Вярнуцца: Адукацыя, культура

Дажынкі–2010


Дадана: 06-06-2011,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 51.



24-25 верасня Ліда сустракала лепшых хлебаробаў краіны. На два дні Рэспубліканскі фэст-кірмаш “Дажынкі-2010” сабраў у раённым цэнтры больш за 100 тысяч удзельнікаў і гасцей. Гарадзеншчына ўжо ў трэці раз прыняла ўдзельнікаў свята. У 1997 годзе фэст прымалі Масты, у 2003 - Ваўкавыск. На гэты раз шчаслівы квіток па правядзенні 14-х “Дажынак” выпаў аднаму з найстарэйшых гарадоў Беларусі - гораду Лідзе. “Дажынкі-2010” сталі для Ліды найбуйнейшым масавым мерапрыемствам за ўсю гісторыю яе існавання. А колькасць грошай, укладзеных у горад, - найбуйнейшая сума якая паступала аднаразава.

Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні гандлёвай часткі фэсту-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкi-2010”, быў створанага загадам Міністра гандлю ад 29 сакавіка 2010 г. № 53. На падрыхтоўку Ліды да свята было вылучана каля Br350 млрд. План прадугледжваў 220 мерапрыемстваў па будаўніцтве, рамонту і мадэрнізацыі будынкаў, пабудоў, інжынерных сетак, вуліц і дарог, а таксама добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. Работы вялі 66 будаўнічых арганізацый, было задзейнічана каля 5 тыс. будаўнікоў. Акультурваць горад дапамагалі і мясцовыя жыхары, працуючы на суботніках. У выніку да “Дажынкаў” Ліда займела новае аблічча.

Пабудаваны і рэканструяваны шэраг аб’ектаў сацыяльна-культурнага, спартовага і гістарычна-культурнага прызначэння, прыведзеныя ў парадак аб’екты гандлю, аховы здароўя, адукацыі. Рэканструявана 29 вуліц у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, пракладзена 280 тыс.кв.м асфальтабетоннага пакрыцця, зроблена замена і мадэрнізацыя больш за 45 км камунікацый. Адрамантаваны фасады 123 жылых дамоў і ўведзены ў эксплуатацыю 110-кватэрны дом для насельнікаў знесенага жылля. Новае жыццё атрымалі гасцініца Ліда”, Дом культуры, аўта- і чыгуначны вакзалы, кінатэатр “Юбілейны”, а ў будынку былога кінатэатра “Кастрычнік” расчыніў дзверы цэнтр народных рамёстваў.

Адзін з самых значных аб’ектаў - Лёдавы палац, на ўзвядзенне якога выдаткавана каля Br38,5 млрд. рублёў.

“Дажынкі” прывялі ў жыццё планы па рэканструкцыі Лідскага замка. І хоць усе работы плануецца завяршыць у 2012 годзе, вежы і сцены адноўленага замка паўсталі ва ўсёй сваёй велічы.

Горад упрыгожылі і сімвалічныя аб’екты - стэла да 2000-годдзя хрысціянства і скульптура льва з ключамі, якая ўвасабляе фантазію на тэму герба горада. Дзякуючы “Дажынкам” лідзяне атрымалі найпрыгожую водна-паркавую зону, прылеглую да тэрыторыі галоўнай пляцоўкі каля Палаца культуры. Тут пабудаваны трохузроўневы фантан, пракладзеная сучасная лыжа-ролерная траса.

(Поўны пералік аб’ектаў, на якіх вяліся работы, будзе апублікаваны ў наступным нумары.)


Свята пачалося ўрачыстым шэсцем удзельнікаў фэсту. Узначаліў шэсце шмат’ярусны двухмятровы каравай вагой у 130 кг.

Галоўнымі героямі першага дня “Дажынак” сталі прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, якія занялі другія і трэція месцы. Усяго каля 150 чалавек трымалі ў падарунак бытавую тэхніку, а прызёры сярод сельгасарганізацый - грашовыя прэміі.

Народныя майстры і рамеснікі дэманстравалі сваё мастацтва на рэспубліканскім фэсце-кірмашу “Дажынкі-2010”. Больш за 300 майстроў з усіх рэгіёнаў Беларусі размясціліся на 7 кіламетрах гандлёвых радоў. Тут былі шырока прадстаўленыя такія традыцыйныя для беларусаў рамёствы, як ганчарная і кавальская справа, саломапляценне, бандарства, разьбярства па дрэве, размалёўка па тканіне і многае іншае. Для арганізацыі гандлёвага абслугоўвання былі паданыя заяўкі ад 318 суб’ектаў гаспадарання на размяшчэнне 574 намётаў і павільёнаў, колькасць месцаў грамадскага сілкавання - 7150.

Быў вызначаны пералік аб’ектаў грамадскага сілкавання для абслугоўвання афіцыйных дэлегацый і гасцей фэсту. У яго ўвайшлі 44 аб’екты грамадскага сілкавання горада і раёна.

Паводле праграмы асноўных мерапрыемстваў фэсту пад “Дажынкі-2010” быў задзейнічаны ўвесь цэнтр горада. Рэалізоўваліся наступныя праграмы:

“Запрашаем на Дажынкі” (зазывалы на вуліцах г. Ліды).

“Кірмаш-продаж” (работа гандлёвых пунктаў і карабейнікаў).

“Традыцыйныя рамёствы – наша каштоўная спадчына” (горад майстроў).

“Свет захапленняў” (выстава-продаж вырабаў навучэнцаў прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Гарадзенскай вобласці).

Шэсце і канцэртныя выступленні духавых аркестраў вобласці на вуліцах і плошчах г. Ліды.

Канцэртныя выступленні творчых калектываў Гарадзеншчыны на сцэнічных пляцоўках горада, спартыўныя спаборніцтвы, мастацкія выставы.

Пляцоўкі:

Песенна-эстрадная (тэрыторыя дзіцячай школы мастацтваў);

Фальклорна-гульнёвая (бульвар Гедзіміна);

Гістарычна-культурная (тэрыторыя Лідскага замка);

Дзіцячая эстрадна-гульнёвая (гарадскі парк):

Мастацкая. “Арт-кірмаш” (гісторыка-мастацкі музей);

“Спартовая” (стадыён “Юнацтва”, лыжна-ролерная траса, лядовы палац).

Прайшоў канцэрт майстроў мастацтваў і творчых калектываў “Гарадзешчына фестывальная – працаўнікам вёскі Рэспублікі Беларусь”.

Прайшоў гала-канцэрт “Майстры мастацтваў-працаўнікам вёскі” (галоўная сцэна) і святочны феерверк.

Упершыню за ўсю гісторыю правядзення рэспубліканскіх “Дажынак” на Лідчыне была арганізавана выстава разнастайнай сельскагаспадарчай тэхнікі, вырабленай машынабудаўнікамі Беларусі.

Перад жыхарамі і гасцямі фэсту на сцэнічных пляцоўках “Горада майстроў” выступалі лепшыя фальклорныя калектывы Лідчыны. У сценах Лідскага замка змагаліся рыцары з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы.

Асноўнай падзеяй другога дня свята стала ўручэнне прэзідэнтам краіны першых прэмій. 15 лепшых хлебаробаў атрымалі Дыпломы пераможцаў і аўтамабілі. Усяго ж узнагароджаны былі 362 працаўнікі, з іх 265 - непасрэдна героі жніва.


Калі правілы правядзення свята застануцца ранейшымі, наступная такая магчымасць комплекснага рамонту горада надарыцца прыблізна праз 100 гадоў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX