Вярнуцца: Адукацыя, культура

Бібліятэкі горада Ліды Librarys in Lida city


Аўтар: Шамрэй К., Сліўкін В.,
Дадана: 16.05.2003,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 13.



Гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы, гісторыя і сучаснасць

Першая на Лідчыне вядомая буйная прыватная бібліятэка існавала ў 17-м стагоддзі ў Беліцы ў міністра кальвінісцкага збору Лукаша Бяднарскага. Гэтая бібліятэка з першым дакладна датаваным рэестрам. Потым Бяднарскі стаў міністрам збору ў мястэчку Ўсялюб і бібліятэка пераехала. У бібліятэцы пераважалі рэфармацыйныя выданні, творы Кальвіна, Цвінглі, Лютара, Булінгера, палемічная, палітычная, гістарычная літаратура, антычныя класікі, з адносна рэдкіх кніг была "Біблія" Сымона Буднага (1571), рукапісны Статут ВКЛ, "Касмаграфія" Мюнстара, "Апалогія" Крывіцкага. Пасмяротнае апісанне кніг зроблена паняй Бяднарскай, міністрам усялюбскага евангелісцкага збору ксендзам Станіславам Янам Дамінікам, любчанскім бакалаўрам Станіславам Няцэскім. Усялюб належаў Янушу Радзівілу (як і Беліца). Збор ва Ўсялюбе існаваў з 1545 г.

Актам ад 19.02.1625 г. кнігі з Усялюба былі перададзены любчанскаму войту ў прысутнасці любчанскіх мяшчан Паўла Венгра і Ждана Антановіча. У Любчы тады дзейнічала адна з буйнейшых кальвінісцкіх грамадаў. Яе апякун Крыштаф ІІ Радзівіл (1585-1640), ваявода віленскі (жонка Ганна Цеханавецкая). (Badania ksiengozbiorow Radziwilow. Г. Галенчанка. Вопісы бібліятэк і кніжных збораў Радзівілаў у нацыянальным архіве Беларусі. Warszawa, 1995, s. 57).

Першая бібліятэка ў Лідзе з'явілася дзякуючы манахам-піярам у сувязі з адкрыццём піярскага калегіюма, склалася з кніг воранаўскіх манахаў і Сцыпіёнаў. У канцы 18 ст. у бібліятэцы налічвалася каля 800 тамоў. У кастрычніку 1803 г. была ўзбагачаная кнігазборам з Сніпішак і дасягнула 1000 тамоў: філасофскія кнігі - 123, моўныя - 96, гістарычныя і геаграфічныя - 91, матэматычныя - 19, маральныя - 355, дыялектычныя - 35.

У траўні 1810 г. у бібліятэцы было 1000 кніг, у верасні 1811 г.: тэалагічных - 319, філасофскіх і юрыдычных - 90, паэтаў і аратараў - 80, гістарычных і геаграфічных - 76. На 1818 год кнігазбор не павялічыўся. У візіце за 1830 г. паведамляецца, што ў бібліятэцы кніг па тэалогіі - 157, духоўных - 503, па філасофіі - 184, мовах - 118, палітыцы - 44, паэзіі - 63, матэматыцы - 34, гісторыі - 19, фізіцы - 28, геаграфіі - 26, (разам - 1157).

Пасля закрыцця калегіюма ў 1834 г. бібліятэка была ўпарадкавана і амаль удвайне павялічана - дасягнула 2000 тамоў. Падчас пажару ў нядзелю 23 жніўня 1842 года бібліятэка згарэла.

Нельга не адзначыць, што губернская бібліятэка ў Горадні складалася з 1261 тома і паводле нязначнасці сваёй памяшчалася ў доме чыноўніка, які загадваў ёю. Менская губернская бібліятэка, заснаваная ў 1844, у 1861 г. складалася з 2218 кнігаў.

У шляхоцкіх сядзібах былі прыватныя бібліятэкі. Ігнат Дамейка сваю бібліятэку перад адходам у аддзел Хлапоўскага ў 1831 годзе схаваў на гарышчы дома. Вельмі вялікая бібліятэка была ў маёнтку Заполле ў Гелены (Алены) Квяткоўскай-Шукевіч, зусім магчыма, там былі і схаваныя кнігі Дамейкі. Большасць прыватных кніжных збораў загінула ў 1939 годзе, іх разрабавалі і знішчылі, у прыватнасці, бібліятэка Квяткоўскай пайшла ў вялікі касцёр.

Развіццё бібліятэчнай сістэмы горада Ліды

Першае паведамленне пра гарадскую бібліятэку-чытальню было ў 1897 годзе. Яна была адкрыта пры чайной, згодна рашэнню "Лидского уездного комитета попечительства и народной трезвости от 12 января 1897 года". ("Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1971, № 2, с. 14.). Фонд бібліятэкі быў невялікі.

У 1902 годзе была адчынена бібліятэка ў Жаночай навучальні М. К. Навіцкай.

У 1904 годзе ў горадзе была ўжо асобная бібліятэка-чытальня.

У 1907 годзе адчынена прыватная бібліятэка.

У перыяд з 1920-га па 1939-ты год у Лідзе працавалі:

1. Бібліятэка супрацоўнікаў дзяржаўнай паліцыі Лідскага павету, вул. Міцкевіча, 33. Заснаваная ў 1926 годзе. 814 тамоў (1929).

2. Гарадская бібліятэка, вул. Сувальская,2. Заснаваная ў 1922 годзе. Узнікла як дар Рудольфа Бергмана - аптэкара, віца-прэзідэнта Народнай Рады Лідскай зямлі, гарадскога бургамістра.

"Па суседству з замкам размяшчаліся вялікія будынкі грамадскага прызначэння. Непадалёк ад развалінаў замка стаяў вялізны белы касцёл. Насупраць касцёла знаходзіўся гатэль - вялікі імпазантны будынак з прыгожымі зашклёнымі дзвярыма. На тым жа баку вуліцы, што і гатэль, знаходзілася гарадская біблія-тэка".(Ярмонт Е. "В тени замка Гедимина. Воспоминания детства", Лида, 1995 г., 176 с.). У 1938 г. яе фонд складалі 10 000 тамоў, і "яна была адной з лепшых агульнадаступных бібліятэк на заходнебеларускай зямлі. Сучаснікі адзначалі, што ў яе фондах былі навейшыя і лепшыя выданні сусветнай літаратуры, творы, вызначаныя высокімі ўзнагародамі, Нобелеўскімі прэміямі і інш. У фондзе мэтанакіравана быў выдзелены раздзел краязнаўчай літаратуры". (Ярмонт Е. "В тени замка Гедимина. Воспоминания детства", Лида, 1995 г., 176 с.)

3. Бібліятэка акруговага таварыства арганізацыі і сялянскіх гурткоў. Знайходзілася ў Цэнтральным таварыстве арганізацыі і сялянскіх гурткоў. 200 тамоў (1938).

4. Бібліятэка Польскай маці школьнай. Знаходзілася ў сядзібе ПМС. 2220 тамоў (1938).

5. Бібліятэка Польскага краязнаўчага таварыства. 89 тамоў (1938).

6. Бібліятэка прыватнай гарадской і жаночай гімназіі купецкага калегіюма ксяндзоў піяраў, вул. Сувальская, 68.

7. Бібліятэка "Вайсковай сям'і". Знаходзілася ў таварыстве "Вайсковая сям'я". 127 тамоў (1937).

8. Бібліятэка Таварыства скарбовых чыноўнікаў Рэчы Паспалітай. 144 тамы (1933).

9. Бібліятэка развіцця ўсходніх зямель. Перасоўная бібліятэка. 200 тамоў (1936).

10. Бібліятэка Таварыства вайсковых ведаў.

11. Бібліятэка Саюзу чыгуначных працаўнікоў Рэчы Паспалітай. Перасоўная бібліятэка. 493 тамы (1936).

12. Вайсковая бібліятэка 77 пяхотнага палка Ковенскіх стральцоў. Знаходзіцца пры кіраўніцтве акругі корпуса № 3 ў Горадні. Заснавана ў 1922 годзе. 7549 тамоў (1934). У афіцэрскай бібліятэцы знахо-дзіцца 3522 тамы, у падафіцэрскай (сяржанцкай) - 1413 тамоў, у жаўнерскай (салдацкай) - 2614 тамоў.

13. Цэнтрал перасоўных бібліятэк Лідскага павету. Павятовы аддзел, Ліда; школьны інспектарат у Лідзе. Заснаваны ў 1928 годзе. 2398 тамоў (1935). 34 перасоўныя камплекты.

Хатнія кнігазборы:

1. Ганны Эйхгарновай, чыноўніка. 140 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.

2. Антонія Катаньскага, чыноўніка, вул. 11 лістапада,3. 140 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.

3. Эдварда Казлоўскага, чыноўніка. 240 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.

4. Юзэфы Міхнеўскай, настаўніцы. 100 тамоў (1939). Страчана падчас баявых дзеянняў.

5. Алойзы Мараўца, вайскоўца. 750 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.

6. Яўгеніі Мастоўскай. 400 тамоў (1939). Страчана ў 1939 г. і ў 1944 г. (у Варшаве).

7. Уладзіміра Нагорнага-Мартыноўскага, тэхніка, вул. Гражыны, 13. 60 тамоў (1939). Тэхнічны збор, страчаны ў выніку баявых дзеянняў немцаў 23.06.1941 г.

8. Юліяна Парнеўскага, чыноўніка. 180 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.

9. Антонія Сьпевака, чыноўніка. 50 тамоў (1939). Страчана падчас 2-й Сусветнай вайны.

10. Браніславы Тураковай, настаўніцы. 100 тамоў (1939). Педагагічны збор, страчаны ў выніку баявых дзеянняў і нямецкага рабаўніцтва 22.06.1941 г. і 9.07.1944 г.

Акрамя кніг лідскія бібліятэкі камплектаваліся і перыядычнымі выданнямі. "У Лідзе, як і ў многіх гарадах і мястэчках Заходняй Беларусіі ў 20-30 гадах, актыўна і плённа працавалі краязнаўчыя таварыствы. У горадзе не існавала буйных навуковых устаноў, асветніцкіх ці культурных цэнтраў, аднак жылі тут людзі, якія ведалі і шанавалі гісторыю краю, продкаў, імкнуліся зберагчы кожную адметнасць мінулага і сучаснага ладу жыцця і такім быў бурга-містар Юзаф Задурскі, дапамога якога спрыяла здзяйсненню важных краязнаўчых праектаў. Раскрываліся гэтыя каштоўнасці для лідзян у часопісе "Лідская зямля" (Ziemia Lidzka), які выходзіў штомесячна на польскай мове пад рэдакцыяй вядомага краязнаўцы Уладзіслава Абрамовіча з 1935 года. У часопісе "Лідская зямля" былі апублікаваны дзесяткі арыгінальных, цікавых артыкулаў па гісторыі Ліды і яе наваколля, аб асаблівасцях укладу мясцовага жыцця, народных звычаях, эканамічным стане і г.д.".

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года пайшоў новы адлік у гісторыі бібліятэк горада Ліды.

14 сакавіка 1940 года вечарам у гарадской бібліятэцы была праведзена сустрэча работнікаў і чытачоў бібліятэкі з беларускімі паэтамі: Я. Купалам, П. Глебка, В. Таўлаем, Н. Тарас і А. Іверсам.

На гэтай сустрэчы Янка Купала падарыў бібліятэцы сваю кнігу "Над ракой Арэсай" 1937 года выдання. Гэта была першая беларуская кніжка ў гарадской бібліятэцы. Дагэтуль у бібліятэцы меліся толькі польскія і яўрэйскія кнігі. У адказ бібліятэкары падарылі Я. Купалу зборнік вершаў Марылі Канапніцкай "Паэзія" на польскай мове. Пазней паэт паклапаціўся аб папаўненні бібліятэчнага фонду кнігамі беларускіх і рускіх савецкіх пісьменнікаў.У траўні гарадская бібліятэка атрымала 4000 асоб. кніг ад сталічных бібліятэк. Праз некаторы час паступіла яшчэ 3000 асобнікаў кніг з маскоўскіх бібліятэк.

З 1 чэрвеня 1940 года ў бібліятэцы пачалася выдача кніг на рускай мове, а на 10 чэрвеня 1940 года на абанеменце ўжо чытала 800 чалавек. У сярэднім абанемент і чытальную залу бібліятэкі наведвала 250 чалавек у дзень. У гэтым годзе таксама паступіла 3000 асобнікаў кніг з маскоўскіх бібліятэк.

20 чэрвеня 1940 года пры гарадской бібліятэцы адкрылася дзіцячая бібліятэка з кніжным фондам у 1000 асобнікаў кніг на беларускай, рускай, польскай мовах і іўрыце.

Кнігі гарадская і дзіцячая бібліятэкі пачалі выдаваць чытачам бясплатна. Цяга да ведаў шырокіх мас насельніцтва ўплывала на працу бібліятэк. Кожны дзень бібліятэку наведвала ўсё больш і больш чытачоў. Гарадская бібліятэка сярод усіх бібліятэк была галоўнай і стала цэнтрам і месцам цікавых сустрэч, гутарак, вечароў.

У лістападзе гэтага года была адкрыта бібліятэка на фабрыцы "Ардаль". Ажывілася бібліятэчнае жыццё ў горадзе, але не надоўга. Трагічным для гарадскіх бібліятэк сталі гады Вялікай Айчыннай вайны.

"У чэрвені 1941 года, пасля нападу немцаў на Савецкі Саюз, у нашым горадзе ўзнавіліся ваенныя дзеянні, - піша сведка Яўгенія Ярмант у кнізе "У цяні замка Гедыміна". У выніку нямецкага бамбавання запальнымі бомбамі цэнтра Ліды горад ахапілі пажары, і ён быў практычна разбураны. Агонь распаўсюдж-ваўся з велізарнай хуткасцю... на наступны дзень пасля пажару мы з дзядзем накіраваліся на агляд горада. Дзякуючы гэтаму я стала адным з першых непасрэдных сведкаў гістарычнага пералому ў жыцці Ліды. Яе культурна-гандлёвы цэнтр перастаў існаваць, і разам з ім даваенная Ліда знікла назаўсёды. Ні адзін будынак не ўцалеў на ўчастку паміж касцёламі, і як з чараў знікла бібліятэка, куды я часта заглядвала...". Згарэў увесь кніжны фонд Лідскай гарадской бібліятэкі. За годы вайны перасталі існаваць практычна ўсе даваенныя бібліятэкі Ліды.

Гарадская бібліятэка аднавіла сваю работу ў 1944 годзе. Было сабрана 685 асоб. кніг, і на кастрычнік-лістапад гэтага года налічвалася 320 чытачоў. Адбылося ўрачыстае адкрыццё гарадской бібліятэкі для шырокіх працоўных мас.

Вялікімі намаганнямі работнікаў бібліятэкі прыведзены ў парадак кніжны фонд. Выданні пачалі паступаць з розных куткоў Беларусі і сталічных бібліятэк. У канцы 1944 года ў бібліятэцы працавала два бібліятэкары, абавязкі дырэктара выконвала Жыгланава Таццяна Мікалаеўна, вельмі чулы чалавек. За гады яе кіравання была не толькі адноўлена даваенная дзейнасць бібліятэкі, але і значна пашырана.

5 жніўня 1945 года Саўнаркам БССР і ЦК КП(б)Б прынялі пастанову "Аб увекавечанні памяці на-роднага паэта Беларусі Янкі Купалы". У адным з пунктаў запісана: "Прысвоіць імя Янкі Купалы гарадской бібліятэцы горада Ліды".

16 верасня 1946 года ў Лідзе праходзіла ўрачыстае свята, прысвечанае прысваенню гарадской бібліятэцы - імя Янкі Купалы. На святкаванне прыбылі беларускія паэты - Пятро Глебка, Валянцін Таўлай, іншыя пісьменнікі, літаратары рэспублікі, жонка Я. Купалы - Уладзіслава Францаўна Луцэвіч.

П. Глебка і В. Таўлай прачыталі свае вершы, прысвечаныя памяці Я. Купалы, а П. Глебка прачы-таў яшчэ сваю паэму "Пра вясну і рэвалюцыю". Крытык В. Агілевіч зрабіў даклад "Янка Купала - народны паэт Беларусі".

28 чэрвеня 1947 года ў дзень пятай гадавіны з дня смерці Я. Купалы, у гарадской бібліятэцы ад-крыўся памятны пакой, прысвечаны Янку Купалу. Там была арганізавана фотавыстава і кніжная выстава на тэму "Аб жыцці і творчасці Янкі Купалы" з фотаздымкамі і малюнкамі даваеннай Ліды.

Аляксандр Каспяровіч, жыхар горада Ліды, мясцовы краязнавец і мастак, зрабіў альбом "Янка Ку-пала - наш дэпутат". Пазней у 1956 годзе ён выехаў у Польшчу. У альбоме былі выразкі з газет, часопісаў, фотаздымкі, дзе ішла гаворка пра дзейнасць Янкі Купалы як дэпутата па Лідскай-Слабадской акрузе.

У перыяд з 1946 года па 1948 год гарадскую бібліятэку ўзначальвала Новік Эва Львоўна, педагог па адукацыі.

Са жніўня 1948 года па 1963 год бібліятэкай кіравала Зялінская Людміла Захараўна, якая добра ведала сваю справу, была адукаваным бібліятэчным работнікам і кіраўніком.

Доўга заставалася нявырашанай праблема памяшкання бібліятэкі. Не было кнігасховішча. Чытальная зала была зусім малая. На працягу дзесяці пасляваенных год бібліятэка пераязджала то ў памяшканне Дома піянераў, то ў памяшканне станцыі хуткай дапамогі, то ў памяшканне вайсковага ведамства.

У 1955 годзе ў Лідзе адчыніўся новы тыповы кінатэатр "Кастрычнік", і будынак былога кінатэатра "Эра" па вул. Савецкая, 16 аддалі гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы. Так і быў зроблены апошні пераезд бібліятэкі, якая па сённяшні час знаходзіцца ў гэтым памяшканні. На першым паверсе размяшчалася дзіцячая бібліятэка, на другім - гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы. (У 1993 годзе дзіцячая бібліятэка атрымала памяшканне ў новым гарадскім Доме культуры).

Пасля завяршэння пераезду загадчыца бібліятэкі Людміла Зялінская запрасіла ў Ліду на ўваходзіны Ўладзіславу Францаўну Луцэвіч. І 29 чэрвеня 1956 года ў гарадскім Доме культуры адбыўся літаратурны вечар памяці Янкі Купалы. На вечары прысутнічалі Міхась Калачынскі, Анатоль Астрэйка, Раман Сабалеўскі. Жонка Я. Купалы - У. Ф. Луцэвіч падарыла бібліятэцы партрэт Янкі Купалы, нама-ляваны алеем мастаком В. Волкавым і альбом "Бела-рускі народны арнамент" з дароўным надпісам і сваім аўтографам. Таксама было падаравана некалькі тамоў выбраных твораў Янкі Купалы.

Беларускія пісьменнікі чыталі вершы Я. Купалы, абменьваліся ўспамінамі.

У 1963 годзе ЦБ (цэнтральная бібліятэка) імя Я.Купалы узнагароджана Дыпломам Упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкаму "Лепшая бібліятэка Гарадзенскай вобласці".

З 1963 па 1964 гады бібліятэку узначальвала Дземяншчонак (Жданава) Валянціна Дарафееўна.

З 1964 па 1979 гады загадчыцай бібліятэкі была Шумская Галіна Пятроўна, сапраўдны спецыяліст сваёй справы, дабразычлівы і сціплы чалавек. На перыяд яе кіраўніцтва на высокім прафесійным узроўні аказвалася метадычная і практычная дапамога ўсім бібліятэкам горада, зроблены капітальны рамонт бібліятэкі.

У перыяд 60-80-х гадоў перад бібліятэкай імя Я. Купалы і другімі бібліятэкамі горада, стаяла задача па максімальнаму прыбліжэнню кнігі да рабочага месца працоўных.

На прадпрыемствах, арганізацыях, установах, гарадской бібліятэкай было адчынена 18 перасовак-бібліятэк і 1 пункт выдачы, якімі было абслужана 1453 чала-векі. Ім выдавалася каля 30 тыс. экз. кніг штогод.

За высокія паказчыкі работы і актыў-ную прапаганду літаратуры ў 1968 годзе ЦБ імя Я. Купалы было прысвоена званне "Бібліятэка выдатнай працы" і яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Гарадзенскага аблвыканкаму.

Адметным для бібліятэчнай справы ў г. Ліда стаў 1979 год Чатыры гарадскія і дзіцячая бібліятэкі аб'ядналіся ў адзіную цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Бібліятэка імя Я. Купалы ператварылася ў цэнтральную гарадскую бібліятэку і набыла функцыі метадычнага цэнтра горада. За 1978 - 1979 гады былі адкрыты бібліятэкі: у р-не пас. Маладзёжны па вул. Фурманава - Філіял № 3, у р-не Раслякоў па вул. Міцкевіча, 38 у інтэрнаце з-да Лідсельмаш - Філіял № 2.

Да цэнтралізацыі бібліятэк, працавала дзве гарадскіх і адна дзіцячая бібліятэкі: бібліятэка імя Я. Купалы па вул. Савецкая, 16 - як цэнтральная бібліятэка, а бібліятэка па вул. Чапаева, 9 - бібліятэка № 1. Бібліятэка № 1, у час капітальнага рамонту, у 1982 годзе была перанесена ў памяшканне па вул. Катлярэўскага, 18, дзе засталася да цяперашняга часу як Філіял № 1. У памяшканні па вул. Чапаева, 9 у 1986 годзе адкрылася новая Бібліятэка-філіял № 4.

Дырэктарам першай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ў перыяд з 1979 па 1980 гады была Лоўкіс Ірына Іванаўна.

З 1980 да 1985 года бібліятэку ўзначальвала Бялецкая Валянціна Мікалаеўна, якая шмат сіл і ўмення аддавала папулярызацыі дзейнасці бібліятэк горада, набыццю неабходных выданняў і абсталя-вання для бібліятэк ГЦБС.

1982 год азнаменаваўся 100-годзем з дня нараджэння Я.Купалы. Гарадская бібліятэка правяла значную работу да гэтай даты. Былі праведзены цыклы мерапрыемстваў прысвечаных юбілею, вялася перапіска з літаратурным музеем Я. Купалы ў Менску. Музей выслаў бібліятэцы фотаматэрыялы і копіі дакументаў. На аснове гэтых матэрыялаў быў аформлены стэнд аб жыцці і творчасці Я. Купалы і кніжная выстава на тэму "Янка Купала - народны паэт". Быў падрыхтаваны і праведзены тэматычны вечар да юбілею Я. Купалы.

А ў 1982 годзе 15 прафсаюзных бібліятэк аб'ядналіся ў адзіную прафсаюзную цэнтралізаваную біблі-ятэчную сістэму. Бібліятэка будтрэста № 19 набыла функцыі метадычнага цэнтра. Але праз 10 год, у 1992 годзе, прафсаюзная ЦБС перастала дзейнічаць. Засталося 12 прафсаюзных бібліятэк, якія працуюць на прадпрыемствах пад кіраўніцтвам прафсаюзаў.

1985 год быў годам святкавання 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Бібліятэкі ГЦБС правялі вялікую работу насустрач памятнай даце. Рознымі формамі і метадамі бібліятэчнай работы шырока асвятлялася роля савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, яго вызваленчая місія ў Еўропе, поспехі работнікаў тылу.

Адметнай рысай ГЦБС было ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк, камплектаванне кніжных фондаў, каардынацыя работы з бібліятэкамі іншых сістэм і ведамстваў, работа па месцу жыхарства.

З 1985 па 1993 гады гарадскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму ўзначальвала Шамрэй Кацярына Антонаўна, якая стала пачынальнікам укаранення новых форм і метадаў работы ў бібліятэках. Пад яе кіраўніцтвам былі ўведзены новыя формы гаспадарання, платныя паслугі ў рабоце бібліятэк, была заключана дамова з аддзелам народнай асветы аб адкрыцці 2-х груп (класаў) ВВК (вучэбна вытворчы камбінат) па спецыяльнасці "Бібліятэкар масавай бібліятэкі". Шмат сіл, энергіі і ўмення яна аддавала папулярызацыі дзейнасці бібліятэк, правядзенню масавай работы. Бібліятэкі прымалі актыўны ўдзел у сацыяльна-культурным жыцці горада. Арганізоў-ваюцца аматарскія аб'яднанні і клубы па інтарэсах, літаратурныя чацвяргі, творчыя сустрэчы, круглыя сталы. Пры ЦБ імя Я. Купалы арганізаваўся і пачаў працаваць клуб аматараў кветкаводства, садаводства і агародніцтва, які працуе больш 14 гадоў. Старшынёй гэтага аматарскага аб'яднання нязменна да сённяшняга дня з'яўляецца Шамрэй К. А.

У 1987 годзе Бібліятэка імя Я.Купалы ўзнагароджана Міністэрствам культуры БССР і Беларускім рэспубліканскім камітэтам прафсаюзаў работнікаў культуры "Ганаровай граматай" па выніках рэспуб-ліканскага конкурсу прапаганды і распаўсюджвання літаратуры "Навукова-тэхнічную кнігу кожнаму рабочаму і спецыялісту". Гэтыя гады для бібліятэкі - гэта перыяд дальнейшага станаўлення бібліятэкі як асяродка нацыянальнай культуры і метадычнага цэнтра. Шмат увагі ўдзялялася краязнаўчай рабоце. Пашыраецца сетка бібліятэк ГЦБС. У 1991 годзе адкрылася Бібліятэка-філіял № 5 па вул. Прытыцкага, 16, у мінулым Чэхаўская сельская бібліятэка, перададзена гораду і ўвайшла ў склад ГЦБС.

Асноўнымі кірункамі дзейнасці ЦБ імя Я. Купалы ў 90-я гады былі: аператыўнае і якаснае забеспячэнне інфармацыйных патрабаванняў грамадства, садзейнічанне яго духоўнаму, культурнаму, сацыяльнаму і экалагічнаму развіццю, зберажэнне гістарычнай і культурнай спадчыны.

Папулярызацыя лепшых твораў літаратуры, мастацтва, культуры па ранейшаму з'яўляецца галоўнай задачай бібліятэкі. Станоўчую ролю ў стымуляванні работы бібліятэк па адраджэнні нацыянальнай спадчыны адыгрывае штогодні рэс-публіканскі конкурс "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры", а з 2000 года рэспубліканскі конкурс "Бібліятэка - інфармацыйны цэнтр".

З 1993 года па цяперашні час Лідскую гарадскую ЦБС і ЦБ імя Я. Купалы ўзначальвае Окунь Галіна Аляксандраўна, здольны, творчы, патрабавальны кіраўнік.

У сваёй рабоце бібліятэкі імкнуцца знайсці цікавыя формы прапаганды кнігі, каб прывабіць чытачоў да бібліятэкі і чытання. Найбольш дзейсныя з іх літаратурна-музычныя вечары, экалагічныя інфарміны, літаратурныя круізы, круглыя сталы, віктарыны, дні інфармацыі і інш.

Сёння ЦБ імя Я.Купалы займае значнае месца ў горадзе. Галоўным кірункам яе дзейнасці з'яўляецца: задавальненне інфармацыйных запытаў чытачоў, якасна новы ўзровень бібліятэчнага абслугоўвання, адраджэнне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры. Цяпер ЦБ імя Я.Купалы - скарбніца нацыянальнай культуры і гістарычнай спадчыны Лідчыны.

Універсальныя кніжныя фонды прызначаны забяспечыць асноўныя правы грамадзян на інфар-мацыю. Імі карыстаецца каля 20% жыхароў горада і раёна. Бібліятэкі ГЦСБ з'яўляюцца інфармацыйна-адукацыйнымі і культурна-асветніцкімі цэнтрамі. Сваю дзейнасць бібліятэкі ажыццяўляюць у комплексе з дзяржаўнымі ўстановамі і гарадскімі арганізацыямі. Вядуць работу па праграмме "Спадчына", займаюцца зборам і папулярызацыяй краязнаўчага матэрыялу.

З года ў год павялічваюцца фонды бібліятэкі, расце колькасць чытачоў.


Дынаміка росту кніжнага фонду і колькасці чытачоў бібліятэкі імя Я. Купалы

Гады194019501970198019902000
Кніжныя фонды100001930033936546605615063391
Колькасць чытачоў80015403520563052505550

На сёння ў горадзе Ліда бібліятэчныя паслугі аказваюць 52 бібліятэкі розных сістэм і ведамстваў, 9 бібліятэк Міністэрства культуры РБ, 12 прафсаюзных бібліятэк, 19 школьных і іншых бібліятэк дзіцячых устаноў, 6 бібліятэк сярэдніх спецыяльных устаноў і ПТВ, 2 тэхнічныя, 3 бібліятэкі вайсковых частак і бібліятэка Польскага дома (польская).


Пералік бібліятэк горада Ліда па стану на 1.01.2002 года.

Усяго ў горадзе:

І. Бібліятэкі Міністэрства культуры - 9:

1. Цэнтральная бібліятэка імя Я.Купалы,

вул. Савецкая, 16.

Кн. фонд - 63391 экз.

Заснавана ў 1939 годзе.

2. Дзіцячая бібліятэка,

вул. Я. Купалы, 1.

Кн. фонд -- 36632 экз.

Заснавана у 1940 годзе.

3. Бібліятэка - філіял № 1,

вул. Катлярэўскага, 18.

Кн. фонд - 25149 экз.

Заснавана - у 1975 годзе.

4. Бібліятэка - філіял № 2,

вул. Міцкевіча, 38, кор.1.

Кн. фонд - 31497 экз.

Заснавана у 1978 годзе.

5. Бібліятэка - філіял № 3,

вул. Фамічова, 6.

Кн. фонд - 35900 экз.

Заснавана у 1978 годзе.

6. Бібліятэка -- філіял № 4,

вул. Чапаева, 9.

Кн. фонд 25000 экз.

Заснавана у 1986 годзе.

7. Бібліятэка - філіял № 5,

вул. Прытыцкага, 12.

Кн. фонд - 16700 экз.

Заснавана ў 1991 годзе.

8. Цэнтральная раённая бібліятэка,

вул. Фурманава, 17.

Кн. фонд - 54700 экз.

Заснавана ў 1945 годзе.

9. Раённая дзіцячая бібліятэка,

вул. Кірава, 27.

Кн. фонд - 19400 экз.

Заснавана ў 1959 годзе

ІІ. Бібліятэкі прадпрыемстваў:

1. Бібліятэка народнага прадпрыемства

"Абутковая фабрыка",

вул. Перамогі, 52.

Кн. фонд - 20000 экз.

Заснавана ў 1940 годзе.

2. Бібліятэка А. Т. "Лакафарба",

вул. Ігнатава, 71.

Кн. фонд - 17500 экз.

Заснавана ў 1971 годзе.

3. Бібліятэка Завода электравырабаў,

вул. Фабрычная, 4.

Кн. фонд - 22000 экз.

Заснавана ў 1963 годзе.

4. Бібліятэка А. Т. "Лідсельмаш",

вул. Савецкая. 70.

Кн. фонд 11060 экз.

Заснавана ў 1954 годзе.

5.Бібліятэка Будаўнічага трэста № 19,

вул. Перамогі, 16.

Кн. фонд - 8000 экз.

Заснавана ў 1966 годзе.

6.Бібліятэка А. Т. "Оптык",

вул. Машэрава, 10.

Кн. фонд. - 10000 экз.

Заснавана ў 1971 годзе.

7. Бібліятэка Дзярж. аўтапрадпрыемства - 3,

вул. Качана, 9.

Кн. фонд - 7000 экз.

Заснавана ў 1968 годзе.

8. Бібліятэка Дзярж. аўтапрадпрыемства - 2,

вул. Транспартная, 10.

Кн. фонд - 10000 экз.

Заснавана ў 1969 годзе.

9. Бібліятэка мясакамбіната,

вул. Талстога, 16.

Кн. фонд - 15000 экз.

Заснавана ў 1976 г.

10. Бібліятэка ААТ "Лідахарчканцэнтраты",

вул. Таўлая, 11.

Кн. фонд - 9000.

Заснавана ў 1976 г.

11. Бібліятэка Лідскага малочнага камбіната,

вул. Энгельса. 10.

Кн. фонд - 10000 экз.

Заснавана ў 1960 г.

12. Бібліятэка Лінейнай тэхнічнай станцыі "Ліда",

вул. Варшаўская, 4.

Кн. фонд - 16000 экз.

Заснавана ў 1956 г.

Тэхнічныя біб-кі прадпрыемстваў - 2:

1. Бібліятэка ААТ "Лакафарба",

вул. Ігнатава, 71.

Кн. фонд - 13000 экз.

Заснавана ў 1965 годзе.

2. Бібліятэка Будтрэста № 19,

вул. Перамогі, 16.

Кн. фонд -- 2500 экз.

Заснавана - 1966 г.

Бібліятэкі іншых ведамстваў - 4:

1. Бібліятэка Дома польскага,

вул. Кірава, 29.

Кн. фонд - 10000 экз.

Заснавана - 1988 г.

2. Бібліятэка вайсковай часткі

(Паўднёвы гарадок).

Кн. фонд - 30000 экз.

3. Бібліятэка вайсковай часткі памежнікаў,

вул. Крупскай.

Кн. фонд -- 4000 экз.

Заснавана - 1996 г.

4. Бібліятэка Вайсковага шпіталя,

вул. А. Неўскага.

Кн. фонд - 5000 экз.

Бібліятэкі сярэдніх спецыяльных устаноў - 6:

1. Бібліятэка індустрыяльнага тэхнікума,

вул. Савецкая, 18.

Кн. фонд - 35000 экз.

Заснавана - 1950 г.

2. Бібліятэка ПТВ № 136 прыборабудавання,

вул. Варшаўская, 41.

Кн. фонд - 35000 экз.

Заснавана ў 1978 г.

3. Бібліятэка педагагічнага каледжа,

вул. Кірава, 20.

Кн. фонд - 45000 экз.

Заснавана ў 1982 г.

4. Бібліятэка музычнай навучальні,

вул. Савецкая, 3.

Кн. фонд - 60000 экз.

Заснавана ў 1970 г.

5. Бібліятэка ПТВ № 235 прыборабудавання,

вул. Булата, 15.

Кн. фонд - 18000 экз.

Заснавана ў 1988 г.

6. Бібліятэка ПТВ № 196 міліяратыўнага будаўніцтва,

вул. Фамічова 2 в.

Кн. фонд - 32000 экз.

Заснавана ў 1977 г.

Школьныя бібліятэкі і бібліятэкі дзіцячых устаноў - 19:

1. СШ № 1, вул. Кірава, 18.

Кн. фонд - 20000 экз.

Заснавана ў 1922 г.

2. СШ № 2, вул. Ламаносава, 27.

Кн. фонд - 15000 экз.

Заснавана ў 1944 г.

3. СШ № 3, вул. Ленінская, 15.

Кн. фонд - 20000 экз.

Заснавана ў 1902 г.

4. СШ № 4, вул. Міцкевіча, 22.

Кн. фонд. - 22000 экз.

Заснавана ў 1977 г.

5. СШ № 5 вул. Свярдлова, 118-120.

Кн. фонд - 25000 экз.

Заснавана ў 1948 г.

6. СШ № 5, вул. Куйбышава, 31.

Кн. фонд - 17800 экз.

Заснавана ў 1966 г.

7. Гімназія № 1, вул Суворава, 18.

Кн. фонд - 26000 экз.

Заснавана ў 1980 г.

8. СШ № 8, вул. Ігнатава, 34.

Кн. фонд - 20000 экз.

Заснавана ў 1967 г.

9. СШ № 9, вул. Малахава, 40.

Кн. фонд - 18000 экз.

Заснавана ў 1962 г.

10. СШ № 10, вул. Марозава, 17.

Кн. фонд - 15000 экз.

11. СШ № 11, вул. Інтэрнацыянальная. 11.

Кн. фонд - 24000 экз.

12. СШ № 12, вул. Пралыгіна, 5.

Кн. фонд - 19000 экз.

Заснавана - 1982 г.

13. СШ № 13, вул. Будаўнікоў, 6.

Кн. фонд - 18000 экз.

Заснавана ў 1986 г.

14. СШ № 14, вул. Варшаўская, 33.

Кн. фонд - 16000 экз.

Заснавана ў 1983 г.

15. СШ № 15, вул Тухачэўскага, 69.

Кн. фонд - 16300 экз.

Заснавана ў 1989 г.

16. СШ № 16, вул. Машэрава, 15.

Кн. фонд - 10000 экз.

Заснавана - 1991 г.

17. СШ № 17, вул. Рыбіноўскага, 76.

Кн. фонд - 9500 экз.

Заснавана ў 1993 г.

18. Бібліятэка Дзіцячай музычнай школы,

вул. Савецкая, 10.

Кн. фонд - 22000 экз.

Заснавана ў 1950 г.

19. Бібліятэка дзіцячага дома,

вул. Куйбышава 9а.

Кн. фонд - 7500 экз.

Заснавана ў 1996 г.


Улік уласных бібліятэк не вядзецца.

Ацэначна:

жыхароў, якія маюць ад 100 - да 3000 экз. кніг--больш 1000;

жыхароў, якія маюць ад 5000 да 10000 экз. кніг - 15 чалавек.

Бібліятэкамі і бібліятэчнымі паслугамі карыстаецца больш за 60 тыс.чытачоў, або 59% насельніцтва. Ад агульнай лічбы чытачоў доля чытачоў у дзяржаўных бібліятэках складае 18 %, прафсаюзных 15 %, школьных 27 % і г. д.

У склад чытачоў бібліятэк горада ўваходзяць усе сацыяльныя, прафесійныя і ўзроставыя группы насельніцтва.

Праца Лідскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

Сёння ў структуры ГЦБ знаходзяцца аддзелы: бібліятэчнага маркетынгу, камплектавання і апра-цоўкі літаратуры, абслугоўвання інфармацыі чытачоў, дзіцячы аддзел.

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу

Аддзел займаецца вывучэннем запытаў насельніцтва горада ў бібліятэчных і бібліятэчна-інфармацыйных паслугах, павышэннем кваліфікацыі бібліятэчных кадраў ГЦБ, горада, наладжваннем сувязяў з грамадскасцю, падтрыманнем іміджу бібліятэк шляхам рэкламы, распаўсюджваннем цікавага бібліятэчнага досведу, укараненнем у практыку бібліятэк сістэмы новых форм работы з чытачамі.

Функцыі аддзела шматгранныя - гэта арганізацыйна-метадычная і кансультацыйная работа, рэкламная і даследчая дзейнасць, практычныя парады і кансультацыі, багаты сцэнарны матэрыял па розных кірунках масавай работы.

Супрацоўнікі аддзелу бібліятэчнага маркетынгу вядуць аматарскае аб'яднанне "аматараў кветка-водства, садаводства і агародніцтва", сябрам якой можа стаць любы карыстальнік бібліятэкі.

Аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду

Аддзел праводзіць работу па набыццю перыядычных і неперыядычных выданняў для бібліятэк цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, займаецца апрацоўкай, дакументальным афармленнем выдан-няў, што паступаюць і выбываюць, вывучэннем выкарыстання кніг і перыёдыкі.

Супрацоўнікі аддзелу займаюцца пераразмеркаваннем фонду аддзелу сістэмы, вядуць работу па захаванні кніжнага фонду бібліятэк сістэмы.

Кніжны фонд бібліятэк сістэмы складае звыш 236,5 тыс. адзінак выданняў. Асноўнымі крыніцамі камп-лектавання з'яўляюцц ОРП "Гроднакніга", кніжныя крамы горада і раённы вузел сувязі.

Супрацоўнікі аддзела аказваюць метадычную і практычную дапамогу бібліятэкам-філіялам у вядзенні ўліковай дакументацыі, ачыстцы фондаў ад зношанай і састарэлай па зместу літаратуры, праводзяць праверкі фондаў бібліятэк.

Дзіцячы аддзел

Цэнтрам дзіцячага чытання, арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў з'яўляецца дзіцячы аддзел. У рабоце з дзецьмі шмат увагі надаецца актыўным гульнявым формам масавай работы. Клубы па інтарэсах, круглыя сталы, віктарыны, гульні, экскурсіі, інфарміны ў дзіцячым аддзеле даюць магчымасць выявіць і развіць прыродныя задаткі і творчы патэнцыял асобы дзіцяці. Дзейнасць Дзіцячага адзела накіравана на духоўнае, эстэтычнае, маральнае выхаванне школьнікаў. Бібліятэка працуе па праграме экалагічнага выхавання на тэму "Прыродзе - наш клопат".

Дасканалы даведачна-інфармацыйны апарат аддзелу дае магчымасць авалодаць бібліятэчна-бібліяграфічнымі ведамі чытачам розных узроставых катэгорый.


Аддзел абслугоўвання і інфармацыі

Супрацоўнікі аддзелу займаюцца абслугоўваннем чытачоў у чытальнай зале і на абанеменце. Усяго бібліятэчны фонд ГЦСБ налічвае 236,5 тыс. экз. дакументаў, у тым ліку ЦБ імя Я. Купалы 63,5 тыс. экз. дакументаў.

Паслугамі аддзелу абслугоўвання ЦБ імя Я. Купалы штогод карыстаецца больш 5000 тыс. наведвальнікаў. Вядучае месца ў фондзе займаюць выданні гуманітарнага профілю, прадстаўлена вучэбная і мастацкая літаратура на любы густ. Чытачы маюць магчымасць пазнаёміцца з новымі выданнямі па эканоміцы, паліталогіі, этыцы, філасофіі і іншых навуках. Асаблівую цікавасць уяўляюць поўныя зборы твораў класікаў і сучаснікаў. У фондзе шырока прадстаўлены творы беларускіх пісьменнікаў і шэдэўры народнай творчасці.

Перыядычныя выданні аддзелу налічваюць 65 назваў газет і часопісаў па розных галінах народнай гаспадаркі. Гэта выданні на беларускай і рускай мовах. У бібліятэцы імя Я. Купалы захоўваюцца нумары "Лідскай газеты" - з канца 50-х гадоў.

Увесь фонд аддзелу рэкламуецца праз традыцыйныя і новыя формы масавай работы з чытачамі.

З улікам спецыфікі складу чытачоў у чытальнай зале створаны інфармацыйны цэнтр, дзе чытачы могуць атрымаць інфармацыю аб усіх службах горада і кірунках работы.

Дакладна складзеная, добра адрэдагаваная сістэма каталогаў і картатэк аддзелу дае магчымасць максімальна хутка задаволіць запыты чытачоў, атрымаць дакладную і поўную інфармацыю.

Сваю дзейнасць бібліятэка каардынуе з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, творчымі устано-вамі. У бібліятэках ГЦБС за год праводзіцца больш за 400 мерапрыемстваў, якія раскрываюць перад жыхарамі г. Ліда змест бібліятэчных фондаў, інфар-муюць іх аб значных актуальных падзеях грамадскага жыцця, юбілейных датах, садзейнічаюць адраджэнню і захаванню нацыянальных культур, зберажэнню гістарычна-культурнай спадчыны.

Традыцыйным стала правядзенне прэзентацый кніг лідскіх паэтаў з удзелам аўтараў; круглых сталоў па актуальных тэмах; дзён інфармацыі і тэматычных інфармацыйных пытанняў: тыдзень пісьменства і друку, тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. На працягу тыдня ў бібліятэках праводзяцца навукова-практыч-ныя канферэнцыі, дні краязнаўства, бібліяграфіі, мастацтва, экалогіі, адкрытыя прагляды літаратуры, гутаркі, віктарыны, конкурсы.

Шматлікія мерапрыемствы праводзяцца і да юбілеяў пісьменнікаў, паэтаў, дзеячоў навукі, куль-туры і мастацтва.

Сваёй працай бібліятэкі пастаянна адклікаюцца на грамадскія падзеі нашага жыцця, на ўсе палі-тычныя даты: Дзень Канстытуцыі РБ, Дзень Рэспублікі, дзень барацьбы са СНІДам і інш. Гэтым датам прысвячаліся такія мерапрыемствы: "Канстытуцыя - асноўны закон насельніцтва", "Мець пачэсны пасад між народамі", "Саюз дзвюх дзяржаў", "Вайна - і боль, і памяць, і ўрокі", "Баліць дзецям - павінна балець усім".

Для кожнага з нас актуальнай праблемай з'яўляецца прафілактыка СНІДу. ЦБ і бібліятэкі ГЦБС, як цэнтры інфармацыі і арганізацыі вольнага часу, імкнуцца ўсімі сродкамі і метадамі прапаганды літаратуры ахапіць гэтыя пытанні. Для моладзі і вучняў школ горада праводзяцца цыклы мерапры-емстваў па такіх назвах: "Крок у бездань", "Чума ХХ стагоддзя: СНІД, наркаманія, алкагалізм", "Зберажы сябе для жыцця" і інш.

Штогод у гадавых планах прысутнічае рубрыка "Зямлянам - чыстую планету", дзе плануецца, а на працягу года праводзіцца работа экалагічнай тэматыкі. Дзіцячы аддзел працуе па праграме экалагічнага выхавання на 2000-2002 гады.

Сёння многа ўвагі бібліятэкі удзяляюць тэме міласэрнасці, прывабліваюць сацыяльна-неабароненыя пласты насельніцтва. Дабрачынны чытацкі фармуляр ужо некалькі год дзейнічае для інвалідаў, састарэлых і старэйшых чытачоў бібліятэк. Для гэтай катэгорыі людзей праводзіцца шмат мерапрыемстваў: іх віншуюць са святам, запрашаюць на мерапрыемствы, носяць кнігі на дом, ствараюць аматарскія аб'яднанні і клубы па інтарэсах. А бібліятэка-філіял № 2 на працягу 2-х гадоў працуе па праграмме "Душу вылечыць дабро", на базе гэтай бібліятэкі працуе клуб "Залаты ўзрост".

Добрай традыцыяй у нашых бібліятэках стала адзначаць выхад у свет кніг мясцовых паэтаў, празаікаў. Былі праведзены прэзентацыі кніг такіх паэтаў як: Л. Вінніка, М. Мельніка, П. Макарэвіча, У. Васько, А. Стадуба, В. Бачарова.

Найбольш актыўнай формай масавай работы з'яўляюцца аматарскія аб'яднанні і клубы па інтарэ-сах. Пры бібліятэках ГЦБС працуе 9 аматарскіх аб'яднанняў: з іх 6 дарослых і 3 для дзяцей. Гэта клубы: "Аматараў кветкаводства, садаводства і агародніцтва" - ЦБ, "Гаспадынька" - Ф № 1, "Залаты ўзрост" - Ф № 2, "Беларусачка" - Ф № 3, "Кантакт" - Ф № 4, "Сустрэчы" - дзіцячы аддзел.

Формы работы клубаў самыя розныя і ўсе мерапрыемствы праводзяцца ў атмасферы ўтульнасці і цеплыні.

З 1988 года да цяперашняга часу на базе ЦБ працуе ВВК (вучэбна-вытворчы камбінат) па спецы-яльнасці "бібліятэкар". Заняткі вядуцца 2 разы ў тыдзень. Па выніках 2-х гадовага навучання выда-ецца пасведчанне. За гэтыя гады было выпушчана больш 10 групп, або больш 200 чалавек.

Доказам запатрабаванасці бібліятэкі грамадствам з'яўляюцца стабільныя паказчыкі колькасці чытачоў. Пра гэта сведчыць табліца кантрольных паказчыкаў з 1991-2000 гады.

ГадыКолькасць чытачоўКолькасць выданняў
ЦБГЦБСЦБГЦБС
199153581535391016293443
199253371561093992297360
199353651628893445302146
199453941628192384311567
199552911624593960287707
199653081630192280286375
199753161674892063288164
199852941707693065297283
199953511716392220284700
200055501757294966299279

Бібліятэка актыўна супрацоўнічае са сродкамі масавай інфармацыі з мясцовым і абласным радыё, "Лідскай газетай", газетай "Принёманские вести", "Лідскім летапісцам" і інш.

З 1992 года ў мэтах больш якаснага абслугоўвання чытачоў уведзены платныя паслугі: выдача выданняў з чытальнай залы і кніг павышанага попыту з абанементу, ксеракалькаванне, правядзенне платных семінараў і інш.

ЦБ імя Я.Купалы - сучасная інфармацыйная установа, якая стварае сваю бібліяграфічную пра-дукцыю. На сёння выдадзены: рэкамендацыйныя спісы літаратуры на тэмы "Прырода Лідчыны", "Славутыя землякі - Нарбуты Лідскія" памятка чытачам "Бібліятэцы імя Я. Купалы - 60 год", мета-дычныя рэкамендацыі да Дня пісьменства і друку. Выдадзены ўлёткі з досведу работы клубаў па інтарэсах і аматарскіх аб'яднанняў на тэму "Аматарскія аб'яднанні і клубы па інтарэсах - адна з форм работы масавай бібліятэкі" і "Парады агароднікам" і інш.

На працягу гадоў у бібліятэцы працавалі і працуюць кваліфікаваныя, эрудаваныя, улюбёныя ў сваю справу людзі.

Калектыў бібліятэкі імя Янкі Купалы, які зараз налічвае 16 чалавек, падтрымлівае традыцыі мінулага і робіць усё магчымае, каб бібліятэка заставалася не толькі неабходнай чытачам, але і незаменнай.

Гісторыя бібліятэкі непарыўна звязана з лёсам горада, яго жыхарамі, і галоўнае багацце бібліятэкі - гэта людзі. Дзякуючы ім бібліятэка дасягнула сённяшніх здабыткаў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX