Папярэдняя старонка: Эканоміка

Лідскі астрог і яго лёс 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 55.



Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай, а галоўным чынам ужо пасля вайны 1812 года на тэрыторыі заходніх рэгіёнаў Беларусі пачала ўкараняцца пенітэнцыярная сістэма Расейскай Імперыі, пачалі будавацца расейскія турмы і іх асноўны від для нашых зямель астрогі. Астрог, як турма, у першую чаргу прызначаўся для ўтрымання перасыльных вязняў, а паколькі асноўным і самым цяжкім пакараннем у Расійскай Імперыі была катарга, то гэтых перасыльных катаржнікаў было поўна па ўсёй Расіі. Катаржнікі ішлі ў асноўным пехатою ў кайданах або без кайданоў. Падарожжа такое да Сібіры магло цягнуцца і год, і два.

Астрогі будаваліся спачатку ў губернскіх гарадах (у Менску - у 1825 г.), а пасля і ў павятовых.

У пачатку сакавіка 1831 года ваеннаму генерал-губернатару Віленскаму і Гарадзенскаму быў выдадзены загад "...знайсці магчымасць будаўніцтва ў павятовым горадзе Лідзе астрога для размяшчэння палонных інсургентаў" [1]

Месца пад астрог было выбрана ў канцы вуліцы Каменскай, на Гарадзенскім тракце (цяпер гэта комплекс будынкаў Лідскай друкарні, адрас: Ленінская, 23).

Найбольш стары план Ліды вядомы нам - гэта план 1798 года, які захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве ў Маскве [2]. Копія гэтага плана прыведзена ў кнізе А. Краўцэвіча [3].

На тэрыторыі ўчастка, дзе меўся быць пабудаваны гарадскі астрог, у канцы XVIII стагоддзя знаходзілася рэдкая драўляная забудова. Па А. К. Краўцэвічу на тэрыторыі ўчастка не было сярэднявечнага селішча [4]. Астрог будаваўся на новым пляцы.

Можна думаць, што на працягу аднаго двух гадоў у горадзе Лідзе гарадскі астрог быў пабудаваны

На плане павятовага горада Ліды 1842 года [5] на тэрыторыі ўчастка ў легендзе пад літарай "i" пака заны "Гарадскі астрог".

Паводле "Будаўнічага Статуту Расійскай Імперыі" [6] ў частцы патрабаванняў для турэмных будынкаў і астрогаў, такія будынкі ў абавязковым парадку павінны былі абносіцца сцяной, прычым мураванай. Як часовая з'ява ў цэнтральных губернях дапускаўся драўляны частакол (у заўральскіх і сібірскіх губернях мураваная сцяна не была абавязковай). На плане 1842 года ўчастак, заняты пад астрог быў абнесены мураванай сцяной [7], ці была такая сцяна на момант пабудовы, або гэта быў частакол, устанавіць не ўдалося.

На плане 1842 года відаць што астрог складаўся з двух будынкаў рознага памеру. З паўднёвага боку - двухпавярховы мураваны будынак з камерамі для вязняў. Паводле "Будаўнічага Статуту Расійскай Імперыі" абавязковай умовай для памяшканняў з камерамі для вязняў [8] была наяўнасць мураваных перакрыццяў са скляпеннямі (у тым ліку і са скляпеннямі на швелерах-рэйках). Праект двухпавярховага будынка астрога ў горадзе Ліда прадугледжваў драўляныя перакрыцці. Праз Ліду тады яшчэ не праходзіла чыгунка, а дастаўка коньмі рэек-швелераў з бліжэйшых станцыі Гародні або Вільні была звязаная са значным падаражэннем такога будаўніцтва.

Будынак на паўночным баку ўчастка пазначаны на генплане 1869 года і ўключаны ў эксплікацыі як мураваны вартавы дом з трыма пакоямі [9]. У цяперашні час гэты будынак на ўчастку адсутнічае. На тым жа плане быў пазначаны "новазбудаваны мураваны будынак кухні, пральні, лазні і склада. Гэты будынак часткова адпавядаў аднаму з будынкаў, які існаваў да 2010 года.

Фактычна дакументальна недзе каля 1869 года Лідскі астрог перастае існаваць, а комплекс яго будынкаў пачынае называцца Лідскі турэмны замак.

У 1992 годзе Дзяржаўна-камерцыйнае кіраванне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў архітэктуры Гарадзенскага аблвыканкама зрабіла капіяванне матэрыялаў па гісторыі архітэктуры Гарадзенскай вобласці ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве ў Маскве. Былі вывучаныя матэрыялы па "Перабудове Лідскага турэмнага замка Гарадзенскай губерні 1869 года" [10]. Былі зробленыя выпіскі з чарцяжоў планаў "А" і "Б" турэмнага замка і эксплікацыя. План "А" з'яўляўся генпланам усяго ўчастка, на якім быў зафіксаваны двухпавярховы мураваны будынак, аднапавярховы мураваны будынак з паўночнага боку ўчастка і новы аднапавярховы з усходняга боку ўчастка. На плане "Б" былі адлюстраваныя праектны план новага мураванага аднапавярховага будынка для Лідскага турэмнага замка.

Да 1869 года з усходняга боку ад двухпавярховага аб'ёму збудавана аднапавярховы цагляны будынак для гаспадарчых мэт (будынак кухні, пральні, лазні і склада) з усходняга боку ўчастку, а пазней да канца 19 стагоддзі, на адлегласці 8 м на ўсход яшчэ адзін. Падчас рамонтаў 1903-1908 гадах будынка злучыліся цаглянай прыбудовай, утварыўшы адзіны аб'ём.

У 1903-1908 гадах колішні комплекс будынкаў Лідскага астрога, а цяпер Лідскай турмы падвяргаўся рамонту, што відаць з двух каштарысаў, якія захоўваюцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў горадзе Вільні. Не выключана, што менавіта ў гэты перыяд драўляныя перакрыцці двухпавярховага будынка былі замененыя на мураваныя са скляпеннямі на рэйках-швелерах. Тады абсалютна лагічнай з'яўляецца датыроўка Лідскага БТІ "1908 год" - у практыцы падаткавыя інспектары датавалі пабудову часта па даце апошняга рамонту або перабудовы. У гэтыя гады аднапавярховы мураваны будынак быў абкладзены характэрнай жоўтай цэглай.

У Лідскай турме сядзелі ў зняволенні ўдзельнікі рэвалюцыйных падзей 1905-07 гадоў. У польскі перыяд доследны аб'ект зваўся "Турма на Каменцы" або проста "Каменка". 21 верасня 1933 года тут быў павешаны Манькоўскі Міхаіл Міхайлавіч, 56 гадоў, прыгавораны 20 верасня Віленскім вайскова-палявым судом да смяротнай кары за выведніцкую дзейнасць на карысць СССР. У 1936 годзе тут утрымоўваліся ў зняволенні найболей актыўныя ўдзельнікі штрайку на фабрыцы "Ардаль" і шклозаводзе "Нёман". Так у чэрвені 1936 года тут утрымоўвалася адразу каля 70 рабочых шклозавода "Нёман".

У гэты час справа ад уваходу на вуглу стаяла вартавая вышка. Вышка была мураваная, са шкляной страхой і зашклёнымі бакавымі шыбамі. Вартавы быў захаваны ад ветру і мог бачыць двор і тэрыторыю за сцяной. Выгляд вежы захаваны на адным з малюнкаў.

У канцы 30-х і пры "Першых саветах" турма на Каменцы выкарыстовалася па прызначэнні. Прынамсі Анатоль Кулеш, 1927 г.н. памятае, што ў 1940 годзе на вышцы стаяў вартавы. Хлопчыку запомніўся штык, які пабліскваў у месяцавым святле. Пры "Першых саветах", відаць, быў пабудаваны і бар (на схеме пазіцыя 11).

Сцяна вакол турмы была рассунута і ахапіла значна большую плошчу, чым тая якая прадугледжвалася для астрога. Паводле Анатоля Куляша ўся сцяна была складзена з аднатыпнай цэглы. Трэба думаць, што вартавое памяшканне, лазарэт, карцар, вышка і сцяна будаваліся ў адзін час, падчас капітальнага рамонту 1908 года.

Пра турму ў час вайны даюць уяўленне ўспаміны польскага афіцэра Драмовіча, якому давялося там сядзець:

"У вязненні на Каменцы

І вось Вольф аднаго ранку паведаміў мне, што заўтра а 10-й гадзіне я павінен быць ў Кайлера ў гэбітскамісарыяце. Я папытаўся, з якой мэтай. Ён адказаў, што не ведае, мусіць, і фактычна не ведаў. Калі ў вызначаны час наступнага дня я прыйшоў у пакой-пачакальню перад вядомым мне ўжо з даўна абшырным кабінетам Кайлера (калісьці былі гэта школьныя класы, цяпер трохі пераробоеныя, маёй гімназіі), дзверы кабінету прыадчыніліся, і я адразу каля вялікага стала з некальнімі крэсламі пры акне заўважыў двух рослых нямецкіх жандармаў у касках, з вісеўшымі на грудзях бляхамі.

- Гэта той! - сказаў Кайлер і, зрабіўшы невялікае паўкола, усеўся за бюро і пачаў нешта там пісаць. Жандармы падышлі да мяне. адзін з іх адазваўся па нямецку: "Bist du Verhaftet" ("Ты арыштаваны"), а другі пачаў мяне абмацваць і абшукваць кішэні. Забралі мае дакументы і дробныя прадметы асабістага ўжытку, з педантызмам расклалі на стале. Пасля чаго жандарм сказаў мне ісці з ім. Рабілася ўражанне, што ўсё, што датычыла маёй асобы, было ўжо перад тым дакладна абгаворана і падрыхтавана. Я асабіста быў дзіўна спакойны і зусім не зламаны гэтым неспадзяванным арыштам. Пасля вываду мяне з будынка гэбіткамісарыяту, ідучы ў суправаджэнні двух жандармаў, я жадаў толькі сабе, каб нехта знаёмы мяне заўважыў і мог паведаміць найбліжэйшым пра мой арышт. Нажаль, на ўсім адносна кароткім маршруце, які ішоў проста да турмы на Каменцы каля вул. 3-га Траўня, я не ўбачыў нікога са знаёмых.

Пара моцных удараў ботам жандарма ў жалезную браму, і акенца "жыдок" адкрылася, а праз хвілю са скрыгатам ключа адчыніліся дзверы ў браме. Каля ўзброенага карабінам нямецкага ахоўніка стаяў ужо нейкі сяржант з ТОДТ-а з моцна пасівелым на скронях воласам, катораму адразу з адпаведнай суправадзілаўкай перадалі мяне жандармы, і самі адразу пайшлі. Вартаўніком, які праводзіў мяне праз вартоўню да турэмнай камеры, як пазней аказалася, быў бельгіец, які нават слаба размаўляў па-нямецку і ўцэлым быў непрыхільна настроены да немцаў, якія мабілізавалі яго некалькі месяцаў перад гэтым.

Маленькая камера з нарамі з дошак. На іх складзены два коцы (байкавыя коўдры). Столік на металічных ножках, а збоку табурэтка. У куце прымітыўны мыцельнік. Вялікі бляшаны збан і два старыя вядры. Высока ўгары закратаванае акенца - адзіная слабая крыніца святла. Вартаўнік-бельгіец ужо на ўваходзе з'арыентаваўся, што мае дачыненні з палякам, трохі як бы польшчыў, нешта там ламанай нямецкай мовай гаварыў, што мы знайходзімся ў падобнай сітуацыі, і адыходзячы абяцаў мне заўтра раніцай прынесці снеданне. Заскрыгатаў ключ у замыканай камеры, а я разаслаўшы коцы, лёг на нары і пасля некалькіх хвілін хаатычных роздумаў заснуў.

Мой побыт у вязніцы, пакуль яшчэ кароткі, не ўвёў мяне ў стан прыгнечанасці, або занепакоенасці пра мой далейшы лёс. Усё ж немцы ў адносінах да мяне не маюць ніякіх абцяжвальных довадаў. Да цвёрдай пасцелі і халодных начэй я прывык яшчэ ад вераснёвай кампаніі 1939 года. Турэмны паёк: кава, кавалак чорнага хлеба, нейкі там суп - Бог ведае чым запраўлены - а да таго дзве кароткія прагулкі на працягу дня ў суправаджэнні гаваркога, але, наогул, прыемнага вартаўніка - бельгійца. Ад яго даведаўся, што адзіным вязнем на тэрыторыі ўсёй турмы ў сапраўднасці з'яўляюся толькі я. Астатнія, гэта хутчэй не вязні, а габрэі - работнікі, можа з дзвесці чалавек, якія днём агулам працуюць у горадзе, а на ноч пад наглядам вартаўнікоў (бельгійцаў, галандцаў і немцаў пажылога ўзросту) вяртаюцца ў турму, каб пераспаць у тым вось бараку, які знайходзіцца пасярод турэмнага пляцу, а наступнаю ранняй гадзінай зноў рушыць на працу.

Ужо падчас маёй першай прагулкі бельгіец прыадчыніў дзверы барака, каб паказаць мне тую начлежку. Унутры барак на абодва яго бакі запаўнялі два рады дошак, пакладзеных адна пры другой па ўсёй даўжыні барака. На дошках ляжалі ў беспарадку часткі вопраткі, нейкія скруткі, лахманы. Тут могуць, як казаў мне з усмешкай бельгіец, маладыя яўрэі (паколькі большасць з групы працоўных яўрэяў складала моладзь абоега полу) гізаваць узаемна цэлую ноч. Бо з-за недахопу месцаў спяць адно пры другім, як сардыны ў бляшанцы.

- Яны ўжо ведаюць, што іх чакае, то на астатак няхай сабе пажывуць! - жартаваў вартаўнік.

Калі я спытаў, колькі ў прынцыпе ёсць тых вартаўнікоў у турме і то рознай нацыянальнасці для нагляду за такой вялікай колькасцю яўрэяў, бельгіец адказаў, што не шмат, можа з дванаццаць, не лічачы людзей, занятых на кухні і ў майстэрні, якая зараз не працавала.

Я хацеў хоць раз убачыць тых яўрэяў, якія ішлі на працу або з працы. Можа заўважыў бы там каго-небудзь са знаёмых яшчэ са школьных гадоў. Разам з тым, так складвалася, што я ў гэты час знайходзіўся ў замкнёнай камеры, і толькі раз да маіх вушэй дайшла гаворка і воклічы яўрэяў, якія вярталіся з працы.

Праз некалькі дзён ад пачатку майго ўвязнення, недзе так у поўдзень, калі я ў суправаджэнні майго вартаўніка адбываў сваю парухвілінную прагулку па турэмным пляцы, у праходзіўшым міма мяне беларускім паліцыянце ў чорным мундзіры і нямецкіх сапёрскіх ботах я пазнаў малодшага брата маёй таварышкі з гімназіі, поўненькай і сімпатычнай бландынкі. С. Р. Праходзячы каля мяне гэты паліцыянт уціснуў мне ў руку змяты шматок паперы разам са словамі: "Чакаю адказу адразу".

Мінула хвіліна, і калі мой вартаўнік-бельгіец зацікавіўся нейкай варонай, якая падскоквала і кульгала на краі пляцу, зірнуў у паперку: "Хочам пану дапамагчы з уцёкамі. Ці вы згодныя?" - напісаў нехта тоўста алоўкам. Паперку я адразу схаваў у кішэню, бо і бельгіец прыблізіўся да мяне выразна развяселены.

- Быў ды добры бульён, бо птушка была тлустая, але, хоць кульгавая, паляцела за мур! - пажартаваў дзе па-польску, дзе па-нямецку.

Я тым часам абдумваў змест цыдулкі. Каб хаця гэта не правакацыя? Хто яе прыслаў? Але перш за ўсё гэта паляк і ведаў мяне па сольных, дэкламатарскіх выступленнях на школьнай эстрадзе.

Калі мы ўжо ў трэці раз абходзілі драўляны барак - яўрэйскую начлежку, я заўважыў паліцыянта, які ішоў у нашым кірунку. Мінаў нас, і я, гледзячы яму ў вочы, кінуў адно слова: "Згода."

Наступнага дня, недзе так пад абед у дзвярах маёй камеры заскрыгатаў ключ. На гэты раз дзверы адчыніў не бельгіец, а сам начальнік турмы, таўставаты і сіваваты сяржант ТОДТ-у.

- Да цябе госці! Пайшлі за мной, - буркнуў коратка.

Я прыгладзіў валасы і рушыў уніз сходамі за немцам у вартоўню. Ужо праз прыадчыненныя дзверы згледзеў маю гаспадыню, паню К. і яе сястру панну В. Прывіталі мяне вельмі сардэчна. Але толькі словамі, бо сяржант не дазволіў ім да мяне наблізіцца, а прынесеную імі куртку і пачак з правізіяй сам мне ўручыў. Быў пры тым яшчэ настолькі стрыманы, што не грэбаўся ў тым пачку, а можа і таму, што сам так-сама атрымаў ад пані К. нейкі значны пакунак, найпраўдападобна з прадуктамі.

У нямецкай вартоўні мы ўселіся насупраць на шырокіх лавах. Раздзяляў нас стол з тоўстай бляхі. Сяржант стаяў збоку і прыслухваўся да нашай размовы, хоць, з пэўнасцю можна сказаць, не шмат у ёй разумеў.

Размова ў прысутнасці немца ў нас неяк не клеілася. Пані гаварылі мне, што з цяжкасцю атрымалі пропуск у гэбітскамісарыяце на спатканне са мной. Прычым самым грунтоўным аргументам было тое, што затрымалі мяне ў адным пінжаку. А мне патрэбна нейкая цяплейшая вопратка, бо ночы халодныя, і днём часта яшчэ бывае холадна. Панна В. была выразна змяртвелая ад страху, але суцяшала мяне, што напэўна неўзабаве мяне выпусцяць, бо я канешне ні ў чым не вінаваты, ды і турма, у якой я аказаўся, не такая і суровая, як тая другая пры вуліцы У. Сыракомлі, дзе сямейнікам вязняў наогул не даюць пропускаў на спатканне. Я са свайго боку дзякаваў ім за памяць і добрае сэрца, прасіў, каб перадалі прывітанне і супакоілі брата, а таксама, каб яму паведамілі, што я пачуваюся тут не згорш. Я сам хвілямі задумваўся, чаму мяне памясцілі якраз тут, каля паказной групы яўрэяў, прызначаных - як усё часцей чулася і паўтаралася - да ліквідацыі. А можа турма на Сыракомлі ўжо так перапоўнена, што ўласна я ёсць тым першым у чарзе на засяленне турэмнага будынка пры вул. 3 -га мая на нова, хаця было звыш відавочна, што ён вымагаў генеральнага рамонту.

У адрывачнай плыні слоў мне было цікава даведацца, адкуль пані дазналіся пра маё ўвязненне. Не пачуў яшчэ на гэта адказу, як у дзвярах вартоўні ўбачыў майго ахоўніка-бельгійца ў таварыстве нейкага немца, апранутага па-тырольску ў батфордах, паляўнічай куртцы і зялёным капялюшыку з пяром на галаве. Гэты тырольчык размахваў перад носам сяржанта нейкім пісьмом. Хацеў спаткання з вязнем, г.зн. са мной з мэтай заслухвання - размовы і сам-насам. Захоплены знянацку з'яўленнем тырольчыка, сяржант нават не пазнаёміўся са зместам, мільгаўшага ў яго перад вачыма пісьма і адразу даў мне знак, каб выйшаў з вартоўні на падворак, дзе тырольчык, узяўшы мяне за локаць, правёў цераз пляц аж пад турэмны мур і толькі тут, да майго здзіўлення абазваўся па-польску:

- Пан павінен уцякаць і цяпер!

- Як гэта? - я паглядзеў на яго з недаверам, - якім спобабам гэта зрабіць? Акрамя таго пані засталіся ў вартоўні.

- Нічога ім не будзе. Пайшлі да той бяздзейнай вартавой вышкі! - падагнаў мяне тырольчык.

Драўляныя дзверы ў мураванай вышцы былі забіты цвікамі наглуха. Спрабуем іх вырваць голымі рукамі. Марна, дзверы ані здрыгануліся. Чым бы іх тут падважыць? Аглядваемся навокал і амаль адначасова бачым нешта блішчастае на зямлі паблізу ад барака - гэта кінутая некім з работнікаў кірка. Цяпер уціснутым у паз вастрыём выважваем дзверы. Мураванае нутро вежы-галубятні без лесвіцы цалкам пустое, толькі ўнізе напоўненая чорнай вадой. Не вядома якой глыбіні: уверсе падзабруджаны шкляны дашак ў выглядзе стажка. У адной з трохкутных рам некалькі выбітых шыбак.

З адтулін па шыбах на часцёва пакрышаную цагляную сцяну вышкі падае сонечная смуга святла.

Уцячы можна толькі цераз дашак. Толькі як туды дабрацца? І тут у той сонечнай смузе бачым тырчаўшыя тут і там паміж цаглінамі вялікія паржавелыя цвікі, якія засталіся ад зліквідаванай драўлянай лесвіцы, што вяла даўней да зашклёнай будкі, якая была назіральнай пазіцыяй турэмнага ахоўніка. А таму будзем узбіраца па цвіках аж да збаўнага, зашклёнага дашка.

- Няма часу! - тыролец ужо злёгку папіхаў мяне ў кірунку сцяны, дзе тырчалі паміж цаглінамі вялікія штыры. - Толькі глядзі, каб не ўпаў ! - чую за сабою яго голас і сухі трэск зачыненых дзвярэй.

Абапёршыся плячыма аб сцяну паволі, ступня за ступнёй пасоўваюся па няроўным камяністым краі фундамента. Пада мной яма, напоўненая чорнай, як смала вадой з нерухома леглымі на яе паверхні некалькімі жоўтымі надгнілымі лістамі клёну. Асцярожна хапаю пальцамі, а потым усёй далонню спачатку адзін, а потым другі цвік, спрабуючы, ці досыць моцна тырчаць у муры. Нязначны нахіл тулава ўлева і другая выцягнутая рука хапаецца за тырчаўшы некалькі вышэй цвік. Цяпер цалкам на вясу прыляпляюся да сцяны, і адначасова шукаю апору для сваіх ног у шчылінах і няроўнасцях месцамі пакрышанай цэглы Выцягнутыя рукі згінаюцца і выпрамляюцца па-пераменна, падымаючы ўвесь мой корпус на тыя некалькі сантыметраў уверх. Ціск пашчарбаных плешак цвікаў на далоні, з якіх адна ўжо крывавіць, што раз мацнейшы, але болю не адчуваю. І тут нейкі штыр, сыпнуўшы скрушанай вапнай вывальваецца са сцяны. У апошнюю хвілю хапаюся далонню за іншы цвік, на шчасце моцна ўбіты у шчыліну між цаглін і міма волі паглядаю ўніз у цёмную пашчу невядома на колькі глыбокай вады, запоўніўшай чэрава галубятні. Яшчэ пару хватаў, рухаў тулава і... нарэшце чапляюся за адну з бэлек, якая служыць асновай і апорай для шклянога дашка вышкі. Цяпер адной рукой адхіляю рухомую трохкутную раму зашклёнага дашка, уціскаю пад яе галаву і ўжо грудзямі ўспіраюся на бэльку, што атачае мур вартавой вышкі. Нада мной віднеецца чыстае блакітнае неба, чуцён лёгкі і свежы павеў ветру, а ніжэй расцягнулася зялёныя прастора агародаў, дзе над адным з загонаў завіхаецца сагнутая жанчына у каляровай хустцы на галаве. Гляджу ўніз. Там пад вышкай стаяць два маладыя хлопцы. Убачылі мяне і адразу паўголасам клічуць, каб скакаў на землю.

-Высока! - адказваю - Прынясіце які канат, шнур.

-Няма часу, скачы, падтрымаем!

Прапускаю ногі праз шчыліну паміж фрамугай і дашкам, які ціснуў мне на плечы. Бачу яшчэ выпрастаную постаць жанчыны, якая жагнаецца на голас і ўжо напалову з вісу спадаю на землю, дзе хлопцы прытарможваюць цяжар майго цела. З падзення на калені падхватваюся адразу, а хлопцы ўзялі мяне пад рукі і выправадзілі з агароду праз нейкую дзірку ў плоце з драцяной сеткі. Пасля, віляючы паміж забудовамі, мы дабраліся да чыгуначнага пераезду і праз пару хвілін аказаліся ў густа застаўленай домікамі і агародамі чыгуначнікаў Слабадзе."

Як відаць з успамінаў, турма падчас вайны была ў некалькі занядбаным стане, прынамсі вартавая вышка не функцыянавала. Аднак у 1941-44 гады турма выкарыстоўвалася немцамі. Існуе распаўсюджанае меркаванне, што на турэмным двары праводзіліся расстрэлы.

У 1947-51 гадах тут знаходзілася дзіцячая працоўная калонія для малагадовых злачынцаў. Тут збіралася беспрытульная моладзь з усяго Савецкага Саюза.

З 1951 года ў гэтым будынку размяшчаліся дапаможныя службы лідскай турмы (пакоі для варты, сталовая, пральня), а з 1964 года адміністрацыйныя і дапаможныя памяшканні Лідскай друкарні, паколькі ў 1964 годзе ўвесь былы комплекс гарадской турмы быў перададзены Лідскай друкарні, якая займае яго і зараз.

У 1965 годзе ў будынках быў праведзены рамонт (адпаведныя дакументы захоўваюцца ў бухгалтэрыі Лідскай друкарні) і прыстасаванне памяшканняў пад друкарню. Была знесена сцяна і ўваход з аркай. Паступова двухпавярховы будынак аброс прыбудовамі, быў пабудаваны аднапавярховы будынак пад гараж і склад.

Падчас падрыхтоўкі да "Дажынак-2010" у Лідзе было праведзена дасканалае абследаванне аб'ектаў Лідскай друкарні і ў першую чаргу аднапавярховага будынка, гісторыя якога пачынаецца з 1869, і які аказаўся ў найбольш дрэнным стане. Асаблівыя ўмовы эксплуатацыі гэтага будынка на працягу многіх дзесяцігоддзяў - пральня, кухня, сталоўка - прывялі да таго, што сцены літаральна згнілі. Былі выпрацаваны рэкамендацыі наступнага зместу:

"Прымаючы ва ўвагі тую акалічнасць, што будаўніцтва турм і астрогаў выконвалася паводле "Будаўнічага Статуту Расійскай Імперыі", у частцы будынкаў дадзенага тыпу, "Гарадскі астрог" у г. Лідзе пабудаваны паводле палажэнняў дадзенага дакумента. Досыць поўнае ўяўленне аб ім можна атрымаць з плану г. Ліды 1842 года.

Простая функцыянальная схема збудавання забяспечвалася прастакутнай у плане тэрыторыяй з высокім плотам і двума будынкамі. Асноўны двухпавярховы (для ўтрымання зняволеных) размяшчаўся ізалявана ў цэнтры ўчастку, што забяспечвала для варты надзейную ахову людзей., якія знаходзіліся ў ім.

Пабудова аднапавярховага доследнага аб'екта паслужыла пачаткам паступовага разбурэння першапачатковай планіроўнай схемы комплексу, а ўлічваючы прастату архітэктурнага рашэння пабудовы, пачала мяняцца важная горадабудаўнічая сітуацыя ў гэтым раёне (уезд з боку Губернскага горада Гародні).

Значным этапам пагаршэння паслужыла размяшчэнне ў былой турме Лідскай друкарні.

Захаваны аб'ект гістарычна-культурнай спадчыны (двухпавярховы будынак) "аблеплены" прыбудовамі гаспадарчага прызначэння, а краявідныя перспектывы, якія адкрываюцца з пабудаванай над чыгункай эстакады, канчаткова абвастрылі горадабудаўнічую сітуацыю на ўездзе ў цэнтр горада.

Рэкамендуецца:

1. Захаваць ролю аб'екта гістарычна-культурнай спадчыны ў будынка № 23 па вул. Ленінская, у г. Лідзе (двухпавярховы) у навакольнай забудове вуліцы.

2. У перспектыве змяніць функцыю аб'екта, вызваліўшы яго ад прыбудоў, зрабіць рэканструкцыю.

3. Доследны аднапавярховы будынак, які хоць і меў адносіны да першапачатковай гістарычнай функцыі комплексу і аднолькавы паштовы адрас, не лічыць гістарычна-культурнай каштоўнасцю, бо ён будаваўся ў некалькі этапаў па меры ўзрастання ўтылітарных патрэбнасцяў турмы, архітэктурна асобныя аб'ёмы будынка не ўвязаныя паміж сабой і супярэчаць першапачатковай пабудове дадзенага тыпу будынкаў.

4. У выпадку атрымання ў Міністэрстве культуры дазволу, зрабіць разборку доследнага аднапавярховага будынак (па просьбе ўладальніка і ўлічваючы дрэнны тэхнічны стан) як першы этап рэканструкцыі комплексу.

5. Пры выкананні добраўпарадкавання тэрыторыі якая вызвалілася пазначыць брукаваннем або зялёнай загараддзю страчаную агароджу ў межах гістарычных памераў, прадстаўленых на чарцяжы стратыграфіі аб'екта." [11]

Рэкамендацыі былі выкананы ў частцы, прадугледжанай на першы этап. Аднапавярховы будынак былога Лідскага астрога другой паловы 19-га стагоддзя быў знесены. Ад астрога застаўся толькі двухпавярховы будынак, у якім зараз размяшчаюцца асноўныя вытворчыя магутнасці Лідскай друкарні.



[1] РДВГА, Масква, фонд 1243, воп.11, справа 23, аркуш 12аб.

[2] Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў у Маскве (далей РДВГА),фонд 846, вопіс 16, справа 21529, частка 3, аркуш 49.

[3] Крауцэвіч А.К. Гарады i замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст. Мінск, 1991, ст. 100.

[4] Там жа, с. 99.

[5] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў горадзе Гародні, фонд 11, вопіс 6, справа 297, аркуш 2.

[6] Будаўнічы Статут Расійскай Імперыі. Спб 1891, дадатак X, с. 11.

[7] РДВГА, Масква, фонд 1243, воп. 11, справа 23, аркуш 12 аб.

[8] Будаўнічы Статут Расійскай Імперыі. Спб 1891, дадатак X, с. 11.

[9] ИП Басов Е.П. Здания типографии г. Лида, ул. Ленинская, 23 Гродненской области. Объект 03.10 - КНИ. Комплексные научные исследования (изыскания). Исходные данные, пояснительная записка. Чертежи. Захоўваецца ў бухгалтэрыі Лідскай друкарні.

[10] РДВГА у Маскве, фонд 1956, вопіс 1, справа 15, аркуш 7.

[11] ИП Басов Е.П. Здания типографии г. Лида, ул. Ленинская, 23 Гродненской области. Объект 03.10 - КНИ. Комплексные научные исследования (изыскания). Исходные данные, пояснительная записка. Чертежи. Захоўваецца ў бухгалтэрыі Лідскай друкарні.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX