Вярнуцца: Іншае

Зянон Ленскі


Аўтар: Сяргей Дычок,
Дадана: 30-12-2016,
Крыніца: Сяргей Дычок. Зянон Ленскі - заснавальнік Гуты // Лідскі Летапісец 2(74)-2016. С. 33-34.



У гісторыі Бярозаўкі ёсць чалавек як бы і агульнавядомы, так і зусім невядомы шырокаму колу краязнаўцаў. Я кажу пра заснавальніка першай "гуты" Зянона Антонавіча Ленскага. Усё, што мы пра яго ведаем, памяшчаецца ў тры радочкі. Верасень 1883 года - прашэнне ў павятовую паліцыю на адкрыццё гуты, маленькага, кустарнага заводзіка на адну печ па вырабу шкла. 28 рабочых, гадавы выпуск прадукцыі на паўтары-дзве тысячы рублёў. Потым запрашэнне арандатараў Вільгельма Краеўскага і Юліюша Столе, 1891 год. І, нарэшце, пасля доўгіх угавораў-перамоў прыблізна ў 1899 ці 1900 гг. Ленскі прадае гуту фірме "Краеўскі і Столле". Практычна і ўсё.

Я вырашыў, што гэтага мала, і паспрабаваў пашукаць інфармацыю пра Зянона Ленскага.

Прашэнне Ленскага датуецца 19-м вераснем 1883 года, а ўжо 8-га ці 9-га кастрычніка паліцэйскі прыстаў першага стану Лідскага павета падпісвае пратакол агляду мейсца меркаванага завода. Апытаныя сяляне навакольных вёсак (Дамінік Рахман, Адам Каламыцкі, Іван Казак, Іван Шут, Міхал Каламыцкі з вёскі Ганцавічы, Казімір Сянкевіч з Агароднікаў, Якаў Бялецкі з Бенявічаў, Вікенці Буйніцкі з Руды, Адам Данэйка з Ганчароў) паведамілі паліцыі, што ніякіх пярэчанняў пабудове "Гуты" з іх боку няма, таму што сапраўды "лесное урочище, именуемое Устроня…на лесной речке под названием "Чёрная"… принадлежит Ленскаму З.А." разам з пабудовамі жылымі і гаспадарчымі. Гэта не пакідае ніякіх сумненняў, што да месцазнаходжання гуты Зянона Ленскага. Устроня на Чорнай рэчцы - гэта каля чатырох кіламетраў лесам ад сучаснага завода, які з'явіцца ў маёнтку Квяцінскага Астроўна не раней 1896-га года і стане пераемніка гуты Ленскага. Натуральнае развіццё прадпрыемства - тэхналагічна і геаграфічна. Столе 35 гадоў сваёй фірмы святкаваў у 1926 г. (адлік вёў ад 1891-га). А мы святкуем 115 гадоў у 1998-ым, 130 - у 2013-ым, адлік вядзём менавіта ад 1883 г.

У інтэрнэт-рэсурсах я знайшоў вялікі артыкул лідскага краязнаўцы Валерыя Васільевіча Сліўкіна, частка якога тычылася Зянона Ленскага. Працытую.

"Зенон Антонович Ленский (1864-1927) - легендарный для Лидского уезда помещик. По его инициативе и на его средства был построен первый в Лидском уезде стекольный завод, ставший со временем крупнейшим в Виленской губернии.

Закончил Виленскую гимназию и Горный институт в Санкт-Петербурге. Будучи еще студентом, 19 сентября 1883 г. Зенон Ленский обратился в Лидское уездное полицейское управление с письмом: "Проситель желает устроить в лесной даче имения моего Заенчицы стеклянный завод или "Гуту" для выделки стекла и стеклянных посуд, для чего желаю получить разрешение надлежащей власти. А потому имея в виду, что законных препятствий к устройству того стеклянного завода или фабрики встретится не может, осмеливаюсь покорно просить Лидское уездное полицейское управление разрешить мне устройство и открытие стеклянной фабрики или "Гуту" в лесной даче имения моего Заенчицы, в чем и выдать мне надлежащее удостоверение".

9 октября 1883 года пристав первого стана Лидского уезда после обследования предполагаемого места строительства стеклозавода отписал, " что к открытию в означенном лесном урочище стеклянного завода … никаких препятствий не имеется". Виленское губернское правление разрешило постройку "стеклянного завода". В 1885 г. на заводе Зенона Антоновича Ленского работали 28 человек: 16 мужчин, 6 женщин и 6 подростков. Было произведено 200 ящиков оконного стекла и 50000 пивных бутылок на сумму в 2000 руб.

В 1891 г. З.А. Ленский сдал стеклозавод в аренду инженеру Дядьковского стеклозавода Вильгельму Краевскому и руководителю художественной мастерской завода Юлиусу Августиновичу Столле, восемь лет спустя продал завод арендаторам. Он определился, что для него важнее, стекольное производство или живопись. Стекольный завод мешал заниматься живописью, поэтому так легко он от него избавился. Некоторое время учился в Академии Художеств, закончил Петербургскую школу Юзефа Брандта и художественную школу в Мюнхене. В начале ХХ века выставлял свои живописные работы в Петербурге, Кракове, Варшаве, Минске. Усадебный дом родителей в Суле украсил фресками. В Национальном художественном музее Беларуси хранится одна его работа - портрет младшей сестры Эльжбеты (Василевской, 1903 г.)"

Аднак пагадзіцца з версіяй паважанага Валерыя Васільевіча катэгарычна не магу. З дапамогаю Інтэрнэту, які ўсё ведае, даволі лёгка пераканацца, што Зянон Ленскі - мастак ніякага дачынення не меў да Вашкевіч, Заёнчыцаў, Устроні і будучага шклозавода "Нёман". Нарадзіўся ён у вялікай сям'і (шэсць сыноў і дачка Эльжбэта) Аляксандра і Сабіны Ленскіх у маёнтку Сула Менскай губерні і Антону Паўлавічу Ленскаму даводзіўся ўнукам. Сапраўды вучыўся ў віленскай гімназіі і Горным інстытуце С. Пецярбурга. Але не давучыўся, перайшоў у Акадэмію мастацтваў (асабістая справа Зянона Аляксандравіча Ленскага,за 1885 год, № 92 у вопісе 11, фонд 789, Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбургу.) Сапраўды, выбітны мастак-партрэтыст, шмат вучыўся і працаваў за мяжою, прысылаў дадому, у Сулу мастацкія каштоўнасці, уласнаручныя партрэты. Распісваў будынкі ў Суле фрэскамі. Выдатны аповед пра мастака Зянона Ленскага, жыццё і творчасць надрукаваны ў часопісе "Наша вера" № 3 за 1999 год аўтарства Надзеі Усавай з Нацыянальнага Мастацкага музея ў Менску. Нямала на гэту тэму пісала і карэспандэнт "СБ" Людміла Сяліцкая ў 2003-2013 гг. У "павуціне" Сеціва ёсць таксама кароценькая звестка, што на выставе мясцовай старасветчыны, арганізаванай Іванам Луцкевічам з дапамогаю нямецкіх гісторыкаў у Менску ў 1918-ым годзе, сярод пяці літых слуцкіх паясоў быў адзін, прысланы з Варшавы мастаком Зянонам Аляксандравічам Ленскім. Памёр З.А. Ленскі ў 1927-ым у Варшаве, але пахаваны быў, верагодна, усё ж у радавой усыпальні Ленскіх у Суле. На жаль, пахавальны храм-ратонда разрабаваны сучаснымі вандаламі, параскіданыя парэшткі гаспадароў маёнтка мясцовыя жыхары перазахавалі пазней на мясцовых могілках.

Ну а што ж Зянон Антонавіч Ленскі?

Я звярнуўся да маладога вучонага-гісторыка Васіля Герасімчыка, які вывучае дакументы часоў паўстання 1863 года. Ён адразу - за што яму вялікі шчыры "Дзякуй" - даслаў мне вытрымкі з многіх архіўных дакументаў. Крытычна асэнсаваўшы ўсё, што з розных крыніц мне было даступна, я атрымаў наступную версію падзей.

Паміж 1884 (вопіс парафій Лідскага дэканата, у Вашкевічах гаспадараць Пузыні) і 1795 годам (рэвізія прыгонных душ) маёнтак Вашкевічы набывае Павел Ленскі "стараста любоніцкі, кавалер ордэна Св. Станіслава і Белага Арла", як ён сам сябе называе. Першы - і апошні - дакумент рэвізіі, падпісаны Паўлам Ленскім. Рэвізію 1811 года - "па смерці яго" - падпісвае ўдава Петранэля, дачка Франца з Бучынскіх, Ленская, "старосціна любоніцкая". Яна ж застаецца гаспадыняю Вашкевіч па рэвізіях 1816, 1834, 1850 гадоў і пры інвентарызацыі маёнтка ў 1848-ым годзе, то бок перажыла мужа не меней, як на сорак гадоў. (Што, відаць, і дало падставу В. Сліўкіну лічыць яе другой жонкаю Паўла Ленскага, мачыхаю для Антонія Паўлавіча Ленскага.) Аднак гэтая тэза - пра дзве жонкі Паўла Ленскага - пакуль не атрымала дакументальнага пацверджання.

Далей, В. Сліўкін лічыць, што па смерці Петранэлі Ленскай у 1857 годзе маёнтак Вашкевічы адышоў яе дачцы Вераніцы Аборскай (да 1864 года), а потым Антонію Ленскаму. Але не ўсё так проста.

Па-першае, рэвізію 1850-га года падае (па даверанасці сваёй састарэлай мацеры Петранэлі) Аляксандр Паўлавіч Ленскі, павятовы маршалак ("уездный предводитель дворянства") Віленскага павета. Не асабіста сам - ён піша дакументы з пазнакай "Вільно", дакументы прадстаўляе і распіску атрымлівае з яго дазволу "управитель имения Вашкевичы Баранцевич".

Па-другое, яшчэ больш істотнае. З рэвізіі 1858-га года вынікае, што маёнтак Вашкевічы падзелены. У маёнтку было (па стану на 1848-ы год) пяць фальваркаў, восем вёсак, тры засценкі. Прынамсі, фальварак Заёнчыцы з вёскамі Ганчары і Дроздава (Дразды) выдзелены з маёнтка Вашкевічы і належыць Антону Паўлавічу Ленскаму "по наследству после материПетронели из Бучиньских Ленской". Каму дасталася асноўная частка маёнтка Вашкевічы, як дакладна ён быў падзелены, трэба высвятляць. Таму што ў дакументах 1883-га года маёнтак Вашкевічы належыць графу Ледухоўскаму, але якім чынам перайшоў, калі… Таксама ёсць кароткая інфармацыя 1907-га года пра выстаўлены на продаж маёнтак Андрэя Анж'яна "Масявічы-Буячкі" Лідскага павета, вельмі верагодна, таксама частка былых уладанняў Паўла і Петранэлі Ленскіх.

Антоні, сын Паўла, Ленскі (1797-1873), шляхціц герба "Астоя", уладальнік маёнка Сула ў Менскім павеце, старшыня менскага межавага суда, меў з жонкаю Сафіяй з Залескіх трох дачок (Марыю, Міхаліну, Вільгельміну) і сыноў Аляксандра (1836), Канстанціна (1839), Зянона (1841), Міхала (1845).

Марыя выйшла замуж за кагосьці з Вайніловічаў, Міхаліна - за павятовага маршалка Іяхіма Бжазоўскага, але даволі хутка памерла, пакінуўшы дачку Марыю. Вільгельміна (Вільця) памерла ў 1867-ым, сасланая ў Табольск за удзел "в польском мятеже 1863 года". Міхал і Аляксандр, падобна, не былі рэпрэсаваныя, некаторыя даследчыкі лічаць іх лаяльнымі да расейскіх уладаў. Канстанцін і Зянон пайшлі ў атрад, які фармаваўся ў лясным урочышчы Тонвы і маёнтку Ленскіх Хотаў. За удзел ў паўстанні былі ў 1864-ым пазбаўленыя шляхетства, маёмасці, сасланыя "в менее отдалённыя места Сибири" (застаецца пакуль нявысветленым, куды менавіта). Дарэчы будзе тут адзначыць, што Аляксандр Антонавіч Ленскі сваіх сыноў, што нарадзіліся ў 1864-м (двайняты?) назаве Зянонам і Канстанцінам, у гонар асуджаных, рэпрасаваных братоў. (Зянон Аляксандравіч стане вядомым мастаком. Канстанцін Аляксандравіч стане вайскоўцам, даслужыцца да палкоўніка ў расейскай арміі, потым ў такім жа чыне будзе афіцэрам польскай арміі, загіне ў сталінскіх лагерах, рэпрасаваны НКУС у 76-гадовым узросце.)

Зянон і Канстанцін - паўстанцы, праз дзесятак гадоў атрымаюць "прощение" ад імперыі (цар не быў такім людажэрам, як сталіністы), вернуцца на радзіму, адноўляцца ў шляхецтве, з правам на маёмасць. Бацькаў маёнтак Сула належыць старэйшаму, Аляксандру Антонавічу, з сям'ёй, таму Канстанціну дастаецца Антопаль, дзе ён і пражыве несямейны-бяздзетны. А Зянону - Заёнчыцы, частка Вашкевіч, набытых некалі дзедам Паўлам Ленскім. Але спачатку Зянон Антонавіч жэніцца з дачкой Іяхіма Бжазоўскага Ганнай (ад другога шлюбу, з Уладзіславаю Здзяхоўскаю). Дзеці: Уладзіслаў, (1875), Здзіслаў (1877), Юзаф, (1880), Станіслаў (1887), а таксама дочкі Міхаліна і Яніна. Запісы аб хрышчэнні дзяцей павінны былі б знайсціся ў метрычных кнігах касцёлаў Лідчыны, але дзе? Вашкевічы? Ельня? Беліца? Мінойты? Вось Зянон Антонавіч Ленскі - уладальнік невялікана маёнтка і бацька шасцярых дзяцей для паляпшэння свайго матэрыяльнага стану і засноўвае гуту. Аднак паважны ўзрост і, напэўна, здароўе, падарванае ў высылцы, не дазваляюць яму самому трымаць канкурэнтаздольнае прадпрыемства. Ён спачатку здае ў арэнду, а ў 1899 годзе прадае сваю "Гуту" фірме "Краеўскі і Столе", на гэтым звесткі аб ім і яго сям'і пакуль што заканчваюцца. В. Герасімчык лічыць, што Зянон сын Антонія Ленскі памёр у 1910-ым і пахаваны ў Рубяжэвічах, але гэта выклікае сумненні.

Поўная гісторыя Зянона Антонавіча Ленскага чакае новых даследчыкаў, але тое, што Бярозаўка па факту заснавана паўстанцам 1863 года, накладвае на яе жыхароў не абыякія абавязкі...

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX