Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

110 гадоў таму выйшла першая кніга па гісторыі нашага горада 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 12-04-2016,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. 110 гадоў таму, выйшла першая кніга па гісторыі нашага горада // Лідскі летапісец №3(71) - 2015. C. 12.



У 1905 г., надрукавана кніга Міхала Шымялевіча "Горад Лiда i Лiдскi замак" [1] паклаўшая пачатак навуковаму лідскаму краязнаўству. Праз год праца перавыдадзеная ў штогоднiку "Вiленскi каляндар". Гэтая кніга не страцiла сваёй навуковай каштоўнасцi да нашага часу (напрыклад, на яе спасылаецца Алег Трусаў у кнiзе "Старадаўнiх муроў адраджэнне. Мiнулае i сучаснасць Лiдскага замка" [2] i сталася падмуркам усіх сучасных даследванняў Лiды. Кніга выдадзена, калі аўтару было 26 гадоў, але колькасць выкарыстанага аўтарам матэрыялу не можа не ўражваць. Са спасылак бачна, што Шымялевіч ужо паспеў грунтоўна папрацаваць у Віленскі архіве і ўжо меў вялікі асабiсты архiў.

Хутка былі выдадзены наступныя кнігі. З вялiкай бiблiяграфii крынiц па iсламскай тэматыцы даведваемся пра кнiгу "Шимелевич М. Литовские татары. Вильно, 1906" [3]. Станiслаў Дзядулевiч у кнізе па генеалогii лiтоўскiх татараў піша пра кнігі Шымялевiча: "Szymielewicz Michal. Szkice etnograficzne o Tatarach litewskich. 1906." [4] i "Szymielewicz Michal. O tatarach w powiecie lidzkim. Lida. 1914" [5] (верагодна, абедзве кнiгi ўсё ж на рускай мове). Апошняя кніга - рукапіс, які не быў надрукаваны, сам Міхал Шымялевіч пісаў ў рэцэнзіі на кнігу Станіслава Кручынскага "Татары - літоўцы" [6]: "З бібліяграфіі гэтай кнігі, даведаўся, што мае рукапісныя нататкі "Аб татарах літоўскіх у Лідскім павеце" не загінулі, а знаходзяцца ў добрых руках - у зборах сп. Леана Кручынскага ажно ў Гдыні" [7].

Праз шмат гадоў даследчык успамiнаў, як на пачатку стагоддзя ён збiраў матэрыял для гэтых кнiг: "Болей за трыццаць гадоў таму (тэкст напiсаны ў 1930-я гг. - Л.Л.), будучы маладым, рухомы адзiна ўласнай цiкавасцю, калi на возе, а часцей пешшу абышоў дзясяткi татарскiх ваколiц i фальваркаў i некалькi мусульманскiх мячэцяў у паветах Лiдскiм, Вiленскiм, Ашмянскiм i Наваградскiм, пабываў у дабрадушных i гасцiнных татарскiх сем'ях i ў вынiку сваiх краязнаўчых вандровак напiсаў такую невялiкую працу пра лiтоўскiх татараў - этнаграфiчныя нарысы. Гэтая кнiжка, пасля таго як рэдактары прыбралi некалькi вельмi небяспечных, на тыя часы, старонак (напрыклад, пра ахвяраванне чорнага барана, супольныя з праваслаўнымi пiлiгрымкi на мусульманскiя могiлкi), пры канцы 1905 г. надрукаваная ў Вiльнi на 12 старонках" [8].

Падрабязная біяграфія даследчыка будзе надрукавана ў наступных нумарах.



[1] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок: исторический очерк. Вильна: Типография "Русский Починъ", 1905.

[2] Трусаў А. Старадаўнiх муроў адраджэнне. Мiнулае i сучаснасць лiдскага замка. Мінск, 1990.

[3] Marcinkowski Christoph. The Islamic World and the West: Managing Religious and Cultural Identities in the Age of Globalisation. LIT Verlag M?nster, 2009. S. 107.

[4] Stanislaw Dziadulewicz. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce. S. 329.

[5] Stanislaw Dziadulewicz. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce. S. XI.

[6] Stanislaw Kryczynski. Tatarzy Litewscy. Warszawa, 1938.

[7] Szymielewicz Michal. Na marginesie "Tatarow litewskich" // Ziemia Lidzka №3-1938. S.37.

[8] Там жа.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX