Вярнуцца: Адукацыя, культура

Шлях Ліды да помніка Гедыміну


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 11-09-2019,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Шлях Ліды да помніка Гедыміну // НАША СЛОВА. № 37 (1448), 11 верасня 2019.

Спампаваць




Ідэя паставіць у Лідзе помнік заснавальніку горада вялікаму князю Гедыміну ўзнікла адразу пасля паспяховай пастаноўкі помніка Францішку Скарыну ў 1993 годзе. Горад паверыў, што гэта можна зрабіць.

Першым адгукнуўся на ідэю лідскі скульптар Вадзім Вераб'ёў. Яго дыпломная праца "Заснавальнік горада Ліды вялікі князь Гедымін" была створана ў 2001 годзе і захоўваецца ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

У 2004 годзе адбыўся "круглы стол" з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці і ўлады. Грамадскасць прадстаўлялі старшыня лідскіх арганізацый ТБМ і БНФ Станіслаў Суднік і старшыня Таварыства польскай культуры Аляксандр Колышка. Уладу прадстаўляла адміністрацыя новага старшыні Лідскага райвыканкама Андрэя Паўлавіча Худыка. Менавіта тут была ўпершыню высунута ідэя пастаноўкі коннага помніка. Гэта быў смелы замах, бо ніводнага коннага помніка ў Беларусі яшчэ не было. Дзеля рэалізацыі ідэі вырашылі падключаць шырокую Беларусь. Да справы далучыўся менскі клуб "Спадчына" і перш за ўсё яго кіраўнік с.п. Анатоль Белы. Па замове А. Белага ўжо ў тым жа 2004 годзе карціну "Вялікі князь Гедзімін ля сцен Лідскага замка" стварыў Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў.

У 2005 годзе па ініцыятыве А. Белага сувенірную скульптуру "Вялікі князь Гедымін" стварыў менскі скульптар Аляксандр Лышчык. Макет скульптуры быў прадстаўлены старшыні Лідскага райвыканкама А. П. Худыку. Андрэй Паўлавіч скульптуру адобрыў і замовіў бронзавы варыянт. Выканкам за немалыя грошы выкупіў тую бронзавую фігуру. Яе ўжо можна было шырока паказваць, калі гаворка на розных узроўнях заходзіла пра помнік. Бронзавы Гедымін перамяшчаўся то ў музей, то ў выканкам. Была надзея паставіць помнік малой кроўю, без рэспубліканскага конкурсу, але справа латва не пайшла, а горад перакінуўся на аднаўленне замка. У 2005 годзе прайшоў першы рыцарскі турнір, ажыла вежа Вітаўта, а ў 2010 годзе была адноўлена вежа Гедыміна, унутраныя работы працягваліся тут аж да 7 верасня 2019 года, а, магчыма, і яшчэ не скончаны, хоць у вежы нарэшце адкрылася выстава.

Недзе ў 2012 годзе горад ізноў вярнуўся да ідэі коннага помніка. Неўзабаве было прынята рашэнне выканкама аб устаноўцы помніка.

У 2013 годзе лідскі мастак і скульптар Рычард Груша стварыў яшчэ адзін макет будучага помніка і завёз нават вялізны мармуровы блок. Але справа ізноў заціхла, і блок парэзалі на надмагільныя помнікі.

І вось надышла пара для чарговай спробы. На гэты раз пайшлі па вялікім коле з рэспубліканскім конкурсам, усімі дазволамі і ўзгадненнямі. Павольнае і планамернае пасоўванне справы аказалася больш паспяховым.

У кастрычніку 2017 года Лідскі райвыканкам (старшыня М.К. Карповіч) абвясціў конкурс на найлепшы эскіз скульптуры «Заснавальнік Лідскага замка князь Гедымін». Удзельнічалі 28 работ. У лютым 2018-га пасля падліку галасоў перамог эскіз скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава.

Вольга Нячай - мастачка, скульптарка, дызайнерка, магістарка мастацтвазнаўства. Працуе ў галіне манументальнай скульптуры, анімалістыкі, дробнай пластыкі, дэкаратыўнага мастацтва, жывапісу і дызайну. У сваёй творчасці апявае прыгажосць коней. Нарадзілася ў Менску ў 1985 годзе.

Сяргей Аганаў - мастак, скульптар. Працуе ў жанры традыцыйнай скульптуры з выкарыстаннем керамікі, бронзы, каменю, дрэва. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1974 годзе. Сярод яго самых вядомых работ - скульптура «Войт» у Менску, прысвечаная атрыманню горадам Магдэбургскага права, скульптура княгіні Анастасіі Слуцкай у Слуцку, помнік Давыду Гарадзенскаму ў Гародні.

У ліпені 2018-га эскіз помніка князю Гедыміну прайшоў усе этапы ўзгадненняў: і ў Адміністрацыі прэзідэнта, і на пасяджэнні Рэспубліканскай мастацка-манументальнай рады.

У верасні 2018-га Сяргей Аганаў і Вольга Нячай пачалі выраб дэталёвай рабочай мадэлі помніка ў маштабе 1:4. На аснове гэтай мадэлі скульптурны камбінат адліваў бронзавы помнік.

Пастамент для помніка распрацаваў знакамiты беларускi архiтэктар Сяргей Багласаў, а кансультантам па гістарычнай дакладнасці і адпаведнасці ўсіх элементаў помніка стаў Мікалай Плавінскі.

Помнік усталёўвалі на грошы лідскага прадпрыемства «Белтэкс оптык», пра што сведчыць таблічка на тыльным баку пастамента.

Помнік Гедыміну ў Лідзе - вынік удалага спалучэння грамадскай ініцыятывы, адміністрацыйнага патэнцыялу, прыватнага капіталу і ўсеагульнай падтрымкі жыхароў горада. Усё разам гэта называецца "мясцовым патрыятызмам", а можна і без слова "мясцовы" - проста "патрыятызмам".

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX