Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Лідзе - 690 


Аўтар: Грынкевіч Яраслаў,
Дадана: 13-11-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 3(63)-2013.



14-15 верасня Ліда адзначала 690-я ўгодкі са дня заснавання. Праграма свята была надзвычай насычаная і пачалася з ушанавання лепшых людзей раёна. Напярэдадні рашэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў прысвоены званні "Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна":

архіепіскупу Гурыю , кіраўніку справамі Беларускага Экзархата, рэктару Менскіх духоўных акадэміі і семінарыі, намесніку Свята-Ўспенскага Жыровіцкага манастыра;

Жураўскаму Аляксандру Аляксандравічу , які з 1984 па 2003 год працаваў пракурорам Лідскага раёна;

Зайцавай Наталлі Андрэеўне , дырэктару дзяржаўнай установы "Гімназія №1 г. Ліды";

Казакову Валянціну Фёдаравічу , які з 1969 па 2004 год працаваў дырэктарам сярэдняй школы №8;

Кандратаву Віктару Дзям'янавічу , начальніку кіравання макраэканамічнага аналізу і прагназавання галоўнага эканамічнага кіравання Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

Каранюку Аляксандру Аляксандравічу , які з 1964 па 1993 год працаваў старшынём калгаса "Бердаўка";

Мамчыцу Станіславу Іванавічу , лекару-ўролагу, які прапрацаваў загадчыкам уралагічнага аддзялення ўстановы аховы здароўя "Лідская цэнтральная раённая бальніца" з 1988 па 2011 год;

Фаміной Людміле Мікалаеўне , лекару-няўролагу неўралагічнага аддзялення ўстановы аховы здароўя "Лідская цэнтральная раённая бальніца";

Худыку Андрэю Паўлавічу , старшыні Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэта;

Юфе Ўладзіміру Якаўлевічу , дарадцу па сувязях з грамадскасцю ААТ "Лідскае піва", які працаваў дырэктарам гэтага прадпрыемства з 1986 па 2009 год.

Усе кандыдатуры на прысваенне звання "Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна" ў пярэдадзень юбілею горада - яго 690-годдзя - былі ўнесены для разгляду адпаведнымі працоўнымі калектывамі.

Зараз Лідскі раён мае 13 Ганаровых грамадзян. Такім званнем раней былі ўганараваны Папова Надзея Іванаўна, Гардзіёнок Пётр Рыгоравіч, Лабан Пётр Пятровіч.

21 чалавек быў адзначаны ў намінацыі "Гонар Лідчыны". Сярод іх: Вячаслаў Статкевіч, саліст ансамбля "Свята", скульптар Р. Груша, кампазітар С. Бугасаў, мастак па шклу Ў. Мурахвер і інш. Перад Лідскім музеем устаноўлены памятны знак з іхнімі імяннымі зоркамі.

Гісторыя Ліды была тэатралізавана прадстаўлена на цэнтральная плошчы. Уся дзея ішла на беларускай мове. Турнір "Меч Лідскага замка" працягнуў эпоху Сярэднявечча. Арганізатар турніру Мікола Шаўчэнка - кіраўнік лідскага клуба "Dies Magna", што азначае "Дзень велічы". У Ліду прыбылі ўдзельнікі зборнай Беларусі па гістарычных баях, а таксама ўдзельнікі такой жа зборнай з Расіі.

Адразу пасля вялікага святочнага шэсця на цэнтральную пляцоўку г. Ліды для таго, каб павітаць ды павіншаваць сваёй творчасцю жыхароў Лідчыны выйшлі фальклорныя калектывы Троцкага рэгіёна Літвы.

Трачане прыехалі ў Ліду ў рамках ІІІ фестывалю фальклору "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" пры міжнароднай тэхнічанай дапамозе Еўрапейскага Саюза ў рамках праекту трансмежавага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю. З арыгінальным рэпертуарам літоўскай народнай творчасці - народнай музыкай, песнямі, танцамі, а таксама абрадам "Жніво" - прысутных знаёмілі ўдзельнікі польскага ансамбля народнай песні і танца "Poluknianie", лендварыйскай групы народнага танцу "Lendvare" і троцкага ансамбля інструментальнай музыкі "Serenada".

У сваю чаргу лідзяне паказалі, што таксама ўмеюць і любяць спяваць. Дастаткова было паслухаць выступленні нашых народных і самадзейных калектываў, каб упэўніцца ў гэтым. Лепшыя канцэртныя нумары прадставілі: народны хор "Скарбніца" ААТ " Завод "Оптык", узорны ансамбль танцу "Крышталікі" Бярозаўскага ГДК, народны ансамбль "Журавінка" Першамайскага ДК, народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага ЦКВЧ, а таксама выступленне фальлорных аматарскіх калектываў Лідскага раёна.

На святочных пляцоўках працавалі выстава прадукцыі лідскіх прадпрыемстваў, дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя рады, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старажытных прылад працы і інш.

У праграме свята прайшлі таксама фестываль квасу, конкурс падворкаў на лепшы сноп, лепшы каравай.

Вечарам першага дня лідзян радавалі майстры беларускай і расейскай эстрады. Ноччу неба над старажытным Лідскім замкам расквецілі агні феерверкаў.

На другі дзень акрамя свята ў горадзе адбылося і авіяцыйнае свята на Лідскім аэрадроме.

100 гадоў Лідскаму аэрадрому

Свята авіятараў адбылося на найстарэйшым у Беларусі Лідскім аэрадроме 15 верасня. Аэрадром адзначаў сёлета 100-годдзе. У неба падняліся самалёты Міг-29, Су-25, верталёты Мі-24. На самалётах Л-39 сваё майстэрства прадэманстравала пілатажная група "Белая Русь". Гледачы ўбачылі выступы парашутыстаў, дэльтапланерыстаў і авіямадэлістаў. У праграме таксама быў паказ авіяцыйнай тэхнікі, выступленне роты ганаровай варты і святочны канцэрт.

Да 100-годдзя аэрадрома ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі разгорнута выстава. Выстава падае ўвесь гістарычны шлях Лідскага аэрадрома.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX