Вярнуцца: Эканоміка

Старая пошта на Лідчыне The old mail in the Lida region


Аўтар: Старшыня Беларускага саюза філаталістаў Леў Коласаў,
Дадана: 25-01-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 42.



Пошта, як прылада зносінаў паміж людзьмі, існуе з прадвечных часоў. Па сведчанні Дыёра за 2 тысячы гадоў да Н.Х. у Індыі была ўжо ва ўжытку перасылка вестак або наказаў урадавых. Герадот прыпісвае першапачатковае ўсталяванне поштаў на абшырным заваёваным абшары Кіру (500 гадоў да Н.Х.). Па словах Свентнія, імператар Актавій Аўгуст, першы заснаваў і прывёў у лад паштовыя зносіны ў Рымскай Імперыі. Яго клопатамі было збудавана шмат добрых дарог, на якіх заснаваныя былі ў розных месцах для перамены коней і адпачынку, адмысловыя прыстанкі (І.А. Ган, 1854 г. Пошта ў Расіі). Сапраўды, многія гістарычныя дакументы сведчаць, што служба сувязі ў Еўропе ўпершыню набыла ўпарадкаваныя формы ў Старажытным Рыме. Асобныя маршруты, па якіх курсавалі пешыя і конныя ганцы, у часы прынцыпата Аўгуста (27 г. да н. э - 14 г. н. э.), былі аб'яднаны ў адзіную сетку - cursus publicus. Гэтую сетку ўзначаліў сам імператар, т.ш. гэта было найважнай дзяржаўнай установай. З заняпадам Рымскай імперыі ў 476 годзе, разбурылася стройная паштовая сетка. А вестготы, якія заваявалі Апенінскі паўвостраў, канчаткова знішчылі рэшткі дзяржаўнай пошты. У сярэднія вякі феадальная Еўропа была раздробненай, шматлікія правіцелі не асабліва вялі паміж сабой перапіску.

Зараджэнне паштовай сувязі ў ВКЛ супадае з утварэннем ВКЛ як дзяржавы ў ХІІІ ст. Дзяржаўныя справы патрабавалі ад вялікіх князёў літоўскіх зносін з ўладарамі іншых дзяржаў, як бліжэйшых так і аддаленых. Ужо вялікі князь Міндоўг вёў обшырную па тым часе перапіску з Ватыканам, з Лівонскім ордэнам, з Рыгай. Князь Альгерд пасылае свае пасланні ў Канстанцінопаль патрыярху Філатэю, падтрымлівае пісьмовую сувязь з ордэнам крыжакоў. У 1357 годзе князь Кейстут вядзе перамовы з імператарам Карлам ІV і з лістамі пасылае ў Нюрыберг свайго брата. У ВКЛ сувязь паміж аддаленымі княствамі і родавымі замкамі падтрымлівалася коннымі ганцамі. Адказныя пасланні князі перасылалі праз правераных і давераных асобаў, звычайна высокапастаўленых. Гэтыя асобы называліся "жыгунамі" (ад літоўскага: жыгунас - конь, Л.К.) Шляхі ганцоў пралягалі ад паселішча да паселішча, ад замка да замка. Уладальнікі замкаў павінны былі падаваць галоўным ганцам і асобам суправаджэння ежу, начлег, коней (мяняць). Ганцы вялікіх князёў падвяргаліся небяспецы пастаянна. Калі шлях ганцоў ляжаў праз тэрыторыі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, то небяспека быць захопленым, абрабаваным, забітым павялічвалася. У 1322 годзе ў пасланні князя Гедзіміна Папу рымскаму Іяану ХХІІ гаварылася што княжых ганцоў "… яны (тэўтонцы - Л.К.) бязлітасна забівалі. Іншых павесілі і прымусілі ўтапіцца".

Вядомы і такі факт, калі князь Гедзімін у 1324 годзе ў сваім пасланні радзе горада Рыгі, епіскапам дэрпцкаму, эдэльскаму і дацкаму намесніку Рэвельскай зямлі скардзіўся на крыжакоў, якія "… парушалі вернасць, калі абяцаўшы нашым паслам бяспечны доступ у свае валадарствы, пры ўездзе апошніх захапілі ў палон, не выключаючы Лёсе, якога знявечыўшы адпусцілі. Вялікакняскі пасол Гедзіміна Лёсе ў 1326 годзе пісаў: "Спадарожнікаў жа маіх, рускіх, адпраўленых разам са мной, тыя ж браты (крыжакі - Л.К.) ізноў абрабавалі ў сваёй цвердзі Дзюнабург, калі тыя, вярнуўшы сабе дабро, пасля палону дадому вярталіся".

Часта вялікакняскім ганцам прыходзілася цярпець і ад сваіх князёў. Кепская вестка, прынесеная ганцом з пасланнем магла стаць прычынай смерці ганца. Таму для перасылкі лістоў у аддаленыя дзяржавы звярталіся да дапамогі кляштароў. Манахі падтрымліваючы рэгулярную сувязь з Рымам нярэдка адпраўляліся ў далёкі шлях з пасланнямі князёў або купцоў. Манаскія ордэны францысканцаў, дамініканцаў мелі сваю манастырскую пошту і падтрымлівалі сувязь са сваімі брацтвамі. Такім чынам праз манастырскую пошту, праз вандроўных манахаў адпраўляліся шматлікія пасланні літоўскіх князёў у дзяржавы сярэднявечнай Еўропы. У ХІІІ - ХІV стст. Тэўтонскі Ордэн стварыў службу сувязі верхавымі пасланцамі для падтрымкі кантактаў з рыцарскімі гарадкамі і князямі ВКЛ.

Вялікі літоўскі князь Вітаўт вёў шырокую перапіску з Тэўтонскім ордэнам, з каралём Англіі Генрыхам ІV, які ў 1390 і 1392 гг. удзельнічаў у паходах крыжакоў на ВКЛ і быў знаёмы з князем Вітаўтам. Вітаўт вёў абшырную перапіску з імператарам Жыгімонтам і праваслаўнымі патрыярхамі.

Кароль Уладзіслаў Ягайла і Вялікі князь Вітаўт падтрымлівалі па тым часе шырокую перапіску з Папам Рымскім, каралямі многіх дзяржаў, ордэнам крыжакоў, васальнымі князямі і да т. п. Уся гэтая карэспандэнцыя высылалася з месца знаходжання караля і вялікага князя - з Вільні, Трокаў, Коўні, Меднікаў, Ашмяны, Маладзечна, Ліды, Наваградка, Слоніма, Кернава, Аран, Жыжмар, Эйшышак, Салечнік, Мерачы, Бубіч, Бершт, Гародні і іншых гарадоў і мястэчак, дзе спыняліся кароль і князі. Гэтыя лісты адрасатам дастаўлялі адмысловыя пасланцы. Чым вышэйшую (важнейшую) пасаду займаў адрасат, тым больш высакароднага саноўніка выкарыстоўвалі ў якасці пасланца з лістом. Сярод запісаў у расходных кнігах Тэўтонскага ордэна крыжакоў за 1348-1410 гг. ёсць запісы аб Ніклусе Лушку - герольдзе князя Вітаўта. У дыярыюшы Януша Тышкевіча, Мсціслаўскага ваяводы, у 1625 годзе пад загалоўкам "Дамовы са Швецыяй" маюцца шматлікія звесткі аб перасылцы ў тыя часы (службовай) карэспандэнцыі паміж маёнткам Дзітва, дзе жыў ваявода (маёнтак Дзітва - Рулевічы за 21 км ад Ліды, у 1906 г. быў раздробнены паміж уладальнікамі) і Варшавай, месцам знаходжання караля Жыгімонта III.: " З Літвы адправіў да яго каралеўскай міласці ў Варшаву Пурышку 23 красавіка з лістом... Прыехаў потым мой пасланец ад Понтуса 28 красавіка нейкі Андрэй Шульц, які мне прынёс ліст ад Понтуса, напісаны мне, а таксама пры гэтым рэспонс (RESP0NS - адказ - Л.К.) ад сенатараў... Паслаў ліст зараз яго Вялікасці каралюз Дзітвы 29 красавіка 1625 года, вярнуўся Пурышка з Варшавы, якога да каралеўскай міласці пасылаў і рэспонс каралеўскі прынёс... Дадзены ў Варшаве дня 29 красавіка... вярнуўся да мяне потым казак мой, якога да караля пасылаў з лістом сенатараў шведскіх, з лістом караля датаваным у Варшаве 9 траўня 1625 года. На гэты ліст адпісаў з Дзітвы 22 траўня 1625 года. Вярнуўся потым да мяне пасланец з двара яго вялікасці караля з рэспонсам на лісты мае. Ліст караля быў датаваны 28 траўня 1625".

Па датах, пастаўленым на гэтых лістах можна вызначыць, што на пасланні, высланыя з Дзітвы ў Варшаву (адлегласць 320 км) былі дадзеныя адказы на 6-ты дзень пасля іх адпраўкі. Невядома, ці даваў кароль адказ у дзень атрымання ліста ваяводы. Таму тэрміны руху пошт з Дзітвы ў Варшаву і назад можна вызначыць толькі прыблізна. Магчыма, ганец гэтую адлегласць пераадольваў "на фурманках", мяняў коней на паштовых станцыях за 5 дзён, робячы па 64 км у дзень.

У Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў іншых сумежных дзяржавах захоўваўся даўні звычай - усе вяльможы ў вандроўках у мірны час, а тым больш у ваенных паходах суправаджаліся світай узброеных служак. Гэтага роду світа ў ВКЛ звалася "почтам" (pocztem ). Кароль Жыгімонт І у лісце да Станіслава Янавіча, старасты жмудскага, 1 кастрычніка 1522 года рэкамендаваў, каб намеснікі старасты "ежджывалі па воласцях з цівунамі нашымі з малым почтом саматрэць альбо самачэцверць". У атачэнні світы (росztа ) ездзілі і ганцы крымскага хана. У дамове караля Жыгімонта І і хана (цара) Гірэя (каля 1540 г.) уключана такое палажэнне "... а калі б хан жадаў ганцоў сваіх з вялікімі почтамі слаць, было б іх асоб дваццаць або больш". З тэксту гэтай дамовы даведваемся, што каронныя і літоўскія купцы вывозілі соль з чарнаморскага порта Качубея пад аховай почтаў ханскіх, ("за сторожбою людзей царовых"). У ВКЛ узброеныя служкі зваліся баярамі, з часам яны па-чалі звацца літоўскай шляхтай, па прыкладзе польскай шляхты. Баяры дзяліліся на годных, вольных, панцырных, путных і служак (слуг). Баяры, слугі путныя, як відаць з іх азначэння, суправаджалі сваіх гаспадароў (паноў) у падарожжах па краіне ў мірны час, і ўжо тады ў першай палове 15-га стагоддзя путныя баяры развозілі дароўныя пасланні караля Казіміра Ягелончыка. У параграфе 1 ("Аб баярах путных і служках") зямельнага закона караля Жыгімонта Аўгуста ад 1557 года, гаворыцца аб тым, каб рэвізоры каралеўскіх маёнткаў выбіралі з ліку путных баяраў такіх, якіх можна было пакідаць пры кожным каралеўскім замку і двары (маёнтку) у якасці служак, абавязкам якіх было ездзіць з каралеўскімі лістамі ў суседнія маёнткі, а таксама адвозіць сабраныя па падатках і зборах грошы ў Вільню ў каралеўскі скарб. Закон гэты вызначаў наступныя двары, да якіх гэты закон прымяняўся. Усе яны знаходзіліся на поўнач верхняй плыні Нёмана - Беліца, Ожа, Пералом, Перавалок, Васілішкі, Астрыно, Мерач, Канява, Дубічы, Радунь, Эйшышкі, Варане (Араны), Валкенікі (Алькенікі), Лейтуны, Ліда, Трабы, Геранёны.

У інвентарным спісе Лідскага староства за 1680 год вылучана 8 мяшчан, якія жывуць поруч замка на землях староства, і якія павінны былі плаціць зямельны падатак па 15 грошаў у год. У абавязкі гэтых мяшчан уваходзіла: "... лісты заўсёды па калейцы за некалькі міль у Лідскім павеце адносіць (развозіць)...". У некаторых каралеўскіх уладаннях (маёнтках, дварах) абавязкі путных баяраў - у прыватнасці, развоз лістоў - выконвалі татары, паселеныя на каралеўскіх землях. Так інвентар Васілішскага староства за 1787 год згадвае аб тым, што тататры, паселеныя ў колькасці 6 дымоў у Сеньдзюкоўшчыне каля мястэчка Васілішкі, акрамя аплаты зямельнага падатку ў карысць старасты павінны былі развозіць яго лісты. І гэтае не адзінае згадванне аб татарах-лістаношах. У інвентарным вопісе Эйшышскага староства 1790 года таксама гаворыцца аб татарах, якія жывуць у Таўсюнах. Яны былі абавязаныя плаціць падаткі нароўні з баярамі і выконваць паслугі двару - развозіць лісты простыя і экстраардынарныя. Гэтак жа, як і пры двары каралеўскім, путныя баяры служылі пры дварах панскіх. У рэестравым спісе людзей (насельнікаў) маёнтка Олдаўскага з Вараноўскім дварцом (Лідскі павет), прададзенага князем Чартарыйскім Яну Трызне, складзеным у 1581 годзе, гаворыцца: "... баяры путныя Майсей Сушкевіч, Пётр Трахімовіч, Цімафей Панасовіч, Клім Федаровіч, Ян Андрэевіч Шарайковіч - тыя з лістом ездзяць і то на вялікую дарогу, бo зямля пад імі малая, на якой цяпер сядзяць ...".

Гэтую ж катэгорыю баяраў-служак знаходзім у інвентарным вопісе маёнтка Ражанка (Лідскі павет) за 1599 год. Гэтыя баяры валодалі цэлымі фальваркамі: "Мачылоўскі - 6 валок, Запольскі - 7 валок, Кісялевічы - 4 валокі, над ракой Тур'ёй - 4 валокі, за сялом Падражанка - 4 валокі, у Дуперкоўшчыне 4 валокі - разам 25 дымоў, ездзілі на вайну і з лістамі, а таксама неслі дарожную службу ("pelnili drogi"). У інвентары Дзітвянскай воласці (Лідскі павет) з фальваркамі Дылева і Ваверка князёў Вішнявецкіх за 1653 год згаданыя такія баярскія сёлы - Мейры - 9 дымоў, Пяхуры - 6 дымоў, Мілевічы - 10 дымоў, Дылева - 3 дымы. Жыхары гэтых сёлаў абавязаныя былі "... а з валок баярскіх плаціць па злотых 6 і падвод дзве да Вільні, а з лістом куды скажуць адправіцца павінны".

У інвентарным спісе баяраў Банцавічаў (гміна Белагруда Лідскага павету) якія належаць маёнтку Белагруда, якіх пані Хальшка Тышкевічоўна Завіша, каштэлянша віцебская аддала ў 1668 годзе ў заклад панам Рудзінскім, ёсць згадванне, што акрамя іншых павіннасцяў і падаткаў залогатрымальнікі маюць права гэтых баяраў "калейна пасылаць" з лістамі. Баяры біскупскага валодання (маёнтка) Дуброўня (поруч Ліды) паводле інвентара 1732 года абкладаліся павіннасцю перавозкі лістоў. У інвентары гэтага ж маёнтка, складзеным пасля канфіскацыі ў 1798 годзе, гаварылася, што землеўладальнікі, "якія сядзяць на дворных грунтах" - вёскі Сагайлы (Сангайлы), Пашкевічы і Плашэвічы - раней абавязаныя былі мець для дэманстрацыі багацця сваіх паноў уланскую ўніформу, сядло, а таксама зброю. Яны звычайна выкарыстоўваліся панамі для пасылак з лістамі для дробных паслуг і даручэнняў "як конна, так і з возам". Гэты новы інвентар загадваў, што кожны землеўладальнік (абшарнік) павінен штогод для двара адбыць павіннасць "пасылкі з лістамі конна альбо возам на 48 міль". Гэта азначала, што ў адзін бок конна можна было ехаць 24 мілі, а возам па 12 міль 2 разы туды і назад.

У архіўных дакументах знаходзім і такія дадзеныя. У акце продажу Мікалаем і Марыяй Свідэрскімі "паловы пляцу (участка) у паўвалокі" (валока 16,8 га) пад юрысдыкцыяй Лідскага прыходу - акт ад 2 чэрвеня (iunii) 1657 года - указана частка абавязкаў, якія павінны выконваць будучыя ўладальнікі ўгоддзя - "... да жніва тры дні ў дарогу з лістамі мілі дзве не далей Жырмунаў або да Белагруды...". Паводле інструкцыі Лідскага касцёла св. Крыжа ад 1820 года павіннасць развозу "курсорый" (пасылак, лістоў), як і раней, была абавязковай для ўсіх мяшчан, якія карыстаюцца землямі прыходу.

Гэтая павіннасць на дзяржаўных землях па меры вызвалення падданых ад натуральнага падатку (прадуктовы падатак) і пераводу іх на чынш, знікала, што мела месца ў 50-х гадах 19-га стагоддзя. У прыватных маёнтках павіннасць гэтая пачала знікаць некалькі пазней - толькі падчас канчатковага разрыву прыгонніцкіх адносін паміж уладальнікамі сядзіб і сялянамі ў 1863 годзе.

Пачатак пісьмовай (ліставой) пошты, як прававой грамадзянскай інстытуцыі, паклаў кароль Жыгімонт III Ваза ў 1620 годзе. Апублікаваўшы канстытуцыю, зацверджаную ў тым жа годзе варшаўскім соймам, кароль выказаў пажаданне: "... каб з усіх памежных мясцовасцяў і тут да двара нашага, калі б наша асоба тут была і да сумежных у дзяржаве нашай гарадоў на кожны тыдзень ведамасці даносіць маглі і перасылку лістоў кожнаму стану вельмі патрэбных дастаўляць...". Кароль пакінуў сабе права стварэння арганізацыі, якая займалася б перасылкай гэтых ведамасцяў і лістоў. Гэтай створанай арганізацыі кароль даў назву "пошта". На тэрыторыі ВКЛ з даўніх пор вялікія князі падарожнічалі ў атачэнні (у таварыстве) "почтаў" (poczet), світы, атрада. Некаторыя асобы з гэтай світы звычайна выкарыстоўваліся каралём для развозкі і перадачы лістоў. Таму назва гэтай новай арганізацыі, запазычаная з нямецкай - die reitende Post (верхавая пошта) - была з лёгкасцю прынята навакольнымі (мясцовымі) жыхарамі і ўстановамі. Тым больш што гэтая назва было цесна звязана з поштай падводнай, г.зн. на фурманках (poczta wozowa), якая ўжо функцыянавала, перавозячы каралеўскіх пасланцаў (ганцоў). У рахунках літоўскага скарбу маюцца такія запісы - "спадару Беранту Фогту найміту, віленскаму яго каралеўскай высокасці паштмайстру за 1648, 1649 і 1650 гг. па 250 флорынаў выплачана ўсяго 750 і за 1649 год асобна - у рукі пана Мантэлюпі (Montulepieg) на пошту ў Літве перададзена флорынаў 1000". (У 1647 годзе кароль Уладзіслаў ІV прызначыў новым генеральным паштмайстрам чарговага прадстаўніка роду Мантэлюпі, якія займалі гэты пост каля ста гадоў.

Ваенныя дзеянні з Маскоўскай дзяржавай 1655 - 1660 гг. знішчылі ўсю наладжаную арганізацыю сувязі (пошты) у ВКЛ. Толькі пасля сыходу расійскіх войскаў было пачата аднаўленне гэтых паштовых сувязяў.

У рахунках выплат смаленскага ваяводы, адміністратара скарбу ВКЛ, старасты ашмянскага Мацвея Саковіча за 1661 год знаходзім запісы якія адносяцца да арганізацыі пошты (ліставой). У гэтых рахунках апісаны нават кірункі руху пошт (гасцінцы), колькасць казакоў, якія абслугоўвалі кожны гасцінец, і сума выдаткаў: гасцінец на Юрборг - 6 казакоў (400 км); гасцінец на Барысаў - 7 казакоў (600 км); гасцінец на Брагін і Чарнігаў - 10 казакоў (1000 км). Падтрымліваліся таксама паштовыя сувязі - Гародні са Смаленскім ваяводам у Яблычнай, Юрборга з Біржаем, Курляндыяй і Вільняй.

Конныя казакі размяркоўваліся па паштовай дарозе на больш-менш аднолькавых адлегласцях адзін ад другога і такім чынам перавозілася і перадавалася з рук у рукі ў хуткім тэмпе кайстра (торба) з лістамі. Гэтая эстафетная пошта праіснавала да падзелу Рэчы Паспалітай. Кошт утрымання такой пошты, напрыклад, з Варшавы да Юрборга, паводле прыкладзенага да дакументаў рахунка ("лічбы") за 1661 год штомесяц склаў: 5 казакоў па 20 флорынаў у месяц і адзін казак старэйшы - 25 флорынаў, што ў суме складала 125 флорынаў што-месяц або 1500 флорынаў у год. Нажаль, не захавалася дадзеных аб тарыфах за перавозку прыватных лістоў гэтай поштай.

Як і раней, унёскі на ўтрыманне ліставой пошты павінны былі даваць гарады, але пастанова сойма 1659 года сцвярджала, што "гарады і мястэчкі грошы на гэтыя пошты (звычайныя) некалькі гадоў затрымоўвалі" (мабыць з-за спусташэння краю падчас вайны).

Рашэнне сойму 1673 года адзначае "каб гарады і мястэчкі ВКЛ падводныя грошы паводле канстыту-цыі на пошты звычайныя штогод 12000 злотых у рукі Рыйнольда Бісінга - паштмайстра нашага ВКЛ аддавалі".

Варшаўскі сойм 1717 года зацвердзіў наступны расклад паштовых трактаў ВКЛ: 1) з Вільні на Гародню да Варшавы, а таксама на Бярэсце да Любліна на злучэнне з рускай поштай; 2) з Вільні на Коўню (Каўнас) і да межаў прускім, а таксама на Коўню, Кейданы, Расены да Мітавы і Рыгі; 3) на Белую Русь праз Менск і Магілёў да Маскоўскіх межаў. Прычым у пастанове сойму гаварылася, што лепш сувязь падтрымліваць не пешымі паштарамі, а коннымі. Праз некаторы час у ВКЛ лік паштовых трактаў павялічыўся - Гарадзенскі сойм 1726 года ўрэгуляваў пошту Наваградскага ваяводства - з Наваградка да Вільні, таксама да Гародні і Менска. Многія паштовыя тракты пралеглі праз Лідскую зямлю: 1) з Вільні на Веранова (Воранава), Жырмуны, Крупу, Мыто, Васілішкі, Астрыну, Азёры і далей на Гародню. Адгалінаванне ад гэтага паштовага тракта з Жырмунаў вяло да Ліды; 2) з Вільні на Салечнікі, Дзевянішкі, Суботнікі, Іўе і да Наваградка; 3) з Наваградка на Беліцу, Жалудок, Шчучын, Скідзель і на Гародню. Гэтымі гасцінцамі лісты перавозіліся толькі ў апячатаным выглядзе і тыя, якія высылаліся толькі праз паштовыя экспедыцыі або паштовыя аддзяленні.

Пастанова 1791 года ўстанавіла апеку Паліцэйскай Камісіі над поштай коннай, падводнай і ліставой, без права ўмешвання ва ўнутраныя справы пошты. Такі быў стан паштовых спраў да падзелу Рэчы Паспалітай.

Царскі імянны ўказ ад 6 верасня 1795 года ўстанавіў паштовую сувязь паміж Санкт-Пецярбургам і Венай праз Пскоў, Апочку, Дрысу, Вільню і Берасце, далей паштовая сувязь з Берасця ішла на Люблін і Сандамір. Другі паштовы тракт быў наладжаны з Масквы на Талочын, Менск, Нясвіж да Слоніма. Новы імянны царскі ўказ ад 29 кастрычніка 1796 года некалькі змяніў кірунак венскага паштовага тракта - па праекце генерал-губернатара Рапніна - паштовая дарога з Апочкі была перанесена да Друі і далей на Вільню, Слонім і Брэст-Літоўск і ўстанавіў новы тракт з Вільні на Гародню. Новыя паштовыя тракты былі пракладзены і па Лідскай зямлі: 1) з Вільні праз Едліну, Беняконі, Сокалы, Ліду, Беліцу, Задвор'е, Слонім, Масявічы, Ружаны, Пружаны, Кобрын да Берасця; 2) з Ліды праз Радзівонішкі, Ішчолну, Шчучын, Каменку, Скідзель, Жыдомлю да Гародні і 3) з Ліды праз Лупеніцу, Навіны, Наваградак, Карэлічы, (25KB) Мал. 1.Мір да Нясвіжа. Нясвіж быў звязаны паштовым трактам праз Сноў, Сталовічы, Палонку і Дзяды са Слонімам. Ружаны мелі паштовую сувязь трактам з Гародні праз Падарэск, Ваўкавыск, Пескі і Каменку. Старыя паштовыя гасцінцы з Вільні праз Салечнікі, Суботнікі, Іўе да Наваградка і праз Беліцу да Гародні былі закрытыя. На паштовых трактах у 1796-1800 гг. былі пабудаваныя паштовыя дамы - станцыі, якія былі аддадзеныя ў рукі прыватных асобаў, т. зв. поштхальтараў, што набылі гэтыя станцыі на некаторы тэрмін на таргах. А станцыі называліся "станцыямі поштхальтэрыі". амаль кожная станцыя мела сваю вывеску-шыльду. Як яны выглядалі, не ўстаноўлена. Адна адзіная такая шыльда, якая належала Слонімскай паштовай станцыі, захавалася ў паштовым музеі ў г. Уроцлаве ў Польшчы. Малюнак на шыльдзе ўяўляе сабой герб Рэчы Паспалітай (Польшчы і ВКЛ) на чырвоным фоне - Пагоня і белы арол у кароне, памешчаны на гарнастаевую каралеўскую мантыю. Малюнак аздоблены каралеўскай каронай і паштовым ражком. Фон шыльды - чырвоны. Уверсе і ўнізе на белых стужках чорнымі літарамі надпіс: "STACYA POCZT-HALTERYI / SLONIMSKA". Гэтая шыльда была двойчы паказана на выпусках польскай пошты. Першы раз на паштовай картачцы ў 1981 годзе, выдадзенай да 60-годдзя Ўроцлаўскага музея пошты і тэлекамунікацыі (мал.1.), другі раз у 1992 годзе - тады была выдадзена паштовая марка з выяваю шыльды. Выпуск быў прымеркаваны да Сусветнага дня пошты і Міжнароднай філвыставы "Польшча-93" (мал. 2.).

На кожнай станцыі быў дзяржаўны службовец - дазорац станцыі. Кіраванне паштовай сувяззю і перавозка карэспандэнцыі былі пакінуты ў веданні даўно дзейнага Віленскага паштамта. Гаспадары станцыі былі абавязаныя ўтрымоўваць на станцыях вызначаную колькасць коней і перавозіць пасажыраў, службоўцаў (дзяржслужбоўцаў) за плату па 2 капейкі (пазней па 3) ад вярсты і каня. Бясплатна перавозіліся 2 разы ў тыдзень паштальёны і паштовыя мяшкі з карэспандэнцыяй. Паштовыя аддзяленні былі створаныя толькі ў павятовых гарадах, карэспандэнцыя ў гэтых аддзяленнях запакоўвалася ў пакеты, якія апячатваліся сургучнымі пячаткамі, аплата праводзілася гатоўкай. Кожны ліст запісваўся ў паштовую кнігу, і адпраўніку выдавалася квітанцыя. Мяшкі з карэспандэнцыяй пад аховай узброенага паштальёна перавозіліся на параконных брычках, абсталяваных верхам (будой). Коні мяняліся на кожнай паштовай станцыі.

(18KB) Мал. 2.

Добра наладжаная паштовая служба Расіі ў губернях, якія падпалі пад напалеонаўскае нашэсце ў 1812 г., была разбурана дашчэнту. Ёсць звесткі аб жаданні французскіх акупацыйных уладаў арганізаваць пошту на занятай тэрыторыі.

Пасля ўварвання арміі Напалеона ў Расію 24 чэрвеня 1812 года, захопу Вільні (28.06), Гародні (29.06) Менска (8.07) і іншых гарадоў заходніх губерній узнікла ідэя адраджэння ВКЛ. Ужо 28 чэрвеня 1812 года на Варшаўскім сойме была ўтвораная Генеральная Канфедэрацыя Польскага Каралеўства, а 14 ліпеня ў Вільні быў абвешчаны акт ізноў утворанага саюза ВКЛ з Каронай.

1 ліпеня 1812 года па распараджэнні Напалеона ў Вільні быў скліканы Часовы ўрад. Орган гэты ў выдадзеных дакументах зваў сябе па рознаму - Часовая ўрадавая камісія ў ВКЛ, Урадавая камісія, Камісія Літоўскага ўраду і г.д. Старшынём камісіі быў абраны граф Станіслаў Солтан, чальцамі - князь Аляксандр Сапега, граф Францішак Ельскі, граф Іосіф Серакоўскі, граф Караль Празор. Пазней па жаданні Напалеона ў склад камісіі ўвайшлі Ян Снядэцкі, граф Аляксандр Патоцкі і Ігнат Тызенгаўз. На занятых напалеонаўскімі войскамі тэрыторыях заходніх губерняў была ўтвораная адміністрацыя па тыпу французскай. Былі ўтвораны 4 дэпартаменты: Віленскі, Гарадзенскі, Менскі і Беластоцкі. Цывільная ўлада ў дэпартаментах належала прэфектам, прызначаным Напалеонам. На ўзроўні паветаў (раёнаў) былі ўтвораны падпрэфектуры. Начальны нагляд над ізноў утворанай адміністрацыяй Напалеон даручыў князю Басано (Ваssаnо), а свайго ад'ютанта галандца Хагендорна прызначыў генеральным губернатарам і камандуючым войскамі ў гэтым раёне.

Для патрэб войска на гэтых тэрыторыях была створаная палявая пошта. А цывільныя ўлады прыступілі да аднаўлення працы мясцовых паштовых устаноў. З гэтай мэтай у Вільні была створана Генеральная Дырэкцыя Літоўскіх поштаў на чале з графам Антоніем Празорам. Сакратаром паштовай дырэкцыі стаў Каспер Зельвітар (Zelwieter).

Усе дакументы аб стварэнні гэтай пошты публікаваліся на старонках газеты "Літоўскі Кур'ер" ("Kuryer Litewski") за 1812 год. Прывядзём некалькі газетных вытрымак аб пошце ВКЛ з "Літоўскага Кур'ера". (Пры перакладзе з польскай аўтар стараўся захаваць стыль газетных артыкулаў таго часу).

Першы дакумент датуецца 8 ліпеня 1812 года. У ім гаворыцца пра загад Галоўнай Імператарскай стаўкі аб парадку нагляду ваеннай жандармерыі над паштовымі конямі. Былі апублікаваныя і іншыя дакументы, выдадзеныя ў Вільні аб пошце - умовы кантракту з арандатарамі конных паштовых станцый, табліца аплат за найм паштовых коней і інш.



"Літоўскі кур'ер " №52 ад 16.VII.1812 г.

"Антоні Празор інфармуе аб даручэнні яму Камісіяй Літоўскага Ўраду арганізацыі пошт: "У сілу даручэння выдадзенага Камісіяй Літоўскага Ўраду мне, каб я заняўся арганізацыяй пошт, даношу праз газету да ведама грамадскасці. Калі б хто знайшоўся з ахвочых утрымоўваць вызначаную колькасць коней на станцыях, указаць мне тых, якія маюцца, каб захацелі прыйсці ў дом даўняга Паштамта Віленскага ў які дзень ад 9 раніцы да гадзін 12, а папалудні ад 4 да 7 гадзін, каб скласці прыстойны і выгадны аплачваны паштамтам кантракт, дзе і я ніжэйпадпісаны буду.

Датавана 1812 ліпеня 16 дня ў Вільні.

Антоні Празор."



"Літоўскі кур'ер" № 65 ад 19.VIII.1812 г.

"Генеральная Дырэкцыя Літоўскіх пошт інфармуе аб становішчы паштовых устаноў.

Дырэкцыя спяшаецца паведаміць зацікаўленай грамадскасці, што адгэтуль (з Вільні-Л.К,) на паштовы тракт Гарадзенскі і Беластоцкі і на прылеглыя да іх да Ласічы, Варшавы, Кракава, усёй Польшчы, а таксама Дзяржаў Французскіх і Нямецкіх ужо з усёй акуратнасцю адпраўляецца і паступае ліставая пошта. Адгэтуль экспедуе па аўторках і пятніцах у 12 раніцы. Лісты ў гэтыя дні для высылання будуць да гадзін 11 у паштамце прымацца. Адрасаваныя ў межах Польшчы могуць быць бясплатна прынятыя.

Прыбывае пошта сюды з імянованых трактаў, як і раней - у нядзелю і сераду. Асобы зацікаўленыя ў хутчэйшым атрыманні карэспандэнцыі, могуць самі прыходзіць, альбо добра правераных асоб для атрымання лістоў дасылаць, бо ў сілу паштовага рэгламенту толькі пасля 24 гадзін пасля атрымання пошты, лісты праз лістаношаў (bryftregerow) могуць быць дастаўленыя.

Лістаношам акрамя морта (кошт перасылкі - Л.К.) пазначанага на лісце чырвоным чарнілам, за дастаўку кожнага ліста па 2 медныя грошы атрымальнік ліста плаціць абавязаны.

Таксама ставіцца ў вядомасць, што на тракт адгэтуль у Менск і Коўню, Панявежыс, Цяльшай і частку Польшчы ў гэтым боку, а таксама ў Каралеўства Прускае паштовы рух ужо адкрыты. У Менск адгэтуль пошта адпраўляецца ў аўторак і пятніцу... заўсёды ў 12 раніцы. Паштамт жа будзе прымаць лісты да 11 гадзін."

Далей у паведамленні гаворыцца, што "калі б хто пажадаў сабе" выпісаць газету "Літоўскі кур'ер", "можа ў любы час занесці рублёў сем", і будзе атрымліваць газету да канца 1812 года.



"Літоўскі Кур'ер" №82 ад 10. Х. 1812 г.

"Генеральная Дырэкцыя пошт у Вялікім Княстве Літоўскам інфармуе аб далейшым становішчы (стане) паштовых устаноў.

Дырэкцыя пошт у ВКЛ апавяшчае зацікаўленую ў ліставой карэспандэнцыі грамадскасць, што не толькі ў мясцовым дэпартаменце ва ўсіх паветах пошта акуратна і своечасова вытрымлівае свой курс, але і ў дэпартаменце Менскім праз Вілейку, Даўгінаў да Глыбокага і Полацка і ў другі бок да Барысава, Ігумена, Нясвіжа (дзе ёсць паштамт), Клецка, Слуцка, Пінска і да прылеглых наваколляў.У іншых паветах гэтага дэпартамента неўзабаве Дырэкцыя спадзяецца наладзіць экспедаванне карэспандэнцыі з Менска праз Оршу да Віцебска і Магілёва і ў прылеглыя паветы. Толькі варта папярэдзіць адпраўнікоў, жадаючых паслаць лісты ў гэтыя дэпартаменты, каб яны на сваіх паштамтах пры пасылцы карэспандэнцыі "належнае марторыюм аплачвалі", бо на месцах тарыф яшчэ не ўведзены. Таксама ў дэпартаментах Гарадзенскім і Беластоцкім усталяваныя сувязі для ліставой карэспандэнцыі з Брэст-Літоўскам, Слонімам, Нясвіжам, Наваградкам і іншымі павятовымі гарадамі, дзе адкрытыя экспедыцыі.Дырэкцыя Літоўскіх пошт пры дзелавой дапамозе адміністрацыі дэпартаментаў і падпрэфектур спадзяецца неўзабаве, што ва ўсіх Літоўскіх дэпартаментах будзе наладжана перасылка лістоў, а сёння запэўнівае грамадскасць, што ў вышэйпералічаных гарадах карэспандэнцыя паступае рэгулярна. Пры гэтым паўтарае паведамленне аб часе адпраўкі і атрыманні карэспандэнцыі ліставой з іншых паштовых трактаў.

а) ПразЛідуда Наваградка, Нясвіжа, Слоніма, Гародні, Брэст-Літоўска і да Беластока, Варшавы і нават да Французскіх і Нямецкіх дзяржаў адпраўляецца адгэтуль (з Вільні - Л.К.) у аўторак і пятніцу да паўдня, у гэтыя ж дні адыходзіць пошта ў Браслаў, Свянцяны і Друю.

б) Прыходзіць жа пошта сюды ў суботу і сераду каля паўдня, а таксама ў Менск і гарады гэтага дэпартамента, таксама з Віцебска і Магілёва ...

д)Лісты ў розныя месцы адрасаваныя ў кожны час у экспедыцыю паштамта мясцовага могуць быць аддадзеныя, а ў дні адыходу пошт прыватныя да 10 гадзін, а ўрадавыя лісты да 11 перад паўднём прымацца будуць.

Датавана: 1812 года, месяца кастрычніка, 3 дня ў Вільні. Енеральны (Jeneralny) Дырэктар Пошт у Вялікім Княстве Літоўскам Антоні Празор."


Гэта было адно з апошніх паведамленняў Генеральнага Дырэктара Пошт у адноўленым ВКЛ А. Празора аб працы пошты. Войска Напалеона да зімы 1812 года ўжо цярпела паразы.У канцы кастрычніка 1812 года пошта перастала існаваць.


Пасля выгнання "Вялікага Войска" з Расійскіх заходніх губерняў і ўступлення туды расійскіх войскаў, камандуючы перадавой групай войскаў генерал - ад'ютант граф Ажароўскі рапартаваў генерал-ад'ю-танту Васільчыкаву, камандуючаму 4-м кавалерыйскім корпусам, што ім 9 снежня 1812 года арганізаваная "штафета" - "лятучая пошта" паміж мястэчкам Каменка і горадам Вільняй. На паштовых станцыях было пасаджана па 3 казакі і 1 ураднік, на якога была ўскладзена ўся адказнасць за перасылку і захаванасць пошты. Галоўнай стаянкай групы казакоў была абрана паштовая станцыя ў Салечніках. Пры рапарце граф Ажароўскі прадставіў спіс найважных паштовых станцый на гэтым тракце, дзе павінна адбывацца змена казакоў і коней: Каменка, Шчучын - 14 вёрст, Ішчолна - 14 вёрст, Радзівонішкі - 18 вёрст, Ліда - 20 вёрст, Жырмуны -14 вёрст, Воранава - 14 вёрст, Вялікія Салечнікі - 16 вёрст, Едліна - 21 вярста, Вільня - 22 вярсты, разам - 153,5 вярсты.

Указам Сената ад 16 чэрвеня 1826 года паштовы гасцінец на Вену быў перанесены на Дынабург (Дзвінск, Даўгаўпілс). 22 кастрычніка 1830 г. быў апублікаваны агульны штат паштовага кіравання. Паводле гэтаму штату была арганізавана 5-я паштовая акруга, у якую ўвайшлі Віленская (а пазней і Ковенская) і Гарадзенская губерні (з паветамі Валожынскім, Лідскім і інш.). Галоўная кватэра акругі на чале з пошт інспектарам была акрэдытавана ў Вільні. Адмысловым распараджэннем 28 студзеня 1832 года быў ліквідаваны Літоўскі паштамт і ўсе паштовыя тракты, паштовыя аперацыі ў паветах былі аддадзеныя пад юрысдыкцыю губернскіх паштовых кантор у Гародні і Вільні.


Лідская павятовая паштова-тэлеграфная кантора (ПТК) тэрытарыяльна ўваходзіла ў склад Гарадзенскай губерні і падпарадкоўвалася Гарадзенскай губернскай ПТК. У 1843 годзе Лідскі павет быў перададзены ў склад Віленскай губерні (Гарадзенская і Віленская губерні былі ўтвораны ў верасні 1801 года ад падзелу Літоўскай губерні). Лідская ПТК перайшла ў падначаленне Віленскай губернскай ПТК.

Усе паштовыя аперацыі на тэрыторыі Лідскага павету падпарадкоўваліся Лідскай ПТК. Трэба сказаць, што паштовыя аперацыі ў сярэдзіне XIX стагоддзя на тэрыторыі Лідскага павета былі вельмі слабымі, усяго ў суме ва ўсіх паштовых аддзяленнях і паштовых канторах Лідскага павета ад 1854 да 1860 года было паслана і атрымана лістоў:


Год Паслана Атрымана

1854 5900 7100

1855 6800 8050

1856 5995 7100

1857 6260 7200

1858 6480 7650

1859 7020 7450

1860 8710 9424

Усяго 47165 53974


Паводле гэтых дадзеных Лідскі павет у тыя гады займаў 2-ое месца пасля Віленскага па колькасці паштовых перасылак.


У 1860-1862 гадах праз паўночна-заходні ўчастак Лідскага павету была пракладзеная чыгуначная лінія Санкт-Пецярбург - Варшава праз Вільню, на якой былі пабудаваныя станцыі - Вільня, Ландвараў, Руднікі, Алькенікі, Араны, Марцінканцы, Парэчча і Гародня. У 1871 годзе была здадзеная ў эксплуатацыю Маскоўска-Берасцейская чыгунка, на якой былі размешчаныя станцыі Менск, Фаніпаль (тады Франапаль), Негарэлае, Стоўбцы, Гарадзея (тады Гародзей), Пагарэльцы і Баранавічы.

У 1884 годзе была ўведзеная ў дзеянне чыгунка Вільна-Роўна, далучаная да Палескіх чыгунак са станцыямі Яшуны, Беняконі, Бастуны, Ліда, Нёман, Наваельня, Моўчадзь, Баранавічы, а ў 1906 годзе - лінія Полацка - Сядлецкая Мікалаеўская чыгунка са станцыямі Маладзечна, Палачаны, Лістапады, Дзесятнікі, Ярасьшышкі, Гаўя, Ліда, Скрыбава, Ражанка, Масты, Падрось, Ваўкавыск. Па меры наладжвання руху паштовых вагонаў па ізноў пабудаваным чыгунках, усе паштовыя курсы - з конных трактаў, былі перамешчаныя на чыгунку, а на чыгуначных станцыях былі адчыненыя паштовыя аддзяленні для прыёму і выдачы карэспандэнцыі.

З уводамі ў эксплуатацыю чыгунак ад станцыі Ліда і адкрыцці рэгулярнага руху паштовых вагонаў на чыгуначных станцыях Маладзечна, Ваўкавыск, Юрацішкі, Гаўя, Скрыбаўцы і Ражанка ў 1906 годзе былі адкрытыя паштовыя аперацыі з простай карэспандэнцыяй, і вядзенне гэтых аперацый было даручана начальнікам станцый.


* * *


Патрэбнасць у хуткай перадачы паведамленняў на адлегласць паўстала яшчэ ў глыбокай старажытнасці ў часы першабытна-абшчыннага ладу. Сродкі і спосабы, якія задавальнялі такую патрэбнасць, адпавядалі матэрыяльнай культуры народаў той эпохі.

Першапачаткова скарыстоўваліся простыя сродкі гукавой і аптычнай сігналізацыі, напрыклад, касцяныя свісткі і барабаны, гукам якіх можна было сабраць групу людзей для сумеснага палявання на буйнога звера або для якіх-небудзь іншых сумесных дзеянняў. З аптычных сродкаў сігналізацыі скарыстоўваліся дымавыя і светлавыя сігналы, якія падаваліся падпаленымі вогнішчамі, асабліва ў тых выпадках, калі вельмі важная падзея, пра якую трэба было паведаміць у загадзя ўмоўленае месца, адбылася вельмі далёка. У трагедыі Эсхіла "Агамемнон" падрабязна распавядаецца, як яшчэ за шмат стагоддзяў да нашай эры, з дапамогай вогнішчаў, праз шэраг прамежкавых пунктаў, на адлегласці ў некалькі сот кіламетраў, з Малой Азіі ў Мікенскі замак была перададзена вестка аб узяцці грэкамі горада-дзяржавы Троі.

Гукавыя і светлавыя сігналы былі вядомыя ўсім народам і скарыстоўваліся галоўным чынам у ваенны час. Аптычны семафорны тэлеграф з механічнымі прыладамі на станцыях для ўстаноўкі далёка бачных сігналаў дазваляў перадаваць любыя весткі.

(21KB) Мал. 3.

Удасканаленая сістэма падачы аптычных сігналаў была вынайдзеная ў XVII-XVIII стагоддзях. Сістэма падачы аптычных сігналаў складалася з пабудаваных вежаў, на якіх былі збудаваныя бачныя здалёку сігнальныя дошкі - крыжы, куты, гарызантальныя адрэзкі. Адлегласць паміж вежамі складала каля 10 км. Сігналы на вежах чыталіся і з дапамогай падзорных труб. Рабілася гэта для дакладнасці і ўпэўненасці ў прачытаных сігналах. Створаны на гэтых умовах братамі Шапо (Chappe, Францыя) у 1780 годзе аптычны тэлеграф атрымаў шырокае распаўсюджванне ў Еўропе. Перамогі Напалеона ў яго войнах былі здабытыя шмат у чым дзякуючы аптычнаму тэлеграфу - хуткая перадача звестак, распараджэнняў, перахоп варожых загадаў, розных дадзеных - усё гэта спрыяла поспехам Вялікага войска.

Урад Мікалая І пасля падзей 1812 і 1825 года вырашыў выкарыстаць нечаканыя магчымасці аптычнага тэлеграфа братоў Шапо, і ў 1833 годзе было аддадзена распараджэнне аб пачатку будаўніцтва лініі аптычнага тэлеграфа. З гэтай мэтай набылі за 120000 рублёў у французскага вынаходніка Шапо яго сістэму аптычнага тэлеграфа, якая ўяўляе сабой удасканаленую канструкцыю тэлеграфа братоў Шапо. Гэтая тэлеграфная лінія служыла для хуткаснай перадачы важных урадавых паведамленняў і прызначалася толькі для дзяржаўнага выкарыстання. Уся лінія складалася з 149 станцый, размешчаных на ўзвышшах і цалкам адкрытых мясцовасцях. Усе станцыі былі пабудаваныя па адзіным праекце - вежа вышынёй да 20 метраў з семафорам, дом, выфарбаваны ў ярка жоўты колер, абавязкова студня і плот вакол пабудоў. Семафорныя вежы былі выфарбаваныя ў чорны колер.

Аб выглядзе семафорных станцый на тэрыторыі Беларусі мы можам меркаваць толькі па апісанні. У архівах яшчэ не знойдзена сапраўднай выявы, малюнка, чарцяжа, выгляду гэтых станцый. Як гаварыляся вышэй, аптычны тэлеграф быў шырока распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе. Асобныя станцыі, хай у змененым выглядзе, захаваліся па гэты дзень. У розных краінах Еўропы адзначаліся розныя юбілеі мясцовых аптычных тэлеграфаў, што захавана ў філатэліі. Каб мець уяўленне, як выглядала станцыя аптычнага тэлеграфа, паказваю паштовую картку выдадзеную ў ГДР у 1982 годзе да 150-годдзя аптычнай тэлеграфнай станцыі ў горадзе Бурге (1832-1982) (мал. 3.).

Тыя знакі (код), якія паказваў семафор, разумелі толькі на канцавых станцыях -у Пецярбурзе і ў Варшаве. Тэлеграфісты на прамежкавых станцыях не разумелі знакаў, яны не ведалі, што перадаюць. Семафорныя знакі яны толькі паўтаралі. Гэтую лінію аптычнага тэлеграфа звалі Варшаўскай. Знаходзілася яна ў падначаленні вайсковага ведамствы Расіі. Уся тэлеграфная лінія была падзеленая на 6 дырэкцый. У першых пяці дырэкцыях налічалася па 25 перадатачных станцый у кожнай, шостая дырэкцыя складалася з 24 станцый.

Для абслугоўвання кожнай дырэкцыі была створаная т. зв. "тэлеграфная камісія". На кожнай станцыі меўся абслуговы персанал, які складаўся з аднаго малодшага афіцэра, двух старэйшых і двух малодшых "сігналістаў" (назіральнікі з падзорнай трубой і службовец для запісу дэпеш) і адзін вайсковец інвалід у якасці служкі.

4-я дырэкцыя гэтага тэлеграфа знаходзілася ў Вільні. У склад гэтай дырэкцыі ўваходзілі тэлеграфныя станцыі ад вёскі Гары Браслаўскага паветауда вёскі Адзвярышкі Лідскага павету. На поўдзень ад Вільні телеграфныя станцыі размяшчаліся ў наступных месцах:

станцыя №14 у г. Вільня на Замкавай гары

станцыя №15 каля засценка Падвысокае

станцыя №16 каля вёскі Папоўшчына

станцыя №17 каля мястэчка Парудоміна

станцыя №18 каля мястэчка Яшуны

станцыя №19 каля карчмы Гудзелка .

станцыя №20 каля карчмы Смалянка

станцыя №21 каля вёскі Расцюны

станцыя №22 каля вёскі Рэзы

станцыя №23 каля вёскі Юршышкі

станцыя №24 каля вёскі Гарнастайшкі

станцыя №25 каля вёскі Адзвярышкі


5-я дырэкцыя размяшчалася ў Гародні. Ёй падпарадкоўваліся станцыі ад вёскі Адзвярышкі да мястэчка Цікоцін:

станцыя №1 каля фальварка Палашкі

станцыя №2 каля вёскі Ядловіцы

станцыя №3 каля вёскі Казьляны

станцыя №4 каля фальварка Вугольнікі

станцыя №5 каля засценка Вуглы

станцыя №6 каля вёскі Кулоўцы

станцыя №7 каля вёскі Раганічэ

станцыя №8 каля карчмы Шклёнск

станцыя №9 каля карчмы Бервы

станцыя №10 каля фальварка Корчыкі

станцыя №11 каля фальварка Разаліна

станцыя №12 каля мястэчка Сакрэт

станцыя №13 каля г. Гародні на даху вайсковага шпіталя "Новы замак".

Адкрыццё новай тэлеграфнай лініі адбылося 10 красавіка 1839 года, а 29 красавіка царом Мікалаем I быў зацверджаны статут гэтай лініі. Аптычны тэлеграф Варшава - Санкт-Пецярбург дзейнічаў да 1856 года. Канцавая станцыя аптычнага тэлеграфа ў Пецярбурзе знаходзілася ў адмыслова надбудаванай невысокай вежы на даху Зімовага палаца (якая існуе дагэтуль). Карыстаючыся азбукай Шато, можна было перадаваць літары, словы і фразы. Семафорны тэлеграф быў для таго часу прагрэсіўным, але меў істотныя недахопы - немагчымасць ажыццяўляць сувязь у імглістыя і дажджлівыя дні, а таксама ў начны час, вялікую трату часу на перадачу вестак, складанасць яго эксплуатацыі, чым выклікаліся значныя грашовыя выдаткі. На лініі Варшава - Пецярбург працавала звыш 1000 чалавек. Аптычны тэлеграф на землях Лідчыны праіснаваў да 1856 года, саступіўшы месца электрычнаму.


У 1837 годзе амерыканскі вынаходнік Самуэль Морзэ пабудаваў тэлеграфны апарат, які дзейнічаў на асновах электрамагнетызму. У 1852 годзе нямецкая фірма "Сіменс і Хальске" у Берліне па дамоўленасці з царскім урадам пачала будаўніцтва новай электрычнай тэлеграфнай лініі з Санкт-Пецярбурга ўздоўж шашы Царскае Сяло - Гатчына - Дынабург (Дзвінск, Даўгаўпілс) - Коўня (Каўнас) праз Гародню і далей да Варшавы. 15 красавіка 1854 года Мікалаем I быў зацверджаны статут новай лініі. Будаўніцтва лініі было скончана 10 лістапада 1856 года, але ў эксплуатацыю ўрад Расіі прыняў яе толькі ў 1857 годзе. Лінія абслугоўвалася нямецкімі спецыялістамі сумесна з расійскім персаналам. У 1860 годзе ўвесь нямецкі абслуговы персанал быў заменены мясцовымі тэлеграфістамі і тэхнікамі, Лінія была падпарадкавана вайсковаму ведамству. Усе тэлеграфісты насілі мундзіры, шаблі, шпоры. Калі была пабудаваная чыгунка Санкт-Пецярбург - Варшава, тэлеграфная лінія была пракладзеная ўздоўж чыгуначных шляхоў, што палегчыла яе абслугоўванне.


У 1875 годзе была створана Віленская паштовая акруга, у якую ўвайшлі цяперашнія землі Гарадзеншчыны і Лідчыны.


Першыя тэлефонныя лініі на Лідскай зямлі былі пракладзеныя паміж шклянымі фабрыкамі "Нёман-А" (старая гута ў Астроўне) і "Нёман-Б" (новая фабрыка) у 1894 годзе. У маёнтках Жалудок і Ліпічна тэлефонная сетка была пабудаваная ў 1902 годзе. Першая тэлефонная лінія ў Лідзе злучыла бровары спадчыннікаў Н. Пупко і Папірмейстра ў 1907 годзе. Адміністрацыі маёнткаў у Шчучыне і Станіслававе (пад Гародняй) былі злучаныя тэлефоннай лініяй у 1908 годзе. У 1909 годзе была пабудаваная тэлефонная лінія, якая злучае адміністрацыі валасных кіраванняў у Сабакінцах, Нарошы і Астрыне з канцылярыяй земскага начальніка 5-й акругі Лідскага павету ў Марыямпалі пад Астрыной. Цікавы той факт, што ўсе гэтыя тэлефонныя лініі былі ўласнасцю асобных уладальнікаў і не прызначаліся для грамадскага карыстання.


Усе паштовыя ўстановы Лідчыны маюць сваю цікавую і даўнюю гісторыю, якую яшчэ неабходна адкрыць, і апісаць краязнаўцам.

Гістарычныя дадзеныя аб паштовых аддзяленнях Лідскага краю да 1917 года, а таксама новыя дадатковыя звесткі аб пошце ў Лідзе даюцца ніжэй:


ЛІДА

У матэрыял аб пошце ў Лідзе, апублікаваны ў № 3-4 "Лідскага летапісца" за 2004 год (стар. 42) была ўнесена рэдакцыйная ўстаўка аб тым, што ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі сярод старой карэспандэнцыі маецца ліст, датаваны 20 сакавіка 1844 года, на якім пастаўлены т.зв. дамарачны штэмпель - слова "ЛІДА" у касой рамцы. За час мінулы з моманту публікацыі гэтых звестак удалося знайсці больш ранні паштовы штэмпель Ліды, датаваны (меркавана) 1839 годам. Штэмпель уяўляе сабой слова "ЛІДА" напісанае своеасаблівым мастацкім шрыфтам. Назва пошты падкрэслена адной лініяй. Дата адпраўлення пастаўлена на лісце ад рукі, але не вельмі чытэльная. Колер масцікі штэмпеля - чорны. Пошукі дамарачных штэмпеляў Ліды працягваюцца.

У 1936-1939 гг. у Лідзе працавала т.зв. перонная пошта. Яе службоўцы прымалі простую і заказную карэспандэнцыю, а таксама тэлеграмы ў пасажыраў цягнікоў, якія праходзілі праз станцыю Ліда. Для выканання гэтай аперацыі службоўцы пероннай пошты прахаджваліся ўздоўж цягніка і, не заходзячы ў вагоны, прапаноўвалі свае паслугі. У службоўцаў гэтай пошты былі фуражкі з надпісам "Перонная пошта" ("Poczta Peronowa"), а таксама на папружках на шыі віселі невялікія скрыначкі чырвонага колеру з наборам паштовых марак, картак, канвертаў і паперы, а таксама бланкаў тэлеграм. На скрыначцы белай фарбай было напісана "Poczta Peronowa". Перонная пошта з'яўлялася складовай часткай вакзальнага паштовага аддзялення Ліда-2. На прынятай карэспандэнцыі ставіўся дапаможны адмысловы штэмпель чырвонага колеру з надпісам "Poczta Peronowa / Lida 2" Ліда 2" ("Перонная пошта / Ліда-2)", а прыняты заказная карэспандэнцыя адзначалася штэмпелем з тэкстам: "R / Lida 2 / Poczta Peronowa / № ....." ("З / Ліда-2 / Перонная пошта / №...") Колер гэтых штэмпеляў - чырвонага колеру ( мал. 5.).

Для пазначэння бясплатнай службовай карэспандэнцыі некаторыя дзяржаўныя ўстановы скарыстоўвалі адмысловыя штэмпелі... Так на ўсёй карэспандэнцыі, якая выходзіла з канцылярыі магістрата г. Ліды ў 1937-1939 гг. ставіўся круглы штэмпель (Ф45мм) з малюнкам герба і тэкстам "MAGISTRAT m. LIDY / Stempel listowy" ("Магістрат г. Ліды / Штэмпель для лістоў") (мал. 6.).

У 1939 годзе начальнікам Лідскай пошты быў інжынер Ян Драбязгевіч.

Паводле "Спісу абанентаў тэлефоннай сеткі Дырэкцыі акругі пошт і тэлеграфаў у Вільні на 1939 год" Лідская пошта мела больш за 30 нумароў тэлефонаў. У горадзе мелася даведкавае тэлефоннае бюро, (тэл. № 231), бюро выпраўлення непаладак (рамонт сеткі і тэлефонаў), а таксама бюро паслуг - прыём тэлеграм па элефоне ад насельніцтва. Амаль усе начальнікі паштовых аддзяленняў і кіраўнікі аддзелаў, а таксама дзяжурныя механікі мелі кватэрныя тэлефоны.

Чыгуначная станцыя ў Лідзе мела свой невялікі камутатар з некалькімі дадатковымі нумарамі. Яны былі ўстаноўлены ў начальніка дарожнага аддзела, на электрастанцыі і чыгуначным тэлеграфе.

У канцы 20-х пачатку 30-х гадоў у Польшчы многія ўстановы і фірмы, якія мелі вялікі аб'ём перапіскі, у мэтах прэстыжу, пачалі скарыстоўваць франкіравальныя штэмпельныя машыны. Гэтыя машыны пастаўляліся ў Польшчу з-за мяжы - з Англіі і Нямеччыны. Першай формай, машыны якой былі ўведзеныя ў эксплуатацыю ў краіне, была ангельская фірма "Universal Postal Frankevs Ltd" у Лондане. У розныя гады пастаўляліся машыны тыпу "Midget", яны адрозніваліся канструктыўнымі ўдасканаленнямі і насілі найменні "Midget - 3", "Midget - 5" і г. д.

Уладальнікі лідскіх фірм набылі некалькі такіх франкіравальных машын. Штэмпель такой машыны складаўся з трох частак: - своеасаблівага знака паштовай аплаты з малюнкам герба дзяржавы і надпісу "POCZTA POLSKA", адраса і наймення фірмы або фабрыкі, прадпрыемства або дзяржустановы і каляндарнага круглага штэмпеля з перакладнай датай. Пакуль удалося знайсці толькі франкіравальны штэмпель лідскай фірмы "Ardal". У філатэлістычнай даведкавай літаратуры паказваецца што штэмпель скарыстоўваўся ў 1939 годзе. Магчыма скарыстоўваўся і раней, але не знойдзена больш ранніх адбіткаў на карэспандэнцыі. Для такіх штэмпеляў скарыстоўвалася масціка чырвонага колеру (мал. 7).


У матэрыяле "Пошта ў Лідзе" ("Лідскі Летапісец" № 3-4, стар. 46-47, 2004 г.) паказвалася, што ў 30-х гадах у Лідзе працавала 4 паштовых установы, дзякуючы ласцы вядомага польскага публіцыста, філатэліста і знаўцы гісторыі пошты Вітольда Журоўскага-Граеўскага, маю магчымасць паказаць перадваенны план горада Ліды з указаннем размяшчэння 3-х паштовых аддзяленняў.

1. Галоўны поштамт у цэнтры горада - "Ліда-1".

2. Паштова-тэлеграфнае агенцтва на чыгуначнай станцыі - "Ліда-2"

3. Паштовае агенцтва на тэрыторыі вайсковай залогі (казармы імя маршала Рыдза-Сміглага) - "Ліда-3". Месца размяшчэння паштовага агенства "Ліда-4" на плане не паказана (мал. 8).


АСТРЫНА (Астрыно)

Паштовые аперацыі с простой карэспандэнцыяй пры валасным кіраванні ў Астрыне былі пачаты ў сакавіку 1901 года. Астрына была злучана паштовым трактам са Шчучынам. У ліпені1910 года тут было адчынена паштовае аддзяленне, рэарганізаванае праз год у паштова-тэлеграфнае. Да 1915 года начальнікам аддзялення быў Георгі Турын.


БАСТУНЫ

У сакавіку 1885 года на чыгуначнай станцыі Бастуны быў наладжаны абмен поштай з паштовымі вагонамі, а таксама сталі магчымымі падача і прыём тэлеграм па ўсёй Расійскай імперыі. Усе паштовыя аперацыі ў ізноў адчыненым паштовым аддзяленні было даручана выконваць начальніку чыгуначнай станцыі Бастуны. У 1887 годзе ў пасёлку Бастуны была адчыненая паштовая станцыя з правам прыёму і выдачы простай і заказной карэспандэнцыі, а таксама грашовых пераводаў. Начальнікам гэтай паштовай станцыі быў Андрэй Самусёнак. З 1 студзеня 189l года паштовая станцыя ў Бастунах была ператвораная ў паштовае аддзяленне. Гэтым аддзяленнем кіраваў з 1891 года Сцяпан Кісялёў, з 1895 - Мікалай Пятроў, з 1901 - Кузьма Капаніцкі. У чэрвені 1903 года паштовае аддзяленне ў Бастунах было ліквідавана як нерэнтабельнае, маланаведванае і г.д. А ўсе паштовыя аперацыі ізноў былі перададзеныя на станцыйнае аддзяленне. Начальнікам чыгуначнай станцыі Бастуны і адначасова мясцовым паштмайстрам да 1911 года быў Уладзімір Міхайлаў, а затым Пётр Хацкевіч. Станцыйнае паштовае аддзяленне абслугоўвала ўсю жырмунскую воласць. У "Паштова-тэлеграфным часопісе" у спісах паштовых устаноў Расіі, паштовае аддзяленне ў Бастунах імянуецца як "станцыйнае паштовае аддзяленне ў Бастунах Палескіх".


БЕЛІЦА

Паштовая станцыя ў Беліцы на дарозе Наваградак - Гародня была вядомая з 1803 года. На паштовай карце Расіі 1817 года Беліца паказаная як паштовая станцыя на гасцінцы Ліда - Слонім, ад Дзятлава - 21 вярста. Пасля закрыцця паштовага тракта на Беліцу ў 1820 годзе бліжэйшай паштовай станцыяй ад Беліцы была паштовая станцыя Нёман. У Беліцы 1 студзеня 1914 года было адчынена паштова-тэлеграфнае аддзяленне, злучанае з чыгуначнай станцыяй Нёман.


БЕНЯКОНІ

Паштовая станцыя на гасцінцы Ліда-Вільня. Пазначаная на паштовай карце Расіі 1817 года, за 26 вёрст ад Едліны і за 23 вярсты ад Сакалова. Да 1885 года паштовая станцыя ў Беняконях захоўвала ўсе правы паштовых станцый - прыём і выдача простай і заказной карэспандэнцыі. У тым жа годзе ўсе паштовыя аперацыі па прыёме і выдачы карэспандэнцыі былі перанесеныя на чыгуначную станцыю Беняконі, з гэтай станцыі таксама ажыццяўлялася тэлеграфныя стасункі з усімі гарадамі Расіі. Усе гэтыя аперацыі былі даручаныя начальніку чыгуначнай станцыі. Участак чыгункі Ліда-Беняконі быў уведзены ў эксплуатацыі ў 1884 годзе. З 1 верасня 1891 года на чыгуначнай станцыі Беняконі было адчынена самастойнае паштовае аддзяленне, якое ўзначальваў Андрэй Паліваны. З 1893 года паштовае аддзяленне ўзначальваў Ібрагім Гямбіцкі, з 1 траўня 1900 года - Сцяпан Харневіч, з 1906 - Уладзімір Лашчук. У пачатку XX стагоддзя паштовае аддзяленне са станцыі было перанесена ў само мястэчка Беняконі. У траўні 1909 года паштовае аддзяленне было рэарганізавана ў паштова-тэлеграфнае. Яго ўзначальваў з 1911 года Вікенці Пальчаў. Паштова-тэлеграфнае аддзяленне ў Беняконях абслугоўвала насельніцтва воласцяў Беняконьскай і заходняй часткі Дзевяніскай.


ВАСІЛІШКІ

Паштовая станцыя ў Васілішках была адчыненая ў чэрвені 1878 года. На станцыі праводзіліся аперацыі з карэспандэнцыяй усякага роду. Паштовая станцыя ў Васілішках была злучаная паштовым трактам з паштовай станцыяй у Шчучыне, а з 1882 года з Ішчольнай. 1 студзеня 1891 года паштовая станцыя была ператворана ў паштовае аддзяленне. У 1893-1904 гг. дазорцам станцыі, а затым і начальнікам паштовага аддзялення быў Ян Трус, затым аж да 1915 года - Лявон Якубовіч. У 1906 годзе рух пошты (паштовы тракт) быў перанесены ў Скрыбаўцы. У ліпені 1909 года паштовае аддзяленне было ператворана ў паштова-тэлеграфнае.


ВОРАНАВА

Час адкрыцця паштовай станцыі ў Воранаве на тракце Ліда-Вільня невядомы. Па рашэнні Галоўнага Паштовага Дэпартамента Расіі паводле прадстаўлення начальніка Гарадзенскай паштовай акругі на гэтай станцыі з 1 студзеня 1843 года прымалася і выдавалася, як простая, так і заказная карэспандэнцыя. У 1885 годзе паштовая станцыя Веранова (Воранава) была злучаная з чыгуначнай станцыяй Бастуны паштовым трактам (9 вёрст), а ў 1905 годзе з чыгуначным паўстанкам Вераново (Воранава) -1,5 вярсты. З 1 студзеня 1891 года паштовая станцыя была ператвораная ў паштовае аддзяленне. Дазорцам паштовай станцыі Веранова (Воранава) з 1871 года, а затым і начальнікам паштовага аддзялення аж да 1904 года быў Андрэй Рынгуцкі, а затым Вікенці Пальчаў. З 1911 года паштовым аддзяленнем кіраваў Мітрафан Сяцько. Паштовае аддзяленне ў Воранаве абслугоўвала воласці: Аляксандраўскую, Сядліскую і паўднёвую частку Беняконьскай. У траўні 1913 года паштовае аддзяленне было ператворана ў паштова-тэлеграфнае. У 1915 годзе паштовае аддзяленне з Воранава з усёй маёмасцю было эвакуявана ўглыб Расіі. Ніхто з службоўцаў пошты не вярнуўся на старое месца працы, не была вернута і маёмасць пошты, т.ш. яна была расфармаваная. У спісах паштовых устаноў Расіі (паводле "Паштова-тэлеграфнага часопіса") да канца 70-х гадоў 19 стагоддзя, мястэчка, дзе было размешчанае паштовае аддзяленне, іменавалася "Воранаўская".


ДАКУДАВА

Паштовыя аперацыі пры Дакудаўскім валасным кіраванні былі адкрытыя ў 1906 годзе. Паштовы тракт злучаў Дакудава з чыгуначнай станцыяй Нёман (17 вёрст).


ДЗЕВЯНІШКІ

Бліжэйшай паштовай станцыяй гэтага мястэчка ў 1885-1886 гг. былі Беняконі, пазней Жэмласлаў. У лютым 1908 года ў Дзевянішках было адчынена паштовае аддзяленне, якое ўзначаліў Аляксандр Байрашэўскі. Аддзяленне было звязана паштовым трактам з чыгуначнай станцыяй Беняконі. У 1910 годзе паштовы тракт быў перанесены на чыгуначную станцыю Юрацішкі праз Жэмласлаў.


ЖАЛУДОК

Паштовая станцыя ў Жалудку была адчыненая ў жніўні 1882 г. з правам паштовых аперацый з карэспандэнцыяй усякага роду - простай, заказной, страхавой. Паштовая станцыя ў Жалудку была звязаная з паштовай станцыяй у Ішчолне - 8,5 вёрст. З 1 студзеня 1891 года паштовая станцыя была ператвораная ў паштовае аддзяленне, а ў 1898 годзе была пабудаваная тэлеграфная лінія Жалудок - Шчучын, тады ж паштовае аддзяленне было ператворана ў паштова-тэлеграфнае. У 1906 г. дастаўка карэспандэнцыі (паштовы тракт) была перанесена з Жалудка на чыгуначную станцыю Скрыбаўцы (12 вёрст). Дазорцам станцыі з моманту яе ўтварэння, а потым начальнікам паштовага і паштова-тэлеграфнага аддзялення на працягу 33 гадоў быў Габрыель Раткевіч. Пад яго ж кіраўніцтвам у 1915 годзе Жалудокская паштовая кантора была эвакуяваная ў глыб Расіі, дзе праз некаторы час была расфармаваная.


ЖЫРМУНЫ

Паштовая станцыя на тракце Ліда-Вільня адчыненая ў сакавіку 1873 года.. На гэтай станцыі прымалася і выдавалася простая карэспандэнцыя. Усе паштовыя аперацыі выконваў дазорац станцыі. У 1878 годзе з чэрвеня на станцыі ўжо выдавалася і прымалася ўсякага роду карэспандэнцыя - простая і заказная. У 1885 годзе з уводам у эксплуатацыю на чыгуначнай станцыі Бастуны паштовага аддзялення, паштовая станцыя ў Жырмунах была зачыненая.


ЖЭМЛАСЛАЎ (цяпер Жэмыслаў)

Паштовае аддзяленне ў маёнтку Жэмласлаў, які належаў Уладзіславу Умястоўскаму, было адчынена ў студзені 1886 года пасля настойлівых і доўгіх просьбаў і старанняў гаспадара маёнтка. У лістападзе таго ж года яно было ператворана ў паштова-тэлеграфнае. Спачатку яно было злучанае паштовым трактам з паштовым аддзяленнем у Беняконях (33.3\4 вярсты), але ў 1900 годзе гэты курс быў перамешчаны да паштовага аддзялення ў Іўі (24 км), а ў 1907 годзе пошта з ПТК Жэмласлава адпраўлялася на чыгуначную станцыю Юрацішкі (13 км). Начальнікамі пошты ў Жэмлаславе былі: з 1886 г. - Мікалай Булык, з 1892 - Аляксандр Шубін,з 1897 - Андрэй Пусецкі, з 1905 - Аляксандр Барадзей.


ЗАБАЛОЦЦЕ (цяпер Забалаць)

У некаторых паштовых дакументах сустракаецца назва Забалотнае.

Паштовыя аперацыі пры валасным кіраванні тут былі адкрытыя для простай карэспандэнцыі з чэрвеня 1904 года. Забалоцце было злучанае паштовым трактам з Васілішкамі.


ІЎЕ

Паштовая станцыя ў Іўі вядомая па дакументах са студзеня 1877 года. Яна была злучаная паштовым трактам з Лідай праз Дзіковічы (29,5 вёрст). Дазорцам станцыі з 1 лютага 1881 года быў Сулейман Мурза - Мурзіч. У 1885 годзе паштовы тракт быў перанесены непасрэдна на Ліду - 35 вёрст. 1 студзеня 1891 года станцыя была ператвораная ў паштовае аддзяленне, а ў снежні 1896 года - у паштова-тэлеграфную кантору (ПТК) і злучаная тэлеграфнай лініяй з Лідай. З 1896 года начальнікам ПТК быў Кастусь Сівака, з 1910 - Ян Чарняўскі, з 1911 - Сцяпан Сенька. З 1907 года ўся карэспандэнцыя паступала не непасрэдна паштовымі трактамі ў ПТК Іўя, а паштовымі вагонамі на чыгуначную станцыю Гаўя (13 вёрст) і ўжо адгэтуль накіроўвалася ў ПТК Іўя. Паштовая кантора Іўя абслугоўвала воласці: Іўеўскую, Лугамавіцкую, Ліпніцкую, а з 1892 года па 1905 - Юрацішскую.


ІШЧОЛНА

На паштовай карце Расіі 1817 года паштовая станцыя Ішчолна, размешчаная за 15 вёрст ад Радзівонішак, і за 13 вёрст ад Шчучына. У 1850 годзе гэтую паштовую станцыю на таргах набыў, а затым утрымоўваў купец Спакойны. З 1864 года на гэтай станцыі ўтрымоўваліся толькі паштовыя коні для падмены. У 1906 годзе паштовая станцыя Ішчолна была зачыненая, хоць была абсталяваная і ўтрымоўвалася лепш за іншыя. Размяшчалася станцыя ў шырокіх мураваных будынках, якія належалі сям'і Скарбэк-Важынскіх, гаспадарам добр Ішчолна. У Ішчолне, як і ў Масявічах, ніякіх паштовых аперацый з карэспандэнцыяй не праводзілася. Простыя лісты, якія высылаліся, апускаліся ў паштовую скрыню, а карэспандэнцыя, што паступала - лісты і газеты - прывозілася з Ліды.


КАМЕНКА

На паштовай карце Расіі з 1817 года паштовая станцыя Каменка ўжо значылася, ад Шчучына 16 вёрст, ад Скідаля 19 вёрст. У паштовых дакументах з сярэдзіны 19 стагоддзя не значыцца.


ЛЕБЯДА

У 1904 годзе пры валасным кіраванні былі адкрытыя паштовыя аперацыі з простай карэспандэнцыяй, г.зн. прыём і выдача простых лістоў. Населены пункт Лебяда быў размешчаны на паштовай дарозе Ліда - Гародня пры адгалінаванні тракта на Дзмітравічы і Алімпіянава. Лебяда была злучаная паштовым трактам з Лідай. У 1906 годзе гэты паштовы тракт быў перанесены ў Скрыбаўцы. У 1915 годзе паштовыя аперацыі пры валасным кіраванні яшчэ ажыццяўляліся.


ЛУПЕНІЦА

Конная паштовая станцыя ў Лупеніцы вядомая трохі раней за 1817 год (3 фурманы, 9 коней). На карце паштовых станцый, аддзяленняў і паштовых трактаў Расіі, выдадзенай у 1817 годзе, станцыя ў Лупеніцы ўжо паказаная. Была размешчаная на паштовым тракце Ліда - Наваградак (16 вёрст ад Ліды). Адгэтуль адна галіна накіроўвалася на Навіны (20 вёрст) да Наваградка, другая на Беліцу (16 вёрст) да Слоніма. Амаль да 1885 года пошта дастаўлялася з паштовай станцыі Лупеніца трактам на Дакудава і далей у Іўе. У 1850 годзе паштовую станцыю ў Лупеніцы ўтрымоўвала сям'я купца Спакойнага. У 1860 годзе паштовая станцыя была размешчана ў вёсцы Васькевічы (Ганчары), а ў 1880 г. - у фальварку Дзяковічы. Да 1885 года на гэтай станцыі былі адмененыя ўсякія паштовыя аперацыі і станцыя была ліквідаваная. Паштовы тракт таксама быў зачынены.


МІЛЬКАЎШЧЫНА

На паштовай дарозе Ліда - Гародня. У 1912 годзе тут мелася паштовае аддзяленне пад кіраўніцтвам Юльяна Глода. Гэтае аддзяленне было звязана пашто-вым трактам са Скідалем і Шчучынам. Абслугоўвала паселішча Каменку і Каменскую воласць. Паштовае аддзяленне ў Мількаўшчыне падпарадкоўвалася Гарадзенскай паштовай акрузе, адчынена ў снежні 1904 года.


МАСЯВІЧЫ

На паштовай карце Расіі 1817 года паштовая станцыя Разівонішкі паказаная за 15 вёрст ад Ліды (у надпісе на карце дапушчаная памылка - насамрэч вёрст 20), а ад Ішчолны за 17 вёрст. У 1850 годзе паштовыя станцыі ў Радзівонішках, Лідзе і Жырмунах утрымоўваў пасля таргоў купец Вольф Сольц. У 1860 годзе паштовая станцыя (пасля скасавання дамовы з купцом Сольцам) з Радзівонішак была перамешчаная ў Масявічы, размешчаныя за 18 вёрст ад Ліды. Пасля адкрыцця перавозак пошты па Пецярбургска-Варшаўскай чыгунцы ў Масявічах утрымоўваліся толькі абменныя паштовыя коні на тракце Ліда - Шчучын. У 1906 годзе ў сувязі з пераносам руху пошты па чыгунцы Ліда - Ваўкавыск, паштовая станцыя ў Масявічах была зачыненая.


НАРОШЫ

У Нарошах паштовыя аперацыі для простай карэспандэнцыі пры валасным кіраванні былі адкрытыя ў 1901 годзе. У Нарошах знаходзілася Дубіцкае валасное кіраванне.


НЁМАН

У снежні 1884 года на чыгуначнай станцыі Сялец была адчыненая паштовая станцыя, дзе прымалася і выдавалася простая і заказная карэспандэнцыя, а так-сама праводзілася адпраўка тэлеграм. Паштовая станцыя звалася Сялец, як і размешчаная побач вёска. Дазорцам станцыі з 11 сакавіка 1885 года быў Тэадор Гуйло, які пасля пераўтварэння і пераназвання станцыі ў паштовае аддзяленне Нёман - з 1 студзеня 1891 г. -застаўся начальнікам гэтага паштовага аддзялення. З 1907 года начальнікам быў Анастасій Ігнаццеў. У ліпені 1909 года паштовае аддзяленне было ператворана ў паштова-тэлеграфнае. Яно абслугоўвала воласці: Дакудаўскую, Беліцкую і Ганчарскую.


РАДУНЬ

Да 1905 года мястэчка Радунь і воласць абслугоўваліся паштовым аддзяленнем у Эйшышках. У ліпені 1905 года ў Радуні было адчынена паштовае аддзяленне, якое мела непасрэдную трактавую сувязь праз Эйшышкі з чыгуначным паўстанкам Веранова (Воранава). У жніўні 1910 года паштовае аддзяленне рэарганізавана ў паштова-тэлеграфную кантору (ПТК). Начальнікам ПТК з дня заставання канторы быў Кастусь Лапінскі, у канцы 1910 года кіраўніком канторы быў прызначаны Павел Ластоўскі.


САБАКІНЦЫ

У 1907 годзе для простай карэспадэнцыі пры валасным кіраванні былі адкрытыя паштовыя аперацыі. Сувязь паштовым трактам з Васілішкамі.


СУБОТНІКІ

У 1878 годзе паштовая станцыя ў Суботніках значылася ў пераліку паштовых устаноў губерні (адчыненая ў студзені 1877 г.). Праз Гальшаны і Ашмяны яна была звязаная паштовым трактам з чыгуначнай станцыяй Солы. У 1883 г. на паштовай станцыі ў Суботніках праводзіліся ўсякага роду паштовыя аперацыі. Адначасова з адкрыццём у Жэмлаславе ПТК у 1886 годзе паштовая станцыя ў Суботніках была скасаваная. У лютым 1913 года па настойлівай просьбе мясцовых жыхароў паштовыя аперацыі ў Суботніках былі адкрытыя пры валасным кіраванні.


ШЧУЧЫН

Паштовая станцыя ў Шчучыне вядомая з 1803 года. Ужо ў пачатку XIX стагоддзя на станцыі праводзіліся ўсякія паштовыя аперацыі з карэспандэнцыяй, але толькі з простай. Па дадзеных "Паштова-тэлеграфнага часопіса" на Шчучынскай паштовай станцыі з красавіка 1844 года ўжо прымалася і выдавалася простая, заказная і страхавая карэспандэнцыі. У 1850 годзе паштовую станцыю ў Шчучыне набыў на таргах купец Эпштэйн, і яна паступова падупадала. Да 1873 года на станцыі, як і ў пачатку стагоддзя, аперацыі праводзіліся толькі з простай карэспандэнцыяй. Паступова праца на станцыі ажыўляецца, і да 1875 года станцыя ізноў набывае "паштовае значэнне". Аб'ём праходжанняў праз станцыю простай і заказной карэспандэнцыі значна вырас. З 1 студзеня 1891 года паштовая станцыя ў Шчучыне атрымала статус паштовага аддзялення, якое з 1 студзеня 1896 года было рэарганізавана ў паштова-тэлеграфнае. Дазорцам станцыі з 2 студзеня 1871 года, а затым і начальнікам паштовага аддзялення быў Геранім Рэксць, Пётр Клокаў узначаліў шчучынскую пошту з 1904 года, а з 1907 ёю кіраваў Самуіл Цімашкоў.

У 1909 годзе Шчучынскае паштова-тэлеграфнае аддзяленне абслугоўвала воласці - Шчучынскую, Ражанскую, Лацкую (Дэмбравіцкую), Астрынскую і Дубіцкую (Навадворскую). Шчучын быў звязаны паштовым трактам з Лідай, а з 1906 года з чыгуначнай станцыяй Ражанка, куды накіроўвалася выхадная карэспандэнцыя і адкуль паступала ўваходная.


ЭЙШЫШКІ (цяпер Эйшышкес - Літва)

Паштовая станцыя ў Эйшышках вядомая са студзеня 1875 года. На ёй ажыццяўляліся ўсе паштовыя аперацыі - выдача і прыём простых і заказных лістоў. Станцыя была звязаная паштовым трактам з Верановым (Воранавым) - 20 3\4 вярсты. Дазорцам станцыі з 1 студзеня 1881 года быў Стэфан Вайноўскі. У 1885 годзе паштовы тракт (траса пошты, прыём пошты) быў перанесены ў Бастуны (22,5 вярсты). Таму з 1 студзеня 1891 года паштовая станцыя ў Эйшышках была ператвораная ў паштовае аддзяленне. З 29 лістапада 1897 года паштовае аддзяленне ўзначальваў Аляксандр Марсант. З 1904 - Андрэй Троцкі. З 1906 - Сцяпан Сянько. У 1903 году паштовы тракт (траса руху пошты) з Эйшышак - Бастуны быў перанесены на паўстанак Веранова (Воранава). У чэрвені 1908 года паштовае аддзяленне было ператворана ў паштова-тэлеграфнае. З 1911 года начальнікаў ПТК у Эйшышках быў Аляксандр Моніт. ПТК у Эйшышках абслугоўвала воласці: Эйшышкаўскую, Коннаўскую і да 1905 г. Радуньскую.

Гэтыя дадзеныя можна дапоўніць звесткамі аб тэлефанізацыі населеных пунктаў у перыяд 1921-1939 гг. Гісторыя пошты і тэлефона іншых населеных пунктаў Лідчыны будзе апісаная ў наступным матэрыяле.

18 чэрвеня 1919 года па дамове паміж Генеральным Камісарам Усходніх земляў і Міністэрствам Пошт і Тэлеграфаў Польшчы, была ўтвораная Віленская дырэкцыя пошт і тэлеграфаў. Тэрытарыяльна ў склад Дырэкцыі ўвайшлі паўночныя і цэнтральныя раёны Віленшчыны, астатнія ўвайшлі ў склад Люблінскай і Львоўскай Дырэкцый. Калі ў 1920 годзе да Вільні падышлі часткі Чырвонай Арміі, Віленская дырэкцыя была эвакуяваная спачатку ў глыб Польшчы а затым была перамешчаная ў Гародню. Пасля завяршэння савецка-польскай вайны і падпісання мірнай Рыжскай дамовы 1921 года Віленская Дырэкцыя ПіТ з 1 траўня 1921 года абаснавалася ў Вільні. Спачатку ёй падпарадкоўваліся толькі 4 паштовыя канторы: Віленская, Гарадзенская, Кобрынская і Ваўкавыская. Пасля ўтварэння Віленскай паштовай акругі ў яе ўвайшлі ваяводствы - Віленскае, Наваградскае, Палескае і некалькі раёнаў Беластоцкага і Валынскага ваяводстваў.

З 1927 года на тэрыторыі Віленскай паштовай акругі вялося інтэнсіўнае аднаўленне і будаўніцтва тэлефонных і тэлеграфных сетак. Да 1939 года тэлефанізацыя невялікіх паселішчаў Лідскага краю ўяўлялася наступным чынам:


АСТРЫНА (Ostryna)

Рэжым працы "C". колькасць нумароў тэлефонаў - 15. Паліцыя, гміна, лясніцтва "Чашча" (Czaszcza), маёнткі князя Друцкага - Любецкага, Астрынскае лясніцтва ў пасёлку Зялёная Гара, фабрыка клеенай фанеры "Котра" (філіял фірмы "Plywood Product"), гандляр мясам Хаім Патушынскі, уладальнік аўтапрадпрыемства Айзік Кашляноўскі.


БАСТУНЫ (Bastuny)

У мястэчку ўсяго 3 нумары тэлефону. Усе нумары належаць землеўладальнікам - абшарнікам: Люцыяну Кабылінскаму з маёнтка Гарадзенька, Вітольду Ушпулевічу з фальварка Крывое (Krzywe) і Сафіі Гартынг з маёнтка Таўрогі.

Усе тэлефоны працавалі ў рэжыме "L" - абмежаваны дзённы рэжым у звычайныя дні - з 8 раніцы да 12 гадзін і з 15.00 да 18 гадзін. У святочныя дні яшчэ больш скарочаны рэжым працы - з 9 раніцы да 11 і з 15 да 16 гадзін.


БЕЛІЦА (Bielica)

Тэлефоны меліся: у паліцэйскім участку, кіраванні гміны і 2 нумары ў прыватных асобаў. Рэжым працы - "L" з 8 да 15 гадзін.


БЕНЯКОНІ (Bieniakonie)

У мястэчку налічалася 20 нумароў тэлефонаў. З іх - 2-мя нумарамі валодала пошта - службовы ў начальніка пошты і кватэрны (відаць для тэрміновых выклікаў) у галоўнага манцёра. Таксама тэлефоны меліся - ва ўчастку дзяржаўнай паліцыі, у кіраванні гміны, (вул. Віленская, 1) у адміністратара маёнтка Падвярыйкі, у кіраванні Віленскай доследнай сельска-гаспадарчай станцыі. Тэлефонныя апараты былі ўстаноўлены такія, як ва ўладальніка тытунёвага склада Людвіга Расоляка, ляснога прамыслоўцы Лейбы Рабіновіча. На складзе лясных матэрыялаў і тартаку ў К.І. Шахно і ў сельскагаспадарчым спажывецкім кааператыве "Світанак" (Zorza).

Некалькі нумароў тэлефонаў мелася ў заможных абывацеляў мястэчка. Тэлефоны ў Беняконях працавалі ў рэжыме "С" - у буднія дні з 1 красавіка да канца верасня з 7 да 21 гадзіны, ад 1 кастрычніка да канца сакавіка з 8 раніцы да 21 гадзіны, у святочныя дні адпаведна з 8 да 12 гадзін і з 15 да 18 гадзін.


ВАСІЛІШКІ (Wasiliszki)

Тэлефоны ў Васілішках працавалі ў рэжыме "С" Па спісе абанентаў лічыцца 12 тэлефонных нумароў, але 6 адсутнічаюць - не паказаны ўладальнікі. Тэлефон меўся ў ксяндза Цыральскага, на паліцэйскім участку, у кіраванні гміны, у Чорным Бары ў дзяржаўным лясніцтве, у купца Кабачніка.


ВОРАНАВА (Werenow)

Тэлефоны ў Воранаве працавалі ў рэжыме "L". Усяго па спісе ў Воранаве лічылася 12 нумароў - тэлефон у паліцыі, у кіраванні гміны, у дзяржаўным лясніцтве ў Чорным Бары, у аптэцы Файфеля Бартовіча, а таксама кватэрны тэлефон у інжынера Калужынскага М. у маёнтку "Верануў" і лекара З. Вольфганга і ў шэрага прыватных асобаў.


ДЗЕВЯНІШКІ (Dziewieniszki)

Тэлефонаў - 6, рэжым працы "C". Апараты былі ўстаноўлены - у паліцэйскім участку, у кіраванні гміны, у доктара Браніслаўскага, у лясніцтве Трабы ў лесніка ў Кавалях. На паравым тартаку Свянціцкага і Шахны ў Геложах быў усталяваны камутатар з 4 дадатковымі нумарамі.


ДАКУДАВА (Dokudowo)

Рэжым працы тэлефонаў - "L". Усяго 2 нумары - у паліцыі і ў кіраванні гміны.


ЖАЛУДОК (Zoludek)

Рэжым працы - "C". Усяго па спісе 10 нумароў тэлефонаў, якія былі ўсталяваныя ў паліцыі, гміне, у Габрэйскім народным банку, у кіраўніка меліярацыйных работ інжынера Піатроўскага Е. , у ксяндза Л. Чацвярцінскага і ў шэрагу прадпрымальнікаў. Адміністрацыя маёнтка "Жалудок" мела 10-ці нумарны камутатар. Дадатковыя тэлефоны былі ўсталяваныя ў фальварках: "Жалудок", "Савоўшчына", "Ліпічна", на тартаку і ў лясніцтве ў Зачэпічах. (Zaczepicze).


ЖЫРМУНЫ (Zyrmuny)

Тут было ўсяго 2 нумары тэлефона: у паліцыі і ў гміне. Рэжым працы - "L".


ЗАБАЛОЦЦЕ (Zablocie kolo Lidy)

Усяго 2 тэлефонных нумары: паліцыя і гміна. Рэжым працы - "L".


ІЎЕ (Iwie kolo Lidy)

Па спісе ў Іўі лічылася 25 тэлефонных нумароў. З іх - 2-мя нумарамі валодала пошта. Па адным - у паліцыі, гміне, астатнія нумары былі размеркаваныя паміж уладальнікамі крамаў, складоў і прыватнымі прадпрымальнікамі. Апараты меліся ў скупшчыкаў ільну Балбарыйскага Гітэля, Лідскага Ёселя, Ганедберга Давыда, а таксама ў уладальніка фірмы "Флакс браты Лейбман" ("Flax Bracia Lejbman") па скупцы ільну, ільнянога насення і кудзелі. Тэлефон быў таксама ў анучніка - скупшчыка другаснай сыравіны (szmaty) Моталя Брука, у ўладальніка склада жалеза Дварэцкага, у "Таварыстве грузавых аўтамабіляў" Пінхаса Шофера, а таксама ў ксяндза Бабіча і доктара Рамецкага Б. Філіял Прамыслова-гандлёвага таварыства "Гарацый Гелер" з Варшавы, тартак з электрастанцыяй мелі па адным тэлефонным апараце. Некалькі тэлефонаў было ўстаноўлена ў хатах заможных жыхароў мястэчка. Рэжым працы тэлефонаў у Іўі - "С".


НЁМАН (Niemen)

Тэлефоны ў Нёмане працавалі ў рэжыме "C".

Усяго па спісе ў мястэчку было 11 тэлефонных нумароў. Тэлефон у паліцыі, на фабрыцы клеенай фанеры "Нёман", у Ёселя Шапіры на тартаку і паравым млыне, некалькі ў прыватных асобаў. На вялікім шклозаводзе (Huty Szklane) І. Столе "Нёман" быў усяго адзін гарадскі тэлефон у прыёмнай, дзе і размяшчаўся завадскі камутатар пошты на 20 дадатковых нумароў, якія ахаплялі ўсю вытворчасць. Уладальнікі завода Фелікс Столе, Браніслаў Столе, і Юзэфа Столе мелі кватэрныя тэлефоны ад завадскога камутатара.


РАДУНЬ (Radun)

10 нумароў тэлефонаў. Рэжым працы "C" Тэлефонныя апараты былі ўстаноўленыя ў магістраце, паліцыі, гміне, а таксама ў некалькіх гандляроў.


САБАКІНЦЫ (Sobakince)

Усяго 5 тэлефонных нумароў: паліцыя, гміна, дом ляснічага ў Зенапішы (Zieniapisze), у гандляроў. Рэжым працы "L" з 8 да 15 гадзін.


СУБОТНІКІ (Sobotniki)

Тэлефонаў па спісе каля 10: паліцыя, гміна, ксёндз, дзяржаўны шпіталь, адміністрацыя маёнтка Жэмласлаў (Zemloslaw). Рэжым працы "L".


ШЧУЧЫН (Szczuczyn Nowogrodski)

Шчучынскія тэлефоны працавалі ў рэжыме "N" - кругласутачна. Гарадская тэлефонная станцыя мела 60 тэлефонных нумароў. Пошта з тэлефонам мела 3 нумары, на чыгуначнай станцыі Ражанка (Rozanka nad Niemnom) меўся міжгародні перагаворны пункт, два тэлефоны з 2-мя дабавачнымі мела паліцыя, па адным тэлефонным апараце мелі: фабрыка фанеры "Такон", клуб службоўцаў "Агніска", камунальная ашчадкаса, ветлякарня, механічны млын і электрастанцыя, гандлёва - сельскагаспадарчае таварыства "Земляроб", раённая лякарня, школьны інспектарат, дзяржаўнае лясніцтва ў вёсцы Лагода, акруговы суддзя, скарб, павятовы стараста (два дабавачныя), староства і раённы аддзел мелі 8 дабавачных камутатарскіх нумароў.

Кіраванне маёнтка "Шчучын" і лясоў княгіні Марыі Ёанны Друцкай-Любецкай мела 2 тэлефонныя нумары. Тэлефоны мелі таксама: уладальнік таксі М. Абрамовіч, аптэкар У. Міцкевіч, адвакат П. Блох, доктар-ветэрынар Н. Дуньчык, уладальнік тартака М. Глельбавіцкі, доктар Н. Кандрат, уладальнік аўтобуснага гаража І. Лістоўскі, зубны лекар Л. Сапір-Дварэцкая і іншыя жыхары Шчучына.


ЭЙШЫШКІ (Ejszyszki)

Пяць тэлефонных нумароў: паліцыя, раённая лякарня, кіраванне гміны Эйшышкі ў вёсцы Юшдына (Jurzdyna), участак Корпуса аховы мяжы (КПР) па барацьбе з кантрабандай, лясніцтва "Эйшышкі" у Думбле (Dumble). Рэжым працы - "С".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX