Папярэдняя старонка: Эканоміка

Першыя аўтамабілі на Лідчыне 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 03-04-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Першыя аўтамабілі на Лідчыне // Наша слова.pdf № 14 (118), 3 красавіка 2024.

Спампаваць




Першае зафіксаванае ў прэсе здарэнне з удзелам аўтамабіля на гістарычнай Лідчыне адбылося 4 кастрычніка 1911 г.: «…каля 17-00 пані Чачот ехала на брычцы па дарозе Ліда - Вільня. Не даязджаючы Беняконяў, конь быў напалоханы аўтамабілем пана Вагнера з Вялікіх Салечнікаў, які абагнаў брычку без папераджальнага сігналу. Конь кінуўся ў бок, перавярнуў брычку, і пані Чачот была выкінута з яе на дарогу. Конь з брычкай без гаспадыні памчаўся ў бок мястэчка, дзе і быў злоўлены. Пані Чачот атрымала цялесныя пашкоджанні і не магла сама падняцца з зямлі, аднак кіроўца і пасажыры аўтамабіля не звярнулі на яе ўвагі», - пісала газета «Кур'ер Віленскі».

Першае зафіксаванае смяротнае здарэнне з удзелам аўтамабіля адбылося ўзімку 1918 г., газета «Гоман» паведаміла, што па дарозе Ліда - Гародня, каля Новага Двара, «конь, спужаны аўтамабілем, панёс і разбіў сані аб тэлеграфны слуп. Міліцыянт Якабсан зваліўся з санак і папаў пад аўтамабіль, каторы яго задушыў на смерць».

Першым вядомым мне аўтаўладальнікам на гістарычнай Лідчыне быў уладальнік маёнтка Гурнофель Альфрэд Бразоўскі. Вельмі цікава пра яго пісаў сын уладальніка Ішчалны Андрэй Брахоцкі: «У мае маладыя гады гаспадаром маёнтка быў пан Альфрэд Бразоўскі - стары кавалер. Ездзіў чацвёркай коней, зімой заўсёды са званочкамі, бываў паўсюдна, не прапускаў нічыіх суседскіх імянін і нават у сталым веку сябраваў з так званай «залатой моладдзю». Меў яшчэ нейкі іншы маёнтак у іншым павеце і яшчэ перад Першай сусветнай вайной купіў сабе аўтамабіль - хоць і ўжываны, але гэта быў першы аўтамабіль у Лідскім павеце. Усе балі ў акрузе былі яго, і часта пасля балю брычка Бразоўскага начавала ў канаве. Расказвалі, што для аўтамабіля трымаў двух шафёраў, а шыны ездзіў мяняць за 100 кіламетраў. У часы Першай сусветнай вайны ажаніўся з паннай Янкоўскай і адразу пасля вайны памёр, пакінуўшы адну дачку.

Хадзіла пра яго шмат анекдотаў, якія дасціпныя сябры ахвотна расказвалі. Ён з цікавасцю выслухваў анекдоты пра сябе і сам з іх першы смяяўся. У маёй памяці засталося некалькі такіх гісторый. Расказвалі, што ў маладосці ён некалькі разоў рабіў прапановы рукі і сэрца, але безвынікова. Адным разам у кавярні яму і яго пасіі падалі дзве філіжанкі кавы з вяршкамі ў адным гаршчочку з вушкам. Пан Альфрэд звярнуўся да панны з пытаннем, ці хацела б яна мець з ім адзін агульны гаршчок на ўсё жыццё. Тая адмовілася.

Іншым разам нейкі дасціпнік запэўніў пана Альфрэда, што ведае такі фокус: поўная шклянка вады будзе перавернута над яго галавой, а ён пры гэтым застанецца сухі. Пан Альфрэд сказаў, што гэта немагчыма. Тады жартаўнік прапанаваў паспрачацца на 100 рублёў - вялікія ў той час грошы. Памятаю, як наш улюбёны фурман, стары Юзаф, купіў сабе добрыя скураныя боты за 3 рублі. Пан Бразоўскі быў ашчадны і прапанаваў спрэчку на 1 рубель. Было гэта ў рэстаране, афіцыянт прынёс шклянку вады, якую штукар на вачах усяго рэстарана выліў на галаву пана Альфрэда. Пасля чаго, здзівіўшыся, сказаў, што фокус не ўдаўся, і заплаціў 1 рубель. На гэтым справа да задавальнення абодвух бакоў скончылася».

Вось такім чалавекам быў першы шчаслівы ўладальнік аўтамабіля на Лідчыне.


З-за невялікай колькасці механічнага транспарту аварыі з ім у 1920-х гг. здараліся не часта. Але аўтамабілі і матацыклы ўжо пачалі забіваць і калечыць людзей. Напрыклад, 2 ліпеня 1926 г. за чатыры кіламетры ад Ліды ў бок Вільні, разбіўся аўтамабіль памежнай аховы, паручнік Вяндлінскі загінуў, а кіроўца аўтамабіля атрымаў цяжкія раненні. І з часам падобных выпадкаў станавілася ўсё больш.

Польскі фіят-508.

І гэта пры хуткасці на нашых тагачасных дарогах, пра якую кажа той факт, што 25 верасня 1929 г. аўтамабіль прэзідэнта Польшчы Масціцкага на шляху з Наваградка ў Ліду суправаджаў эскадрон уланаў 25-га палка.

У лютым 1929 г. у Лідзе з'явіўся першы спецыялізаваны аўтамабіль пажарнай аховы. А пры канцы 1937 г. Лідскі аддзел Чырвонага Крыжа атрымаў першы ў Лідзе санітарны аўтамабіль для перавозкі хворых.

Мадыфікацыі фіята-508.

У траўні 1938 г. лідскія паштавікі атрымалі 5 аўтамабіляў маркі «Польскі фіят».

Паміж 1934 і 1936 г. свой стары «Авэрлэнд» на новы «Польскі фіят» змяніла ўдава генерала Кіпрыяна Кандратовіча Ада.

Вось як прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова, дачка лідскага павятовага доктара, якая жыла ў доме па сучаснай вуліцы 7-га Лістапада д. 4, ўспамінала пра аўтамабіль сваёй сям'і: «Праца павятовага лекара […] была цяжкая і знясільвальная, але праз некалькі гадоў бацькі набылі аўтамабіль; выязджалі з шафёрам (бацька не навучыўся кіраваць гэтым новым набыткам тэхнікі) у нядзелю на возера, часам у кампаніі знаёмых». Ужо ў сталым узросце Ірэна Стасевіч-Ясюкова зноў убачыла дом свайго бацькі, дом свайго дзяцінства: «Усё захавалася ў выдатным стане, у ідэальным парадку, як бы час затрымаўся на месцы. На падворку гараж для аўтамабіля, які запрашаў у нядзельныя выезды на Нёман; асфальтавы пад'езд да гаража, на якім мы гулялі ў мяч або ў гульню «ў класы» з нарысованымі крэйдай небам і пеклам». Праходзячы каля гэтага дома, я заўсёды гляджу на той гараж з вузкімі, якраз для «Фіята 508», варотамі.

Транспарту было няшмат, удзельнікі дарожнага руху не мелі добрай падрыхтоўкі, да таго ж амаль што не было кантролю паліцыі за дарожным рухам. Верагодна, таму паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху вызначаліся дрэнным выкананнем правіл: «Калі вы ездзілі аўтамабілем на нашых дарогах, дык ведаеце... як ігнаруюць усе правілы дарожнага руху вясковыя вазы. Таму з поўным разуменнем мы аднесліся да акцыі лідскага староства, якое звярнула пільную ўвагу на ўпарадкаванне руху на публічных дарогах. 12 ліпеня 1937 г. на галоўных дарогах каля Ліды была арганізавана аблава на «карсараў дарог», кіраваў аблавай сам стараста Міклашэўскі. Рэферэнт бяспекі ў старостве, маёр Арлоўскі, павятовы інжынер Дамброўскі, кіраўнік камісарыяту паліцыі Акаловіч на працягу некалькіх гадзін кантралявалі рух фурманак і аўтатранспарту на публічных дарогах. У выніку за парушэнні яны пакаралі 145 чалавек (за парушэнні правіл руху, адсутнасць нумароў, няправільную вупраж каня і г.д.). Таксама былі пакараны 40 шафёраў перапоўненых аўтобусаў».

У другой палове 1930-х гг. кардынальна змянілася стаўленне самых шырокіх слаёў насельніцтва да аўтамабіляў. Аўтамабіль стаў сімвалам тэхнічнага прагрэсу, а развіццё аўтамабілізацыі - сімвалам сацыяльнага прагрэсу, і таму ў 1937 г. з ініцыятывы дырэктара Купецкай гімназі піяраў Генрыка Жалігоўскага ў гімназіі паўстаў гурток аўтааматараў. У гурток запісалася каля 50 вучняў і некалькі настаўнікаў. У гуртку вывучалася канструкцыя аўтамабіля і атрымліваліся практычныя навыкі кіравання. Настаўніца Купецкай гімназіі Яўгенія Багуцкая першай сярод вучняў і настаўнікаў здала экзамены і атрымала аўтамабільныя правы.

Паштовы фіят.

У траўні 1938 г. Лідскі маторны клуб на агульным сходзе вырашыў пачаць будоўлю станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў: «Ліда да гэтага часу не мае станцыі тэхабслугоўвання. У кожным выпадку нават малой паломкі трэба ехаць у Вільню. Лідскі маторны клуб спадзяецца на фінансавую дапамогу самакіравання горада», - паведамляла прэса.


Пры канцы 1936 г. у Лідскім павеце было 27 асабістых аўтамабіляў, 4 грузавыя аўтамабілі, 6 аўтобусаў, 28 матацыклаў - разам 67 механічных транспартных сродкаў: «Ступень матарызацыі Лідскага павета ў Наваградскім ваяводства знаходзіцца на другім месцы, першае месца займае Баранавіцкі павет, які мае 95 механічных транспартных сродкаў, на апошнім месцы - Стаўпецкі павет, дзе ёсць толькі 16 машын (з іх 5 матацыклаў)», - пісала віленская газета «Слова». Спіс ўсяго матарызаванага цывільнага транспарту на Лідчыне ў 1936 г., падаю у канцы артыкула.


А зараз паглядзім, як фінансава цяжка ў тыя часы ў Заходняй Беларусі было ўтрымліваць аўтамабіль тым шчасліўчыкам, якія яго мелі.

Калі б можна было спытаць у тагачаснага лідскага аўтаўладальніка (які па азначэнні быў чалавекам не бедным), чаму ў нашым горадзе так мала аўтамабіляў, кожны аўтааматар адказаў бы адразу: «Бо кошт утрымання аўтамабіля вельмі вялікі». І змог бы падмацаваць свой адказ рахункам. За аснову для разлікаў аўтааматар узяў бы тагачасны самы танны легкавы аўтамабіль, які можна было свабодна купіць, а менавіта мадэль польскага фіата, так званую «пяцісотку» ці Polski Fiat-508 у розных мадыфікацыях. Трэба заўважыць, што кошт гэтага аўтамабіля амаль не адрозніваўся ад яго кошту на знешнім рынку, тады гэты аўтамабіль каштаваў 5400 злотых (самы танны з мінімальнай камплектацыяй рэкламаваўся за 4950 злотых) і столькі ж, крыху менш ці крыху больш, гэта мадэль каштавала ў тагачасных Італіі, Германіі і Францыі.

З прэсы 1930-х гг. [1], даведваемся, што жыццё тагачаснага аўтамабіля пры прабегу 15 000 км у год, складала 5 гадоў - як бачым, рэсурс быў зусім невялікі. Пасля 5 гадоў эксплуатацыі, аўтамабіль можна было прадаць за тыя самыя грошы, якія былі патрачаны на яго эксплуатацыю на працягу гэтага часу. Таму, каб кожныя 5 гадоў купляць новы фіят, трэба было адкладаць на новы аўтамабіль прыкладна 1000 злотых у год.

Пры гэтым, на працягу 5 гадоў трэба было купіць два камплекты шын, гэта значыць 8 шын і не менш за 16 камер. Самая танная шына для гэтага фіята каштавала тады 70 злотых, а камера - 10 злотых, разам - 720 злотых ці 144 злотыя ў год.

Рэклама «Шэўрале» у тагачаснай віленскай прэсе, кошт 7640 зл.

Самая танная цана за гараж, абслугоўванне і змазачныя матэрыялы - 50 злотых у месяц, за 5 гадоў гэта складала 600 злотых.

Рэклама фіята-508 у тагачаснай віленскай прэсе, кошт 4950 зл.

Дробны рамонт, замена некаторых дробных дэталяў, якія хутка зношваюцца, і розныя малыя выдаткі на ліквідацыю няспраўнасцяў - не менш за 20 злотых штомесяц ці 240 злотых у год.

Падатак на аўтамабіль складаў 42 злотыя ў год, а разам з выдаткамі на рэгістрацыю і штогадовае падаўжэнне рэгістрацыйных дакументаў, якое тады патрабавалася, яшчэ 60 злотых у год.

Усе гэтыя фіксаваныя выдаткі цалкам не залежалі ад колькасці пройдзеных кіламетраў. Адсюль, у штогадовым вымярэнні:

- кошт пакупкі аўтамабіля 1100 злотых у разбіўцы на 5 гадоў;

- гума 144 злотыя;

- гараж і абслугоўванне 600 злотых;

- дробны рамонт 240 злотых;

- падаткі і зборы 60 злотых.

Разам: 2144 злотыя ў год.

Другі артыкул выдаткаў - выдаткі, якія залежаць ад прабегу аўтамабіля. Яны складаюцца з выдаткаў на бензін і маторны алей. Маленькі польскі фіят спажываў у сярэднім 8 літраў на 100 км бензіну і 3 літры алею на 2500 км, бензін каштаваў 70 грошаў за літр, алей - 4 злотыя за літр. Пры прабегу 15000 км штогод, пайшло б 1200 літраў бензіну і 18 літраў маторнага алею - агулам 912 злотых.

Агульныя сумарныя штогадовыя выдаткі складалі б прыкладна 3060 злотых у год, ці 250 злотых у месяц.

Праз пяць гадоў за старую машыну можна было атрымаць 800 ці можа нават і 1000 злотых, але прынамсі столькі ж трэба было выдаткаваць на капітальны рамонт фіята на трэці год эксплуатацыі, гэтыя грошы кампенсуюць адны адных і могуць быць выдалены з уліковай сумы.

Такім чынам, мы бачым, што ўтрыманне самага таннага ў той час аўтамабіля абыходзілася амаль што ў 300 злотых у месяц.

І вельмі мала было людзей, якія маглі б выдаткаваць 300 злотых у месяц на задавальненне ад валодання аўтамабілем.

Трэба заўважыць, што калі кошт фіята - 5400 злотых - пакласці у банк, дык за пры тагачасных 5% можна было б атрымаць не менш за 1350 злотых на працягу 5 гадоў, г. зн. штогод з гэтай сумы можна было б мець 270 злотых прыбытку. У той час мала хто страхаваў аўтамабіль, аднак трэба ведаць, што страхоўка каштавала каля 500 злотых штогод.


У выпадку пакупкі больш вялікага аўтамабіля, напрыклад, форда, пры ўмове, што ён абышоўся б уладальніку бяспошлінна, трэба было б выдаткаваць каля 7000 злотых штогод. Штомесячны кошт з-за двайнога ў параўнанні з фіятам спажывання бензіну і алею, а таксама значна большы кошт гумы, тэхнічнага абслугоўвання і дробных выдаткаў, склаў бы мінімум 400 злотых штомесяц. Такія выдаткі мог сабе дазволіць толькі чалавек, які зарабляў не менш за 2000 злотых у месяц, а такіх людзей у той час было вельмі мала. Аўтамабільныя аглядальнікі лічылі, што ва ўсёй тагачаснай Польшчы мелася, можа, тысяча чалавек, якія могуць патраціць 400 злотых штомесяц на машыну, але не маглі ўжо дазволіць сабе 500 злотых. Таму, адзінай перашкодай для аўтамабілізацыі з'яўляўся выключна нізкі ўзровень даходаў насельніцтва.


Фіят не быў прыстасаваная для нашых тагачасных дарог, але, як пісалі адмыслоўцы, і ва ўсім свеце не было тады машыны для нашых дарог у катэгорыі 300 злотых у месяц, і таму гэтая мадэль не мела канкурэнтаў. Каля 60% тагачаснага еўрапейскага аўтапарку складалі менавіта аўтамабілі такога класу, але аўтааглядальнікі лічылі, што з гэтымі аўто чалавек не мог спазнаць сапраўднай радасці ад аўтамабіля і яго настрой уздымала толькі тое, што праз год пасля пакупкі фіята, яго ўладальнік мог сказаць сабе: «Добра, што я не купіў Форд ці Шэўрале, з такім цмокам я б збанкрутаваў!».


Што за аўтамабіль быў гэты «Польскі фіят»?

Легкавы аўтамабіль «Фіят 508» выпускаўся кампаніяй «Fiat» з 1932 г. Аўтамабіль быў абсталяваны 3-ступеністай каробкай перадач (з 1934 г. - 4-ступеністай), рухавіком аб'ёмам 955 куб. см, магутнасцю ў 20-24 к. с. (мадэль 508 S ужо мела магутнасць 30-36 к. с.). Аўтамабіль развіваў хуткасць да 80 км/г. Даўжыню аўтамабіль меў 3,67 м, шырыню - 1,33 м, а важыў толькі 760 кг. Усяго ў Еўропе было выраблена каля 113 000 такіх аўтамабіляў, большая частка з якіх на заводзе CWS у Польшчы. «Фіят 508» таксама выпускаўся ў Францыі кампаніяй SAFAF пад назвай Simca-Fiat 6CV.


І пры канцы трошкі пра даходы простага чалавека ў нашым горадзе. У красавіку 1938 г. «Кур'ер Віленскі» пісаў: «Заробкі рабочых у Лідзе наогул вельмі нізкія. Таму ўтрымліваць сям'ю, у якой працуе толькі адзін чалавек, які часта зарабляе меней за 2 злотыя ў дзень, надта цяжка». Сярэдні заробак у Заходняй Беларусі заставаўся ніжэйшым за заробкі ў заходняй частцы Польшчы.

Пры канцы 1930-х гг. у горадзе ўсталяваліся прыкладна такія цэны і заробкі: булка хлеба - каля 30 грошаў, 1 кг цукру - каля 1 злотага, 1 кг алею - 80 грошаў, 10 яйкаў - 10 грошаў, пачак запалак - 10 грошаў, 1 кг бульбы - каля 10 грошаў, мяса, ялавічына ці свініна - каля 1,5 злотых, малако - каля 20 грошаў за 1 л., вугаль каля 48 злотых за 1 т., мужчынская кашуля - каля 10 злотых, мужчынскі капялюш - каля 20 злотых, мужчынскія чаравікі - каля 15 злотых, цэгла - каля 40 злотых за 1000 шт., цэмент - каля 30 злотых за 1 т., друкарская машынка - 1 200 злотых, гектар зямлі каштаваў 500 злотых, карова - 100 злотых, пуд збожжа - 2 злотыя. Сярэдні дзённы заробак быў каля 2 - 3-х злотых, мінімальны - 1 злоты, высокі заробак - да 10 злотых. Кваліфікаваны рабочы на «Ардалі» атрымліваў 5 злотых, майстар - 10 злотых. На жніве ў дзень плацілі 2 злотыя, на копцы бульбы - 1 злоты. Зарплата настаўнікаў дасягала 200 злотых у месяц. Зразумела, што ніхто з гэтых людзей не мог нават марыць пра аўтамабіль.

Адначасова, напрыклад заробкі кіраўнікоў, адміністрацыі і працоўных заводакіравання «Ардаля» (абутковая фабрыка) пачыналіся ад 1 тысячы злотых у месяц. Гэтых людзей было мала, але якраз яны і маглі сабе дазволіць мець свой аўтамабіль.


Спіс аўтамабіляў і матацыклаў у Лідскім павеце, на 15 снежня 1936 г.

Рэгістрацыйны нумар

Від транспорту

Марка

Гаспадар

Месца знаходжання

1

79292

асабісты аўтамабіль

Fiat

Марачэўскі Уладзімір

Эйшышкі, Віленская 68

2

79062

асабісты аўтамабіль

Ford

Палячак Макс

Ліда, Сувальская, 91

3

79192

асабісты аўтамабіль

Chevrolet

Сацыяльнае забеспячэнне

Ліда, Сувальская, 83

4

79093

асабісты аўтамабіль

Overland Whippet

Сацыяльнае забеспячэнне

Ліда, Сувальская, 83

5

79021

асабісты аўтамабіль

Tatra

Лясковіч Вітольд

Маёнтак Філіпкі, Лідская гміна

6

9544

асабісты аўтамабіль

Fiat

Жалігоўскі Генрык

Ліда, Шаптыцкага, 8

7

9530

асабісты аўтамабіль

Fiat

Кабылінкая Халіна

Маёнтак Гарадэнка, Жырмунская гміна

8

79324

асабісты аўтамабіль

Ford

Ю. Столе

Гута шкла Нёмана

9

79316

асабісты аўтамабіль

Ford

Грузель Раман

Нёман, Беліцкай гміны

10

79310

асабісты аўтамабіль

Polski Fiat

Грабоўскі Рудольф

Ліда, Сыракомлі, 2

11

9482

асабісты аўтамабіль

Fiat

Макарэвіч Уладзімір

Ліда, Бярозавая, 21

12

79352

асабісты аўтамабіль

Steyer

Кіневіч Генрык

Маёнтак Бальцэнікі, Беняконская гміна

13

79134

асабісты аўтамабіль

Fiat

Ельская Яніна

Маёнтак і гміна Жырмуны

14

79366

асабісты аўтамабіль

Essex

Пупко Шымон

Ліда, Сувальская, 88

15

9550

асабісты аўтамабіль

Studebaker

Ардаль

Ліда, Фабрычная, 8

16

9568

асабісты аўтамабіль

Ford

Міцкевіч Станіслаў

Ліда, Варшаўская, 32

17

79249

асабісты аўтамабіль

Chevrolet

Заянчкоўская Александра-Генофа

Ліда, Пілсудскага, 13

18

79373

асабісты аўтамабіль

Ford

Галінскі Дамінік

Ліда, Мяніцкага, 5/14

19

9597

асабісты аўтамабіль

Chevrolet

Межва Ян

Ліда, Рынак, 3

20

9575

асабісты аўтамабіль

Overland Whippet

Кузян Зофья

Маёнтак Кір'янаўцы, Лідская гміна

21

79295

асабісты аўтамабіль

Chevrolet

Якевіч Станіслаў

Ліда, Мацкевіча, 47

22

79396

асабісты аўтамабіль

Polski Fiat

Кандратовіч Ада

Гародна, Жырмунская гміна

23

401

асабісты аўтамабіль

Fiat

Равінскі Станіслаў

Ліда, Гарнянская, 19

24

7939

асабісты аўтамабіль

Ford

Канаржэўскі Генрык

Ліда, Фалькоўскага, 19

25

79239

асабісты аўтамабіль

Ford

Дамброўскі Антон

Ліда, Варшаўская, 24

26

79395

асабісты аўтамабіль

Fiat

Краеўская Казіміра

Гута шкла Нёман

27

9505

асабісты аўтамабіль

Ford

Вольфганг Зыгмунт

Воранава, Лідскі павет

28

79301

грузавік

Chevrolet

Пупко Мейлах

Ліда, Сувальская (бровар)

29

79312

грузавік

Chevrolet

Зарэцкі Шлёма

Ліда, Фалькоўскага, 39

30

24884

грузавік

Ford

Бінкевіч Пётр

Ліда, Сувальская, 127

31

7935

грузавік

Chevrolet

Баркоўскі Міхал

Ліда, Сувалькая, 72

32

79135

аўтобус

Chevrolet

Апановіч Невах

Беліца, Лідскі павет

33

79177

аўтобус

Chevrolet

Школа Купецкая а. Піяраў

Ліда, Сувальская, 68

34

79349

аўтобус

Chevrolet

Пуйдак Вацлаў, Кругер Эдвард

Беліца, Лідскі павет

35

79003

аўтобус

Chevrolet

Кавальскі Берка

Радунь, Татарская, 3

36

79391

аўтобус

Polski Fiat

Аўтобусны кааператыў "Лідзянка"

Ліда, Замкавая, 4

37

79260

аўтобус

Studebaker

Вырваль Станіслаў

Ліда, 5-ты лётны полк

38

79226

аўтобус

Chevrolet

Раманоўскі Юзаф

Ліда, Сувальская, 109

39

9416

матацыкл

F.N.

Кс. Штэйн Чэслаў

Воранава, Лідскі павет

40

24870

матацыкл

Motocajer

Бердаўскі Гецель

Ліда, Мацкевіча 39

41

9485

матацыкл

Ariel

Антковяк Ян

Ліда, 77 п.п.

42

24885

матацыкл

Ariel

Бакавец Казімір

Ліда, 3-га Мая 61

43

9547

матацыкл

Norton

Даз Вільям

Ліда, 5-ты летны полк

44

9590

матацыкл

Sunbeam

Крыгель Юлівуш

Ліда, Сувальская, 72

45

38717

матацыкл

B.S.A.

Праўлоцкі Кейстут

Ліда, 11-га Лістапада, 4

46

9462

матацыкл

Royal Enfield

Ненартовіч Ян

Ліда, 17-га Красавіка, 20

47

9503

матацыкл

Ariel

Касоўскі Стэфан

Гута шкла Нёман

48

38628

матацыкл

Panther

Грейцюн Уладзіслаў

Ліда, 77 п.п.

49

9546

матацыкл

B.S.A.

Курганоўскі Алексы

Ліда, Мацкевіча, 37

50

403

матацыкл

Triumph

Рецько Юзаф

Навапрудцы, Лідская гміна

51

405

матацыкл

B.S.A.

Тоцін Эдмунд

Ліда, 5-ты лётны полк

52

1253

матацыкл

Niemen

Бердаўскі Гесель

Ліда, Мацкевіча, 39

53

1253

матацыкл

Puch

Комінч Юзаф

Ліда, Лётная, 49

54

58918

матацыкл

D.K.W.

Дзяркоўскі Францішак

Мыто, Васілішсая гміна

55

406

матацыкл

Niemen

Ражанскі Ёсель

Ліда, Сувальская, 12

56

9445

матацыкл

F.N.

Гаеўскі Вітольд

Ліда, 5-ты лётны полк

57

9519

матацыкл

F.N.

Дамроўскі Антон

Ліда, Варшаўская, 24

58

9584

матацыкл

Royal Enfield

Галік Вацлаў

Ліда, Калонія дзяржаўных дамоў

59

9405

матацыкл

Gillet-Hestal

Гаюн Аркадзь

Ліда, Сасновая, 23

60

9571

матацыкл з каляскай

Indian

Лявіцкі Александр

Ліда, Сыракомлі, 2

61

9437

матацыкл з каляскай

Harley-Dawidson

Казлоўскі Эдвард

Іўе, Лідскі павет

62

9554

матацыкл з каляскай

Harley-Dawidson

Арлоўскі Міхал

Ліда, Малая Дварцовая, 14

63

9481

матацыкл з каляскай

Matosacoche

Грывач Станіслаў

Ліда, 77 п.п.

64

9471

матацыкл з каляскай

B.S.A.

Лех Эдмунд

Эйшышкі, Вызвалення, 2

65

3085

матацыкл з каляскай

Harley-Dawidson

Ціхоўскі Юліян

Ліда, Фалькоўскага, 15

66

24877

матацыкл з каляскай

Harley-Dawidson

Раткевіч Казімір

Ліда, Райская, 70

67

9425

матацыкл з каляскай

Indian

Дварэцкі Мойша

Ліда, Камерцыйная, 1



[1] Гл. напрыклад: Stanisław Horwat. Ile kosztuje w Polsce utrzymanie samochodu? // Słowo. 1935. № 195.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX