Вярнуцца: Адукацыя, культура

Лідскаму ТБМ - 25 гадоў


Аўтар: Грынкевіч Яраслаў,
Дадана: 19-04-2015,
Крыніца: Лідскі Летапісец №4(68)-2014.



16 снежня 1989 года прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, і пачалася дзейнасць ТБМ на Лідчыне. Арганізацыю ўзначаліў Міхась Мельнік. У 1996 годзе на базе Лідскай гарадской арганізацыі была ўтворана Лідская арганізацыя ТБМ, якую ўзначаліў Лявон Анацка, і былі зарэгістраваны Ёдкаўская і Бердаўская суполкі. У 1997 годзе адноўлена дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі на чале з Лілеяй Сазанавец. У 1998 годзе Лідскую гарадскую арганізацыю ўзначаліў Станіслаў Суднік. У пачатку 2000-х гадоў утворана Бярозаўская арганізацыя ТБМ. Узначаліў яе Сяргей Дычок. Унутры арганізацый дзейнічалі шматлікія першасныя арганізацыі і суполкі. Найбльш моцнай і масавай была арганізацыя Лідскага каледжа, якая ў лепшыя часы налічвала да 750 чалавек. Моцнай была арганізацыя Лідскага музычнага каледжа.

Лідскія арганізацыі ТБМ ніколі не лічылі сябе апазіцыйнымі, заўсёды імкнуліся да супрацоўніцтва з уладамі, бо стаялі і стаяць на пазіцыях, што адраджэнне беларускай мовы - справа агульнанародная і агульнадзяржаўная, справа кожнага простага беларуса і кожнага чыноўніка.

На рахунку Лідскіх арганізацый ТБМ шмат спраў. Справаздачы пра іх дзейнасць займаюць газетныя палосы.

Лідская гарадская арганізацыя ТБМ ініцыявала ўстаноўку помніка Ф. Скарыну ў Лідзе. Сумесна з БНФ і іншымі арганізацыямі ўстанавіла крыжы на магілах паўстанцаў 1863 года пад Мохавічамі. Сумесным рашэннем Лідскай і Лідскай гарадской арганізацый ТБМ быў устаноўлены крыж у Беліцы. ТБМ і Таварыства польскай культуры ўстанавілі помнік А. Фалькоўскаму ў Лідскім парку. ТБМ прыклала намаганні да адкрыцця ў Лідзе Літаратурнага музея і ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі Валянціну Таўлаю. Сумеснымі намаганнямі лідскіх арганізацый створаны мемарыяльны куток Ларысы Геніюш у бібліятэчным філіяле № 3. ТБМ спрычынілася да адкрыцця памятнага знака Людвіку Нарбуту і да таго, каб мемарыяльная дошка Іосіфу Каяловічу была выканана па-беларуску. Лідская гарадская і Бярозаўская гарадская арганізацыі ТБМ пры падтрымцы Лідскага дабрачыння Беларускай праваслаўнай царквы адкрылі на Свята-Георгіеўскім храме-помніку ў Лідзе першы ў Беларусі падзячны медальён гетману найвышэйшаму Канстанціну Астрожскаму. Дошка асвечана 11 верасня 2014 года ў рамках святкавання 500-х угодкаў перамогі беларускага войска ў бітве пад Воршай.

У Лідзе ТБМ удзяляла вялікую ўвагу СМІ. У розныя часы выдаваліся газеты і газеткі: "Народная трыбуна", "Голас з Ліды", "Голас Ліды", "Наша слова" (з 1997 года да гэтага часу), "Тэлескоп", "Лідар", "Прадмова", часопіс "Лідскі летапісец", альманах "Ад лідскіх муроў", працавалі інтэрннет-сайты pawet.net (найлепшы гістарычны сайт Беларусі), naszaslowa.by.

ТБМ актыўна супрацоўнічала з літаб'яднаннем "Суквецце" пры "Лідскай газеце". Гэтае аб'яднанне традыцыйна ўзначальваюць сябры ТБМ (Уладзімір Васько, Міхась Мельнік, Алесь Хітрун). Сябры ТБМ выдаліі не адзін дзясятак кніг.

Лідскае ТБМ актыўна ўдзельнічае ў агульна-рэспубліканскіх (агульнанацыянальныя беларускія дыктоўкі) і мясцовых культурніцкіх мерапрыемствах. Дыктоўкі праводзяцца, пачынаючы з 2-й, у Лідзе і Бярозаўцы.

Лідскай ініцыятывай, а менавіта ініцыятывай Лявона Анацкі, якая распаўсюдзілася на ўсю краіну, з'яўляецца святкаванне 21 лютага Міжнароднага дня роднай мовы.

З удзелам і па ініцыятыве ТБМ на Лідчыне праводзяцца літаратурныя сустрэчы, канферэнцыі, чытанні і шмат іншых мерапрыемстваў

13 снежня 2014 года ў чытальнай зале Лідскай бібліятэкі-філіяла № 3 на ўрачыстае паседжанне з нагоды 25-годдзя Лідскага ТБМ сабраліся дзве лідскія і Бярозаўская рада ТБМ, а таксама ветэраны ТБМ і госці. Сярод гасцей - старшыня ТБМ Алег Трусаў, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, святар Свята-Георгіеўскай праваслаўнай царквы айцец Уладзімір Камінскі, старшыня ўкраінскай суполкі ў Лідзе Аляксандр Літвіненка, пісьменнік Валер Санько, акцёр Лідскага народнага тэатра Алег Лазоўскі, які па ходу паседжання напісаў заяву на ўступленне ў ТБМ.

Пра асноўныя справы і дасягненні гаварыў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

Міхась Мельнік распавёў пра раннія гады дзейнасці, а старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка - пра спецыфіку працы з рознымі дзяржаўнымі структурамі па пашырэнні ўжытку беларускай мовы.

Старшыня Бярозаўскай арганізацыі Сяргей Дычок паказаў распрацоўку Рэгіны Дычок - відэашэрагі ў суправаджэнне папулярных беларускіх песень, якія выкарыстоўваюцца на ўроках у бярозаўскіх школах.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў і першы намеснік Алена Анісім распавялі пра дзейнасць ТБМ у цэлым і пра асноўныя праекты, якія ТБМ рэалізуе.

Алег Лазоўскі выканаў мастацкую кампазіцыю, якая друкавалася ў "Нашым слове", а намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі бард Сяржук Чарняк праспяваў шэраг песень.

Паседжанне з нагоды 25 гадоў дзейнасці Лідскага ТБМ пацвердзіла, што лідскія арганізацыі ТБМ жывыя і дзейсныя, у іх дастаткова ідэй, планаў і, галоўнае, саюзнікаў у прасоўванні беларушчыны ў лідскае грамадства. Лідзяне не здалі беларускай мовы і здаваць не збіраюцца. Як бы ні было цяжка і складана, у дзейнасці лідскіх арганізацый пераважае апраўданы аптымізм.

Ніхто тут плакаць па мове не збіраецца. На мову, як і на лепшае жыццё, трэба працаваць, працавць кожны дзень і кожны міг.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX