Вярнуцца: Эканоміка

ААТ Лідаграпраммаш - 60


Аўтар: Лісоўская Ганна,
Дадана: 13-08-2019,
Крыніца: Лідскі Летапісец. 2018. № 2(82). С. 14-19.



Ад рамонту ЗіЛ-оў да вытворчасці камбайнаў

Другое жыццё для ЗіЛ-а

У сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя стала зразумела, што час машынна-трактарных станцый (МТС), якія ствараліся для аказання дапамогі калгасам і саўгасам сельскагаспадарчай тэхнікай, праходзіць. Неўзабаве яны былі скасаваны. У Лідзе гэта паслужыла пунктам адліку гісторыі новага прадпрыемства. Паводле Пастановы Савета Міністраў БССР № 405 ад 13 чэрвеня 1958 года, у нашым горадзе на базе былой МТС быў створаны Лідскі аўтарамонтны завод - прадпрыемства па рамонце ЗіЛ-оў. Узначаліў яго Анатоль Дакукаў. Першапачаткова на прадпрыемстве працавала 250 чалавек. Аўтамабілі паступалі сюды на рамонт з заходніх рэгіёнаў СССР - Украіны, Прыбалтыкі, Малдовы, Бранскай і Смаленскай абласцей. З часам колькасць адрамантаваных ЗіЛ-оў стала дасягаць 300 адзінак у год.

У 1961 годзе прадпрыемства перайшло ў падначаленне Галоўнага кіравання рамонту і вытворчатэхналагічнага Рэспубліканскага аб'яднання Савета Міністраў БССР "Белсельгастэхніка". Адкрыліся новыя перспектывы. На заводзе з'явілася новае абсталяванне, металарэзныя станкі. Мадэрнізацыя прайшла паспяхова - ужо праз год аб'ём прадукцыі патроіўся, завадчане пачалі рамантаваць у два разы больш рухавікоў і ў сем разоў больш аўтамабіляў.

Са студзеня 1965 гады на рамзаводзе прыступілі да рамонту аўтамабіляў ЗіЛ-150, ЗіЛ-164, ЗіЛ-585 і іх агрэгатаў (да 1971 года гэты спіс папоўнілі ЗіЛ-130 і ЗіЛ-ММЗ-555).

Моцны гаспадарнік

У 1966 годзе кіраваць заводам быў прызначаны Юры Дулуб. За 15 гадоў ён ператварыў завод у квітнеючае прадпрыемства, на якім працавалі 1800 чалавек (а калі ён прыняў завод, было 400). Гэта пры Юрыю Дулубе пачала асфальтавацца тэрыторыя завода, былі пабудаваны шэсць 90-кватэрных дамоў на вуліцах Набярэжнай, Ігнатава, Качана і інтэрнат на 408 месцаў для працаўнікоў прадпрыемства, а таксама - дзіцячы сад-яслі на 280 ложкаў, піянерлагер на беразе Нёмана, набыта база адпачынку на беразе Чорнага мора, не кажучы ўжо пра развіццё вытворчасці.

Паступова пашыралася вытворчая база. Укараняліся новыя тэхналогіі, будаваліся новыя аб'екты. Калі ў 1969 годзе быў пабудаваны новы корпус плошчай 3,6 тысячы квадратных метраў, гэта стала сапраўднай падзеяй. Усярэдзіне новага корпуса размясціліся: галоўны канвеер зборкі машын, участкі разборкі і мыйкі аўтамабіляў, аддзяленні рамонту кабін і рам, кавальска-рысорны цэх, іншыя вытворчыя падраздзяленні, у тым ліку, фарбавальная і сушыльная камеры.

У лютым 1971 года пры заводзе адкрываецца Лідскае галаўное канструктарска-тэхналагічнае бюро "Союзсельгастэхніка". У гэтым жа годзе была атрымана тэхнічная дакументацыя на будаўніцтва ліцейнага комплексу прадукцыйнасцю 12,1 тысячы тон чыгуннага і каляровага ліцця ў год.

Пачынаючы з красавіка 1973 года, завод запрацаваў у новым рэжыме. Гэта было звязана са зменай структуры прадпрыемства. Цяпер у яго ўваходзілі пяць асноўных цэхаў: цэх аднаўлення і вырабу дэталяў (ЦАВД), маторарамонтны, разборкі і зборкі агрэгатаў, разборкі і зборкі машын, вырабу металаканструкцый. Гэта прывяло да ўдасканалення вытворчых працэсаў. У сярэдзіне 70-х на Лідскім аўтарамонтным заводзе ў год рамантавалі прыкладна 8,5 тысячы рухавікоў і каля 2 тысяч аўтамабіляў.

10 студзеня 1975 года ў новым ліцейным комплексе завода была праведзена першая выпрабавальная плаўка чыгуну.

У наступныя гады прадпрыемства расло і развівалася, многія працаёмкія працэсы механізаваліся, паралельна ажыццяўлялася рэканструкцыя самога завода. Былі ўведзены новы цэх зборкі аўтамашын, участак апрацоўкі і падзборкі рухавікоў, запрацавала аддзяленне дыягностыкі. З лістапада 1981 года па 1986-ты заводам кіраваў Тадэвуш Хітрун. У 1984 годзе адкрыўся новы дадатковы адміністрацыйны крпус. Тым часам на заводзе працавала 1445 чалавек.

Ліда-1300 - камбайн, які стаў легендай

1 кастрычніка 1985 года адбылася рэарганізацыя прадпрыемства: у выніку яго падзелу былі ўтвораны два заводы - ліцейна-механічны і аўтарамонтны. На аўтарамонтным (са снежня 1986 года яго ўзначаліў Рамуальд Гатоўка) працягваліся работы па мадэрнізацыі вытворчасці, укараненні новых тэхналогій. Тым часам на заводзе ажыццяўляўся капітальны рамонт аўтамабіляў ЗіЛ-130, рухавікоў Урал-375, ЗіЛ-130, ВАЗ, АЗЛК, ЛАЗ; праводзілася афарбоўка кузаваў легкавых аўтамабіляў; выпускалася новая тэхніка - культыватары, сеялкі, раскідвальнікі ўгнаенняў, гідразмывы для свінакомплексаў (на гідразмывы быў асабліва вялікі попыт, яны пастаўляліся па ўсім Савецкім Саюзе).

У 90-х гадах, у сувязі са стварэннем незалежнай беларускай дзяржавы і вялікімі зменамі, якія адбываліся ў эканоміцы, прадпрыемства ў сваёй дзейнасці павінна было ўлічваць змена попыту на адпаведныя віды прадукцыі і паслуг. А 4 кастрычніка 1993 года змяніўся яго статут, яно было ператворана ў адкрытае акцыянернае таварыства "Лідаграпраммаш". У гэты перыяд на заводзе быў наладжаны выпуск універсальных пнеўматычных сеялак СПУ-3 і СПУ-6, якія аказаліся вельмі запатрабаванымі на ўнутраным і замежным рынках. Таксама завадчане асвоілі шырокі асартымент рознай сельскагаспадарчай тэхнікі: бульбаўборачны камбайн, паўпрычэп трактарны самаскідны, раскідвальнік угнаенняў, збожжапагрузчык "Норыя", культыватары розных мадыфікацый.

У 1994 годзе пачынаецца новая веха ў гісторыі прадпрыемства. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў ААТ "Лідаграпраммаш" прыступілі да асваення сур'ёзнай тэхнікі - збожжаўборачных камбайнаў. Пры гэтым ставілася ўмова: збожжаўборачныя машыны не павінны саступаць па сваіх характарыстыках замежным аналагам, але пры гэтым быць больш даступнымі для спажыўца па кошце. Натуральна, адразу ж стаўка рабілася на супрацоўніцтва з вядучымі заходнімі вытворцамі. Найболей прывабныя ўмовы супрацоўніцтва прапанавала лідзянам міжнародная карпарацыя "CASE" (канцэрн "CASE New Holland" - адзін з найбуйных у свеце вытворцаў збожжаўборачных камбайнаў і будаўнічай тэхнікі). Першыя два ўзоры машын на базе "CASE-524" з'явіліся ў 1997 годзе, а праз два гады ў ААТ "Лідаграпраммаш" прыступілі да зборкі камбайнаў "Ліда-1300".

Новая збожжаўборачная тэхніка ад лідаграпраммашаўцаў літаральна адразу стабільна прапісалася на беларускіх палях. Гэтаму, у прыватнасці, спрыялі высокая прадукцыйнасць машыны, якасная малацьба, камфортныя ўмовы ў кабіне для камбайнёра. Сёння здаецца амаль неверагодным, што ў лімітава сціснутыя тэрміны (усяго за 3 гады) параўнальна невялікі калектыў - 842 працаўнікі - паспяхова асвоіў вытворчасць такой складанай тэхнікі. І, самае галоўнае, - вельмі запатрабаванай на той перыяд. Завадчане і сёння звязваюць гэты поспех з асобай дырэктара Рамуальда Гатоўкі.

Прадпрыемства асвойвала выпуск і іншай тэхнікі. Да прыкладу, на міжнароднай выставе "Белагра-2002" "Лідаграпраммаш" прадставіў адразу чатыры навінкі: сеялку для абганяльных культур, бульбакапалку і 2 плугі - трох- і пяцікорпусны. Цікавасць да прадукцыі прадпрыемства ў той час была проста велізарная. Укараненне перадавых тэхналогій і абсталявання ў разы павялічвала магчымасці прадпрыемства.

У 2003 годзе на ім працавала каля 800 чалавек і збіралася ад 2 да 4 камбайнаў у дзень. Кожны дзясяты камбайн на збожжавых палях краіны быў - Ліда-1300.

Стаўка на запатрабаваную тэхніку

У 2005 годзе прадпрыемства ўзначаліў Віктар Круглы. У 2006 годзе ААТ "Лідаграпраммаш" было адным з найболей стабільна працаваўшых прадпрыемстваў сельскагаспадарчага машынабудавання ў Беларусі і ўвайшло ў спіс найбуйных пастаўшчыкоў сельгастэхнікі на рынкі СНД. Пастаўлялася яна таксама ў шэраг еўрапейскіх краін, у Іран.

Да пачатку пасяўной кампаніі 2007 года на заводзе былі выпушчаны 588 сеялак. Асартымент сеялак увесь час пашыраецца самымі сучаснымі мадэлямі. У гэта ж час на прадпрыемстве выпускаюцца сельскагаспадарчыя машыны для жывёлагадоўлі. Ну і, плюс да ўсяго, 2007-мы стаў годам прарыву лідскіх камбайнаў на расійскі рынак.

Наступны, 2008-мы, год быў адзначаны пачаткам распрацоўкі новага, больш магутнага, збожжаўборачнага камбайна - "Ліда-1600". У 2009 годзе "Ліда-1600" ужо працавала на нашых палях. У гэтым жа годзе ў сельгаспрадпрыемствы Гарадзеншчыны было пастаўлена 100 такіх машын. Але гэтым спіс навінак не абмяжоўваўся. На прадпрыемстве ўжо працавалі над самаходным апырсквальнікам - машынай для ўнясення вадкіх угнаенняў з уражлівым размахам крылаў - да 24 метраў.

У наступныя гады ў ААТ працягвалася распрацоўка і наладжванне выпуску сельскагаспадарчых машын рознага прызначэння, якія не саступаюць сусветным аналагам. У гэтым важкую дапамогу аказвае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. На заводзе ўкараняецца сертыфікаваная сістэма мэнэджменту якасці вытворчасці сельска-гаспадарчых агрэгатаў у адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ ISO 9001-2009.

Прыярытэт - інавацыям

Сёння ў ААТ "Лідаграпраммаш", якім з верасня 2015 года кіруе Віталь Якубчык, вырабляецца больш 25 найменняў і тыпапамераў сельскагаспадарчых машын (апырсквальнік самаходны высокаклірансавы, апырсквальнік прычапны штангавы, збожжаўборачны камбайн "Ліда-1300", агрэгат глебаапрацоўчы пасяўны, сеялка пнеўматычная ўніверсальная, сеялкі дакладнага высеву, сеялка для ўнясення мінеральных угнаенняў, культыватары, бароны дыскавыя, касілкі, граблівалкафармавальнікі, трактарныя прычэпы, каток лугавы і іншыя). Дзесяць з іх не маюць аналагаў у краінах СНД. Высокая якасць прадукцыі прадпрыемства пацвярджае наяўнасць СЕ-маркіроўкі, што з'яўляецца пропускам на рынкі краін Еўрасаюза. У цэлым геаграфія паставак прадукцыі ААТ "Лідаграпраммаш" сёння даволі шырокая: Расія, Казахстан, Украіна, Балгарыя, Польшча, Чэхія, Славакія, Літва, Сербія, Ізраіль, Іран, Малдова, Грузія, Азербайджан, Арменія і г.д.

У ААТ "Лідаграпраммаш" распрацаваны прагноз развіцця на 2018-2030 гады. Ён накіраваны на станоўчы фінансавы вынік. У ліку першачарговых задач, рашэнне якіх дапаможа адкрытаму акцыянернаму таварыству стабілізаваць фінансава-эканамічны стан, - пошук новых эфектыўных рынкаў збыту, распрацоўка і асваенне новых відаў прадукцыі (у тым ліку - інавацыйных), укараненне перадавых тэхналогій, аснашчэнне вытворчасці самым сучасным абсталяваннем і іншыя.

Ад ВІА і "Паўлінкі" да "Аграмашаўца"

На прадпрыемстве заўсёды было насычанае грамадскае жыццё. Пра гэта кажа хоць бы такі факт: ніводны гарадскі агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці не абыходзіўся без творчага калектыва ААТ "Лідаграпраммаш" (аўтарамзавода). У розныя гады прадпрыемства на гарадскіх аглядах-конкурсах прадстаўлялі танцавальныя калектывы, ВІА, вакальныя мужчынскія і жаночыя групы, салісты-вакалісты. Вельмі папулярным быў жаночы клуб "Паўлінка". На заводзе працавалі спартовыя секцыі па валейболе, футболе, міні-футболе, лёгкай атлетыцы, водным турызме, спартовым турыстычным арыентаванні, водным спорце. Спартовыя каманды завода атрымлівалі шматлікія перамогі ў спаборніцтвах рознага ўзроўню - ад гарадскіх да рэспубліканскіх. Вялікую ролю ў грамадскім жыцці прадпрыемства іграе прафсаюзная арганізацыя, якую з 2011 года ўзначальвае Алена Місейка. Прафсаюз ажыццяўляе сваю дзейнасць у цесным звязку з кіраваннем кадравай, ідэалагічнай і арганізацыйнай працы, якім з 2016 года кіруе Андрэй Расенік. На прадпрыемстве працуюць першасныя арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын", БРСМ, ГА "Беларускае таварыства Чырвонага крыжа", савет калектыва фізічнай культуры "Аграмашавец".

У біяграфіі завода - іх імёны

У ААТ "Лідаграпраммаш" створана "Кніга народнай славы прадпрыемства". У яе занесены імёны тых, хто ў розны час працаваў на заводзе і без каго проста немагчыма ўявіць яго гісторыю. Гэта - кладаўшчык гатовай прадукцыі Зміцер Пазднякоў, слесары Іван Раманаў і Барыс Якаўлеў, аўтаслесары Іван Маліноўскі і Мікалай Шабоцька, майстар АГМ Франц Гальмонт, галоўны інжынер Анатоль Бязлепкін, слесар-рамонтнік АГМ Васіль Ашмяна, электразваршчык цэха зборкі арматуры Эдуард Алюшкевіч, загадчык матэрыяльных складоў Іван Касмач, майстар па ўсталёўцы тэхналагічнага абсталявання Аляксей Беразанскі, намеснік начальніка тэхаддзела Павел Сяргееў, прасаўшчыца Ірына Чура, каваль Міхаіл Бярэзін, мадэльшчык Мікалай Караткевіч, брыгадзір комплекснай брыгады Анатоль Вострыкаў, старшы інжынер па працы Ядвіга Шпак, старшы майстар маторарамонтнага цэха Ян Сургяневіч, старшы майстар Яўген Сарока, Леанід Клусевіч, дырэктар Рамуальд Гатоўка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX