Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Дуга Струве 


Аўтар: Кузняцоў Г., Мкртычан У., Абраменкаў У.,
Дадана: 02-09-2008,
Крыніца: Лідскі летапісец № 31.



Два беларускія гістарычна-культурныя аб'екты - архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і Дуга Струве - уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Такое рашэнне прынята 15 ліпеня 2005 года на 29-й сесіі Міжурадавага камітэту па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, што праходзіла ў Дурбане (ЮАР) 15 ліпеня.

Як паведаміла прэс-служба беларускага МЗС, на разгляд Камітэту па сусветнай спадчыне было прапанавана 35 новых кандыдатур, у тым ліку архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і Дуга Струве (сумесна з Латвіяй, Літвой, Малдовай, Нарвегіяй, Расійскай Федэрацыяй, Украінай, Фінляндыяй, Эстоніяй). Члены камітэту пагадзіліся з рэкамендацыяй Міжнароднага камітэту па помніках і памятных мясцінах і прынялі рашэнне аб уключэнні ў Спіс сусветнай спадчыны двух новых аб'ектаў, што размешчаны на тэрыторыі Беларусі.

Па стане на 1 ліпеня 2005 года спіс уключаў 788 аб'ектаў. У іх ліку - знакамітыя Егіпецкія піраміды, Вялікая Кітайская сцяна, Сабор Парыжскай Божай Маці. Два аб'екты, уключаныя ў Спіс раней, размешчаны на тэрыторыі Беларусі - гэта Замкавы комплекс "Мір" і Белавежская пушча (сумесна з Польшчай).

Цырымонія абвяшчэння новых аб'ектаў сусветнай спадчыны адбылася ў Дурбане 16 ліпеня.

Планіровачная структура нясвіжскага комплексу Радзівілаў - самага магутнага роду ў Беларусі - заснавана на традыцыях ман'ерызму. У 1582-1600 гады тут быў узведзены магутны замак з выкарыстаннем фартыфікацыйнай сістэмы, зусім новай для Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якая адлюстроўвала найноўшыя на той час дасягненні еўрапейскай вайсковай інжынернай думкі. У сучасным выглядзе, пасля рэканструкцыі ў XVIII стагоддзі, замак уяўляе сабой арыгінальны і адзіны, поўнасцю захаваны прыклад магнацкай рэзідэнцыі ўзроўню, які ў гэтай частцы еўрапейскага кантынента не сустракаецца.

Дуга Струве - найбольш дакладнае і каласальнае ў свеце вымярэнне дугі мерыдыяну, створанае вучонымі ў XIX стагоддзі і названае імем кіраўніка даследвання Васіля Струве. У працэсе вымярэння было закладзена 258 геадэзічных пунктаў на тэрыторыі 10 краін - Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Украіны і Малдовы. На тэрыторыі Беларусі знаходзілася 30 такіх пунктаў. У выніку вымярэння былі атрыманы дадзеныя, якія шырока выкарыстоўваліся ў вымярэнні Зямлі. У 2001 годзе спецыялістамі Камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце міністраў Беларусі было знойдзена 19 пунктаў Дугі Струве, закладзеных у 1825-1826 гадах. Яны размешчаны на тэрыторыі Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей. Тры такія пункты былі размешчаны на тэрыторыі Лідскага раёна. Адзін з іх, каля вёскі ДАКУДАВА, захаваўся і быў знойдзены разам з іншымі 18. Два пункты, каля Фалькавічаў і Чэрнікаў, пакуль што не знойдзены і лічацца не захаваўшыміся.

Руска-Скандынаўскае градуснае вымярэнне 1815-1852 гг.

У XVIII стагоддзі ўпершыню было ўстаноўлена, што Зямля мае не форму шара, а форму эліпсоіда. Аднак вымярэнні, на падставе якіх гэта было ўстаноўлена, не давалі дакладных вынікаў. Таму ў 19-м стагоддзі навукоўцамі шмат якіх краін выконваліся новыя градусныя вымярэнні: Ост-Індыйскае (1802-1874), Гановерскае (1821-1824), Англа-Французскае(1850), Прускае (1831-1834), Паўднёва-Афрыканскае (1842-1852), Шведскае (1801-1803), Галштынскае (1820-1823).

Градусныя вымярэнні мінулага, якія мелі мэтай азначэнне памераў і формы Землі, згулялі велізарную ролю ў развіцці навуковых ведаў. Гэта былі высоконавуковыя працы, у непасрэдным выкананні якіх прымалі ўдзел найвыдатнейшыя астраномы і матэматыкі свайго часу: Снеліюс, Пікар, Кляро, Бузе, Маперцюі, Борда, Дэламбр, Струве, Бесель, Гаўс, Хейфард, Гельмерт, Красоўскі і шмат іншых.

Расійская імперыя таксама не засталася ўбаку ад гэтага кірунку геадэзічнай дзейнасці. Яшчэ ў 1717 годзе ў Расіі выйшла кніга знакамітага Х. Гюйгенса "Космотеорис" з прадмовай самога Пятра Першага. Санкт-Пецярбургская Акадэмія Навук, створаная па ўказанні Пятра, на сваім першым паседжанні ў 1725 годзе абмяркоўвала пытанне аб сцісканні Зямлі.

У 1797 годзе Павел I заснаваў Імператарскае дэпо карт, ператворанае затым у 1812 годзе ў Вайскова-тапаграфічнае дэпо (ВТД), якому даручаліся тапаграфічныя, геадэзічныя і картаграфічныя работы. У снежні 1815 годаначальнік Генеральнага Штаба і адначасова дырэктар ВТД генерал-фельдмаршал князь Пётр Міхайлавіч Валконскі, які вывучаў пастаноўку тапографа-геадэзічных работ у Францыі, загадаў камандуючаму 1-ай арміі: "Высачайша загадваю выканаць трыганаметрычную і тапаграфічную здымку Віленскай губерні". Кіраўніком Віленскай здымкі быў прызначаны палкоўнік К.І.Тэнер (1783-1860), пасля генерал.

Яшчэ пры рэкагнасцыроўцы Віленскай трыянгуляцыі ў 1816 годзе К.І. Тэнеру прыйшла думка скарыстацца галоўнымі трыкутнікамі сваіх трыганаметрычных здымак, якія ляжаць па кірунку мерыдыяна Віленскай абсерваторыі, для вымярэння дугі мерыдыяна. Тэнер "....заўважыў, што магчыма было працягнуць праз яе шэраг першакласных трыкутнікаў пад мерыдыянам Віленскай абсерваторыі, што падало мне думку правесці тут градуснае вымярэнне". Такім чынам сама ідэя гэтага вымярэння зарадзілася на беларускай зямлі.

Праз шэсць гадоў у 1821 годзе ў Ліфляндыі (тэрыторыя сучаснай Эстоніі і паўночна-усходняй часткі Латвіі) Ліфляндскае эканамічнае таварыства таксама прыступіла да трыянгуляцыйных работаў. Кіраўніцтва імі было даручана прафесару астраноміі і геадэзіі Дэрпцкага, зараз Тартускага, універсітэта - В.Я. Струве. Гэтыя работы былі скончаны ў 1827 годзе.

Ні адзін з навукоўцаў, прыступаючы да градусных вымярэнняў, не думааў, што пачатая імі справа завершыцца грандыёзным вымярэннем, якое будзе распасцірацца ад Ледавітага акіяна да вусця Дуная, гэтая праца будзе мець велізарнае значэнне для геадэзічнай навукі і не страціць сваёй актуальнасці да нашых дзён.

Такім чынам, Віленская і Ліфляндская здымкі па волі кіраўнікоў гэтых работаў Тэнера і Струве паклалі пачатак знакамітаму Руска-Скандынаўскаму градуснаму вымярэнню.


Варта адзначыць, што князь Пётр Міхайлавіч Валконскі аказваў гарачую падтрымку ўсім навуковым распачынанням К. І. Тэнера. Пасля сыходу Валконскага ў адстаўку яго месца заняў Ф.Ф.Шуберт, які, нягледзячы на буйныя заслугі перад расійскай геадэзіяй, недаацэньваў навуковай ролі трыянгуляцыі. Ён лічыў, што яна патрэбная толькі для забеспячэння тапаграфічных здымак. Таму Тэнер, не разлічваючы на атрыманне асігнаванняў на градусныя вымярэнні, стараўся па магчымасці скараціць выдаткі на трыянгуляцыйныя работы, каб выкарыстаць сродкі на работы па градусным вымярэнні.

Сутыкаўся К.І.Тэнер і з цяжкасцямі іншага характару. Напрыклад, яму з трыма памагатымі - афіцэрамі Генеральнага Штаба - было даручана вылучыць месца ў наваколлях Браслава або Дрысвяты для вымярэння базісу даўжынёй не меней 10 км, выкарыстаўшы для вымярэння роўную ледзяную паверхню аднаго з азёр, бо зіма 1815 года была вельмі снежная, выкананне гэтага даручэння было звязана з выключна вялікімі цяжкасцямі, выкліканымі завеямі. Сам Тэнер пісаў з гэтай нагоды: "Глыбокі снег надзвычай абцяжарваў выкананне гэтага даручэння; часта трэба было пракопваць яго, каб даехаць да азёр, а берагоў гэтых апошніх нельга было месцамі адрозніць". На тэрыторыі Менскай губерні Тэнер сутыкнуўся з новай цяжкасцю: мноства вялікіх часта непралазных балотаў. Пракладванне трыянгуляцыі суправаджалася пабудовай высокіх сігналаў, асабліва ў багне Пінскіх балотаў.

У вымярэннях прымаў удзел і наш зямляк, беларус Іосіф Іванавіч Ходзька (1800-1881), пасля знакаміты навуковец. Працы І.І. Ходзькі яшчэ пры жыцці былі прызнаныя і высока ацэненыя навукоўцамі свету, і яго імя назаўжды ўвайшло ў гісторыю айчыннай геадэзіі.

І. І. Ходзька нарадзіўся 6 снежня 1800 г. у мястэчку Крывічы Ракаўскай воласці Вілейскага павету Менскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Менскай вобласці). Бацькі яго, багатая шляхта, якія мелі, акрамя яго, яшчэ двух сыноў і дзвюх дочак, не шкадавалі сродкаў на выхаванне і адукацыю сваіх дзяцей. І.І. Ходзька вельмі рана выявіў цікавасць да такіх дакладных навук, як матэматыка, фізіка, астраномія.

У 16 гадоў Ходзька паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта і, паспяхова скончыўшы яго, пачаў рыхтавацца да рэшты іспытаў на навуковую ступень магістра фізіка-матэматычных навук. Але адна нечаканая акалічнасць перашкодзіла прывесці ў выкананне гэты намер. Тэнеру спатрэбіліся супрацоўнікі для выканання астранамічных вымярэнняў, і ён звярнуўся з просьбай да рэктара Віленскага універсітэта І.Снядэцкага. Апошні ў сваю чаргу паведаміў аб гэтым Ходзьку і, атрымаўшы яго згоду, рэкамендаваў Тэнеру.

20 студзеня 1821 года І.І. Ходзька быў залічаны калонаважатым па кватэрмайстарскай частцы з прызначэннем быць пры здымцы Літоўска - Віленскай губерні.Так пачаўся новы перыяд у жыцці І.І.Ходзькі, які і вызначыў яго далейшы лёс. Вялікія пазнанні Ходзькі ў вобласці астраноміі і геадэзіі ў спалучэнні з агульнымі выбітнымі здольнасцямі і выключна добрасумленным стаўленнем да працы не змаглі застацца не заўважанымі Тэнерам. Асабіста па яго хадайніцтву 23 траўня 1822 г. Ходзьку была нададзена годнасць прапаршчыка Гвардзейскага Генеральнага штаба, а ў 1827 г. - падпаручніка. У гэты ж час за выбітныя поспехі па службе ён быў узнагароджаны "не ў залік" гадавым жалаваннем.

Дзесяць гадоў І.І. Ходзька праслужыў пад кіраўніцтвам Тэнера. За гэты час ён набыў багаты і рознабаковы досвед у арганізацыі і правядзенні астранома-геадэзічных работ, які яму вельмі спатрэбіўся ў яго далейшай працы і жыцці. Дзейнасць І.І. Ходзькі не засталася незаўважанай. Службу ён скончыў у чыне генерал-лейтэнанта і быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі, у тым ліку ордэнам Уладзіміра 4-й ступені, ордэнам Ганны 3-й ступені, ордэнам Станіслава 2-й ступені і паўторна ордэнам Станіслава 2-й ступені з імператарскай каронай, ордэнам Станіслава 1-й ступені, "за выдатна-старанную і дбайную службу", ордэнамі Ганны 1-й і 2-й ступені з каронай і мячамі над ордэнам, ордэнам Белага Арла, "найусеміласціва ўзнагароджаны рэнтай па 2000 р. у год на 12 гадоў".

З 1816 па 1841 гг. і з 1846 па 1850 гг. К.І. Тэнер выканаў градусныя вымярэнні ў межах тэрыторый Віленскай, Гарадзенскай, Курляндскай, Менскай, Падольскай і Валынскай губерняў і ў Бессарабіі. Па ініцыятыве В.Я. Струве ў 1821-1827 гадах была вымераная Балтыйская дуга, а ў 1830-1844 гадах - Фінляндская частка дугі. Па дамоўленасці паміж урадамі Расіі, Швецыі і Нарвегіі шэраг быў працягнуты да Фугленеса, размешчанага на беразе Паўночнага Ледавітага акіяна.

Пад кіраўніцтвам К.І. Тэнера была выкананая трыганаметрычная нівеліроўка паміж Балтыйскім і Чорным морамі. У выніку выкананай працы ўзроўні мораў былі прынятыя аднолькавымі, бо рознасць значэнняў вышынь аказалася значна меншай за верагодную хібнасць вынікаў вымярэнняў.

У пракладванні Скандынаўскай часткі дугі з боку Швецыі прымала ўдзел Стакгольмская астранамічная абсерваторыя (дырэктар Н.Х. Зеландар), з боку Нарвегіі - Геаграфічны дэпартамент (дырэктар Хр. Ганстан). У выніку пералічаных работ было ўтворана самае вялікае ў свеце Руска-Скандынаўскае градуснае вымярэнне па мерыдыяне працягласцю 25 градусаў 20 мінут або 2880 км у лінейнай меры. Па ўказанні імператара Аляксандра II і караля Швецыі і Нарвегіі Карла XV канцавыя пункты дугі былі замацаваныя манументамі, якія захаваліся да нашага часу. На паўднёвым мануменце, усталяваным у сяле Стара-Някрасаўка, выбіты надпіс "Паўднёвая мяжа дугі мерыдыяну дваццаць пяць градусаў дваццаць мінут ад ракі Дуная да Акіяна Ледавітага...стала працуючы з 1816 па 1852 год, вымералі Геаметры трох народаў. Шырата 45°20'2' ' ".

Руска-Скандынаўскае градуснае вымярэнне складалася з 158 асноўных трыкутнікаў, 10 базісных бакоў і 13 астранамічных пунктаў. Каля 60% усіх вымярэнняў было выканана пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле К.І. Тэнера. Па ацэнках Ф.Н. Красоўскага, памылка вымярэння вуглоў па дузе К.І. Тэнера не перавышала 1 секунды. Вышыні пунктаў трыянгуляцыі вызначаліся трыганаметрычным нівеляваннем.

Пры правядзенні трыянгуляцыйных работ В.Я. Струве не замацоўваў пункты цэнтрамі і пазбягаў пабудовы сігналаў, кіруючыся толькі ідэяй градуснага вымярэння. Былі замацаваныя ўсяго два астранамічныя пункты (пункт Мекіпелюс на востраве Гогланд і Якабштадт у Латвіі) і заходні канец Сімунаскага базісу. Неабходная геаметрыя трыкутнікаў не вытрымлівалася. Таму праз некаторы час пасля заканчэння работ у гэтай частцы дуга, як геадэзічная сетка, страціла практычнае значэнне. Схема праетаў дугі Струве на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На схеме два пункты, якія знайходзіліся на тэрыторыі сучаснага Лідскага раёна (Дакудава і Фалькавічы). На сёння захаваўся толькі адзін з іх каля Дакудава..

У адрозненне ад В.Я. Струве, К.І.Тэнер кіраваўся шырэйшымі задачамі, пераследваючы і картаграфічныя мэты. Асаблівую ўвагу ён надаваў замацаванню пунктаў на мясцовасці. Таму з самага пачаткў і ва ўсе наступныя гады К.І. Тэнер паставіў работы больш рацыянальна.

У лістападзе 1827 года Тэнер выказаў думку аб злучэнні яго градусных вымярэнняў з градуснымі вымярэннямі ў Ліфляндыі, завершанымі да гэтага часу В.Я.Струве, і дабіўся дазволу на ажыццяўленне сваёй ідэі. 23 лютага 1828 года Тэнер і Струве склалі пісьмовую дамову аб размеркаванні абавязкаў па злучэнні градусных вымярэнняў.

Вялікае значэнне надавалася Тэнерам трываласці замацавання пунктаў на мясцовасці. У зямлі выкопваліся катлаваны каля двух кубаметраў, запаўняліся каменем з вапнай. У катлаван закладваліся гранітныя 25-сантыметровыя кубы з цыліндрычнымі адтулінамі, залітымі свінцом (для базісаў) або гранітныя пліты з прачэрчанымі дыяганалямі, пастаўленыя вертыкальна цагліны. Такое выключна добрасумленнае стаўленне Тэнера да сваіх абавязкаў прывяло да таго, што пункты, закладзеныя Тэнерам, па "даўгавечнасці" перасягнулі ўсе падобныя ў Расіі ў XIX стагоддзі.

Вымярэнні, якія праходзілі па Віленскай і Ліфляндскай губернях, былі працягнутыя па ініцыятыве Струве на поўнач. Пасля вымярэння ў 1821-1827 г. Балтыйскай у 1830-1844 г. была вымерана Фінляндская часткі дугі. Вымярэннямі ў Фінляндыі кіраваў Струве. Тэнер працягнуў вымярэнні па Бессарабіі да вусця Дуная. Тады ж адбылася дамоўленасць паміж урадамі Расіі, Швецыі і Нарвегіі аб працягу вымярэнняў па іх тэрыторыі да Фугленеса, размешчанага на беразе Паўночнага Ледавітага акіяна. Такім чынам, да 1855 года былі завершаныя палявыя работы па вымярэнні дугі мерыдыяну паміж Фугленесам (70 градусаў 40 хвілін паўночнай шыраты) і Стара-Някрасаўкай (45 градусаў 20 мінут паўночнай шыраты) агульнай працягласцю 2880 км.

Навукова-тэхнічную справаздачу аб праведзеных астранома-геадэзічных работах па Рускім градусным вымярэнні склаў дырэктар Галоўнай астранамічнай абсерваторыі ў Пулкаве акадэмік В.Я.Струве ў сваёй знакамітай працы "Дуга мерыдыяну ў 25°20' паміж Дунаем і Ледавітым морам, вымераная з 1816 года па 1855 год пад кіраўніцтвам Тэнера, Хр. Ганстана, Н.Х. Зеландара, В.Я.Струве, па розных матэрыялах склаў і апрацаваў В. Я. Струве". Справаздача была складзена ў 1861 годзе.

У працэсе вымярэнняў было закладзена 258 геадэзічных пунктаў на тэрыторыі 10 краін (Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Расія, Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Украіна, Малдова).

У сувязі з тым, што ўсе градусныя вымярэнні ад пункта Фугленес да Стара-Някрасаўкі былі выкананыя пад агульным тэхнічным і навуковым кіраўніцтвам В.Я. Струве, яна атрымала назву "Дуга мерыдыяну Струве" або скарочана - "Дуга Струве".

Досвед пастаноўкі работаў па градусных вымярэннях, даследаванні і апрацоўка матэрыялаў, выкананыя В.Я.Струве, уяўляюць вялікую цікавасць для сучасных геадэзістаў, бо шмат што з таго, што далі К.І. Тэнер, В.Я. Струве і іншыя іх актыўныя супрацоўнікі не згубіла сваё значэнне да нашых дзён. Іх працу немагчыма пераацаніць. Дуга Струве ўвайшла ў першы шэраг найважнейшых навуковых астранома-геадэзічных прац у свеце.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі знаходзіўся 31 пункт Руска-Скандынаўскай дугі мерыдыяну, вызначаны К.І. Тэнерам.


Пошукава-даследчыя работы на Дузе Струве

Геадезістамі многіх краін, праз якія прайшла Дуга Струве, неаднаразова прадпрымаліся спробы адшукання пунктаў. Такія работы былі выкананыя і ў Беларусі ў 1999 г., але яны аказаліся безвыніковымі. Ні аднаго пункта Дугі Струве тады выявіць не ўдалося.

У 2001 г. Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі даручыў РУП "Белаэракосмагеадэзія" паўторна правесці пошукава-даследчыя работы па вышуку пунктаў Дугі Струве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Стала відавочным, што трэба мяняць тэхнічныя падыходы да пошуку пунктаў, неабходна ажыццявіць маштабныя пошукава-даследчыя работы.

Рашэнне праблемы пошуку пунктаў Дугі Струве залежала ад адказу на два пытанні:

1. Дзе шукаць пункты Дугі Струве?

Складанасць у тым, што мы не маглі вызначыць дакладнае месцазнаходжанне пункта, бо невядомыя яго дакладныя значэнні каардынат у дзяржаўнай сістэме.

2. Што шукаць?

Звязана гэта з тым, што былі невядомыя канструкцыі і тыпы цэнтраў, а таксама было невядома, ці замацоўваліся гэтыя пункты на мясцовасці.

Што датычыцца першага пытання, то, па самых аптымістычных прагнозах, разлікі дакладнасці вызначэння месцазнаходжання пунктаў ацэньваліся велічынёй да 10 м і больш. Зразумела, што па такіх разліках пры поўнай адсутнасці знешніх прыкмет адшукаць пункты, замацаваныя амаль 200 гадоў назад, вельмі праблематычна.

Таму прадпрынятыя ў 1999 г. першыя спробы па выяўленні пунктаў аказаліся безвыніковымі.

Стала відавочным, што для адшукання пунктаў Дугі Струве неабходна вырашыць праблему ўдакладнення іх месцазнаходжання. Для гэтага былі праведзеныя падрабязныя даследаванні ўсіх меркаваных месцаў закладкі пунктаў Дугі Струве з мэтай выначэння ўскосных і іншых прыкмет, якія дазваляюць удакладніць на мясцовасці іх становішча.

Па выніках даследавання было адназначна вызначанае магчымае месцазнаходжанне самага паўночнага ў Беларусі пункта Конрады з дакладнасцю не грубей за 1 м. Па ўдакладненым месцазнаходжанні гэтага пункта былі вылічаныя каардынаты ўсіх астатніх, і пасля працяглых раскопак выяўлены пункт Асоўніца.

Далей метадам паслядоўных вызначэнняў каардынат было ўдакладнена месцазнаходжанне ўсіх астатніх 30 пунктаў Дугі Струве, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, і ў выніку праведзеных пошукава-даследчых работ выяўленыя яшчэ 18 пунктаў.

Найважнейшым дасягненнем пошукава-даследчых работ варта лічыць выяўленне пунктаў базіснай лініі Асоўніца - Чакуцк і правядзенне на іх незалежных кантрольных вымярэнняў з выкарыстаннем рознай спадарожнікавай апаратуры.

Папярэднія вынікі супастаўлення вымярэнняў даўжыні базіснага боку (падставы), праведзеных з выкарыстаннем сучаснай спадарожнікавай апаратуры, з дадзенымі В.Я. Струве аказаліся сенсацыйнымі. Разыходжанне склала ўсяго 3,5 см пры даўжыні базісу больш 12 км.

Неабходна адзначыць, што простае параўнанне вымярэнняў, выкананых спадарож-нікавымі метадамі, з вынікамі, адлюстраванымі ў працы В.Я. Струве [1], некарэктна. Гэта звязана з тым, што даўжыні [1] выяўленыя ў туазах - асноўнай меры даўжыні таго перыяду. Праблема дакладнага прадстаўлення туаза ў метрычнай меры вырашалася ў розныя гады шматлікімі даследчыкамі, пры кожным рашэнні адзначалася некаторая нявызначанасць. У сваіх разліках мы прымалі значэнне туаза роўным 1,9490668 м, як рэкамендована І.Д. Жангаловічам [2].

Нягледзячы на папярэдні характар даследаванняў, можна з упэўненасцю сказаць аб высокай дакладнасці работ, праведзеных нашымі калегамі амаль 200 гадоў таму назад.

Для адказу на другое пытанне стрэбілася вялікае цярпенне і акуратнасць пры правядзенні раскопак.

У выніку работ быў выкананы аналіз канструкцый і тыпаў цэнтраў, якія ўжываліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і складзеныя чарцяжы. Варта адзначыць, што амаль усе цэнтры, якія ўжываліся, адрозніваюцца сваёй канструкцыяй і метадамі замацавання.

Па выніках праведзеных лабараторных даследаванняў вызначаны матэрыял, з якога выраблялася большасць цэнтраў пунктаў Дугі Струве. Гэта пясчанік, утвораны ў выніку метамарфізму (сцэментавання пясчаных карбанатных часціц), які знешне нагадвае гладкі бетон.

Даследаванні абцяжарваліся тым, што ні адзін цэнтр пунктаў Дугі Струве, за выключэннем пункта Лясковічы, не адпавядаў звесткам аб выкананых працах, выкладзеных у справаздачы "Дуга мерыдыяну ў 25°20' паміж Дунаем і Ледавітым морам".

Неабходна адзначыць, што на шматлікіх цэнтрах пунктаў Дугі Струве,якія захаваліся, былі выяўленыя аскепкі бутэлек. Форма і памеры бутэлек дазваляюць выказаць здагадку, што гэта "рэчавыя доказы", распаўсюджанай сярод беларускіх геадэзістаў, традыцыі адзначаць кожны замацаваны цэнтр пункта трыянгуляцыі. Вядома, што гэтая традыцыя сыходзіць каранямі ў перыяд першых градусных вымярэнняў на тэрыторыі Беларусі, гэта значыць прац па Дузе Струве.

У выніку выкананых работ :

1. Ажыццёўленая з выкарыстаннем спадарожнікавых сістэм пазіцыянавання сувязь пунктаў Дугі Струве, якія захаваліся з дзяржаўнай геадэзічнай сеткай краіны. Вызначаныя каардынаты пунктаў Дугі Струве як у рэферэнцнай, так і ў агульназямной сістэмах каардынат.

2. Вызначаныя дакладныя параметры сувязі эліпсоідаў Беселя і Красоўскага, што дазваляе выконваць пераўтварэнне каардынат пунктаў Дугі Струве ў дзяржаўную сістэму на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не грубей за 0,2-0,3 м.

3. Забяспечаная захаванасць пунктаў Дугі Струве. На іх усталяваныя вонкавыя геадэзічныя знакі.

4. Праводзіцца канчатковая апрацоўка і аналіз вынікаў спадарожнікавых вымярэнняў.

Па нашым меркаванні, у бліжэйшы час неабходна выканаць работы па выяўленні астранамічнага пункта Белін. Папярэднія раскопкі пацвердзілі захаванасць фрагментаў падмурка. Праблема складаецца ў тым, што пункт размешчаны на тэрыторыі прыватнага ўладання.

Першачарговай задачай з'яўляецца правядзенне работ па знешнім афармленні пунктаў Дугі Струве як помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны


Руска-Скандынаўскае градуснае вымярэнне ўвайшло ў скарбніцу сусветнай навукі і не страціла сваёй актуальнасці да цяперашняга часу. Вынікі вымярэння Рускай дугі мерыдыяну выкарыстоўваліся ў навуковых і практычных мэтах больш за 130 гадоў, пачынаючы з 1834 г., калі Ф.У. Бесель вызначыў велічыню элементаў зямнога эліпсоіда, выкарыстоўваючы гэтыя вымярэнні. Па дадзеных Ф.У. Беселя, вялікая паўвось а = 6377397 м, малая b= 635б079 м, сцісканне роўна 1:299,2. Для параўнання прывядзём сучасныя значэнні: а = 6378245 м, сцісканне 1:298,3.

У пачатку XXI стагоддзя Дуга Струве разглядаецца як адна з найважнейшых падзей у развіцці сусветнай астраноміі, геадэзіі і геаграфіі, якая мае непераходзячае гістарычнае значэнне. Гэтае вымярэнне стала складовай часткай падмурка сённяшняга ведання аб метрыцы асвоенага намі абшару Зямлі, блізкага космасу і Сусвету, яно заклала вытокі сучаснай геадэзіі, гравіметрыі, геадынамікі, тэхналогій касманаўтыкі, каардынатнага і геаінфармацыйнага забеспячэння.

Важнасць і неабходнасць зберажэння рэчавых помнікаў, якія захаваліся, прызнаныя XX Кангрэсам Міжнароднай федэрацыі геадэзістаў (FIG) у Мельбурне (рэзалюцыя 1\2 -1994 г.) і XXII Генеральнай асамблеяй Міжнароднага астранамічнага саюзу ў Гаазе ў 1994 г. (рэзалюцыя В10). У выніку было прынята адмысловае рашэнне аб уключэнні пунктаў, якія захаваліся, у пералік аб'ектаў сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У розных краінах прыкладаюцца высілкі па пошуку і захаванні пунктаў Дугі Струве. Варта адзначыць, што першым, хто занепакоіўся праблемай захавання пунктаў дугі як помнікаў навукі і тэхнікі, быў сам В.Я.Струве. У 1852 г. менавіта ён унёс прапанову аб замацаванні канчатковых кропак, што "паслужыць навуковага гонару нашай Радзімы".

Вонкавы геадэзічны знак пункта Дугі Струве каля в. Дакудава Лідскага раёна.Улічваючы тое, што захаванне, папулярызацыя і перадача нашчадкам гістарычна-культурнай спадчыны з'яўляецца абавязкам дзяржавы, справай гонару кожнага яго грамадзяніна, Камзем звярнуўся з хадайніцтвам у Дэпартамент па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрствы культуры Рэспублікі Беларусь аб уключэнні пунктаў Дугі Струве ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

30 красавіка 2002 г. у Дэпартаменце па ахове і рэстаўрацыі гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адбылося паседжанне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны, на якім аднагалосна пунктам Дугі мерыдыяну Струве прыдадзены статут нерухомай гістарычна-культурнай каштоўнасці з прысваеннем катэгорыі "0" (нуль). Паводле Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны" у адпаведнасці са сваімі ўласцівасцямі матэрыяльныя каштоўнасці дзеляцца на 4 катэгорыі:

а) катэгорыя "0" - каштоўнасці, уключаныя або прапанаваныя для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны;

б) катэгорыя "1" - унікальныя каштоўнасці, якія ўяўляюць міжнародную цікавасць;

у) катэгорыя "2" - славутыя каштоўнасці, якія характарызуюць адметныя рысы гістарычна-культурнай спадчыны ўсёй рэспублікі;

г) катэгорыя "3" - каштоўнасці, якія характарызуюць адметныя рысы гістарычна-культурнай спадчыны асобных рэгіёнаў краіны.

Каб ацаніць гістарычнае рашэнне аб прысваенні нулявой катэгорыі пунктам Дугі мерыдыяну Струве, варта ведаць, што такі гонар у нашай краіне маюць нешматлікія помнікі. Напрыклад, у пачатку лета 2002 г. падчас афіцыйнага візіту Генеральны дырэктар ЮНЕСКА спадар Каіціра Мацуурэ ўручыў кіраўніцтву краіны пасведчанне аб уключэнні Мірскага замка (таксама катэгорыі "0") у Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва.

Варта адзначыць, што Камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, з'яўляючыся ўласнікам пунктаў Дугі мерыдыяну Струве, узяў на сябе абавязкі па іх захаванні. На ўсіх пунктах усталяваныя металічныя чатырохгранныя піраміды. У бліжэйшы час неабходна зацвердзіць і вырабіць ахоўныя дошкі, якія будуць мацавацца да пірамід. Таксама ў планах Камзема прадугледжана на двух-трох пунктах усталяваць мемарыяльныя знакі. Дазвол на права правядзення праектных прац па распрацоўцы мемарыяльнага знака атрыманы. У завяршэнне неабходна адзначыць адмыслоўцаў РУП "Белаэракосмагеадэзія", дзякуючы высілкам якіх у 2001 г. былі паспяхова выкананыя пошукава-даследчыя работы і выяўленыя пункты Дугі Струве, закладзеныя ў 1825-1826 гг. на тэрыторыі Беларусі. Гэта Альшанскі А.У., Анашанкаў А.З, Балбуцкі К.П., Галавач Ю.А., Кліменцеў А.А., Красуцкі У.М., Кульбяда А.З, Лявонаў С.В., Міса П.П., Пракапенка А.Г., Рабчун І.М. і Шаўчэнка У.Н.


ЛІТАРАТУРА:

1. Струве В.Я. "Дуга меридиана ў 25° 20' между Дунаем и Ледовитым морем, измеренная с 1816 года по 1855 год под руководством Теннера, Хр. Ганстена, Н.Х. Зеландера, В.Я. Струве, по разным материалам составил и обработал В.Я. Струве". СПБ., 1863. /Т. 1, 2.

2. Жонголович И. Д. Об определении размеров общего земнога элипсоида // Тр. Ин-та теоретической астрономии. Л.,1956. Т. 6. С. 1-66.

3. Каптюг В. Б, Чернов В.Н. и др. Результаты международного GPS-эксперимента на "Дуге Струве" // Геодезия и картография. 1996. № 11. С. 15-19.

4. Струве В. Я. Дуга меридиана (избр. главы) / Под общ. ред. С. Г. Судакова. М.: Издво геодезич. лит-ры, 1957.

5. Жизнь и деятельность геодезиста и географа генерал-лейтенанта Иосифа Ивановича Ходзько / / Материалы междунар. науч. конф. Мн., 2001.




Струве Васіль Якаўлевіч (1793-1864) - вядомы рускі астраном, акадэмік, першы дырэктар Пулкаўскай абсерваторыі. Сур'ёзная навуковая пастаноўка прац, выконваных пад кіраўніцтвам і пры асабістым удзеле В.Я. Струве, стварылі Пулкаўскай абсерваторыі велізарны аўтарытэт. Сярод астраномаў свету яна была прызнаная астранамічнай сталіцай зямнога шара. Пулкаўская школа астраномаў, створаная працамі В. Я. Струве, уславіла сябе арыгінальнымі даследваннямі ў вобласці астраноміі і астраметрыі.

Нягледзячы на велізарную занятасць, В. Я. Струве амаль паўстагоддзя займаўся геадэзіяй. Да градусных вымярэнняў прыступіў у 1821 годзе і скончыў іх у 1827 годзе ў межах Ліфляндыі. Далей па ініцыятыве В. Я. Струве работы былі працягнутыя на тэрыторыі Фінляндыі, Швецыі і Нарвегіі. Асабістага ўдзелу ў гэтых работах В.Я. Струве не прымаў, але яны вяліся навукоўцамі гэтых краін пад яго непасрэдным кіраўніцтвам і па яго ўказаннях.

В.Я. Струве напісаў больш 150 работ, сярод якіх бачнае месца займае знакамітая "Дуга мерыдыяна" у двух тамах і том з чарцяжамі, СПБ, 1861.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX