказаў, што па крыві не, але фактычна - так, бо мае згоду прынца: яго прэтэнзіі на трон базуюцца на гістарычных правах, на «прынцыпах рыцарства» і неабходнасці абароны іспанскіх жыхароў Андоры ад эксплуатацыі на карысць Францыі». Скосыраў ўтрымліваўся ў турме Мадэла ў Мадрыдзе.

Гэта факты якія базуюцца на дакументах з брытанскага архіву. Дарэчы, сярод папер архіва Андоры захоўваюцца толькі Канстытуцыя Скосырава або «Каралеўскі бюлетэнь» і выразкі пра яго са шведскіх, французскіх, іспанскіх газет [62].

Паведамляючы пра прыгоды нашага земляка, міжнародная прэса падавала шмат цікавых эпізодаў. З газетных артыкулаў вядома, што Скосыраў стаў самым папулярным аратарам на вуліцах сталіцы - кветка ў пятліцы, манокль у воку, бліскучыя ад брыяліну валасы: «Хопіць жыць на завуголлі гісторыі! Андора павінна ўпусціць банкаўскі і гандлёвы капітал. Да якіх пор вы будзеце трываць свой авечы суверэнітэт, якім кіруюць два чужыя ўладары, ці не лепш Андоры абраць свайго караля?». Залётны рэфарматар робіць арыгінальную прапанову: Андора не адмаўляецца ад апекі, але апекуноў трэба замяніць! Біскупа Урхельскага - на караля Іспаніі: «Хуан III мой лепшы сябар!», прэзідэнта Францыі - на галаву французскага каралеўскага дома герцага Гіза [63], чыім асабістым намеснікам у Андоры стане сам «граф Аранскі» г. зн. ён сам.

І вось барон-граф-намеснік у Генеральнай Радзе. Дарэчы, сюды яго на плячах унёс народ з вуліцы. Барыс І склаў самую кароткую канстытуцыю ў свеце, з 17 пунктаў. Вось некаторыя:

1. Наўзамен Генеральнай Рады засноўваецца парламент.

2. Яго Вялікасць Кароль прадстаўляе парламенту склад урада. ...

5. Кароль будзе асабіста прадстаўляць Андору ў Лізе Нацый. ...

17. Кароль валодае правам роспуску парламента. Галоўнае - канстытуцыя гарантавала асабістыя правы і свабоды грамадзян.

Ужо не было сумненняў, што на першых усеагульных выбарах, прызначаных на 1 жніўня, пераможа партыя, якая ўнесла Барыса ў парламент. Каб ён пратрымаўся ўсяго некалькі тыдняў, дык запанаваў бы ўжо цалкам легітымна. Але закружылася галава, быў страчаны самакантроль. І ён піша «Маніфест», у якім аб'яўляе вайну біскупу Урхельскаму - сеньёру Бісбе, за «абразу» ў публічным друку.

Біскуп, папярэдне дамовіўшыся з французскім бокам, высылае атрад з чатырох гвардзейцаў і афіцэра. Яны без цяжкасці расейваюць шаснаццаць паліцыянтаў «шасці Далін» і раніцай уваходзяць у каралеўскі сад - у той самы час, калі Барыс у адным халаце п'е гарбату.

Так скончылася ўлада Барыса І. Каму як, а мне асабіста гэта гісторыя нагадвае прыгоды ў Васюках Астапа Бэндэра з яго пражэктамі пабудовы Нью-Васюкоў. Але даследчыкі адзначаюць, што менавіта Скосыраў даў Андоры першую Канстытуцыю, дзе гарантаваліся грамадзянскія правы і свабоды. Ідэі развіцця Андоры на аснове бяспошліннай эканомікі і стымулявання турызму значна апярэджвалі час. Таксама трэба ўлічваць, што Генеральная Рада амаль аднагалосна двойчы прагаласавала за план Скосырава і легітымна зацвердзіла яго каралём.

31 кастрычніка 1934 года Іспанскі суд прысудзіў Скосырава да 1 года турмы. Газета «Нью-Ёрк таймс» пісала: «Нягледзячы на тое, што Барыс Скосыраў, як і ўсе іспанскія зняволеныя, носіць сіні камбінезон, гэты прэтэндэнт на трон Андоры з яго нязменным маноклем у правым воку, захаваў усю сваю каралеўскую годнасць і флёр выключнасці...». Не дачакаўшыся канца тэрміна пакарання, улады выслалі дакучлівага авантурніка ў Партугалію.

Першая  старонка  справы  Барыса  Скосырава, заведзенай савецкай ваеннай адміністрацыяй у акупаванай Германіі. Фота: Ланг, Нацыянальны   архіў Андорры.

Фларэнс Мармон, жанчына, якая была партнёрам і сакратаром Скосырава падчас авантуры ў Андоры, у лістападзе 1934-га вярнулася ў ЗША на борце марскога лайнера «Exochorda». Верагодна, больш яны не сустракаліся.

25 лютага 1935-га на бланку гатэля ў Лісабоне Скосыраў на французскай мове піша заяву Міністру замежных спраў Нідэрландаў з просьбай выдаць новы пашпарт. Толькі ў канцы 1935-га былы «кароль» пакідае Партугалію і едзе да афіцыйнай жонкі ў Сэн-Кан, у Францыю. У маі 1936-га яны едуць у Партугалію і, магчыма, зноў наведваюць Іспанію, але з-за ўспышкі грамадзянскай вайны хутка вяртаюцца ў Францыю.

9 лютага 1939 года ў Францыі Скосырава арыштавалi, бо быў выпісаны ордэр аб яго выгнанні з краіны. Аднак ён не меў належнага пашпарту і таму быў адпраўлены ў лагер для інтэрнаваных замежнікаў паблізу горада Манд. 25 красавіка ён атрымаў загад пакінуць французскую тэрыторыю на працягу 3 дзён. Аднак ехаць яму не было куды і 7 кастрычніка 1939 года ўлады зноў адправілі яго ў канцэнтрацыйны лагер «Ла Вэрне» ў Арьежу (у французскіх Пірэнеях). Там ён знаходзіўся як «непажаданы замежнік». Прафесар А. Н. Рубакін у кнізе ўспамінаў, апублікаванай у 1960 годзе ў Маскве, пiсаў пра сустрэчу з Барысам Скосыравым у лагеры «Ла Вэрне».

Афіцыйна пацверджанай інфармацыі аб жыцці Скосырава пасля лагера няма. Але ў 1950-х і 1960-х гадах у Партугаліі і Германіі прайшлі газетныя публікацыі пра былога караля. Яны праліваюць нейкае святло на яго жыццё пасля вайны.

Партрэт са следчай справы, заведзенай савецкай ваеннай адміністрацыяй у акупаванай Германіі, пасля ягонага затрымання ў Эйзенахе 12 лістапада 1948 г. Фота: Ланг, Нацыянальны архіў Андоры.

У 1958 годзе партугальскі сябар Скосырава д-р Франсіска Фернандэс Лопес апублікаваў лісты, якія ён атрымліваў ад Скосырава і ягонай жонкi Мары-Луіз. Лісты былі дасланы з Бопарда - нямецкага горада ў Рэйнскай вобласці, недалёка ад Кабленца. Скосыраў пісаў, што разам з жонкай у кастрычніку 1942 года быў вызвалены немцамі з лагера «Ла Вэрне» i адпраўлены ў Савецкі Саюз. Пасля вайны было зняволенне ў Сібіры, потым - пераезд у Заходнюю Германію і спакойнае жыццё «100% маленькага ранцье». Уласная інтэрпрэтацыя Скосыравым ягонай біяграфія заўжды ўводзіла ў зман, і гэты канкрэтны варыянт развіцця падзей, не пацверджаны, выклікае шмат сумненняў. Даследчыкі заўважалі, што, напрыклад, калі дапусціць, што сапраўды быў арыштаваны службай бяспекі Сталіна і адпраўлены ў адзін з савецкіх лагераў у Сібіры, дык Барыс быў бы не ў стане потым вярнуцца ва Заходнюю Германію.

Да сваёй смерці ў 1989-м ён жыў у Бопардзе, дзе і быў пахаваны [64].

На гэтым можна было б і закончыць, калi б нямецкі гісторык Герхард Ланг не знайшоў нядаўна ў савецкіх архівах новыя дакументы пра Барыса Скосырава, сярод іх справа аб арышце яго савецкай ваеннай адміністрацыяй у 1948 годзе.

З яго дассе бачна, што яшчэ ў 1935 годзе Барыс Скосыраў уступіў у нацысцкую партыю, калі больш дакладна, у замежнае аддзяленне НСДП у Парыжы. Цікава як наш містыфікатар змог даказаць сваё арыйскае паходжанне? Думаю, мы не хутка даведаемся падрабязнасці чарговых прыгод земляка, верагодна, ён меў вялікую патрэбу ў грашах і выконваў толькі дробныя даручэнні нацыстаў, бо па справах да 1943 года савецкі суд абвінавачваў яго толькі ў распаўсюдзе нацысцкай прапаганды і шпіянажы. Аднак ніякай інфармацыі пра шпіёна Барыса Скоысырава ў справе няма, фактычна і справа пачынаецца з 1943 года. У гэты год ён пераязджае ў Берлін і ў судовай справе з гэтага моманту ён названы дырэктарам аднаго з «канцэнтрацыйных лагераў французскіх працоўных», насамрэч гэта нешта накшталт лагера прымусовай працы, якія акупанты стварылі па ўсёй Еўропе. Таксама па працоўным кантракце ў Берлін пераехала і ягоная жонка Мары-Луіз Пара.

У тым жа 1943 годзн Скосыраў прызваны ў нямецкае вайска. Ён служыў у контрвыведцы 6-й танкавай дывізіі, займаўся вярбоўкай ваеннапалонных, браў ўдзел у аперацыях пад Смаленскам, Менскам і Віцебскам, атрымаў чын маёра. Нацыстам служыў добра, бо быў узнагароджаны Жалезнымі крыжамі 1-й і 2-й ступені, а як вядома, Жалезны крыж уручаўся за асабісты гераізм у баі... Але ўсё гэта вядома толькі з яго слоў. Таму, верагодна, служба ў вермахце – пераказ яго баек і ніякім маёрам ён не быў, а быў зондэрфюрэрам як і большасць белаэмігрантаў-перакладчыкаў.

Калі скончылася Другая сусветная вайна, Скосыраў быў дастаткова спрытны, каб вярнуцца жывым з Усходняга фронту, перажыць пасляваенныя праблемы і пачаць чакаць, калі навальніца абміне горад Бопард у французскім сектары акупаванай Германіі, дзе ён пасяліўся. Але лёс адвярнуўся ад яго, бо ў лістападзе 1948 года Барыса затрымліваюць ў Эйзенаху, савецкай зоне акупацыі. Пасля арышту Скосыраў быў асуджаны за шпіянаж як «агент на службе ў нацыстаў» і высланы ў «адмысловы лагер Міністэрства ўнутраных спраў СССР».

Белагвардзейца-фашыста маглі б расстраляць без лішніх гутарак, і таму, пэўна ён ужо падчас следства стаўся карысным чалавекам для НКВД. Думаю, што і ў лагеры наш авантурнік аблегчыў сваё жыццё праз супрацоўніцтва з адміністрацыяй.

Скосыраў вызваліўся з лагера ў 1956 годзе і нейкім чынам патрапіў у Заходнюю Германію. «Органы» пасля лагераў ніколі не выпускалі з СССР былых «белагвардзейцаў» у Заходнюю Еўропу, і можна не сумнявацца, што яго пусцілі туды, бо спадзяваліся мець ад яго адмысловую карысць.

31 снежня 1957 года Скосыраў афіцыйна разводзіцца з Мары-Луіз Пара. 3 красавіка 1969 года, маючы 73 гады, ён жэніцца з нейкай Марыяй-Разітай, нямецкай дзяўчынай, якая нарадзілася ў 1939-м у саксонскім мястэчку Брунсвік. Простая немка ператвараецца ў спадарыню - далей ва усіх дакументах яна згадваецца як Разіта фон Скосырава. Разам яны жывуць да смерці Скосырава 27 лютага 1989 года.

З гэтым шлюбам, дарэчы, звязана яшчэ адна містыфікацыя. У пасведчанні аб iм запісана, што жанiх нарадзіўся ў 1900-м, гэтая ж дата выбіта і на помніку. Цi містыфікацыяй з'яўляецца агульнапрыняты 1896 год нараджэння «караля»? Можа, Барыс дадаў сабе 4 гады, каб патрапіць на фронт Першай сусветнай? З другога боку на фотаздымку з судовай справы, зробленым у 1948 годзе падчас арышту савецкай ваеннай адміністрацыяй, надпісана дата нараджэння «1896». Чарговая загадка.

Напісаць праўдзівую біяграфію гэтага чалавека ўжо амаль што немагчыма.



[1] ЭІБ. Т.3. С. 393.

[2] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3 (1440-1498): Užrašymų knyga 3 / Parengė L. Anužytė ir A. Baliulis. Vilnius, 1998. С. 21.

[3] Szimielewicz М. Bialogrud // Ziemia Lidzka 1936. № 3-4.

[4] Там жа.

[5] Энциклопедический словарь. Изд. Брокгауза и Ефрона. Т. 18. СПб., 1896. С. 289.

[6] Дубин А. Признание брака графа Н. Н. Симонича и графини Е.Д. Маврос недействительным и статус их дочери Марии // Генеалогический вестник. Вып. 38. СПб., 2010. С. 22-23.

[7] Николай де Лазари. Наброски на бумагу. Лодзь, 2014. С. 75.

[8] Там жа. С. 32.

[9] Памятная книжка Виленской губернии на 1895 год. Вильна, 1894. С. 425.

[10] Николай де Лазари. Наброски на бумагу. Лодзь, 2014. С. 84-85.

[11] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 245-246.

[12] Матеша Ольга. Розы от графского садовника // Лідская газета 2014. № 40 (12448).

[13] Дубин А. Признание брака графа Н. Н. Симонича и графини Е. Д. Маврос недействительным и статус их дочери Марии // Генеалогический вестник. Вып. 38. СПб., 2010. С. 33.

[14] Гл.: Каталог заповедной библиотеки генерал-лейтенанта графа Д. Н. Мавроса. Вильна, 1888.

[15] Литовские епархиальные ведомости 1887. № 43. С. 370.

[16] Дубин А. Признание брака графа Н. Н. Симонича и графини Е.Д. Маврос недействительным и статус их дочери Марии // Генеалогический вестник. Вып. 38. СПб., 2010. С. 33.

[17] Там жа. С. 32-33.

[18] Литовские епархиальные ведомости 1869. №22. С. 1316.

[19] Литовские епархиальные ведомости 1883. № 23. С. 222.

[20] Szimielewicz М. Bialogrud // Ziemia Lidzka 1936. № 3-4.

[21] Дубин А. Признание брака графа Н.Н. Симонича и графини Е. Д. Маврос недействительным и статус их дочери Марии // Генеалогический вестник. Вып. 38. СПб., 2010. С. 32.

[22] Там жа. С. 22-24.

[23] Там жа. С. 27.

[24] Лідскі летапісец. 2005. № 1-2 (29-30). С.83-88.

[25] Дубин А. Признание брака графа Н.Н. Симонича и графини Е. Д. Маврос недействительным и статус их дочери Марии // Генеалогический вестник. Вып. 38. СПб., 2010. С. 34.

[26] Весь Петербург на 1913 год. СПб., 1913. Отдел 3. С. 384, 731.

[27] Szimielewicz М. Bialogrud // Ziemia Lidzka 1936. № 3-4.

[28] Дубин А. Признание брака графа Н. Н. Симонича и графини Е. Д. Маврос недействительным и статус их дочери Марии // Генеалогический вестник. Вып. 38. СПб., 2010. С. 25-28.

[29] Там жа. С. 28.

[30] Памятная книжка Виленской губернии на 1900 год. Вильна, 1899. С. 5.

[31] Зимин И.В. Взрослый мир императорских резиденций. Москва, 2011. С. 45.

[32] Амелехина С. А., Гафифуллин Р.Р. Коронационные костюмы - http://www.agipe.ru/content/articles/946/

[33] Кулинский А. Н. Русское холодное оружие военных, морских и гражданских чинов 1800-1917 годов. Санкт-Петербург, 1994. С. 165.

[34] Саитов В. И. Петербургский некрополь. СПб., 1912., Т. 4, С. 93.

[35] Памятная книжка Виленской губернии на 1902 год. Вильна, 1901. С. 5.

[36] Памятная книжка Виленской губернии на 1902 год. Вильна, 1901. С. 180.

[37] Памятная книжка Виленской губернии на 1902 год. Вильна, 1901. Ч. ІІ. С. 71.

[38] Дополнение к памятным книжкам Виленской губернии на 1903 г. Вильна, 1904. С. 9.

[39] РГИА. Ф. 1349. Воп. 2. Спр. 231. А. 93-96.

[40] Памятная книжка Виленской губернии на 1906 год. Вильна, 1906. С. 150.

[41] Памятная книжка Виленской губернии на 1904 год. Вильна, 1904. Ч. ІІ. С. 67.

[42] Памятная книжка Виленской губернии на 1906 год. Вильна, 1906. С. 276.

[43] Вся Вильна. Адресно-справочная книга на 1913 год. Вильна, 1913. С. 217.

[44] Виленские губернские ведомости. 1912. № 61.

[45] Brochocki Andrzej. Na przelomie dwoch epok: zapiski obszarnika (wspomnienie z lat 1894-1939) // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu., sygn. 15615/II. S. 282.

[46] 31 250 $ у 1913 г. роўныя 771 856 $ у 2017 г.

[47] New York Times. 30 March 1913.

[48] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. Вильна, 1914. С. 197.

[49] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 год. Вильна, 1914. Ч. ІІ. С. 96.

[50] Летопись войны 1914 года. 1914. № 11. С. 183.

[51] Памятная книжка Виленской губернии на 1915 год. Вильна, 1915. Ч. ІІ. С. 86.

[52] Гл.: Morell Antoni. Borís I, Rei D'andorra. La Magrana. 2009.

[53] Гл.: Борис Акунин. Любовь к истории. М., 2012.

[54] Гл.: Alexander Kaffka. The Russian King of Andorra: Fantasies and Facts // Papers de ecerca Històrica. 2009. Vol. 6. P. 147-159.

[55] Гл: Лаўрэш Леанід. Кароль Андоры з-пад Ліды // Маладосць. 2014. №10. С. 114-125.

[56] Alexander Kaffka. The Russian King of Andorra: Fantasies and Facts // Papers de ecerca Històrica. 2009. Vol. 6. P. 155.

[57] RNAS - Каралеўскія службы ваенна-марской авіяцыі. Адным з падраздзяленняў RNAS была «Каралеўская служба ваенна-марскіх браняваных машын» (RNACD). Таму Локер-Лэмпсан меў ваенна-марскі чын - камандор.

[58] Alexander Kaffka. The Russian King of Andorra: Fantasies and Facts // Papers de Recerca Històrica. 2009. Vol. 6. P. 155-156.

[59] Ibid. P. 156.

[60] http://www.rg.ru/Anons/arc_2003/0104/6.shtm

[61] Alexander Kaffka. The Russian King of Andorra: Fantasies and Facts // Papers de Recerca Històrica. 2009. Vol. 6. P. 156.

[62] Ibid. P. 157.

[63] Філіп, Герцаг Арлеанскі (або Філіп VIII) (1869-1926) памёр бяздзетным, і з 1926 г. галавой французскага каралеўскага дома стаў яго стрыечны брат Жан, Герцаг дэ Гіз (1874-1940), ці Жан III.

[64] Alexander Kaffka. The Russian King of Andorra: Fantasies and Facts // Papers de Recerca Històrica. 2009. Vol. 6. P. 158.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX