Папярэдняя старонка: Эканоміка

Лідскі раён - 2004. Сацыяльна-эканамічны партрэт 


Аўтар: Худык Андрэй,
Дадана: 24-10-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец № 27-28.



(Даклад на падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2004 г.)

Лідскі раён з'яўляецца буйным прамысловым рэгіёнам краіны. На яго тэрыторыі размяшчаецца 40 прамысловых прадпрыемстваў розных галінаў, узроўняў падпарадкаванасці і форм уласнасці.

Сярод іх горадаўтваральнымі з'яўляюцца 6: шклозавод "Нёман" (больш 4-х тыс. чал.), "Лакафарба" (1,8 тыс. чал.), "Лідскі завод электравырабаў" (1,6 тыс. чал.), завод "Оптык" (1,5 тыс. чал.), "Лідская абутковая фабрыка" (1,4 тыс. чал.), "Лідсельмаш" (1,0 тыс. чал.).

Прадпрыемствамі Лідскага раёна у 2004 годзе выраблена прадукцыі ў дзейных цэнах на суму каля 444 млрд. руб. Тэмп росту ў суадносных цэнах склаў амаль 101%, у тым ліку ў прамысловай галіне без уліку прадукцыі, якая вырабляецца "Лідааграпраммашам" - каля 107%.

Арганізацыі, падпарадкаваныя рэспубліканскім органам кіравання скарацілі аб'ёмы вытворчасці ў параўнанні з 2003 годам на 7,7%. У той жа час арганізацыі, падпарадкаваныя мясцовым органам кіравання, павялічылі аб'ёмы вытворчасці ў параўнанні з 2003 годам больш, чым на 20%, прадпрыемствы без ведамаснай падпарадкаванасці - амаль на 12%.

Прадпрыемствамі раёна прымаліся меры па павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці і стабілізацыі становішча. Так "Лакафарбай" праводзілася тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці фталевага ангідрыду. "Лідсельмаш" асвоіў вытворчасць новых відаў сельскагаспадарчых машын. Завод "Оптык" ажыццяўляе рэканструкцыю шкловарнай вытворчасці. "Лідахлебапрадукт" увёў у эксплуатацыю лінію па фасоўцы мукі. Ліцейна-механічным заводам пачата выкананне мантажных работ узамен маральна і фізічна застарэлага абсталявання. Доследны завод "Нёман" закончыў выпрабаванні новага віду прадукцыі - апырсквальнікаў. Завод электравырабаў асвоіў вытворчасць новай серыі свяцільнікаў. "Харчовыя канцэнтраты" набылі лінію па вытворчасці хлоп'еў. "Лідабудматэрыялы" будуць вырабляць новую прадукцыю - "Еўраакно", абсталяванае паваротным механізмам.

З 40 прамысловых прадпрыемстваў раёна павялічылі выпуск прадукцыі і забяспечылі выкананне прагнознага тэмпу росту прамысловай вытворчасці 28 (70,0% ад іх агульнай колькасці). Выйшлі на ўзровень лета-шняга года, але не выканалі даведзенае заданне па тэмпу росту 8 прадпрыемстваў (20% ад іх агульнай колькасці).

Дапусцілі зніжэнне аб'ёмаў 4 прадпрыемствы (10,0% ад іх агульнай колькасці). У іх ліку "Лідскі завод электравырабаў", "Лідааграпраммаш", "Лідская абутковая фабрыка" і "Дывет"

Адсутнасць сродкаў для выпуску камбайнаў "Ліда - 1300" на "Лідааграпраммашы" прывяла да змяншэння іх вытворчасці на 119 штук у параўнанні з леташнім годам.

У выніку за 2004 года прадпрыемства не дадало прадукцыі ў суадносіных цэнах на суму каля 28,5 млрд. рублёў. Важна , што ў гэтым годзе, "Лідааграпраммаш" атрымаў пад гарантыю абласнога выканаўчага камітэту крэдытную дапамогу банка.

Застаецца складанным становішча на заводзе электравырабаў і абутковай фабрыцы, сітуацыя на якіх знаходзіцца на пастаянным кантролі ў раённага выканаўчага камітэта. Адзін з выхадаў са склаўшайся там сітуацыі мы бачылі ў абнаўленні дырэктарскага корпусу, што і было зроблена. Новым кіраўнікам выканкамам аказваецца ўсялякае садзеянне ў вырашэнні праблемных пытанняў.

Сёння кіраўнік павінен быць эканамічна адукаваным, гнутка рэагаваць на рынкавыя змены, умець працаваць з людзьмі і на перспектыву, берагчы сваіх падначаленых, ствараючы ім годныя ўмовы працы, як гэтага патрабуе Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны". Гэтая тэма нажаль, застаецца актуальнай і сёння, таму што назіраецца рост вытворчага траўматызму.

У сувязі з гэтым у сучасных умовах важна ведаць пра кожнага работніка: якая ў яго сям'я, як ён жыве, як адносіцца да справы, праяўляе ініцыятыву. Калі трэба падтрымаць, калі памыліцца ненамерана. А калі і строга спытаць. Галоўнае, праца на агульны вынік.

З веданнем справы падходзяць да працы з людзьмі дырэктары:

- ААТ "Лідскае піва" Юфа Уладзімір Якаўлевіч;

- хлебазавода - Чарняк Іосіф Станіслававіч;

- прадпрыемства меліяратыўных сістэм Шляжко Уладзімір Натанавіч;

- ААТ "Лідскі малочна-кансервавы кам-бінат" Шэмет Георгі Аляксеевіч.

Ці не ў гэтым аснова поспеху прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца лідарамі спаборніцтва 2004 года.

На сёння прымаюцца меры па павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці і стабілізацыі становішча. Праводзяцца тэхнічнае пераабсталяванне і рэканструкцыя. Асвойваецца новая канкурэнтаздольная прадукцыя. Шукаюцца магчымасці яе пастаўкі ў розныя рэгіёны краіны, блізкае і далёкае замежжа.

У 2004 годзе заводу "Оптык" (дырэктар Майсейчык Анатоль Мікалаевіч) прысуджана прэмія Гарадзенска аблвыканкаму за дасягненні ў вобласці якасці.

Прадукцыя завода "Лідскае піва" (дырэктар Юфа Ўладзімір Якаўлевіч) уганараваная Прэміяй Ураду.

Тавары, вырабленыя на "Лакафарбе" (дырэктар Гарбацэвіч Генадзь Мікалаевіч), адзначаны дыпломамі і медалямі на выставах і конкурсах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

З мэтаю прасоўвання прадукцыі, якая вырабляецца ў Лідскм рэгіёне, яе поўны асартыментны пералік з тэхнічнымі характарыстыкамі прадстаўлены ў розныя рэгіёны блізкага і далёкага замежжа. Праца такога парадку будзе працягнута ў гэтым годзе. У лютым 2005 года ў Маскве адчынена гандлёвае прадстаўніцтва Лідскай абутковай фабрыкі.

Выпушчаны рэкламны буклет прадукцыі прадпрыемстваў раёна, які накіраваны ў Міністэрства замежных спраў для распаўсюджання ў пасольствах Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікам міністэрстваў і канцэрнаў, кіраўнікам абласных, гарадскіх (раённых) выканаўчых камітэтаў Беларусі, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый Лідскага раёна.

На стадыі завяршэння выраб перасоўнага рэкламнага стэнда для прадстаўлення яго на міжнародных выставах. Праведзена праца па стварэнні Інтарнэтсайта, які будзе пастаянна абнаўляцца і ўдасканальвацца.

Прынятыя меры будуць садзейнічаць таму, што ў 2005 годзе прамысловасць раёна будзе развівацца дынамічна.

З аб'яднаннем горада і раёна ў адну адміністратыўна-тэрытарыяльную адзінку вялікую дапамогу і падтрымку атрымалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Перш за ўсё - дзякуючы шэфству прамысловых прадпрыемстваў. А таксама імі атрымана каля дванаццаці з паловай мільярдаў рублёў з бюджэту і пазабюджэтных фондаў. Дапамога з раённага бюджэту вырасла ў 8 разоў.

Гэта станоўча паўплывала на павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і стабілізацыю фінансавага становішча. За леташні год выраблена валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі амаль на 38 млрд. рублёў, што на 12% вышэй за 2003 год. У 2004 годзе ў раёне на 10% больш вырашчана збожжа. Вытворчасць цукровых буракоў вырасла амаль у 4,5 разы. Раён заняў другое месца ў краіне па вырошчванні льну даўгунцу, а прадпрыемства "Лідлён" - першае месца сярод аналагічных заводаў краіны.

Мае месца некаторы рост вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Валавы надой малака ў параўнанні з леташнім годам павялічыўся на 10%. Прадукцыйнасць дойнага статку вырасла амаль на 300 кг. і склала 3139 кг. малака ад адной каровы.

Рэалізавана каля 6 тыс. тон жывёлы і птушкі на мяса. Выраслі пастаўкі жывёлы на мясакамбінаты на 55%. Курыных яек атрымана амаль 13 мільёнаў штук або 129% да 2003 года. Заданне па продажы збожжа дзяржаве выканана на 96%.

Летась паспяхова спрацавала будаўнічая галіна нашага раёна.

У 2004 годзе забяспечаны ўвод жылля ў аб'ёме больш за сорак чатыры тысячы кв. м. або 440 кватэр. У тым ліку ў сельскай мясцовасці і малых гарадах - каля 13 тысяч кв. м. Грамадзянамі ўведзена ў эксплуатацыю амаль 24 тыс. кв. м. індывідуальнага жылля. Інвестыцыі ў будаўнічую галіну склалі больш за 20,5 мільярдаў рублёў. Працягвалася будаўніцтва акушэрскага корпуса на 89 ложкаў у г. Лідзе, рэканструкцыя школы на 144 месцы ў в. Пескаўцы. Усе прадугледжаныя бюджэтам інвестыцыі на гэтых аб'ектах асвоены.

16 лютага ў вобласці падведдзены вынікі спаборніцтва. Лідскі раён заняў другое месца ў будаўнічай галіне.

Летась шэраг прадпрыемстваў правёў работы па эканоміі паліўнаэнергетычных рэсурсаў. Так, на Лідсельмашы тэхналагічны працэс загартоўвання дыскаў боранаў пераведзены з электрапечы на газавую печ кавальскага цэху. Заводам "Оптык" праведзена герметызацыя зводу шкловарнай печы. Мадэрнізацыя сістэмы кандэнсатаадводу ажыццёўлена на ААТ "Лідскае піва". Заменены помпавыя агрэгаты ў артсвідравінах на водазаборы "Бароўка" Лідскага ГУПЖКГ.

Недастаткова працуюць над укараненнем энергаашчаджальных мерапрыемстваў на "Лакафарбе", Ліцейна-механічным заводзе, у Будаўніча - мантажным трэсце № 19, аўтобусным парку № 2, торфапрадпрыемствах "Лідскае" і "Дзітва", ва ўправе адукацыі райвыканкаму.

Але, на жаль, ашчаднасці нашым людзям паранейшаму не хапае. Гэта праяўляецца ў адносінах да добраўпарадкавання ўласнага двара, пад'езда, падтрымання чысціні на вуліцы, у грамадскім транспарце.

Штодзённа гарадскім транспартам перавозіцца больш 68 тысяч чалавек, таму так неабходна, каб ён працаваў якасна. Сёлета плануецца далейшае ўдасканаленне гарадской маршруткай сеткі і павелічэнне колькасці транспартных адзінак, якія абслугоўваюць гарадскія экспрэсныя маршруты.

Аўтобусны парк № 2 мае недахоп сродкаў для аднаўлення рухомага складу. 72% аўтобусаў маюць 100% зношанасць. Распрацаваны бізнесплан развіцця, у адпаведнасці з якім прагназуецца замена 32 устарэлых, непрыдатных да эксплуатацыі аўтобусаў на больш эканамічныя і сучасныя, а таксама набыццё абсталявання для мыцця, рамонту і дыягностыкі.

Удасканалення і мадэрнізацыі патрабуюць прадпрыемствы сувязі. Сёлета намечана рэканструкцыя дзейных аб'ектаў, расшырэння мясцовай тэлефоннай сеткі і далейшае развіццё сучасных відаў паслуг. Прагназуецца, што ў 2005 годзе раённая тэлефонная сетка пашырыцца на 1200 нумароў. Плануецца ўстанавіць 1100 тэлефонаў, у тым ліку ў горадзе - 950, у сельскай мясцовасці - 150.

Кожны з нас штодзённа сутыкаецца з такой сферай паслуг, як гандаль. Адны выступаюць у ролі прадаўцоў, іншыя - большасць - у ролі пакупнікоў. Хачу адзначыць, што гандлёвая сетка ў раёне дастаткова развітая. Усяго аб'ектаў, занятых рэалізацыяй прадуктаў харчавання, прамысловых і гаспадарчых тавараў, тавараў бытавой хіміі, парфюмерна-касметычнай прадукцыі, будаўнічых матэрыялаў, налічваецца 850, з іх 135 - у сельскай мясцовасці. Есць 6 рынкаў, у тым ліку адзін з іх прадуктовы і 5 змешаных.

Асноўны паказчык сацыяльна-эканамічнага развіцця гандлю - тэмп росту рознічнага тавараабароту. За 2004 год ён выкананы больш, чым на 111% пры даведзеным паказчыку 105,9%. Хаця колькасць жыхароў раёна паменшылася больш, чам на тысячу чалавек, прырост склаў па прадуктовай групе тавараў амаль 8%, па непрадуктовай - 16,7%. Гэта вынік мераў па пашырэнні асартыменту тавараў, што рэалізуюцца насельніцтву.

У 2004 годзе праведзена 17 кірмашоў-продажаў, якія дадаткова прыцягнулі 332 млн. рублёў. Эканамічны эфект ад 35 выставаў-продажаў склаў больш за 80 млн. рублёў. Падчас 23 сезонных распродажаў тавараў па зніжаных цэнах атрымана выручкі на суму амаль 80 млн. рублёў.

Развівалася матэрыяльна-тэхнічная база гандлёвых прадпрыемстваў. Толькі на рэканструкцыю патрачана амаль 270 млн. рублёў. На тэхнічнае пераабсталяванне патрачана каля 532 млн. рублёў, на добраўпарадкаванне - 115 млн. рублёў.

Для стымулявання продажу тавараў укараняюцца прагрэсіўныя формы гандлю: продаж тавараў па ўзорах, у крэдыт, метадам самаабслугоўвання. Магазінам № 1 "Дом гандлю", гандлёвым цэнтрам "Патсдам" у 2005 годзе будзе ажыццяўляцца ўкараненне спецыяльных кампутарых сістэм.

Прадпрыемствы службы быту ўсіх форм уласнасці аказваюць 18 відаў бытавых паслуг, у тым ліку ў сельскай мясцовасці - 16.

На працягу 1,5 гадоў па ініцыятыве прадпрыемтва "Гарант" не павышаліся цэны на паслугі па рамонту тэле- і радыёапаратуры і паслугі цырульняў. У 2005 годзе плануецца далейшае развіццё кабельнай тэлевізійнай сеткі прадпрыемства, якая забяспечвае падачу абанентам адкрытага пакета не менш 14 тэлевізійных праграм, уключаючы "Лідскае тэлебачанне".

На развіццё прадпрымальніцтва накіраваны абласная і раённая праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва, у якіх прадугледжана аказанне фінансавай дапамогі суб'ектам малога прадпрымальніцтва, стварэнне новых рабочых месцаў за кошт сродкаў бюджэту, крэдытавання, сродкаў фонду занятасці.

У 2005 годзе прагназуецца павелічэнне колькасці малых прадпрыемстваў да 473. Сярэднеспісавая колькасць людзей, якія працуюць на прадпрыемствах малога бізнесу складзе 3 тысячы чалавек. Я мяркую, што індывідуальныя прадпрымальнікі давяраюць мясцовай уладзе, прыходзяць да нас па парады і падтрымку. Аддаючы належнае іх ініцыятыве, упершыню ў гісторыі раёна мы вызначылі і ім месца ў спаборніцтве.

Лідскім раённым выканаўчым камітэтам, яго ўправамі і службамі робіцца ўсё магчымае, каб ні адзін жыхар раёна не застаўся без увагі, мог карыстацца максімальнай колькасцю паслуг, ажыццяўляць свае канстытуцыйныя правы - атрымоўваць адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, мець магчымасць зарабіць сабе на жыццё, ствараць сям'ю, гадаваць дзяцей і г. д. Таму адным з важнейшых кірункаў працы ў 2004 годзе стала ўкараненне сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва раёна. Мэтанакіраваная праца па іх выкананні праведзена ў сферы медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, культурна-асветніцкай і фізкультурна-аздараўленчай працы. Вялікая ўвага выкананню сацыяльных стандартаў была ўдзелена ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, транспарце і сувязі. Пад пастаянным кантролем знаходзяцца пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва. Вынікам гэтай працы стала тое, што ўсе 44 нарматывы сацыяльных стандартаў у раёне выкананы. Асаблівае значэнне ў сацыяльнай дапамозе дзяржавы адводзіцца сістэме аховы здароў, таму што без здаровага народу не можа быць эфектыўнай эканомікі і ўстойлівага развіцця грамадства. З гэтай мэтай Рашэннем Лідскага раённага выканаўчага камітэту № 75 ад 29.09.2004 г. была зацверджана Тэрытарыяльная праграма дзяржаўных гарантый медыцынскай дапамогі насельніцтву Лідскага раёна і дзяржаўных сацыяльных стандартаў ў вобласці аховы здароўя на 2004 год. У адпаведнасці з ёю вялася работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Набыта 10 новых аўтамабіляў, у тым ліку 6 - для станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, 2 - на сельскія ўрачэбныя ўчасткі. Закуплены стацыянарны і перасоўны рэнтгенаўскія апараты, два УЗІ-апараты з каляровым доплерам, 8 электракардыёграфаў, 2 стаматалагічныя ўстаноўкі. На ўсё гэта затрачана амаль 820 млн. рублёў.

У стацыянарах Лідскага ТМА ёсць 18 палат для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх абсталяванне і санітарна-тэхнічны стан адпавядаюць сучасным патрабаванням.

У 2004 годзе ў ахове здароўя адбыўся пераход планавання фінансавых сродкаў згодна з нарматывам бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на 1 жыхара і рэалізацыі тэрытарыяльных праграм, дзяржаўных гарантый аказання грамадзянам бясплатнай медыцынскай дапамогі, а таксама развіцця пазабюджэтнай дзейнасці. Ахова здароўя Лідскага раёна ў 2004 годзе прафінансавана цалкам.

Асноўнымі праблемнымі пытаннямі, над якімі нам належыць працаваць у 2005 годзе. з'яўляюцца:

- завяршэнне будаўніцтва акушэрскага корпуса. Дзякуючы асабістай падтрымцы старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Ягоравіча Саўчанкі фінансаванне гэтага аб'екта апераджае тэмпы яго будаўніцтва;

- рэканструкцыя будынка хірургічнага корпуса былога вайсковага шпіталя для стварэння на яго базе бальніцы сястрынскага догляду для адзінокіх і пажылых грамадзян;

- абсталяванне матэрыяльнай базы сучасным медыцынскім абсталяваннем;

У апошні час грамадскасць хвалюе рост захворванняў дзяцей і падлеткаў, бо здароўе моладзі - гэта здороўе нацыі. Таму прыярытэтным кірункам у працы дактароў дзіцячай паліклінікі - прафілактыка захворванняў. Гэтай рабоце вялікую ўвагу ўдзяляецца медперсаналам дзіцячай паліклінікі, якім паспяхова кіруе Тарасава Людміла Аляксееўна, чыя кандыдатура была рэкамендавана агульным сходам Лідскага ТМА для занясення на раённую дошку пашаны.

Вялікі ўклад у аздараўленне насельніцтва ўносіць работа Лідскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Летась з удзелам санэпіднагляду быў распрацаваны і знаходзіўся на кантролі шэраг праграм. Сярод іх - "Здароўе народа", рэгіянальныя праграмы па фармаванні здаровага ладу жыцця і інш . Работа вялася ў кірунку ўмацавання здароўя, прафілактыкі захворванняў насельніцтва, аздараўлення жылога асяроддзя чалавека і ўмоваў яго жыццядзейнасці.

Адным з асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў вобласці аховы здароўя з'яўляецца фармаванне здаровага ладу жыцця. Развіццё фізічнай культуры і спорту - не дабрачыннасць, не бяздумнае ўкладванне фінансавых сродкаў, а рэальная магчымасць палепшыць якасць жыцця людзей, захаваць і ўмацаваць здароўе, стварыць фундамент паўнавартаснага фізічнага і духоўнага развіцця кожнага грамадзяніна, дынамічна развіваць спорт, фізічную культуру і здаровы лад жыцця. Згодна з дадзенымі ЮНЕСКА, 1 еўра, укладзены ў развіццё масавага спорту, дазваляе эканоміць 12 еўра на медыцынскія выдаткі.

У 2004 годзе прыстальная ўвага ўдзялялася патрэбам і праблемам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. З мэтай задавальнення іх патрэбаў і запатрабаванняў праводзіліся сустрэчы з работнікамі выканкаму, управы па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва. Абследаваліся жыллёва-бытавыя ўмовы жыцця. Летась гэтай катэгорыі грамадзян была аказана дапамога на суму амаль 108 млн. рублёў. Выказваю падзяку кіраўніцтву прадпрыемстваў, арганізацый і ўстановаў раёна, якія не забываюць сваіх ветэранаў і пенсіянераў, аказваюць ім грашовую і натуральную дапамогу. Спадзяюся, што вы пра іх будзеце памятаць не толькі ў пераддзвер'і 60- годдзя Вялікай Перамогі, якую мы будзем святкаваць сёлета, але і акружыце іх пастаяннай увагай і клопатам на ўсё астатняе жыццё. Старэйшае пакаленне таксама не застанецца ў даўгу і дапаможа нам сваімі ведамі, дасведам і парадай.

Без памяці аб мінулым няма будучыні. Таму заслугі нашых бацькоў і дзядоў павінны стаць для нас арыенцірам працы і жыцця ў далейшым. Вялікая праца на падтрымцы ветэранаў, захаванні памяці пра іх гераічны вычын праводзіцца і ў установах адукацыі раёна. Гэта і шэфская дапамога, дабрачынныя акцыі, усемагчымыя конкурсы, канферэнцыі, спартакіяды. Тэма патрыятычнага выхавання моладзі ў сувязі са святкаваннем 60-годдзя Перамогі павінна стаць прыярытэтнай у працы недагагічных калектываў раёна. Выхаванне грамадзянскасці будзе садзейнічаць праяўленню цікавасці навучэнцаў да ведаў.

Удасканаленне сістэмы адукацыі - важнейшая ўмова сацыяльна - эканамічнага развіцця і духоўнага дабрабыту нацыі. Сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі раёна знайшлі сваю нішу ў падрыхтоўцы спецыялістаў рознага профілю. Дзякуючы намаганням педагагічных калектываў тэхнічнага і педагагічнага каледжаў Ліды, гэтыя ўстановы адукацыі сталі падраздзеламі Гарадзенскага дяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Лідзяне маюць магчымасць атрымоўваць вышэйшую адукацыю дома.

Паспяхова мяняюць профіль навучання прафесійна-тэхнічныя навучальні. Тут навучэнцы атрымоўваюць прафесіі, запатрабаваныя на рынку працы. Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што "пытанні павышэння якасці работы школьнай сістэмы - гэта справа дзяржаўнай важнасці".

Прафілізацыя і спецыялізацыя, якія ўкараняюцца ў школах раёна, даюць станоўчы вынік. 70% выпускнікоў раёна паступілі ў ВНУ і ССНУ. На абласных алімпіядах навучэнцы заваявалі 52 прызавыя месцы. Асаблівым прызнаннем заслуг калектыву гімназіі з'яўляецца прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых вучняў і студэнтаў. Раённы выканаўчы камітэт плануе ў гэтым годзе ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу гэтай установы.

Не застаюцца без увагі ў пытаннях абсталявання і іншыя навучальныя ўстановы раёна. Толькі на падрыхтоўку 2004 /2005 навучальнага года было затрачана 1 млрд. 318 мільёнаў рублёў. Набыта 12 кампутарных класаў і 11 персанальных кампутараў. Для падвозу дзяцей закуплены 1 аўтобус.

Вялікую ролю ў выхаванні маладога пакалення, захавання і прымнажэння традыцый беларускага народа іграе сфера культуры. Яна налічвае 75 установаў і ўключае клубы, бібліятэкі, дзіцячыя музычныя школы, школу мастацтваў, гістарычна-мастацкі музей, дом рамёстваў. Для развіцця творчых здольнасцяў насельніцтва працуюць 169 клубных фармаванняў з колькасцю ўдзельнікаў больш 2000 чалавек.

У раёне стала традыцыйным правядзенне аўтапрабегу, тэматычных вечароў і аганькоў да Дня Перамогі, цыклу мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня беларускага пісьменства і друку, святы мікрараёнаў, вёсак. Найбольш яркія мерапрыемствы, якія прайшлі ў 2004 годзе, гэта: раённая шоўпраграма "Вернісаж прыгажосці", "Міс Лідчыны - 2004", раённае экалагічнае свята "Песні над Нёманам", раённыя "Дажынкі - 2004 " і інш.

Актыўную гастрольную дзейнасць вядуць 38 узорных і народных калектываў Лідскага раёна. 13 з іх прымалі ўдзел у рэспубліканскіх Дажынках - 2004 у Ваўкавыску, удзел у фестывалі мастацтваў у Наваградку, прысвечаным 960-годдзю горада.

Я ўпэўнены, што пастаўленыя задачы вам па сілах: трэба толькі паглядзець на сваю працу збоку і ўкласці ў яе часцінку свае душы.

Наш поспех залежыць ад узгодненых дзеянняў, паўнаты адказнасці кожнага за даручаны ўчастак работы. Думаю, што сёння мы пачуем ад выступоўцаў прапановы па паляпшэнні нашай працы.

Райвыканкам будзе ўсяляк падтрымліваць тых, хто працуе з розумам, пастаянна праяўляе высокую арганізаванасць і дысцыпліну, дзелавітасць, клапоціцца пра людзей, стан іх здароўя, хто імкнецца стварыць новыя працоўныя месцы і палепшыць умовы працы.

2005 год павінен стаць яшчэ больш напружаным. Выжнейшая задача - выкананне прагнозных паказчыкаў. Гэта справа гонару кожнага працаўніка Лідскага раёна, аднаго з самых значных і буйных у краіне.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX