Вярнуцца: Эканоміка

Лідчына ў 2011 годзе


Аўтар: Астроўскі А.М.,
Дадана: 06-11-2012,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 57.



Выступ старшыні Лідскага райвыканкаму А.М. Астроўскага 24.02.2012 г. на ўрачыстым сходзе, прысвечаным падвядзенню вынікаў працы за 2011 г.

Паважаныя ўдзельнікі сходу!

Даўней самымі паспяховымі лічыліся краіны з багатымі прыроднымі рэсурсамі. Дзень сённяшні аспрэчвае гэты пастулат і паказвае, што багацце краіны - у яе працавітых, таленавітых людзях.

Сёння ў гэтай зале сабраліся лепшыя працаўнікі працоўных калектываў, каго кіраўнікі палічылі годнымі ўзнагароды раённага ўзроўню. Прысутнічаюць індывідуальныя прадпрымальнікі, фермеры, прадстаўнікі ўсіх буйных арганізацый, у якіх паспяхова вырабляюць якасную, запатрабаваную прадукцыю, падаюцца паслугі, ствараюцца новыя працоўныя месцы. Аднак, упэўнены, што гэта толькі малая частка людзей, у чый адрас я сёння хачу сказаць шчырыя словы падзякі.

Сухія лічбы вынікаў 2011 года красамоўна пацвярджаюць мае словы. Я дазволю сабе спыніцца на найболей значных выніках мінулага года.

Нягледзячы на тое, што па шэрагу паказчыкаў мы не выйшлі на прагнозны ўзровень, была захавана тэндэнцыя росту ў прамысловай, сельскагаспадарчай галінах, у сферы гандлю і транспартных паслуг.

Сярэднямесячны аб'ём прамысловай вытворчасці склаў 260 млрд. руб. (больш за 56 млн. даляраў ЗША).

Практычна ўсе прамысловыя прадпрыемствы па выніках пайшоўшага года выканалі свае бізнэс-планы.

У 2011 годзе пацешылі паказчыкі па замежна-эканамічнай дзейнасці. Прадпрыемствамі раёна экспартавана прадукцыі на суму амаль 264 млн. даляраў ЗША. За два гады прырост экспарту склаў амаль 100 млн. даляраў ЗША.

Сёння лідская прадукцыя экспартуецца ў 65 краін свету. Упершыню - на рынкі Канады, Лівана, Новай Зеландыі, Італіі, Нямеччыны, Ізраіля, Грузіі, Арменіі, Сербіі, Шатландыі.

Атрымана дадатнае сальда знешняга гандлю ў памеры 64,5 млн. дол. ЗША. Прыцягваюцца інвестыцыі ў асноўны капітал, іх сума склала 1 трыльён 219 млн. руб.

Праведзена шэраг сустрэч з замежнымі кампаніямі - патэнцыйнымі фундатарамі. Пры УКБ райвыканкама створана інвестыцыйнае Бюро.

Значнымі падзеямі мінулага года з'яўляецца будаўніцтва завода гарачага ацынкавання, супермаркета "Віталюр".

У лютым мінулага года ўведзены ў эксплуатацыю вытворчы комплекс па выпуску імпартазамяшчальных вырабаў медыцынскага прызначэння.

У студзені бягучага года адбылося афіцыйнае адкрыццё завода металактканых сетак, які быў пабудаваны ў 2011 годзе. Рыхтуемся да выхаду на праектную магутнасць завода гарачага ацынкавання.

Практычна было завершана будаўніцтва гандлёвага цэнтра "Торунь".

У 2011 г. адкрыта 29 новых крам, 10 аб'ектаў грамадскага харчавання, 1 рынак.

Прадпрыемствы раёна таксама тэхнічна пераабсталёўваліся: пачата арганізацыя вытворчасці шклаваты на "Шклозаводзе", праводзілася тэхпераўзбраенне вытворчасці фталевага ангідрыду на "Лакафарбе", у планах "Лідахлебапрадукта" будаўніцтва фабрыкі па вытворчасці макаронных вырабаў магутнасцю 10 тысяч тон у год, на "Оптыку" асвоена вытворчасць акуляравых лінзаў для працы з кампутарам, рэалізоўваліся і многія іншыя праекты.

І гэта ва ўмовах няпростай макраэканамічнай сітуацыі, якая адбілася і на працы нашых прадпрыемстваў. У складаным становішчы апынуліся "Лідаграпраммаш" і "Мінойтаўскі рамонтны завод", якія на працягу пяці гадоў працавалі па дзяржаўных замовах. Таксама ва ўмовах адсутнасці абаротных сродкаў ажыццяўлялі сваю дзейнасць "Лідскія аўтобусы "Нёман".

Праблемныя прадпрыемствы ўзначалілі новыя кіраўнікі: Плаўскі Алег Альфрэдавіч, Гейштоўт Багдан Вацлававіч, Пантус Зміцер Аляксандравіч. Пажадаем ім поспеху ў развіцці гэтых заводаў.

Летась калектывы сельгаспрадпрыемстваў былі выключаны са спаборніцтваў за нізкія вынікі. 2011 год быў для іх больш паспяховым: павялічана вытворчасць бульбы, цукровых буракоў, гародніны, садавіны, мяса.

Найбольшы рост прадукцыі сельскай гаспадаркі забяспечаны сельскагаспадарчым прадпрыемствам "Саўгас "Лідскі", які павялічыў вытворчасць ад узроўню 2010 года амаль на 21%.

Узраслі аб'ёмы вытворчасці ў сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве "Мажэйкава", у вытворчых кааператывах: "Пескаўцы", "Бердаўка-Агра", "Беліца-Агра", "Ёдкаўскі", "Ходараўцы-Агра".

Больш за 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы надаілі жывёлагадоўцы малочна-таварнай фермы "Палубнікі" Лідскай птушкафабрыкі; фермы "Бердаўка" - "Бердаўка-Агра"; "Чаплічы" - "Мажэйкава".

Паспяхова развіваюцца фермерскія гаспадаркі.

Ваша праца, шаноўныя кіраўнікі, спецыялісты, працоўныя дазваляе зрабіць прадукцыю запатрабаванай і канкурэнтаздольнай, палепшыць умовы працы і, што не меней важна, стварыць новыя працоўныя месцы. А гэта дае магчымасць захаваць і прымножыць прафесійны кадравы патэнцыял у нашым раёне.

Вялікую ролю ў гэтым іграе праца будаўнікоў, якія будуюць не толькі новыя вытворчыя карпусы, але і жыллё. Усяго летась ухошчыны ў нашым раёне справілі больш за 1 200 сем'яў, у тым ліку 27 кватэр для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. 109 шматдзетных сем'яў атрымалі жыллё. Уведзены ў эксплуатацыю 72-кватэрны жылы дом сацыяльнага значэння.

Удзячныя лідзяне будаўнікам і за работу па рэканструкцыі транспартнай развязкі па вуліцы 8-е Сакавіка; 11-ці вуліц у г. Лідзе і 4-х - у пас. Першамайскі, тубдыспансера, брэнда нашага раёна - замка. За новыя спартовыя аб'екты, у прыватнасці спорткомплекс "Алімпія".

Адмысловыя словы падзякі хачу сказаць тым кіраўнікам, спецыялістам, працоўным, хто не апускае рукі ў цяжкую хвіліну, а імкнецца знайсці новыя, цікавыя, нестандартныя рашэнні на выгоду эканомікі краіны, раёна ў цэлым і для кожнага з нас у прыватнасці. А менавіта: працаўнікам прадпрыемства "Конус" (дырэктар Боўфал Аляксей Пятровіч), "Лідсельмаша" (Вашкевіч Юры Эдвардавіч), "Каскада" (Ус Іван Іванавіч), таварыства з абмежаванай адказнасцю "Апсель" (Масцюгін Леанід Іванавіч), гістарычна-мастацкага музея (Драб Ганна Мікалаеўна), дома культуры ў в. Лайкоўшчына (Сафонава Аксана Сяргееўна), фермы "Крыніцы" саўгаса "Лідскі" (загадчык Мікутайціс Станіслаў Мар'янавіч), фермы "Навасёлкі" - "Світанак-Мыто" (Скляповіч Часлаў Станіслававіч), загадчыцы дзіцячага саду №35 Яцкевіч Ірыне Ўладзіславаўне, трэнерам па акадэмічным веславанні Яновічу Сяргею Рыгоравічу, па грэка-рымскай барацьбе Вардзісу Ігару Міхайлавічу, па цяжкай атлетыцы Любянцу Івану Міхайлавічу, загадчыцы кардыялагічнага аддзялення Кораневай Ірыне Чаславаўне.

Каб назваць імёны ўсіх таленавітых лідзян, іх дасягненні трэба выдаткаваць не адну гадзіну.

Дзякуй вам! Сваёй працай вы пацвярджаеце словы беларускага класіка Максіма Багдановіча, які казаў, што "Працавітая пчала ўмее сабраць мёд і з горкіх кветак".

Я рэкамендую вам часцей браць у рукі кнігу. Кніга - крыніца цікавых і карысных думак, якія дапамагаюць нам зірнуць на розныя жыццёвыя сітуацыі з іншага пункту погляду. Таму лічу цалкам заканамерным, што цяперашні год у Беларусі абвешчаны Годам Кнігі. У сувязі з гэтым жадаю звярнуцца да тых, чыя праца звязана з дзецьмі і моладдзю. У дадзеным выпадку я маю на ўвазе не толькі педагогаў, але і супрацоўнікаў бібліятэк, інфармацыйных цэнтраў. Важны момант - зацікавіць і навучыць іх працаваць з крыніцамі інфармацыі. Гэта пад сілу па-сучаснаму таленавітым людзям.

Вяртаючыся да вынікаў 2011 года, хачу прызнаць, што добрых спецыялістаў у гэтых абласцях у нас досыць: амаль 60% выпускнікоў школ сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Вучнямі Лідскага раёна заваявана 1 311 прызавых месцаў па выніках удзелу ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, аглядах, фэстах і спаборніцтвах.

У раёне створана добрая база для развіцця творчых і спартовых талентаў. Вынікі не прымушаюць сябе чакаць.

Напрыклад, выхаванка дзіцячай мастацкай школы Вікторыя Шылкоўская заваявала дыплом III ступені на Міжнародным дзіцячым фэсце творчасці "Залатая пчолка".

Удзельнікі клуба бальнага танцу "Феерыядэнс" раённага Палаца культуры паспяхова выступаюць на спаборніцтвах рознага ўзроўню.

У рэспубліканскім фэсце-конкурсе музычнага мастацтва Беларусі "Спадчына" прынялі ўдзел 13 лідзян, 10 з іх сталі дыпламантамі і лаўрэатамі.

Летась 10 лідскіх спартоўцаў сталі прызёрамі міжнародных спаборніцтваў, 156 - рэспубліканскіх, 616 - абласных.

Тры спартоўцы - Наталля Карэйва, Сяргей Паліцевіч і Юры Астравух заваявалі ліцэнзіі на ўдзел у Алімпійскі гульнях 2012 года ў Лондане.

Паважаныя ўдзельнікі сходу!

Кожны з нас разумее, як важна працаваць, жыць, дзеяць, ствараць сем'і і гадаваць дзяцей у мірнай краіне, бяспечных гарадах і сёлах.

За гэта хачу сказаць вялікі дзякуй прадстаўнікам сілавых структур. Мірнае неба, трывалую дзяржаўную мяжу, спакой на вуліцах, гатоўнасць прыйсці на дапамогу, абараніць - усё гэта забяспечваюць людзі ў пагонах. Асобна хачу адзначыць і падзякаваць жанчынам, якія знаходзяцца на гэтай нялёгкай службе.

Велізарны дзякуй людзям, вынікі працы якіх мы прывыклі лічыць чымсьці цалкам натуральным і штодзённым. Я маю на ўвазе працаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожных службаў. Супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі, якія заўсёды гатовыя аператыўна і якасна паінфармаваць нас пра падзеі ў краіне і рэгіёне.

Дзякуй спецыялістам сацыяльных службаў, медыкам. Пра людзей гэтых прафесій у жыцці мы часцей за ўсё ўспамінаем, калі здараецца бяда.

Ведаю, Лідчына багатая спецыялістамі ад Бога. І сёння я рады магчымасці падзякаваць кожнаму, хто адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў, хто знаходзіць сілы і час для грамадскай працы, узначальваючы, часта на грамадскіх пачатках, прафсаюзы, грамадскія аб'яднанні, палітычныя партыі, іх арганізацыйныя структуры. Некаторыя з іх знаходзяцца ў гэтай зале.

Дзякуй усім, хто з задавальненнем дзеліцца з навакольнымі сваімі ведамі і ўменнямі.

Пліній Старэйшы казаў: "Нам адмоўлена ў доўгім жыцці; пакінем працы, якія дакажуць, што мы жылі!".

Ад сябе толькі дадам: тое, што нам удалося зрабіць у 2011 годзе, паказала, што якасны кадравы патэнцыял у нашым раёне велізарны, нам многае па плячы. І, калі мы будзем жыць, кіруючыся мудрасцю продкаў, мы зробім Беларусь, Лідчыну, кожнага з нас багатымі і паспяховымі.

Жадаю ўсім простага чалавечага шчасця: моцнага здароўя, святла, дабра, кахання і дабрабыту!

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX