Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Краязнаўства ў Лідзе 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 07-02-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Краязнаўства ў Лідзе // Маладосць. 2020. № 4. С. 76-77.

Спампаваць




Першым лідскім краязнаўцам можна назваць бацьку беларускай гістарыяграфіі Тэадора Нарбута, які адмыслова цікавіўся гісторыяй Лідчыны і напісаў грунтоўныя тэксты па тэме.

Да першай генерацыі лідскіх краязнаўцаў можна аднесці маламажэйкаўскага святара Льва Савіцкага, які хоць і адносіўся да плыні заходнерусістаў, але напісаў вельмі цікавую гісторыю сваёй царквы [1].

Археолаг, этнограф, фалькларыст і лідскі краязнавец Вандалін Шукевіч нарадзіўся ў часы, калі яшчэ жыў Нарбут. Гэты чалавек шмат зрабіў не толькі ў галіне археалогіі Лідчыны і ўсяго краю, але займаўся і этнаграфіяй, быў знаным і паважаным грамадскім дзеячам. Праз яго злучыліся першая і другая плыні лідскіх краязнаўцаў.

Такім чынам, узлёт лідскага краязнаўства ў 1930-х гадах адбыўся не на пустым месцы.

Другая генерацыя лідскіх краязнаўцаў з'явілася на пачатку ХХ стагоддзя і дзейнічала да 1939 года. Сапраўднай вяршыняй іх дзейнасці было выданне гістарычна-краязнаўчай газеты «Лідская зямля» (Ziemia Lidzka), рэдактарам якой быў Уладзіслаў Абрамовіч. Самым знаным прадстаўніком другой генерацыі краязнаўцаў Лідчыны, канечне ж, з'яўляўся прафесійны гісторык, этнограф, член Таварыства беларускай школы, уладальнік унікальнага архіву па гісторыі Лідчыны Міхал Шымялевіч. Акрамя іх, буйнымі краязнаўцамі Лідчыны былі Аляксандр Снежка і Антон Гржымайла-Прыбытка.

На пачатку 1938 года Лідскаму краязнаўчаму асяродку прысвяціла артыкул віленская газета «Слова». Аўтар артыкула Мечыслаў Ліманоўскі [2] ставіў нашу газету «Лідская зямля» ў шэраг лепшых выданняў такога кшталту: «Ліда не з'яўляецца ўніверсітэцкім горадам, не мае навуковай і артыстычнай эліты. Таму цешымся, што каля фабрычных комінаў, фурчашчых у небе самалётаў і вулічнага тлуму ёсць асяродак, які выдае "Лідскую зямлю". Мы выдатна ведаем... які гэта цяжкі "цукар" - выдаць 13 нумароў у правінцыі. ...Калі думаеш пра вялікіх лідзян, успамінаеш Вандаліна Шукевіча і выкапаныя праз яго курганы, Тэадора Нарбута, каторы быў адным з заснавальнікаў нашай гістарыяграфіі, Юндзіла, у каторага на нагробку было напісана, што быў "гісторыі натуральнай у краі знаўца". ..."Лідская зямля" ўзнаўляе гісторыю, геаграфію, успаміны нашых паўстанцаў... Госці горада бачаць эканамічную актыўнасць жыхароў... Ліда зараз ёсць цэнтрам малога самастойнага арганізму... ...Зараз маем выданне, якое інфармуе пра тое, што робіцца на берагах Дзітвы і Лебяды і не лічыць чужым Шчучын. Маем выданне якое ёсць на варце святога агню» [3].

На пачатку жніўня 1939 г. «Кур'ер Віленскі» паведамляў: «Лідскі аддзел Краязнаўчага таварыства працуе. Краязнаўчае таварыства, выкарыстоўваючы жаданне нашых гасцей з розных частак краю адпачыць летам на нашай зямлі, пачало інтэнсіўную прапаганду краязнаўчай ідэі. Сябры таварыства чытаюць лекцыі ў месцах адпачынку, знаёмяць слухачоў з нашай прыгожай гісторыяй, з яе помнікамі, культурай і сучасным станам гаспадаркі» [4]. Тады ж краязнаўцы пачалі рыхтавацца да ўстаноўкі памятнай дошкі па Вандаліну Шукевічу ў Нацкім касцёле [5].

Лідскія краязнаўцы другой генерацыі, якія гуртаваліся вакол «Лідскай зямлі», зрабілі велізарны, неацэнны ўнёсак у справу пазнання гісторыі нашага краю. Як і ў кожнага чалавека, які піша, у іх павінна была застацца вялікая колькасць ненадрукаваных тэкстаў, тэкстаў у працы, шматлікіх архіваў. На жаль, усё гэта загінула.

Цяпер гісторыю родных мясцін вывучае трэцяя генерацыя лідскіх краязнаўцаў. Мостам паміж другой і трэцяй генерацыямі з'яўляліся выдатныя знаўцы нашай гісторыі, аўтары шэрагу грунтоўных тэкстаў, мой школьны настаўнік астраноміі Анатоль Кулеш і журналіст Аляксандр Жалкоўскі.

Галоўным дасягненнем трэцяй генерацыі з'яўляецца шматгадовае выданне часопіса «Лідскі летапісец». Часопіс выходзіць з 1997 года, выдадзена ўжо 85 нумароў, рэдактар - пісьменнік Станіслаў Суднік.

У 1990 годзе была адноўлена польскамоўная «Лідская зямля», рэдактар - Аляксандр Колышка. Выдадзена 96 нумароў, у апошні час выпуск часопіса прыпынены.

Галоўным месцам захавання і назапашвання ўсёй інфармацыі пра Лідчыну з'яўляецца лідскі сайт «Павет» (pawet.net, з 1999 года, рэдактар сайта - аўтар гэтага паведамлення).

За апошнія гады надрукавана шмат кніг па гісторыі Лідчыны. У 2019 годзе выдадзены зборнік усіх артыкулаў галоўнага прадстаўніка другой генерацыі лідскіх краязнаўцаў Міхала Шымялевіча [6]. Гэтая кніга будзе трывалым падмуркам для наступных даследчыкаў Лідчыны.

Усіх лідскіх краязнаўцаў аб'ядноўвае глыбокая павага на нашай гісторыі і агульныя, патрыятычныя погляды на яе. Нягледзячы на тое, што за два стагоддзі напісана шмат базавых тэкстаў, у мяне ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што вывучэнне гісторыі Лідчыны толькі пачынаецца.



[1] Артыкул а. Льва Савіцкага «Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь», надрукаванага ў № 33, 34, 36, 42 «Литовских Епархиальных Ведомостей» за 1873 год.

[2] Мечыслаў Ліманоўскі (Mieczyslaw Limanowski, 1876-1948). Прафесар Віленскага ўніверсітэта, геолаг, заснавальнік, рэжысёр і літаратурны кіраўнік тэатра «Рэдута».

[3] Słowo № 42(4966), 12 maja 1938.

[4] Kurjer Wilenski № 217(4893), 8 sierpnia 1939.

[5] Słowo № 220(5502), 12 sierpnia 1939.

[6] Шымялевіч М. Збор твораў / М. Шымялевіч ; уклад. Л. Лаўрэш. - Гродна : ТАА «ЮрСаПрынт», 2019. - 326 с.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX