Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Лідская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы 


Дадана: 12-07-2007,
Крыніца: Лідскі летапісец № 27-28.



15 гадоў Лідскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб 'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"


БЕЛАРУСКАЯ МОВА І МЫ

Рэпартаж з гарадской устаноўчай канферэнцыі ТБМ імя Францішка Скарыны (Ліда, 16.12.1989 г.)

(Надрукаваны ў лідскай газеце "Уперад" 3 студзеня 1990 г.)

Як мы ўжо паведамлялі, у другой палове снежня адбылася гарадская ўстаноўчая канферэнцыя Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. З дакладам "Лёс мовы - лёс народа" выступіў выкладчык педвучылішча, старшыня аргкамітэта па стварэнні Таварыства ў нашым горадзе М. Мельнік. Затым былі спрэчкі. У іх прынялі ўдзел выкладчык педвучылішча Т. Страчынскі, настаўніца сярэдняй школы № 14. С. Канапацкая, дырэктар СШ № 15 А. Сокал, ветэран вайны і працы С. Янец, настаўніца СШ № 6 М. Саўкевіч, загадчык ідэалагічнага аддзела гаркома партыі В. Кучынскі, настаўніца СШ № 13 З. Хітрун, навучэнка педвучылішча І. Захарава, адказны сакратар аб'яднанай газеты "Уперад" Т. Чарнавус, каваль завода "Лідсельмаш" І. Гушчынскі, загадчык гарана А. Мазоўка, намеснік старшыні рэспубліканскай Рады ТБМ Я. Цумараў, мастак А. Судар.

На канферэнцыі абрана гарадская Рада Таварыства ў складзе 17 чалавек, а старшынём яе з дзвюх кандыдатур - М. Мельнік.

Былі прыняты таксама звароты да дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР, а таксама да жыхароў горада і ўсіх прыхільнікаў беларускага слова.

Сёння мы прапануем нашым чытачам дзве думкі аб гэтым нетрадыцыйным мерапрыемстве.



ЖЫВІ І КВІТНЕЙ, БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА!

Супярэчлівыя, палярныя думкі і эмоцыі нараджала Лідская гарадская ўстаноўчая канферэнцыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ад радасці і гордасці за стварэнне мясцовай Рады да пакутлівага болю за прапановы і выказванні некаторых прамоўцаў. Крыўдна і балюча стала на душы, калі адзін з прыхільнікаў Таварыства закончыў выступленне наступным чынам: "Трэба зрабіць так, каб наша Лідская Рада ТБМ імя Ф. Скарыны патроху не пераўтварылася ў нейкую палітычную арганізацыю. Калі яна стане палітычнай арганізацыяй, калі яна стане філіялам "Адраджэння", я думаю, яна не дасць карысці. Яна павінна займацца не палітычнымі пытаннямі, а пытаннямі культуры, пытаннямі мовы, пытаннямі беларускай літаратуры".

На шчасце, ахоўныя фразы адбіліся толькі кволымі апладысментамі перапоўненай залы. Але ўсё ж такі апладысменты...

Пытанні мовы, культуры, літаратуры трапілі ў разрад непалітычных? І адкуль гэта боязь, гэты страх перад словам "палітыка"? На завяршэнні пятага года перабудовы? Усё ад таго "бацькі народаў" з яго партыйна-бюракратычным механізмам, які дзесяцігоддзямі дрэсіраваў, муштраваў нашага чалавека камандамі "напра... нале..." і г. д. У чаканні адзінага - бяздумна-рабскага паслухмянства ці статкава мітынговага асуджэння "прадажнікаў" народа накшталт лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі Бродскага, Сахарава, Салжаніцына (да нашага гонару, памяць А. Д. Сахарава ўшанавалі мінутай маўчання перад пачаткам канферэнцыі па прапанове дэлегата мастака А. Судара).

Сёння мы атрымалі шанц перамагчы ў змаганні за растаптаную калісьці чалавечую годнасць, рэалізаваць абвешчаныя перабудовай і Канстытуцыяй правы на палітычную дзейнасць, у тым ліку ў розных фармальных і нефармальных аб'яднаннях, у выбарных кампаніях. Аб гэтым сведчыць і адзін з пунктаў прынятай рэзалюцыі: "Вылучыць ад Лідскай Рады ТБМ кандыдатаў у мясцовы, абласны і Вярхоўны Савет БССР".

Мы абавязаны зразумець нарэшце, што ніхто не павінен мець манаполію на палітычную ўладу, што кожны грамадзянін мае права на палітычную думку і барацьбу, якая становіцца і павінна стаць нормай жыцця ў нашым перабудовачным грамадстве.

Трывогу і напружанне ў залу ўнёс сваім выступленнем абцяжараны сівой галавою і гадамі пенсіянер, заявіўшы, што тут спрадвеку жылі і жывуць палякі, а тыя, каго беларусы лічаць нацыянальнымі героямі (Каліноўскі, Нарбут) - на самай справе палякі і абаранялі інтарэсы Польшчы, што парафія каталіцкая змагаецца з парафіяй праваслаўнай, і пераможа, відаць, каталіцкая, што палякі супраць беларускай мовы, і граніца хутка дойдзе да Стоўбцаў. На гэтых словах з залы пачуліся кволенькія апладысменты салідарнасці з ім, а з прэзідыюму - вокліч абурэння. Але той не ўтаймоўваўся і закончыў ваяўніча:

"Там, дзе мы бывалі, там вы не бывалі".

Не дзіва, што пераважная большасць наступных прамоўцаў прама ці ўскосна, але тактоўна палемізавала з шабельнымі выбрыкамі старога чалавека, заклікаючы з пашанаю ставіцца да культуры і мовы людзей усіх нацыянальнасцяў Беларусі (выступы тт. Саўкевіч, Мельніка, Кучынскага, Ярша, Чарнавуса і іншых).

Здаецца, да месца тут будзе ўспамін з нарады маладых паэтаў Прынёманскага краю ў Гародні амаль 20-гадовай даўнасці, калі Ніл Гілевіч пасля праслухоўвання маіх вершаваных опусаў на рускай мове, удакладніўшы, адкуль я і хто па нацыянальнасці, абурыўся з трыбуны: "Дзе той хлопец з Цэнтральнай Беларусі, які забыў родную матчыну мову? Ганьба, ганьба. Ганьба! Тройчы ганьба!" А я, свежаспечаны спецыяліст, з вузаўскім дыпломам у кішэні і з моцна ўбітымі ў галаву пастулатамі наконт хуткага зліцця нацый і народнасцей, асабліва малых, праз рускую мову, адчуваў сябе стаячым адной нагою ў абвешчаным камунізме і смяяўся ў душы з папроку ўмудронага і прадбачлівага паэта. Тым больш падбадзёраны тады ж Андрэем Макаёнкам, які ў перапынку падышоў да мяне і абнадзеіў: "Не слухай, браток, нікога і пішы, як пішацца. Мне твае вершы падабаюцца, і калі б я быў рэдактарам, усе б іх надрукаваў". (Дарэчы, сваё слова драматург стрымаў і даў маю падборку ў часопісе "Неман", які неўзабаве ўзначаліў). А мне спатрэбіліся гады, каб пазбавіцца ад навязаных школай і ВНУ ўтапічных пражэктаў і прапагандысцкіх клішэ наконт "непатрэбнай" роднай мовы. Вось і русачыў. Ды што я! Амаль уся Беларусь стала на хадулі рускамоўя, кінуўшы роднае матчына слова на пагібель пад ногі пакут, здзекаў, прыніжэнняў.

Ці з яблыкам, ці з агурком

Дзень прагандлюем на базары,

А вернемся ў бацькоўскі дом -

"Вучона", "рускай" мовай жарым.

Акцэнт - карова на ільду -

Слых рэжа ў Гродні і за Глускам.

І гэту коўзкую хаду

Сур'ёзна лічым мовай... рускай?!

Ды сам вялікі Леў Талстой

Да смерці ёй не авалодаў!

А мы у прастаце сваёй

Валодаем... тыдзень без году.

Па-роднаму скажы, спытай -

Казеляць вочы, як на турка,

Ці скаляць зубы ўсе бадай,

Адукаваныя прыдуркі.

З пяшчотай маці тут зямля

Калыскі ж іхнія гайдала.

Размашысты свой верш і я

Не роднай моваю кайданіў...


Хай гэтыя вершаваныя радкі стануць, запозненай удзячнасцю Нілу Сымонавічу Гілевічу за тыя справядлівыя папрокі, якія да гэтага часу пякуць маё сэрца і сумленне за былую здраду матчынай мове. Балюча і горка было асэнсоўваць на канферэнцыі наплывы гэтых успамінаў. І адначасова радасна, што наш шматмільённы народ схамянуўся і адраджае самае дарагое - сваю мову, праз суполкі і рады ТБМ.

Не з кожным прамоўцам і не з усім выказаным на канферэнцыі можна і трэба было пагадзіцца. Акрамя названых, часам выказваліся іншыя спрэчныя і памылковыя думкі, прапановы. Прысутным працаўнікам раённых, гарадскіх партыйных і савецкіх органаў варта было б паправіць іх. І не трэба было б ім, на нашу думку, дабівацца (і дамагліся!) выключэння з праекта рэзалюцыі ўпамінання побач з пералікам катэгорый прысутных выразу "партыйныя і савецкія прадстаўнікі". Склалася ўражанне, што яны свядома адмежаваліся ад Таварыства. А між іншым, статут сцвярджае, што ТБМ імя Ф. Скарыны - добраахвотная грамадская арганізацыя, якая дзейнічае адпаведна Канстытуцыі СССР і Канстытуцыі БССР, савецкага заканадаўства, супольна з партыйнымі, дзяржаўнымі, навуковымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі СССР і БССР.

Але галоўная мэта дасягнута - Лідская гарадская рада ТБМ створана! Пажадаем ёй актыўнасці і плёну ў рабоце, каб наша беларускае слова гучала горда, па-дзяржаўнаму, несучы ўсім народам цяпло Братэрства, Дружбы, Павагі, Сумлення. Каб наша беларуская мова ніколі не служыла цёмным сілам зла і не стала мовай варожасці, выведніцтва, правакатарства і паклёпніцтва праклятай мінуўшчыны, якая прынесла мора пакут і крыві не толькі беларускаму народу.

Пятро Макарэвіч.


З НАЕЗДЖАНАЙ КАЛЯІНЫ

Шчыра кажучы, я не рыхтаваўся браць слова на гэтай канферэнцыі, хаця быў адным з актыўных членаў гарадскога аргкамітэта па яго стварэнні. "Круглы стол" "Без яе мы станем нямымі", падрыхтаваны мною некалькі месяцаў назад, выклікаў самыя супярэчлівыя меркаванні, хаця ў цэлым станоўчых водгукаў было куды больш, чым крытычных. Цяпер рыхтую гэтую пошту да друку, прычым без ніякіх змяненняў, і чытачы самі змогуць пераканацца, хто ёсць хто.

Што датычыцца самой канферэнцыі, то пачалася яна даволі шматабяцаюча, пры вялікім зборы лідчан самых розных прафесій і ўзростаў. Дастаткова сказаць, што ў даволі саліднай зале музвучылішча не было дзе ўпасці нават яблыку. І калі ў пачатку канферэнцыі на сцэну выйшлі ў доўгіх квяцістых сукенках удзельнікі фальклорнай групы музвучылішча, грымнулі дружныя апладысменты. Дзяўчаты выканалі шэраг беларускіх песень, надаючы тым самым прысутным той нацыянальны каларыт, якога так не хапае сучаснаму чалавеку. Радыё і тэлебачанне абрынае гэтулькі рок-музычнай мішуры, што падчас застаецца хіба, як той жабе, зашыцца ў глей і хоць часова схавацца ад белага свету, які, здаецца, вось-вось з'едзе з глузду.

Неблагое ўражанне пакінуў і даклад, да якога Міхась Іванавіч Мельнік падышоў даволі творча, па-майстэрску выкарыстоўваючы яркія метафары і іншыя вобразныя сродкі. Асабліва ўразіла параўнанне пустэчы, якая ўтварылася ў душах многіх людзей са своеасаблівым духоўным Чарнобылем. Ёміста і з непадробным болем гаварыў Міхась Іванавіч і аб тым якую непапраўную шкоду нанеслі тэорыя фарсіраванага развіцця нацый і народнасцей, сталінскія рэпрэсіі, у час якіх быў вынішчаны цвет нацый - інтэлігенцыя, аб тым што рэформа аб правапісе 1933 года не толькі абрусіла беларускую мову, але і стала выціскаць яе з паўсядзённага ўжытку.

Беларуская мова павінна набыць статус дзяржаўнасці - гэтая шчырая думка чырвонай ніткай пранізвала, як выступленне самога дакладчыка, так і амаль ўсіх, хто меў слова пасля яго.

Але, на жаль, выступаючым у спрэчках не хапіла духу. Больш таго, на трыбуну часцей за ўсё выходзілі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры і здавалася, што канферэнцыя вось-вось ператворыцца ў вырашэнне школьных праблем. Хаця Таварыства беларускай мовы - гэта куды больш шырэйшае паняцце, а вывучэнне беларускай мовы ў школах з'яўляецца хоць і значнай, але не больш як адной з састаўных яго частак. Не можа ж гарадское Таварыства вырашаць, скажам, праблемы рэспубліканскага ўзроўню. А настаўнікі часцей за ўсё гаварылі менавіта пра недахоп падручнікаў і метадычных распрацовак. Прыкра, калі настаўнік не хоча выкладаць свой прадмет па-беларуску, удвайне прыкра, калі ён не можа, нават часова, абысціся без усялякіх метадычак. Ці не таму ў нас усе прадметы і выкладаюцца на адзін капыл?

Ужо досыць шмат і нават залішне сказана пра тое, у які стан трапілі многія нацыянальныя мовы, што з іх знікненнем ляжыць дарога да духоўнага вымірання, інакш кажучы - у нікуды. Але як ужо надакучыла, як нудна становіцца ад фраз накшталт "мова ў заняпадзе", "ратуйце мову". Сёння, як ніколі, патрэбны канкрэтныя справы, а не асуджэнне гісторыі (яна ўжо асуджана). Зашмат іх прагучала і на канферэнцыі як у спрэчках, так, нажаль, і ў самім дакладзе.

У цэлым жа, на маю думку, стварэнне ў нашым горадзе Таварыства беларускай мовы з'яўляецца вялікай заваёвай тых, хто змагаецца за яе адраджэнне. У што ператворыцца яго дзейнасць - у фразы накшталт "мова ў заняпадзе" ці ў канкрэтныя справы - пакажа час.

Т. Чарнавус, сябар ТБМ.


З В А Р О Т

удзельнікаў Лідскай гарадской устаноўчай канферэнцыі Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны да лідчан і ўсіх прыхільнікаў беларускага слова

Мы, прадстаўнікі рабочых і інтэлігенцыі, вучні школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, веруючыя і няверуючыя, сур'ёзна заклапочаны станам беларускай мовы. Ад заняпаду культуры, ад духоўнага рабства нас можа выратаваць яна - душа народа, мова, на якой гаварылі Скарына і Багушэвіч, Гарун і Купала... Яна дзяржаўна гучала ў эпоху сярэднявечча і Адраджэння, зноў пачала ажываць у 20-я гады нашага стагоддзя. Але ва ўмовах сталінскіх рэпрэсій, чыноўніцка-бюракратычнай сістэмы апынулася на мяжы знікнення. Ды ёсць яшчэ сілы адрадзіць адабранае і растаптанае!

Мы звяртаемся да ўсіх, хто разумее неабходнасць вяртання памяці народу праз мову, падтрымаць праект Закона аб мовах у Беларусі, стварыць у нашым горадзе ўмовы для іх развіцця, у тым ліку беларускай як карэннай.

Таварыства беларускай мовы ў Лідзе заклікае з вялікай павагай ставіцца да культуры ўсіх народаў, якія жывуць на нашай зямлі. Дапаможам ім развіваць яе і зробім усё, каб сярод яе раўнапраўна гучала беларускае слова!

Шаноўныя сябры! Уступайце ў таварыства, с т в а р а й ц е яго суполкі на прадпрыемствах, у школах і вучылішчах. Вернем нашаму гораду беларускае аблічча, а народам - іх мовы.

Няхай жыве Беларусь!
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX