Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

110 гадоў выдавецкай суполцы 'Загляне сонца і ў наша аконца' 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 30-12-2016,
Крыніца: Суднік Станіслаў. 110 гадоў выдавецкай суполцы 'Загляне сонца і ў наша аконца' // Лідскі Летапісец 2(74)-2016. С. 13-14.



Як лідзяне беларускую нацыю адраджалі

"Загляне сонца і ў наша аконца" - беларуская выдавецкая суполка, заснаваная ў траўні (18.05) 1906 года ў Пецярбургу. Выключную ролю ў яе дзейнасці ігралі прадстаўнікі Лідскага павета.

Юрыдычнай падставай легальнай выдавецкай дзейнасці на беларускай мове быў выдадзены 12(25).12.1904 г. указ імператара Мікалая II, які скасоўваў ранейшыя абмежаванні ўжытку мясцовых моў у заходніх губернях Расійскай імперыі. Выкарыстаць гэтую магчымасць вырашыў нядаўні выпускнік Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута Вацлаў Іваноўскі з Лідскага павета, які ўжо меў досвед нелегальнай выдавецкай дзейнасці падчас працы ў арганізацыях "Беларуская рэвалюцыйная партыя" і "Круг беларускай народнай прасветы і культуры". У варунках, якія дазволілі развіваць пастаянную і значна шырэйшую выдавецкую дзейнасць, неабходны былі большыя сродкі і новыя супрацоўнікі. В. Іваноўскі ў 1905 спрабаваў прыцягнуць да гэтай справы беларускіх абшарнікаў А. Ельскага і Э. Вайніловіча, але безвынікова. Тым не менш вынік арганізацыйнай працы быў станоўчы: у студзені 1906 суполка налічвала 45 удзельнікаў.

Назва выдавецтва - гэта прымаўка, якая выказвае надзею на лепшую будучыню. У канцы ХІХ ст. яна выкарыстоўвалася як слоган для нелегальных беларускіх выданняў.

Дзейнасць арганізацыі распачалася з выдання ліста, у якім утрымліваўся заклік прыняць удзел у беларускай выдавецкай дзейнасці. Ліст быў набраны лацінкай, магчыма быў і кірылічны варыянт, але ён не захаваўся. З гэтым лістом-зваротам да розных асоб высылалі асобнік Статута.

Суполка "Загляне сонца і ў наша аконца" была афіцыйна зарэгістравана ў траўні 1906 г. Ва ўправу ўваходзілі В. Іваноўскі (старшыня), Уладзіслаў Сталыгва (сакратар), Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Юры Іваноўскі (брат Вацлава, з Лідскага павета), Вінцэнт Валейка (з Лідскага павета), Сабіна Іваноўская з Ячыноўскіх (жонка Вацлава Іваноўскага, родам з Шаўляя, але яе бацькі паходзілі з Беларусі), Уладзіслаў Калашэўскі.

5.5.1906 г. згаданыя асобы ўклалі да канца 1908 года натарыяльную дамову, паводле якой неслі салідарную адказнасць за дзейнасць і абавязкі суполкі. На практыцы амаль усе рэдакцыйныя работы выконвалі В. Іваноўскі і Б. Эпімах-Шыпіла, апошні перадаў на патрэбы суполкі частку сваёй кватэры. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.Л. Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка накладу адпраўлялася на Беларусь.

У ліпені 1906 г. выйшаў "Беларускі лемантар, або Першая навука чытання" (лацінскі варыянт) і серыя паштовак, а праз некалькі тыдняў - кірылічны варыянт лемантара і "Першае чытанне для дзетак-беларусаў" Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік, "Гутаркі аб небе і зямлі", перакладзены з польскай мовы верагодна К. Кастравіцкім пры ўдзеле В. Іваноўскага, пакінуў друкарню на пачатку 1907. Да сакавіка 1908 суполка выдала чатыры кніжкі пісьменнікаў XIX ст. у серыі "Народныя песняры" - "Дудка беларуская" і "Смык беларускі" Ф. Багушэвіча, "Гапон" В. Дуніна-Марцінкевіча і пераклад дзвюх былін паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш". На пачатку 1908 выйшаў з друку першы зборнік вершаў Я. Купалы "Жалейка". Увесну 1908 плён выдавецкай дзейнасці складалі дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак.

Затым аж да восені 1909 суполка не выдала ніводнай кніжкі. На гэта паўплываў часовы ад'езд В. Іваноўскага ў Мюнхен, а таксама прэтэнзіі з боку царскай цэнзуры.

30 красавіка 1909 быў заключаны новы дагавор сяброў-заснавальнікаў. З ліку ранейшых чальцоў выбылі Б. Эпімах-Шыпіла і У. Калашэўскі, засталіся В. і С. Іваноўскія, Ю. Іваноўскі, У. Сталыгва, В. Валейка; з'явіліся новыя сябры: Антон Станіслававіч Трэпка-Неканда з жонкай Юліяй, Антон Антонавіч Грыневіч і Генрык Ражноўскі. Адначасова суполка пераехала ў новае памяшканне. Актывы яе істотна павялічыліся, што стварыла магымасці пашырэння выдавецкай дзейнасці. Кіраўніком выдавецтва застаўся В. Іваноўскі, а Ю. Іваноўскі стаў адказным рэдактарам.

У канцы 1909 ў Пецярбург быў запрошаны Я. Купала, які атрымліваў магчымасць для непасрэднага ўдзелу ў выданні ўласных новых твораў. Тут выйшла шэсць першых кніжак Я. Купалы: акрамя "Жалейкі" гэта былі "Адвечная песня", "Гусляр", "Сон на кургане", "Паўлінка" і "Шляхам жыцця" (асобныя з іх выдадзены ў друкарні А. Грыневіча, які распачаў самастойную выдавецкую дзейнасць).

Пачаўся ж другі этап дзейнасці суполкі з выдання ў жніўні-верасні 1909 кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча "Вечарніцы". Амаль адначасова пад маркаю "Загляне сонца…" ў Вільні выйшла кніга К. Дулебы "Як ратаваць уздутую жывёлу" (у перакладзе В. Іваноўскага), а ў студзені 1910 падручнік Я. Коласа "Другое чытанне для дзетак беларусаў", выдадзены разам з віленскім таварыствам "Наша Хата". У сярэдзіне таго ж года выйшлі з друку адным томам творы Дуніна-Марцінкевіча "Шчароўскія дажынкі" і "Купала" з уступным артыкулам В. Іваноўскага "Вінцук Дунін-Марцінкевіч і яго жыццё". Гэта была адна з першых спроб паказу складанай фігуры гэтага пісьменніка і ацэнкі яго значэння для беларускай літаратуры. Выхадам кнігі серыя "Народныя песняры" была закончаная.

Апрача таго, у 1910-12 суполка літаграфічным спосабам накладам 200 або 400 асобнікаў выдала рэпертуарную серыю сцэнічных твораў. У серыі выйшлі камедыі "Модны шляхцюк" К. Каганца (1910), "Сватанне" А. Чэхава ў перакладзе Н. Чарноцкага (1910), "Пашыліся ў дурні" (1910) і "Па рэвізіі" (1911) М. Крапіўніцкага, абедзве ў апрацоўцы Н. Чарноцкага, і "Міхалка", перапрацоўка польскай камедыі, выкананая Далецкімі (1911). Суполка выдала таксама драматычныя творы Э. Ажэшкі "У зімовы вечар" (1910, пераклад Власта), "Хам" (1912) і камедыю Я. Купалы "Паўлінка" (студзень 1913).

У 1911 выйшлі яшчэ два выданні: невялікае апавяданне А. Новіча "У дому лепей" і адносна вялікі дапаможнік для пчаляроў Г. Бярозкі "Пчаліна - жывёлка малая, а карысці дае многа".

Напрыканцы жніўня 1911 г. распачалася падрыхтоўка да выдання рэгулярнага альманаха пад назвай "Маладая Беларусь". У 1912-13 выйшлі тры сшыткі; тэматычны профіль вызначалі мастацкія творы: Я. Купалы (тут надрукавана паэма "Сон на кургане"), Я. Коласа, Цёткі, З. Бядулі, Ц. Гартнага, А. Гурло, К. Буйло, Чарнышэвіча, Я. Журбы, А. Новіча, Петрашкевіча. Навукова-папулярную тэматыку прадстаўлялі пераважна артыкулы А. Луцкевіча (пад псеўд. А. Навіна).

Такім чынам, з вясны 1909 дзейнасць суполкі развівалася паспяхова. Разам з узрастаючай колькасцю выдаваных кніжак павялічыўся іх продаж, які нарэшце пачаў прыносіць прыбытак.

На апошнім этапе ў дзейнасці суполкі адбыліся важныя змены, абумоўленыя ад'ездам В. Іваноўскага і Я. Купалы ў Вільню і заснаванне імі там Беларускага выдавецкага таварыства. 1.6.1913 г. адбылася рэарганізацыя ўправы, у якую вярнуўся Б. Эпімах-Шыпіла, а таксама ўвайшлі А. Ярэміч і Я. Сушынскі. Аднак у новых арганізацыйных умовах магчымасці выдавецкай дзейнасці былі абмежаваныя. У другой палове 1913 г. суполка выдала літаграфічным спосабам камедыі "Мядзведзь" А. Чэхава і "Як яны жаніліся" А. Валодзьскага ў перакладзе В. Ластоўскага. Выйшлі таксама "Батрак" Я. Коласа, "Абразкі" З. Бядулі, "Песні" Ц. Гартнага, "Амерыканец" А. Новіча - раней яны ўжо былі апублікаваныя ў альманаху "Маладая Беларусь". Нарэшце, прыкладна ў сярэдзіне 1914 была перавыдадзеная (у няпоўным выглядзе) "Дудка беларуская" Ф. Багушэвіча.

У 1914 годзе выдаўцы сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі, цэнзурнымі рэпрэсіямі. А спыніла выдавецкую дзейнасць Першая Сусветная вайна.

Так беларуская шляхта выйшла ў новы паход "па Бацькаўшчыну", і лідзяне былі наперадзе.

З выкарыстаннем матэрыялаў Вікіпедыі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX