Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Кнігі некаторых цэркваў Лідчыны XVIII ст. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 11-09-2018,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Кнігі цэркваў Лідчыны ў XVIII ст. // Лідскі Летапісец. 2017. № 3(79). С. 17-19.



Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Паколькі набажэнства немагчыма без кніг - збіранне і захоўванне кнігазбораў з'яўлялася адным з асноўных абавязкаў святара. Царкоўныя кнігазборы на тэрыторыі беларускіх земляў XVІІІ - пачатку XІX стст., асабліва ў сельскай мясцовасці, часта былі адзінымі на ўсю парафію. Імі маглі карыстацца: святар, яго сям'я і царкоўныя служкі. Кнігазбор перш за ўсё складалі літургічныя кнігі, якія захоўваліся пры царкве, у тым ліку сапраўдныя помнікі гісторыі - напрыклад Мажэйкаўскае рукапіснае Евангелле. Частка з іх магла з'яўляцца непасрэднай уласнасцю святара, купленай на яго сродкі.

Царкоўныя кнігазборы не з'яўляліся бібліятэкамі ў сучасным разуменні гэтага слова. Доступ да іх пабочных карыстальнікаў быў закрыты. У поўным сэнсе бібліятэкамі можна назваць кнігазборы пры цэрквах, якія мелі парафіяльныя школы для выхавання і адукацыі святарскіх дзяцей, як напрыклад школа ў Зблянах.

Чытанне кніг «для сябе», паспрыяла таму, што ў святароў і іх дзяцей з'явілася патрэба ў кнігах, якія наўпрост не былі звязаныя з іх прафесійнай дзейнасцю і не выкарыстоўваліся ў набажэнствах. Гэтыя выданні, хаця і належалі да рэлігійнай тэматыкі, але насілі прыкметы папулярнага стылю: жыціі святых, гісторыя Старога і Новага Запавету, гістарычны катэхізіс, цытаты і вытрымкі з Бібліі, з прац антычных філосафаў і айцоў царквы. Царкоўныя ўлады раілі святарам як мага часцей чытаць.

Паводле пастаноў Замойскага сабору 1720 г., кожны парах павінен быў мець пры сабе яшчэ і своеасаблівы кодэкс паводзін святара - складзенае мітрапалітам Львом Кішкам «Собрание припадковъ краткое и духовнымъ особомъ потребное» (выдадзена ў 1722 г. у м. Супрасль). На самай справе такой кнігай валодаў далёка не кожны святар.

Лідскі ўніяцкі дэканат 1784 г., колькасць цэркваў - 15, колькасць кніг: - 81, у тым ліку «Собрание припадковъ...» - 0. Сярэдняя колькасць кніг на царкву - 5,4, што ў сярэднім ніжэй, чым у суседніх дэканатах, напрыклад, у Кобрынскім - 12,9 кнігі на царкву, у Слоніскім - 7,2.

Найбольш добра былі забяспечаны кнігамі цэрквы ў заходняй частцы беларускіх земляў на тэрыторыях, якія былі бліжэй да Супрасльскай друкарні. Але, ў актаў візітах падаваліся звесткі толькі аб царкоўных кнігах, а ўласныя кнігазборы святароў не фіксаваліся. Аб тым, што яны меліся ў даволі значнай колькасці, сведчыць частая ў візітах другой паловы XVІІІ ст. прыпіска: «Астатнія кнігі належаць самому параху». Свае асабістыя кнігі святары перадавалі з пакалення ў пакаленне. Па гэтых кнігах вучыліся чытаць святарскія дзеці. Чыстыя аркушы і фарзацы выкарыстоўваліся ў якасці нататнікаў. Кнігазборы папаўняліся не толькі за кошт выданняў сваіх, уніяцкіх, друкарняў. Святарскія бібліятэкі таксама ўтрымлівалі літургічныя кнігі іншых хрысціянскіх канфесій. Бібліятэкі пры цэрквах складалі пераважна выданні, якія непасрэдна служылі для адпраўлення набажэнстваў: службоўнікі, трэбнікі, актоіхі, трыодзі, мінеі і г.д. Невялікі працэнт складалі кнігі, якія насілі характар дапаможнікаў і даведнікаў: ужо згаданае «Собрание припадковъ...», зборнікі казанняў, гебдамадары (царкоўныя календары), кнігі па гісторыі царквы, жыціі святых. Апошнія два віды кніг насілі прыкметы папулярнага стылю і прызначаліся для пашырэння кругагляду святароў, для чытання ў вольны час. Пераважную большасць царкоўных кнігазбораў складалі кнігі на царкоўнаславянскай мове [1].

Падчас візітацыі Лідскага дэканата 1792 г. Адрыян Тапор-Бутрымовіч, суфраган полацкі ўсім лідскім святарам загадвае: «Настойліва раім, каб (святар) чытаў і выкарыстоўваў Пункты альбо Епіскапскія Распараджэнні і (кнігу) "Прыпадкі", неабходныя як мясцоваму святару для выканання сваіх абавязкаў і паклікання, так і яго парафіянам. Сам жа, як дагэтуль у значна паважным узросце, прыкладна жывучы, каб і надалей колькі яму здароўе і жыццё дазволіць захоўваў рэгулярнасць у набажэнствах, пільнасць і дбайнасць у парафіі, чуласць у абыходжанні з даверанымі яму душамі, а таксама прыкладнасць, неабходную духоўнаму сану, моцна загадваем і гэтым рэфармацыйным дэкрэтам замацоўваем і даём распараджэнне».

1. Царква ў Лідзе

Візітацыя Лідскай царквы. З Пратакола Візітацыі, якая адбылася ў 1681 г. [2]

Евангелле старое рукапіснае без вокладкі, Служэбнік, Трэбнік, Трыадзей - дзве, Апостал, Ахтоіх, Паўустаў, Псалтыр рукапісны, Мінея - друкаваная на цэлы год.

Візіта Лідскага дэканата ў 1732 г., 6 лістапада, пасля пажару [3].

Службоўнік Віленскага друку ін-фоліо.

Візіта царквы парафіяльнай Лідскай, 1792 г. [4]

Службоўнік ін-фоліо друку супрасльскага стары, Евангелічка польская, малая, Трэбнік, Святыя казанні ў нядзелю … святара Нароцкага, Метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і пахаванняў і Рэестр парафіі разам з Табелем люднасці [5].

2. Малое Мажэйкава

Расейскае войска з'явіліся ў ваколіцах Мажэйкава ўжо пасля захопу Вільні 8 жнiўня 1655 г., пра вялікую небяспеку мажэйкаўскага параха Варатынскага папярэдзіў манах-базыльянін Раман Рожыц, які сам уцякаў з разрабаванай і спаленай сталіцы ў Быценьскі манастыр, а потым - у Пінск, дзе раней служыў парахам. Базыльянін па дарозе заехаў у Маламажэйкаўскую плябанію і распавёў аб падзеях у краі. Ён раіў хаваць самую каштоўную царкоўную маёмасць у базыльянскіх манастырах. Не вядома, ці паслухаў Варатынскі манаха, але наступствам рабункаў ваенных стала поўнае згаленне царквы. Засталіся толькі некаторыя святарскія рызы ўніяцкага ўзору, тры срэбныя грубапазалочаныя чашы з прыборамі (па сведчанні дзячка Філона Варатынскага, адна з гэтых чаш была закладзена Фядосіем Варатынскім нейкаму Гладавіцкаму, бо святар меў патрэбу ў грашах, каб выплаціць падаткі для вядзення вайны ў памеры 10 коп літоўскіх грошаў), срэбны пазалочаны крыж і вельмі старажытнае рукапіснае Евангелле ў багатай вокладцы з пяццю срэбнымі абразкамі па краях. Дзячок пісаў, што іншыя набажэнцкія кнігі, раскіданыя па полі, ён падабраў непадалёку ад царквы пасля ад'езду казакоў, але яны ўсе былі сапсаваныя, напрыклад, Апостал не меў пачатку і канца, знайшліся толькі чатыры кнігі Міней і г.д.

Ніжэй прыводзіцца фрагмент дакумента Маламажэйкащсай царквы 1660 г., які быў складзены пры ўвядзенні ў кіраванне прыходам новага параха Гладкевіча.

«Книги звычайныя давныя, зеленая оправа потребуе новой … на которой таблице сребныхъ позлоцистых пять и кляузуров две и пуклевъ на др. стороне пять сребныхъ; потребныхъ псалтыровъ, четыя минеи, октай, которыя книги до церкви належатъ маютъ вечными часы».

Найкаштоўнейшае рукапіснае Евангелле захоўвалася ў царкве ажно да 1864 г. У акце візіты царквы ад 1784 г. гэтая кніга апісваецца так: «Евангелле напрастольнае рукапіснае, у аксаміт апраўленае, на якім таблічак пяць, срэбных, пазалачоных, з другога боку puklow [6] чатыры пазалочаных» [7]. Пра далейшы лёс гэтай беларускай сакральнай рэліквіі Леў Савіцкі ў 1873 г. пісаў: «Гэтае Евангелле ўзята ў 1864 г. 23 кастрычніка святаром Лідскай царквы К. для Археаграфічнай Камісіі ў Вільні, дзе зараз і знаходзіцца. Шануючы важнасць такога помніка старажытнасці, я прасіў у свой час пра вяртанне Евангелля ў Маламажэйкаўскую царкву, на што мне было сказана, што былы начальнік краю, граф Мураўёў, заўважыўшы старажытнасць Евангелля, абяцаў зрабіць срэбна-пазалочаны ківот для яго захоўвання на прастоле Маламажэйкаўскай царквы, для якой яно каштоўны помнік яшчэ і таму, што на адной са старонак яго ёсць запісы царкоўных надзелаў і іншыя нататкі пра царкву. Але і дагэтуль няма ні ківота, ні Евангелля» [8]. Л. Савіцкі не пажадаў наўпрост сказаць, хто пазбавіў нас гэтага Евангелля. Але для чалавека, які ведае гісторыю, зразумела, што «святар Лідскай царквы К.» - гэта тагачасны памочнік Лідскага дабрачыннага (які хутка сам стане дабрачынным) Іосіф Каяловіч (брат заснавальніка так званай «заходнерускай» плыні ў гістарычнай навуцы Міхаіла Каяловіча), святар, які ў той час яшчэ толькі пачынаў рабіць сваю кар'еру [9].

Візіта царквы, 1792 г. ... [10]

Кнігі. Евангелле напрастольнае, рукапіснае, апраўленае ў аксаміт, на якім таблічак 5 срэбных, пазалачоных, з другога боку 4 ножкі-падстаўкі пазалочаныя з крыжыкам і корпусам пазалочаным. Службоўнік ін-фоліо віленскага друку, стары, патрабуе рамонту, Мшалаў лацінскіх два, адзін ін-фоліо новы, 2-гі ін-октаво стары, Метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і пахаванняў, а таксама і рэестр парафіі разам з табліцай насельніцтва.

3. Вёска Дзікушкі [11]

З акту візітацыі 1792 г., якую рабіў Адрыян Тапор-Бутрымовіч, суфраган полацкі.

Службоўнік інфоліо віленскага друку, Евангелле рукапіснае, Актаіх стары, Евангелле польскае з навукамі, Трэбнік супральскі, Мшал лацінскі ў футляры, Метрыкі хростаў, шлюбаў і пахаванняў ці Рэгістр парафіі разам з Табелем люднасці.

4. Вёска Жыжма [12]

З акту візітацыі 1792 г., якую рабіў Адрыян Тапор-Бутрымовіч, суфраган полацкі.

Службоўнік віленскага друку, адрамантаваны, Службоўнік малы, Службоўнікаў - 2, з якіх адзін жалобны, Евангелічка польская, малая, Трэбнік стары, не ўжываны, Прамовы па нядзелях і святах св. Нароцкага, Метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і пахаванняў, таксама і спіс парафіян.

5. Вёска Збляны [13]

З акту візітацыі 1792 г., якую рабіў Адрыян Тапор-Бутрымовіч, суфраган полацкі.

Службоўнік інфоліо супрасльскага друку, ... стары. Службоўнік унёўскі інфоліо, друкаваны, sumplem proesenter parochi састаўлены. Трэбнік новы, супрасльскі. Евангелічак польскіх - 2. Метрыкі хростаў, шлюбаў і пахаванняў, 3 кнігі, а таксама Рэгістр парафіі з Табелем парафіян.

6. Вёска Нагародавічы

З акту візітацыі 1792 г., якую рабіў Адрыян Тапор-Бутрымовіч, суфраган полацкі [14].

Кнігі. Службоўнік ін-фоліо супрасльскі, другі Мшал малы, стары Трэбнік пашарпаны, стары, другі новы супрасльскага друку, набыты мясцовым парахам. Евангелічка польская, Евангелле з навукамі св. Каржанеўсага, Навукі кс. Нароцкага, Васьмігласнік [15] супрасльскага друку. Тэалогія маральная св. Карынчэўскага, Метрыкі хростаў, шлюбаў і пахаванняў у трох кнігах. Інвентар парафіян.

7. Мястэчка Орля.

З акту візітацыі 1792 г., якую рабіў Адрыян Тапор-Бутрымовіч, суфраган полацкі [16].

Службоўнік ін-фоліо, дужы, стары, выдадзены ў Уневе, другі малы ін-фоліо віленскі, Васьмігалоснік супральскі, Казанні кіеўскага выдання, Актоіх рукапісны, два супральскія Трэбнікі, рускае Евангелле ін-фоліо, Евангелле польскае Каржанеўскага. Метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і пахаванняў, а таксама і Рэестр парафіі разам з Табелем парафіі згарэлі разам з плябаніяй 3 кастрычніка 1791 г., і з гэтай прычыны а болей з-за хваробы святара-параха да гэтага часу ... не падлічаны людзі, ад чаго нават лідская камісія параха вызваліла, аб чым сведчыць копія ліста ад 11 студзеня 1792 г., напісанага ў Лідзе ... камісія дазволіла ... зрабіць у сваёй канцылярыі пасведчанне аб тым, што Метрыкі парафіянаў згарэлі, гэтае пасведчанне павінна на наступны дзень быць запісана на Сесііту.

8. Вёска Турэйск.

З акту візітацыі 1792 г., якую рабіў Адрыян Тапор-Бутрымовіч, суфраган полацкі [17].

Кнігі. У 1784 г. Службоўнік стары, выдадзены ва Уневе, ін-фоліо. ... старая, друкаваная Евангелічка польская, малая. Трэбнік стары. Метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і спіс парафіі [18].

У 1792 г. Службоўнік не новы, выдадзены ў Уневе ін-фоліо. ... Евангелічка польская. Трэбнік добры. Метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў.



[1] Лісейчыкаў Д.В. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839 гг. Мінск, 2011. С. 88-92.

[2] Архіў Жыровіцкай семінарыі. Архіў Лідскага дабрачыння. Ф. 1. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 117.

[3] РГИА. Ф. 823, Воп. 3., Спр. 518. Арк. 6.

[4] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г.

[5] У Візітацыі 1784 г. кнігі "Святыя казанні ў нядзелю …" яшчэ няма. Гл. ДГАЛ. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. ... Арк. 85 адв.

[6] Рuklia (падстаўка) - ножка на ніжняй дошцы абкладкі кнігі.

[7] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага дэканата. 1784 г. А. 45.

[8] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 306.

[9] Пра І. Каяловіча гл.: Протаіярэй Іосіф Каяловіч // Лідскі летапісец. 2009. № 1-2 (45-46). C. 23.

[10] НГАБ. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г.

[11] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. С. 15-18 адв.

[12] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. А. 37-40.

[13] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. А. 4.

[14] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. А. 1.

[15] Актоіх.

[16] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. А. 7-8 адв.

[17] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. А. 9-14.

[18] ДГАЛ. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага дэканата. 1784 г. А. 117 адв. - 119.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX