Вярнуцца: Эканоміка

Лідчына ў 2009 годзе


Аўтар: Худык А.П.,
Дадана: 07-03-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №49.



Выступ старшыні Лідскага райвыканкама А.П. Худыка на ўрачыстым сходзе 22.01.2010 г., прысвечаным 70-годдзю з дня ўтварэння Лідскага раёна і падвядзенню вынікаў працы за 2009 г.

Паважаныя ўдзельнікі ўрачыстага сходу!

2010 год для раёна пачаўся добрымі весткамі і значнымі юбілейнымі датамі. 5 студзеня Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб правядзенні Рэспубліканскага фэсту-кірмаша працаўнікоў сяла "Дажынкі-2010" у Лідскім раёне. Гэта для нас вялікі гонар і велізарная адказнасць.

Тым не менш, мы ўпэўненыя, што, прыклаўшы максімум высілкаў, з дапамогай усёй краіны, пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта, мы зможам зрабіць наш раён і асабліва горад Ліду яшчэ больш прыгожымі і ўтульнымі. Упэўнены, што гэта будзе самае маштабнае свята ў нашым раёне за ўвесь час яго існавання. А раёну ўжо 70 гадоў. Пасля ўз'яднання Ўсходняй і Заходняй Беларусі, у 1939 г., пачалося актыўнае ўладкаванне адміністрацыйнай тэрыторыі БССР.

15 студзеня 1940 года Ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у складзе Баранавіцкай вобласці быў створаны Лідскі раён з цэнтрам у горадзе Лідзе. У склад раёна поўнасцю ўвайшлі Белагрудская і Лідская воласці, а таксама часткі Беліцкай, Ваверскай, Дакудаўскай і Жырмунскай воласцяў былога Лідскага павету. Плошча яго складала 1249 км2. Былі створаныя Лідскія гарадскі і раённы, а таксама 20 сельскіх саветаў.

Пачаліся пазітыўныя змяненні ў жыцці людзей. Сыйшло ў нябыт беспрацоўе, ажыві-лася праца фанернай і абутковай фабрык, шклозавода, мясцовай лясной гаспадаркі. У Ліду былі накіраваны спецыялісты, якія за некалькі месяцаў здолелі арганізаваць бесперабойную працу чыгункі. Паскорана развівалася сацыяльная сфера. У студзені 1940 г. толькі ў Лідзе дзейнічала 11 школ, два кінатэатры, бальніца на 120 ложкаў, радзільны дом, хуткая дапамога, дзве паліклінікі.

Карэнныя змяненні, якія адбыліся на нашай зямлі, былі ацэнены людзьмі. У 1940 г. у нашым горадзе жыло ўжо 36 тысяч чалавек, а ўсяго ў раёне - амаль 80 тысяч. Кожная нацыянальнасць, будзь то беларусы, палякі, рускія, габрэі, літоўцы або ўкраінцы, пачувалася камфортна ў новай беларускай краіне, мела аднолькавыя правы на ўдзел у выбарах, магчымасць займаць пасады, вывучаць родную мову, вучыцца ў школе. Тады гэта было вялікае палітычнае і сацыяльнае дасягненне. Беспадстаўнае звальненне, беспрацоўе ўжо лічыліся надзвычайнай падзеяй. Дзяржава стаяла на абароне інтарэсаў простага чалавека, якому законам гарантавалася занятасць.

Увесну 1940 г. жыхары вёсак Сялец, Ганчары, Жырмуны, Ёдкі, Ольжава, Крывічы, Раманы ўтварылі першыя калгасы. Гэта былі дробныя гаспадаркі.

Да ўз'яднання ў Лідскім павеце мелася толькі 2 трактары, 10 пажарнікаў, 10 грузавых і 15 легкавых аўтамабіляў. У сакавіку 1940 года ў маёнтку Крупава была створаная першая МТС, у якой праз год налічалася ўжо 6 трактароў.

Так лідзяне пачыналі сваю новую гісторыю. Аднак вайна перапыніла ўсе стваральныя планы.

Барацьба з нямецкімі захопнікамі разгарнулася практычна з моманту акупацыі раёна. Менавіта на Лідчыне пачаў дзейнічаць адзін з першых партызанскіх атрадаў на Гарадзеншчыне - імя Варашылава. Камандзір - Пётр Макараў.

Быў створаны падпольны гаркам партыі, які ўзначальваў Яўхім Гапееў. Лідскім міжраённым партыйным цэнтрам накіроўвалася дзейнасць 33 партызанскіх атрадаў. Распаўсюджвалася газета "Уперад".

Пасля многіх страшных і трагічных дзён і начэй, 8 ліпеня 1944 г. падчас Беларускай наступальнай аперацыі, войскі 3-га Беларускага фронту вызвалілі Ліду. На Лідчыне была адноўлена савецкая ўлада і даваенная адміністрацыйная структура.

Усяго за годы вайны больш за 12 тысяч чалавек знайшлі свой апошні прытулак у Лідскай зямлі.

У знак вялікай падзякі і ў памяць аб абаронцах нашай Радзімы ў горадзе Лідзе ў 1966 годзе насыпаны Курган Неўміручасці. Усяго ж на тэрыторыі раёна збудавана 68 помнікаў і абеліскаў загінулым ваярам, партызанам і мірным жыхарам Лідчыны.

Працягваецца пошукавая праца. Бо вядома, што вайна не заканчаецца, пакуль не будзе пахаваны яе апошні салдат. Толькі за апошнія 6 гадоў знойдзены ў раёне рэшткі 13-ці ваяроў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і перапахаваны на могілкі па вул. Савецкай у г. Лідзе і ў в. Тарнова.

Удалося адшукаць сваякоў аднаго з іх - Міхаіла Махнача, які лічыўся без весткі зніклым. На перапахаванне прыязджалі яго ўнукі. Зараз яны могуць наведваць парэшткі свайго гераічнага дзеда.

У 2009 г., у гонар 65-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў мэтах увекавечання вычыну ваяроў і працаўнікоў, партызан і падпольшчыкаў, здзейсненага пры абароне і вызваленні беларускіх гарадоў, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам горад Ліда ўзнагароджаны Ганаровай граматай і вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны". Сёння ў зале прысутнічаюць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Давайце яшчэ раз скажам ім наша шчырае "дзякуй" і пажадаем даўжэй заставацца ў шыхце.


Паважаныя ўдзельнікі сходу!

20 верасня 1944 г. Лідскі раён выведзены з Баранавіцкай і ўключаны ў склад Гарадзенскай вобласці. Кіраўнічы склад партызанскіх атрадаў быў пакінуты ў раёне для аднаўлення разбуранай гаспадаркі. Гэта быў таксама вычын, вялікі працоўны і маральны вычын былых франтавікоў, партызан, жанчын, старых і дзяцей.

Горад Ліда ляжаў у руінах. Асабліва цэнтр. Было знішчана 75% жылых дамоў. Абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў вывезена ў Нямеччыну. Пры адступленні фашысты падарвалі гарадскую электрастанцыю, хлебакамбінат, іншыя прадпрыемствы і культурныя ўстановы. Аднаўляць усё гэта было не проста.

Гарадская гаспадарка знаходзілася ў запушчаным стане. Вуліцы, плошчы і двары не чысціліся ад смецця. Брук, тратуары, платы не рамантаваліся. Лазня працавала з вялікімі перабоямі, не абсталявана гасцініца. З-за адсутнасці лекараў дрэнна арганізавана медыцынская дапамога. Не было ясляў, бальніцы не забяспечваліся вадой, электрычнасцю, існавалі вялікія перабоі з палівам.

Востра стаяла праблема дзіцячай бездагляднасці. У сувязі з гэтым у студзені 1945 г. у Лідзе быў арганізаваны дзіцячы прыёмнік-размеркавальнік. Аднаўляліся і рамантаваліся школьныя будынкі, мэбля, абсталяванне. З 1 верасня 1944 г. пачалася вучоба ў 57-мі школах. Праз 4 гады іх колькасць павялічылася ў два разы.

Былі ўжо пабудаваныя і ўведзеныя ў эксплуатацыю вакзал, дом паравозных брыгад, пункт тэхнічнага агляду. А таксама, што было вельмі важным для развіцця горада - дызельная комплексная электрастанцыя магутнасцю 600 квт і энергацягнік магутнасцю 1000 квт.

Адбыліся змены і ў ахове здароўя: колькасць бальнічных ложкаў дасягнула даваеннага часу. У горадзе ўжо працавала 30 лекараў і каля 100 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу.

Значныя змяненні адбыліся і ў гандлі. На канец 1948 г. у Лідзе існавалі 104 гандлёвыя кропкі, якія ўключалі крамы, ларкі, прадпрыемствы грамадскага харчавання. Пабудаваны новы добраўпарадкаваны рынак.

Паколькі трэба было тэрмінова перасяляць людзей з зямлянак, скляпоў і паўразбураных хат, актыўна вялося будаўніцтва жылля. Аднак на той момант на аднаго жыхара горада прыходзілася толькі 3,5 м2.

Так, з часам, горад падымаўся з руін, будаваўся. Да канца 1950-га года аб'ем прамысловай вытворчасці не толькі перавысіў даваенны, але і павялічыўся больш, чым у 15 разоў у параўнанні з 1946-м.

І гэта не дзіўна. У 40-50-я гады ў Лідзе былі пабудаваныя новыя прадпрыемствы, якія працуюць і сёння: ЖКГ, лясгас, мэблевая фабрыка, ДРБК №48, ГВФ "Ліда", раённы вузел электрасувязі, харчовыя канцэнтраты, мясакамбінат, "Ліданафтапрадукт", малочна-кансервавы камбінат, хлебазавод, цеплавыя і электрычныя сеткі, "Лідаграпраммаш", "Лідаміжрайгаз", "Лідатрансаўта".

Няпроста было адраджаць жыццё на сяле, падымаць калгасы. Працу ўскладнялі дзейсныя бандфармаванні. Ад рук бандытаў са жніўня 1944 па травень 1945 г. на тэрыторыі Лідскага раёна загінула 40 старшыняў і 2 сакратары сельсаветаў, 27 дэпутатаў і ўпаўнаважаных, 28 працаўнікоў раёна і многія іншыя.

Аднаўленне і стварэнне новых калгасаў ускладнялася яшчэ і даваеннымі памылкамі калектывізацыі, якія не дадалі папулярнасці калектыўнаму гаспадаранню.

Неабходна адзначыць, што з першых дзён дзейнасці калгасаў значную дапамогу аказвалі прамысловыя прадпрыемствы і калектывы чыгуначнага вузла. Напрыклад, цвіковы завод (цяпер завод электравырабаў) увесну 1949 г. выдзеліў калгасу "Радзіма" сваю грузавую машыну, перадаў бясплатна 75 кілаграмаў цвікоў для патрэб калгаснага будаўніцтва. Група рабочых дапамагала ў правядзенні вясновай сяўбы. Калгасу імя Сталіна часта дапамагалі рабочыя завода "Лідсельмаш". Гэтая практыка мае месца і сёння. У 1952 годзе пачалося масавае аб'яднанне дробных калгасаў у больш буйныя, што спрыяла больш эфектыўнаму выкарыстанню новай тэхнікі і тэхналогіі. У 1958 годзе ў раёне налічвалася 24 калгасы і 1 саўгас "Тарнова".

Без перабольшання, эпахальныя перамены, якія мелі месца на Лідчыне, звязаны з самаадданай працай людзей. У нашай памяці застануцца імёны многіх людзей, якія працавалі для дабрабыту грамадства. Сярод іх:

Героі Сацыялістычнай працы: звеньявая па вырошчванні льну Алена Ярмантовіч (Голдава), даглядчык буйной рагатай жывёлы Вацлаў Слука (Тарнова); кавалеры ордэна Леніна: старшыня калгаса "Сцяг Саветаў" Міхась Манікала, дырэктар саўгаса "Малое Мажэйкава" Уладзімір Кулакоў, дырэктар шклозавода Сяргей Карзюк, рабочая абутковай фабрыкі Лідзія Круповіч, паэт Валянцін Таўлай, заслужаны лекар БССР Павел Аляксейчык і многія-многія іншыя, чые імёны памятае і паважае гісторыя Лідскага раёна.

Сумеснай упартай працай лідзян падымаліся ўсе галіны народнай гаспадаркі. Так, у 1951 г. адкрыты тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі - у будучым - індустрыяльны тэхнікум, які рыхтаваў кадры для прамысловасці, што актыўна развівалася .

У 50-60-е гады былі пабудаваны: рамонтны завод (цяпер - Лідаграпраммаш), Лідабудканструкцыя, Лакафарбавы завод. Гэта быў перыяд актыўнай рэалізацыі планаў хімізацыі і меліярацыі ўсёй краіны, і лідзяне ішлі ў нагу з часам.

Актыўна будавалася жыллё. У Лідзе з'явіліся мікрараёны Раслякі, Слабада. Вялікі ўдзел у гэтым прымаў створаны Будаўнічы трэст.

У 70-я гады працягнута індустрыялізацыя раёна - пабудаваныя заводы "Оптык", "Лідлён", "Лідабудматэрыялы", ветсанутыльзавод. Адначасова ў г. Лідзе ўтвораны жылыя мікрараёны: Індустрыяльны, Маладзёжны, Касманаўтаў.

Упартая праца людзей была адзначана высокімі урадавымі ўзнагародамі.

Торфапрадпрыемства "40 гадоў БССР" (цяпер "Лідскае"), Вытворчае аб'яднанне харчаканцэнтратнай прамысловасці (цяпер ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты") узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга;

У 1976 г. піўзавод атрымаў ордэн "Знак Пашаны".

Ансамблю "Лідчанка", мужчынскаму хору Лідсельмаша, ансамблю песні і танца абутковай фабрыкі, драматычнаму калектыву гарадскога Дома культуры прысвоены ганаровыя званні Народных.

Ліда і Лідскі раён будаваліся. Жыхары, як і раней, добрасумленна працавалі. Прадпрыемствамі выпускалася больш за 200 відаў прадукцыі. З іх 170 мелі дзяржаўны Знак якасці.

Шмат сіл і энергіі па стварэнні новага аблічча раёна і горада ўклалі кіраўнікі. Грывачэўскі Сцяпан Аляксандравіч, Логаш Уладзімір Міхайлавіч, Бурлыка Іван Рыгоравіч, Домаш Сямён Мікалаевіч, Пракопік Уладзімір Канстанцінавіч, Папова Надзея Іванаўна. Дарэчы, гэты Дом культуры, у якім мы сабраліся, пабудаваны менавіта дзякуючы ёй. У перыяд яе кіраўніцтва, у 1980 г. гораду Лідзе ўручаны ордэн "Знак Пашаны".

Дзякуючы паспяховай працы шклозавода "Нёман", калектыў якога ў 1984 г. быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, развівалася Бярозаўка. Далёка за межамі раёна славіліся мастацкія работы са шкла заслужаных дзеячаў мастацтваў БССР Уладзіміра Мурахвера і Людмілы Мягковай.

У 80-я гады значныя змяненні адбыліся таксама ў вытворчым і сацыяльным жыцці вяскоўцаў. Вырас гарадскі пасёлак Першамайскі, пасёлак Дзітва, шмат будавалася жылля, вялася газіфікацыя. Адной з самых перадавых і рэнтабельных гаспадарак быў саўгас "Тарнова", якім кіраваў Новікаў Алег Цімафеевіч. Зімовыя цяпліцы, агульнай плошчай 3 га, забяспечвалі гароднінай не толькі Лідчыну, але і бліжэйшыя раёны. Паспяхова працавалі гаспадаркі, якія ўзначалльвалі Здановіч Хведар Серафімавічам, Каранюк Аляксандр Аляксандравіч, Сурвіла Альбін Вікенцевіч, Крыніцкі Мацвей Сцяпанавічам, Шуціла Георг Канстанцінавіч, Дудко Сяргей Рыгоравіча. Заканамерна, што ў 1984 г. Лідскі раён прызнаны пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па паспяховым правядзенні зімоўкі жывёлы, павелічэнні вытворчасці і закупкі прадуктаў жывёлагадоўлі і атрымаў Ганаровую грамату.

У сакавіку 1995 г. Бярозаўка атрымала статут горада.

У 1996 г. лідзянін Валер Цыленць заваяваў 3-е месца на 26-х алімпійскіх гульнях у Атланце па грэка-рымскай барацьбе ў сярэдняй вазе.

90-я і пачатак гэтага стагоддзя ў цэлым былі няпростымі для эканомікі раёна. У гэты перыяд горад і раён працавалі пад кіраўніцтвам Мальца Ўладзіміра Міхайлавіча, Чарнышова Мікалая Мікалаевіча, Гайдукевіча Іосіфа Іосіфавіча, Цімчанкі Ўладзіміра Анатольевіча, Усарава Сяргея Аляксандравіча.

У зале прысутнічаюць члены раённага Савета старэйшынаў. Яны ў гэты перыяд узначальвалі прадпрыемствы і арганізацыі розных галін эканомікі Лідскага раёна: Гушча Іван Пятровіч, Дабраловіч Віктар Станіслававіч, Выгоўскі Эдуард Барысавіч, Гардзіёнак Пётр Рыгоравіч, Жалкоўскі Аляксандр Васільевіч, Жураўскі Аляксандр Аляксандравіч, Рамановіч Аляксандр Іосіфавіч, Шот Марыя Аляксандраўна і многія іншыя. Менавіта дзякуючы іхняму прафесіяналізму і высокай адказнасці, уменню накіраваць калектыў на выкананне пастаўленых задач раён здолеў захаваць наяўны патэнцыял.

Можна яшчэ шмат пералічваць заслужаных людзей, поспехі і дасягненні жыхароў нашага раёна. Аднак, упэўнены, у нас наперадзе - вялікія перспектывы. Гэта даказвае дзень сённяшні.

9 лютага 2004 г. адбылася знамянальная падзея, якая стала новай вехай у гісторыі Лідчыны. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі г. Ліда і Лідскі раён аб'яднаныя ў адну тэрытарыяльна-адміністрацыйную адзінку. Час пацвердзіў правільнасць прынятага рашэння.

За чатыры гады аб'ёмы прамысловай вытворчасці павялічыліся ў 1,7 раза. Перавыканана пяцігадовае заданне па спажывецкіх таварах, прыцягненню інвестыцый у асноўны капітал. Бюджэт раёна прырос у 2,5 разы. Практычна выкананы заданні па экспарце: калі ў 2004 г. прадукцыя лідскіх прадпрыемстваў экспартавалася ў 40 краін, то сёння - амаль у 70.

За 5 гадоў вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ўзрасла на 43%. Валавы збор збожжа павялічыўся на 24%, цукровых буракоў - на 25%, насення рапсу - у 3 разы, вытворчасць малака і мяса вырасла больш, чым на 50%.

Сёння наш рэгіён - адзін з наймацнейшых у краіне. Я з задавальненнем хачу адзначыць, што лідзяне здольныя выпускаць і выпускаюць усё, што неабходна для забеспячэння жыццядзейнасці людзей. У Лідзе вырабляюць разнастайныя сельгасмашыны: ад плугоў і сеялак да капалак, сушылак і камбайнаў, аўтобусы, лакі і фарбу, оптыку, свяцільнікі, крышталь, муку і харчовыя канцэнтраты, квас і піва, натуральныя мясныя і малочныя прадукты, абутак, вокны і дзверы, жалезабетонныя вырабы, тратуарную плітку, мэблю і многае-многае іншае. Такі шырокі асартымент ёсць не ў кожнага раёна.

У нас ёсць свая ліцейная вытворчасць і вагонарамонтнае дэпо.

Усе магчымасці нашага рэальнага сектара эканомікі мы дэманструем на штогадовай прамысловай выставе-кірмашы "Ліда-Рэгіён".

Лідскі раён знаходзіцца на перакрыжаванні чыгуначных магістраляў і шашэйных дарог, якія злучаюць напроста Маскву, Гародню, Рыгу, Вільню, Баранавічы, Львоў, што дазваляе паспяхова працаваць усім галінам эканомікі.

Адкрытасць лідзян для перспектыўнага супрацоўніцтва дазволіла скласці шэраг дамоў аб партнёрскім супрацоўніцтве з раёнам Хорашава-Мнеўнікі г. Масквы, Люберцамі Маскоўскай вобласці, г. Нёман Калінінградскай вобласці, горадам Чыстаполь (Татарстан), Камянецк-Падольскім раёнам Украіны, Рышканскім раёнам Малдовы, Геакчайскім раёнам Азербайджана, з Латвійскім горадам Екабпілс.

Асабліва цеснае супрацоўніцтва ў нас склалася з многімі рэгіёнамі Літвы. І, першым чынам, з горадам Алітус, Трокскім раёнам і, вядома, Шальчынінкайскім раёнам, віцэ-мэр якога, спадар Андрэй Андрушкевіч, сёння прыбыў на нашу ўрачыстасць.

Разам са сваімі суседзямі, партнёрамі нам лягчэй пераадольваць сітуацыю, абумоўленую сусветным фінансавым і эканамічным крызісам. Эканоміка раёна працуе стабільна, і ні адна галіна не знізіла ўзровень вытворчасці. Нашы прамыслоўцы паспяхова знаходзяць спосабы не толькі вырабляць, але і рэалізоўваць прадукцыю сваіх прадпрыемстваў. А гэта значыць, што яна якасная і запатрабаваная. У наступіўшым годзе, абвешчаным у Беларусі Годам якасці, гэта гаворыць аб тым, што лідзяне ўмеюць працаваць на перспектыву. Удзельная вага новай прадукцыі ў 2009 г. склала больш за 25%. Больш за 80% прадукцыі нашых прадпрыемстваў сертыфікаваныя ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Паспяхова прыцягваюцца інвестыцыі ў асноўны капітал. За апошнія чатыры гады гэты паказчык склаў больш за 250% пры заданні 216,9%. У 2009 г. рэалізаваны шэраг буйных інвестыцыйных праектаў на ААТ "Лакафарба", "Лідабудканструкцыі", Малочна-кансервавым камбінаце, Лідсельмашы.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі павялічылася амаль на 8%.

Нажаль, пакуль не атрымоўваецца поўнасцю вырашыць праблему са стратнымі прадпрыемствамі. Але, паколькі мы стараемся знайсці і знаходзім шляхі выйсця з складаных сітуацый, то колькасць такіх прадпрыемстваў зніжаецца. Калі на пачатак 2009 г. іх было 24, то ўжо сёння - 9 (студзень-лістапад).

Праводзіцца дыверсіфікаванне рынкаў збыту, развіваецца тавараправодная сетка за мяжой.

Перавыкананы паказчык па энергазахаванні.

Не адстаюць у працавітасці і сельскія працаўнікі. Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцці сяла на 2005-2010 гады з'явілася доўгатэрміновым інвестыцыйным праектам у аграпрамысловым комплексе. З 2005 па 2009 год у раёне пабудавана 13 аграгарадкоў.

Рэкордным за ўсю гісторыю раёна ў сельскай гаспадарцы быў 2008 год. Пры ўраджайнасці 43 цэнтнеры з гектара валавы збор збожжа склаў 96 тысяч тон. У 2009 годзе ад кожнай каровы надоена 4710 кілаграмаў малака, больш пяці тысяч кілаграмаў малака склала прадукцыйнасць дойнага статка ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве па племянной справе "Ніва", унітарным прадпрыемстве "Мажэйкава", саўгасе "Лідскі", сельскагаспадарчым кааператыве "Бердаўка-Агра". У раёне рэканструяваны і абсталяваны сучасным абсталяваннем 7 малочна-таварных ферм, якія вырабляюць 25% малака ад агульнага аб'ёму. Пераабсталяванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі будзе працягнута. Плануецца будаўніцтва 2-х свінагадоўчых комплексаў магутнасцю на 24 тысячы галоваў свіней у "Мажэйкаве" і сельгаспрадпрыемстве "Ніва", 2-х малочна-таварных ферм на 800 кароў у СВК "Бердаўка-Агра" і "Лідскай птушкафабрыцы". Да пачатку ўборкі збожжа ўраджаю 2010 года будуць пабудаваны ернесушыльныя комплексы прадукцыйнасцю 30-40 тон збожжа ў гадзіну ў "Ходараўцах-Агра" і на "Лідскай птушкафабрыцы". Важнай задачай у сельскай гаспадарцы на 2010 год застаецца павелічэнне тэмпаў эканамічнага развіцця: рост вытворчасці сельгаспрадукцыі складзе 112%.


Паважаныя ўдзельнікі сходу!

Лідчына заўсёды славілася добрымі спецыялістамі будаўнічай галіны.

Каласальная праца ляжа на плечы калектываў будаўнічых арганізацый у бягучым годзе. Ім трэба будзе падрыхтаваць горад да рэспубліканскіх Дажынкаў. Завяршаецца будаўніцтва Лёдавага палаца. Будуць пабудаваныя: спартовы комплекс для гульнявых відаў спорту і стадыён па вул. Качана, лыжаролерная траса, спартовыя гульнявыя пляцоўкі ў раёне паркавай зоны ля кургана Неўміручасці. Працягнуцца работы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі Лідскага замка з добраўпарадкаваннем тэрыторыі. У новым жылым мікрараёне па вул. Гастэла будзе пабудаваны дзіцячы сад.

Хачу сказаць, што мы ўжо на працягу апошніх пяці гадоў вядзём работы па добраўпарадкаванні гарадоў і сёлаў раёна. У гэтым кірунку актыўна працуюць прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, працягваючы пахвальныя традыцыі камунальнікаў 80-90-х гадоў, якія перамагалі ва ўсесаюзных, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах. Аднак добраўпарадкаванне і будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў - гэта праграма мінімум. Важнай задачай будаўнічых калектываў па-ранейшаму застаецца ўвод жылля. І яны дагэтуль паспяхова спраўляліся з гэтай задачай. Прывяду прыклад. Калі ў 2003 годзе ў раёне і горадзе здавалася толькі ледзь больш за 30-ць тысяч м2, то ў 2009 - ужо 77. У планах 2010 года - 100 тысяч м2 жылля.


Паважаныя ўдзельнікі сходу!

Усе, што мы робім, ствараем і будуем - не толькі для нас. Першым чынам - гэта для нашых дзяцей.

У раёне працуе 102 установы адукацыі. Калектывы кожнай імкнуцца даць максімум магчымасцяў для развіцця і замацаванні здольнасцяў навучэнцаў. Бо праца педагога важней за падмурак - ён фармуе будучыню. Выхаванцы нашых устаноў адукацыі пяты год займаюць перадавыя пазіцыі ў вобласці па выніках алімпіяд. Толькі за 2009 г. там заваявана 54 прызавыя месцы, на рэспубліканскіх - 15. 9 выпускнікоў нашых школ летась атрымалі стобальные вынікі па выніках цэнтралізаванага тэставання. Сёння ў зале прысутнічаюць лепшыя навучэнцы Лідскага раёна: Пранюк Аляксандр, Васілец Вольга, Лявоненка Павел, Шлапік Таццяна, Пятроў Артур, Сямак Павел, Кечка Павел, Бадуноў Ілля, Сербіна Ганна, Валюк Ганна, Нясон Кацярына, Кудла Ігар, Мінец Ірына. Гэта наш гонар і, упэўнены, будучая слава раёна. Давайце павітаем іх!

Будзем берагчы і гадаваць маладыя таленты. Яны і створаць квітнеючую Беларусь.

У раённых установах культуры і спорту дзетвара таксама мае магчымасць развіваць і замацоўваць свае таленты. Для гэтага ёсць усе ўмовы. Так, пасля аб'яднання ў новых умовах пачалі працаваць: цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, раённая бібліятэка, гістарычна-мастацкі музей, калектыў якога сёлета ўзнагароджаны адмысловай прэміяй Прэзідэн-та Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Навучэнцы музычнай вучэльні, дзіцячай школы мастацтваў штогод становяцца стыпендыятамі Адмысловага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Спадзяемся і шчыра жадаем поспеху на будучых Алімпійскіх гульнях Наталлі Карэйве, Валеру Радзевічу і Паўлу Шурмею, якія ўжо сёння з'яўляюцца вядомымі спартоўцамі ў Беларусі і за яе межамі. Сярод 64-х фізкультурна-спартовых клубаў рэспублікі клуб Лідскага аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму заняў 2-е месца ў аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-спартовай працы па месцы жыхарства. Упэўнены, што гэта не мяжа для лідскіх спартоўцаў. А спартовыя аб'екты, якія будуць збудаваныя ў бліжэйшы час, дапамогуць ім дасягнуць новых высокіх вынікаў.

Варта адзначыць, што мы можам вырабляць, будаваць, вучыцца і адпачываць дзякуючы службоўцам вайсковых частак Лідскага гарнізона - лётчыкам і памежнікам, супрацоўнікам аддзелаў унутраных спраў і МНС. Я удзячны ім за службу.

А аб нашых дасягненнях, памылках і перспектывах штодня нам распавядаюць карэспандэнты "Лідскай газеты", Лідскага радыё і тэлебачання, калектывы якіх неаднаразова ўганароўваліся прэміямі міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў "Залатое пяро" і "Тэлевяршыня".


Дарагія сябры!

Гісторыя - гэта факт, які адбыўся. Яе не пераробіш, не перапішаш. Але кожны з нас добра ведае, што гісторыю робяць людзі. Таму адмысловыя словы падзякі сёння хачу сказаць тым, хто стаяў ля вытокаў заснавання раёна, хто кіраваў сельскагаспадарчай галіной у гады стварэння і росквіту калгасаў і саўгасаў, хто будаваў і развіваў заводы і фабрыкі, хто ўмацоўваў сферу гандлю і бытавога абслугоўвання, хто развіваў яго культуру і вучыў дзяцей, лячыў хворых, забяспечваў бяспеку і спакой мірных грамадзян, працаваў у органах выканаўчай улады і мясцовага самакіравання.


Дзякую ўсіх, хто працягвае гэты пахвальны шлях, хто годна, прафесійна і з поўнай аддачай працуе для росквіту Лідскага раёна.


Ад усёй душы жадаю моцнага здароўя, аптымізму, стабільнасці і новых працоўных поспехаў. Хай мір і паразуменне пануюць у нашых сем'ях, нашым раёне і роднай Беларусі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX