Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Калегіюм і Гандлёвая школа ксяндзоў-піяраў у міжваенным дваццацігоддзі ў Лідзе 


Аўтар: Камароўскі Павел,
Дадана: 26-11-2020,
Крыніца: Камароўскі Павел. Калегіюм і Гандлёвая школа ксяндзоў-піяраў у міжваенным дваццацігоддзі ў Лідзе // Лідскі летапісец. 2019. №3(87). C. 35-48.



1845 год быў па сутнасці цяжкай датай у гісторыі лідскіх піяраў, бо ў той час была выдадзена забарона на іхнюю дзейнасць на гэтай тэрыторыі. Змушаныя да выезду, праз год піяры перабраліся ў Міжрэчча Карэцкае, закончыўшы тым самым амаль стогадовы побыт у Лідзе [1]. Яшчэ перад тымі падзеямі, у 1843 годзе іх пазбавілі эканамічнай базы, якую складаў фальварак разам з зямлёй. Піярскую маёмасць забраў скарб Расійскай дзяржавы. Чарговым крокам царскіх уладаў, якія мелі на мэце сціранне са свядомасці жыхароў Ліды памяці пра піяраў, была перадача іхняга касцёла пад вызваннем Св. Юзафа Каласантага праваслаўнай царкве. Такі стан захоўваўся да І Сусветнай вайны. Апошнім бацюшкам, які служыў у Лідзе быў Іосіф Каяловіч, якога вельмі цанілі царскія ўлады за выключна антыпольскую пазіцыю [2].

У 1919 годзе Ліду занялі польскія войскі, царкву нанава перайменавалі ў рымска-каталіцкі касцёл, але прайшло каля сямі гадоў, пакуль айцыпіяры не вярнуліся ў Ліду і не прынялі ва ўладанне страчаную маёмасць. Ад вызвалення Ліды піярская маёмасць - пляц з касцёлам і з прылеглымі да яго жыллёва-гаспадарчымі будынкамі на вуліцы Сувальскай, а таксама фальварак Пастаўшчына з зямлёй і лесам, налічваўшы 80 моргаў, знаходзіліся пад кіраўніцтвам кс. Балбана, прызначанага дэцызійнымі ўладамі ў Вільні [3].

Піяры ў 1922 годзе распачалі рашучую барацьбу за вяртанне свайго касцёла і нерухомасці. Айцец Ян Барэль, які выконваў абавязкі начальніка польскай правінцыі, у лісце да Віленскага біскупа Ежы Матулевіча дамагаўся вяртання маёмасці, страчанай у перыяд забораў [4]. Піяры не маглі аднак разлічваць на прыхільную пазіцыю з боку Віленскага біскупа з погляду на яго пралітоўскія сімпатыі [5]. Барацьба за паспяховае развязанне справы для супольнасці працягвалася. Каб прыспешыць канчатковае рашэнне, піяры пастанавілі звярнуцца з просьбай аб вяртанні ў Канцылярыю прэзідэнта Рэчы Паспалітай. З той мэтай выслалі ў чэрвені 1923 года ў Варшаву ліст, у якім для падтрымкі сваёй просьбы дадалі гістарычна-прававыя дакументы. Апісалі гісторыю Лідскага калегіюма з падрабязнай дэталізацыяй адукацыйнай дзейнасці [6]. Лісты былі таксама высланы ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і дзяржаўных маёмасцяў, а таксама ў Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы [7]. Вызначаны быў айцец Максіміліян Андрых, які меўся па магчымасці заняць пасаду рэктара касцёла, а таксама выконваць абавязкі катэхета і адміністратара [8]. Прыбыў ён у Ліду на пераломе 1924 і 1925 гадоў і адразу рапачаў навучанне рэлігіі ва ўсеагульнай школе [9].

Нягледзячы на, у прынцыпе, пазітыўныя адказы з боку як уладаў касцельных, так і ўладаў дзяржаўных, узнікла, аднак, некалькі няясных з праўнага боку справаў. Было гэта нагодай да таго, што афіцыйнае прыняцце перанеслі на больш позні тэрмін - на пасля падпісання канкардату Польшчы з Апостальскай Сталіцай [10]. Ва ўзніклай сітуацыі піяры вырашылі ўпанаважніць у 1924 годзе кс. Уладзіслава Кісяля - прэфекта дзяржаўнай гімназіі ў Лідзе для адміністравання ад іхняга імені вернутымі маёмасцямі. Кс. Кісель энергічна прыступіў да работ, звязаных з рамонтам касцёла, які палягаў у вяртанні выгляду святыні на перыяд, які папярэднічаў перабудове на царкву. Работы тыя ішлі паволі па прычыне недахопу грошай. Не ўсе сімвалы, звязаныя з праваслаўем удалося адразу прыбраць - напрыклад, так званыя "цыбуліны" на ліхтарах вежаў і купале касцёла захоўваліся яшчэ праз некаторы час [11].

Пасля некалькіх гадоў старанняў і запабяганняў на розных узроўнях улады касцельнай і дзяржаўнай у сакавіку 1926 года правінцыял Тамаш Альшоўка афіцыйна ад імя супольнасці піяраў прыняў калегіюм у Лідзе. Гіпатэтычную выпіску піяры атрымалі толькі ў траўні 1931 года. Затрымка тая магла вынікаць - мяркуючы на падставе запісу ў "Кроніцы..." - з факту, што польскі ўрад да тых маёмасцяў пакідаў сабе права ў сілу прыняцця парасейскай уласнасці. Дамагаўся, каб піяры плацілі чынш за арэнду [12]. Рэктарам адноўленага Лідскага калегіюма стаў кс. Фердынанд Казлоўскі, які на працягу многіх гадоў выконваў такую самую функцыю ў калегіюме ў Ракавічах. Аўтар "Кронікі..." так запісаў тую падзею: "У красавіку 1926 года адрокся рэктарства ў Кракаве і Ракавічах пад Кракавам кс. Фердынанд Казлоўскі, шматгадовы рэктар у Кракаве і Ракавічах пад Кракавам. Вычарпаны фізічна шматгадовым гаспадараннем у надзвычай цяжкіх умовах пасля перыяду Сусветнай вайны, захацеў паправіць здароўе, здаўшы клапатлівае кіраўніцтва ў рукі кс. правінцыяла Тамаша Альшоўкі. Не доўга, аднак, адпачываў, бо дзейны і энергічны, вельмі рухавага тэмпераменту, прыродны гаспадар не мог доўга заставацца без занятку. Таму, калі ксёндз-правінцыял даў яму на выбар Дом Шчучынскі [13] альбо Лідскі. ахвотна прыняў Ліду, бо Дом той (быў) пляцоўкай, у якую мог укладаць шмат сваёй энергіі" [14].

Ксёндз Казлоўскі, нягледзячы на слабое здароўе, энергічна распачаў дзейнасць з мэтай падрыхтоўкі адпаведных умоваў для ўтварэння ў Лідзе канвікта, а таксама Піярскай усеагульнай школы. Рэктару ўдалося тое пачынанне. У 1926 годзе паўстаў канвікт, а праз год школа, у якой Казлоўскі выконваў функцыі кіраўніка [15]. Адначасова каб гарантаваць падставы матэрыяльнага побыту калегіюма - кс. Казлоўскі асабіста заняўся гаспадарчай працай, якая побач з абавязкамі кіраўніка школы цалкам запаўняла яму час. Вызначыўся адначасова як вельмі добры кіраўнік школы, так і кіраўнік гаспадарча-эканамічных спраў. Заклаў, напрыклад, агарод і сад на зямлі, якая належала піярам [16].

Цяжкая праца ўсіх піяраў у Лідзе не засталася па-за ўвагай мясцовай супольнасці, пачуцці якой апісаў адзін з аўтараў "Кронікі...", кс. Алойзы Наперач: "Лідская супольнасць, бачачы ціхае, спакойнае і сціплае жыццё піяраў, бачачы іхнюю працу ў школе і касцёле, бачачы іхнюю безпрэтэнзійнасць (...) хутка піяраў палюбіла і ім сімпатызавала" [17]. Адносіны жыхароў Ліды да піяраў, іх новага пасялення ў горадзе і адукацыйнай дзейнасці былі прадстаўлены ў артыкуле, змешчаным у "Ziemi Lidzkiej". Аўтар тэксту так апісаў той факт: "Мясцовая супольнасць дорыць асаблівыя сімпатыі Калегіюму ксяндзоў-піяраў у Лідзе. Прычыны такога сардэчнага стаўлення ўладаў і ўсёй люднасці да ксяндзоў-піяраў для кожнага зразумелыя. Бо ад хвілі вяртання незалежнасці аднавілі яны слаўныя традыцыі, займаючы ў Лідзе першае месца ў справе адбудовы грамадска-дзяржаўнага жыцця. З піярскіх школ выходзяць штогод кадры маладых пакаленняў, падрыхтаваныя да творчай дзяржаўнай працы" [18]. Нягледзячы на вельмі зычлівыя адносіны жыхароў Ліды, 1927 год, роўна як і наступныя, быў цяжкі для калегіюма. Рэктар Казлоўскі ўзяўся за неабходны - ужо праз доўгі час - рамонт. Была адноўлена касцельная вежа, якая многія гады заставалася без даху, што непасрэдна спрычынілася да знішчэння яе муроў. Таксама пад перабудову падпалі прыкляштарныя будынкі, што было звязана з новымі выдаткамі [19].

Дзякуючы вытрывалай, а, што яшчэ важней, добра арганізаванай працы, сітуацыя ў лідскіх піяраў часткова паправілася. Спрычынілася да гэтага, м. ін., усеагульная школа. Заснавалі яе ў 1927 годзе, і ўжо праз два гады колькасць вучняў павялічылася ў шмат разоў - з трохі больш за дзесятак да сотні ў 1929 годзе [20]. Нягледзячы на поспехі як у вядзенні ўсеагульнай школы, так і ў кіраванні эканамічна-гаспадарчымі справамі, кс. Фердынанда Казлоўскага напаўняла перакананне, што іхнія тагачасныя поспехі не дастатковыя. Ксёндз-рэктар прагнуў развіваць працу, якая мацней вязалася б з імем Станіслава Канарскага, г. зн. адукацыйнай дзейнасці [21]. Несумненна найлепшым рашэннем была б сярэдняя школа. Радзілася аднак пытанне, якога роду павінна быць гэтая школа? У Лідзе існавалі ўжо тры гімназіі - адна дзяржаўная імя Караля Хадкевіча, другая прыватная, трэцяя належала лідскім габрэям, таму чацвёртая падавалася ў сілу рэчаў лішняй.

Рэктар Казлоўскі разгледзеў гэтую праблему ў больш шырокім аспекце. Ён меркаваў, што ў краі патрэбны не толькі школы агульнаадукацыйнага профілю, якіх на яго думку, як і таксама на думку грамадскую і міністэрства ў Польшчы залішне шмат. Затое бракавала пляцовак, якія рыхтавалі б вучняў да канкрэтнай прафесіі. Таму кс. Казлоўскі думаў таксама пра заснаванне прафесійнай школы. Трэба было, аднак, вызначыцца - і гэта досыць хутка - якой маюць вучыць прафесіі. У Лідзе існавала ўжо Дзяржаўная школа рамёстваў. Не ўдавалася ёй аднак прыцягнуць лішне шмат моладзі, якая што раз больш ахвотна выязджала ў Вільню ў Тэхнічную школу. Ксёндз Казлоўскі зрабіў слушную выснову, што такая школа, якая існавала ў Вільні, патрэбна і ў Лідзе. Аднак з прычны найхутчэй асноўнай, а менавіта з адсутнасці грошай на будаўніцтва неабходных школьных майстэрняў, праект той мусіў праваліцца. Прыдатная была б таксама Агародная школа, але з погляду на слабы ўзровень і слабое зацікаўленне сельскагаспадарчымі ведамі мясцовай люднасці і тыя намеры мусілі застацца выключна ў сферы планаў [22].

Час сплываў, і трэба было прымаць рашэнне, тым больш, што габрэйская супольнасць Ліды пастанавіла адкрыць уласную прафесійную школу з гандлёвай спецыялізацыяй. З той мэтай габрэі падалі ўжо прашэнне аб прызнанні ім канцэсіі на арганізацыю такой школы [23]. Кс. Казлоўскі здопінгаваны тым фактам, як таксама прапановамі візітатара Віленскай школьнай акругі - Тодара Мяноўскага [24], Міхала Баркоўскага, старшыні Хрысціянскага купецкага таварыства і Адама Казлоўскага - выкладчыка лацінскай мовы гімназіі, пачаў энергічную дзейнасць. У першую чаргу трэба было атрымаць падтрымку асветных уладаў. З той мэтай кс. рэктар звярнуўся да начальніка Аддзела прафесійнага школьніцтва Віленскай школьнай акругі Людвіка Курчэўскага, які паабяцаў яму першынства ў прызнанні канцэсіі, якая дазваляла стварэнне Гандлёвай прафесійнай школы. Праца кс. Казлоўскага з аддзелам Школьнай акругі давала праўныя падставы, але таксама неабходнай была фінансавая падтрымка. Кс. рэктар, памятаючы няўдалае з фінансавых прычын прадпрыемства, звязанае з тэхнічнай школай, гэтым разам шукаў саліднай падтрымкі. Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы, а таксама кураторыюм абяцалі вярнуць кошты будаўніцтва і аплаціць дырэктара ды частку персаналу. Аднак грошы тыя мелі даць толькі тады, калі паўстане гмах школы. Таму на будаўніцтва належала пазычыць грошы. У той сітуацыі кс. Казлоўскі рашыўся на адаптацыю для патрэб школы існых гаспадарчых будынкаў. Кошт быў вялікі. Паводле папярэдніх ацэнак перавышаў 6000 зл. Дзякуючы ўмяшальніцтву лідскага старасты Генрыка Багаткоўскага, Камунальная ашчадная каса выдзеліла крэдыт айцам-піярам у Лідзе.

Будоўлю распачалі 15 ліпеня 1929 года. Паколькі кошты пастаянна раслі, у работах мусілі ўдзельнічаць самі піяры, якія - паводле дакладу кс. Наперача - зусім у тым не разбіраліся. Бачачы той недахоп ведаў "малярскага майстэрства", будаўнічы прадпрымальнік завысіў агульныя кошты, і адначасова работы выканалі не лішне салідна. Бо ён не ўлічыў клімату і даў лішне тонкія цагляныя сцены, у выніку вельмі цяжка было абагрэць памяшканне. Паўсталы школьны будынак меў 40 м даўжыні, 7 метраў шырыні і 3 метры вышыні [25]. Работы праводзілі ў хуткім тэмпе, што дазволіла ўжо праз тры месяцы - 15 верасня - пачаць школьны года ў першым класе ІІІ-класнай Мужчынскай гандлёвай школы ксяндзоў піяраў у Лідзе [26].

Ва ўрачыстасцях пасвячэння школьнага будынка ІІІ-класнай Мужчынскай гандлёвай школы ксяндзоў піяраў у Лідзе ўзяло ўдзел шмат знакамітых гасцей. Прыбыў м.ін. Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, кс. пралат Кароль Лубенец, а таксама палкоўнік Вацлаў Івашкевіч [27]. Дзяржаўныя ўлады рэпрэзентаваў наваградскі ваявода Зыгмунт Бячковіч, а таксама лідскі стараста Генрык Багаткоўскі. Ад Міністэртва рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы ўзяў удзел начальнік Аддзела прафесійнага школьніцтва - Людвік Курчэўскі [28].

Канцавыя кошты будоўлі ў шмат разоў перавысілі планаваную суму і ў канцы дасягнулі амаль 29 000 зл. Фінансавую дапамогу піярам аказалі два банкі: Віленскі прыватны гандлёвы банк з аддзелам у Лідзе і Лідскі кааператыўны банк. Не абышлося без падтрымкі прыватных асоб [29].

Гандлёвы ліцэй распачаў дыдактычную працу. У першы клас прынялі трыццаць вучняў. Дадамо, што была гэта не толькі каталіцкая моладзь, а ў значнай меры маісеевага вызнання. У архіве піяраў у Кракаве знаходзіцца камплект лекцыйных дзённікаў, з якіх вынікае, што 1/3 вучняў складала габрэйская моладзь [30]. Захаваўся таксама першы спіс педагагічнага калектыву. Дырэктарам школы стаў А. Умястоўскі - дырэктар Гандлёвага кааператыўнага банка. Кс. Ф. Казлоўскі выкладаў нямецкую мову, а кс. Я. Бораль - французскую і ангельскую. Гісторыю і польскую мову выкладаў М. Кабылянскі. Спецыяльныя прадметы выкладалі: А. Казлоўскі - бухгалтэрыю; М. Вусовіч (Вансовіч) - гандлёвую арыфметыку і навуку гандлю; В. Румцова - стэнаграфію; рэлігіі вучыў піяр кс. А. Трацяк [31].

Разам з пачаткам першага ўрока мары кс. Фердынанда Казлоўскага былі рэалізаваныя, але яшчэ не да канца. Кс. рэктар лічыў, што кіраўніцтва школы павінен прыняць піяр. Нажаль, у той час не было ў ордэне чалавека, які меў бы адпаведную кваліфікацыю, звязаную з тэорыяй гандлю і якога зацвердзіў бы на пасаду дырэктара школы куратар. Піярам не засталося нічога іншага, як выслаць на вучобу па гандлёвым профілі аднаго з айцоў. На такую вучобу ў Кракаў на Кааператыўны курс пры Рэальным факультэце Ягелонскага ўніверсітэта паслалі кс. Алойзага Наперача, аўтара часткі згадванай раней "Кронікі Калегіюма аа. піяраў у Лідзе". Пакінуў ён Ліду ў верасні 1929 года. На яго месца прыбыў кс. Тамаш Калакоўскі, які, аднак, у Лідзе прабыў толькі год [32].

У чэрвені 1931 года наступілі істотныя змены ў спосабе кіравання Польскай правінцыяй, што было звязана непасрэдна з Лідскім калегіюмам. Новым правінцыялам стаў кс. Фердынанд Казлоўскі. Намінацыю ўручыў яму генерал супольнасць Джузепе дэль Буано [33]. Прыняцце таго звання кс. Казлоўскім было звязана з неабходнасцю пакідання Ліды [34], з якой ён выехаў у чэрвені 1931 года. На сваё месца прызначыў ксендза Алойзы Наперача, які якраз вярнуўся ў Ліду пасля двухгадовага побыту ў Кракаве і вучобы ў Ягелонскім універсітэце. Новы кс. рэктар прыняў кіраўніцтва ў ліпені 1931 г. [35] Першыя месяцы працы былі цяжкія для кс. Наперача. Мусіў ён падрыхтаваць памяшканні для патрэюб як школы ўсеагульнай, так і гандлёвага ліцэя. Да абавязкаў рэктара належала арганізацыя канцылярыі, якой з нагоды школьных заняткаў не мог сам весці. Абавязак той даверыў асобе свецкай - Юзафу Мамчыцу, былому бухгалтару Касы хворых. Мамчыц, што было вельмі важна, давёў кнігі абедзвюх школ да парадку [36].

Не менш істотнай праблемай, перад якой стаў кс. Наперач, быў сталы падбор настаўніцкіх кадраў на адпаведным узроўні. У Гандлёвай школе піяраў звольніўся з працы тагачасны дырэктар Аляксандр Умястоўскі, які выконваў адначасова функцыі дырэктара Народнага кааператыўнага банка ў Лідзе. Абавязкі ў банку не дазвалялі яму эфектыўна кіраваць школай. Фінансавыя цяжкасці ліцэя перашкодзілі прыняць на гэтую пасаду былога дырэктара Гандлёвай школы ў Баранавічах - кандыдатата, прапанаванага начальнікам Аддзела прафесійнага школьніцтва - Людвіка Курчэўскага. Новы кандыдат на дырэктара зажадаў зарплаты 900 зл. штомесячна, што, канешне, значна перавышала магчымасці ордэна [37]. Адзіным развязкам сітуацыі быў выбар на дырэктара школы некага сярод піяраў, на што не хацелі згаджацца адукацыйныя ўлады, матывуючы сваю пазіцыю фактам, што ніхто не мае адпаведнай практыкі. У канцы аднак, дзякуючы заступніцтву куратара Казіміра Шалягоўскага, справа была пазітыўна залагоджана. Ксёндз Алойзы Наперач быў зацверджаны 16 кастрычніка 1931 года на пасаду дырэктара Гандлёвай школы [38]. Такім чынам матэрыяльная і арганізацыйна-адукацыйная сітуацыя пляцоўкі была ўратавана. Апрача адміністрацыйных абавязкаў кс. Наперач праводзіў урокі нямецкай мовы ў памеры 12 гадзін штотыднёва і заняткі па каліграфіі - 2 гадзіны ў тыдзень [39]. Ён, як і Тэафіл Брожак, які вучыў рэлігіі, не атрымоўваў ганарару. Грошы за іх працу былі прызначаны на выплаты для астатніх настаўнікаў, а таксама на аплаты, напрыклад, за электрычную энергію [40].

Апрача клопатаў, звязаных з Гандлёвай школай, у 1931 годзе Лідскі калегіюм меў таксама праблемы, датычныя ўсеагульнай школы, якая да таго часу прыносіла прыбытак, а стала ледзве самадастатковай. Упала колькасць вучняў, якія наведвалі яе. За часы рэктарату кс. Фердынанда Казлоўскага было іх 120, цяпер толькі 90 [41]. Да такога стану рэчаў спрычыніўся, напэўна, агульнакраёвы гаспадарчы крызіс. Папраўку эканамічнай сітуацыі абедзвюх школ несла б неадкладная замена свецкіх настаўнікаў, якім трэба было плаціць грошы, на настаўнікаў - піяраў. Аднак такое развязванне не магло мець месца, паколькі ў большасці не мелі яны адпаведнай кваліфікацыі для навучання моладзі. Нельга абмінуць іншую прычыну, запісаную ў "Кроніцы Калегіюма аа. піяраў у Лідзе" яе аўтарам - кс. Наперачам. Кс. рэктар апасаўся, што " ... прафесія настаўніка станецца аказіяй да страты паклікання ў ордэнскія ксяндзы" [42].

Нягледзячы на згаданы крызіс, дзякуючы ахвярнай працы ўсяго персаналу ўсеагульнай школы, удалося, аднак, завяршыць школьны год у 1932 годзе з дадатным сальдам 5685 зл [43]. На жаль, фінансавыя разлікі Гандлёвай школы выглядалі значна горш, чым усеагульнай. Не хапала выключнай заангажаванасці ксяндзоў. Да дадатнага балансу спрычынілася дапамога кураторыюма ў выглядзе дафінансавання ў колькасці 3500 зл. Канчатковы прыбытак Гандлёвай школы склаў 2199 зл [44].

Дзякуючы захаваным у кракаўскім архіве ведамасцям, відаць выразныя фінансавыя цяжкасці калегіюма. Апрача грошай, якія плацілі настаўнікам і людзям, дапамагаўшым у вядзенні школаў, істотным абцяжарваннем былі сумы, звязаныя з пакрыццём коштаў навукі і побыту ў калегіюме найбяднейшых вучняў. У 1931/1932 школьным годзе на поўным утрыманні калегіюма было 6 вучняў. Бясплатна дакармлівалі аж 24, а цалкам вызвалялі ад платы за навучанне 19 вучняў. Плату за навучанне ў памеры ад 50 да 80% плацілі 17 вучняў. Такім чынам, ад рознага роду аплат былі вызвалены 66 вучняў з 77. Разлікі простыя - толькі 11 вучняў пакрывалі цалкам кошты сваёй навукі. За рэшту моладзі, у тым ліку і габрэйскай, мусілі даплачваць самі піяры. У выніку такога стану рэчаў дэфіцыт у згаданым годзе дасягнуў 18300 зл. Адна стыпендыя паглынула суму 13335 зл [45]. Былі гэта, несумненна, паказаныя квоты. У наступным годзе змяніліся прапорцыі вучняў, якія карысталіся льготамі на вучобу. Менш было на поўным утрыманні калегіюма, але пры вялікай колькасці вучняў, якія падлягалі частковаму вызваленню ад аплат, тэндэнцыя да павелічэння дэфіцыту расла, прывёўшы да страт у памеры 21452 зл. Толькі 1933/1934 школьны год прыносіць выразную папраўку. Дэфіцыт упаў да сумы 11095 зл.

Прыбыткі са збіраных аплат за вучобу таксама не маглі пакрыць настаўніцкіх зарплатаў, якія складалі сур'ёзныя цяжкасці бюджэту калегіюма. Вялікая была вілка ў аплаце выкладчыцкіх кадраў у Гандлёвай школе. Так, у пачатку трыццатых гадоў, напрыклад, Генрык Жалігоўскі атрымліваў штомесяц 320 зл, калі ў той жа час Лейзар Лянлэ - толькі 20 зл, зарплата швейцара дасягала 50 зл [46]. Такая вялікая дыспрапорцыя вынікала са стажу, як таксама з колькасці гадзін працы штотыднёва і выканання абавязкаў выхаваўцы класа. Ганарары настаўнікаў ва ўсеагульнай школе былі роўныя і дасягалі, таксама на пачатку трыццатых гадоў па 160 зл [47].

Апрача названых фінансавых цяжкасцяў, якія - у большай або меншай ступені - у прынцыпе пастаянна суправаджалі калегіюм, былі аднак і такія, якія з'яўляліся неспадзявана, прыносілі шмат неспакою і замяшання. Да такіх цяжкасцяў належала справа, звязаная з неабходнасцю вяртання гіпатэчнай сумы ў памеры 19000 зл. Звязвалася гэта з грашыма, якія ў 1929-1933 гада піяры атрымалі ад кураторыі Віленскай школьнай акругі на адкрыццё і развіццё Гандлёвай школы. Праблема паўстала з таго, што гэтая сума, 19000 зл, была трактавана піярамі, як субсідыя, калі ў той жа час адукацыйныя ўлады ў Вільні затрактавалі яе, як пазычку. Розніца была істотная. Прыняцце пазіцыі кураторыюма, які апеляваў да распараджэння Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы, цягнула за сабой неабходнасць гіпатэчнага забеспячэння згаданай квоты 19000 зл маёмасцю ксяндзоў піяраў у Лідзе за права выдзялення пазычкі калегіюму. З захаванай карэспандэнцыі ў той справе вынікае, што адукацыйныя ўлады адхілілі просьбу піяраў, што ў выпадку адсутнасці запісу на гіпатэку будуць спрэчную суму забіраць з падтрымкі, прызначанай для школы [48]. У той справе ў кураторый звярталіся як кс. Алойзы Наперач, так і кс. правінцыял Фердынанд Казлоўскі. Адукацыйныя ўлады пазіцыі не змянілі.

Гандлёвай школе пагражала яшчэ большая запазычанасць з нагоды затрыманых выплат настаўнікам. З захаванай карэспандэнцыі паміж кс. Казлоўскім і кс. Наперачам выразна вынікае, што кс. правінцыял стаяў на пазіцыі, каб не падпарадкоўвацца жаданням куратоыя. Кс. Наперач прасіў згоду на гіпатэчны запіс, не бачачы ў тым пагрозы для існавання школы і ўсяго калегіюма. Насупраць - у выпадку адмовы з боку піяраў кс. рэктар бачыў вялікую небяспеку, якой было б адкліканне фінансавай дапамогі з боку кураторыя. Наступствы - на яго думку - закранулі б не толькі калегіюм у Лідзе. Так у лісце ад 17 снежня 1933 года, накіраваным да ксендза Казлоўскага, матываваў сваю просьбу на згоду правінцыяла пра гіпатэчны заклад: "Калі тую падтрымку ў нас адбяруць, што ёсць пэўным, то ясна, што ані доўгу не будзем сплачваць, ані ксендзу правінцыялу не будзем магчы даць ані гроша і ўжо не здолеем нават выкупіць вексель, які быў выстаўлены ксендзу правінцыялу на 1000 зл, які трэба плаціць у траўні. Акрамя таго мусім памятаць, што без падтрымкі кураторыя не можа быць мовы пра выплату гіпатэчнага доўгу, які цягнецца за Кракаўскім калегіюмам. Калі ксёндз правінцыял не дазволіць загіпатэкаваць прэтэнзіі кураторыя, то я з двух зол вымушаны буду выбраць тое, што лепшае, а менавіта ад паўгода школу зачыню, каб такім чынам не павялічваць даўгі за ўтрыманне выкладчыкаў, бо ў нас сітуацыя будзе без выхаду" [49]. У наступнай частцы свайго ліста кс. Наперач радзіў, каб пад гіпатэчны заклад даць кавалак зямлі, "на якім стаіць школа" [50]. У выпадку неўрэгулявання - на думку ксендза рэктара - спраў гіпатэкі, пацягнула б гэта за сабой закрыццё школы, у выніку чаго міністэрства магло б зажадаць аддання 19 000 зл. У выпадку немагчымасці вяртання такой вялікай сумы, дзяржаўная адміністрацыя магла б забраць згаданы пляц.

Ліст свой кс. Наперач закончыў такім чынам: "Калі, што не дай Божа, зменіцца ўрад на якісь бальшавіцкі, то так ці гэтак усё ў нас забяруць і піяраў з Ліды могуць выгнаць. У Рымскай правінцыі ўсе дамы піярскія апрача св. Панталеона [51] і Фраскаці ў руках дзяржавы, і піяры школы ў іх вядуць, хаця не маюць надзеі вяртання тых дамоў - а ў нас сітуацыя іншая, бо мы маем магчымасць гіпатэку ачысціць". У канцы дадае яшчэ адно: "Мы адзіныя, якія яшчэ супраціўляемся загіпатэкаванню - усе прыватныя школы на тутэйшай тэрыторыі ўжо тую справу даўно па прапанове кураторыя залатвілі. Кураторый з намі аднымі не будзе лічыцца" [52]. Аргументацыя кс. Наперача напэўна была настолькі пераканаўчая, што кс. правінцыял Казлоўскі выразіў згоду на гіпатэчны запіс. 19 лютага 1934 г. была выслана ў кураторый у Вільні выпіска з гіпатэкі [53], у сілу якой былі задаволены жаданні адукацыйных уладаў. Справа, аднак, на тым не закончылася. У кастрычніку 1935 года прыйшоў у калегіюм на рукі яго рэктара - кс. Клеменса Чабаноўскага - ліст з генеральнай пракуратуры з Вільні, які ставіў пад сумненне законнасць гіпатэчнага запісу. Аказалася, што не былі выкананы з боку піяраў істотныя праўныя фармальнасці. Не звярнуліся да дзяржаўных уладаў, якія прынялі ўсю расейскую маёмасць, з адпаведнай просьбай. Лідскі дом належаў польскай дзяржаве. Гіпатэчны заклад, які пацвярджаў уласнасць піяраў, 24 кастрычніка 1935 года быў прызнаны незаконным. Піяры, каб вярнуць права гіпатэчнага закладу, мусілі аддаць справу ў суд. Першая справа ў лідскім судзе адбылася 22 верасня 1936 года. Прыгавор быў станоўчы - за калегіюмам была прызнаная спрэчная маёмасць, як і вяртанне судовых выдаткаў у памеры 800 зл. Пракурор падаў апеляцыю. Чарговы разгляд адбыўся 21 красавіка 1937 года. І тым разам прыгавор быў на карысць піяраў. Аднак фактычнымі ўладальнікамі Лідскага Дома яны сталі толькі ў студзені 1939 года па рашэнні Найвышэйшага суда, у які справа ў канцы патрапіла [54]. Спрэчка, якая ішла паміж піярамі і польскімі ўладамі, а таксама недахоп грошай прывёў да таго, што ксяндзы баяліся падымаць інвестыцыі на высокі ўзровень. Мелі яны ў праекце збудаванне новага трохпавярховага будынка з многімі класамі, а таксама з крамамі на першым паверсе, у якіх моладзь праходзіла б практыку. Працэс пра гіпатэку быў пракаментаваны ў "Ziemi Lidzkiej": "Патрэба разбудавання школ, у якіх чэрпаў мудрасць жыцця гісторык Тодар Нарбут і сын Казімір (тут яўная блытаніна, патрэбна Людвік) - вялікі нацыянальны герой, разбілася аб згаданы працэс. Генеральная пракуратура мае намер адабраць ад нашых піяраў займаныя імі ад вякоў землі" [55].

Існавалі таксама фінансавыя цяжкасці, якія несла штодзённае жыццё. У прынцыпе школьны будынак, як і будынкі калегіюма, пастаянна рамантаваліся і разбудоўваліся. Напрыклад, у ліпені 1932 года распачаўся рамонт усяго будынка Гандлёвай школы, часткова за грошы, атрыманыя з кураторыя, а часткова з уласных фундушаў. Перш за ўсё ізалявалі фундаменты, уставілі некалькі акон і дзвярэй. Найістотнейшай справай была пастаноўка новых чатырох кафляных стаякоў (галандскіх печак) замест існых цагляных, якія па словах кс. Наперача: " ... толкам не грэлі, хоць у іх палілі ад 11-ай ночы да 8-ай раніцы" [56]. Паправілі таксама коміны і дах. У ходзе рамонтных работ аказалася, што перыяд іхні мусіць быць большым, чым раней закладвалася. Цягнула гэта перавышэнне - і амаль двухкратнае - сумы, асігнаванай на рамонт. Кураторый пералічыў 2700 зл у той час, калі канцавыя кошты дасягнулі 4187 зл. Неабходная была новая дапамога кураторыя ў Вільні. Праводзіўся таксама рамонт усеагульнай школы - але тым разам ужо толькі з фундушу піяраў. У 1936 годзе разбудавана і абсталявана Гандлёвая школа ў сувязі з перайменаваннем яе ў Школу з сумесным навучаннем. Пры аказіі адрамантавалі ўвесь калегіюм разам з касцёлам. Кошты таго прадпрыемства дасягнулі 18925 зл. Не абышлося і тым разам без датацыі з боку кураторыя, якая дасягнула 9120 зл [57].

Іншага роду цяжкасці штодзённага жыцця - на шмат больш грозныя - прынёс пажар стадолы ў ліпені 1932 года. Прычынай быў заганна ўстаноўлены грамаадвод. Пажар той спрычыніўся да выключна цяжкай сітуацыі з калегіюмам. Стадола была, што праўда, застрахавана, але грошы за страхоўку пералічылі піярам толькі ў лістападзе. Таму не было патрэбных сродкаў на адбудову новага будынка. У выніку не было дзе хаваць ураджай жыта, пшаніцы, ячменю, аўсу ці гароху. Пакінута ўсё на полі. Нажаль, прыйшлі дажджы, і ўраджай амаль цалкам згніў. Калегіюму пагражала застацца на зіму без запасаў збожжа і тым самым без хлеба. Праблемы з хлебам з'явіліся ўжо на пачатку 1932 года. Кс. Наперач мусіў пазычыць грошы на яго пакупку. У той цяжкай сітуацыі дапамогу выдзеліў правінцыял - кс. Казлоўскі, узяўшы пазычку ў Камунальнай касе ашчаднасці ў Кракаве [58]. Фінансавыя цяжкасці спрычыніліся да закрыцця ў 1932 годзе Лідскага канвікта, што было выклікана доўгам з-за пазычкі, узятай на куплю хлеба. Прычына была паводле слоў аўтара запісу ў "Кроніцы..." простая: "Паходжанне доўгу за хлеб мае сваю крыніцу ў тым, што пры Калегіюме існаваў канвікт (інтэрнат), у які бацькі аддавалі сваіх сынкоў з добрымі апетытамі, а што горш ужо загадзя свядома планавалі, што дамоўленай цаны за ўтрыманне не будуць плаціць. І так таксама рабілі. Нарэшце кс. Алойзы, маючы патрэбу для павелічэння абедзвюх школ, з лёгкім сэрцам закрыў канвікт у лютым 1932 года" [59].

Адны клопаты і цяжкасці, як у выпадку канвікта, скончыліся, але з'явіліся новыя. У студзені разам з асістэнтам прыбыў у Ліду кс. правінцыял Казлоўскі з мэтай накладання на Лідскі Дом падатку, неабходнага для ўтрымання навіцыяту і студэндату ў Ракавіцах. Нягледзячы на тлумачэнні з боку кс. Наперача, што калегіюм знайходзіцца ў фінансава нядобрай сітуацыі па прычыне пажару, хлебнага доўгу і дэфіцыту ў Гандлёвай школе, не ўдалося рэктару дабіцца вызвалення ад жаданых правінцыялам выплат. Устаноўлена, што Лідскі калегіюм будзе высылаць толькі 50 зл штомесячна [60].

Фінансавыя цяжкасці існавалі ў прынцыпе на працягу ўсяго перыяду існавання школ, гэта значыць да выбуху ІІ Сусветнай вайны. Пляцоўкі маглі дзейнічаць, дзякуючы частым датацыям з боку адукацыйных уладаў. Сумы, атрыманыя піярамі на асветніцкую дзейнасць, не былі вельмі вялікімі, але заўсёды стваралі падтрымку. Так, напрыклад, у лістападзе 1933 года кураторый Віленскай школьнай акругі пералічыў на рахунак калегіюма ў ПКА суму 3225 зл, як субсідыю на вядзенне Гандлёвай школы. Грошы тыя піяры атрымалі, дзякуючы падтрымцы Гжэгаша Мерсона - начальніка Аддзела прафесійных школ. У той самы час іншыя школы ў Віленскай акрузе атрымалі меншыя сумы [61]. Грошай з датацый і платы за навучанне не магло хапіць на пакрыццё выдаткаў на ўтрыманне ўсяго калегіюма. Піяры мусілі шукаць уласных крыніц утрымання. У чэрвені 1933 года прадалі 10,5 гектара належаўшай ім зямлі. Была яна - паводле данясення кс. Наперача - марнай якасці і ў дадатак адрэзана ад цэльнага маёнтка калегіюма. Пакупніком аказаўся настаўнік польскай мовы з Гандлёвай школы. Сума, атрыманая ад продажу, дасягнула 6500 зл [62]. Прыбытак прыносіла таксама пабудаваная восенню 1931 года цяпліца. Разбудавалі яе летам 1932 года. У студзені 1933 года дала яна ўжо прыбытак 1680 зл. Даход калегіюму прыносіў таксама добра дагледжаны сад, а таксама поле, якое было ўзорам для мясцовай люднасці [63].

Калегіюмам праз увесь міжваенны перыяд кіравалі тры рэктары. Першым з іх быў шматразова згадваны кс. Фердынанд Казлоўскі. Ён ажыццяўляў кіраванне з траўня 1926 года да чэрвеня 1931 года. Яго наступнікам стаў кс. Алойзы Наперач (ліпень 1931 года - лістапад 1935 года). Стаў ён рэктарам па прапанове ксендза правінцыяла Казлоўскага. Апошнім рэктарам ад восені 1935 года да выбуху ІІ Сусветнай вайны быў кс. Клеменс Чабаноўскі [64]. Кіравалі яны справамі адміністрацыйнымі, фінансавымі і гаспадарчымі ўсяго калегіюма. Падпарадкоўваліся ім таксама школы, якія мелі, канешне так, як у выпадку Гандлёвай школы, дырэктара, ці ўсеагульнай - кіраўніка. Першым дырэктарам Гандлёвай школы - як згадвалася - стаў кс. Наперач - ад кастрычніка 1931 года. Перад заняццем ім гэтай пасады, школай нефармальна кіраваў кс. Казлоўскі, які ад верасня 1927 года праз увесь час побыту ў Лідзе быў кіраўніком усеагульнай школы. Ад 1934 года кс. Наперач кіраваў абедзвюмя школамі. У лістападзе 1935 года ён перастаў быць дырэктарам Гандлёвай школы, а ў снежні таго самага года быў адкліканы з пасады кіраўніка ўсеагульнай школы [65].

Цяжкасці, з якімі змагалася Гандлёвая школа, з'явіліся ад самага яе пачатку, а ў прынцыпе яшчэ перад яе ўзнікненнем, паколькі кс. Казлоўскі доўга вызначаўся адносна яе профілю. Спыніўся - пра што была мова раней - на трохгадовай школе. Падобна, як і школа ўсеагульная, мела яна фінансавыя цяжкасці. Былі таксама клопаты іншага характару, звязаныя з праграмай навучання. Моладзь, якая заканчвала трохкласную Гандлёвую школу, атрымлівала спецыяльнасць, але не атрымлівала поўнай сярэдняй адукацыі, якая дазваляла б паступаць на вучобу ва ўніверсітэт ці ў школу падхарунжых (вайсковую вучэльню). Таму дырэктар школы кс. Наперач стараўся атрымаць дазвол на даданне чацвёртага класа, які даваў бы магчымасць далейшага навучання ў вышэйшых навучальных установах.

Атрыманне канцэсіі на Гандлёвую школу з поўным сярэднім профілем не было лёгкім. Падняццю рангу школы ў Лідзе супраціўляўся начальнік Аддзела прафесійных школ Людвік Курчэўскі. Спрэчка вакол той справы так запісаў у "Кроніцы аа. піяраў..." кс. Наперач: "У траўні 1932 года пайшоў на пенсію начальнік Аддзела прафесійных школ п. Людвік Курчэўскі. Ёк выказаўся быў раз, што пакуль ён будзе ў кураторыюме, то датуль піяры ў Лідзе не атрымаюць канцэсію на 4-ты клас Гандлёвай школы, якая б давала вучням поўную сярэднюю адукацыю" [66]. Цяпер адыход яго на пенсію адкрыў дарогу для старанняў пра чацвёрты клас. Дырэктар школы нанава падаў просьбу аб канцэсіі. Куратар Казімір Шалягоўскі пазітыўна паставіўся да яе і даў 1 верасня 1932 года згоду [67]. Пашырэнне школы да чацвёртага класа пацягнула за сабой неабходнасць змены яе назвы. Рэкамендаваў гэта куратар Шалягоўскі ў лісце, якім надаваў канцэсію. Новая школа атрымала назву "Прыватная мужчынская 3-х класавая Гандлёвая школа з 4-тым класам кааператыўнага кірунку ксяндзоў піяраў у Лідзе" [68]. У новы - чацвёрты клас - ад 1 верасня пайшло чатырнаццаць вучняў з сямнаццаці выпускнікоў трэцяга класа. Не ўсе працягнулі далейшую навуку ў Лідзе - напрыклад, двое паступіла ў Школу палітычных навук у Варшаве, а адзін перабраўся ў ліцэй у Быдгашчы [69]. Праз год - ад 22 траўня да 10 чэрвеня - адбыліся ў трэцім і першы раз у чацвёртым класе канцавыя экзамены.

Гандлёвую школу пакінулі дванаццаць выпускнікоў чацвёртага класа [70]. Задума айцоў піяраў, каб расшырыць Гандлёвую школу да чацвёртага класа, была без сумнення выключна трапная. Рашуча падняло гэта ранг школы. Пашырыла веды моладзі. Дало ёй магчымасць вучыцца ў вышэйшых навучальных установах, а таксама спрычынілася да павелічэння колькасці вучняў і шматкратна, параўнальна з годам адкрыцця трохгадовай школы - 1929, калі сюды запісалася іх трыццаць. Як вынікае з запісу ў "Кроніцы ..." у першы клас школы - ужо з новым профілем - запісалася ў 1933 годзе аж 93 вучні, ці ў тры разы больш, чым чатыры гады назад. Паводле школьнага загаду, які знаходзіцца ў архіве піяраў у Кракаве, распачаў навучанне толькі 81 вучань, дзесяці мусілі адмоіць. Большая колькасць моладзі, якая вучылася ў Гандлёвай школе, спрычынілася да большых прыбыткаў, дзякуючы чаму - пра што была мова раней - дэфіцыт школы паменшыўся блізка да напалову: з 21452 зл да 11095 зл [71].

На першы погляд добрая фінансавая каньюктура, якая вынікала з большай лічбы вучняў, нажаль не ўтрымалалася доўга. Ужо ўнаступным годзе намеціўся спад колькасці моладзі, якая прагнула вучыцца ў Гандлёвай школе. Аўтар "Кронікі ..." тлумачыць гэты факт малым зацікаўленнем мясцовага грамадства тым кірункам навучання, недастатковасці значэння "выхавання на гандлёвай спецыяльнасці" [72]. Несумненна, у тым выпадку мог адыграць значную ролю агульнадзяржаўны эканамічны крызіс, у выніку якога ў Лідзе і яе ваколіцах, таксама, як і ва ўсёй Польшчы, у грамадзян не хапала грошай. Нягледзячы на датацыі ў памеры 8000 зл сітуацыя пляцоўкі станавілася зноў цяжкай. Дырэкар школы кс. Наперач, шукаючы выйсця з цяжкага становішча, пачаў разглядаць магчымасць прыняцця ў школу дзяўчат. Меркаваў, што такім чынам зробіць Гандлёвую школу больш прывабнай для мясцовай супольнасці. Разважанні яго не былі безпадстаўныя. У Лідзе не было сярэдняй школы, якая вучыла б адначасова спецыяльнасці, і ў якой вучыліся б дзяўчаты. Задума зрабіць з мужчынскай школы каэдукацыйную пляцоўку была добрая, але рэалізацыя яго вымагала шмат клопатаў і ўнесла вялікае замяшанне ў працу і жыццё кс. Наперача.

Уся справа распачалася найпраўдападобней у траўні 1934 года. У той час у калегіюм прыехаў са сваім асістэнтам генеральны візітатар ордэна - кс. Томас Гарыда. У Ліду прывяла яго задума прыёму дзяўчат у Гандлёвую школу. Кс. Наперач выклаў праблему візітатару, які прыхільна паставіўся да той канцэпцыі. Канешне, Гарыда не мог прыняць канчатковага рашэння. Затое абяцаў прадставіць праект самому генералу ордэна кс. Джузепе дэль Буано. Праз тры месяцы, у жніўні, на рукі кс. правінцыяла Гераніма Стусінскага прыйшоў ліст, які дазваляў прымаць у Гандлёвую школу дзяўчат. Копію таго ліста кс. правінцыял пераслаў кс. Наперачу. Справа была пазітыўна вырашана. Лічба вучняў вырасла з 60 да 160. Моладзь ахвотна працавала разам, захопленая вельмі вялікай колькасцю гадзін вучобы [73]. Нягледзячы на добры ўзровень і задавальняльныя вынікі ў навуцы, задумай каэдукацыйнай школы не ўсе былі перакананы. Ад самага пачатку да прапановы дырэктара школы, кс. Наперача негатыўна буў настроены мясцовы дэкан - кс. Гіпаліт Баярунец, які пастаянна ствараў цяжкасці піярам. Кс. Наперач паказваў яму ліст з Рыма, які дазваляў на каэдукацыйную форму пляцоўкі. Нажаль, ксёндз дэкан не змяніў свайго стаўлення і ў канцы абвінаваціў дырэктара перад Віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім.

Ад гэтага моманту для кс. Наперача справы набылі кепскі ход. Перш за ўсё арцыбіскуп на сінадальным з'ездзе закрануў каэдукацыйную праблему, як прыклад падаючы Ліду. Прысутны на сінодзе апостальскі нунцый Францішак Мармагі - зацікаўлены тым - напісаў ліст у кангрэгацыю ў Рыме з пытаннем, ці сапраўды піяры ў Лідзе атрымалі канцэсію на ўтрыманне каэдукацыйнай школы [74]. Такім чынам справа трапіла ў Апостальскую Сталіцу, дзе даведаліся, што лідскія піяры вядуць каэдукацыйную школу. Абвешчаны пратэст генералу ордэна кс. Джузепе дэль Буано. Генерал нічога не ведаў пра каэдукацыйны эксперымент у Лідзе, паколькі, як аказалася, ні генеральны візітатар, ні яго асістэнт не паінфармавалі яго пра тое. Ліст, які прыйшоў з Рыма з дазволам на стварэнне каэдукацыйнай школы, быў высланы з ініцыятывы самога кс. Гарыды без ведама кс. дэль Буано [75].

Кс. Наперач, атрымаўшы згаданы ліст, не мог дапусціць, што не ведае пра яго генерал ордэна. Вінаватыя ва ўсім замяшанні былі кс. Гарыда і яго асістэнт. Удалося ім аднак абараніцца. Усю віну прыпісалі дырэктару школы. У якасці пакарання кс. Алойзы Наперач быў пазбаўлены пасады рэктара калегіюма і дырэктара Гандлёвай школы. Дадаткова на нявызначаны час пазбавілі яго дзейнага права і голасу ў ордэне. Звяртаўся пісьмова ў Рым, але адказу не атрымаў. На працягу ўсяго кастрычніка 1935 г. ён яшчэ выкладаў нямецкую мову. У снежні выехаў у Кракаў. Праз нейкі час выйшаў з ордэна [76].

Разам з адходам кс. Алойзы Наперача праблемы, звязаныя з каэдукацыяй не закончыліся. Пазіцыя генерала надалей была негатыўная. Гандлёвай школе пагражаў адход каля 150 дзяўчат, што спарадзіла б выключна цяжкае фінансавае становішча пляцоўкі. Для ратуну школы разглядаліся розныя варыянты выйсця з цяжкага становішча. Не маючы вялікага выбару - пад канец 1935 года - кс. правінцыял і нанава прызначаны рэктар кс. Клеменс Чабаноўскі вырашылі, што Гандлёвую школу належыць уступіць Хрысціянскаму таварыству купцоў у Лідзе, паколькі вядзенне адной мужчынскай сталася неаплатным - "Гандлёвую мужчынскую школу нельга было ўтрымоўваць без сур'ёзнага дэфіцыту пры колькасці каля 80 вучняў, якія былі вельмі бедныя і не плацілі цалкам" [77]. У студзені гэтую прапанову накіравалі Таварыству і другой арганізацыі - Таварыству асаднікаў. Абодва таварыствы ахотна згадзіліся на прапановы піяраў. Баяліся, як акрэсліў гэта аўтар "Кронікі...", "каб школы не аддаць у яўрэйскія рукі" [78]. Да прыняцця школы адным з таварыстваў не дайшло. Прычына была простая. Ні адно з іх не валодала адпаведным памяшканнем, а будынкі калегіюма з відавочных прычын маглі служыць толькі мужчынскай школе. Таму праблема не была развязана.

З запісаў у "Кроніцы Калегіюма аа. піяраў" вынікае, што праз увесь 1935 і першыя тры месяцы 1936 года нічога не змянілася. У сакавіку 1936 года ў Ліду прыбыў міністэрскі візітатар прафесійнага школьніцтва, а таксама візітатар з Віленскага кураторыюма з мэтай прыняцця канкрэтнага рашэння ў справе кіравання Гандлёвай школай. Візітатары прэзентавалі пазіцыю, што школа павінна застацца ў руках ордэна з погляду на добрыя вынікі ў навучанні, таксама ўлічвалася велізарная праца, ўкладзеная піярамі. У выніку пляцоўка мела быць перададзена Хрысціянскаму таварыству купцоў, але такія памкненні не задавальнялі прадстаўнікоў адукацыйных уладаў [79].

Развязванне гэтай праблемы аказалася ў канцы простым. Кс. рэктар звярнуўся ў Рым з пытаннем, ці піяры ў Лідзе маглі б трымаць дзве гандлёвыя школы - адну для хлопцаў, а другую для дзяўчат. Просьбу тую пасля ўніклівага аналізу падтрымаў кс. правінцыял Стусінскі. Да ліста на адрас генерала дэль Буано далучаны сітуацыйны план усяго калегіюма. Пасля азнаямлення з надасланымі з Польшчы матэрыяламі генерал выказаў згоду на заснаванне дзвюх школ з той агаворкай, што згоду павінен выразіць таксама Віленскі арцыбіскуп. Біскуп Ялбжыкоўскі пагадзіўся на такое развязванне, дзякуючы чаму Гандлёвая школа была ўратавана [80].

Падчас сакавіцкай візітацыі, дырэктару прапанавалі ператварыць школу з Гандлёвага ліцэя ў Купецкую гімназію, павышаючы тым самым ранг пляцоўкі. Візітатары паставілі аднак умовы, што калегіюм мусіць дадаткова забяспечыць школу сучаснай працоўняй для заняткаў па таваразнаўству і купецтву [81]. Над неабходнасцю змены характару школы пастанавілі ўжо раней. З захаваных пратаколаў паседжанняў педагагічнай рады вынікае, што ўжо ў кастрычніку папярэдняга года тая праблема абгаворвалася. Настаўніцкі калектыў баяўся, што ў выпадку неправядзення рэарганізацыі, пляцоўка можа быць зліквідавана адукацыйнымі ўладамі [82]. Піяры, па ўсім відаць, выканалі пастаўленыя кураторыем умовы, паколькі візітатар Ян Ляховіч выразіў згоду на адкрыццё з 1 чэрвеня мужчынскай і жаночай Купецкіх гімназій. У той самы месяц адбыліся ўступныя экзамены ў абедзве школы, на якія запісаліся 120 хлопцаў і дзяўчат. Паспяхова экзамены здалі 100 вучняў і вучаніц, якія былі прынятыя ў першыя класы. Агульная колькасць моладзі ва ўсёй гімназіі дасягнула 250 вучняў і вучаніц. Прыём большай колькасці слухачоў вымагаў дадатковых класаў. Рэктар калегіюма ажыццявіў шмат змен. Перанёс м.ін. усеагульную школу ў кляштарныя будынкі, такім чынам адшукаў новыя памяшканні. Прыступіў да адаптацыі на патрэбы гімназіі мураванага будынка, прылеглага да касцёла. З пачатку верасня 1936 года распачалі будаўніцтва гімнастычнай залы і дадатковага паверха, прызначанага на жыллё для ксяндзоў. З той мэтай быў працягнуты ва ўсходні бок мураваны будынак мужчынскай гімназіі. Рамонтна-буданічыя работы ў калегіюме цягнуліся яшчэ шмат месяцаў. Яны вельмі дакладна апісаны ў "Кроніцы аа. піяраў" [83].

Каб выканаць усялякія фармальнасці, звязаныя з перайменаваннем ліцэя ў гімназію, школьныя ўлады падрыхтавалі статут для новай школы. Падрыхтоўкай яго займаўся дырэктар Генрык Жалігоўскі, пры ўдзеле сакратара школы Юзафа Мамчыца. Тэкст статута пераслалі ў кураторыюм у Вільні для яго зацвярджэння. Нажаль, няма запісу ў "Кроніцы...", ці так сталася. Можна аднак меркаваць, што статут зацвердзілі, паколькі пад датай 24 - 28 лістапада 1936 года запісана ў "Кроніцы ..." інфармацыя пра інспекцыю візітатара з кураторыя - Яна Ляховіча, які з вялікім прызнаннем выказваўся пра працу дырэктара Жалігоўскага [84].

У архіве піяраў у Кракаве захаваліся асобнікі двух статутаў як для мужчынскай, так і для жаночай гімназіі. Змест іхні аднолькавы. Датаваны яны 1939 годам. Узорам для іх быў ранейшы статут з канца 1936 года. Падкрэслены ў іх перш за ўсё мэты школ, а таксама ўмовы праўна - адміністрацыйныя. Так ўладальнікамі школ з'яўляюцца ксяндзы піяры. Гімназія мае сваю сядзібу ў калегіюме пры вул. Сувальскай, 68. Першапланавай мэтай абедзвюх пляцовак - што падкрэслена адразу ва ўступе - ёсць "... выхаванне і навучанне моладзі на ўлюбёных у сваю прафесію, старанных і сумленных працаўнікоў, усвядомленых у сваіх абавязках, і творчых грамадзян Рэчы Паспалітай, якія б побач з практычнай прафесійнай падрыхтоўкай атрымлівалі б адпаведны аб'ём ведаў тэарэтычна-навуковых і агульных, неабходных для выканання абавязкаў у рознічным і аптовым гандлі, а таксама ў гандлёвых справах іншых гаспадарчых прадпрыемстваў". Далей чытаем: "Гімназія супрацоўнічае са структурамі гаспадарчымі і грамадскімі над павышэннем прафесійнай культуры купецтва, над захаваннем і памнажэннем гаспадарчага і культурнага даробку рэгіёна. Гімназіі прызначаны для моладзі абоега полу, польскай нацыянальнасці, без розніцы вызнанняў. Навучанне ў кожным класе гімназіі вядзецца ў двух аддзелах - мужчынскім і жаночым. Увесь курс ахоплівае 4 гады і падзелены на перыяды, згодна з распараджэннем школьных уладаў". Каб пазбегнуць клопатаў з падвойнымі назвамі школаў, вырашана - што запісана ў статутах - прыняць назву "Прыватныя мужчынская і жаночая гімназіі Купецкага калегіюма ксяндзоў піяраў у Лідзе" [85]. Статут гімназіі паказвае, што піяры імкнуліся мець сучасную школу, якая дае грунтоўную падрыхтоўку моладзі, што пакідае яе муры.

Праграма навучання была абшырная. З захаванага ў кракаўскім архіве тыднёвага плана прадметаў відаць, што выкладаныя ў школе прадметы мелі рознародны характар. Паказвае гэта змешчаная табліца, якая прадстаўляе прадметы, выкладаныя ў лідскай гімназіі, і іхняя штотыднёвая колькасць гадзін. Выпіска гэтая паходзіць з сярэдзіны 30-х гадоў [86].

Прадмет

класс

І ІІ ІІІ ІV

Разам

Рэлігія

Польская мова

Нямецкая мова з карэспандэнцыяй

Гісторыя

Матэматыка

Гандлёвая арыфметыка

Бухгалтэрыя і справаводства

Карэспандэнцыя (перапіска)

Навука аб гандлі

Гаспадарчая геаграфія: агульная,спецыяльная і Польшчы

Фізіка, хімія, таваразнаўства

Анатомія і гігіена

Стэнаграфія

Каліграфія

Фізічная культура

Грамадазнаўства

Арганізацыя канцылярскай працы і прадажаў

Навука аб рэкламе

Палітычная эканомія і эканамічная палітыка

Дзяржаўныя фінансы

Правазнаўства

Кааперацыя

Разам

2 2 2 2

4 3 3 4

4 3 3 3

3 3 3 -

3 3 2 1

2 3 3 -

3 3 4 3

- 2 2 -

2 2 2 -

2 2 1 -

4 2 3 -

- - - 1

- 2 2 1

2 1 - -

2 2 2 2

- - - 2

- - - 2

- - - 2

- - - 4

- - - 2

- - - 4

- - - 3

33 33 32 36

8

14

13

9

9

8

13

4

6

5

9

1

5

3

8

2

2

2

4

2

4

3

134

Прадметы, якія выкладаліся ў гімназіі, можна падзяліць на чатыры групы. Першую групу складалі прадметы, звязаныя з тэхнікай гандлю, таварамі і рынкам, напр., навука аб гандлі ці навука аб рэкламе. Да другой належыць залічыць прадметы, якія рыхтуюць моладзь да канторскай працы, напр., арганізацыя офіснай працы, стэнаграфія, бухгалтэрыя, карэспандэнцыя, а таксама каліграфія. Трэцюю групу складалі прадметы агульнагаспадарчага характару, напр., палітычная эканомія ці гаспадарчая геаграфія. Апошнюю - чацвёртую групу - складалі агульнаадукацыйныя прадметы: польская мова, нямецкая мова, гісторыя, грамадазнаўства, правазнаўства ці анатомія і гігіена. З ведамасці вынікае, што агульнаадукацыйныя прадметы займалі палову ўсіх лекцыйных гадзін. Прадметы прафесійнага профілю рыхтавалі моладзь не толькі ў вобласці гандлю, але рыхтавалі іх да працы канторскай. Дбалі таксама пра фізічнае развіццё моладзі на двухгадзінных занятках штотыдзень. Дадаткова па-за ўрокамі ў І і ІІ класах на працягу шасці тыдняў у памеры дзвюх гадзін на тыдзень праводзіўся курс друкавання на машынцы. За машынкі Гандлёвая школа пастаралася ў 1931 годзе. Купілі тады пяць друкарскіх машынак за нядробную суму ў 4335 зл. Пакупку зрабілі ў растэрміноўку, за штомесячныя выплаты на працягу трох гадоў [87].

Акрамя прадсттаўленага пераліку прадметаў у архіве захавалася Дэтальная праграма на 26 старонак. У ёй вельмі дакладна прадстаўлены праграмы прадметаў у асобных класах. На пачатку апісання кожнага прадмета была выдзелена мэта яго вывучэння. І так напр., на ўроках рэлігіі ў першым класе моладзі знаёмілі з літургіяй. У другім класе - з гісторыяй каталіцкага касцёла, у трэцім - з дагматыкай, а ў чацвёртым - з этыкай. На ўроках польскай мовы за адну з мэтаў ставілася: "Аказанне адпаведнага выхаваўчага ўплыву, пад'ём агульнага ўзроўню адукацыі і набліжэнне моладзі да сучаснай польскай культуры праз прачытанне пэўнай колькасці найважнейшых твораў нашага пісьменства ў ХІХ - ХХ ст., вывучэнне дзейнасці аўтараў на фоне эпохі, у якой жылі, адчуванне і разуменне прыгажосці іхніх твораў, прасякненне іхнімі нацыянальнымі і агульначалавечымі ідэаламі".

Аўтары праграмы змясцілі пералікі абавязковых і дадатковых твораў для асобных класаў. Аказаліся ў іх творы, у т.л. Каханоўскага, Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага, Канапніцкай, Пруса, Сянкевіча, Ажэшкі, Жаромскага, Рэйманта, Тэтмаера, а таксама Пятра Скаргі, Светахоўскага і Юзафа Пілсудскага з тэкстам "Мае першыя баі". З замежных аўтараў называлі: Шэкспіра, Сервантэса, Дэфо, Скота, Дзікенса, Кіплінга, Аміціса ці Конрада [88].

Мэта навучання гісторыі таксама была акрэслена ў Дэтальнай праграме. Гісторыя мела за заданне: "... пазнаёміць вучняў з чалавекам, чалавечай творчасцю і чалавечымі стасункамі ў часе і прасторы, павінна ўзбуджаць зацікаўленасць справамі агульначалавечымі і нацыянальнымі, выхаваць чалавека і грамадзяніна" [89]. У І класе моладзь мела пазнаёміцца з гісторыяй, пачынаючы ад старажытных цывілізацый: у т.л. Егіпта, Вавілона, Афінаў, Рыма, праз сярэднія вякі, аж да XV стагоддзя. Праграма ахоплівала як усеагульную гісторыю, так і гісторыю Польшчы. У ІІ класе абавязвалася знаёміць з гісторыяй новага часу, пачынаючы ад вялікіх геаграфічных адкрыццяў і заканчваючы падзеннем Напалеона І і Венскім кангрэсам. У апршні год - г.зн. у ІІІ класе - матэрыял датычыў гісторыі Еўропы пасля Венскага кангрэсу, з асаблівым падкрэсліваннем гісторыі і культуры Польшчы. Праграма сягала аж па час сакавіцкай канстытуцыі 1921 года [90].

З прафесійных прадметаў мэтай напр. навукі аб гандлі было: "знаёмства вучня з арганізацыяй і тэхнікай вядзення гандлю, а таксама тых найбольшых інстытуцый і ўстаноў, якімі гандаль карыстаецца або ад якіх залежыць" [91]. На ўроках кааперацыі - праводзімых толькі ў чацвёртым класе - вучні вывучалі генезіс кааператыўнага руху ў яго рознародных формах [92]. Заняткі па гандлёвай карэспандэнцыі мелі вучыць: "... бегласці ў напісанні гандлёвых лістоў з погляду на чысціню роднай мовы і правільнасць стылю" [93].

Заняткі з назвай "грамадзянская навука" (грамадазнаўства) праводзілі толькі ў IV класе. Яны ўяўлялі сабой дапаўненне матэрыялу па гісторыі з ІІІ класа. Сярод пытанняў, якімі займаліся на тых уроках, цікавымі падаюцца такія праблемы, як: класавая дзяржава, абсалютысцкая дзяржава, дактрына Русо, рэферэндум, англійскі парламентарызм, а таксама дыктатура адной асобы, дыктатура класа, а ў дадатак дапісана: "бальшавізм". Моладзь задумвалася таксама над тэмамі ўсеагульных грамадзянскіх абавязкаў і правоў, тэратарыяльнага і гаспадарчага самакіравання ў Польшчы, сацыяльным правам, грамадскімі гарантыямі, гісторыяй таварыстваў і арганізацый, а таксама прафесійным рухам [94].

Дэталёвая праграма навучання абавязвала як вучняў, так і настаўнікаў. На выкладчыцкія кадры дырэктыўна накладвалі дадатковыя абавязкі, якія надавалі ўласцівы кірунак выхаваўчай і адукацыйнай працы. Чытаем у гэтай праграме - пункт 2: "На пачатку кожнага школьнага года павінен быць апрацаваны, найпазней у двухтыднёваы тэрмін ад дня пачатку заняткаў гадавы план выканання праграмы канкрэтных прадметаў", пункт 3: "Навучанне галоўным чынам павінна абапірацца на працу ў школе, беручы пад увагу, што дамашняя праца вучня, якая, наколькі гэта можна не павінна займаць у яго звыш 2 гадзін штодзённа, служыць пераважна для замацавання ведаў, набытых падчас працы ў школе"; пункт 5: "З мэтай пад'ёму эфектыўнасці навучання павінны быць як найшырэй выкарыстаны школьныя ... бібліятэкі, зборы навуковых дапаможнікаў, кабінеты, лабараторыя, майстэрня, варштаты"; пункт 6: "Навучанне не можа мець характар выключна лекцыйны, а павінна прадугледжваць мажлівы найактыўнейшы ўдзел вучня пры выкладанні настаўнікам тэмы ўрока" [95].

Пасля аналізу як дэталёвай праграмы, так і агульных дырэктыў для выкладчыкаў, прыходзім да высновы, што навучанне ў Гандлёвай школе было на добрым узроўні. Падобны ўзровень давала ўсеагульная школа. У "Кроніцы калегіюма аа. піяраў" занатаваны візітацыі (інспекцыі) адукацыйных уладаў. Адзнакі візітатараў (інспектараў) заўсёды былі пазітыўныя. Назваць можна напр. інспекцыю ад 25 кастрычніка 1935 года, праведзеную па даручэнні кураторыя інспектарам прафесійнага школьніцтва Янам Ляховічам, які выставіў Гандлёвай школе пазітыўную адзнаку [96]. Несумненна, добры ўзровень навучання школа ўтрымлівала, дзякуючы настаўніцкім кадрам. Добра кіраваў установай і выкладаў нямецкую мову кс. Наперач. У працы дырэктарам школы вызначыўся таксама Генрык Жалігоўскі. Заслугі яго перад школай адзначыў інспектар Ляховіч пры аказіі чарговай інспекцыі ўстановы [97].

У "Кроніцы..." быў занатаваны спісак выкладчыкаў, якія выкладалі ў школе ў 1938/1939 школьным годзе: польскую мову вучыў Люцыян Брыльскі, таваразнаўства - Эдвард Ілінскі, нямецкую мову - Эдвард Зімінскі, стэнаграфію, рэкламу - Эдмунд Круляс, гімнастыку - Казімір Млынарскі, гісторыю - Ізабэла Рус, арганізацыб тэхнікі гандлю - Яўгенія Багуцкая, бухгалтэрыю - Яніна Камар, гаспадарку - Зофія Воўніч [98]. Нягледзячы на вялікую цякучку кадраў, піяры дбалі аб прыёме на працу - у меру сваіх магчымасцяў - добрых выкладчыкаў. Вельмі добра паказвае гэта наступны прыклад. У сярэдзіне 1932 года, калі тагачасны выкладчык бухгалтэрыі - Аляксандр Умястоўскі, будучы адначасова дырэктарам Народнага банка ў Лідзе, звольніўся з пасады выкладчыка і пераехаў у Вільню, ні адзін з выкладчыкаў, ужо занятых у школе, не ўзяўся весці гэты прадмет з-за недахопу адпаведнай кваліфікацыі. Таксама ніхто з жыхароў Ліды не пачуваўся ў сілах, каб выкладаць бухгалтэрыю. Адзіным чалавекам, які хацеў і мог весці гэты прадмет, быў яўрэй - Даніэль Вінаградаў. Ён сам звярнуўся да дырэктара школы - кс. Наперача, прадставіўшы сваю кваліфікацыю - дыплом Вышэйшай гандлёвай школы ў Кракаве, а паколькі не зажадаў лішне высокага ганарару, быў адразу прыняты. Кураторыюм таксама на яго згадзіўся. Хутка выдзеліўся сваімі здольнасцямі, а моладзь яго палюбіла. Несумненна, галоўнай прычынай прыняцця на працу Вінаградава была патрэба знайсці добрага спецыяліста, а таксама - як гэта было акрэслена ў "Кроніцы..." "жаданне пазбавіцца канкурэнцыі". Заўвага тая датычыць ліцэнзіі, якая дазваляла Вінаградаву весці ўласныя бухгалтарскія курсы. Была таксама яшчэ адна вельмі істотная нагода, а менавіта, піяры лічылі, што нельга замыкаць дзверы перад нацыянальнымі меншасцямі. Палажэнне гэтае датычыла - канешне - і вучняў. Як ўжо ўспаміналася раней - 1/3 навучэнцаў Гандлёвай школы складала моладзь майсеевага вызнання. Тэндэцыя гэтая ўтрымалася да выбуху ІІ Сусветнай вайны [99].

Дасягненні дырэктара Купецкай гімназіі не засталіся па-за ўвагай адукацыйных уладаў. 11 лістапада 1938 года наваградскі ваявода - Адам Сакалоўскі - правёў цырымонію ўзнагароджання Генрыка Жалігоўскага Залатым крыжам заслугі - нададзеным яшчэ ў верасні - за заслугі ў арганізацыі прафесійнага школьніцтва [100]. Несумненна, было гэта вельмі вялікім прызнаннем для Жалігоўскага, як і для ўсёй школы. Варта ў гэтым месцы згадаць, што ў Гандлёвай школе ў Лідзе адбывалася шмат урачыстасцяў узнёслага характару. З аказіі выдачы першых гандлёвых атэстатаў аб сярэдняй адукацыі 26 чэрвеня 1936 года адбылося ўручэнне і асвячэнне нанава ўфундаванага штандара школы. Асвячэнне правёў кс. канонік Кароль Любянец. Ва ўрачыстасці ўзяла ўдзел уся грамадскасць горада, а таксама шматлікія госці, сярод якіх можна назваць асістэнта кс. правінцыяла - кс. Станіслава Папроцкага, дырэктара гандлёвых школ з Вільні - Барановіча, а таксама прадстаўніка кураторыюма - інспектара Яна Ажынскага [101].

Сярод важных школьных урачыстасцяў трэба назваць урачыстае адкрыццё памятнай дошкі, прысвечанай Людвіку Нарбуту (8 траўня 1938 г.). Устанавілі яе на сродкі грамадскасці Лідчыны [102]. Дошку ўмуравалі ў франтонную сцяну піярскага касцёла. Была гэта цырымонія для ўсяго калегіюма. Узяла ў ёй удзел таксама школьная моладзь. З Кракава прыбыў на яе правінцыял кс. Геранім Стусінскі ў таварыстве асістэнта польскай правінцыі кс. Банавентуры Кадэі, а таксама кс. Людвіка Руска, рэктара калегіюма ў Кракаве. Прысутнічаў на ўрачыстасці таксама віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Дзяржаўную ўладу рэпрэзентаваў наваградскі ваявода Адам Сакалоўскі, а таксама лідскі стараста Гансоўскі (Гусоўскі) [103].

У красавіку 1939 года Ліда адзначыла дваццатыя ўгодкі вызвалення з-пад улады савецкай Расіі. З той аказіі ў нядзелю, 19 красавіка, польскае радыё зрабіла з Ліды спецыяльную перадачу. Імправізаваную студыю падрыхтавалі ў гімнастычнай зале Купецкай гімназіі, адкуль раніцай уся Польшча пачула пра гісторыю лідскіх піяраў. Прамову перад мікрафонамі сказаў дырэктар школы Генрык Жалігоўскі. З касцёла піяраў таксама транслявалася імша [104].

Праз месяц у гмаху школы адбылася канферэнцыя настаўнікаў купецкіх гімназій Віленскай і Берасцейскай акруг. Прыбыло на яе амаль 500 чалавек. Адбыліся паказальныя ўрокі, у т.л. прафесара Ілінскага па таваразнаўстве і Багуцкага па арганізацыі і тэхніцы гандлю. З адукацыйных уладаў удзел узяў інспектар Ляховіч і былы начальнік Аддзела прафесійных школ Курчэўскі [105].

Канікулы 1939 года, нягледзячы на пагрозу вайны, прайшлі ў лідскім калегіюме спакойна ў падрыхтоўцы да новага школьнага года. Пад канец жніўня пачалі вяртацца з адпачынкаў настаўнікі Купецкай гімназіі. Уступныя экзамены адбыліся 28 і 29 жніўня [106]. У калегіюм прыбылі новыя ксяндзы, сярод іх кс. Каласанты Станіслаў Роек. Прыехаў з Кракава, дзе закончыў факультэт паланістыкі. Заняў пасаду прэфекта ў гімназіі [107].

На заканчэнне прэзентацыі гісторыі Лідскага калегіюма належыць успомніць пра яго лёсы пасля выбуху ІІ Сусветнай вайны. У першы дзень вайны над Лідай з'явіліся нямецкія самалёты. Аўтар "Кронікі..." занатаваў страты сярод цывільнай люднасці. Занатаваў таксама, што змагаецца Вастэрплятэ, Гэль і бароніцца Варшава. Апісаў таксама, што на палітычную арэну ўступіла савецкая Расія. Ліду савецкія войскі занялі 19 верасня: "Дзень быў пануры. З раніцы ішоў дождж. Раз'яснілася добра ў поўдзень, калі ўваходзілі войскі Чырвонай Арміі" [108].

11 кастрычніка ў канцылярыі школы з'явіўся камісар па справах школьніцтва - Казлоў. Ён паінфармаваў, што Купецкая гімназія будзе нацыяналізавана, плата за вучобу адмяняецца, а зарплату настаўнікам будзе выплачваць савецкая дзяржава. Прызначылі адміністратара школы. Пад канец кастрычніка Купецкую гімназію перафармавалі ў гімназію агульнаадукацыйную. Частку настаўнікаў звольнілі. Прызначылі новага дырэктара школы. Дырэктар Генрык Жалігоўскі загадзя выехаў з Ліды. На пачатку снежня пачалі кружыць пагалоскі пра прымусовае высяленне піяраў. Выклікалі яны агульнае прыгнечанне. 14 снежня кожны з ксяндзоў атрымаў загад пакінуць памяшканне на працягу 24 гадзін. Так закончылася "Кроніка Калегіюма аа. піяраў": "Нашая лідская пляцоўка трымалася найдаўжэй у поўным камплекце, як Вэстарплятэ. Пасля Шчучына, Любяшова прыйшла чарга на нас. Але гэта нічога, ператрываем, не паддамося. І вернемся назад" [109].

Пераклад Станіслава Судніка.



[1] Ліквідацыя Дому піяраў у Корацкім Міжрэччы наступіла праз некалькі гадоў, у 1853 г. Diccionario Enciclopedico Escolapio, Presencia de Escuelas Pias. Vol. I., Madrid-Salamanca 1900, s. 596-597.

[2] Kronika Kolegium O.O. Pijarow w Lidzie, s. 1, archiwum pijarow w Krakowie, sygn. Col. Lid. 5. Kronika ёсць адзіным такім поўным, і адначасова цалкам невядомым запісам гісторыі калегіюма і школ у Лідзе ў міжваенны перыяд. Напісана яна была, акрамя Уступа, бегла, мяркуючы па характары пісьма, шасцю аўтарамі. Свой фрагмент падпісаў толькі кс. Алойзы Наперач. Астатнія аўтары засталіся ананімнымі. Kronika дзеліцца на Уступ, асноўную частку, падзеленую на перыяды: травень 1926 - ліпень 1931; ліпень 1931 - ліпень 1934; Ліпень 1934 - ліпень 1937; 1937/1938, а таксама кастрычнік 1939. Толькі Уступ і першы, а таксама апошні раздзел не маюць пацверджання візітатараў. У астатніх на канцы кожнага з іх подпіс візітатара пацвярджае праўдзівасць запісу. Таму таксама можна прыняць Kronike... за дакладную крыніцу. Напрыклад, перыяд ліпень 1931 - ліпень 1934 пацвярджаюць візітатары ксяндзы Д. Русек і А. Ступнік, а таксама генеральны візітатар піяраў з Рыма - кс. Т. Гарыдо. Пра архіў піяраў у Кракаве гл. P. Komorowski, Archiwum pijarow w Krakowie, "Analecta" 1994, R. III, z. 2, s 109-122.

[3] Там жа.

[4] A. Wrobiel, Powrot pijarow do Lidy po I wojnie swiatowej, "Ziemia Lidzka" 1996, nr 21-22, s. 8. Кс. J. Барэль нар. у Іспаніі 16.ІХ.1867. Быў рэктарам Дома ў Кракаве, правінцыялам і выхавацелем моладзі. Заснавальнік гімназіі ў Кракаве. Смяротна паранены выбухам міны памёр у Любяшове 28.Х.1943. А. Pitala: Przyczynki do dziejow polskiej prowincji pijarow 1642-1992. Krakow 1993, s. 153, 166-167.

[5] Юры (Ежы) Баляслаў Матулевіч (Матулайціс) 1871-1927 па паходжанні быў літоўцам. Займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў аднавіцелем (1909 г.), рэфарматарам і генералам Ордэна марыянаў, для якіх заснаваў дом у Марыямпалі, дзе пасяліўся. Быў таксама апостальскім візітатарам на Літве і стваральнікам касцельнай правінцыі ў гэтай дзяржаве (1926 г.). У кастрычніку 1918 года быў намінаваны на Віленскага біскупа. Быў вядомы сваімі рэфарматарскімі поглядамі, датычнымі каталіцкага касцёла. Праціўнік утварэння Віленскай мітраполіі. З погляду на пралітоўскія сімпатыі і вынікаючыя з гэтага ўмяшанні ў палітычныя спрэчкі, польскі ўрад дамагаўся ад апостальскай сталіцы яго адклікання. Змагаліся з ім вельмі моцна полькія правыя. Сярод часткі польскай грамадскасці, як таксама сярод нацыянальных меншасцяў карыстаўся вялікай павагай. У 1925 годзе Матулевіч сам сыходзіць з пасады віленскага біскупа. Памёр у арэоле святасці ў Коўні. Беатыфікаваны Янам Паўлам ІІ у 1987 г. М.B. Pecyna, Osobowosc i dzialanie blogoslowionego Jerzego Matulewicza, Wroclaw 1990, s. 34-53$ Polski Slownik Biograficzny, Wroclaw 1975, t. XX/2, z 85, s. 208-211$ T. Gorski, Blogoslowiony Jerzy Matulewicz, Warszawa 1988, s. 9-27; J. Kloczowski, L. Mullerowa, W dwudziestym stuleciu (1918-1980), [w:] J. Kloczowski, L. Mullerowa, J. Skarbek, Zarys dziejow Kosciola katolickiego w Polsce, Krakow 1986, s. 352, 432$ Slownik Polskich teologow katolickich 1918-1981, Warszawa 1983, vol. 6, s. 433.

[6] У архіве піяраў у Кракаве захаваўся чарнавік гэтага запісу са шматлікімі ручнымі праўкамі, датаваны на 26 чэрвеня 1923 года - Ракавіцы. Подпіс нечытэльны.

[7] A. Wrobel, dz. cyt., s. 8.

[8] Там жа.

[9] Kronika, s. 3.

[10] A. Wrobel, dz. cyt.,; Канкардат падпісаны толькі 10 лютага 1925 г.

[11] Kronika, s. 1-2 і A. Wrobel, dz. cyt., s. 8.

[12] Kronika, s. 4, 18 i Diccionario Enciclopedico Escolapio, Presencia de Escuelas Pias. Vol. I., Madrid-Salamanca 1900, s. 537-538.

[13] Калегіюм у Шчучыне Літоўскім паўстаў у 1718-1725 гадах. У сярэдзіне 30-х гадоў ХVIII стагоддзя ў школе пры калегіюме вучыліся 170 вучняў. У васьмідзесятых гадах ХVIII стагоддзя рэформы, згодна з палажэннямі НАК правёў Б. Юндзіл. Шчучынскі калегіюм быў закрыты акупацыйнымі ўладамі ў 1832 г. Diccionario Enciclopedico Escolapio, Presencia de Escuelas Pias. Vol. IІ., Salamanca 1983 і А. Pitala, dz. cyt., s. 128.

[14] Kronika, s. 4.

[15] Kronika, s. 7 і А. Pitala, dz. cyt., s. 154.

[16] Там жа, s. 12.

[17] Kronika, s. 7.

[18] W. Abramowicz, Szkoly pijarskie w Lidzie, "Ziemia Lidzka", 1936, nr 9, s. 2.

[19] Там жа, s. 8.

[20] Там жа, s. 12-13.

[21] Там жа, s. 13.

[22] Там жа, s. 13-14.

[23] Яўрэйскую супольнасць здапінгавала да дзейнасці закрыццё адукацыйнымі ўладамі гімназіі "Тарбут". Kronika, s. 14.

[24] Быў гэта брат Генрыка Мяноўскага (1882-1955), інжынера, палітычнага і гаспадарчага дзеяча, эксперта ў вобласці турызму і распараджэнняў, датычных курортаў. Мяноўскі займаўся таксама прафесійным школьніцтвапм і рамёствамі. PSB, 1975, t. XX/3, z. 86, s. 252-253.

[25] Kronika, s. 16.

[26] У міжваенны перыяд прафесійныя школы гандлёвага профілю па іх колькасці займалі другое месца. На першым месцы былі школы прамысловыя. У Віленскай школьнай акрузе ў 1932 годзе гандлёвых школ было 12. J. Miaso, Szkoly zawodowe w Polsce w latach 1918-1939. Ich razwoj, organizacja i funkcje spoleczne. Wroclaw 1988, s. 160, 163.

[27] Р. Ялбжыкоўскі (1876-1955). Дапамагаў ад 1921 г. біскупу Г. Пшэздзецкаму ў падрыхтоўцы праграмы тэрытарыяльнага падзелу Касцёла на польскіх землях пасля І Сусветнай вайны. У 1926 г. быў першым віленскім арцыбіскупам. Стваральнік Таварыства ксяндзоў "Unitas" і каталіцкага штодзённіка "Zycie i Praca" ("Жыццё і Праца"). У 1931 г. арганізаваў архідыяцэзіяльны сінод - першы ад 1744 г. Пасля прыняцця Вільні ў 1940 г. літоўцамі, адхіляецца ад арцыбіскупства. Ад 1945 г. меў рэзідэнцыю ў Беластоку. P. Nitecki, Biskupi Kosciola w Polsce. Slownik biograficzny, Warszawa 1992, s. 87; Slownik polskich teologow..., vol. 5, s. 564-565: PSB, 1963, t. X/3, z. 46, s. 400-401; J. Kloczowski, L. Mullerowa, dz. cyt., s. 308, 309, 353. Кс. К. Любянец (1866-1942), выхавацель і грамадскі дзеяч. Арганізатар апекі над сіротамі ў Вільні, а таксама арганізатар курсаў удасканалення для моладзі. PSB, 1972, t. XVII/4, z. 75, s. 594.

[28] Там жа, s. 17.

[29] Там жа, s. 15-16.

[30] Col. Lid. 45-73.

[31] Kronika, s. 17.

[32] Кс. Т. Калакоўскі выйшаў з Ордэна піяраў, перабраўся ў Шчучын, дзе стаў свецкім ксендзам. Kronika, s. 18.

[33] Абранне новага правінцыяла павінна адбывацца шляхам выбараў. Такія выбары, аднак, не маглі адбыцца па фармальнай прычыне. Вынікала гэта з таго, што існаваўшыя ў Польшчы Дамы, а менавіта ў Кракаве, Ракавіцах, Лідзе і Шчучыне былі ўтвораны не ў адпаведнасці з канстытуцыямі і з кананічным правам "Domus Formante", з-за адсутнасці адпаведнай колькасці ксяндзоў. Kronika, s. 17-18.

[34] Пасля трох гадоў выканання абавязкаў правінцыяла кс. Ф. Казлоўскі пакідае Кракаў, перабіраецца ў Любяшоў на Палессі. У тамтэйшай гімназіі піяраў вучыць нямецкай мове і з'яўляецца духоўным кіраўніком навіцыяту. Падзеі ІІ Сусветнай вайны засталі яго ў Венгрыі. Застаецца там да яе канца, выконваючы ролю капелана ў лагерах для інтэрнаваных. Восенню 1945 года адважваецца на вяртанне ў Край. Нажаль, падчас зваротнай дарогі памірае 5 кастрычніка ў Славакіі ў мясцовасці Святы Юр і там быў пахаваны. PSB, 1970, t. XV/I, z. 64, s. 7-8.

[35] Kronika, s. 17.

[36] Kronika, s. 17.

[37] Там жа, s. 23.

[38] Там жа.

[39] Там жа.

[40] Там жа.

[41] Там жа.

[42] Там жа.

[43] Там жа.

[44] Там жа.

[45] Col. Lid. 3.

[46] Col. Lid. 3 - (224).

[47] Там жа.

[48] Col. Lid. 3 - (178).

[49] Там жа.

[50] Там жа.

[51] У 1612 г. піяры купілі ў Рыме дом, размешчаны каля касцёла св. Панцеляймона. Будынак гэты стаў ад той пары сядзібай школы. S.G. Guerri, Swiety Jozef Kalasancjusz, Krakow 1994, s. 99-100; DENES, vol. 1, s. 711.

[52] Там жа.

[53] Kronika, s. 43-44.

[54] Kronika, s. 43-44, 51, 52, 61. Пад гіпатэчны заклад прызначаны кавалак зямлі плошчай 432 м2, на якім была пабудавана Гандлёвая школа. Нумар вячыстай кнігі 3483. Працэс гэты быў агалошаны ў прэсе. На яго тэму пісалі м.ін. "Кур'ер Віленскі" і "Слова". Там жа, s. 67.

[55] W. Abramowicz, dz. cyt., s. 2.

[56] Там жа, s. 32.

[57] Там жа, s. 32, 57, 62.

[58] Там жа, s. 28-29.

[59] Там жа, s. 29.

[60] Там жа, s. 35.

[61] Там жа, s. 42.

[62] Там жа, s. 39.

[63] Там жа, s. 30-31; W. Abramowicz, dz. cyt., s. 2.

[64] Там жа, s. 6, 23, 34, 49, 50.

[65] Там жа.

[66] Там жа, s. 31.

[67] Там жа.

[68] Там жа.

[69] Там жа, s. 33.

[70] Там жа, s. 38. Два найлепшыя выпускнікі - Станіслаў Петраш і Юзаф Нарушэвіч уступілі ў навіцыят піраў у Кракаве.

[71] Col. Lid. 3.

[72] Kronika, s. 46.

[73] Там жа, s. 47.

[74] Там жа, s. 47-49.

[75] Там жа, s. 49.

[76] Там жа, s. 50. У Kronicy зайходзіцца прыпіска кс. Яна Інакенція Бубы - праводзіўшага візітацыю - у якой сцвярджаецца, што кс. Наперач выйшаў з Ордэна. Там жа,s. 60.

[77] Там жа, s. 51.

[78] Там жа, s. 52.

[79] Там жа.

[80] Там жа, s. 53-54.

[81] Там жа, s. 52.

[82] Кніга пратаколаў паседжанняў педагагічнай рады Прыватнай 3-класнай гандлёвай школы з 4-м спецыяльным класам кааператыўнага кірунку Калегіюма кскс. піяраў у Лідзе. Запіс ад 26.Х.1935 г., s. 213, Col. Lid. 44.

[83] Там жа, s. 55.

[84] Там жа, s. 55, 59.

[85] Далучаная цытата паходзіць са Статута Прыватнай жаночай купецкай гімназіі ксяндзоў піяраў у Лідзе - архіўная сігнатура Col. Lid. 22. Тэкст статута мужчынскай гімназіі ідэнтычны - syg. arch. Col. Lid. 20. У статуце таксама парушаны асновы прыёму моладзі. Абавязковым ёсць прадстаўленне пасведчання аб заканчэнні шасці класаў усеагульнай школы. Кандыдат мусіць мець закончаныя 13 гадоў, але не больш за 17. У наступнай частцы акрэслены асновы экзаменаў, ужывання падручнікаў, а таксама асновы заключэння і разрыву дамоваў з дырэктарам і персаналам школы.

[86] Col. Lid. 30, 32.

[87] Kronika, s. 24.

[88] Col. Lid. 31, s. 3-6.

[89] Там жа, s. 8.

[90] У праграме звернута асаблівая ўвага на значэнне нацыянальных паўстанняў, на ролю, якую адыграла пасляпаўстанцкая эміграцыя, а таксама на польскую справу ў І Сусветнай вайне. Падкрэслена таксама значэнне Познаньшчыны для развіцця польскай культуры і гаспадаркі. З усеагульных падзей выдзелена рэвалюцыя ў Італіі і ўзнікненне італьянскай дзяржавы, рэвалюцыя ў Германіі, а таксама прычыны і ход І вайны. Там жа, s. 8-10.

[91] У І класе краналіся наступныя тэмы: тавар, вексель, перавод, чэк, акрэдытыў, каштоўныя паперы, купец і яго памочнікі, гандлёвае прадпрымальніцтва. Там жа, s. 15.

[92] Там жа, s. 21.

[93] Там жа, s. 14.

[94] Там жа, s. 23.

[95] Col. Lid. 29.

[96] Kronika, s. 51.

[97] Там жа, s. 59.

[98] Там жа, s. 65. У лістападзе 1938 г. адбыліся выбары ў Сойм, у які па спіску Нацыянальна-радыкальнага лагера быў выбраны Люцыян Брыльскі. У сувязі з новымі абавязкамі пасла ён мусіў сысці з пасады настаўніка. На яго месца прынялі новага паланіста Зянона Познера. Там жа, s. 66. У піярскім архіве захаваліся персанальныя акты настаўнікаў. Апрача такіх дадзеных, як прозвішча, імёны, дата і месца нараджэння, вызнанне, сямейны стан, знаходзілася інфармацыя пра адукацыю і ход прафесійнай працы - акрэслены як "настаўніцкая служба" і адносіны да вайсковай службы. Існавала таксама рубрыка, якая ўтрымоўвала ацэнку працы дадзенага настаўніка. Col. Lid. 42.

[99] Д. Вінаградаў стаў вядомым як вельмі добры настаўнік. Не абышлося без пэўных камплікацый. Калі яго прымалі ў школу, згадзіўся на нізкую зарплату. Тлумачыў, што ідзецца пра працу, а не пра грошы, паколькі мае ўласную, з добрымі перспектывамі фірму. Пры пастаянных фінансавых цяжкасцях школы такое рашэнне было ідэальным. Аднак, калі пераканаўся, што ёсць любімы, цэнены і патрэбны, папрасіў пра вялікую падвышку зарплаты. Стварыла гэта клопат дырэктару, але мусіў на гэта пайсці. Павялічыў толькі Вінаградаву колькасць гадзін на тыдзень. Там жа, s. 26-27.

[100] Там жа, s. 66.

[101] Новы штандар быў залатога і зялёнага колеру з надпісам "Krolowo Szkol Poboznych". Выгафтаваны быў таксама герб Пабожных школ, а таксама дзяржаўны герб, два гандлёвыя гербы і год заснавання школы 1929. Хрышчонымі бацькамі штандара былі: куратар Казімір Шалягоўскі, Зоф'я Слівінская - жонка палкоўніка, камандзіра 77 пп і лідскі стараста Генрык Багаткоўскі. Там жа, s. 25-26.

[102] З гэтай мэтай быў заснаваны Юбілейны камітэт ушанавання Людвіка Нарбута. У часопісе "Ziemia Lidzka" з'явілася некалькі артыкулаў, прысвечаных падрыхтоўцы да гэтай урачыстасці, яе правядзенню. Кошты, звязаныя з умураваннем дошкі перавысілі 1500 зл - суму гэтую цалкам пакрылі са складак. Tylko z godnoscia, panowie. "Ziemia Lidzka" 1937, nr 4, s. 37; Uroczystosci w 75-lecie powstania styczniowogo w Lidzie. Там жа, 1938, nr 5-6, s. 82-83.

[103] Дошка, прысвечаная Л. Нарбуту перажыла гады вайны і камунізму, была знята толькі 17 чэрвеня 1996 года рашэннем настаяцеля новапаўсталай праваслаўнай парафіі, сядзібай якой стаўся былы касцёл аа. піяраў у Лідзе. Kronika Ziemi Lidzkiej i Nowogrodczyny, "Ziemia Lidzka" 1996, nr 21-22, s. 2. У 2013 годзе да 150-х угодкаў студзеньскага паўстання дошка была ўстаноўлена асобнай стэлай каля новага піярскага касцёла на імя Юзафа Каласантага ў лідскім мікрараёне Індустрыяльны. (Рэд.)

[104] Kronika, s. 68.

[105] Гэты з'езд быў апісаны ў "Кур'еры Віленскім". Kronika, s. 64.

[106] Там жа, s. 72.

[107] Кс. К. J. Роек звязаўся з Лідай на блізка 60 гадоў. Не пакінуў касцёла і вернікаў, ані калі выбухнула вайна, ані пасля яе, калі пачаліся цяжкія часы. Вельмі часта быў адзінай апорай для палякаў, якія страцілі сваю Айчыну, як і ўсёй каталіцкай супольнасці Лідчыны. Памёр у кастрычніку 1996 г. I. Stasiewicz-Jasiukowa: O Ksiedzu Stanislawu Rojku Sch. P. wspomnienie serdeczne. "Ziemia Lidzka" 1996, nr 21-22, s. 6-7 i A. Wrobiel: Powrot Pijarow..., Там жа, s. 9.

[108] Kronika, s. 77.

[109] Там жа, s. 80, 85-86.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX