Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Гісторыя Лідскага педагагічнага вучылішча 1944-1956 гг. 


Аўтар: Кашпар Т. В.,
Дадана: 05-05-2021,
Крыніца: Кашпар Т. В. Гісторыя Лідскага педагагічнага вучылішча 1944 - 1956 гг. // Лідскій Летапісец, 2020. 1(89). C. 45-54.



З гісторыі гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча

З 1921 па 1939 год тэрыторыя Заходняй Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы. Горад Ліда быў цэнтрам павета, і ў ім актыўна вялося будаўніцтва. На забалочанай тэрыторыі паміж чыгункай і цэнтрам горада вырашана было стварыць новы раён. Гэты ўчастак лідзяне звалі "выган" і пасвілі тут жывёлу. Пасля меліярацыі тэрыторыі тут праклалі новую вуліцу Міцкевіча (назва захавалася да цяперашняга часу) і пабудавалі Дом старасты, жылыя будынкі для службоўцаў рангам ніжэй і комплекс грамадскіх будынкаў (школа імя Нарутовіча, паштамт). Найбуйнейшай міжваеннай новабудоўляй усё на той жа вуліцы Міцкевіча стаў будынак дзяржаўнай гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча. Гэты маштабны аб'ект, у абліччы якога праступаюць рысы функцыяналізму, быў на той час адным з найбуйнейшых "польскіх" будынкаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Будаўніцтва скончылася ў 1929 годзе. Буды-нак меў тры паверхі. Плошча новай навучальнай установы склала 2800 квадратных метраў. Яна была разлічана на 500 навучэнцаў [10]. З-за высокай аплаты ў гімназіі вучыліся галоўным чынам дзеці вайскоўцаў, паліцыянтаў, дзяржаўных службоўцаў, багатых гараджан. У гімназію прымалі дзяцей пасля сямігадовай агульнаадукацыйнай школы. Навучальны курс падзяляўся на два этапы: агульнаадукацыйны - чатыры гады і спецыяльны ці ліцэй - двухгадовы, на якім рыхтавалі ва ўніверсітэт. Плата за навучанне складала 25 злотых першы год, 30 злотых - другі, 35 - усе наступныя [7]. Гімназісты мелі форменную вопратку: куртачку сіняга колеру, у ліцэі - бардовага і такія ж фуражкі. Дзяўчаты ў гімназіі насілі цёмна-сінюю плісаваную спаднічку і белую льняную блюзку. Да блюзкі прымацоўвалі стужку, а на рукаве насілі блакітную павязку. На барэце быў малюнак арла і блакітны кант. У ліцэі, адпаведна, кант, бант, павязка былі бардовага колеру [ 7]. Прыналежнасць да гімназіі і нашэнне формы навучэнцы лічылі гонарам для сябе.

З успамінаў карэннай лідзянкі Яўгеніі Ярмант мы дазналіся пра настаўнікаў гімназіі. Настаўнікі карысталіся вялікай павагай як сярод вучняў, так і ва ўсім горадзе. Польскую мову выкладаў пан В. Маеўскі. Пад яго кіраўніцтвам у кастрычніку 1935 г. навучэнцы старэйшых класаў гімназіі выдалі ў друкарні Ш. Зяльдовіча шастнаццацістаронкавы часопіс "Творчасць" [11]. Матэматыку вёў пан Каляцінскі. Гэта быў высокі прадстаўнічы мужчына, бацька двух сыноў, якія загінулі падчас вайны ў партызанах. Настаўнікам гімнастыкі ў дзяўчат была пані Папко. Пан Садзевіч і пані Ядвіга Мастовіч пасвячалі вучняў у таямніцы латыні, якая аказалася вельмі цікавым прадметам. Фізіку выкладаў пан Яўген Шулакевіч. Настаўнікам хіміі быў пан Зыгмунт Манке, які пасля вайны выехаў у Польшчу. Геаграфію выкладаў пан Руткоўскі. Вучні маглі выбіраць для вывучэння нямецкую ці французскую мовы. У гімназіі працавала некалькі настаўнікаў-германістаў - пан Сабанскі, пан Кляйдыенст, пан Сямінскі. Толькі пан Сямінскі дазваляў вучням надпісваць алоўкам у падручніку польскі пераклад нямецкага тэксту. Звычайна настаўнікі забаранялі пісаць у падручніках. Сын пана Кляйдыенста Яська падчас вайны загінуў у партызанах. Катэхізіс выкладаў ксёндз Вітольд Нелюбовіч [5, з.82]. У дзяржаўных гімназіях навучанне дзяўчынак і хлопчыкаў вялося сумесна, у той час як у Купецкай гімназіі дзяўчынкі і хлопчыкі займаліся ў асобных будынках. Патрабаванні да паводзін гімназістаў былі цвёрдыя. Напрыклад: гімназістам не дазвалялася бываць на вуліцы без суправаджэння дарослых пасля васьмі гадзін вечара, тым больш хадзіць у кіно на вячэрнія сеансы.

Дзяржаўная гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча вабіла многіх людзей. Вучоба ў ёй адкрывала вялікія перспектывы ў жыцці. Зручна было і тое, што не трэба было з'язджаць з роднага горада, ад сям'і. Акрамя таго прыцягвала выдатнае выкладанне гуманітарных дысцыплін. Па сведчанні былых выпускнікоў гімназіі, адзнака паспяховасці залежала выключна ад здольнасцяў і старання навучэнцаў, а не ад іх фінансавага становішча. Не існавала ніякіх элементаў дыскрымінацыі па рэлігійнай прыналежнасці ці па нацыянальнасці [7]. Дзяцей сялян сюды не прымалі, а тыя, каго прынялі, у сацыяльным плане былі раўнапраўнымі.

У верасні - кастрычніку 1939 г. адбылося ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Увосень 1939 года будынак аддалі школе, якая атрымала назву беларускай, хоць навучанне ішло на рускай мове, акрамя двух урокаў - беларускай мовы і літаратуры. Большасць даваенных настаўнікаў, пакінутых у школе, гаварылі па па-руску. Рускую мову ў старэйшых класах выкладала новая настаўніца, якая прыбыла з Савецкага Саюза - Марыя Навумаўна. Яна была строгай, але на заключным іспыце выяўляла да ўсіх вучняў лаяльнасць. Настаўнікам, які ў дасканаласці валодаў беларускай мовай, чым захапляў дзяцей, быў выкладчык матэматыкі Навум Голямполь. Ён любіў гутарыць з навучэнцамі на адцягненыя тэмы, напрыклад пра існаванне Бога. Дыскусіі праходзілі вельмі рызыкоўна. Выкладчык фізкультуры арганізаваў у школе дзве каманды акрабатычнай гімнастыкі, асобна з хлопчыкаў і дзяўчынак. Абедзве каманды часта выступалі ў гімнастычнай зале ў прысутнасці гледачоў. З'явіўся ансамбль песні і танцу. Ён выконваў беларускія народныя песні, а танцы былі рускія народныя [5, з.103].

Ва ўспамінах Райковай (Кумпяк) З.В. сказана, што ў 1940-1941 гг. у гэтым жа будынку было адкрыта Лідскае педагагічнае вучылішча [6]. Дырэктарам яго быў прызначаны Цвяткоў. Тым часам тут вучыліся Макуцевіч Пётр Купрыянавіч, Макуцевіч Вольга Купрыянаўна, Макуцевіч Ніна Купрыянаўна, Сарока (Перкіна) Ганна Мікалаеўна. Нажаль, гэты факт пакуль не атрымоўваецца пацвердзіць дакументальна.

У 1941-1944 гг. будынак займалі германскія акупацыйныя ўлады. Тут размяшчаліся гебітcкамісарыят і паліцэйская камендатура [6].

ЛІДСКАЕ ПЕДАГАГІЧНАЕ ВУЧЫЛІШЧА Ў 1944 - 1956 гг.

9 ліпеня 1944 года горад Ліда быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Горад быў разбураны на 80%, цэнтр горада разбураны практычна цалкам. Засталося не больш за дзясятак двухпавярховых мураваных будынкаў. У адным з іх - будынку былой гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча па вуліцы Міцкевіча - 30 жніўня 1944 гады пачала працу прыёмная камісія Лідскага педагагічнага вучылішча, утворанага па рашэнні ўрада 15 жніўня 1944 года. Яшчэ ішла Вялікая Айчынная вайна, а краіна ўжо пачала працу па аднаўленні народнай гаспадаркі, па адраджэнні мірнага жыцця.

Лідскае педагагічнае вучылішча, каля 1955 г.

Адкрываліся школы, але ў іх катастрафічна бракавала настаўнікаў. У кожнай вобласці Беларусі было створана па 5 - 6 педвучылішчаў, задача якіх хутка насыціць кадрамі сістэму народнай адукацыі. Так з'явілася Лідскае педвучылішча. Дырэктарам быў прызначаны Фралоў А.Т. Ён займаўся падборам педагагічных кадраў, падрыхтоўкай навучальнага корпуса да заняткаў, рамонтам інтэрната, камплектацыяй бібліятэкі неабходнымі падручнікамі і літаратурай.

Набор абітурыентаў праводзіўся на базе сямігадовай школы і на базе 8 - 10 класаў з паскораным курсам навучання - адзін год. Набор склаў 271 чалавек. Першы паскораны выпуск навучэнцаў адбыўся ўжо ў 1945 годзе. 20 ліпеня 1945 года 29 выпускнікам была прысвоена кваліфікацыя настаўніка пачатковых класаў.

З успамінаў навучэнца першага набору Мікалая Дзікевіча: "У адзін з вераснёвых дзён на станцыю Нёман прыехаў настаўнік беларускай мовы Голуб. Ён прывёз аб'яву пра арганізацыю ў Лідзе педагагічнага вучылішча. Навучэнцы трэцяга курса атрымлівалі бронь. Такім чынам з першага кастрычніка я стаў студэнтам трэцяга курса. Настаўнікаў бракавала, таму ў вучылішча скарацілі тэрмін навучання і павялічылі колькасць урокаў у тыдзень, на колькі маглі скарацілі праграму. Вучыліся ў двухпавярховым будынку, што насупраць СШ № 1. У канцы траўня 1945 гада педвучылішчу перадалі будынак былой гімназіі, які перад гэтым займалі вайскоўцы. У класах вучэльні стаялі доўгія сталы, а лаўкі былі спісаны па-нямецку. Падручнікаў практычна не было. Чыталі па чарзе па два-тры падручнікі на курс. Нашым выратаваннем былі канспекты. Але трэба было бачыць нашы сшыткі, зробленыя са старых нямецкіх улётак, шпалераў, квітанцый! У іх канспектавалі педагогіку, гісторыю, геаграфію і іншыя прадметы. У набытых сшытках пісалі заданні па мове і матэматыцы ці малявалі. Памятаю прозвішчы некаторых выкладчыкаў. Дырэктар вучылішча Фралоў выкладаў гісторыю, завуч Дзяменцій Пятровіч Кардаш выкладаў педагогіку і псіхалогію, Сцяпан Рыгоравіч Зыкаў - хімію і біялогію, Голуб - беларускую мову, Левін - фізкультуру…"

У выніку высілкаў краіны ў 1946 годзе колькасць настаўнікаў у Беларусі склала 80% ад даваеннага. Першы навучальны год 1944 - 1945 педагагічны калектыў вучылішча складалі сем чалавек: Фралоў А.Т. - дырэктар, выкладчыкі - Хатэнка М.Н., Голуб С.Ф., Кардаш Д.П., Старасцін А.А., Левін І.І., Зыкаў С.Г. [7]. У жніўні 1945 года дырэктарам педвучылішча быў прызначаны Макаранка Макар Фёдаравіч - выкладчык фізікі, адстаўны афіцэр, інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Шмат высілкаў прыклаў Макар Фёдаравіч для стварэння матэрыяльнай базы навучальнай установы. Вучэльня займала дзевяць класных пакояў па 60 кв. м, дзевяць класаў па 30 кв. м. і спартовую зала (г.зн. палову будынка). У гадавой справаздачы за 1946 - 1947 гг. сказана, што ўдалося адрамантаваць цэнтральную ацяпляльную сістэму, але яна не працавала з-за адсутнасці паліва. Навучальныя класы абаграваліся жалезнымі печкамі - часовымі збудаваннямі. Усяго былі 33 печкі. Дровы калектыў нарыхтоўваў самастойна сіламі настаўнікаў і навучэнцаў. Імкнуліся зрабіць гэта да пачатку летніх вакацый. Печы паліў апальшчык. Прыбралі печы ў 1947 годзе [ф. 32, воп.1, спр. 4]. У вучылішчы працавала сталовая. Спачатку ў ёй рыхтавалі толькі абеды. Цэны былі даступныя для навучэнцаў. З 1947 года пачалі рыхтаваць сняданак і вячэру. Студэнтам у патрэбе выдзялялася матэрыяльная дапамога па трыста рублёў (дадзеныя на 1947 год). Многія навучэнцы, як і ў наш час, іншагароднія, таму існавалі два інтэрнаты - мураваны двухпавярховы на 120 чалавек і маленькая драўляная хата на 20 чалавек. У 1947 годзе ў цокальным паверсе навучальнага корпуса абсталявалі два пакоі пад інтэрнат: адзін пакой для юнакоў, другі для дзяўчат. Жыхарам інтэрната выдавалася не толькі пасцельная бялізна, але і абрусы, фіранкі, дарожкі на падлогу. У гэтым жа 1947 годзе ўдалося цалкам зашкліць падвойныя вокны. Улетку 1947 года конны транспарт, які належаў вучылішчу, замянілі на аўтамабільны, у вучылішчы з'явілася машына і шафёр [ф. 32, воп.1, спр. 4]. На наступны навучальны год педагагічны калектыў папоўніўся за кошт выпускнікоў ВНУ і дасведчаных педагогаў са стажам працы больш дзесяці гадоў. З 16 выкладчыкаў 12 мелі вышэйшую адукацыю, 4 - сярэднюю. Але па-ранейшаму не было выкладчыкаў па маляванні і па працы. У 1945 годзе аплата працы педагогаў была невысокай: стаўка дырэктара і завуча складала па 750 рублёў [ф. 32, воп. 1, спр. 2]. У 1946 - 1947 навучальным годзе зарплата была падвышана: стаўка дырэктара склала 1157 рублёў, а настаўніка - 730 рублёў [ф. 32, воп. 1, спр. 4]. Вялікая частка настаўнікаў жыла на кватэрах у гараджан. Дзяржава выплачвала на арэнду жылля кватэрныя. У 1947 гозе драўляны будынак інтэрната пераабсталявалі пад кватэры для выкладчыкаў. Тут пасялілася шэсць чалавек. Дзевяць выкладчыкаў атрымалі кватэры ў гарадскіх дамах камунальнай гаспадаркі. Трое выкладчыкаў засталіся на прыватных кватэрах [ф. 32, воп.1, спр. 8].

Напачатку 1946 года былі створаны два метадычныя аб'яднанні выкладчыкаў - натуральна-матэматычных і гуманітарных навук. У вучылішчы працавалі тры кабінеты - прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі і матэматыкі, педагогікі і прыватных методык. У кабінеты было набыта абсталяванне і навучальныя дапаможнікі на суму 9 тысяч рублёў, а ў бібліятэку набылі 4471 кнігу на суму пяць тысяч рублёў [ф. 32, воп. 1, спр. 2]. Горш за ўсё літаратурай былі забяспечаны такія прадметы, як педагогіка, псіхалогія, прыватныя методыкі. Падручнікі былі на рускай і на беларускай мовах. Адзін падручнік прыпадаў на пяць-шэсць навучэнцаў. Вядома, навучальнага абсталявання і дапаможнікаў бракавала. За 1944 - 1946 гады навучэнцы пад кіраўніцтвам выкладчыкаў вырабілі 146 табліц, 54 макеты, 26 дапаможнікаў па літаратуры і гісторыі [ф. 32, воп.1, спр. 2]. Заняткі праходзілі ў першую змену, а ў другой палове дня навучэнцы працавалі ў кабінетах, выкарыстоўваючы наяўную там літаратуру. Кабінеты і бібліятэка працавалі з 14 да 22 гадзін. Каб навучэнцы маглі быць у курсе жыцця краіны, бібліятэка вучылішча выпісвала газеты "Праўда", "Камсамольская праўда", "Настаўніцкая газета", "Савецкая Беларусь", "Зорка", "Гарадзенская праўда" і "Уперад". А ўжо ў 1947 годзе было выпісана дадаткова 19 літаратурных і грамадска-палітычных і 15 адмысловых метадычных часопісаў.17 найменняў газет і 10 часопісаў выпісана выкладчыкамі асабіста [ф. 32, воп. 1, спр. 8]. Вялікая праца праводзілася па навядзенні парадку на прылеглай да вучылішча тэрыторыі. Быў закладзены доследны ўчастак у двары. У 1949 годзе да яго дадалі парнік. На ўчастку гадавалі расаду для падшэфнага калгаса імя Сталіна, а таксама тронкі парэчак. З 1946 года вучылішча мела дапаможную гаспадарку, у якой сеялі па гектары ячменю і вікі і 0,35 га аўсу на корм [ф. 32, воп.1, спр. 4]. Навучэнцы вучылішча дапамагалі падшэфнаму калгасу. Так за 1954 - 1955 гады было выкапана 59 гектараў бульбы, прыбрана 12 гектараў морквы, пасеяна 46 гектараў кукурузы, выкапаны дзве сіласныя ямы. Навучэнцы старэйшых курсаў дапамагалі агітаваць калгаснікаў падпісацца на дзяржаўную пазыку. Але самай любімай справай было выступаць з канцэртамі мастацкай самадзейнасці перад вяскоўцамі [ф. 32, воп. 1, спр. 42].

Чым бы не займаліся навучэнцы, іх галоўная мэта была атрыманне якаснай адукацыі для таго, каб стаць добрымі настаўнікамі. Узровень адукацыі шмат у чым залежаў ад педкалектыва. Выкладчыкі працавалі над удасканаленнем праграм і навучальных планаў, над складаннем курсаў лекцый і практычных заняткаў. Каб веды навучэнцаў былі трывалымі, выкладчыкі шмат працавалі з дзецьмі пасля ўрокаў. Напачатку навучальнага года кожны выкладчык даваў навучэнцам спіс навучальнай і папулярнай літаратуры абавязковай для вывучэння, а таксама метадычныя парады па ажыццяўленні самастойнай працы. Два разы ў месяц правяралася выкананне задання. На працягу навучальнага года навучэнцы педвучылішча выконвалі творчыя пісьмовыя работы пасля ўрокаў. Перад выкананнем пісьмовай работы яны павінны былі выканаць заданне - мінімум па сваёй тэме [ф. 32, воп.1 спр. 4].

Важнае пытанне ў прафесійнай адукацыі - гэта практыка навучэнцаў. Высілкамі дырэктара педвучылішча Макаранкі М.Ф. было вырашана пытанне з базай практыкі. Успомнім, што палову будынка (правае крыло) займала педвучылішча, другую палову (левае крыло) - СШ № 2, у пачатковых класах якой і было арганізавана праходжанне педагагічнай практыкі. У 1946 годзе кожны навучэнец даваў 5 - 6 пробных урокаў па беларускай і рускай мовах, чытанні, арыфметыцы, гісторыі, прыродзе, маляванні, фізкультуры. Акрамя гэтага праходзіла двухтыднёвая практыка ў сельскіх школах (двухкамплектных). З 1947 года сістэма педагагічнай практыкі стала больш прадуманай. Яна складалася з наступных частак:

назіранне "Першыя дні дзіцяці ў школе" - 10 дзён;

назіранне паказальных урокаў у школе;

правядзенне пробных урокаў у школе (8 - 9 урокаў);

аднадзённая педагагічная практыка;

двухтыднёвая педагагічная практыка (галоўным чынам у школах Ліды).

З 1948 года з'яўляецца пасада "кіраўнік педагагічнай практыкі". Спачатку гэтую працу выконвала выкладчык педагогікі Баброўская Н.А., а з 1953 года - выкладчык педагогікі Стрэльскі Т.П. Сістэма педагагічнай практыкі была арганізавана добра. Пра гэта часта ўспаміналі былыя выпускнікі падчас сустрэч у сценах сучаснага каледжа. Успаміналі смешныя выпадкі і вострыя сітуацыі на ўроках. Выпускнікоў педвучылішча адрознівала моцная практычная падрыхтоўка. Яны ведалі, як рацыянальна выбудаваць занятак, як працаваць з навучэнцамі з розным узроўнем падрыхтоўкі, як супакоіць гарэзу і многае іншае. За чатыры - пяць гадоў працы ў вучылішчы з'явіліся дасведчаныя выкладчыкі-метадысты: Чарнічэнка Емяльян Рыгоравіч (матэматыка), Патапенка Канстанцін Емяльянавіч (матэматыка), Буланкова Марыя Мікалаеўна (прыродазнаўства), Шнейдар Алена Пятроўна (бел. мова), Шаўлюга Вольга Аляксееўна (рус. мова), Каробка Зінаіда Антонаўна (рус. мова). З 1948 года выкладчыкі Лідскага педвучылішча выступаюць з дакладамі па методыцы выкладання розных прадметаў у пачатковай школе на настаўніцкіх канферэнцыях у горадзе Лідзе [ф. 32, воп.1, спр. 11].

З успамінаў Янчэўскага Уладзіміра Уладзіміравіча: "Лідскае педвучылішча я закончыў у 1948 г. Вучыўся з Віктарам Каваленкам, студэнт як студэнт, мы з ім у інтэрнаце жылі ў адным пакоі. Я быў старастам пакоя, лепшы сябар Залескі быў з Багданава, яго маланкай забіла. Мы з ім сябравалі, а з Каваленкам так. Вучыўся ён добра. Сур'ёзны хлопец, сустрэліліся неяк выпадкова ў Менску. Мы - пераросткі - на 3 курсе былі. Інтэрнат апальваўся звычайнымі печкамі. Дырэктар Макар Фёдаравіч Макаранка, без рукі. Хатэнка фізіку вёў, хадзячая энцыклапедыя, Пікулік вёў беларускую, гісторыю вёў Івашын, біёлаг Зыкаў, халасцяк, з сынам Дзімам, Гарбачова - настаўніца, рускую вёў Мастовіч Аркадзь Уладзіміравіч, літараед".

У 1948 годзе Лідскае педагагічнае вучылішча ўзначаліў Якімовіч К.В., удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, выкладчык гісторыі, які затым быў пераведзены на працу ў Міністэрства асветы БССР на пасаду начальніка аддзела кадраў [7].

У 1949 годзе вучылішча перайшло на чатырохгадовае навучанне. У навучальныя планы быў уведзены яшчэ адзін прадмет - замежная мова. Вышэйпастаўленыя арганізацыі, галіновае міністэрства, безумоўна, кантралявалі працу маладой навучальнай установы. У красавіку 1949 года Лідскае педвучылішча было падвергнута інспектарскай праверцы з боку Міністэрства адукацыі БССР. На працягу пяці дзён праверку ажыццяўляла дасведчаны інспектар Суворава Лідзія Георгіеўна. Яе заўвагі і рэкамендацыі былі карысныя маладому калектыву педвучылішча [ф. 32, воп. 1, спр. 11]. У траўні 1952 года праца педвучылішча была праверана інспектарам Гарадзенскага аблана Гагарыным П.Д., які даў станоўчую адзнаку дзейнасці педкалектыва [ф. 32, воп. 1, спр. 28]. У сярэдзіне лютага 1953 гады па даручэнні Гарадзенскага абкама партыі быў правераны стан выкладання гісторыі, педагогікі і літаратуры завучам Гарадзенскага педінстытута тав. Лявіцкім. Працы дадзена станоўчая адзнака. У канцы сакавіка 1953 года працу навучальнай установы правярала інспектар аддзела педВНУ і педвучылішчаў Міністэрства адукацыі БССР Суворава Лідзія Георгіеўна. Інспектар зрабіла шэраг заўваг. Вынікі праверкі абмяркоўваліся на педсавеце 30 сакавіка. Педсавет прайшоў бурна [ф. 32, воп. 1, спр. 31].

У любой справе важна наладзіць працоўную дысцыпліну. У гэтым кірунку вынікі былі проста дзіўныя. Чытаем у гадавой справаздачы Лідскага педвучылішча за 1947 - 1948 гг.: "Пропускаў заняткаў без паважлівай прычыны сярод навучэнцаў не было. Пропускаў заняткаў сярод настаўнікаў не было" [ф. 32, воп. 1, спр. 8]. Вось да такой дысцыпліны трэба імкнуцца і сёння.

З 1952 па 1956 год Лідскае педвучылішча ўзначальваў Уладзімір Канстанцінавіч Занкевіч [7]. Ён выкладаў матэматыку, быў удзельнікам партызанскага руху. Педагагічны калектыў шмат увагі надаваў самастойнай падрыхтоўцы навучэнцаў да заняткаў. Педагогі вучылі моладзь, як правільна арганізаваць свой працоўны дзень, каб паспець зрабіць усё неабходнае, як рыхтавацца да выканання розных тыпаў заданняў, як чытаць хутка, але ўважліва і г.д. Па кожным навучальным прадмеце выкладчыкі праводзілі кансультацыі (па раскладзе кансультацый). Навучэнцы маглі працаваць у навучальных кабінетах. Аднак, нягледзячы на ўсе высілкі выкладчыкаў і старанні навучэнцаў, паспяховасць пакідала жадаць лепшага. Так, з 247 навучэнцаў у 1951 годзе не паспявала 50 чалавек (г.зн. паспяховасць 75,7%), а з 252 навучэнцаў у 1952 годзе не паспявала 40 (паспяховасць 85,7%). Праблема падвышэння якасці выкладання і паляпшэння якасці адукацыі ўвесь час знаходзілася ў поле зроку педкалектыва. Пытанню актывізацыі барацьбы з другагодніцтвам і непаспяховасцю быў прысвечаны асобны педсавет 7 кастрычніка 1953 года, выкананне рашэнняў якога строга кантралявалася адміністрацыяй [ф. 32, воп. 1 спр. 36]. Але акрамя вучобы педагогі стваралі ўмовы для агульнага развіцця навучэнцаў. Ужо ў 1945 годзе ў вучылішчы працавала шэсць гурткоў: палітгурток, хор, драматычны, фізкультурны, літаратурны выпуск насценнай газеты. У 1947 годзе дадаліся гістарычны, фізічны, народных танцаў, стралковы. Але навучэнцам ставілі абмежаванні - наведваць не больш за два гурткі! Потым гурткоў стала яшчэ больш [ф. 32, воп. 1, спр. 11]. За 1951-1952 навучальны год драматычны гурток, у якім займалася 25 навучэнцаў пад кіраўніцтвам Шаўлюгі В.А., паставіў п'есы: "Твая песня" Гусева В., "Прамяні сонца" Чыкаркова, "Тарас Бульба" Гогаля М.В., падрыхтаваў літаратурныя вечары, прысвечаныя Гайдару А., Някрасаву А., Лермантаву М., Пушкіну А., Гогалю М. У 1952 годзе шырока адзначалася 70-годдзе Якуба Коласа. Былі праведзены чытацкія канферэнцыі па кнігах "Вуліца малодшага сына", "Чацвёртая вышыня", "Дарагія мае хлопчыкі", "Аповесць пра Зою і Шуру" [ф. 32, воп. 1, спр. 31]. У падрыхтоўцы і правядзенні вечароў бралі ўдзел таксама гурткі мастацкай самадзейнасці і акрабатыкі. Гурткі мастацкай самадзейнасці рыхтавалі канцэртныя праграмы да святочных дат і выступалі з канцэртамі ў падшэфным калгасе. Так, толькі за 1946 - 1947 навучальны год было праведзена 12 тэматычных вечароў. "Жадаеце танцы - рыхтуйце вечар", - казалі настаўнікі, і дзеці рыхтавалі. У першыя паваенныя гады практыкаваўся калектыўны прагляд кінастужак. За 1946 - 1947 навучальны год навучэнцы паглядзелі 14 кінастужак [ф. 32, воп. 1, спр. 9].

З 1951 года на першым і другім курсах уведзены індывідуальныя заняткі па музыцы. Эстэтычнаму, у прыватнасці музычнаму выхаванню, пачалі надаваць больш увагі. У вучылішчы з'явілася тры выкладчыкі музыкі. Выкладчык Штундар С.П. выдатна граў на скрыпцы (вучыўся ў Віленскай кансерваторыі). Быў арганізаваны струнны аркестр. Вялікая ўвага надавалася праслухоўванню класічнай музыкі. Перад педагогамі ставілася задача - растлумачваць важнасць музычнай адукацыі для будучага настаўніка пачатковых класаў. Увайшло ў традыцыю праслухоўванне музычных твораў у выкананні выкладчыкаў [ф. 32, воп. 1, спр. 16].

У 1952 годзе, 1 сакавіка ўпершыню быў арганізаваны вечар сустрэчы з выпускнікамі. Гэта стала добрай традыцыяй. І калі на гэтым жа месцы, у гэтым жа будынку праз 26 гадоў ізноў было адкрыта педвучылішча, выпускнікі першага педвучылішча пачалі прыходзіць у родныя сцены. Адна група сабралася на свой 30-гадовы юбілей, потым на 40-гадовы і ў 2005 годзе 16 чалавек з групы выпуску 1955 года сабраліся на 50-годдзе свайго выпуску. Яны падарылі музею педвучылішча некалькі цікавых экспанатаў.

З 1950 года для выкладчыкаў існавала абавязковая форма палітвучобы: кожны выкладчык павінен быў вывучыць якую-небудзь першакрыніцу па марксізму-ленінізму, прачытаць, заканспектаваць і вытрымаць гутарку па змесце твора (мабыць у дырэктара). Адзін раз у тыдзень выкладчык праводзіў у сваёй групе палітзанятак. У выкладчыка абавязкова павінен быў быць канспект занятку. Навучэнцам 3 - 4 курсаў дазвалялася самастойна праводзіць палітінфармацыі, рабіць даклады, але канспект таксама абавязковы і для іх [ф. 32, воп. 1, спр. 26].

Са жніўня 1951 года ў Лідскім педагагічным вучылішчы функцыянавала метадычнае аб'яднанне класных кіраўнікоў. Архіўныя матэрыялы нам падказваюць, што выхаваўчая праца ніколі не пускалася на самацёк. Планы выхаваўчай працы класных кіраўнікоў захоўваюцца ў Лідскім занальным архіве за ўсе гады працы вучылішча. На зімовых вакацыях у 1952 годзе калектыў упершыню змог арганізаваць вялікую экскурсію. Навучэнцы 3 - 4 курсаў пабывалі ў сталіцы БССР горадзе Менску, а ўлетку таго ж года - у Маскве. Гэта была ініцыятыва дырэктара вучылішча Якімовіча К.В.

21 красавіка 1954 года ў вучылішчы ўпершыню была арганізавана выстава наглядных дапаможнікаў, самастойна вырабленых навучэнцамі. Нагляднасці для правядзення ўрокаў у школах па-ранейшаму бракавала і кожны настаўнік павінен быў умець зрабіць патрэбную табліцу, макет ці карту сваімі рукамі [ф. 32, воп. 1, спр. 36]. У 1953 - 1954 навучальным годзе з'явілася магчымасць праводзіць кінаўрокі ў адмыслова абсталяваным класе.

У Лідскім педвучылішчы некаторы час працавала завочнае аддзяленне. Яно было адкрыта ў снежні 1944 года. Працу завочнага аддзялення ўзначаліў Старасцін А.А. У 1946 годзе на завочным аддзяленні навучаліся 250 чалавек. Завочнае аддзяленне працавала да 1949 года. Па рашэнні Міністэрства асветы БССР завочнае аддзяленне Лідскага педвучылішча было перададзена ў Гарадзенскае педвучылішча ў 1949 годзе [ф. 32, воп.1, спр. 10].

У 1951 - 1952 навучальным годзе вучылішча скончылі 46 чалавек. Іх накіравалі на працу галоўным чынам у школы Радуньскага і Воранаўскага раёнаў [ф. 32, воп. 1, спр. 28]. Са 145 выпускнікоў 1954 года 72 накіраваны на настаўніцкую працу, 63 - на пасаду піянерскіх важатых, 10 чалавек накіраваны ў распараджэнне Міністэрства культуры [ф. 32, воп. 1, спр. 44].

У 1953 - 1954 навучальным годзе ў Лідскае педвучылішча былі пераведзены чатыры групы навучэнцаў і чацвёра выкладчыкаў з Ваўкавыскага педвучылішча. У наступным 1954 - 1955 навучальным годзе ў вучылішчы займалася 367 чалавек (з іх 354 камсамольцы, 74 юнакі, 293 дзяўчыны). Працуе 25 выкладчыкаў, 18 з іх з вышэйшай адукацыяй, 2 з няскончанай вышэйшай і 5 з сярэдняй адукацыяй. Гэта выкладчыкі чыстапісання, малявання і музыкі. Заняткі праводзіліся ў адну змену ў дзесяці класных пакоях. Працавала ўжо шэсць кабінетаў: рускай мовы і літаратуры, педагогікі, гісторыі, фізіка-матэматычны, біялогіі, музычны. Вучылішча таксама мела фізкультурную залу, бібліятэку, у якой не было чытальнай залы, і невялікія пакоі, дзе размяшчаліся кабінет дырэктара, кабінет завуча, канцылярыя, настаўніцкая і памяшканне для працы камітэта камсамолу. Тым часам ужо востра адчувалася неабходнасць пашырэння плошчы навучальнага корпуса за кошт памяшканняў школы, размешчанай у гэтым жа будынку. З 1954 года пачалі скарачаць набор. У 1955 - 1956 навучальным годзе займалася 270 чалавек [ф. 32, воп. 1, спр. 42].

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР № 333 ад 21 чэрвеня 1956 года Лідскае педагагічнае вучылішча было закрыта з 15 жніўня 1956 года. Частка навучэнцаў завяршыла адукацыю ў Наваградскім педагагічным вучылішчы [ф. 32, воп. 1].

З 1944 па 1956 год былі зроблены адзінаццаць выпускаў навучэнцаў. 710 выпускнікам прысвоена кваліфікацыя "Настаўнік пачатковых класаў". Многія з тых, хто атрымаў педагагічную падрыхтоўку ў сценах вучылішча, з'яўляюцца сапраўднымі асветнікамі, вядомымі на Лідчыне і ва ўсёй Беларусі. Гэта выпускнікі і навучэнцы вучылішча:

- Бурдун Аляксей Аляксандравіч - кандыдат педагагічных навук, выкладчык БДУ (выпуск 1953 года);

- Каваленка Віктар Антонавіч - доктар філалагічных навук, выкладчык БДУ, кіраўнік інстытута літаратуры АН БССР;

- Бартон Віталь Іванавіч - кандыдат філасофскіх навук, выкладчык БДУ (выпуск 1955 года);

- Сідар Сяргей Іванавіч - доктар педагагічных навук, аўтар падручнікаў і дапаможнікаў па геаграфіі для сярэдняй школы, выкладчык БДУ (выпуск 1955 года);

- Кудла Канстанцін Канстанцінавіч - кандыдат геаграфічных навук, выкладчык педагагічнага інстытута імя М. Танка (выпуск 1955 года);

- Урбановіч Уладзімір Аляксандравіч - настаўнік беларускай мовы і літаратуры Валеўскай СШ Наваградскага раёна, краязнавец, стваральнік народнага музея ў Валеўскай СШ, аўтар дзвюх кніг па літаратурным краязнаўстве;

- Бічэль Данута Янаўна - беларуская паэтка;

- Васько Антон Іосіфавіч - выкладчык Мазырскага педінстытута (выпуск 1953 года);

- Зайка Сцяпан Міхайлавіч - кандыдат гістарычных навук, выкладчык БДУ (выпуск 1953 года);

- Наркун Зянон Міхайлавіч - выкладчык матэматыкі Гарадзенскага педінстытута (выпуск 1956 года);

- Сяржынскі Іван Іосіфавіч - кандыдат эканамічных навук, намеснік загадчыка аддзелам НДІ эканомікі АН БССР (выпуск 1953 года);

- Захарка Міхаіл Аляксандравіч - загадчык агульнага аддзела Гарадзенскага аблвыканкама (выпуск 1955 года);

- Астрэйка Фёдар Іванавіч - намеснік старшыні Лідскага райвыканкама ў 1970-ыя гады (выпуск 1955 года);

- Дзікевіч Мікалай Мікалаевіч - краязнавец, аўтар дзвюх кніг пра Лідчыну (выпуск 1945 года);

- Кулеш Анатоль Фёдаравіч - краязнавец, аўтар шматлікіх артыкулаў і кнігі пра гісторыю г. Ліды (выпуск 1949 года).

Многія выпускнікі ганараваны Ганаровым званнем "Выдатнік народнай асветы" і "Заслужаны настаўнік Беларусі". Гэта настаўнікі горада Ліды і Лідскага раёна - Петрачэнка А.Ф., Кулеш А.Ф., Вільбік І.І., Кароль Е.І., Біржакова А.П., Дзідэнка А.Ф., Сарока А.І., Дароніна Т.А., Гаранская А.Д. і іншыя.

Першыя два гады працы Лідскага педвучылішча выпускнікі атрымлівалі толькі атэстаты пра заканчэнне вучылішча з запісам пра прысваенне кваліфікацыі "Настаўнік пачатковых класаў". Пазней выдаваліся дыпломы адмысловага ўзору.

Мы ганарымся сваімі папярэднікамі, выдатнымі настаўнікамі, якія сваёй працай стварылі добрае імя нашай alma mater. Мы спадзяёмся, што здолеем працягнуць традыцыі, закладзеныя імі, і зможам прынесці карысць справе асветы.

Дадатак 1.

КНІГА ВЫДАЧЫ АТЭСТАТАЎ ЛІДСКАГА ПЕДВУЧЫЛІШЧА 1945-1956 гг.

Год

Стацыянар

Завочнае аддзяленне

1945

31

1946

70

40

1947

56

30

1948

68

30

1950

пераход на чатырохгадовае навучанне

1951

55

1952

46

1953

43

1954

57

1955

116 + 146

Разам

758

160

АДМІНІСТРАЦЫЯ ЛІДСКАГА ПЕДАГАГІЧНАГА ВУЧЫЛІШЧА 1944 - 1956 гг.

ДЫРЭКТАРЫ

ЗАВУЧЫ

1944 - 1945 гг. Фралоў А.Т.

1944 - 1947 гг. невядома

1945 - 1948 гг. Макаранка Макар Фёдаравіч

1947 г. Данкоў І.І.

1948 - 1952 гг. Якімовіч К.В.

1947 - 1952 гг. Папала Я.В.

1952 - 1953 гг. Буланкова Марыя Мікалаеўна

1952 - 1956 гг. Занкевіч Уладзімір Канстанцінавіч

1953 - 1956 гг. Краснажон В.К.

Дадатак 3.

ВЫКЛАДЧЫКІ ЛІДСКАГА ПЕДАГАГІЧНАГА ВУЧЫЛІШЧА

1944 - 1956 гг.

1. Фралоў А.Т.

2. Хатэнка М. Н.

3. Голуб Сцяпан Фокавіч (бел. мова).

4. Кардаш Д. П. - кіраўнік метадаб'яднання гуманітарных навук.

5. Старасцін А.А.

6. Левін І.І.

7. Зыкаў Сцяпан Рыгоравіч (біялогія).

З 1947 года

8. Чарнічэнка Емяльян Рыгоравіч (матэматыка).

9. Шапенка Любоў Якаўлеўна (музыка).

10. Яўглеўскі Л. С. (ваенрук, фізкультура).

11. Міркіна Слава Міхайлаўна (хімія, псіхалогія).

12. Патапенка Канстанцін Емяльянавіч (матэматыка).

13. Буланкова Марыя Мікалаеўна (геаграфія).

14. Гарбачоў Мікалай Свірыдавіч (педагогіка).

15. Гарбачова Анастасія Прохараўна (бел. мова з методыкай выкладання).

16. Самовіч Леанід Вікенцьевіч (гісторыя і канстытуцыя).

17. Івашын Мікалай Уладзіміравіч (гісторыя і канстытуцыя).

18. Пікулін Іліядор Савельевіч (бел. мова).

19. Папала Я. В. (геаграфія, анатомія).

20. Макаранка Макар Фёдаравіч (фізіка).

21. Бардоўскі П. Г. (чыстапісанне).

22. Сявенка П. Ю. (маляванне).

23. Сафонава Л. П. (музыка).

24. Мастовіч Аркадзь Уладзіміравіч (рус. мова).

25. Сыцко Георгій Рыгоравіч (матэматыка).

26. Колас Ганна Мікалаеўна (геаграфія).

27. Якімовіч К. В. (гісторыя).

28. Волкава В. К. (рус. мова).

29. Раманоўская Н. (фізіка).

30. Рагуцкая В. В. (маляванне).

31. Гурынава Л. К.

32. Сіціхоўская Т. П. (сельская гаспадарка).

33. Смірноў Н. А. (ваенрук, фізкультура).

34. Баброўская Н. А. (педагогіка, кір. педпрактыкі).

З 1948 года

35. Шаўлюга Вольга Аляксееўна (бел. мова, рус. мова, кіраўнік метадаб'яднання філолагаў).

36. Каробка Зінаіда Антонаўна (рус. мова).

37. Гарбунова Паліна Ісакаўна (англ. мова).

З 1949 года

38. Савельева Лідзія Георгіеўна (фізкультура).

З 1950 года

39. Аляксейчык Аляксандра Аляксандраўна (бел. мова).

40. Грыбаедава Зоя Уладзіміраўна (рус. мова).

41. Касмачова Кацярына Васільеўна (гісторыя).

42. Кулькіна Лізавета Паўлаўна (педагогіка).

43. Казімірэнка С. Ф. (музыка).

З 1951 года

44. Шнэйдар Алена Пятроўна (бел. мова).

45. Бойка С. В. (музыка, піяніна, хор).

46. Дроб Уладзімір Зельманавіч (кіраўнік хору).

47. Башмакоў А. П. (кіраўнік струннага аркестра - домры).

48. Скварцоў Барыс Мікалаевіч (гісторыя ВКПб).

З 1952 года

49. Падабед Ніна Апанасаўна (бел. мова).

50. Штундар С. П. (музыка, скрыпка)

51. Хартова Л. Е. (біялогія).

52. Шарабурка Р. П. (спевы).

53. Казённава І. П. (фізіка).

54. Занкевіч Уладзімір Канстанцінавіч (матэматыка).

З 1953 года

55. Цабенка М. Н. (маляванне).

56. Краснажон В. К. (рус. мова).

57. Стрэльскі Т. П. (педагогіка, логіка, загадчык педпрактыкі)

58. Долін А. Д. (матэматыка).

59. Малявана Т. Н. (геаграфія).

60. Родзівонава З. А. (рус. мова).

61. Міхайленка Н. А. (рус. мова).

З 1954 года

62. Чэразава Г. Ф. (геаграфія).

63. Іванова Л. Е. (гісторыя).

64. Кражава З. Г. (спевы).

65. Радзечка А. Н. (рус. мова).

66. Грынцэвіч В. С. (фізкультура).

67. Багдановіч А. М. (музыка, баян).

68. Цітова В. Д. (геаграфія).

69. Трубяцкая А. М. (псіхалогія).

СПІС СКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1. Бердяев Н. Судьба России. Опыты по психологии войны и национальности. М., 1990 г.

2. Лихачев Д.С. Заметки и наблюдения. Из записной книжки. С.- П., 2008 г.

3. Памяць. Ліда. Лідскі раён. Мн., 2004 г.

4. Философский энциклопедический словарь. М., 1989 г.

5. Ярмонт Е. В тени замка Гедимина. Мн., 1995 г.

6. Матэрыялы Лідскага краязнаўчага музея.

7. Матэрыялы музея Лідскага педагагічнага вучылішча.

8. Дзяржаўны архіў Гарадзенскай вобласці. Фонд 834, воп. 2, адз. зах. 29, 30.

9. Дзяржаўны занальны архіў у г. Лідзе. Фонд 32, вопіс 1, справа 1, 2, 4, 8, 11, 10, 16, 21, 28, 31, 36, 41, 42, 44.

10. (https:\\realt.onliner.by).

11. (likhanovanatalia.blogspot.com.2016/12).

Таццяна Валянцінаўна Кашпар выкладчык гісторыі вышэйшай катэгорыі

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX