Вярнуцца: Адукацыя, культура

У Лідскага музея - юбілей


Дадана: 19-10-2019,
Крыніца: Лідскі летапісец. 2019. №2(86). С. 15.



Музейная справа на Лідчыне мае цікавую гісторыю. Музей у г. Лідзе адкрываўся некалькі разоў.

28 траўня 1939 года ў горадзе адбылося адкрыццё музейнага цэнтра гарадскога аддзела Польскага краязнаўчага таварыства. Будынак быў асвечаны ксяндзом Іпалітам Баярунцам. Прэзідэнт Лідскага аддзела Юзаф Дзічканец прачытаў лекцыю аб задачах краязнаўчага таварыства, быў падпісаны акт адкрыцця цэнтра, які з'яўляўся асновай для будучага музея Лідчыны.

Другі раз музей быў адкрыты 22 студзеня 1941 года. Сведчыць пра гэтыя падзеі артыкул у газеце "Уперад". Пад час адкрыцця музей наведала каля 300 чалавек. Будынак размяшчаўся па вуліцы Ленінскай (дзе зараз месціцца магазін "Ласточка"). Па ўспамінах старажылаў каля ўвахода ў музей былі ўстаноўлены дзве бронзавыя пушкі. У час вайны будынак згарэў, экспанаты былі разрабаваны.

У трэці раз быў адкрыты музей 24 красавіка 1959 года. Пад музей быў выдзелены будынак былога піярскага касцёла па вуліцы Савецкай. Дырэктарам музея быў прызначаны былы партызан Яўген Шуціла. Першымі музейнымі экспанатамі сталі прадметы, перададзеныя ад рэдактара газеты "Уперад" Ю. Драгуна. Гэта 5 нумароў ваеннай газеты "Уперад", лістоўкі 1944 года. Аснову нумізматычнай калекцыі залажыў С. Шут, які падараваў музею свой ордэн Вялікай Айчыннай вайны 1 ступені. Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей перадаў калекцыю зброі, чучалы жывёл. Паступілі ў фонды прадметы з Ленінградскага артылерыйскага музея: ружжы, шашкі, кулямёт "Льюіса", "Максім". У музеі праводзіліся экскурсіі, піянерскія зборы, сустрэчы з вядомымі людзьмі Лідчыны. Да 1964 года музей быў размешчаны ў цэнтральнай частцы будынка, потым перавялі ў двухпавярховую прыбудову. У лістападзе 1964 года ў цэнтральнай частцы быў адкрыты планетарый. Першая пастаянная экспазіцыя музея - аддзел савецкага перыяду, у 1970 годзе адкрыта экспазіцыя аддзела прыроды.

Вялася вялікая навукова-даследчая і пошукавая праца. Сабраны матэрыялы аб лідскім падполлі, даследавана тэма грамадзянскай вайны, гісторыя прадпрыемстваў краю.

У 90-я гады музей быў пераведзены з культавага будынка ў былы Дом сямейных урачыстасцяў. Лідскі краязнаўчы музей і мастацкая галярэя "Лідзея" былі аб'яднаны ў адну ўстанову культуры - Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Доўгі час музейныя супрацоўнікі праводзілі мерапрыемствы па-за музеем. Быў арганізаваны цыкл мерапрыемстваў "Дзень музея ў школе", вулічныя вернісажы, выставы аднаго дня і прадмета. Распрацаваны і паспяхова працуе праект ў замку "Замак Гедыміна". Звязана было гэта з адсутнасцю экспазіцыйных плошчаў для наведвання. Амаль 10 гадоў у памяшканні вяліся рамонтныя работы.

У гэтыя гады вялася вялікая праца па даследаванні гісторыі краю, назбіраны матэрыялы па храналогіі Лідчыны.

8 кастрычніка 2008 года ў горадзе Лідзе быў адкрыты музей для наведвання. Пабудавана пастаянная экспазіцыя "Прырода Лічыны". Наведвальнікам былі прапанаваны зменныя выставы, якія пазнаёмілі з гісторыяй краю, лёсамі людзей, творчасцю мясцовых мастакоў.

24 красавіка 2009 года музей адзначыў свой юбілей - 50-годдзе з дня заснавання.

Музейны збор складае сёння каля 40 тысяч адзінак асноўнага фонда і больш за 5 тысяч навукова-дапаможнага. Складаецца з 25 музейных калекцый. Сярод іх выклікае цікавасць калекцыя археалогіі (налічвае больш за 18 тысяч адзінак). Яна сфарміравалася ў выніку раскопак старажытных стаянак на тэрыторыі Лідскага раёна. Калекцыя нумізматыкі фарміруецца з 1959 года. Змяшчае калекцыя 2 535 адзінак захоўвання: соліды, талеры, злотыя, грошы, капейкі, рублі, пфенінгі, якія характарызуюць грашовую сістэму краін Еўропы на працягу XV-XX ст. Асаблівую цікавасць уяўляе скарб выяўлены падчас будаўніцтва будынка цяперашняга музычнага вучылішча на месцы былога Кармеліцкага манастыра. Багатая і калекцыя прадметаў побыту. Яна ўключае ў сябе прадметы асабістага і хатняга ўжытку, рэчы інттэр'еру, посуд, цацкі і іншае. Сёння калектыў працуе над фарміраваннем калекцый і вядзе збор матэрыялаў неабходных ў асноўным для пабудовы пастаянных экспазіцый гісторыі і мастацтва.

У 2010 годзе ў музея з'явіўся літаратурны філіял "Домік Таўлая",

Створана пастаянная экспазіцыя мастацага аддзела "Сучаснае мастацтва краю". Яна распавядае аб творчасці сучасных мастакоў Лідчыны як ураджэнцаў, так і тых, чый творчы і жыццёвы шлях звязаны з нашым краем.

Вядзецца праца па стварэнні канцэпцыі будучай экспазіцыі гістарычных раздзелаў. Галоўная мэта будучай экспазіцыі стварэнне навукова-мастацкай мадэлі, якая б адлюстроўвала гістарычны працэс развіцця Лідчыны на прыкладзе асноўных тыпаў пасяленняў, адлюстраванне іх асаблівасцей, планіроўкі, іх быту і асноўных заняткаў.

Калектыў працуе над распрацоўкай нетрадыцыйных і інавацыйных форм работы з наведвальнікамі. Сярод іх цыклы разавых мерапрыемстваў, абрадавыя святы, канцэрты і прэзентацыі музычных альбомаў мясцовых выканаўцаў, літаратурна-музычныя вечарыны, пленэры для вучняў школ з мастацкім ўхілам. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца выставы з іншых музеяў, ладзяцца камерцыйныя выствы з ўдзелам калекцыянераў з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны.

Вялікую цікавасць выклікаюць выставы аднаго прадмета, аднаго дня, выставы адной карціны, вулічныя вернісажы. Калектыў музея пастаянна знаходзіцца ў пошуках новых форм работы ў музейнай прасторы.

Сайт музея.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX