Вярнуцца: Эканоміка

Лідская бойня Lida's slaughter cattle in the 19 century


Аўтар: Сліўкіна Н. ,
Дадана: 23-10-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец № 27-28.



Прадпрыемства па забоі жывёлы раней называлі бойняй. Ліда была славутая сваімі кірмашамі жывёлы, дазволенымі яшчэ каралём Жыгімонтам Вазай і Соймам Рэчы Паспалітай (1611 г.). У пачатку 20-га стагоддзя на лідскіх кірмашах прадавалася жывёлы на суму да 100 тысяч рублёў.

Першы дакумент, у якім згадваецца пра забой жывёлы ў горадзе, адносіцца да 1729 года, Кароль Аўгуст у прывілеі, які пацвярджаў магдэбургскае права гораду, папярэдзіў лідскіх яўрэяў, "каб хрысціян ад забояў жывёлы не адхілялі, але і самі з дазволу войта і бурмістра забоем жывёлы займаліся, а войту ад кожнай вялікай і малой жывёліны з кожнага забою давалі лапатковае" (НІАБ у Гародні. Ф. 1722, воп. 1, с. 96, арк 145). Відаць была скарга ад гарадскіх уладаў, і яна дайшла да караля. З прывілею выцякае, што забоем жывёлы можна было займацца толькі з дазволу войта і бурмістра, і ад кожнай забітай жывёліны належала ўносіць у скарб падатак - лапатковае.

У 1841 годзе горад спажываў 4180 пудоў мяса і 2100 вёдзер гарэлкі. (Улашчык М.М. Перадумова сялянскай рэформы ў Літве і Заходняй Беларусі. М. 1965, с. 398). У 1842 годзе пасля пажару сярод гарадскіх пабудоваў планавалася абсталяванне бойні, але дзе - няясна. У 1864 г. у горадзе тры гарбарні, якія выраблялі шкураў на суму да 6 тысяч рублёў.

З пратаколаў паседжанняў Гарадской думы за 1886 год (НІАБ у Гародні. Ф. 1564, воп. 1, с.5) вядома, што ў горадзе была бойня, размяшчалася яна ў межах горада, належала яўрэйскаму кагалу, "знаходзілася ў брудным стане і шкодзіла здароўю грамадзян". Каб палепшыць санітарны стан горада, бойню і сарціры Школьнага двара перанеслі на чвэрць вярсты "на больш высокую мясцовасць пясчанай глебы" (Там жа, с.4, арк. 41).

У пачатку 20 стагоддзя паўстала пытанне пра пабудову новай бойні. Лідскі гарадскі стараста Л. С. Рудніцкі хадайнічаў пра дазвол на пабудову бойні за горадам па Крупаўскай дарозе. Будаўнічае аддзяленне Віленскай губернскай управы 4 сакавіка 1903 г. выставіла наступныя ўмовы:

1) работы павінны праводзіцца строга па чарцяжах;

2) павінна быць пабудавана асобная камера плошчай 2х2 м з асобным уваходам для забою ў ёй падазраванай у заражэнні жывёлы;

3) унутраныя сцены павінны быць памалёваны аліфавым малявідлам, падлогі павінны быць непранікальнымі, выграбныя ямы павінны быць зроблены на цэменце (бетанаваныя);

4) у забойнай камеры павінна быць абсталявана не менш 12 прыбораў (ланцугі, лябёдкі і да т. п.);

5) усе слупы, якія маюцца ўнутры будынка, сталы і іншыя прыстасаванні павінны быць абабіты ацынкованнымі лістамі;

6) прыбудоўка павінна быць зроблена над выграбной ямай і закрыта жалезным вечкам;

7) студня павінна быць зроблена так, каб з яе без асаблівай цяжкасці падавалася вада для памыўкі жывёлы і падлогі;

8) увесь будынак бойні павінен быць агароджаны суцэльным плотам не менш чым 3 аршыны вышыні (213 см). Плошча двара павінна быць выбрукаванай.

9) для штотыднёвага вывазу з бойні цвёрдых нечыстотаў павінна быць бочка на колах, якая павінна закрывацца герметычна.

10) паветра ў бойні, як унутры, так і звонку, павінна быць зусім чыстым, для чаго трэба абсталяваць вентыляцыю;

11) Пасля заканчэння работаў бойня павінна быць асведчана ветэрынарам. (НІАБ у Гародні. Ф. 1574, воп. 5, с. 2, ст. 1).

Лідская гарадская ўправа выставіла неіснаваўшую бойню на продаж з наступнымі ўмовамі (кандыцыямі):

- тыя, хто хоча ўдзельнічаць у аўкцыёне, уносяць у заклад 2 тыс. рублёў;

- гандляванні пачнуцца з сумы 3200 руб. у год арэнды.

- арандатары з вясны 1904 г. па 1 верасня 1904 г. за свой кошт і са сваіх матэрыялаў будуюць цагляны будынак, крыты дахоўкай (чарапіцай), даўжынёй 36 аршынаў (25, 56 м.), шырынёй 20,5 арш. (21,65 м.), вышынёй 2,33 сажані (5 м.), таўшчынёй у 2 цагліны; дом для адміністрацыі і прыслугі; хлеў для вазоў і канюшню: студню з помпаю і вадаправодам; драўляныя сарціры (прыбіральні); суцэльны плот;

- пабудаваную бойню атрымоўваюць у арэнду на 10 гадоў;

- арэндную плату ўносяць у гарадскую касу 3-х месячнымі прапорцыямі за кожную чвэрць наперад.

- падтрымліваюць усе пабудовы за свой кошт у належным стане.

- плацяць на карысць гарадскога кіравання:

за забой буйной жывёлы (з галавы) - 1 руб;

за забой цяляці, авечкі, барана - 15 кап;

за забой свіні - 40 кап;

за санітарна-ветарынарны агляд мяса, якое атрымоўваецца на бойні (з пуда) - 10 кап;

за прастой жывёлы на бойні на працягу сутак: буйной рагатай -20 кап, дробнай - 10 кап.

Акрамя таго арандатар уносіць у гарадскую касу страхавыя 12400 руб. (МІАБ у Гародні. Ф.1574, воп. 5, с. 2, ст. 7).

Пасля гандляванняў гарадская бойня, якой яшчэ не было, з 9 лютага 1904 г. была перададзена за арэндную плату 1500 руб. у год арандатарам: Янкелю - Мордуху Зелікавічу Зелікаваму, Мойшы Ёселевічу Барану, Абраму Ёселевічу Барану, Абраму Носелевічу Пупко, Ізраелю Ялевічу Ілютовічу, Сасісту Гіршавічу Ліпніку і інш. Ім было нададзена права атрымоўваць у сваю карысць даходы з бойні пры абавязковым ветэрынарным аглядзе жывёлы і мяса. (Там жа, с. 5).

Паміж арандатарамі ўзнікла нязгода. Тады Лідская гарадская ўправа прызнала галоўнымі арандатарамі купца 2-й гільды. Абрама Носелевіча Пупко ды домаўладальніка Ізраеля Ялевіча Ілютовіча і некалькі панізіла патрабаванні. Час арэнды павялічыўся на два гады, уносімы капітал паменшыўся на 500 рублёў, арэндная плата паменшылася да 1400 рублёў у год, астатнія "кандыцыі" арандатары згадзіліся выконваць. (Там жа, с. 21).

У сакавіку Лідская гарадская ўправа заключыла з Пупко і Ілютовічам дамову, паводле якой гарадская ўправа абавязалася:

а) вясной 1904 года прыступіць да пабудовы цаглянай бойні на правым баку Крупаўскай дарогі;

б) пасля завяршэння будаўніцтва і атрымання дазволу на адкрыццё бойні аддаць у арэнду здымшчыку тэрмінам на 12 гадоў;

в) праводзіць рамонт і страхоўку ўвесь час арэнды.

Але адмовілася адказваць перад здымшчыкам за непрадбачанныя выпадковасці (эпідэміі і г. д.)

Здымшчык у сваю чаргу згадзіўся:

а) унесці ў Гарадскую ўправу на пабудову бойні 12 тысяч рублёў;

б) з пачатку працы бойні выплачваць гораду штогод арэнду 1400 рублёў, робячы гэтыя выплаты па чвэрці года наперад, калі здымшчык не выплаціць грошы, то пазбаўляецца права ўтрымання бойні;

в) утрымоўваць ветэрынара і фельчара;

г) праводзіць за свой кошт прыборку;

д) не перадаваць сваіх арэндных правоў іншай асобе без згоды Гарадской управы;

е) аплаціць усе выдаткі па складанні дамовы. (Там.жа. с. 23).

Такім чынам, будаўніцтва бойні ўзяла на сябе Гарадская ўправа за грошы будучых арандатараў. Ахвочыя прыняць удзел у пабудове пісалі прашэнні на прадстаўленне ім работаў, але не заўсёды тыя работы атрымоўвалі.

Мешчанін Абрам Давыдавіч Мулер згаджаўся выканаць мулярныя работы па пабудове бойні за 32 капейкі з аршына. Управа 19 красавіка 1904 г. аддала мулярныя работы купцу Абраму Носелевічу Пупко за плату 32 кап. за квадратны аршын.

Мешчанін Меер Давыдавіч Гіршовіч 14 траўня 1904 г. прасіў дазволіць выканаць усе работы для верху за 150 руб. (Там жа, с. 55).

Мешчанін Шэбшаль Абрамавіч Лазоўскі згаджаўся 17 траўня 1904 г. прыняць на сябе ўсталяванне лябёдак і ланцугоў. (Там жа, с.56). Управа згадзілася і дазволіла Лазоўскаму Ш. А. з уласных матэрыялаў і з уласнымі рабочымі пабудаваць увесь жалезны механізм да 1 верасня. 1904 года за 1300 руб. (Там жа, с. 60).

Мяшчане Гуціль Эпштэйн і Ёсель Кагановіч згаджаліся пабудаваць вадаправод за 200 руб. (Там жа, с..65).

Браты Моўша Зелікавіч і Мордух Зелікавіч Кальмановічы прынялі на сябе абавязкі пакрыць за 65 рублёў ліставым жалезам (бляхай) страху бойні. (Там жа, с. 67).


Справаздача пра пабудову гарадской грамадскай бойні

№ Найменне выкананых работ і закупленых матэрыялаў Сума

п/п руб - кап

1. Цэгла. Усяго куплена 168000 шт. цэглы.

Куплена ў Э. Лясковіча 22500 шт. па 16 руб. 50 кап. за 1000 371 - 25

За ўкладку заплачана 1 - 60

За перавозку 20 - 00

Куплена ў М. Алькяніцкага цэглы 119000 шт. па 16,5 кап. 1963 - 50

У яго ж 11150 шт. па 16 кап. 178 - 40

У Э. Янушкевіча 15359 па 17,25 кап. 264 - 77

Заплачана Радзевічу за захоўванне цэглы. 6 - 00

2. Камень на падмурак (фундамент).

Куплена ў А. Федаровіча 7 куб. саж. каменю па 12 руб. 84 - 00

Тое ж у С. Гурчына 5,5 куб. саж. па 12 руб. 66 - 00

У І. Хомскага куплена 8,5 куб. саж. каменю па 12 руб. 102 - 00

У І. Стасевіча - 10 вазоў камяню па 18 кап. 1 - 80

У І. Палубінскага - 1 куб. саж. 12 - 00

У А. Пупко - 1,5 куб. саж. 17 - 50

7 вазоў каменю - па 18 кап. 1 - 26

Заплачана за перавозку 1 - 30

3. Лес.

Куплена ў А. Тоўгіна лесу ў засц. Невярышкі 660 - 00

На тартаку Палячака - 385 дошак па 30 кап. 115 - 50

У Гіршы Малчадскага - 36 шт. бярвенняў 51 - 50

4. Студня.

6 дрэваў на зруб 2 - 40

Работы 55 - 00

5. Вапна. Усяго куплена 2855 пудоў вапны.

За 1 вагон вапны ў 750 пудоў 148 - 00

За 1 вагон вапны ў 750 пудоў 153 - 18

Ё. Левіну за 530 пудоў па 20 кап. 106 - 00

Б. Пупко за 825 пудоў па 20 кап. 165 - 00

Куплена 5 бочак для вапны і вады 3 - 50

6. Пілоўка дрэва.

Заплачана Абраму Кедыку 251 - 79

Заплачана Лайзеру Палячаку 29 - 45

7. Плот.

Падрыхтоўка шулаў і дошак 17 - 40

За ўстаноўку 142 саж, 1,5 арш. 30 - 50

8. Хлявы і жылое памяшканне для вартаўніка.

Заплачана Хоне Ілютовічу 600 - 00

А. Баланскаму 32 - 00

9. Жалеза.

Заплачана М. Чартоку 4 - 60

Заплачана Я. Ландо 252 - 70

10. Рахунак выдаткаў па будоўлі.

Інжынеру Камарову за нагляд над работамі 150 - 25

Слясарнаму майстру са Смаргоні за ўстаноўку механізма і план мех. 20 - 00

Эпштэйну на пакупку матэрыялаў для вадаправода 37 - 79

11. Рахунак мулярных работ (А. Н. Пупко, І. Валынскаму, Л. Баланскаму). 839 - 60

Рахунак механізмаў на бойні (Ш. Лазоўскаму) 1282 - 00

Рахунак цяслярных работ (Еле Цагяльніцкаму) 300 - 00

Рахунак кавальскіх работ (М. Б. Шыкулінскаму) 82 - 13

Рахунак рабочым 56 - 55

Рахунак Абраму Пупко 1789 -50

Рахунак пяску 231 - 00

Рахунак жалеза для страхі, кацельнага жалеза і труб 1250 - 61

Рахунак сталярнай работы 231 - 90

Рахунак бруку 369 - 71

Рахунак моху (Г. Малчадскаму) 8 - 90

Рахунак дробязных выдаткаў 35 - 30

Рахунак цэменту і фарбаў 394 - 57

Рахунак пакрыцця і афарбоўкі жалезных стрэхаў 257 - 50

Рахунак пабудовы вадаправода (Г. Эпштэйну) 188 - 40

Рахунак печаў 152 - 90

Рахунак слясарных работаў (Ю. Шымковічу) за акоўку дзвярэй і акон 88 - 85

Рахунак мэблі і маёмасці (А. Пупко, Б. Мікуліцкаму) 112 - 39

Рахунак шкла 46 - 75

Усяго 13453 руб. + 1445 руб. 70 кап. (плата рабочым) = 14898 (Там жа, с. 113 - 118).


Нагляд над будоўляй вёў інжынер Камароў. Будаўнічымі работамі кіравалі падрадчыкі яўрэйскага паходжання, сярод іх: Хоня Ілютовіч (сталярныя работы), Хаім Моўшавіч Пупко (цэмент), Берка Пупко (каменні на брук), Берка Мікуліцкі (каваль), Лайзер Палячак (пастаўка дошак), Гутэль Эпштэйн (праца катлоў), Ізраель Валынскі (мулярныя работы), Эля Цагяльніцкі (сталяр), Зэлік Пупко (бухгалтар), Іосіф Шыклондзь (вываз нечыстот), Шышковіч (слесар), Лазар Пупко (загадчык будаўніцтва), Іван Стасевіч (загадчык будаўніцтва), Ландо. (Там жа, с. 127, 129).

Былі пабудаваныя:

1. Дом мураваны ў 2 цагліны, пакрыты жалезам, даўжынёю 18 аршынаў (12,8 метра), шырынёй 12 аршынаў (8,5 метра), вышынёй 6 аршынаў (4,26 метра), 2 сцяны, 3 дзвярэй дзвюхстворкавых на французскіх завесах з нутранымі замкамі, 11 акон з двайнымі рамамі, 2 акны ў шчытах. Дзверы і вокны памаляваны масляным малявідлам, падлога драўляная, печ з белай кафлі з герметычнымі дзверцамі і ўюшкамі, печ жалезная, 2 коміны на печах. Пры доме драўляны ганак з 4 шуламі. У доме: драўляны бар'ер у 5 аршынаў (3,5 м), 6 табурэтак, пісьмовы стол, просты, сіні, медыцынскія інструменты (сінкраскоп, сінкраскапічны набор, кампрэсарыі).

2. Хлеў драўляны з круглага сасновага дрэва з жылым памяшканнем для вартаўніка даўжынёй 15 аршынаў (10,65 м), шырынёй 12 аршынаў (8,5м): у жылым пакоі падлога і столь дашчаныя, дзверы аднастворкавыя з паўзамком, два акны, печ кухонная. Пры пакоі дашчаны ганак. У хляве дашчаныя дзвюхстворкавыя вароты на 2-х засоўках з клямкаю.

3. Будынак бойні мураваны па фундаменце, сцены таўшчынёю ў 2 цагліны, пакрыты жалезам, даўжынёй 40 аршынаў (28,40 м), шырынёй 16,5 аршына (11.72 м), вышынёй 7 аршынаў (5 м). Унутраныя сцены - 2 падоўжныя і 2 папярэчныя.

1-шы пакой для забою рагатай жывёлы, сцены памаляваныя аліфавым малявіднам, філёнгавыя дзверы на 3-х завесах з паўзамком, жалезная засаўка знадворку і дзве ўнутры, 7 паўакенцаў з жалезнымі кратамі, 2 акны з акяніцамі, падлога цэментавая, столь дашчаная зводчатая з 8-мю драўлянымі камінамі для вентыляцыі пад страхою, 6 драўляных шулаў, абшытых цынкавым жалезам для ўмацавання бэляк. Жалезны механізм: 4 лябёдкі з блочнымі ланцугамі і чыгуннымі калёсамі, 30 калясак на жалезных рэйках з двайнымі крукамі, 8 жалезных прыстасаванняў для падвешвання дробнай жывёлы, 3 прыстасаванні для падвешвання ўнутранасцяў.

2-гі пакой для кашыравання мяса, сцены памалёваныя аліфавым малявідлам, дзвюхстворкавыя дзверы з паўакенцамі і нутраным замком на французскіх завесах, якая вяла з пакоя для забою жывёлы, 2 акны з двайнымі рамамі і акоўкай, печ жалезная, драўляны абшыты стол.

3-ці пакой з жалезным рэзервуарам для вады, простая печ з жалезным катлом у сярэдзіне для нагрэву вады, дзвюхстворкавыя дзверы, якія вялі ў кішэчнае аддзяленне, на французскіх завесах з нутраным замком.

4-ты пакой пад кішэчнае аддзяленне 2 акны з двайнымі рамамі і фортачкай . Аднастворкавыя дзверы выходзяць да выграбной ямы, жалезная печ, вадапровод з амерыканскай помпай і трубамі, які праходзіць па ўсіх пакоях бойні, драўляны стол, абшыты цынкам (ацынкованым жалезам).

5-ты пакой для забою свіней. Вялікія абшытыя дзвюхстворкавыя дзверы на 3-х завесах з 2 засаўкамі ў сярэдзіне і 1-й знадворку з паўзамком, дзеры на 2-х завесах з 3-мя засаўкамі і паўзамком. 2 акны з двайнымі рамамі і 2 паўакны. Падлога цэментная, столь дашчаная. Вялікі жалезны кацёл цэментаваны з брукаванай і цэментавай пляцоўкай вакол. Пад катлом печ для нагрэву вады, чыгунны кацёл для абмывання ўнутранасцяў, 4 драўляныя слупы напалову абшытыя цынкавым жалезам, 12 кампельцаў, 4 колы, блок з вялікім ланцугом, 4 драўляныя лавы, абшытыя цынкавым жалезам.

6-ты пакой для забою заразнай жывёлы. Падлога цэментная. Дзверы дзвюхстворкавыя на 2 завесах з засаўкай, столь дашчаная, вентыляцыйны комін ў ёй, атынкованы, выходзіць на страху, 1 паўакно, паўцэментная яма.

Да будынка бойні з задняга боку прыбудаваныя 2 невялікія мураваныя пакоі з выграбнымі цэментнымі ямамі ў зямлі, накрытымі жалезнымі накрыўкамі (ямы для вадкіх адкідаў) а над імі - для цвёрдых, у столі атынкованы вентыляцыйны комін, дзверы дзвюхстворкавыя, падлогі цэментавыя, у кожным пакоі па 1 паўакну. Пры вуглах будынка 5 вадасцёкавых труб.

4. Навес для смалення свіней даўжынёй 13 аршынаў (9,33 м), шырынёй 7,5 арш. (5,33 м), вышынёй 6 арш. (4,3 м) на 8 мураваных слупах, пакрыты жалезам, падлога з каменю, пасярэдзіне падоўжная цагляная яма для смалення.

5. Хлеў драўлянны даўжынёй 15 аршынаў (10,7 м), шырынёй 12 аршынаў (8,5 м), вышынёй 5 арш. (3,55м). У ім адны вароты дзвюхстворкавыя на двух завесах, падлога брукаваная.

6. Хлеў мураваны, пакрыты жалезам, даўжынёй 15 арш. (10,7 м), шырынёй 12 арш. (8,5 м), вышынёй 5 арш. (3,55 м). Вароты дзвюхстворкавыя, драўляныя, падлога брукаваная.

7. Драўлянае адходжае месца на 2 аддзяленні з цэментнай выграбной ямай.

8. Студня драўляная са зрубам глыбінёю 5 саж., абшытая зверху дошкамі, закрытая драўлянымі дзверцамі, над якімі зроблены драўляны вентыляцыйны комін.

У будынку бойні былі наступныя прыналежнасці : воз з жалезнай бочкай і 2 вечкамі для вывазу вадкіх нечыстот; воз для вывазу цвёрдых нечыстот.

Двор абнесены дашчаным плотам даўжынёй 50 сажняў (106,5 м) шырынёй 15 сажняў (32 м) з варотамі і 2 брамкамі. (Там жа, с.148).

На сённяшні дзень ад усіх гэтых збудаванняў засталіся два будынкі на тэрыторыі абутковай фабрыкі па вул. Фабрычнай 6; дом мураваны - зараз крама "Чаравічкі" і будынак бойні - зараз майстэрні і склады абутковай фабрыкі.

22 лістапада 1905 года лідскія мяснікі - хрысціяне К. Грыб, П. Стасевіч, В. Талішэвіч, М. Янчэўскі, І. І. Тубялевіч, Ф. Ліпская, О. Снітко, М. Лабіноўскі, П. Здановіч, Т. Бічэль і інш. прыпынілі на час карыстанне гарадской бойняй па наступных прычынах:

1. Бойня не мела належнага распарадчыка - гаспадара.

2. Унутранае яе ўладкаванне пакідала жадаць лепшага.

3. Не звярталася ўвага па чысціню бойні і прыстасаванняў.

4. Некаторыя плацяжы, якія браліся з мяснікоў-хрысціян у даход бойні, з-за цяжкага эканамічнага становішча, прапаноўвалася зняць, у прыватнасці 10-капеечны збор ад забітай свіні і інш. (Там жа, с.97).

Бойня працавала сезонна: забой буйной рагатай жывёлы і свіней праводзілі галоўным чынам у жніўні-кастрычніку, цялят - у лютым - сакавіку.

Колькасць жывёлы, забітай на бойні

ў 1908-1910 гадах. (Там жа, с.162).

1908 г. 1909 г. 1910 г.

буйная рагатая

жывёла 1435 гал. 1491 гал. 2353 гал.

цяляты 215 гал. 971 гал. 435 гал.

свіні 493 гал. 406 гал. 595 гал.

У 1913 годзе бойня належала Носелю Моўшавічу і Моўшу Зелікавічу Баранам. Загадчыкам працаваў Шчытпіцкі Іцка Ізраілевіч з гадавым жалаваннем 200 рублёў. Абарот за 1912 год дасягнуў 10000 рублёў. (Ф.1571, воп. 2., с.9).

Бойня дзейнічала 40 гадоў. У канцы 1930 гадоў пачалося будаўніцтва мясакамбіната па вул. Длугай (Доўгай). Падчас вайны недабудаваны мясакамбінат згарэў. Наркамат мясама-лочнай прамысловасці БССР 1 жніўня 1944 г. запрасіў Лідскі гарсавет выказаць меркаванні аб пабудове новага завода на базе захаваўшайся каробкі. (ЗДА ў г. Ліда. Ф.55,воп. 1,с.10 д, арк.3). на пляцоўцы захаваўся незакончаны галоўны корпус і брукаваныя дарогі з дэкаратыўным азеляненнем. (ЗДА у г. Ліда, Ф.603, воп.1, с. 4,арк. 188).

Таму 15 жніўня 1944 года зноў была запушчана ў работу бойня па вул. Фабрычнай, 11. Усім арганізацыям, установам і прыватным асобам было катэгарычна забаронена праводзіць забой жывёлы па-за бойняй.

У пачатку 1945 г. пачаў функцыянаваць мясакамбінат на вул. Доўгай (зараз Талстога). Гадавы выпуск прадукцыі ў 1945 г. склаў мяса 439 тон, каўбасных вырабаў - 53 тоны. Мясакамбінат дзейнічае да гэтай пары. У 1988 г. за межамі горада пачалі будаваць новы буйны мясакамбінат, але тут грымнула перабудова...

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX