Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Лідская павятовая вучэльня 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 16-08-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідская павятовая вучэльня // Маладосць 2017. № 07. С. 125–132.

Спампаваць




Пасля паўстання 1831 года ў нашым краі адбыліся моцныя змены ў сістэме адукацыі. Пасля закрыцця Віленскага універсітэта Лідскай павятовай вучэльняй, падрыхтоўчым класам і казённай прыходскай 2-х класнай вучэльняй у Шчучыне кіравала Віленская дырэкцыя вучэбнай акругі [1].

Указам ад 3 студзеня 1834 года была заснавана вучэльня для мяшчан у Лідзе [2] і зацверджаны штаты [3]. Але ўжо 22 лістапада 1835 года вучэльня была скасавана і ператворана ў «пяцікласную павятовую для шляхты вучэльню» [4]. Чаму гэта адбылося, становіцца зразумелым з рапарта міністра адукацыі Пратасава цару Мікалаю І «Аб рэвізіі... вучэбных устаноў Беларускай акругі». Міністр пісаў: «У Лідзе і Пружанах мяшчанскія вучэльні з дастаткова добрымі настаўнікамі, але маюць вельмі мала вучняў. ... Так званыя мяшчанскія вучэльні ў заходніх губернях павінны звярнуць на сябе асаблівую ўвагу начальства. У гэтых губернях сярод мяшчан вельмі мала хрысціян, гэты клас амаль што цалкам прадстаўлены яўрэямі, шляхта ж, нават самая дробная, чужаецца мяшчанскіх вучэльняў, лічачы, што колькасць вучэбных прадметаў надта абмежаваная, бо сярод іх няма сучасных моў. Таму вучэльні ў Кейданах, Лідзе, Пружанах застаюцца амаль што цалкам без вучняў, і яны бескарысныя ў гэтым краі. Таму я прапаную... пераўтварыць іх у пяцікласныя павятовыя вучэльні, якія ў заходнім краі завуцца шляхецкія, але ў якіх з даўніх часоў вучыліся мяшчане і нават яўрэі» [5]. З штату Лідскай пяцігадовай павятовай вучэльні бачна, што ў ёй працавала большая колькасць настаўнікаў і вывучалася французская і нямецкая мова [6]. Таму ў 1843 годзе ўказам Сената быў пацверджаны штат павятовых вучэльняў [7].

Ліквідацыя ўніі закранула і павятовую вучэльню. Выкладчык гісторыі і геаграфіі Нестар Асоўскі пры скасаванні уніяцкай царквы спрабаваў перайсці ў рыма-каталіцтва. 24 студзеня 1840 года губернскія ўлады даручылі лідскаму гараднічаму, каб ён «для вяртання настаўніка лідскай гарадской вучэльні Нестара Асоўскага з лацінства ў прыроднае праваслаўе, паступіў адпаведна цыркулярнага прадпісання ...» [8] . У сакавіку 1840 года настаўнік Асоўскі пісьмова засведчыў, што ён «вызнае прыродны праваслаўны абрад і ў Рымскае веравызнанне не пераходзіў» [9].

У нядзелю, 23 жніўня 1842 года, пажар знішчыў дах і купал касцёла піяраў, значна пашкодзіў жылыя будынкі і знішчыў усе драўляныя пабудовы, непашкоджанымі засталіся толькі рэчы, якія знаходзіліся ў сакрыстыі. Былы рэктар піярскага вучылішча Вайшвіла пісаў, што пажар адбыўся з-за таго, што прагарэла печ у лазні аднаго з лідскіх яўрэяў. Каб не плаціць штраф, яўрэі самі паціху пачалі тушыць пажар. Католікі горада якраз былі на службе ў касцёле піяраў і Фарным. Пасля службы яны, «склаўшы рукі, назіралі за тым, як гарыць лазня» . Аднак агонь хутка перакінуўся на дахі суседніх дамоў, а потым загарэліся лёхі з гарэлкай. Пажар хутка ахапіў горад, знішчыў піярскія будынкі і каля 80 яўрэйскіх і 40 хрысціянскіх дамоў [10]. Згарэла вялікая бібліятэка, якая ў 1830 годзе налічвала 1464 тамоў, а пасля пераносу ў 1841 годзе сюды кніг з калегіумаў Воранава і Вільні (які месціўся на Сніпішках) - 1787 тамоў.

Нягледзячы на намаганні рэктара Язафата Вайшвілы губернскія ўлады, каб апраўдаць набыццё разбураных будынкаў, не дазволілі пачаць рэканструкцыю. У 1843 годзе гродзенскі губернатар загадаў перадаць касцёл праваслаўнай царкве, прылеглае крыло кляштара - пад праваслаўную плябанію, а асноўную частку (усходняе крыло) - пад павятовую дваранскую вучэльню і жытло настаўнікаў [11].

Памятная кніга Віленскай губерні за 1845 год сведчыць: ганаровым наглядчыкам за павятовай дваранскай вучэльняй быў губернскі сакратар Аляксандр Ленскі, а штатным наглядчыкам (дырэктарам) - надворны саветнік Фелікс Падэрыя (узнагароджаны ганаровым знакам за 20 гадоў беззаганнай службы). Рэлігію ў вучэльні выкладаў праваслаўны святар Ігнат Нямшэвіч і ксёндз Клемент Лінкін, рускую мову - Канстантын Багданаў, лаціну - Карл Заблоцкі (надворны саветнік), матэматыку - Норберт Доўнар, гісторыю і геаграфію - Нестар Асоўскі (калежскі сакратар), нямецкую мову - Фрыдрых Гільберт (губернскі сакратар), французскую мову - Іван Масіні, маляванне і чыстапісанне - Іосіф Урбановіч, настаўнікам падрыхтоўчага класа быў Ануфры Сасно, штатным ўрачом - Рафал Садоўскі (тытулярны саветнік) [12]. Са спіса выкладчыкаў бачна, што лідская дваранская вучэльня мела дастаткова грунтоўную праграму і была сапраўдным спадкаемцам выдатнай сістэмы піярскай адукацыі. Менавіта ў тыя часы атрымоўваў адукацыю сын вялікага гісторыка Теадора Нарбута і лідар паўстання на Лідчыне 1863 года Людвік Нарбут. Ён пачаў вучыцца ў Лідскай павятовай вучэльні і, скончыўшы яе каля 1846 года, паступіў ў Віленскую гімназію [13].

У 1858 годзе Лідская дваранская пяцікласная вучэльня была рэфармавана ў трохкласную. 9 чэрвеня 1858 года цар Мікалай І паставіў рэзалюцыю на запісцы «Аб пераўтварэнні павятовых шляхецкіх вучэльняў Віленскай вучэбнай акругі», сярод іншага ў запісцы было напісана: «... Да 1850 г. шляхецкія вучэльні адпавядалі ... пяці ніжэйшым класам гімназіі. Са з'яўленнем у гімназічным курсе законазнаўства і прыродазнаўчых навук і спыненнем выкладання лацінскай мовы ў шляхецкіх вучэльнях ... страчана неабходная сувязь гэтых навучальных устаноў з гімназіямі ... самыя ж вучэбныя ўстановы страцілі мэту, для якой былі заснаваныя, а менавіта даць магчымасць сваім выхаванцам бесперашкодна пераходзіць у вышэйшыя класы гімназіі. Каб ... выйсці з такога тановішча ... трэба было змяніць курсы навук, зрабіўшы іх закончанымі і ... узгодненымі з курсамі гімназій. Каб выканаць гэта ... недастаткова сродкаў. Таму Папячыцель Віленскай вучэбнай акругі прапануе: ... 2) Замест існуючых ... 19 шляхецкіх павятовых вучэльняў заснаваць 7 гімназій ... і 12 трохкласных павятовых вучэльняў. [...] Закрыць шляхецкія вучэльні ў ... Лідзе ... замяніўшы іх трохкласнымі вучэльнямі з захаваннем назвы Шляхецкія, бо з-за значнай колькасці беднай шляхты ў краі вучыцца ў іх будзе ў асноўным шляхта, а жыхары ўжо звыкліся з гэтай назвай. [...] Заснаванне шляхецкіх павятовых вучэльняў у складзе 5 класаў, роўных ніжэйшым класам гімназіі, выклікана было значнай колькасцю вучняў у гэтым краі ... і той акалічнасцю, што пасля адабрання ў 1831 г. выхавання юнацтва з рук Рыма-каталіцкага духавенства ... урад меў на ўвазе адкрыццё ў краі ўстаноў, якія б суадносіліся з былымі вучэльнямі духавенства, якія па большай частцы адпавядалі гімназіі» [14]. Такім чынам, павятовая вучэльня да 1858 года давала адукацыю, якую ўмоўна можна было назваць няпоўнай сярэдняй. Пасля ж 1858 года павятовыя вучэльні перасталі ўпісвацца ў агульную сістэму адукацыі.

Спробы пераўтварыць былы касцёл піяраў у царкву былі адкладзеныя сама меней да 1855 года, у гэтым годзе быў складзены каштарыс, як аказалася, замалы, таму ў 1862 годзе быў прадстаўлены новы каштарыс на 4313 рублёў. У выніку перабудовы ў 1863 годзе было знесена ўсходняе, найвялікшае крыло будынка, дзе месцілася павятовая вучэльня [15], і ў жніўні 1863 года будынак былога касцёла быў асвечаны як праваслаўная царква [16].

З Памятнай кнігі Віленскай губерні за 1862 год відаць, што ў апошні год існавання ўжо трохкласнай вучэльні ў былых піярскіх мурах штатным наглядчыкам (дырэктарам) і выкладчыкам гісторыі геаграфіі быў Людвіг Ігнатовіч. Рэлігію выкладаў праваслаўны святар протаіерэй Іосіф Каяловіч і ксёндз Ян Свірскі, рускую мову - Фларыян Штарк, матэматыку - Нікіфар Голуб, маляванне і чыстапісанне - Восіп Урбановіч, настаўнікам падрыхтоўчага класа быў Сямён Рудзінскі, урачом вучэльні - Рафал Садоўскі [17]. У адрозненне ад пяцікласнай вучэльні, у трохкласнай не выкладаліся замежныя мовы, а агульны узровень адукацыі выпускнікоў вучэльні - знізіўся.

Рускі афіцэр Любарскі, які служыў у Лідзе перад паўстаннем, пісаў: «Рускія людзі ў цывільнай адміністрацыі краю сустракаліся вельмі рэдка, большай часткай толькі ў губернскіх гарадах, у павятовых рускі чалавек уяўляў сабой выключную з'яву. Прытым тутэйшы рускі службовы люд быў зусім адмысловага гатунку. Карэнных выхадцаў з Расіі заносіла сюды якая-небудзь выпадковасць, у большасці ж рускія службоўцы былі рускімі толькі па сваёй афіцыйнай прыналежнасці да праваслаўнай рэлігіі, але нарадзіліся ў краі ад змешаных шлюбаў і першыя ўражанні дзяцінства ўспрынялі ад маці ... . Такія назіранні я вынес з вельмі многіх гарадоў Паўночна-Заходняга Краю, куды мяне кідаў лёс. Усяго даўжэй мне прыйшлося пражыць з батальёнам нашага палка ў горадзе Лідзе, Віленскай губерні. Тут у цывільнай адміністрацыі, пачынаючы з гараднічага, усе былі тутэйшыя. Праўда, знайшоўся адзіны рускі, наглядчык павятовай вучэльні, званы па польскай тэрміналогіі «панам прэфектам», ды і той быў горкі п'яніца [18]. Гэта быў карэнны русак, але ў маральных адносінах зусім безасабовы. Відаць, яго схавалі ў гэтую глухмень за п'янства. Да сваёй вучэльні ён амаль не меў дачынення, і ... настаўнікі выкладалі так, як хацелі, без усякага кантролю; балазе ў той час яшчэ не была ўсталявана, як зараз, сістэматычная рэвізія выкладання з боку акруговых начальнікаў. У «присутственных» месцах паперы пісаліся па-руску з перакручанай граматыкай, але ў паветры канцылярый не насілася ніводнага рускага слова» [19].

Удзельнік паўстання 1863 года і выпускнік Лідскай павятовай вучэльні Мірон Браніслаў Нарбут так апісваў адносіны лідчан перад паўстаннем да справы адукацыі і выхавання сваіх дзяцей: «Выхаванне гарадской моладзі доўга было ў заняпадзе, абмяжоўвалася навучаннем сына ў гімназіі [20] альбо ў павятовай школе, а па заканчэнні гэтых устаноў адпраўлялі ў войска, ці чыноўнікам у якую-небудзь установу. Сыны больш заможных бацькоў пасля заканчэння школ асядалі пры бацьках альбо асобна і, навучыўшыся граць у прэферанс, гандляваць коньмі на ярмарках ці трохі паляваць, лічыліся сталымі людзьмі. Рэдкі лідзянін пасылаў сына ва ўніверсітэт. Толькі з 1855 года настаў больш шчаслівы час для набыцця адукацыі. Найперш засценкавая шляхта, а за ёй і ўсе астатнія гараджане пачалі выхоўваць сваіх дзяцей ва ўніверсітэтах і вышэйшых навучальных установах, а некаторыя вучылі нават на інжынераў і тэхнікаў. Дзяўчынкі ў большасці выхоўваліся дома пад наглядам матак альбо ў прыватных пансіёнах у Вільні, і па сутнасці іх выхаванне было заўжды больш практычнае, чым у мужчын, над якімі яны часта стаялі вышэй з пункту гледжання маралі і розуму. З 1860 года, калі ў цэлым Краі пачаў абуджацца інтэлектуальны рух, актыўна клапаціліся аб заснаванні народных школ і лідзяне, а духавенства пашырала таварыства цвярозасці з вельмі паспяховым вынікам, так што побыт лідзян значна палепшыўся, і ў 1862 годзе спаткаць п'янага лідзяніна было ўжо рэдкасцю» [21].

Параза паўстання 1863 года выклікала чарговы інтэлектуальны заняпад у нашым краі і справакавала далейшую ўніфікацыю сістэмы адукацыі. У 1864 годзе ў Лідзе яшчэ існуе трохкласная дваранская вучэльня [22], але ў «Памятнай кніжцы Віленскай вучэбнай акругі» за 1866 год у Лідзе ўжо фігуруе двухкласная павятовая вучэльня [23]. Вырак цара па справе «Скасаванне адных і пераўтварэнне іншых вучэбных устаноў Віленскай вучэбнай акругі» адбыўся 15 чэрвеня 1865 года і гэтым выракам чарговы раз быў паніжаны ўзровень адукацыі ў нашым горадзе [24].

Пасля забойства народавольцамі цара Аляксандра ІІ шмат дзе ў імперыі збіраліся грошы на імянныя стыпендыі для навучальных устаноў. 20 кастрычніка 1883 года была прынята пастанова «Аб заснаванні пры Лідскай павятовай вучэльні стыпендыі ў памяць дваццаціпяцігоддзя царствавання ... спачыўшага гасудара імператара Аляксандра ІІ»: «... жыхары Ліды і Лідскага павета сабралі, па добраахвотнай падпісцы, 400 руб., каб на працэнты з гэтага капіталу была заснавана стыпендыя ў памяць ... спачыўшага ... імператара Аляксандра ІІ» [25].

Мемуары лідчаніна Януша Сегеня ўказваюць, што ў другой палове ХІХ стагоддзя ў горадзе месцілася павятовая вучэльня: «Прыходская школа размяшчалася насупраць царквы ў доме пані Крахельскай. ... . Павятовая вучэльня была пры вуліцы Каменскай у доме пана Рудніцкага» [26].

З адрас-календара Віленскага генерал-губернатара на 1868 год мы даведваемся, што Ганаровым наглядчыкам павятовага вучылішча быў граф фон Гутэн-Чапскі. У вучылішчы працавалі наступныя выкладчыкі: штатны наглядчык (дырэктар) і выкладчык рускай мовы Пратасевіч Ілья Усцінавіч (скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, праваслаўнага веравызнання, на пасадзе з 1867 года, жалаванне - 750 рублёў і казённая кватэра); протаіерэй Каяловіч Іосіф Восіпавіч, настаўнік праваслаўнага веравызнання (скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, жалаванне - 225 рублёў); ксёндз Вікенці Раецкі, настаўнік каталіцкага веравызнання (скончыў Рыма-каталіцкую семінарыю, жалаванне - 190 рублёў); настаўнік матэматыкі Голуб Ніканор Данілавіч, калежскі сакратар (скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, жалаванне - 575 рублёў); настаўнік малявання і чыстапісання Пятроў Аляксей Пятровіч (скончыў Строганаўскую школу малявання, жалаванне - 510 рублёў) [27].

З вышэйсказанага відаць, што ў вучэльні выкладалася толькі руская мова, арыфметыка, маляванне і рэлігія - узровень адукацыі апусціўся да ўзроўню пачатковай школы.

У канцы 1860-х - пачатку 1870-х у Лідскай павятовай вучэльні пачаў сваю адукацыю будучы генерал ад інфантэрыі і міністр абароны БНР Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч [28]. У 1874-1876 гадах тут вучыўся таксама вядомы біёлаг Зыгмунт Макрэцкі [29].

Лепшы знаўца гісторыі Лідчыны ХХ стагоддзя, аўтар шэрагу выдатнейшых, не страціўшых сваёй навуковай каштоўнасці да нашага часу артыкулаў па гісторыі Лідчыны Міхал Шымялевіч каля 1890 года таксама скончыў Лідскую павятовую вучэльню [30]. Падчас яго вучобы выкладалі: штатны наглядчык (дырэктар), выкладчык матэматыкі і геаграфіі, надворны саветнік Сцяпан Сямёнавіч Свідэрскі, протаіерэй Каяловіч Іосіф Восіпавіч - настаўнік праваслаўнага веравызнання, ксёндз Іосіф Дэксніс - настаўнік каталіцкага веравызнання, настаўнік рускай мовы і гісторыі Уладзімір Паўлавіч Юзафовіч, настаўнік чыстапісання, чарчэння і малявання Мікалай Канстанцінавіч Кастанцінаў [31].

А вось што пісаў пра вучобу ў павятовай вучэльні 1890-х гадоў былы вучань гэтай установы і сябар Шымялевіча Караль Ёдка: «Ліда была ў тыя часы ціхім малым павятовым горадам, у якім не было аніводнай крамы з кніжкамі, паперу для пісьма можна было дастаць толькі ў некалькіх гандэлках, а фарбы для малявання толькі у аптэчнай краме Эпштэйна. Вучні ... набывалі неабходныя кніжкі ў самой школе. Зрэшты, падручнікі - якія-небудзь «Детский мир» ці «Родное слово» - нязменна ўжываліся на працягу некалькіх гадоў і служылі ажно да поўнага знішчэння некалькім генерацыям вучняў, пераходзячы ад старэйшага брата да малодшага ці да малодшага школьнага сябра. У кожным класе і службовым памяшканні на сцяне вісеў партрэт цара Аляксандра ІІІ і таблічка з надпісам «Говорить по-польски воспрещается» [32].

Караль Ёдка заўважаў, што мiнiмальнай адукацыяй для атрымання першага дзяржаўнага чыну - калежскага рэгiстратара была якраз двухкласная павятовая школа: «Хто меў пасведчанне аб заканчэннi такой школы, мог смела лiчыць, што носiць у ранцы маршальскую булаву» [33].

Аўтары цытаваных тут успамінаў Януш Сегень і Караль Ёдка, гісторык Міхал Шымялевіч і дзед маёй жонкі Юзаф Хруль былі аднакласнікамі-выпускнікамі Лідскай павятовай вучэльні, якія сябравалі і захоўвалі добрыя асабістыя стасункі на працягу ўсяго жыцця.

«Памятная кніжка Віленскай вучэбнай акругі» за 1896 год дае нам наступную інфармацыю пра вучэльню: на наём памяшкання з казны выдзяляецца 500 рублёў у год, на ўтрыманне настаўнікаў - 1925 рублёў 5 капеек у год. У 1895-1896 навучальным годзе тут вучыліся 63 вучні. У вучылішчы выкладалі: штатны наглядчык (дырэктар), выкладчык матэматыкі і геаграфіі, надворны саветнік Сцяпан Сямёнавіч Свідэрскі, на службе з 1870 года, на пасадзе - з 1884 года, узнагароджаны ордэнамі Анны і Станіслава 3-й ступені, жалаванне - 500 рублёў у год і кватэрныя грошы; протаіерэй Іосіф Восіпавіч Каяловіч, настаўнік праваслаўнага веравызнання, на службе з 1857 года, на пасадзе - з 1860 года, узнагароджаны ордэнамі Уладзіміра 4-й ступені, Анны 2-й і 3-й ступені, «наперстным крестом», медным медалём у памяць аб уціхамірванні польскага мяцяжу 1863-64 гг., камілаўкай, скуф'ёю і г. д., жалаванне - 150 рублёў, дадаткова 75 рублёў і пенсія 180 рублёў; ксёндз Казімір Станіоніс, настаўнік каталіцкага веравызнання, на службе і пасадзе з 1895 года, жалаванне - 150 рублёў; настаўнік рускай мовы і гісторыі, чыноўнік 12 класа (губернскі сакратар) Уладзімір Мікалаевіч Сірачынскі, скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, жалаванне - 350 рублёў і 40 рублёў кватэрных; настаўнік чыстапісання, чарчэння і малявання, чыноўнік 14 класа (калежскі рэгістратар) Якаў Прохаравіч Кашын, жалаванне - 300 рублёў і 40 рублёў кватэрных [34].

У пачатку ХХ стагоддзя вучэльня была рэарганізавана ў гарадскую чатырохкласную вучэльню. Прэса паведамляла, што Лідская «існуючая павятовая вучэльня ў 1900/1901 навучальным годзе, згодна з пастановай гарадскіх упаўнаважаных ад 30 верасня 1899 г., пераўтворыцца ў гарадскую вучэльню, ... за наём памяшкання выдаткоўваецца 1000 руб. у год» [35]. Новы будынак для вучэльні быў арандаваны на 6 гадоў у Мардуха Пупко [36]. Але падобна, што гарадская вучэльня пачала працаваць толькі з 1 ліпеня 1902 года [37].

Гарадскія вучэльні ў Расійскай імперыі існавалі на падставе Палажэння, зацверджанага 31 мая 1872 года. На думку заканадаўцы, гэтыя ўстановы павінны быць агульнаадукацыйныя, прызначаныя «для гарадскога насельніцтва, і пераважна для яго беднай часткі» . Іх мэта - даць закончаную агульную элементарную адукацыю і тыя веды, якія могуць быць найбольш карысныя ў практычным жыцці. У чатырохкласнай вучэльні навучанне працягвалася шэсць гадоў: курс першых двух класаў - 4 гады, а 3 і 4 класаў - 2 гады.

Рэарганізацыя павятовых вучэльняў ў гарадскія пачалася ў імперыі з другой паловы 1874 года, але рухалася павольна. Паводле справаздачы міністра народнай асветы за 1884 год, на працягу 10 гадоў з 402 павятовых вучэльняў, якія падлягалі пераўтварэнню ў гарадскія, былі ператвораныя толькі 184. У Беларусі такая рэарганізацыя практычна пачалася толькі з канца ХІХ стагоддзя і закончылася на пачатку ХХ стагоддзя. У гарадскія вучэльні прымалі дзяцей, старэйшых за 7 гадоў з усіх станаў грамадства. Гадавая плата хісталася ад 8 да 18 руб. Вучні, якія паспяхова закончылі курс першых чатырох гадоў, маглі без экзаменаў паступаць у першы клас гімназіі ці рэальнай вучэльні [38] і атрымаць сярэднюю адукацыю.

Двухпавярховы цагляны дом Мардуха Пупко, дзе месцілася гарадская вучэльня, стаяў на поўнач ад Лiдскага замка, у некалькіх дзясятках метраў ад яго. Фасадам будынак быў павернуты да дзвюх соснаў на паўночным схіле замка, тут жа быў і галоўны ўваход у вучэльню. Яшчэ калі павятовая вучэльня знаходзілася на вуліцы Каменскай, вучні часта прыходзілі менавіта сюды, да замка, як быццам акружанага аўрай легенд і паданняў. Міхал Шымялевіч успамінаў пра часы вучобы: «... на месцы ... сучаснага мураванага дома (па Гедзімінаўскім завулку ў Лідзе), у каторым знаходзіцца агульнаадукацыйнай школа № 5 [39] , стаяла старое драўлянае гумно - склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедзімінаўскі - вузкі, балоцісты і цёмны - усімі месцічамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай алеевай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: пра замкнутага у замкавай вежы невінаватага чалавека, пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць ў першага сустрэтага ёю лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы - набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў, ці яму перашкаджала паліцыя, пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеў і г.д. У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін апоўдні, а можа, уначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым невінаватых сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?» [40].

«Литовские Епархиальные Ведомости» ў 1901 годзе надрукавалі справаздачу аб ушанаванні 40-гадовай педагагічнай дзейнасці аднаго з старэйшых выкладчыкаў вучэльні протаіерэя Іосіфа Каяловіча [41]: «27 ... лютага ў цесным педагагічным кружку было ўладкавана сціплае, але вельмі сардэчнае ўшаноўванне найстарэйшага педагога ... вучэльні, законавучыцеля, протаіерэя І. Каяловіча ў сувязі з 40-годдзем ягонай педагагічнай дзейнасці. Пасля ўрокаў у актавай зале вучэльні на чале са штатным наглядчыкам Ф. Л. Навіцкім сабраліся ўсе навучэнцы хрысціянскіх вучэльняў г. Ліды. Збор ўшанавалі сваёй прысутнасцю спадарства участковы інспектар А. І. Ланачэўскі і прадвадзіцель дваранства І. Р. фон-Віт. Набажэнства спяваў хор вучэльні на чале з дасведчаным кіраўніком, настаўнікам І. М. Палу. Пасля набажэнства ад імя прысутных юбіляру быў паднесены абраз Выратавальніка. Падносячы гэты дарунак, штатны наглядчык Ф. Л. Навіцкі вітаў юбіляра прамовай. ... Расчулены выступам, а. Каяловіч падзякаваў за аказаны яму гонар і сказаў, што ... ён ад душы цешыцца значнаму павелічэнню колькасці навучэнцаў праваслаўнага спавядання ... (бо) быў час, калі ў гэтай школе даводзілася выкладаць слова Божае аднаму вучню» [42].

З 1899 года інспектарам (ці дырэктарам па-сучаснаму) і выкладчыкам старэйшых класаў у павятовай вучэльні быў прызначаны Фёдар Людвігавіч Навіцкі (закончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, на пасадзе з 3 лістапада 1899 года). Рэлігію выкладаў протаіерэй Іосіф Каяловіч і ксёндз-дэкан Сянкевіч (на пасадзе - з 26 студзеня 1894 года). Настаўнікі пачатковых класаў Фёдар Лявонцьевіч Даўгапол (на пасадзе з 1 ліпеня 1903 года) і Гаўрыіл Іванавіч Катлінскі (на пасадзе з 1 кастрычніка 1902 года), настаўнік гімнастыкі паручнік 172-га Лідскага пяхотнага палка Уладзімір Іванавіч Грэцкі (на пасадзе з 3 сакавіка 1900 года) [43].

Згодна з пастановай гарадскіх упаўнаважаных ад 31 студзеня 1906 года, на арэнду памяшкання для гарадской вучэльні выдаткоўваецца 800 рублёў. З 29 студзеня 1903 года гарадскія ўлады гатовы плаціць за меркаванае вывучэнне нямецкай мовы ў гарадской вучэльні 50 рублёў у год [44].

Вучыцца ў Лідскай гарадской вучэльні было складана, пра што ў 1907 годзе пісала «Наша Ніва»: «Ліда. Нам пішуць, што тут вельмі ціснуць вучняў гарадскога вучылішча. Інспектар несправядліва выгнаў вучня Б. За нейкае глупства настаўнікі калечаць усё жыццё маладому хлопцу» [45]. Інспектарам вучэльні ў гэты час працаваў Яўстафі Антонавіч Ганецкі [46].

З Памятнай кніжкі Віленскай губерні за 1914 год бачна, што Лідская гарадская чатырохкласная вучэльня была рэарганізавана ў Лідскую вышэйшую пачатковую вучэльню, якая таксама складалася з чатырох класаў з гадавым курсам навучання ў кожным. У Лідскай вышэйшай пачатковай вучэльні працавалі: «Інспектар - калежскі асэсар А. Ф. Дубкоў. Законавучыцелі: праваслаўнага веравызнання а. І. І. Каяловіч, рыма-каталіцкага - вакансія. Настаўнікі: В. В. Шыла, Д. Д. Матусевіч, Г. А. Грынцэвіч, Н. В. Сямёнаў, спеваў - І. І. Нядбайлік. Штатны ўрач Э. Ф. Рэнерт, дантыст М. В. Стукатар, настаўнік гімнастыкі падпаручнік Аляксееў» [47]. Хутка калежскага асэсара Дубкова на пасадзе інспектара змяніў тытулярны дарадца Павел Сцяпанавіч Труцько [48], які да гэтага выкладаў у другой Віленскай вышэйшай пачатковай вучэльні і ў прыватнай чатырохкласнай прагімназіі С. А. Кавалюка [49].

У адрозненне ад папярэдняга перыяду праграма вышэйшых пачатковых вучэльняў давала больш шырокую агульнаадукацыйную падрыхтоўку і была набліжана да сярэдняй адукацыі. Пачала выкладацца алгебра, геаметрыя, фізіка. Маляванне, чарчэнне, спевы і гімнастыка з прадметаў пазакласных заняткаў сталі класнымі.

Лідская вышэйшая пачатковая вучэльня праіснавала да 1915 года і перад уступленнем нямецкіх войскаў у горад была эвакуіравана на ўсход.



[1] Материалы для географии и статистики Росиии, собранные офицерами генерального штаба. Сост. П. Бобровский. - Часть II. - Санкт-Петербург, 1863. - С. 182-184.

[2] Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1825-1839. - Т. 2. Ч. 1. - С-Петербург, 1864. - С. 503.

[3] Гадавым штатам прадугледжваліся: штатны наглядчык (аклад 243 руб. у год), тры «настаўнікі навук» (194 руб. кожнаму), настаўнік польскай мовы (194 руб.), два настаўнікі рэлігіі (136 руб. кожнаму), на навучальныя дапаможнікі - 55 руб. у год, на ўзнагароды вучням - 14 руб., утрыманне школы і інш. - 243 руб. у год. - Гл.: Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1825-1839. - Т. 2. Ч. 1. Штаты и приложения. - С-Петербург, 1864. - С. 21.

[4] Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1825-1839. - Т. 2. Ч. 1. - С-Петербург, 1864. - С. 790.

[5] Дополнение к сборнику постановлений по Министерству народного просвещения, 1803-1864. - С-Петербург, 1867. - С. 488-489.

[6] Штаты павятовай пяцікласнай шляхецкай вучэльні ў 1839 г.: штатны наглядчык (аклад 500 руб. у год), два выкладчыка рэлігіі (150 руб. кожнаму), два старшыя настаўнікі: рускай і лацінскай моў (400 руб. кожнаму), тры малодшыя настаўнікі: матэматыкі, гісторыі і геаграфіі ў дапамогу старшым настаўнікам ў малодшых класах (300 руб. кожнаму), два настаўнікі французскай і нямецкай моў (240 руб. кожнаму), настаўнік малявання, чарчэння і чыстапісання (150 руб.), на навучальныя дапаможнікі - 80 руб., на ўзнагароды вучням - 20 руб., на утрыманне школы, служыцеляў і інш. - 250 руб. - Гл: Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1825-1839. - Т. 2. Ч. 1. Штаты и приложения. - С.-Петербург, 1864. - С. 56.

[7] Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1825-1855. - Т. 2. Ч. 2. Штаты и приложения. - С.-Петербург, 1864. - С. 25; 325.

[8] Лідскі гісторыка-мастацкі музей. - Ф. 2741. - Кніга загадаў Літоўскай духоўнай Кансісторыі лідскаму благачыннаму С. Брэну за 1840 г. - Загад ад 24 студзеня 1840 г.

[9] Тамсама. - Загад ад 8 сакавіка 1840 г.

[10] Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. - Warszawa, 1997. - S. 80.

[11] Kałamajska-Saeed Maria. Kościół p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. - T. 2., cz. III. - Kraków, 2008. - S. 143-144.

[12] Памятная книжка Виленской губернии на 1845 г. - Вильно, 1845. - С. 108-109.

[13] Karbowski W. Ludwik Narbutt. Życiorys wodza w powstaniu styczniowem na Litwie. - 1935. - S. 35-41.

[14] Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1855-1864. - Т. 3. Штаты и приложения. - С-Петербург, 1865. - С. 277-279, 281.

[15] Kałamajska-Saeed Maria. Kościół p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. - T. 2., cz. III. - Kraków, 2008. - S. 145.

[16] Литовские епархиальные ведомости. - 1863. - № 17. - С. 629-632.

[17] Памятная книжка Виленской губернии на 1862 г. - Вильно, 1862. - С. 61.

[18] Наглядчыкам трохкласнай павятовай дваранскай вучэльні ў Лідзе ў 1860 годзе быў надворны саветнік Аляксандр Аляксеевіч Шахаў (гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1860 г. - Вильно, 1860. - С. 39.), з 1861 года пасаду заняў калежскі асэсар Людвіг Людвігавіч Ігнатовіч. (гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. - Ч. 1. - Вильно, 1861. - С. 59.)

[19] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. - 1895. - Март. - С. 818.

[20] Бліжэйшай гімназіяй была Віленская.

[21] Narbutt M. Lida i Lidziane // Ziemia Lidzka. - 1997. - № 26-27.

[22] Памятная книжка Виленской губернии на 1864 г. - Вильно, 1864. - С. 66.

[23] Памятная книжка Виленской губернии на 1864 г. - Вильно, 1864. - С. 90-91.

[24] Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1865-1870. - Т. 4. - С.-Петербург, 1871. - С. 183.

[25] Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1881-1883. - Т. 8. - С.-Петербург, 1892. - С. 183, 1615-1616.

[26] Януш Сегень. Успаміны пра Ліду канца ХІХ ст. // Лідскі летапісец. - 2002.- № 4(20). - С. 26.

[27] Адрес-календарь Виленского генерал-губернаторства на 1868 год. - С.-Петербург, 1868. - С. 64-65.

[28] Jodko Karol. Psie lata. Pamiętnik lidzianina z przed 50 laty // Ziemia Lidzka. - 1937. - №10. - S. 113.

[29] Макрэцкі Зыгмунт Анастазы (Zygmunt Anastazy Mokrzecki) нарадзіўся 2 мая 1865 года ў маёнтку Дзітрыкі Белагрудскай воласці Лідскага павета. Выхоўваўся ў бабкі ў маёнтку Вінкаўцы пад Лідай. Вучыўся ў павятовай школе ў Лідзе (1874-1876) і ў рэальнай школе (гімназіі) ў Вільні (1879-1884). Пасля заканчэння гімназіі паступае ў Лясны інстытут у Пецярбурзе (1884-1890), дзе становіцца вучнем выбітнага расейскага заолага і энтамолага М. Халадкоўскага. Пасля заканчэння інстытута атрымаў дыплом лесніка другой ступені. У студзені 1890-1892 гг. працаваў памочнікам ляснічага ва Ўправе дзяржаўных маёмасцей у Харкаве, атрымоўваў адначасова спецыяльнасць энтамалогіі і заалогіі ў Харкаўскім універсітэце. Утвораная ў 1893 годзе пры Таўрычскім губернскім земстве першая ў Расіі пасада губернскага энтамолага была прапанавана Макрэцкаму. На наступныя 28 гадоў застаўся ў Крыме, ажыццяўляючы там дзейнасць навуковую, папулярызатарскую і арганізацыйную у галіне аховы раслін, і ў першую чаргу дастасоўнай энтамалогіі. Галоўны губернскі энтамолаг Таўрычскай губерні (1893-1917). Зыгмунт Макрэцкі стварыў у Сімферопалі Прыродазнаўчы гістарычны музей. У 1920 годзе, калі Чырвоная Армія ўварвалася ў Крым, З. Макрэцкі разам з дачкой, як і тысячы іншых людзей, уцёк з Крыма праз Севастопаль у Канстанцінопаль. Ад пачатку 1921 года - энтамолаг і інспектар аховы лясоў у Сафіі. Пасля прыезда ў Польшчу 1 студзеня 1922 года быў прызначаны надзвычайным прафесарам, а з 1 красавіка 1922 года - прафесарам звычайным і кіраўніком кафедры і інстытута энтамалогіі і аховы лесу ў Галоўнай сельскагаспадарчай школе ў Варшаве. Памёр 3 сакавіка 1936 года ў Варшаве.

[30] Памятная книжка Виленской губернии на 1902 г. - Вильно, 1901. - С. 271.

[31] Памятная книжка Виленской губернии на 1890 г. - Вильно, 1889. - С. 240-241.

[32] Jodko Karol. Psie lata. Pamiętnik lidzianina z przed 50 laty // Ziemia Lidzka. - 1937. - №10. - S. 114.

[33] Там жа. - S. 113.

[34] Памятная книжка Виленской губернии на 1896 г. - Вильно, 1895. - С. 259.

[35] Виленские губернские ведомости. - 2 августа 1900 г. - № 61.

[36] Виленские губернские ведомости № 45. - 9 июня 1904 г.

[37] Виленские губернские ведомости № 85. - 26 октября 1902 г.

[38] http://dic.academic.ru/dic.nsf/brokgauz_efron/31428/Городские

[39] Гэты будынак каля замка сёння не існуе, да 1915 года ў ім месцілася павятовая вучэльня, а з 1920-х гадоў агульнаадукацыйная школа № 5 імя Людвіка Нарбута.

[40] Szymielewicz Michał. Nasze drzewa. Sosna // Ziemia Lidzka № 1 -1938. - S. 8.

[41] Пра І. Каяловіча гл. Протаіерэй Іосіф Каяловіч // Лідскі летапісец. -2009. - № 1-2 (45-46). - C. 23.

[42] Литовские Епархиальные Ведомости. - 1901. - №12. - С. 95-96.

[43] Памятная книжка Виленской губернии на 1904 г. - Вильно, 1904. - С. 211.

[44] Виленские губернские ведомости. - 26 сентября 1907г. - № 76.

[45] Nasza Niwa. - 30 marca 1907. - №13.

[46] Памятная книжка Виленской губернии на 1907 г. - Вильна, 1907. - С. 157.

[47] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 год. - Вильно, 1914. - С. 197.

[48] Памятная книжка Виленской губернии на 1915 год. - Вильно, 1915. - С. 185.

[49] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 год. - Вильно, 1914. - С. 70, 58.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX