Вярнуцца: Адукацыя, культура

Багушэвіч на Лідчыне пры канцы 19-га ст.


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 08-07-2016,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Распаўсюд вершаў Багушэвіча на Лідчыне пры канцы XIX-га ст. // Лідскі Летапісец №4(72)-2015. С. 20-21.



Займаючыся біяграфіяй найцікавейшага і знакавага для Лідчыны чалавека, гісторыка, этнографа, сябра Таварыства беларускай школы і Лідскага раднага ад ТБШ у 1920-х гадах Міхала Шымялевіча (18.Х.1879 - 11.01.1969), я знайшоў вельмі цікавае сведчанне папулярнасці вершаў Францішка Багушэвіча яшчэ да выдання зборнікаў ягоных твораў.

Мне прыдзецца даць некалькі фрагментаў з артыкула Шымялевіча "З таго свету", надрукаванага па-польску ў № 11 часопіса "Лідская зямля" за 1937 г. Усё жыццё Міхал Шымялевіч збіраў дакументы па лідскай гісторыі і запісваў расказы старых людзей. Пра вывучэнне папераў, якія захоўваліся ў простай хаце, і працяглыя размовы з адным з лідскіх старажылаў - Казімірам Вісмантам даследчык напісаў: "50 гадоў таму (успаміны надрукаваныя ў 1937 г. - Л.Л.) быў гэты чалавек у росквіце сіл, трохі сіваваты, трохі лысаваты, але шыракаплечы, румяны і да жанчын цікаўны. Яго белая хатка пад саламяным дахам, на Вісмантах пад Лідай, пры абсажаным бярозамі Наваградскім гасцінцы (цяпер праспект Перамогі - Л.Л.) . ... У старога ў хатцы пад столлю стаяла скрынка поўная старых пажоўклых папер, пісаных і па-славянску, і па-польску, памятаўшых часы караля Аляксандра Ягелончыка ... . Стары Вісмант ведаў на памяць свой вялікі шматаркушовы радавод з усімі датамі і ведаў шмат цікавых гісторый" [1]. Вось такі быў цікавы час, калі ў скрынях шарачковай шляхты ляжалі дакументы XV-XVI ст.

Пан Казімір меў сына, якога ён вучыў на арганіста, і ажно чатыры дачкі: "... да пана Казіміра вечарамі хадзіла на пасядзелкі і размовы лідская прыгарадная моладзь, вядома: у доме тры дарослыя дачкі, і чацвёртая, Броня, ужо "ўбіваецца ў пёры". Моладзь гуляла ў гульні, часамі распавядала ўсялякія цікавыя гісторыі, анекдоты, байкі, жахі, альбо пра чары і незвычайныя з'явы. "Часам дэкламавалі "Kiwona, meczenika bozego" [2], "Uchwale gromady zydowskiej o oddaniu syna Chaski w soldaty" за тое, што не хадзіў у лазню ..., альбо такія вершы, як "Панскае ігрышча" ці "Aдказ на панскае ігрышча" і іншыя, якія праз нейкі час былі надрукаваны ў Кракаве ў кніжачках Мацея Бурачка"[3].

З гэтых некалькіх радкоў выцякае, што вершы Францішка Багушэвіча мелі папулярнасць яшчэ да выдання ягоных кніжак, перапісваліся і чыталіся падчас вячорак.

Вядома, што беларускі паэт быў знаёмы з польскай пісьменніцай Элізай Ажэшкай і наведваў яе ў Гародні. Ажэшка пісала ў пісьме да Яна Карловіча з Гародні 02.11.1887 г.: "Тры тыдні таму назад быў умяне добры Ваш знаёмы з Вільні п. Багушэвіч. Вельмі прыемна правяла я з ім некалькі гадзін. Ён мне чытаў свае беларускія паэзіі дый нават даў мне адпісы з ix з асобным вершыкам, гэтак сама па-беларуску ... . Ці-ж не праўда, што гэтыя рэчы вельмі харошыя, маюць нейкае асаблівае хараство, i мяне вельмі цікавіць, ці здолеюць ix зразумець дый засмакаваць у ix нашыя сяляне? Будучым летам папрабую чытаць ix маім міневіцкім знаёмым"[4].

Як бачым пры канцы 1887 г. вершы Багушэвіча яшчэ невядомы на радзіме, і Эліза Ажэшка яшчэ толькі плануе іх "пусціць у народ" - перадаць сялянам свайго маёнтка ў Мінявічах. А першая кніга паэта, "Дудка беларуская", выходзіць у Кракаве ў 1891 г.

Таму падзеі, якія апісвае Міхал Шымялевіч можна датаваць - паміж 1888 і 1891 г. Важна адзначыць, відавочны "выбуховы" распаўсюд вершаў Багушэвіча, фактычна за некалькі гадоў вершы набываюць папулярнасць і пачынаюць жыць у беларускім народзе сваім жыццём.


Цікава, што ў распаўсюдзе і папулярызацыі кніг Багушэвіча чынны ўдзел прымаў Юзаф Пілсудскі. Антон Луцкевіч у сваім базавым артыкуле пра Багушэвіча "Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў" звяртаецца да запісаных ім успамінаў вядомага сімпатыка беларусаў і беларускай культуры Зыгмунта Нагродскага (памёр у 1937 г. у Вільні). Нагродскі пазнаёміўся з Багушэвічам у Вільні ў 1893 ці 1894 годзе. Жыў тады Нагродскі на Бяльмонце. Непадалёк ад Бяльмонта, на ўзбярэжжы Вялейкі, было месца канспірацыйных спатканняў Нагродскага з рэвалюцыйнымі дзеячамі, у тым ліку - з Юзафам (Зюкам) Пілсудскім. Раз падчас такога спаткання Пілсудскі сказаў Нагродскаму, які здаўна цікавіўся беларушчынай, што мае для яго навінку, і дастаў з кішэні толькі што прывезеную з-за мяжы "Дудку беларускую". Нагродскі з вялікім зацікаўленнем кінуўся на беларускія вершы і папытаўся ў Пілсудскага, хто іх аўтар? - "Ot, takі sobіe adwokacіk, nazywa się Bohuszewіcz"[5], - адказаў Зюк. - Нагродскі папрасіў Пілсудскага, каб ён пазнаёміў яго з Багушэвічам, і Зюк абяцаў яму зрабіць гэта [6]. Трэба заўважыць, што ў выбары знаёмстваў Багушэвіч быў вельмі пераборлівы. Паводле слоў Нагродскага, Багушэвіч, займаючыся ў Вільні адвакацкай практыкай, не меў блізкіх сувязяў ані са светам адвакатуры, ані наогул з сучасным яму грамадствам. Акрамя Нагродскага, адваката Адама Карповіча і свайго крэўнага Радзевіча блізкіх стасункаў ні з кім не падтрымліваў. Выступаючы ў судзе, бараніў выключна правы сялян, будучы цесна звязаным з беларускім народам.

Таксама Нагродскі паінфармаваў Луцкевіча аб гісторыі друку і пашырэння "Дудкі беларускай " і іншых твораў. Калі Пілсудскі прывозіў "Дудку беларускую" з-за мяжы, належыць думаць, што і друкаванне яе за мяжой было арганізавана такім самым чынам. Але 3 000 надрукаваных у першым выданні асобнікаў "Дудкі беларускай" вельмі хутка разышліся. Працуючы ў кааператыве (у Вільні, на Татарскай вуліцы) Нагродскі вельмі дзейна пашыраў гэтую кнігу - да яго часта прыходзілі людзі з вёскі, каторых ён надзяляў Багушэвічавымі творамі. Апрача "Дудкі" і "Смыка" была яшчэ трэцяя кніжачка: зборнічак вершаў (паводле Нагродскага - слабейшых) "Тралялёначка". Калі "Дудка" вычарпалася, Нагродскі надумаў перавыдаць яе ў Кракаве за 100 рублёў сваім коштам, што і было зроблена. Але яе было цяжка ўвезці ў Беларусь праз мяжу. Спачатку - з дамогай Юзафа Пілсудскага - прывезлі 200 экз. "Дудкі". Далейшыя транспарты меліся ісці кантрабандай - з аплатай па 40 руб. за пуд. Але ўвесь наклад чамусьці на доўгі час застаўся ў Кракаве. Толькі шмат пазней Іван Луцкевіч, калі быў у Кракаве, адшукаў гэты наклад і часткамі даслаў кніжкі ў Беларусь, дзе яны вельмі хутка разышліся. Пасля "Дудку" перадрукавала суполка "Загляне сонца і ў наша ваконца" ў Пецярбурзе, закупіўшы ад Багушэвічавай сям'і права на выданне ўсіх твораў паэта [7].

Дае Нагродскі і адказ на пытанне, як выспела ў Багушэвіча яго беларуская ідэалогія. Для таго былі дзве падставы.

Першая: Багушэвіч належаў да таго ж тыпу людзей, што і Каліноўскі, і пад час паўстання 1863 г. адносіў сябе да "чырвоных". Але ці ў час паўстання сутыкаўся ён непасрэдна з Каліноўскім - не вядома.

Другая падстава, на якой фармавалася беларуская ідэалогія Багушэвіча, былі ўкраінскія ўплывы. Багушэвіч - як гаварыў Нагродскі - пачаў пісаць вершы падчас свайго побыту на Украіне і пісаў тады па-ўкраінску. Калі ж вярнуўся на радзіму, яму заставаўся толькі адзін крок да беларускага самаўсведамлення. І Багушэвіч гэты крок зрабіў. Тут, на радзіме, пачаў пісаць беларускія, а свае даўнія ўкраінскія вершы спаліў, лічачы іх за малавартасныя. Тут, на радзіме - сцвярджаў з усёй дасведчанасцю Нагродскі - у гэтай працы Багушэвіч "знайшоў сябе" і "нацыяналізаваўся".



[1] Szymielewicz Michal. Z tamtego swiata // Ziemia Lidzka №11-1937. S.125.

[2] Легенда пра Ківона, божага пакутніка, Гл.: Kiwon: Pociech, zywot i smierc Kiwona bozego, meczennika zydowskiego. Bracia Worzallowie, 1913.

[3] Szymielewicz Michal. Z tamtego swiata // Ziemia Lidzka №11-1937. S.126.

[4] Талочка Улад. Фр. Багушэвіч i Э. Арэшчыха // Запісы Беларускага навуковага таварыства. Вільня, 1938. Сш. 1. С. 35.

[5] От, такі сабе адвакацік, называецца Багушэвіч.

[6] Луцкевіч Антон. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў // Запісы Беларускага Навуковага таварыства. Вільня, 1938. Сшытак 1. С. 19-20.

[7] Луцкевіч Антон. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў // Запісы Беларускага Навуковага таварыства. Вільня, 1938. Сшытак 1. С. 29.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX