Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Спектакль у Ганчарах, 1927 г. 


Дадана: 01-04-2023,
Крыніца: Трэба працаваць // Наша Праца. № 48, 17-га верасня 1927.



Трэба працаваць.

(в. Ганчары, Лідзкага пав.)

Селецкі гурток Т-ва Бел. Школы наладзіў 28-га чэрвеня г. г. спэктакль-вечарыну ў вёсцы Ганчары. Частку падгатаваўчай працы па прыспасабленьню хаты - разборку перагародкі і насьцілку зрабілі ганчароўцы, а рэшту самі артысты. Хату прыбралі абоямі так, што і пазнаць яе ня можна было. Перш адыгралі камэдыю "Сурдут і Сярмяга" Ул. Гутаўскага, а потым "Лекары і лекі" А. Гаротнага. Ня гледзячы на малую і новую відоўню, на якой цяжка была праводзіць масавыя сцэны, ня гледзячы на ўсё, артысты, дзякуючы сумленнай працы, вельмі добра справіліся са сваімі ролямі. Найбольш выдзяліліся выканаўцы галоўных роляў - Вера Калавецкая, Манькоўскі і Язэп Чылек.

Таксама з вялізарным пасьпехам прайшла дэклямацыя вершаў: "Мужык", "Край
мой родны", "Аб мужыцкай долі" і інш. Усе жадаючыя не змаглі ўмясьціцца ў салі і многія стаялі пад вокнамі. Глядзельнікі, за выняткам 2 паліцыянтаў, былі ўсе беларусы,
пераважна моладзь з Ганчароў і суседніх вёсак. Па спэктаклі пад ігру добра сыгранага маленькага аркестру адбыліся танцы, пяяньне песен, ігра ў флірт, якія зацягнуліся на доўга. Увесь даход ад спэктаклю-вечарыны пайшоў на бібліятэку-чытальню Селецкага Гуртка Т-ва Белар. Школы. Гэты гурток за кароткі час свайго існаваньня (6 месяцаў), ня гладзячы на рабочую пару, здолеў ужо наладзіць 5 спэктакляў-вечарынаў (3 - у Сельцах, 2 - у чужых вёсках і паставіць 6 п'есаў "Модны шляхцюк", "Заручыны Паўлінкі", "Сурдут і Сярмяга", "Лекары і лекі", "Калісь" і "Пасланец"), адчыніць Народны Дом з бібліятэкай-чытальняй, накупіць тэатральных прыладаў і г. д. Уся гэтая праца была выканана самастойна (дазволы на спэктаклі атрымоўвала Акружн. Управа), ня гледзячы на перашкоды з усіх бакоў, толькі дзякуючы ідэальнай згодзе паміж сябрамі і агульнаму гарачаму жаданьню працаваць дзеля пашырэньня роднае асьветы.

Не магу не адзначыць тутака таго вялізарнага ўзгадаваўчага значэньня беларускіх вясковых тэатральных спэктакляў, якія ня толькі нясуць сьвет - новыя ідэі і новыя мысьлі ў глухія вёскі, але будзяць нацыянальную сьвядомасьць, пашану і любоў да роднае мовы, родзяць пэўнасьць у сваіх сілах, прыўчаюць да ахвярнай супольнай грамадзкай працы.

Праежджы

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX