Вярнуцца: Эканоміка

Лідскія друкарні


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 12-08-2018,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскія друкарні // Лідскі Летапісец. 2017. № 3(79). С. 14-16.



Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Верагодна, з-за блізкасці да сталіцы края Вільні, друкарні ў Лідзе з'явіліся пры канцы XIX ст.

У бібліятэцы навукова-даведачнай літаратуры Дзяржаўнага архіва Гарадзенскай вобласці ў каталогу прадпрыемстваў польскіх ваяводстваў у раздзеле «Друкарні і літаграфіі» пад № 18846 значыцца друкарня Гурвіча Вольфа, якая была ўтворана ў 1892 годзе, знаходзілася ў г. Слоніме і мела філіял у г. Лідзе. Каталог складзены не раней за 1924 г. [1]

У 1904 г. у Лідзе ўжо працавала 3 друкарні (34KB) Рэклама друкарні Падземскага.[2], друкавалі бланкі, афішы, квітанцыі, візіткі. Друкарні былі маленькія і размяшчаліся ў жылых дамах. Належалі друкарні Самуілу (Шымону) Кальманавічу Зяльдовічу і Айзіку Вульфавічу Эпштэйну, уладальнік трэцяй друкарні хутчэй за ўсё - Падземскі.

Друкарня Эпштэйна. Першае ўзгадванне, якое я знайшоў - 1899 г. 9 сакавіка гэтага года на паседжанні «Лідскага павятовага камітэта Папячыцельства аб народнай цвярозасці» было прынятае рашэння адкрыць бібліятэкі-чытальні ў 14 валасцях павета і асігнаваць на выплату друкарні Эпштэйна 6 р., каб надрукаваць бланкі для запісу кніг у бібліятэкі [3].

Міхал Шымялевіч пісаў, што на пачатку Першай сусветнай вайны, падчас мабілізацыі, калі бракавала бланкаў для дзейнасці адміністрацыі, нават ноччу паліцыя будзіла друкара Айзіка Эпштэйна, які ўжо спаў, і бланкі тэрмінова друкаваліся [4].

(136KB) Рэклама друкарні Зяльдовіча.

Друкарня Зяльдовіча. З рэкламы гэтай друкарні бачна, што яна пачала працаваць у 1900 г. 24 чэрвеня 1932 г. памёр чалавек, які пакінуў свой след ў гісторыі нашага горада: «Сёння, а 13-й гадзіне, уласнік адной з друкарань Ліды Зяльдовіч, пасля таго, як выйшаў са свайго дома, памёр ад сардэчнага прыступу. Нябожчык карыстаўся вялікай павагай грамадства»[5]. У прэсе тых часоў неаднаразова з'яўлялася рэклама друкарні Зяльдовіча (Сувальская, 70). Шымон Зяльдовіч меў друкарню, майстэрню штэмпеляў і пераплётаў. Тут друкаваліся «Лідскія ведамасці», «Лідская зямля», «Вясковы лірнік», «Кароткі турыстычны праваднік па Лідскім і Шчучынскім паветах» А. Грымайлы-Прыбыткі, «Прыпавесці» лідскага паэта І. Альбірта і часопісы на мове ідыш [6].

Друкарня Падземскага. Штотыднёвая грамадска-палітычная газета «Лідскае слова» з'явілася на свет 17 лістапада 1912 г., яе выдавалі памочнік прысяжнага паверанага Камёнскі І. Д. (Камионский И. Д.) разам з доктарам медыцыны Капланам С. А. [7] Адрас рэдакцыі газеты: вул. Віленская, 13, кошт газеты - 3 капейкі. Усе нумары друкаваліся ў друкарні Падземскага, адрас: «Віленская вул., у доме, дзе З'езд» [8]. Гэта значыць друкарня месцілася ў самым цэнты горада каля Рынкавай плошчы.

У 1904 г. віленскі губернатар граф Пален выдаў пастанову, згодна з якой расклейка розных афіш і аб'яў у г. Лідзе дапускалася толькі на адмысловых прыстасаваннях (відавочна, шчытах), устаноўленых гарадскімі ўладамі (домаўладальнікам на сваіх хатах дазвалялася вывешваць аб'явы толькі аб здачы жылля ў наём). Пастанова ўступала ў сілу з моманту ўстаноўкі такіх прыстасаванняў [9]. У 1914 г. гэта права расклейкі розных афіш у горадзе на тры гады было перададзена ўладальніку друкарні Падземскаму за 260 руб. і 50 кап. у год [10].

(101KB) Друкарня Каплінскага.

У 1930-я гг. паліграфічныя паслугі аказвалі 5 лідскіх друкарняў. У міжваенны час на вуліцы Сувальскай працавалі друкарні Я. Каплiнскага (побач з кінатэатрам «Эдысон») i Шымона Зяльдовiча. На вуліцы 3-га Мая у доме № 9а працавала друкарня «Магата» (Друкарня і фабрыка «Магата», 3-га Мая, 9а). Па адрасе: Сувальская, 90 пэўны час працавала Хрысціянская друкарня. На вуліцы Фалькоўскага (на рагу з Школьнай, сёння: Перамогi - Кiрава) знаходзілася друкарня Лявона Трабiнскага[11].

Дом, дзе працавала друкарня Трабінскага захаваўся. Гэта дом насупраць паліклінікі, у ім сёння месціцца ГУП ЖКГ. Так сталася, што іншыя лідскія друкарні знаходзіліся ў цэнтры горада і таму згарэлі ў 1941 г. А друкарня Трабінскага працавала і пасля вайны.

(63KB) Рэклама друкарні 'Графіка'.

Першым дырэктарам пасляваеннай Лідскай друкарні быў Забазлаеў Канстанцін Іванавіч. Працавалі ў друкарні 29 чалавек. Выпускалі картанажную прадукцыю, друкавалі бланкі. Адразу пасля вайны тут пачалі друкаваць газету «Уперад», рэдактарам якой быў Драгун Юльян Баляслававіч. Набіралі газекту ўручную і друкавалі на машынах «Арсбург», «Піянер».

У 1948 годзе была атрымана першая радкаадліўная машина «Лінатып» для машыннага набору газеты і бланачнай прадукцыі.

Лідзянка Ларыса Канчэўская ўспамінала: «У двухпавярховым доме, у якім зараз плённа працуе калектыў ЖКГ (тады - не такім прыгожым і камфортным, а з жоўтай цэглы, цесным, з драўлянымі рыпучымі стромкімі лесвіцамі), былі рэдакцыя газеты «Уперад» (папярэдніцы «Лідскай газеты») і малюсенькая кніжная крама, якая неяк размясцілася на першым паверсе і мела вельмі цікавы асартымент. У этую краму заходзілі сапраўдныя інтэлігенты і кнігалюбы. Тут жа, на самым рагу, стрымана ляскатала друкарскімі станкамі друкарня».

У першай палове XIX ст. каля Ліды быў пабудаваны астрог. Каля 1869 г. Лідскі астрог перастае існаваць, а комплекс яго будынкаў пачынае называцца Лідскі турэмны замак, потым турма на Каменцы ці проста «Каменка», дзіцячая калонія (вул. Ленінская, 23). У 1963 годзе комплекс перададзены Лідскай друкарні. Два гады праводзілі рэканструкцыю турмы пад вытворчыя памяшканні, і ў 1965 годзе друкарня размясцілася ў рэканструяваным будынку, дзе знаходзіцца і ў наш час.

Дырэктарамі друкарні ў розны час былі:

Марушкін І.К. - з 1954 па 1958 г.

Кудзін Р.А. - з 1958 па 1966 г.

Марушкін І.К. - з 1966 па 1984 г.

Лучко Сцяпан Рыгоравіч - з 1984 па 2011 г.

Кіжук Аляксандр Яўгенавіч - з 2012 па 2013 г.

Пякарскі Мікалай Мікалаевіч - з 2013 года.

Друкарня падпарадкоўвалася непасрэдна Кіраванню інфармацыі Гарадзенскага аблвыканкама. Мела колькасць персаналу 46 чалавек, валодала тэхнічнымі магутнасцямі і тэхналагічнымі магчымасцямі, якія дазвалялі выпускаць этыкетачную, шматфарбавую прадукцыю ў колькасці 20 млн. кр. водціскаў у год, бланачную - 4 млн. аркушаў водціскаў, друкаваць сем раённых газет, выпускаць кніжную і часопісную прадукцыю, дробную акцыдэнцыю. Працаваў участак па вурабу пячатак і штампаў.

У друкарні выкарыстоўваліся два спосабы друку: высокі і афсетны. Абсталявана друкарня была ў асноўным новым айчынным абсталяваннем. Побач з плоскадрукарскай машынай ПП-45р працавалі афсетныя друкарскія машыны «Дамінант-725», паперарэзальныя машыны МС-80, МС-115 Чэхаславацкай вытворчасці.

Для таго, каб адысці ад гарачага спосабу набору газетна-бланачнай прадукцыі з 1989 года спецыялісты друкарні займаліся ўкараненнем наборна-друкарскай тэхнікі ЭНПТ. Укараненне ЭНПТ дало магчымасць набіраць часткова на англійскай ды польскай мовах і друкаваць замовы на афсетных машынах.

У 2010 годзе прайшла чарговая рэканструкцыя комплексу друкарні. Быў знесены адзін аднапавярховы будынак з-за поўнай нягоднасці сцен. Уся вытворчасць перамясцілася ў асноўны корпус.

На сёння друкарня мае сучаснае паліграфічнае абсталяванне поўнаколернага друку поўнага цыклу. Друкарня вырабляе: буклеты, каталогі, афішы, плакаты, улёткі, самаклейкі , паштоўкі, календары, рэкламныя пакеты, папкі, воблеры, флаеры, шаўфтокеры, хенгеры, ярлыкі, сцяжкі, блакноты, часопісы, кнігі, дыпломы, граматы, пасведчанні, бланкі і іншую прадукцыю любым накладам і ў найкарацейшыя тэрміны.

Асноўнымі партнёрамі друкарні з'яўляюцца прадпрыемствы Лідскага, Воранаўскага, Іўеўскага, Наваградскага, Карэліцкага, Ашмянскага, Астравецкага, Смваргонскага раёнаў, а таксама медустановы Рэспублікі Беларусь і фізічныя асобы. Тут друкуюцца раённыя газеты большасці згаданых раёнаў.

З кастрычніка 1997 года (першы нумар выйшаў да 1 лістапада 1997 г.) тут друкуецца газета «Наша слова». З 1999 года (з № 7, студзень-чэрвень 1999 г.) у Лідскай друкарні друкуецца часопіс «Лідскі летапісец».

Значная ўвага ўдзяляецца выданню кніг.

Выдадзена і надрукавана кніга да 70-годдзя Вялікай Перамогі «Живая память моей семьи» - Гомельская абласная бібліятэка, якая атрымала прэмію ўрада.

Выдадзены кнігі: «На крутых поворотах истории» (2003); «Что-то с памятью моей стало» (2011); аповесць Уладзіміра Саласюка «От июня до июля» (2011); вершы Таццяны Сямёнавай «Осенний вальс» (2012); кніга Леаніда Лаўрэша «Ліда ўчора і сёння: гісторыя горада ў выявах» (2013); вершы Ірыны Бараздзіной «Из соли, сахара и перца» (2015); Таццяны Сямёнавай «Позвала судьба в дорогу» (2015); Уладзіміра Дронава «Любовь - мой плен и вдохновение» (2015), кніга Анастасіі Каладзяжнай «Этапы жыццёвых дарог» (2015); вершы і песні Міхаіла Забалотнага «Оставаться самим собой», «Живая связь времен» (2015); раман-хроніка Аляксея Сазанчука «Там где Неман рвет берега» (2016); вершы Міхаіла Забалотнага «На скрижалях».

У друкарні за апошнія чатыры гады набытыя фальцовачная машына, рызограф, рэзальныя машыны, шыракафарматны плотар, ламінатар. У 2017 годзе набыта шматфункцыянальнае прыстасаванне Xerox Color C60 з функцыяй аўтаматычнага двухбаковага друку з высокім разрашэннем 2400х2400 dpi.

Сёння ў друкарні працуе 16 чалавек. Сярэднемесячны таваразварот складае 370 000 руб. Друкарня працуе без крэдытаў, пастаянна пашырае асартымент выпусканай прадукцыі.

Леанід Лаўрэш.



[1] ОНСЛ, інв. № 2546, 18842, 18893.

[2] Города России в 1904 году. С.-Петербург, 1906. С. 110.

[3] Бібліятэчная справа на Беларусі: дакументы і матэрыялы. ХІХ - пачатак ХХ ст. Мінск, 2008. С. 121-124.

[4] Szymielewicz Michal. Bialogrud // Ziemia Lidzka. 1936. № 7. S. 4.

[5] Kurier Nowogrodzki № 146(232), 24 czerwca 1932.

[6] Цехановіч Лех, Незабыўная вуліца Сувальская 30-х гадоў ХХ стагоддзя // Лідскі Летапісец 2005. № 4(32). С. 33.

[7] "Доктар С. А. Каплан, прыём хворых штодзённа, Віленская вуліцы дом г. Крывабокава" - Гл: Лидское слово № 1, 17 ноября 1912.

[8] Лидское слово № 1, 17 ноября 1912.

[9] Виленские губернские ведомости № 45, 9 июня 1904.

[10] Виленские губернские ведомости № 55, 12 июля 1914.

[11] Ksiega Adresowa Handlowa. Warszawa-Bydgoszcz, 1929. S.1032.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX