Вярнуцца: Адукацыя, культура

Да 10-годдзяў помніка Францішку Скарыну ў Лідзе History of a monument of Francichak Skaryna in the  Lida city


Дадана: 11.06.2005,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 23-24.



Будзем думаць, вучыцца тварыць
Так, як ты, у сваёй мове, Скарына.
Ларыса Геніюш

Ліда - горад Скарыны. Да 10-годдзя ўстаноўкі ў Лідзе помніка Францішку Скарыну

На ажыўленым месцы горада Ліды, паблізу Фарнага касцёла ў скверы па вуліцы Савецкай, узвышаецца бронзавая фігура Францішка Скарыны - вялікага гуманіста, перашадрукара, мастака-графіка, пісьменніка, вучонага энцыклапедыста, беларускага асветніка і выдатнага дзеяча культуры эпохі Адраджэння. Мудра і проста вырашана мастакоўская задума: паказаць сапраўднага Скарыну, сына зямлі беларускай. Пастава першадрукара - постаць у рост. Адзенне яго, дарэчы, як увесь помнік, у рэнесансавым стылі. Што датычыцца знешняга аблічча Ф. Скарыны, то таленавіты беларускі скульптар Валеры Янушкевіч захаваў у гэтым вобразе падабенства з вядомай распаўсюджанай гравюрай. Скульптура размешчана на шырокім пастаменце, выкананым з гра-ніту. Добраўпарадкаванне навакольнай тэры-торыі каля помніка, архітэктурнае аздабленне, устаноўку манумента за кошт грашовых сродкаў Лідскага гарвыканкама выканала малое прадпрыемства "Дызайн" (кіраўнік і мастак Рычард Груша). Вось ён, Францішак Скарына, велічны, спакойны, з надзеяй і спадзяваннем у вачах, пазірае на нас і нібы гаворыць: "Бярыце і чытайце" Скарына вярнуўся ў Ліду, вярнуўся на Беларусь, як некалі неадольна вяртаўся на радзімую зямлю, каб падараваць людзям шчасце асветы. Магчыма і маюць рацыю вучоныя, калі сцвярджаюць на падставе розных дакументаў, што шлях зносін паміж Кракавам і Вільняю да канца ХУІ стагоддзя ляжаў праз Ліду-Слонім-Берасце.

Зусім верагодна, што Ф. Скарына ехаў вучыцца з Полацка ў Кракаў праз наш горад, а таксама вяртаўся з Прагі і Кракава ў Вільню старадаўнім гасцінцам праз Ліду. І гэта вельмі важна, што помнік Ф. Скарыну ў Лідзе адкрыўся фактычна на беларускай частцы Віленшчыны, дзе Ліда заўсёды была значным культурным і эка-намічным цэнтрам. Менавіта на гэтай зямлі ў старадаўняй Вільні, у доме "найвышшага" бурмістра Якуба Бабіча, у 1522 годзе ўбачыла свет "Малая падарожная кніжка" - зборнік рэлігійных і свецкіх твораў ад "Псалтыра" да "Саборніка", першая друкаваная кніга на сучаснай тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі.

Мы ганарымся, што Францішак Скарына быў у нашым горадзе, бачыў старажытны замак, сустракаўся з лідзянамі... і таму ў канцы 1989 года Лідская гарадская рада Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны выступіла з прапановаю ўстанавіць у Лідзе помнік знакамітаму Беларусу, які з'яўляецца гонарам нашай нацыі, нашай дзяржавы. Была распачата высакародная акцыя па збору сродкаў на збудаванне помніка. Неабходна адзначыць упартыя намаганні ў гэтым кірунку сяброў гарадской рады ТБМ Марыі Саўкевіч, Марыі Ганчар і іншых. На адмысловы разліковы рахунак у банку пера-лічвалі грашовыя сродкі амаль усе першасныя суполкі ТБМ школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дзіцячых садкоў, а таксама грамадскія арганізацыі; (гаркам партыі і гаркам камсамолу), малыя прадпрыемствы ("Каскад" і інш), дзяржаўныя прадпрыемствы (абутковая фабрыка, завод "Оптык", аб'яднанне жыллёва-камунальнай гаспадаркі), многія простыя грамадзяне.

Таксама ў Менскі скульптурны мастацка-вытворчы камбінат, дзе вырабляўся помнік, вялікія грошы па тых часах пералічылі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Гарадзенскі аблвыканкам і Лідскі гарвыканкам.

Неабходна заўважыць, што адметнае ў ініцыятыве стварэння помніка першадрукару - масавасць, шырокая падтрымка грамадскасці, а пасля - і ўладных структур. Усе стараліся ўкласці свой рубель у высакародную задуму. Але напачатку колькі было горкіх неспадзяванак , як у нас заведзена, часта натыкаліся на чыноўніцка-бюракратычныя бар'еры. Не ўсе адразу ўспрынялі прапанову, была нават на працягу трох гадоў цэлая дыскусія на старонках лідскай газеты. Многія пісалі: навошта нам гэтыя помнікі: навошта ўвогуле культура, трэба каўбасы і сала. Прыкра было такое чытаць...



НА ПОМНІК СКАРЫНЕ Ў ЛІДЗЕ

У Лідскім аддзяленні Жылсацбанка адкрыты рахунак гарадской рады таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Мы звяртаемся да кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, кааператыўных гаспадарак, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, першасных суполак ТБМ, усіх грамадзян, хто неабыякавы да лёсу беларускай мовы, дапамагаць адраджэнню і развіццю мовы нашага народа, які вынес праз стагоддзі безліч пакут, здзекаў, прыніжэнняў. Хай жыве запаветам у нашых сэрцах напамін вялікага Ф.Скарыны пра любоў і замілаванасць да родных мясцін і роднага слова, а таксама палымяны Багушэвічаў наказ: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!"

Сябры, унясіце свой уклад на рахунак 000700873! Вашы сродкі пойдуць на прапагандысцкую, арганіза-цыйную, гаспадарчую і іншую дзейнасць на карысць нацыянальнай мовы і культуры, а таксама на адкрыццё помніка Францішку Скарыне на плошчы імя 600-годдзя Ліды.

М. Мельнік, старшыня гарадской рады Таварыства беларускай мовы.

(Лідская газета "Уперад", 30.02.90 г.)


"НЕ, МАЕ ДАРАЖЭНЬКІЯ!"

Паважаная рэдакцыя газеты "Уперад". Прачытала артыкул у вашай газеце за 7 красавіка "Будзе ў горадзе помнік Ф. Скарыну", з якога даведалася, што на гэты самы помнік патрабуецца народных грошай больш як сто тысяч. Нічога сабе сума! На маю думку, у нас вельмі шмат нявырашаных пытанняў, і ўзводзіць пампезнасці няма патрэбы. У нас у горадзе няма Палаца піянераў, Палаца культуры, музычнай школы, маладыя сем'і туляцца па "абшчагах" - вось аб чым у першую чаргу трэба падумаць, а не ўзводзіць такія дарагія помнікі...

Е. Баязлівая,

г. Ліда. (Лідская газета "Уперад", 25.04.90 г.)


Мы супраць помніка

Днямі ў газеце быў надрукаваны водгук Е. Баязлівай на артыкул "Будзе ў горадзе помнік Ф. Скарыну". Яна вельмі правільна напісала. У нас жа столькі людзям патрабуецца жылля, а мы думаем пра помнікі. Напрыклад інвалід І. Васільеў, які пражывае па вуліцы Труханава, 35, ужо, напэўна, гадоў дзесяць дабіваецца, каб яму палепшылі жыллёвыя ўмовы, просіць правесці прыродны газ (300 метраў ад дома). Яму ва ўсіх інстанцыях гавораць, што на гэта няма сродкаў. А тут помнік! Хай Скарына быў вялікім чалавекам, але гэты помнік жыццё людзям не палепшыць. Гэта сто тысяч рублёў! І гэта народных! З кім даводзілася размаўляць на гэту тэму, усе абураны.

Ад жыльцоў вуліцы Труханава напісала В. КРАПІВІНА.

(Лідская газета "Уперад", 16.05.90 г.)


Памяць аб вялікім - свяшчэнны рытуал

Помнік жа нашаму вялікаму беларусу Ф.Скарыне мяркуецца ўзвесці на народныя грошы. Пра гэта ўжо не раз пісалася і паведамляўся рахунак № 000700873 у Лідскім аддзяленні Жылсацбанка, на які можна пералічыць пэўную суму сваіх грошай. Канешне, добраахвотна і ні ў якім разе не пад нейкім прымусам. Карацей, хто колькі зможа.

Дарэчы, пры такой народнай ініцыятыве быў пабудаваны помнік Мініну і Пажарскаму, які стаіць на галоўнай плошчы нашай сталіцы Краснай у Маскве.

Такіх прыкладоў тысячы. Ёсць ён і ў нашым горадзе. Па інцыятыве польскага таварыства, якое дзейнічае ў Лідзе, быў пабудаваны і адкрыты на народныя грошы помнік польскаму паэту Адаму Міцкевічу.

Журналісты рэдакцыі газеты "Уперад" таксама далучаюцца да гуманнай акцыі і рашылі пералічыць на пабудову помніка славутаму земляку ганарар аднаго нумара газеты.

Увекавечыць памяць Скарыны, канешне, трэба і ў іншых духоўных і матэрыяльных каштоўнасцях. Духоў-ная спадчына не павінна пакідаць нас. Гэта адраджае нашу свядомасць, нашу годнасць і нашу вялікую павагу да продкаў, якія жылі і тварылі ў імя нашай будучыні.

Г. Бараўцоў,

загадчык аддзела культуры рэдакцыі газеты "Уперад".


Какой нужен памятник?

Из Лиды пришла информация: городская рада Общества белорусского языка имени Франциска Скорины открыла счет для сбора средств на возведение в городе памятника первопечатнику, пятисотлетний юбилей которого широко отмечается. Поступили первые взносы. Вроде бы надо радоваться столь замечательной инициативе - будет еще один памятник знаменитому просветителю. Но возникает вопрос: почему выбран именно этот город? Вот и Министерство культуры республики, к которому обратилась городская рада общества, не увидела необходимости установления такого памятника именно в Лиде. И в этой позиции, на мой взгляд, есть немалый смысл. Гораздо ближе к гродненской земле, ее истории творчество и биографии таких, скажем, писателей, как Валентин Тавлай, Тетка - наша песенная Элоиза Пашкевич, предвосхитившая свой поэзией творчество Купалы, Коласа, Богдановича.

К тому же, как указывается в ответе мини-стерства, проект предлагаемого к установке в Лиде памятника работы скульптора В.Янушкевича участвовал в республиканском конкурсе. И коль было решено, что он не украсит Минск, то возникает вопрос - прибавит ли архитектурной гармонии Лиде более чем четырехметровая бронзовая фигура белорусского первопечатника?

В. Саласюк.

(Собственный корреспондент "Советской Белоруссии" по Гродненской области.)
("Советская Белоруссия", 1990 г.)


Помнік Ф. Скарыне - важная справа ...

Але вярнуся зноў да помніка Ф.Скарыне. Людзі ў далёкай Італіі, у Падуі ўвекавечваюць памяць аб перша-друкару. А мы на тэрыторыі, дзе друкаваў свае кнігі Ф. Скарына, забываем нашага земляка. Мне здаецца, мы павінны ганарыцца, што менавіта ў нашым горадзе будзе знаходзіцца гэты помнік. Вядома, грошы пойдуць немалыя. Але хіба наш горад такі маленькі і бедны, што ў яго не хопіць грошай фінансаваць гэтую справу? Здаецца, не. Але калі так здарыцца, то ўсё роўна з любога становішча можна знайсці выйсце. Я, напрыклад, згодна з людзьмі, якія лічаць, што на помнік могуць пералічваць грошы не толькі жыхары нашага горада, але і Лідскага раёна, нават жыхары ўсёй Гродзенскай вобласці...

В. Гурневіч, навучэнка педвучылішча. (Лідская газета "Уперад", 25.05.90 г.)


ПАМЯЦІ - ЖЫЦЬ

Пытанне аб устаноўцы помніка Ф. Скарыны мае большае маральнае значэнне, чым матэрыяльнае, г. зн. усведамленне намі патрэбнасці знака гістарычнай памяці аб вялікім нашым земляку.

Чалавек жыве не толькі ў геаграфічным, але і ў пэўным культурным асяроддзі, якое выхоўвае яго. Факт яго ўздзеяння на людзей не належыць самаму малому сумненню. Культура неабходна для маральнага жыцця, для яго прывязанасці да сваіх месц, да сваіх продкаў, да сваёй гісторыі. Гэта шматвобразны комплекс, які змяшчае ў сабе і ўзровень духоўнага жыцця народа, і ўзровень адукацыйнасці, мовы, узаемаадносін людзей і г. д...

... Патрыятызм нельга выхаваць толькі заклікамі і абяцаннямі. Думаю, што канкрэтным укладам у адра-джэнне гонару за свой народ, за лепшых яго прадстаўнікоў магло б быць устанаўленне помніка вялікаму асветніку эпохі Адраджэння, першаму беларускаму друкару. Думаю, што ў нас у горадзе няма патрэбы ў помніках-гігантах, але помнік, які б гістарычна ўпісаўся ў гістарычную частку горада, несумненна патрэбны...

С. БІЛЬДЗЬ.

(Лідская газета "Уперад", 25.05.90 г.)


ЗНОЙДУЦЦА ДОБРААХВОТНІКІ

Асабіста я не супраць помніка Ф.Скарыне. Але чаму іменна ён будзе каштаваць 100 тысяч рублёў, а не 10 ці 20? Наколькі я ведаю, помнік будуць рабіць у БССР, а не за мяжой. Каляровы метал для адліўкі можа сабраць насельніцтва, з цэментам, пяском і іншым для пастамента, думаю, дапамогуць шматлікія будаўнічыя арганізацыі нашага горада.

Калі патрэбна фізічная дапамога - знойдуцца добраахвотнікі. Застанецца знайсці беларускага скульп-тара-патрыёта, які за ўмераную плату зробіць для нашага горад і беларускага народа помнік вялікаму асветніку.

П. Івашкевіч ("УПЕРАД", 1.08.90 г.)


А грошы трацяцца…

Што датычыцца маёй думкі наконт помніка Ф.Скарыне, то скажу шчыра: я - за ўвекавечванне памяці Ф.Скарыны. Толькі не за такія сродкі. Дарэчы, можна помнік устанавіць на той жа вуліцы Перамогі, знёсшы забруджаныя платы і старыя хаты. Тут можна зрабіць добры скверык, тым больш, што адпачыць у гэтым раёне горада няма дзе. І работу гэту можна правесці за лік энтузіястаў, дзе і я асабіста мог бы папрацаваць у вольны час.

І яшчэ хачу сказаць: таварышам У. Шобіку, К. Янчуку, іншым кіраўнікам горада варта часцей сустра-кацца з людзьмі, каб ведаць думку. Тады і непрыемныя сітуацыі будуць радзейшымі. Вось, да прыкладу, наша вуліца Ясная знаходзіцца паміж дзвюма чыгункамі. Тут жа пабудавана шмат гаражоў, а ў мінулым годзе хацелі пасадзіць яшчэ новыя. Добра, што гарвыканкам не

зацвердзіў такое рашэнне. Я разумею: месца для начальніцкіх гаражоў добрае, але навошта псаваць здароўе людзям, якія тут жывуць. Трэба ж нарэшце зразумець, што народнае цярпенне не бязмежна.

В. Мацкевіч, жыхар горада.. ("Уперад" 3.08.1990 г.)


ЗБІРАЕМ ГРОШЫ НА ПОМНІК

Першыя складкі ў Лідзе на пабудову помніка Францішку Скарыне паступілі ад калектываў абутковай фобрыкі, завода "Оптык", жыллёва-камунальнай гаспа-даркі, педагагічнага і музычнага вучылішчаў, гаркама і райкама камсамола, першасных суполак ТБМ сярэдніх школ, дзіцячых садкоў.

З ініцыятывай пабудовы помніка выступіла Лідская гарадская рада ТБМ імя Францішка Скарыны. Той, хто жадае, можа дапамагчы ў пачэснай справе, пералічыўшы грошы на разліковы рахунак № 000700873 Лідскай гарадской рады Таварыства беларускай мовы ў аддзяленні Жылсацбанка г. Ліды.

Міхась Мельнік, старшыня Лідскай гарадской Рады ТБМ імя Францішка Скарыны,

дэпутат Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў. ("Наша слова", 4-10 верасня 1991 г.)



Народныя, кроўныя рублі абясцэньваліся, а стос дакументаў - перапіскі станавіўся ўсё больш важкім. Ды што казаць, не толькі газета "Советская Белоруссия", але і Міністэрства культуры выступіла супраць будаўніцтва помніка Ф. Скарыну ў Лідзе, бо, маўляў, першадрукар не меў адносін да гэтага горада... Дык няўжо большыя адносіны меў Ф. Энгельс, чыя асоба ўвекавечана ажно ў адной доўгай вуліцы і чатырох завулках? І народ усё-такі нас падтрымаў... Малады менскі скульптар Валеры Янушкевіч з гонарам выканаў замову лідзян.

25 ліпеня 1993 года. Нядзеля... Такога свята старажытная Ліда, мабыць, не ведала за ўсю сваю шматгадовую гісторыю. Урачыстасці былі прысвечаны Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь і адкрыццю помніка Францішку Скарыну. Гэта гістарычная падзея вызначалася сваім яскравым нацыянальным зместам, адметным і выразным беларускім духам. Гэтай знамянальнай падзеі былі прысвечаны і Міжнародныя гістарычна-краязнаўчыя чытанні ў Лідзе, якія адбыліся 24-26 ліпеня 1993 года, арганізаваныя Гарадзенскай краязнаўчай асацыяцыяй, Гарадзенскім аддзяленнем Беларус-кага фонду культуры, Гарадзенскім абласным саветам Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Лідскім гарвыканкамам і Лідскай гарадской радай Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Дзейнасць і жыццё Ф. Скарыны сталі тэмай асаблівай увагі, а многія факты і ідэі скарыназнаўства ўпершыню ўведзены ў навуковы зварот. Перад прысутнымі выступілі вядомыя навукоўцы з Масквы і Менска, Вільні і Горадні, мясцовыя краязнаўцы.

Па пэўных прычынах, праўда, не прыбылі ў Ліду, як чакалася, нашчадак вялікага асветніка С. Скарына з Манрэаля, А. Мальдзіс з Менска, Ю. Туронак з Варшавы, Ю. Лабынцаў з Масквы. Аднак іх рэфераты былі зачытаны на гэтай змясоўнай і запамінальнай сустрэчы. Вельмі цікавымі былі выступленні А. Нарбута (г. Масква), В. Рамука (Чыкага, ЗША), В. Чарапіцы, А. Майсяёнка, А. Краўцэвіча, В. Шведа, Ф. Ігнатовіча, Л. Шагуна (усе з Горадні), І. Панцюка, Т. Разуменка, І. Сосны, Л. Кулажанкі, М. Чарняўскага, У. Васілевіча (усе з Менска), А. Чэмера (г. Вільня) і іншых, а таксама мясцовых краязнаўцаў А. Жалкоўскага, М. Булая, У. Логаша.

Яшчэ напярэдадні гараджане з сумам паглядалі на хмурнае неба, адкуль некалькі дзён запар ліў дождж. Але 25 ліпеня як па заказу (быццам бы Вышэйшыя сілы вырашылі аддзячыць вялікаму беларусу за яго вычын па выданні "Бібліі" на роднай мове) хмары рассеяліся, заблішчэла сонейка, і людзі з палёгкай уздыхнулі - свята не будзе сапсавана.

А 12 гадзіне дня ля зсівелых муроў старажытнага Лідскага замка на плошчы імя 600-годдзя горада адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. Разнастайная насычаная праграма была прапанавана лідзянам і гасцям горада, у тым ліку з далёкага і блізкага замежжа. Гэта і выступленні вядомых прафесійных калектываў, як ансамбль танца "Харошкі", ансамбль песні і танца і духавы аркестр Міністэства абароны Рэспублікі Беларусь, камерны хор, артысты тэатра імя Я. Купалы і тэатра сатыры і гумару "Хрыстафор", ансамблі "Бліскавіца", "Рунь", "Чысты голас", "Музыкі", шоў-група "М+М", самадзейныя артысты мясцовых ансамбляў "Лідчанка" і "Чаравічкі", гэта і канцэрт майстроў эстрады, гэта і выступленне аршанскага і лепельскага тэатраў сатыры, кірмаш, выстава-продаж прадукцыі прадпрыемстваў горада, народных умельцаў і мастакоў, спар-тыўна-забаўляльная праграма, вершнікі на конях і гістарычныя персанажы, адкрыццё мастацкай галярэі (у былым будынку сямейных урачыстасцяў), дзе была выстава работ вядомых мастакоў з Менска У. Стальмашонка, А. Кашкурэвіча, У. Гоманава, І. Рэя ды іншых, а таксама лідскіх мастакоў У. Мельнікава, А. Судара, А. Вараксы, Т. Лук'ян, Л. Мягковай (г. Бярозаўка), А. Мурахвера (г. Бярозаўка), скульптара Р. Грушы (г. Ліда) і выхаванцаў СШ № 14 з архітэктурна-мастацкім ухі-лам. Было шмат і іншых цікавых святочных імпрэзаў. Здаецца, вуліцы і плошчы горада ў гэты дзень дыхалі паветрам незалежнасці; паветрам адраджэння.

Шчырыя віншаванні і пажаданні ў адрас лідзян выказалі ў сваіх тэлеграмах Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, які ў гэты час знаходзіўся з афіцыйным візітам у ЗША, а таксама прэзідэнт Згуртавання беларусаў Свету "Бацькаўшчына", акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, бургамістр германскага горада-пабраціма Порта-Вестфаліка, прэзідэнт польскага горада-пабраціма Кашаліна, Маргарэт Тэтчар з Англіі і іншыя. Сярод гасцей, прыбыўшых у Ліду на свята горада і на адкрыццё помніка Ф. Скарыну, былі Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Пётр Краўчанка, намеснік старшыні камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі; культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Алег Трусаў, намеснік міністра культуры Дзмітры Бубноўскі; намеснік міністра інфармацыі Іван Карэнда, намеснік старшыні Рэспубліканскай рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Ска-рыны, народны дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Яўген Цумараў, пісьменнік Уладзімір Шнэк-Случанскі з Аўстраліі, адзін з кіраўнікоў федэральнай рады беларускіх арганізацый Аўстраліі Алег Шнэк, Вітаўт і Вера Рамукі, дэлегацыі з Бураціі, Менска, Горадні, Смаргоні, Наваградка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы, паэтэса Данута Бічэль-Загнетава, намеснік старшыні камісіі Гарадзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў па навуцы, культуры, адукацыі і выхаванні, старшыня Гарадзенскай краязнаўчай асацыяцыі, прафесар Андрэй Майсяёнак - і гэта не поўны пералік.

... І вось на вялізнай сцэне, змайстраванай напярэдадні свята каля замка, з'явіліся артысты ў беларускіх нацыянальных строях, а цёплыя парывы ветру панеслі іх песню высока ў неба, на даляглядзе з'явіліся на прыгожа ўбраных конях вершнікі ў латах і кальчугах, быццам маладыя воіны князя Гедзіміна паўсталі з мёртвых перад сваімі нашчадкамі, каб яшчэ раз нагадаць: "Сёння ў вас вялікае свята... Вы здабылі яго ў цяжкай барацьбе. Дык нясіце наш герб і белчырвона-белы сцяг, беражыце нашу родную мову, як калісьці бераглі мы, вашы продкі з Вялікага Княства Літоўскага!..." Тры выбухі з гарматаў. Усе ажывіліся, узрадаваліся дзеці.

- Па Радзіме ідзе свята, - гаворыць мэр горада Ліды Уладзімір Малец.

Старшыня гарсавета пажадаў, каб свята яшчэ больш аб'яднала ўсіх нас, і закончыў выступленне заклікам "Жыве Беларусь!" Гэта выклікала вялікае ўзрушэнне сярод людзей на плошчы.

Затым - афіцыйныя прамовы, якія не паспелі нікога стаміць, захапляльныя выступленні артыстаў.

Але, бадай, самае галоўнае ў праграме свята - адкрыццё помніка Францішку Скарыну. Калі ў горад прыйшло змярканне, наступіў кульмінацыйны момант свята. У 22 гадзіны пачалося шэсце да помніка Ф. Скарыну.

... У прамовах перад манументам дзяржаўныя дзеячы, кіраўнікі горада і раёна, госці, аўтар Валеры Янушкевіч узнёсла гаварылі пра адкрыццё помніка першадрукару ўсходніх славян, як пра вялікую падзею ў жыцці нашай Бацькаўшчыны, аб слаўных справах Скарыны...

Тысячы людзей у святочным настроі з хваляваннем чакалі моманту, калі спадзе белае покрыва. І гэты момант настаў... З невыказнай узрушанасцю сцягваюць покрыва Валеры Янушкевіч, Рычард Груша і Міхась Мельнік. Перад вачыма прысутных пры асвятленні яркіх пражэктараў і каляровых лямпачак паўстала ва ўвесь рост постаць тытана беларускага і еўрапейскага Адраджэння, нашага вялікага асветніка і гуманіста Францішка Скарыны. Раздаюцца бурныя апладысменты, бадзёрыя крыкі: "Ура!" Грыміць салют у гонар знамянальнай падзеі. Пры святле ілюмінацыі чароўна льюцца мелодыі камернага хору Менскага музычнага ліцэя. Да падножжа помніка ўскладваюцца кветкі, сотні людзей за-палілі свечкі, і ўжо не стрымаць рух да манумента. Свечкі і ружы - цяпло і адданасць.

У гэты час на небе расцвілі каляровыя агень-чыкі святочнага феерверку.

Раптам раскалола неба блісквіца. Нібы па-цвердзіла, што адбылося нешта вялікае, незвычайнае, нібы адказала на выбухі святочных гарматаў, што збудзілі ў гэты вечар жыццё ў Лідзе. Вось ён, Францішак Скарына, паўстаў ля дарогі, увайшоў у наш лёс, каб зноў сказаць нам: "...Ад прыраджэння звяры, што ходзяць у пустыні знаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобнае бароняць вулляў сваіх; тако ж і людзі - дзе зрадзіліся і ўскормленыя суць па Бозе, к таму месцу вялікую ласку ймаюць".

Тысячы лідзян і гасцей яшчэ доўга не хацелі разыходзіцца, тым больш, што апоўначы на плошчы каля Дома афіцэраў пачыналася начная дыскатэка. Свята працягвалася да раніцы... Назаўтра ішлі ды ішлі да помніка людзі!

Сэрца поўніцца радасцю, што Ліда першая на Беларусі адкрыла помнік новага беларускага часу - помнік уласнай гісторыі і свайму герою, якога выбралі гараджане.

Скарына вярнуўся ў Ліду. Вярнуўся, каб прадоўжыць сваю асветніцкую, гуманістычную, высокадухоўную працу, гэтак неабходную наша-му грамадству, моладзі; нашай шматпакутнай Радзіме. Будзем памятаць, што выданні Ф. Скарыны - гэта справы духоўнасці беларускага народа, яго высокага прызначэння ў лёсе еўра-пейскіх народаў.

Міхась Мельнік

Ад Скарыны пачаўся творчы шлях

У прыгожым маляўнічым месцы, каля фарнага касцёла, стаіць і красуецца помнік Францішку Скарыну, закамітага скульптара з Менска Валерыя Янушкевіча. На гранітным пастаменце ўсталявана бронзавая выява, вышынёй болей, як за тры метры, вядомага першадрукара з Полацка, які вітае Ліду, нібыта нагадваючы нам пра былое, пра вялікую і багатую гістарычную спадчыну, пра славутыя імёны сыноў беларускай зямлі.

Кожны раз, калі я праходжу каля гэтага помніка, я адчуваю, як моцна б'ецца сэрца, а ў душы хораша і светла, бо я ганаруся працай тых людзей, якія прыклалі тут рукі і талент. І гэта натхняе мяне на ўспамін.

Відаць, такі лёс, што мая сустрэча з Франці-шкам Скарыном у Лідзе была невыпадковай. Сёння я лічу, што гэта быў знак, які далі мне нябёсы, бо менавіта ўся мая творчая дзейнасць пачалася з устаноўкі гэтага помніка.

У 1992 годзе я арганізаваў МП "Дызайн", якое займалася будаўніцтвам, добраўпарадкаваннем тэрыторый і мастацкім афармленнем інтэр'ераў з прымяненнем тэхнікі кавальскай коўкі, разьбы па дрэву. У пачатку 1993 года, калі вялася гаворка пра стварэнне помніка ў Лідзе і ўстаноўцы яго, было шмат спрэчак, вакол гэтага хадзілі розныя чуткі і ўвогуле ў той час усе зацікаўленыя людзі, якія прымалі ўдзел у ажыц-цяўленні гэтай ідэі, думалі пра сродкі, як іх здабыць, бо іх не хапала.

Як сёння помню, аўтар занепакоена казаў, што сродкаў далі ўсяго 4000 дол., якіх хапіла толькі на матэр'ял і адліўку выявы ў бронзе.

У гарадской архітэктуры ў той час працаваў малады архітэктар Ю. Бірукоў, які распрацаваў праект прывязкі гэтага помніка да мясцовасці. Ён прапанаваў мне ўзяцца за працу па ўстаноўцы і добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол помніка Ф. Скарыну. Калі я згадзіўся, мы з Ю Бірукавым разам звярнуліся ў гарвыканкам да старшыні Уладзіміра Мальца. Сустрэча з Уладзімірам Міхайлавічам адбылася вельмі цікавая. Як аказалася, ён ускладваў на мяне вялікія надзеі, аказваў мне давер, як маладому кіраўніку, і жадаў плённай працы, пасля чаго мы падпісалі пагадненне аб выкананні будаўнічых работ па ўстаноўцы помніка. Гэта ўсё ўзлажыла вялікую адказнасць на мяне і маё прадпрыемства, але разам з тым дало вялікія сілы і гонар за сябе і калектыў, за што і сёння хачу выказаць вялікую падзяку Ў. Мальцу.

Пасля падпісання дамовы на будаўнічую частку, ужо ў чэрвені мы пачалі распрацоўваць дэталі і матэрыялы, рабіць нарыхтоўку сыравіны і весці іншыя падрыхтоўчыя работы.

З аўтарам помніка Валяр'янам Янушкевічам я пазнаёміўся, калі ён прыехаў у Ліду ўдакладняць месца ўсталявання помніка. Тады ён таксама выказаў сумніў, ці будзе выканана праца дасканала, на што я адказаў, што не трэба хвалявацца, бо ўсё будзе добра. Тады я адчуваў вялікі гонар за тое, што мне давялося працаваць з маладым таленавітым скульптарам.

Праца якую выконвала прадпрыемства "Дызайн" была вельмі складаная, але адначасова і цікавая.

Да будаўнічай часткі працы мы прыступілі ў ліпені: яна вялася пад кантролем гарадской улады. Ужо тады можна было здагадацца аб значнасці гэтага аб'екта, таму што старшыня Ў. Малец быў у курсе ўсіх спраў, а яго намеснік М. Чарнышоў кожны дзень бываў на гэтай пляцоўцы. Усяго тады было: і добрага, і дрэннага. Не ўсё атрымлівалася так, як хацелася. За два тыдні да ад-крыцця помніка стала вядома ад В. Янушкевіча, што ёсць праблемы. Камень, які падрыхтавалі пад пастамент, аказаўся з трэшчынай.

Гэты камень апрацоўвалі на мастацка-ску-льптурным камбінаце ў Калядзічах каля Менска. Пасля распілоўкі аўтар вызначыў камень не прыдатным для ўсталявання. Па гэтай справе мяне запрасіў старшыня гарвыканкаму У. Малец з пытаннем, якое выйсце можна знайсці з гэтага становішча, бо тэрмін да адкрыцця быў невялікі. Тады я паабяцаў, што выйсце будзе знойдзена.

Каб вырашыць гэтую праблему я адправіўся на Ўкраіну ў г. Карастышаў на адно з буйнейшых прадпрыемстваў па камнеапрацоўцы, якое ўзначальваў на той час і да сёння А. Вараной. Але і тут не маглі ў кароткі тэрмін выпілаваць гранітны камень тых памераў, якія патрэбны. Такім чынам мне давялося прыняць новае рашэнне, узгадніўшы з архітэктарам і аўтарам, купіць за ўласныя сродкі пліты вялікіх памераў і прывезці ў Ліду. Чаму за ўласныя сродкі? Таму што не было магчымасці пералічыць іх на рахунак украінскага прадпрыемства бо гэтыя сродкі былі пералічаны мастацкаму камбінату і іх трэба было вяртаць назад, але хутка гэта зрабіць было нельга. Вось такім чынам, праўдамі і няпраўдамі гранітные пліты былі перавезены цераз дзяржаўную мяжу і ўсталёўваліся за чатыры дні да адкрыцця.

А за два дні да адкрыцця быў прывезены пом-нік і ўсталёўваўся на гэты пастамент. Вакол помніка пасыпана чырвоная крошка, якая здабывалася з бітай цэглы. У апошнія чатыры дні перад адкрыцём нашыя рабочыя працавалі з ранку да цямна. І, нават, у апошні дзень людзі разам са мной у 6 гадзін раніцы выконвалі апошнія работы: чысцілі, мылі, падмалёўвалі. Такім чынам надавалі помніку ганаровы выгляд. А колькі гонару было на тварах маіх супрацоўнікаў!

Адкрыццё помніка адбылося і свята горад таксама. Усіх гасцей запрасілі на ўрачыстасць, але мяне і маіх супрацоўнікаў - не. Ды гэта не галоўнае, бо шчасце зусім у іншым, і помнік - прыгажун сёння красуецца, упрыгожвае родны горад.

Рычард Груша

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX