Вярнуцца: Эканоміка

Аднаўленне Ліды: ліпень-снежань 1944 г. Restoration of the city in 1944


Дадана: 23-10-2009,
Крыніца: 15.05.2009.



Фронт на працягу тыдня адышоў пад Гародню, заціх гром кананады. Молах вайны ў чарговы раз прайшоў па горадзе. За 1941-44 гады па афіцыйнай статыстыцы ў горадзе было знішчана або пашкоджана 75% жылых дамоў, усе прамысловыя прадпрыемствы, культурна-бытавыя і адміністратыўныя будынкі, установы аховы здароўя і гандлю. Шкода, нанесеная гарадской гаспадарцы акупантамі, была ацэнена ў 405 мільёнаў рублёў. (Ліда. Гістарычна-эканамічны нарыс. Мінск 1976, стар.77).

Колькі дамоў знішчана, а колькі пашкоджана, ніхто дакладна не лічыў. У развалінах ляжаў цэнтр горад, цалкам быў знішчаны Яўрэйскі раён, назаўсёды зніклі вуліцы Чырвоная, Базарная, Вясёлая, Малая. Уздоўж вул. Савецкай адзінока ўзвышаліся Язэпаўскі і Фарны касцёлы, дамы купцоў Вітажэнца, Гурэвіча і яшчэ некалькі цагляных каробак. Згарэлі асобныя кварталы на Слабадзе і Песках, але ў цэлым ускраіны пацярпелі значна менш, чым цэнтр. У вельмі прыстойным стане заставаўся Паўночны гарадок, без адзінай трэшчыны - будынкі мікрараёна Вялікая Ліда.

Што тычыцца прадпрыемстваў, то амаль не пацярпелі піваварны завод, заводы сельскагаспадарчага машынабудавання № 1 і № 2, фабрыка хімкультпрадметаў, цвікавы завод. Некаторыя разбурэнні атрымаў піўны завод № 2, згарэў недабудаваны мясакамбінат, цалкам было вывезена абсталяванне з фабрыкі "Ардаль".

Насельніцтва паводле афіцыйнай статыстыкі зменшылася на 40%. Мяркую, што гэты працэнт значна большы. У чэрвені 1941 г. у Лідзе жыло каля 30000 чалавек (па перапісу 1938 г. 26257 чал.), а ў жніўні 1944 г. - 12 тысяч. З 8000 даваенных яўрэяў у жывых засталіся адзінкі, тысячы "ўсходнікаў" уцяклі ў першыя дні вайны, сотні мясцовых жыхароў былі расстраляныя або забітыя.

Назаўтра пасля вызвалення ў горад увайшлі партызаны. "Часовае самакіраванне, створанае пры садзеянні нашых паліторганаў, арганізавала расчыстку развалінаў, прыводзіла пасля бою горад у парадак. Усе важныя аб'екты ўзялі пад ахову партызанскія аддзелы, якія дзейнічалі поблізу Ліды і зараз выходзілі з лясоў. У горадзе на вачах аднаўлялася нармальнае жыццё." (Дабрушын Д. Ад Волгі да Эльбы. Кіеў. 1984. с. 233-234.).

Партызанскія камандзіры былі вылучаны на партыйную і савецкую работу. Старшынём гарвыканкаму стаў камандзір партызанскай брыгады імя Кірава Сяргей Піліпавіч Васільеў, намеснікам старшыні-камандзір аддзела "Балтыец" Іван Аляксандравіч Пралыгін, сакратаром гарвыканкаму-камандзір роты аддзела "Іскра" Аляксей Ціханавіч Глухароў, старшынём райвыканкаму-камандзір аддзела "За Савецкую Беларусь" Мікалай Андрэевіч Рашчынскі, сакратаром - камандзір аддзялення аддзела "Іскра" Мікалай Фадзеевіч Брушкоў, заг. гарана - камісар шпіталю брыгады імя Кірава Ніна Сцяпанаўна Бейзарава.


Біяграфічная даведка.

Васільеў Сяргей Піліпавіч (1904-1973) - старшы-ня Лідскага гарвыкаканкаму з ліпеня 1944 да сакавіка 1945 г. Нарадзіўся ў Вязьме ў сям'і паравознага машыніста. Рускі. Закончыў чыгуначную школу, вячэрні рабфак (1921). Рабочы ў службе каляі пры ст. Вязьма, у 1926 г. прызваны ў Чырвоную Армію, залічаны ў асобную каманду аднагадзічнікаў 111 Чаркаскага стралковага палка.

Агент наркамзему па перасяленні (1928-31). У студзені 1932 г. накіраваны ў Ленінград на бранетанкавыя курсы ўдасканалення і перападрыхтоўкі начскладу, пасля заканчэння залічаны ў кадры РККА як "трыццацітысячнік". Накіраваны ў Слуцк, камандзір звязу, камандзір роты ў асобным танкавым батальёне.

У 1939 г. прызначаны ў Віцебск у 56-ты карпусны артполк памочнікам начальніка па тэхнічнай частцы, у 1940 г. - начальнікам тэхнічнай часткі палка. У чэрвені 1941 г. начальнік аўта-бранетанкавага аддзела 21-га стралковага корпуса.

Трапіў у палон 6 ліпеня 1941 г. У ліпені 1942 г. уцёк з лагера Бушафаберг. Са жніўня 1942 г. камандзір групы ў партызанскай брыгадзе імя Леніна, затым камандзір аддзела Шчучынскага падпольнага райкаму партыі, камандзір партызанскай брыгады імя Кірава. Кандыдат у члены УКП(б) з 1943 г. Старшынём Лідскага гарвыканкаму быў прызначаны ЦК КПБ. Пазней дырэктар Лідскай абутковай фабрыкі "Ардаль" (1945-49), дырэктар шклазавода "Камінтэрн"

Бабруйскага раёна (1949-60). Са снежня 1960 г. на пенсіі. Узнагароджаны ардэнам Чырвонага Сцяга і 4-мя медалямі. Персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння (1965). Ганаровы грамадзянін Ліды.


Гарвыканкам

Асноўныя рашэнні па гаспадарчай дзейнасці ў горадзе прымаў гарвыканкам. Гарвыканкам прызначаў людзей на адказныя пасады, выдзяляў жылую плошчу, нацыяналізаваў прыватнае жыллё, перадаваў будынкі гаспадарчым арганізацыям, арганізоўваў гарадскую гаспадарку. Першы дакумент, прыняты гарвыканкамам - Пастанова аб здачы маёмасці і каштоўнасцяў у гарсавет, другі - рашэнне аб стварэнні інвентарызацыйнай камісіі. 24 ліпеня была прынятая і цераз два дні аддрукаваная ў друкарні пастанова "Аб мерах узмацнення супрацьпажарнай бяспекі". Пры гарвыканкаме былі створаны гаркамгас, фінансавы аддзел, інвентарызацыйнае бюро (10.08.44), праектна- каштарысная прупа, камітэт фізкультуры і спорту (1.09.44).

1 жніўня была прынятая пастанова аб адкрыцці базара па плошчы 3 -га траўня. Дазволены свабодны продаж усіх с/г прадуктаў, малака і малочных вырабаў, мукі, збожжа, бульбы, птушак, сена, саломы, дроў, рэчаў хатняга абыходжання і да т. п.

4 жніўня было прынятае рашэнне аб перадачы ў распараджэнне канторы БТПТ агародаў з парнікамі, рамамі і цяпліцамі.

5 жніўня заслушаны праект гарадскога бюджэту на 4-ты квартал.

15 жніўня прынята рашэнне перайменаваць вуліцу Чыгуначную ў вуліцу Труханава.

26 жніўня двухпавярховы мураваны дом па вул. 7 лістапада (дом лекара Стасевіча) замацаваны ў часовае карыстанне за КЭЧ.

31 жніўня дома № 78 А па вул. Школьнай вырашана вызваліць ад жыхароў да 16 гадзін 1.09.1944 г. для спецыяльных патрэбаў НКУС Беларускай вайсковай акругі.

15 верасня лідскаму аддзяленню вайсковага гандлю перададзены мураваны двухпавярховы дом № 139 па вул. Савецкай з абавязкам правесці бягучы рамонт да 7 лістапада.

18 верасня дом № 86 па вул. Савецкай перададзены пад сталоўку № 2.

20 верасня 1944 г. Указам Прэзідыюму ВС БССР Ліда і Лідскі раён выведзены са складу Баранавіцкай вобласці і ўключаны ў склад Гарадзенскай вобласці.

10 кастрычніка па заяве лідскага рабіна Мірона Мацвеевіча Савіцкага вырашана вызваліць яўрэйскі дом малітваў, які быў заняты пад склад гаркаму.

Давідзюку дазволена адкрыць фатаграфію па вул. Польнай.

26 кастрычніка гарвыканкам абавязаў начальніка міліцыі да 7 лістапада выявіць ўсіх самагоншчыкаў і прадаўцоў самагонкі па г. Лідзе.

30 кастрычніка прынята рашэнне аб забеспячэнні ўсіх вуліц трафарэтамі і нумарамі дамоў за кошт насельніцтва горада.

20 студзеня 1945 г. арганізаваны дзіцячы прыёмнік-размеркавальнік.

Заводы і фабрыкі

Дзякуючы імкліваму вызваленню горада 3-мгвардзейскім корпусам вытворчыя прадпрыемствы захавалі матэрыяльную базу. Праз месяц пасля вызвалення ў Лідзе працавалі заводы: цвікавы, піваварны, сельскагаспадарчага машынабудавання № 1 і № 2, друкарня, млына-камбінат і прамкамбінат.

Завод сельскагаспадарчага машынабудавання № 1.

"Пасля вызвалення толькі тры дні не працавалі, з 8 па 12. У маёй працоўнай кніжцы такі запіс: "22 ліпеня 1944 года залічаны на працу ў якасці сталяра", але мы ўжо з 12 ліпеня працавалі. 10 дзён працавалі без загаду. Я тады прыйшоў на завод, Абрэмбскі, Купа-Нікіцін, Оська, Грышкевіч. Знайшоў на тэрыторыі завода вінтоўку, аўтамат. Нікога яшчэ не было на заводзе.

Адразу пасля вайны першым дырэктарам быў Іванкоў - ён быў уласавец, хаваўся. Некалькі тыдняў папрацаваў - яго апазналі. Потым іншыя былі , папрацуюць па аднаму - два месяцы, і іх адхіляюць. Гаркам прысылаў. Коўнер (ці Кучнер) - вайсковец, капітан, яўрэй - нядоўга пабыў. Макееў -маёр. Пасля яго Авецікаў, вельмі моцна піў." (Мікалайчык Фелікс Уладзіслававіч (1928-2002 - былы рабочы завода сельгасмашынабудавання №1).

Завод выпускаў арфы (веялкі), конныя малатарні, плугі, церніцы (льномялкі), сячкарні (саломарэзкі) , конныя прывады, бораны "Зігзаг", сякеры, бабкі для клёпкі косаў, качэргі і чапялі, восі для вазоў, малаткі, вілкі (для чыгуноў), напільнікі, запчасткі для с/г машын, праводзіў рамонтныя работы.


Завод сельскагаспадарчага машынабудавання № 2.

31 ліпеня 1944 г. СНК БССР пастанавіў: аднавіць дзейнасць завода сельскагаспадарчага машынабудавання № 2 у г. Лідзе. Дырэктарам быў прызначаны Перабіла, тэхнічным кіраўніком - Круглік, у верасні яго змяніў Раманцоў. Страты, нанесеныя заводу за час акупацыі, ацэнены ў 568 тысяч рублёў. (ЗДА ў г. Лідзе Ф. 1, воп.1. арк.3).

У верасні на заводзе працавалі 90 рабочых у ліцейным, мадэльна-сталярным, інструментальным, механічна-слясарным і кавальскім цэхах, групе галоўнага механіка, сілавой гаспадаркі, АГА. У чацвёртым квартале - 105 рабочых і 25 вучняў. (Там жа, арк. 10). За верасень было выпушчана прадукцыі на 38,4 тыс. руб. У 4-м квартале - на 141 тыс. руб. (Там жа, арк.13). З 25 верасня для забеспячэння выканання вайсковых замоваў пры недахопе рабочых завод быў пераведзены на 10-гадзінны рабочы дзень. (Там жа, арк. 56). Завод вырабляў чыгуннае ліццё, калёсныя ўтулкі, прасы, скавародкі, чыгункі, восі для вазоў, запчасткі да с/г машын.

Цвікавы завод.

Уступіў у дзеянне з 15 ліпеня, вырабляў цвікі і спрунжыны для матрацаў. На 20 кастрычніка выпусціў прадукцыі на 136 тысяч рублёў.

"Я прыйшоў на завод 15 ліпеня разам з усімі. Даводзіў да парадку абсталяванне. Праз пару дзён першыя кілаграмы цвікоў былі адпраўлены на склад. Мне больш даводзілася мець справу са станкамі. Рамантаваў, рабіў для іх уручную дэталі. Працавалі без чарцяжоў і тэхналогіі. Вельмі часта даводзілася заставацца пасля змены. Абсталяванне выходзіла з шыхту, а спецыялістаў можна было пералічыць па пальцах. Пра адгулы і думаць не маглі." (Хітрун Іван Аляксеевіч, былы рабочы цвікавога завода.)


Фабрыка хімкультпрадметаў.

Будынак фабрыкі (30KB) Фабрыка хімкультпрадметаў. захаваўся непашкоджаным, сыравінаіматэрыялы - уцэласнасці. 10 жніўня 1944 года быў праведзены перапіс сыравіны і хімікатаў. Захаваліся дзесяткі кілаграмаў фарбавальнікаў, цынкавых бялілаў, дзесяткі літраў кіслотаў, сотні літраў шкіпідару, сотні кілаграмаў кааліну, азакерыту, гіпсу на суму ў 10650 рублёў. (ЗДА ў г. Лідзе, Ф.19, воп.1, с.1, арк.3). 15 жніўня былі складзены расцэнкі на чарніла, туш і крэм для абутку. (Там жа, арк. 4). 19 жніўня дырэктар фабрыкі А. Х. Гільдэсгейм звярнуўся ў Наркамат мясцовай прамысловасці БССР з праектам штатнага раскладу. Ён прапанаўваў разгарнуць працу ў двух цэхах: фарбавым і разлівачным з прыцягненнем 17 службоўцаў і 30-50 рабочых. (Там жа, с.2, арк. 4). 6 верасня планава-эканамічны аддзел Наркамата мясцовай прамысловасці спусціў фабрыцы вытворчую праграму на 4 квартал 1944 года: гуталін - 100 тысяч баначак, крэйда школьная - 2 тоны, алоўкі для дрэва (хімічныя) - 300 кг, крэйда шавецкая - 1000 кг, чарніла 5000 літраў, туш - 500 літраў, клей канторскі - 800 кг, мыла гаспадарчае -2000 кг. (Там жа, с.1, арк.1). 12 снежня планам па працы фабрыцы было запланавана штомесячна ў 4-м квартале выпускаць прадукцыі на суму 45,5 тысяч рублёў. (Там жа, с. 2, арк 3). 17 кастрычніка намеснік старшыні Савета Народных Камісараў БССР М. Грэкава распарадзілася: "Дазволіць Народнаму Камісарыяту мясцовай прамысловасці БССР аднавіць дзейнасць фабрыкі хімкультпрадметаў Наркам-мясцпрама БССР у г. Ліда". (Там жа, с.2, арк.1). Дзяржаўная штатная камісія пры СНК ССР 20 снежня зацвердзіла штат у колькасці 8 адзінак службоўцаў . (Там жа, с. 2).


Сітуацыю з лідскімі вытворчымі прадпрыемствамі ў другой палове 1944 г. адлюстраўвае загад № 251а па Народнаму Камісарыяту мясцовай прамысловасці БССР ад 30.10.1944 г., г. Менск.

"Рабочыя і інжынерна-тэхнічныя работнікі заводаў сельскагаспадарчага машынабудавання № 1 і 2, цвікавога і фабрыкі хімкультпрадметаў г. Ліда правялі вялікую работу па ўводу прадпрыемстваў у дзеянне. Адрамантавалі рухавікі, значную частку станочнага абсталявання, папоўнілі станкамі механічныя цэхі на 15 адзінак. Сабраны асноўныя кадры рабочых.

Па стану на 20.10.1944 выпушчана прадукцыі з пачатку дзейнасці (15 ліпеня г.г.):

Заводам сельгасмашынабудавання № 1 на суму 160 т. р.

Заводам сельгасмашынабудавання № 2 на Цвікавым заводам - 136 т. р.

Створаны новыя віды вырабаў:

Заводам сельгасмашынабудавання № 1 арганізавана вытворчасць насечкі напільнікаў, вытворчасць плугоў, кузаваў для аўтамашын, мэблі і нажоў для сячкарняў.

Завод № 2 асвоіў вытворчасць магнет і поршняў для аўтамашын.

Побач з гэтым адзначаны наступныя недахопы:

Па заводу сельгасмашынабудавання №1:

А) не закончана будаўніцтва сушылкі і ліцейнага цэха;

Б) невыкарыстанне вытворчых памяшканняў завода;

В) выраблена таварнай драўніны 150 м3 заміж 1000 м3.

Па заводу сельгасмашынабудавання № 2:

А) пры наяўнасці абсталявання і памяшканняў не арганізаваны дрэваапрацоўчы цэх;

Б) не арганізавана вытворчасць вырабаў шырспажыву (прасаў, скавародак, пячных прыбораў і інш).

Па цвікавому заводу г. Ліда:

А) не адрамантаваныя 15 цвікавых станкоў і 2 валачыльныя сталы;

Б) не нарыхтавана паліва для газагенератара.

Недахопы характэрныя для ўсіх заводаў Ліды:

А) абсалютна недастаткова арганізавана вытворчасць вырабаў шырспажыву на заводах сельскагаспадарчага машынабудавання № 1 і не прыступалі да іх вытворчасці цвікавы завод і завод сельскагаспадарчага машынабудавання №2;

Б) не ўпарадкавана пытанне нормаў выпрацоўкі і расцэнак;

В) недастаткова арганізавана наглядная агітацыя: лозунгі, плакаты, паказчыкі стаханаўцаў і моладзевых брыгад;

Г) слабая работа па набору і абучэнні вучняў з прыцягненнем жанчын на вытворчасць;

Д) слаба арганізавана нарыхтоўка паліва;

Е) не прыступілі да вытворчасці і нарыхтоўкі гародніны і не закончаны рамонт сталовак.

У мэтах падрыхтоўкі і пуску прадпрыемстваў на поўную вытворчую магутнасць загадваю:

1. Кіраўніку Белметызтрэста тав. Бязлюдаву, дырэктарам заводаў сельскагаспадарчага машынабудавання № 1 тав. Макееву А.С., № 2 тав. Перабіла, цвікавога тав. Пузанову і фабрыкіхімкультпрадметаў тав. Гільдэсгейму А. Х. забяспечыць выкананне наступных мерапрыемстваў:

А) да 1.12.1944 г. правесці рамонт рухавікоў, усяго станочнага абсталявання і памяшканняў. Рамонт станочнага абсталявання цвікавога завода правесці спецыяльна скамплектаванай брыгадай з слесараў цвікавога завода і заводаў сельскагаспадарчага машынабудавання №1 і 2, для чаго кіраўніку Белметызбуда тав. Бязлюдаву да 1.11. гг. скамплектаваць брыгаду слесараў.


Па заводах.

Цвікавому:

А) да 18.12. 1944 пабудаваць дадатковыя травільныя ванны з разліку прапускной здольнасці пратраўкі 3500 тон катанкі ў год:

Б) да 15 лістапада гг. адрамантаваць 15 цвікавых станкоў і 2 працяжныя сталы;

В) да 1.01.1945 г. нарыхтаваць і вывезці 2000 м3 дроў лісцвенных пародаў для газагенератара;

Г) у мэтах эканоміі электраэнергіі перавесці ўсе цвікавыя станкі на індывідуальныя маторы, а да 1.12.44 г. перавесці цвікавыя станкі з агульнай трансмісіі на групавыя:

Д) дабіцца атрымання 80 га ворыўнай зямлі і сенакосаў для арганізацыі прыгараднай гаспадаркі.

В) да 15.11 гг. закончыць падрыхтоўку завода да зімы:

Ж) арганізаваць вытворчасць спрунжын для матрацаў, аконных і дзвярных праёмаў.

Па заводу сельскагаспадарчага машынабудавання №1.

А) да 1.01. 45 г. закончыць будаўніцтва ліцейнага цэха і сушылкі;

Б) да 1.01.45 г. устанавіць дадатковы рухавік 25 кс і генератар;

В) арганізаваць вытворчасць вырабаў шырокага спажывання, пячных прыбораў, масавую вытворчасць мэблі, бялізнавых прышчэпак і дзіцячых цацак;

Г) да 15.11 г.г. закончыць падрыхтоўку завода да зімы;

Д) адрамантаваць 2 цягачы і аўтамашыну.

Па заводу сельскагаспадарчага машына-будавання № 2:

А) да 15.12.44 г. арганізаваць на базе наяўных памяшканняў дрэваапрацоўчы цэх;

Б) на працягу лістапада 1944 г. правесці падрыхтоўку вытворчасці для таго, каб са снежня г.г. прыступіць да масавага вырабу прасаў, скавародак, чыгункоў і пячных прыбораў.

В) да 15.11. г.г. закончыць падрыхтоўку цэхаў прадпрыемстваў да зімы.

Па фабрыцы хімкультпрадметаў:

А) да 10.11. г.г. закончыць ацяпленне памяшканняў;

Б) да 1.12. г.г. арганізаваць вытварчасць і масавы выпуск грыфельных сшыткаў і алоўкаў;

В) арганізаваць у лістападзе месяцы г.г. вытворчасць зубнога парашку з выпускам 1 тоны ў месяц.

2. Пры зацверджанні ўрадам народна-гаспадарчага плана на 1945 г. вызначаць заданне на 1945 г. і 1 квартал у суме і асартыменце згодна з дадаткам №1.

3. Да 20.11. 44 г. арганізаваць на заводах цвікавым, сельскагаспадарчага машынабудавання № 1 і 2, майстэрні па бытавым абслугоўванні рабочых заводаў і іх сямей (абутковыя, швейныя і па рамонту металавырабаў).

4. Абавязаць дырэктара Лідскага гарпрамкамбіната арганізаваць працу абутковых і швейных майстэрняў на заводах сельскагаспадарчага машынабудавання № 1 і 2 і цвікавым заводзе.

5. Прымацаваць рабочых фабрыкі хімкультпрадметаў да сталоўкі завода №1.

6. Перадаць заводу сельскагаспадарчага машынабудавання №1 лакамабіль 25 кс, які зараз выкарыстоўваецца Лідскім цагельным заводам гарпрамкамбіната.

7. Для аказання практычнай дапамогі прадпрыемствам Наркаммясцпрама БССР г. Ліда ў распрацоўцы вытворчых праграм на 1945 г. і 1 квартал, распрацоўцы норм выпрацоўкі і расцэнак, уліку, справаздачнасці і абследвання парасілавой гаспадаркі камандзіраваць адказных работнікаў Наркаммясцпрама тэрмінам на 10 дзён з 7.11.44 г.:

1. Начальніка вытворчага аддзела Белметвырабтрэста тав. Каплан;

2. Інспектара па катланагляду тав. Кулакова;

3. Начальніка цэнтральнай бухгалтэрыі тав. Кузянца.

Обавязаць дырэктараў завода з 1 па 20.10 перадаць у спраўным стане цягач 65 кс цвікавому заводу ў пастаяннае карыстанне.

Начальніку Галоўзабеспячзбыту Круштафуку:

А)адпусціць заводам сельскагаспадарчага машынабудавання № 1 два камплекты газагенератарных установак для пераводу цягачоў з вадкага на цвёрдае паліва;

Б) цвікавому заводу генератар 57 кс і 10 электраматораў ад 1,5 да 5 кВ.А.

Кантроль за выкананнем гэтага загаду ўскладаю на начальніка вытварчага аддзела тав. Рапапорта.

Народны камісар мясцовай прамысловасці Лапета."


Піўны завод.

18 ліпеня 1944 г. піваварны завод быў перададзены ў распараджэнне гарвыканкаму. Дырэктарам прызначаны Пішчыкаў Сяргей Фёдаравіч, галоўным піваварам - Валянціна Саевіч, бухгалтарам - Дзяшовая.

".. завод знайходзіўся ў хаасным стане. Уся тэрыторыя завода і цэхаў была засмечана і завалена. Заводскія склады разрабаваныя і на свавольства адкрытыя. На складах не было ні зерня, ні соладу. Ні адной транспартнай бочкі. Адзіная маёмасць завода - лагернае піва ў падвалах, запас вуглекіслага газу ў колькасці каля 5 тон, хмель - каля 2,5 тон і піўныя бутэлькі ў колькасці звыш 120000 штук."

Заводакіраўніцтва ўзялося за ачыстку тэрыторыі завода і прывядзенне ў парадак вытворчых цэхаў, пасля чаго прыступіла да водпуску піва вайсковым часткам, якія праходзілі праз Ліду.

Магчымасць пуску ў ход вытворчасці піва з'явілася толькі пасля атрымання ў верасні партыі соладу з Гарадзенскага піўзавода ў колькасці 9 тон. 4 верасня завод прыступіў да першай варкі піва. За перыяд да 31 снежня 1944 г. было выварана 18 затораў з колькасцю 441 гкл па гарачаму суслу.

Першыя партыі ячменю паступілі на завод ад дробных дзяржпаставак 3 верасня і вельмі нізкай якасці. Да 30 верасня былі атрымана толькі 9383 кг. ячменю. З кастрычніка завод прыступіў да першай замочкі ячменю для выпрацоўкі соладу. Усяго да канца года было 18 замочак у колькасці 113 т. несартавога ячменю.

Ліманадны цэх у 1944 г. вельмі мала выкарыстоўваўся з-за адсутнасці эсэнсій і матэрыялаў для выпрацоўкі безалкагольных напіткаў. Лесапільны цэх таксама не быў дастаткова скарыстаны з-за адсутнасці драўніны, апрацоўваліся матэрыялы піўзавода на патрэбы бягучага рамонту. Акрамя таго сілавыя ўстаноўкі завода не ў стане даць дастатковую колькасць энергіі для поўнай нагрузкі ўсіх цэхаў завода.

У 4 квартале выпушчана 1275 гкл. піва бачкавога жыгулёўскага і 211 гкл. піва бутэлечнага. Цэх безалкагольных напіткаў выпусціў прадукцыі на суму 1, 4 тыс. рублёў.

Убыткі справаздачнага перыяду выкліканы ненармальнай працай завода. Таму што завод пабудаваны для выканання вялікай вытворчай праграмы, а з-за адсутнасці сыравіны завод не быў цалкам загружаны. Дэбіторскай запазычанасці ў 1944 г. не сабралася. Таму што рахункі на адпусканую прадукцыю выстаўляліся непасрэдна пры выхадзе тавараў і перадаваліся ў банк на інкасо не пазней, чым у 3-х дзённы тэрмін. (ЗДА у г. Лідзе. Ф. 34, воп.1, с.4, арк 27-29).

У студзені 1945 г. на заводзе працавала 27 чалавек.


Друкарня.

26 ліпеня ў гарадской друкарні была аддрукавана пастанова "Аб мерах узмацнення супрацьпажарнай бяспекі ў г. Лідзе". Пачала выпускацца газета "Уперад".


Фабрыка "Арадль".

Усё абсталяванне фабрыкі "Ардаль" было вывезена ў Германію. У карпусах фабрыкі ў ліпені былі арганізаваны падсобныя склады "Нарыхтзбожжа".


Бойня.

15 жніўня прыступіла да работы бойня па вул. Фабрычнай, 11, пабудаваная ў 1904 годзе. Усім арганізацыям, установам і прыватным асобам было катэгарычна забаронена праводзіць забой жывёлы па-за бойняй.


Чыгуначны вузел.

З 17 жніўня 1944 г. пачаўсваюпрацучыгуначнывузел. "Калектывам паравознага дэпо праведзена вялікая праца па аднаўленні і падрыхтоўцы дэпо да працы ў зімовых умовах. Сваімі сіламі адноўлены: кавальскі цэх, слясарныя майстэрні, газазварачны і электразварачны цэхі, аўтаматны і інструментальны цэхі, тры такарныя станкі. Адноўлены будынак для цёплай прамыўкі паравозаў. Праведзена адпаведная праца па падрыхтоўцы кадраў.Арганізавана навучанне машыністаў (20 чалавек), памочнікаў машыністаў (50 чалавек), слесараў (закончыла навучанне 37 чалавек і навучаецца 10)"


8 верасня 1944 г. народны Камісарыят харчовай прамысловасці СССР прыняў рашэнне арганізаваць Камбінат харчовых канцэнтратаў у г. Лідзе. 12 верасня пам. начальніка тылу Чырвонай Арміі генерал - маёр Юдзін накіраваў ліст нам. камандуючага БВА па МТЗ генерал - маёру Панову: "Для абслужвання Беларускага фронту ў г. Лідзе да 1.ХІ. 1944 па заданні Мікаяна павінен быць зманціраваны і здадзены ў эксплуатацыю камбінат харчовых канцэнтратаў". Загадвалася аказаць дырэктару гэтага камбіната т. Міхайлаву Р. В. дапамогу аўтатранспартам, рабочай сілай і дапаможнымі будаўнічымі матэрыяламі.

16 кастрычніка 1944 г. СНК БССР прымае рашэнне: арганізаваць камбінат харчовых канцэнтратаў у г. Лідзе на базе былога піваварнага завода № 2, перадаць згаданаму камбінату будынкі, збудаванні і захаваўшаеся абсталяванне піваварнага завода, а таксама дзве машыны "Імперыял" для сушкі гародніны, якія былі на заводзе.

Бясплатна з Маскоўскага соевага завода быў атрыманы вентылятар, з Горкаўскага завода харчовых канцэнтратаў - тры вентылятары, цэнтрыфуга, тры электраматоры, 5 шківоў, атрыманы таксама рэдуктар, кацёл "Вулкан", электраматор, трансмісійны вал - усяго на суму 21,18 тысяч руб. (ЗДА у г. Лідзе. Ф.12, воп.1, с.53. арк .13).

31 снежня 1944 г. камісія ў складзе начальніка будаўніцтва Я. С. Талера, галоўнага інжынера Я. В. Бухарына і галоўнага бухгалтара М. І. Вайтовіча, склалі акт аб тым, што прадугледжаныя тытульным спісам на 4 квартал аднаўленчыя работы закончаны і аб'екты ўведзены ў эксплуатацыю. Былі адноўлены склады (адрамантаваны падлогі, столі, сцены, дзверы, страха), кацельная (адрамантаваны трубаправоды, гарэльня, дах і паравая машына), жылы дом (адрамантаваны дзверы, рамы, печы, устаўлена шкло, памаляваны падлогі) кошт рамонту склаў 29,2 тысячы рублёў. (Там жа, арк. 2). Пры гэтым патрачана: 3 тоны алебастры, 31 тона цэменту, 118 м2 шкла, 10 м3 лесу круглага, 6 м3 лесу пілаванага, шпалы, 336 кг жалеза ліставога, 288 кг цвікоў, 150 штук чыгунных труб, 94 м3 пяску, 337 кг сталі ліставой. (Там жа, арк.12).

Лічыцца, што першыя 200 кг прадукцыі былі адпраўлены на 3-ці Беларускі фронт у лістападзе 1944 г. Аднак, першая чарга харчкамбіната была здадзена ў эксплуатацыю 17 лютага 1945 г., і з гэтай нагоды быў правядзены ўрачысты сход, на якім выступіў дырэктар Нянашаў. Але фактычна камбінат уступіў у дзеянне ў красавіку 1945 г., калі выпусціў першыя 9,2 тоны прадукцыі. (Ф. 18, воп. 1, с. 54).


Вялікія цяжкасці былі з будаўнічымі матэрыяламі. Шукалі іх, дзе толькі маглі. Рашэннем гарвыканкаму ў жніўні 1944 г. быў арганізаваны будаўнічы ўчастак № 2. Аднаўленчыя работы павольна, але няўхільна пачалі набываць усё больш арганізаваны характар.

27 ліпеня створана аўтатранспартная кантора (АТК), першапачатковая колькасць працаўнікоў - 9 чалавек, рухомы склад 4 аўтамабілі.

28 ліпеня дырэктарам гарадской лазні празначаны Хімчанка Іван Дзмітрыевіч.

29 ліпеня загадчыкам цырульні прызначаны Каравенкаў Васіль Андрэевіч.

3 жніўня на плошчы на вуглу Ленінскай і Перамогі адкрыты рынак для вольнага прадажу.

У жніўні адноўлена гарадская бальніца на 125 ложкаў.

17 жніўня быў складзены акт аб злачынствах фашыстаў у г. Лідзе. Падпісаны членамі камісіі: старшыня - першы сакратар гаркама Р.А. Сідарок, адк. сакратар А.Т. Глухараў - сакратар гарвыканкаму, члены: І. А. Радчанка - нам. старшыні гарвыканкаму, Хаметаў - начальнік НКУС, Фіневіч - нач. гар. аддзела аховы здароўя, Л. Ф. Чэшак - святар праваслаўнай царквы, Ю.А. Гнатоўскі - гал. інжынер г. Ліды. Камісія пачала працу 31 ліпеня.

Аднасасова пачала і закончыла працу другая камісія ў складзе старшыні - нам. старшыні гарвыканкаму І. А. Пралыгіна, членаў: І.К. Пянькоўскага (прадстаўнік гаркаму), пракурора Ф.І. Ніканава, судмедэксперта В.Ф. Стасевіча, ксяндза М. К. Чабаноўскага, святара А. Г. Зукаля, доктара М. В. Галіна і М. І. Кальфа. Паводле дадзеных камісіі за годы акупацыі спалена 913 сялянскіх двароў, знішчана больш 200 будынкаў. Карныя экспедыцыі праводзіліся ў в. Дакудава, Агароднікі, Бобаўцы, Навасёлкі, Леснікі.


8 верасня адкрылася гаррайашчадкаса № 6402. Загадчыкам зацверджаны Слядкоў Пётр Якаўлевіч - нам. камандзіра партызанскага аддзелу "Іскра" па выведцы, адукацыя - 5 класаў.


Адкрыўся кінатэатр. Начальнікам кінатэатра прызначаны Васіль Іванавіч Перадзельскі - камандзір звязу аддзелу "Балтыец".

За 6 месяцаў 1944 г. гарадскія прадпрыемствы выпусцілі прадукцыі на 1 млн. 245 тыс. руб.


Партыйныя органы

27 ліпеня 1944 г. адбылося першае паседжанне гаркама партыі. На павестцы дня былі два пытанні: аб складзе аргбюро і ходзе мабілізацыі. Самым першым пасляваенным першым сакратаром быў зацверджаны Рыгор Аляксандравіч Сідарок - памочнік ўпаўнаважанага ЦК КП(б) Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці (1943-44), членамі бюро - Г. В. Рапчынскі і начальнік Лідскага НКУС маёр Галім Бакіравіч Хаметаў.


Біяграфічная даведка.

Сідарок Рыгор Аляксандравіч - першы сакратар Лідскага гаркаму партыі з 27.07.1944 па сакавік 1945 г. нарадзіўся ў 1902 годзе ў в. Варацец Хойніцкага раёна Палескай (зараз Гомельскай) вобласці. Беларус. Адукацыя сярэдняя: закончыў Рэчыцкую фабрычна-заводскую вячэрнюю школу ІІ ступені (1927-32), Гомельскую савпартшколу (1932-34), курсы пры ЦК КП(Б) Б (1937-38).


Працоўная дзейнасць.

1916-19 - пастух у в. Варацец і в. Плоскае Хойніцкага раёна.

1919 -24 - на сельскай гаспадарцы бацькі ў в. Варацец:

1924- 11.27 - чырвонаармеец, камандзір аддзялення 98 сп, г. Стары Быхаў.

1927-8.28 - міліцыянер Рэчыцкай райміліцыі, г. Рэчыца.

1928-32 - рабочы лесапільнага завода ў г. Рэчыца.

1932 - 3.34 курсант і сакратар парткаму савпартшколы, г. Гомель.

1934-35 - заг. аддзелу прапаганды і агітацыі РК КП(б)Б, г. Дрыса, Віцебскай вобласці.

1935-11.37 - старшыня райсавету "Асавіяхіму" г. Дрыса.

1937-39 - інструктар Дрысенскага РК КП(б)Б, г. Дрыса.

1939-7.39 - заг аддзелу прапаганды і агітацыі РК КП(б)Б г. Вятрыла Віцебскай вобласці.

1939-2 40 - інструктар вайсковага адделу ЦК КП(б)Б, г. Менск.

1940-6.41 - першы сакратар Івянецкага РК КП(б)Б, г. Івянец.

3.07.1941 г. - ЦК КП(б)Б з Магілёва накіраваны ў Віцебскі абкам КП(б)Б, адкуль эвакуяваўся ў г. Гомель.

20.07.1941 - 08.41 - на дыверсійных курсах у г. Гомель.

8.1941 -15.08.41 - упаўнаважаны ЦК КП(б)Б на Цэнтральным фронце.

8. 1941 - 1.42 - на лячэнні ў шпіталі (Жалезнаводск).

1. 1942 -5.42 - у рэзерве Галоў. П.У. ВПШ імя Леніна, г. Масква.

5. 1942- 1.43 - інструктар аддзелу кадраў ЦК КП(б)Б, г. Масква.

1. 1943- 7.44 - памочнік упаўнаважанага ЦК КП(Б)Б і БШПД і кам. злучэня па Баранавіцкай вобласці.

27.07.1944 - 3.1945 - першы сакратар Лідскага ГК КП(б)Б.

Узнагародаў не мае.

(ЗДА у г. Лідзе, Ф.1, воп. 9, с. 1360).


На наступным паседжанні гаркам стварыў аргбюро вузлавога парткама станцыі Ліда, якое ўзначаліў І. В. Шамятовец - камісар партызанскага аддзелу імя Калініна. Неўзабаве былі створаны партыйныя арганізацыі паравознага дэпо, вагонага ўчастка, лясной аховы, аддзялення руху станцыі Ліда, лінейнага аддзелу міліцыі.

На паседжаннях бюро абмяркоўваліся пытанні аб хлебапячэнні, гандлі: " Есць магчымасць арганізаваць гандаль, таму што некаторыя крамы захаваліся, маецца некалькі сталовак. Але памяшканні крамаў і сталовак не адпавядаюць свайму прызначэнню, не адрамантаваны, не абсталяваны, знаходзяцца ў антысанітарыйным стане". (З пратакола № 5 ад 9.09.1944 ). Аб працы хлебакамбіната, канторы хлеббуда, гарпаліва, рэдакцыі газеты, аб афармленні брацкіх магілаў, аб падрыхтоўцы да зімы 8 дыстанцыі каляі, аб зацверджанні кадраў, аб працы дзіцячага дома, аб размяшчэнні адміністратыўных установаў, аб электрастанцыі. Электрастанцыя чыгуначнага вузла была падарвана падпольшчыкамі у сакавіку 1943 г., зараз яе трэба было нанава будаваць.

На працягу верасня - кастрычніка гаркам КП(б)Б зацвердзіў склад гарсавету, стварыў вячэрнія партшколы для сярэдняга звяна партыйных, савецкіх, прафсаюзных і камсамольскіх кадраў, на якіх выкладчыкамі па курсу гісторыі партыі і партыйнасавецкаму будаўніцтву былі Сідарок, Ранчынскі, Федасееў, рэдактар газеты "Уперад" Драгун.

16 верасня гаркам заслухаў пытанне аб працы аддзела аховы здароўя. Было адзначана, што: "У горадзе адкрыта 7 лячэбных установаў, што не задавальняе цалкам патрэбаў. Да гэтага часу яны не забяспечаны інвентаром, а бальніцы прадуктамі харчавання... адсутнічае радзільны дом і дзіцячая лячэбная ўстанова. Падрыхтоўка да зімы не пачатая, паліва адсутнічае" (З пратакола № 6 ад 16. 09. 1944).

29 верасня адбыўся першы пасляваенны актыў горада з павесткай дня "Аб бліжэйшых задачах партарганізацый горада ў сферы масавапалітычнай і культурна - асветніцкай работы сярод насельніцтва". Асноўны даклад прамовіў першы сакратар Сідарок. У пастанове ўказвалася на неабходнасць перабудоўваць усю партыйна-палітычную і арганізацыйна-масавую работу ў сувязі з блізкім заканчэннем вайны і пераходам на мірны перыяд.

4 снежня паўторна заслухана пытанне аб працы гарадскога аддзела аховы здароўя. Адзначана, што аддзел незадавальняльна вядзе працу. Не падабрана памяшканне пад жаночую кансультацыю і радзільны дом. Не завершаны рамонт бальніцы. Прадукты харчавання для хворых атаварваюцца не цалка. За дрэнную пастаноўку медыцынскага абслугоўванню насельніцтва і невыкананне пастановы гаркаму загадчыка гарздараддзела папярэдзілі

18 снежня паўторна заслухаўна пытанне аб працы дзіцячага дома.

На захадзе яшчэ грымелі пушкі і лілася кроў. І "Усё для фронту! - Усё для перамогі!" - гэта былі лозунгі кожнага дня.


Адукацыя

Першым пасляваенным старшынём гарана прызначылі партызанку Ніну Бейзараву. На другі дзень пасля вызвалення горада загадчык гарана Ніна Сцяпанаўна Бейзарава сфармавала штат гарана з 8 чалавек.

15 ліпеня Н.С. Бейзарава зацвердзіла штаты шасці лідскіх школ: 1-й рускай, 2-й беларускай, 3-й польскай і трох пачатковых: 4-й, 5-й і 6-й. У верасні 1944 г. пачалі працу чатыры школы: руская сярэдняя школа № 1, беларуская няпоўная сярэдняя школа № 2, няпоўная сярэдняя школа № 3 і пачатковая школа № 4.

30 жніўня 1944 г. была прынята рашэнне аднавіць дзейнасць Лідскай рамеснай навучальні па адрасу Савецкая, 182 на базе заводаў сельска-гаспадарчага машынабудавання №1 і № 2 з кантынгентам навучэнцаў у 300 чалавек. Народны камісар мясцовай прымыславасці БССР звярнуўся да гарадскіх уладаў з просьбай перадаць навучальні будынкі, якія належалі ёй да вайны, выдзяліць неабходныя плошчы для арганізацыі інтарнатаў і сталоўкі, аказаць дапамогу ў забеспячэнні неабходным абсталяваннем, інструментамі, інвентаром і мэбляю, а таксама неабходнымі матэрыяламі для правядзення рамонту і прыстасавання будынкаў для навучальных мэтаў. (ЗДА ў г. Лідзе. Ф.55,воп.1. 10д, арк.5). 9 верасня гаркам партыі прапанаваў заводу сельгасмашынабудавання ўзяць шэфства над спецыяльнай навучальнай установай.

50 чалавек моладзі былі накіраваны ў Мастоўскую школу ФЗВ.

30 жніўня 1944 г. пачала працу прыёмная камісія па набору навуцэнцаў у Лідскую педнавучальню. Набор праводзіўся на базе сямігадовай школы і на базе 10 класаў з паскораным курсам навучання (1 год). Калектыў складаўся з 7 педагогаў: Фралоў А. М. - дырэктар, Хацэнка М.Н., Голуб С.Ф., Кардлін Д.П., Старасцін А.А., Левін У.У., Зыкаў. У кастрычніку ў навучальні пачаліся заняткі. 1 снежня 1944 г. беларуская школа №2 была вызначана базавай школай, якая была цалкам пераведзена на бюджэт навучальні. У снежні было адкрыта завочнае аддзяленне, яго працу ўзначаліў А. А. Старасцін.

3 ліпеня 1945 г. Ліда адзначала першае свята вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе прадпрыемствы і ўстановы, чырвоныя куткі былі ўпрыгожаны лозунгамі, плакатамі, партрэтамі правадыроў партыі і ўраду. Выйшаў спецыяльны нумар газеты "Уперад". На стадыёне адбылося масавае фізкультур-нае свята. На плошчы былі праведзены агульны мітынг і дэманстрацыя працоўных. Быў арганізаваны агляд магіл партызан і воінаў Чырвонай Арміі, былі зроблены агароджы і помнікі, каля брацкіх магіл праведзены мітынгі. Тыя, хто застаўся ў жывых, кляліся палеглым, што яны заўсёды будуць вернымі іх памяці і закончаць справы, якія яны не паспелі завяршыць.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX